ПАЎДНЁВА-АЎСТРАЛІ́ЙСКАЯ КАТЛАВІ́НА,

падводная катлавіна ў паўд.-ўсх. частцы Індыйскага ак., на Пд ад Аўстраліі. На Пн і ПнУ абмежавана мацерыковым схілам Аўстраліі, на Пд — Аўстрала-Антарктычным падводным падняццем. Даўж. каля 2400 км, шыр. больш за 900 км, пераважаюць глыбіні каля 5000 м, найб. 6019 м (у зоне разлому Дыямантына). Усх. ч. катлавіны — плоская абісальная раўніна, у паўн.-зах. ч. дно расчлянёна глыбокімі жалабамі і хрыбтамі. Донныя асадкі — чырвоныя гліны, месцамі з жалеза-марганцавымі канкрэцыямі, уздоўж паўн. і ўсх. ускраін — фарамініферавыя ілы.

т. 12, с. 189

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕСАЧА́НКА,

рака ў Лоеўскім р-не Гомельскай вобл., правы прыток р. Дняпро. Даўж. 40 км. Пл. вадазбору каля 340 км². Пачынаецца за 1,3 км на З ад в. Міхалёўка, працякае праз воз. Лутаўскае. Цячэ ў межах Прыдняпроўскай нізіны. Даліна невыразная на ўсім працягу, за выключэннем невял. ўчастка ў сярэднім цячэнні, дзе яна набывае рысы трапецападобнай. Рэчышча каналізаванае ад вытоку да воз. Лутаўскае, шыр. ў верхнім цячэнні 3—5 м, у ніжнім 10—18 м. Рака выкарыстоўваецца як водапрыёмнік меліярац. сістэм.

т. 12, с. 326

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПІ́ЦЕМСКІ ВЯЛІ́КІ КА́МЕНЬ,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1997). За 2,5 км на ПдЗ ад в. Багуслаўка Маларыцкага р-на Брэсцкай вобл., каля б. хутара Піцемскі Валун парфірападобнага граніту з крышталямі палявога шпату і біятыту. Даўж. 2,3 м, шыр. 1,3 м, выш. 1,4 м, у абводзе 5,8 м, аб’ём 2,2 м³, маса каля 5,9 т. Прынесены ледавіком каля 320—250 тыс. г. назад з Фінляндыі. Доўгая вось валуна арыентавана з Пн на Пд, што адпавядае напрамку руху ледавіка.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 12, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРО́НЬКАЎСКІ ВЯЛІ́КІ КА́МЕНЬ,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1995), у в. Пронькі Мядзельскага р-на Мінскай вобл. Валун сярэднезярністага граніту з крышталямі кварцу і палявога шпату. Даўж. бачнай часткі 3,2 м, шыр. 2,1 м, выш. 0,5 м, у абводзе 8,3 м, аб’ём 4 м³, маса каля 9 т. Прынесены ледавіком каля 20—15 тыс. г. назад са Скандынавіі. Доўгая вось валуна арыентавана з ПнЗ на ПдУ, што адпавядае напрамку руху ледавіка; па форме нагадвае вял. прас.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 13, с. 40

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПУНКТЭ́ЛІЯ (Punctelia),

род ліставатых лішайнікаў сям. пармеліевых. 22 віды. Пашыраны ўсюды. На Беларусі 1 від — П. грубаватая (P. subrudecta), занесеная ў Чырв. кнігу. Трапляецца ў вільготных лісцевых лясах на ствалах дрэў.

Слаявіна ліставатая, зверху шэрая, знізу бледная, дыям. 3—10 см. Лопасці шыр. да 6 мм, злёгку ўвагнутыя. Сарэдыі кропка- або шарападобнай формы. Саралі (утварэнні для вегетатыўнага размнажэння) развіваюцца ў цэнтры, часам па краях лопасцей. Пладовыя целы (апатэцыі) пераважна адзіночныя, трапляюцца рэдка. Сумкі 8-споравыя. Споры бясколерныя, амаль шарападобныя.

У.​У.​Галубкоў.

т. 13, с. 124

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РА́КАЎСКІ КАНГЛАМЕРА́Т,

геалагічны помнік прыроды рэсп. значэння (з 1988). Размешчаны за 1 км на ПнУ ад в. Ракаў Валожынскага р-на Мінскай вобл., на паўн. адхоне выемкі аўтадарогі Мінск—Ашмяны. Даўж. 6,5 м, шыр. 5 м, выш. 2,2 м, у абводзе 22 м, аб’ём бачнай часткі 37,9 м³, маса каля 100 т. Утварыўся ў выніку цэментацыі пясчаных, пясчана-жвірова-галечных адкладаў і дробных валуноў пры падняцці падземных вод і напорным уздзеянні ледавіка каля 150 тыс. г. назад.

В.​Ф.​Вінакураў.

т. 13, с. 280

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ГІНКА,

рака ў Беларусі (у Гомельскай вобл.) і на Украіне, раней была левым прытокам Прыпяці. Даўж. 179 км, у межах Беларусі — 167,5 км. Пл. вадазбору 2778 км², у межах Беларусі — 1886,5 км². Пасля рэгулявальных работ — пракопвання каналаў, якія сталі адводзіць ваду ў Дняпро, раку падзяляюць на 3 самаст. аб’екты: Брагінка Верхняя — ад вытоку (за 500 м на З ад в. Пракісель Рэчыцкага р-на) да вытоку Дзяржаўнай канавы і далей да ўпадзення ў Дняпро (Рэчыцкі, Лоеўскі і Брагінскі р-ны, даўж. 76 км, пл. вадазбору 1390 км²); Брагінка Сярэдняя — ад вытоку Дзяржаўнай канавы (за 2 км на Пд ад в. Гарадзішча Брагінскага р-на) да вытоку канала Івераўка (другая назва — канава Марозаўка) і далей да ўпадзення ў Дняпро (Брагінскі р-н, даўж. 55 км, пл. вадазбору 460 км²); Брагінка Ніжняя — ад вытоку канала Івераўка да ўпадзення ў Кіеўскае вадасх. ў межах Украіны (Брагінскі р-н, у межах Беларусі даўж. 36,5 км, пл. вадазбору 928 км²).

Даліна Брагінкі пераважна невыразная. Пойма нізкая, забалочаная, шыр. 500 м — 1 км. Рэчышча на ўсім працягу каналізаванае. Шыр. ў межань Верхняй Брагінка 8—14 м, Сярэдняй і Ніжняй 15—30 м. Замярзае ў 1-й дэкадзе снежня, крыгалом у канцы сакавіка. На рацэ — г. Брагін.

т. 3, с. 227

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛХА́Ш,

бяссцёкавае возера на ПдУ Казахстана ў Балхаш-Алакольскай катлавіне, на выш. 342 м над узр. м. Пл. зменьваецца ад 17 да 22 тыс. км². Даўж. 605 км, найб. шыр. 74 км, найб. глыб. да 26 м, сярэдняя каля 6 м. Пл. вадазбору каля 501 тыс. км². Зах. і паўн. берагі высокія, скалістыя, паўд. ўзбярэжжа — плоская раўніна з зараснікамі трыснягу. П-аў Сарыесік падзяляе Балхаш на 2 часткі, злучаныя прал. Узун-Арал (шыр. 4 км): зах. — шырокую, з моцна парэзанай берагавой лініяй і ўсх. — вузкую, берагавая лінія менш звілістая. У зах. частку ўпадае р. Ілі, ва ўсх.р. Каратал, Аксу, Лепсы і інш. Самыя вял. а-вы Басарал і Тасарал. Клімат у раёне возера пустынны. Высокая летняя т-ра паветра (каля 24 °C), нізкая адносная вільготнасць (55—60%), моцныя вятры спрыяюць выпарэнню (ад 950 да 1200 мм за год). Т-ра вады на паверхні ад 0 °C у снеж. да 28 °C у ліп. Ледастаў з ліст. да красавіка. Вада ў зах. частцы амаль прэсная (да 1‰), празрыстасць да 1 м, жоўта-шэрага колеру, ва ўсх. частцы — саленаватая (5‰), празрыстая да 5,5 м, колер ад блакітнаватага да ізумрудна-зялёнага. Прамысл. рыбы: сазан, судак, марынка, акунь. Шмат вадаплаўных птушак. Суднаходства. На паўн. беразе г. Балхаш.

т. 2, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́ПЕЛЬСКАЕ ВО́ЗЕРА, Лепель,

у Лепельскім р-не Віцебскай вобл., у бас. р. Ула (выцякае з возера), на паўн. ускраіне г. Лепель. Пл. 10,18 км², даўж. 7,6 км, найб. шыр. больш за 2 км, найб. глыб. 33,7 м, даўж. берагавой лініі 39,6 км. Пл. вадазбору 1280 км². Катлавіна падзяляецца на З часткі, якія маюць мясц. назвы: паўн. — Кусцінскае воз. (глыб. 23 м), паўд. — Гарадское воз. (глыб. 19,5 м), усх. — Белае воз. (глыб. 33,7 м). Схілы катлавіны на Пд і ПдУ і месцамі на З выш. да 25 м, з асыпкамі і апоўзнямі, месцамі задзернаваныя; астатнія выш. каля 10 м, над пасевамі, на У пад лесам. Шмат заліваў і паўастравоў. Берагі нізкія, задзернаваныя, месцамі пад хмызняком, на Пд і ПдУ зліваюцца са схіламі, месцамі абразійныя. У 1958, калі на р. Ула пабудавана Лепельская ГЭС, узровень возера падняты прыкладна на 4 м, што істотна змяніла яго гідралагічны рэжым і канфігурацыю берагавой лініі. Падводная ч. катлавіны ўскладнена шматлікімі мелямі на месцы былых астравоў і ўпадзінамі. Дно да глыб. 7—7,5 м выслана пяскамі, глыбей — сапрапелямі. Шыр. паласы прыбярэжнай расліннасці да 300 м. Упадаюць рэкі Эса (на Пд) і Зеха (на Пн). Выкарыстоўваецца для адпачынку і ў аздараўленчых мэтах (на беразе дзіцячы санаторый).

Лепельскае возера.

т. 9, с. 206

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АСТРАВІ́ТА,

возера ў Беларусі, у Віцебскім раёне, у бас. р. Віцьба, за 10 км на У ад Віцебска. Пл. 0,38 км², даўж. 0,84 км, найб. шыр. 0,79 км, найб. глыб. 8,8 м, даўж. берагавой лініі 28 км. Пл. вадазбору 1,4 км².

Схілы катлавіны выш. 7—8 м, на У да 20 м, стромкія, пад лесам. На З невял. ўчастак сплавінных берагоў і забалочаная пойма. Дно плоскае, прыбярэжная частка пясчаная, глыбей за 1,5 м выслана глеямі. Каля паўд. берага 2 астравы агульнай пл. 0,3 га.

т. 2, с. 48

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)