СЕБАСЦЬЯ́НА ДЭЛЬ П’ЁМБА [Sebastiano del Piombo; сапр.Лучані (Luciani); каля 1485, г. Венецыя, Італія — 21.6.1547],
італьянскі жывапісец эпохі Адраджэння. Вучыўся ў Дж.Беліні. Раннім творам, створаным пад уплывам Джарджоне і Тыцыяна, уласцівы прасветлена-лірычны лад (створкі аргана з выявамі 4 святых для царквы Сан-Барталамеа аль Рыяльта, карціна для гал. алтара царквы Сан-Джавані Крызастома ў Венецыі). З 1511 працаваў у Рыме, дзе зблізіўся з Рафаэлем; работы адметныя больш строгім і ўраўнаважаным характарам пры захаванні гучнасці каларыту, уласцівага венецыянскай школе жывапісу. фрэскі на віле Фарнезіна (1511), партрэт рымлянкі (т.зв. «Даратэя», каля 1515) і інш. З 2-й пал. 1510-х г. пад уплывам Мікеланджэла яго творы набылі падкрэслена драм. афарбоўку («Уваскрашэнне Лазара», 1519). Работы, створаныя ў перыяд контррэфармацыі, вызначаюцца змрочнай жорсткасцю вобразнага ладу, які выявіў крызіс маст. прынцыпаў Высокага Адраджэння («Нясенне крыжа», 1537). У 1540-я г. для сабора Санта-Марыя дэла Пачэ ў Рыме выканаў буйную манум. кампазіцыю «Сустрэча Марыі і Елізаветы».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІДАРУ́К (Ігар Хведаравіч) (н. 23.7.1964, г. Кобрын Брэсцкай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1986). З 1988 карэспандэнт перыяд. выданняў. З 1993 заг.літ.-драм. часткі Брэсцкага абл.т-ра лялек. Друкуецца з 1986. Выдаў кн. паэзіі «Чарнабел» (1991), «Саната Арганата» (1993), «Моўкнасць» (1997), кн. прозы «Квадратная варона» (2000), кн. для дзяцей «Павучальныя гісторыі дзядзечкі Сіда Рука» (1994). Аўтар п’ес «Люстрынка, або Ваша несусветнае зладзейства!» (паст. 1992), «Галава» (паст. 1992, апубл. 1997), «Меч анёла» (паст. 1993), «Пра дзедку Міхедку, пра бабку Агапку ды пра Катка — Залатога лабка», «Янка зух і нячысты дух» (абедзве паст. 1994), «Збавіцель», «Штукары» (абедзве паст. 1995), «Плач, саксафон!» (паст. 1995, Нац.т-р імя Я.Коласа 1996), «Дрэва багоў» (паст. 1996), «Кірмашовы балаган» (паст. 1998), «Залатая табакерка» (паст. 2001, Гран-пры на Міжнар.тэатр. фестывалі «Белая вежа», Брэст) і інш.Апубл. п’есы «Кветкі пад ліўнем», «Прагнасць — не ў радасць» (абедзве 1992), «Торба» (1993), «Крывая імша», «Крык» (абедзве 1995) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІНДРО́М НАБЫ́ТАГА ІМУНАДЭФІЦЫ́ТУ,
СНІД, вірусная хвароба, якая характарызуецца пашкоджаннем імуннай сістэмы; адна з найб. цяжкіх аўтаімунных хвароб. Як самаст. хвароба выяўлены ў 1981 у ЗША. Найб. пашыраны ў краінах Афрыкі, Азіі, Амерыкі. Узбуджальнік — вірус (ВІЧ — вірус імунадэфіцыту чалавека), які разбурае Т-лімфацыты і макрафагі. Узбуджальнік не перадаецца паветрана-кропельным шляхам, пры быт. кантактах, праз посуд. Заражэнне адбываецца пры палавых кантактах, праз кроў і яе прэпараты, органы, тканкі інфіцыраванага донара. Магчыма ўнутрывантробнае заражэнне плода праз плацэнту і ў час родаў.
Групы павышанай рызыкі — наркаманы, гомасексуалы, хворыя на венерычныя захворванні. СНІД уключае разнастайныя другасныя інфекцыі, неўралагічныя парушэнні, злаякасныя новаўтварэнні. Першасныя праявы СНІДу (ліхаманка, павелічэнне лімфавузлоў і інш.) узнікаюць у перыяд ад 3 сут да некалькіх месяцаў, другасныя, абумоўленыя непасрэдна дзеяннем ВІЧ (гнойна-запаленчыя працэсы, пнеўманіі і інш), цягнуцца ад некалькіх месяцаў да 8—10 гадоў.
Літ.:
Покровский В.В. Эпидемиология и профилактика ВИЧ-инфекции и СПИД. М., 1996;
ВИЧ-инфекция: клиника, диагностика и лечение. М., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІ-СЯ, Заходняе Ся,
дзяржава, якая існавала ў канцы 10 — пач. 13 ст. на тэр. сучасных кіт. правінцый Ганьсу, Шэньсі і Нінся-Хуэйскага аўт. р-на. Створана народам мінья (тангуты), які ў 7—8 ст. прыйшоў з Тыбета і пасяліўся на плато Ордас як васал кіт. імперыі Тан. У 982 тангуцкі князь (ван) Цзіцянь пачаў паўстанне супраць імперыі Сун, якая ў 1006 фактычна прызнала незалежнасць С.-С. У 1038 правіцель Юань-хао [1032—48] прыняў тытул імператара (хуандзі), што паклала пачатак войнам з сунскім Кітаем, якія працягваліся аж да пач. 12 ст., калі Паўн. Кітай быў захоплены чжурчжэнамі. Перыяд адносна мірнага развіцця С.-С. ў 12 ст. — час найб. росквіту яго культуры. Шырокі ўжытак набыло своеасаблівае тангуцкае пісьмо, створанае ў сярэдзіне 11 ст. З пач. 13 ст. дзяржава вяла барацьбу з манголамі, знішчана імі ў 1227. Тангуцкае насельніцтва асімілявана кітайцамі, ісламізаваныя тангуты сталі асновай сучаснага кіт.-моўнага мусульм. насельніцтва Паўн.-Зах. Кітая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКЛА́ДКАВАЯ ВО́БЛАСЦЬ ПАЎДНЁВА-АМЕРЫКА́НСКІХ КАРДЫЛЬЕ́Р, складкавая вобласць Андаў, Андыйскі складкавы пояс,
частка складанага рухомага Ціхаакіянскага геасінклінальнага пояса зямной кары, якая акаймоўвае Паўд. Амерыку на З і Пн. На Пн сучляняецца са складкавай вобласцю Паўночна-Амерыканскіх Кардыльераў, на Пд — з Заходне-Антарктычнай складкавай вобласцю. Складзена з сістэм мерыдыянальных (на Пн — шыротных) хрыбтоў: Усходніх, Цэнтральных, Заходніх, Карыбскіх і Патагонскіх Андаў, паміж якімі ляжаць унутр. плато або ўпадзіны.
Развіваецца з позняга пратэразою. Вял. значэнне ў фарміраванні вобласці мела эпоха герцынскай складкавасці. Моцныя арагенічныя працэсы адбываліся і ў мелавы перыяд. У эпоху альпійскай складкавасці (з канца мелу) уздоўж новаўтвораных антыклінорыяў ішло ўкараненне гранітных баталітаў. Найб. актыўны цыкл гораўтварэння адбываецца з канца палеагену (30 млн.г. назад) да нашага часу. У альпійскую эпоху ўтварыліся Карыбскія і Патагонскія Анды, інтэнсіўна праявіўся наземны вулканізм, які працягваецца. Буйныя радовішчы медзі (Чылі), волава, вальфраму і інш. рэдкіх і каляровых металаў (Перу, Балівія), нафты і газу (Венесуэла, Эквадор, Аргенціна і інш.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АГЕ́НЦТВА ДРУ́КУ,
арганізацыя, якая займаецца зборам, перапрацоўкай і забеспячэннем інфармацыяй перыяд. выданняў, радыё, тэлебачання, урадавых структур, грамадскіх арг-цый і прыватных асоб. Агенцтвы друку збіраюць інфармацыю без абмежавання тэматыкі, характару і спосабу пераказу, у т. л. фота- і кінаінфармацыю, або маюць акрэслены профіль паводле віду інфармацыі (інфармацыйныя, публіцыстычныя, рэкламныя, фотаагенцтвы), тэматыкі (эканам., навуковыя, фінанс., спарт. і інш.) ці прыналежнасці да пэўных слаёў грамадства (маладзёжныя, жаночыя і інш.). Падзяляюцца на міжнар., рэгіянальныя, нац. і мясцовыя. Большасць нац. агенцтваў друку з’яўляюцца афіцыйнымі (прадстаўляюць пункт гледжання ўрада), паўафіцыйнымі (прадстаўляюць пункт гледжання колаў, набліжаных да ўрада), незалежнымі (звязаныя з рознымі паліт.эканам. групоўкамі).
Узніклі з развіццём перыяд. друку і ўдасканаленнем тэхнікі сувязі. Першыя агенцтвы друку заснавалі Ш.Авас (1835, Парыж), Б.Вольф (1894, Берлін) і П.Рэйтэр (Лондан). У 1870 агенцтвы Аваса, Рэйтэра і Вольфа падзялілі сферы ўплыву. У канцы 19 ст. вырасла значэнне амер. агенцтва Асашыэйтэд Прэс (АП). У 1904 створана Санкт-Пецярбургскае тэлегр. агенцтва. У 1-й чвэрці 20 ст. ўзніклі нац. агенцтвы ў краінах Цэнтр. і Усх. Еўропы: Тэлеграфнае агенцтва Савецкага Саюза (ТАСС), ЧТК у Чэхаславакіі, ПТА у Польшчы і інш. З выкарыстаннем радыётэлеграфа (1919) і тэлетайпа (1929) колькасць агенцтваў друку павялічылася. У 1945 існавалі 55 агенцтваў друку ў 30 краінах, у 1991 — каля 220 агенцтваў у 140 краінах. Узрасло значэнне амер. агенцтва АП і Юнайтэд Прэс Інтэрнэшанал (ЮПІ). У Францыі створана агенцтва Франс Прэс (АФП, 1944), у Германіі — Дойчэ Прэсэагентур (ДПА). Усе яны, разам з італьян. АНСА, ісп. ЭФЭ і яп.Кіода Цусіннайб. вядомыя на сусв. рынку інфарм. агенцтваў. У незалежных дзяржавах б.СССР дзейнічаюць агенцтвы друку: РІА — Навіны, ІТАР—ТАСС, Інтэрфакс, Пастфактум (Расія), ЭЛЬТА (Літва), ЭТА (Эстонія), Укрінфарм (Украіна), Азерінфарм (Азербайджан), Армянпрэс (Арменія) і інш.
На Беларусі дзейнічаюць афіц.дзярж.Беларускае тэлеграфнае агенцтва (БЕЛТА, з 1931; у 1991 — кастр. 1995 Беларускае інфармацыйнае агенцтва, БелІНФАРМ) і таксама недзярж. інфарм. службы Беларускае прыватнае агенцтва навін (БелаПАН), агенцтва «Павет», Рэклама, інфармацыя, дайджэст (РІД).
Апрача ўжо агульнавядомых тэхн. сродкаў перадачы інфармацыі (тэлекс, радыётэлефон, тэлефакс і інш.) усё большае выкарыстанне знаходзяць электронныя сродкі (тэлетэкст, дыстанцыйны набор, сістэма аўтам. кіравання і апрацоўкі інфармацыі). З 1970 агенцтвы друку выкарыстоўваюць спадарожнікавую сувязь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНІЯ́ЛЬНАСЦЬ (ад лац. genius геній, дух, ахоўнік),
найвышэйшая ступень творчай адоранасці і развіцця здольнасцей чалавека. Праяўляецца ў розных сферах жыццядзейнасці людзей: у навуцы, мастацтве, рэлігіі, палітыцы, ваен. справе, педагогіцы, медыцыне і інш. З’яўленне геніяльных людзей (геніяў) абумоўлена ўздзеяннем многіх фактараў; спадчыннасць, прыродныя здольнасці, сямейнае і грамадскае выхаванне, спрыяльныя абставіны сац.-эканам., паліт., культ.-рэліг. жыцця грамадства, уласнае імкненне да самаўдасканалення і самарэалізацыі. Большасць сучасных даследчыкаў прытрымліваецца меркавання, што на з’яўленне і развіццё геніяльных людзей адначасова ўплываюць прыродныя здольнасці, спадчыннасць, асаблівасці выхавання і сацыялізацыі асобы.
У розных народаў свету на працягу іх развіцця былі свае геніяльныя мысліцелі, музыканты, мастакі, пісьменнікі, грамадска-паліт., рэліг. і ваен. дзеячы. Не заўсёды дзейнасць геніяў, якія нярэдка значна апярэджвалі свой час, належным чынам ацэньвалася іх сучаснікамі, але яна часта вызначала цэлыя эпохі ў сац. і культ. жыцці грамадства. Пра наяўнасць геніяльнасці ў чалавека гавораць тады, калі ён з’яўляецца аўтарам вял. адкрыццяў, родапачынальнікам новых тэорый, канцэпцый і навук. школ, засн. арыгінальных маст. стыляў, жанраў, ініцыятарам і правадніком перспектыўных навацый у паліт., эканам., рэліг. і ваен. сферах. У перыяд антычнасці геніяльнасць лічылі боскім дарам (Платон, неаплатаністы), а яе носьбітаў (геніяў) — шчаслівымі выбраннікамі багоў. У эпоху Адраджэння пашырыўся культ генія як асобы з унікальным творчым пачаткам (Леанарда да Вінчы, Дж.Вазары, Ю.Ц.Скалігер). Геніяльнасць ужо лічылі не дарам багоў, а натуральнай прыроджанай якасцю, уласцівай пераважна дзеячам мастацтва. Тады ж тэрмін геніяльнасць пачалі выкарыстоўваць у сучасным сэнсе гэтага слова, хоць у дачыненні да навукоўцаў гэтае паняцце замацавалася толькі ў 19 ст. У перыяд росквіту рамантызму (18 — 1-я пал. 19 ст.) геніяльнасць нярэдка вызначалася як містычная, ірацыянальная, неасэнсаваная здольнасць чалавека да творчай дзейнасці. І.Кант лічыў геніяльнасць «прыроджанымі задаткамі душы», І.В.Гётэ — найвышэйшым узроўнем усякай прадуктыўнасці, а генія, адпаведна, «прадуктыўнай сілай, што робіць дзеянні, вартыя бога і прыроды»; Ф.Шылер раскрываў прыроду геніяльнасці праз паняцце «наіўнасці» інстынктыўнага следавання прыродзе; Ф.Ніцшэ трактаваў генія як «звышчалавека», які супрацьстаіць аморфным масам, натоўпу.
Літ.:
Гончаренко Н.В. Гений в искусстве и науке. М., 1991;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЮГО́ ((Hugo) Віктор Мары) (26.2.1802, г. Безансон, Францыя — 22.5.1885),
французскі пісьменнік. Чл.Франц. акадэміі (з 1841). У ранні перыяд творчасці (паэт.зб. «Оды і розныя вершы», 1822; «Оды і балады», 1826; раманы «Ган Ісландзец», 1823; «Бюг Жаргаль», 1826) эвалюцыяніраваў ад падтрымкі манархіі да ліберальна-дэмакр. поглядаў, ад класіцызму да рамантызму. У зб. «Усходнія матывы» (1829) пра нац.-вызв. барацьбу грэкаў заявіў аб сабе як рэфарматар паэзіі — стваральнік разнастайных рыфмаў і гнуткіх рытмаў, арыгінальнай строфікі. У «Прадмове» да драмы «Кромвель» (1827), прызнанай эстэт. маніфестам франц. рамантызму, вылучыў і абгрунтаваў тэорыю кантрастаў і гратэску, якую рэалізаваў у рамант. драмах «Марыён Дэлорм» (нап. 1829), «Эрнані» (1830), «Кароль забаўляецца» (1832), «Руі Блаз» (1838) і інш. Антыманархічны, вольналюбівы настрой драм, напісаных на гіст. сюжэты, адпавядаў рэв. зрухам у Францыі напярэдадні і пасля Ліпеньскай рэвалюцыі 1830. У атмасферы бурлівых паліт. падзей напісаў гіст. раман з жыцця Францыі 15 ст. «Сабор Парыжскай Божай маці» (1831). Тэматычнай і стылістычнай разнастайнасцю вызначаліся лірычныя зб-кі «Лісце восені» (1831), «Песні змроку», «Унутраныя галасы» (1837), «Промні і цені» (1840). Пасля дзярж. перавароту 1851 эмігрыраваў з Францыі. У перыяд выгнання, які працягваўся 19 гадоў, у Гюго праявіўся талент публіцыста і сатырыка (паліт. памфлет «Маленькі Напалеон», 1852; паэт.зб. «Адплата», 1853). У раманах «Адвержаныя» (1862), «Працаўнікі мора» (1866), «Чалавек, які смяецца» (1869) паказаў кантрасты галечы і багацця, улады і бяспраўя, жорсткасці і велікадушнасці. Асэнсоўваючы сац. канфлікты ў маральным аспекце, аўтар зыходзіў з ідэаліст. разумення гісторыі як спрадвечнай барацьбы двух пачаткаў — цёмнага дэманічнага і светлага боскага. Вяршыня паэзіі Гюго — зб. «Сузіранні» (т. 1—2, 1856), своеасаблівы лірычны дзённік паэта. Аўтар паэт.зб. «Грозны год» (1872) пра падзеі франка-прускай вайны і Камуны, гіст. рамана «Дзевяноста трэці год» (1874) пра франц. рэвалюцыю канца 18 ст. У 1883 завяршыў 3-ю серыю ліра-эпічнага цыкла «Паданне стагоддзяў» (1-я серыя — 1859, 2-я — 1877). На бел. мову перакладзены раманы «Адвержаныя» (1938) і «Дзевяноста трэці год» (пер. Я.Маўра, 1937). Творы Гюго перакладалі таксама Э.Агняцвет, А.Астрэйка, Ю.Гаўрук, С.Ліхадзіеўскі і інш.
Тв.:
Рус.пер. — Собр. соч. В 7 т.Т. 1—3. М., 1994.
Літ.:
Моруа А. Олимпио, или Жизнь Виктора Гюго: Пер. с фр.М., 1987;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУРНАЛІ́СТЫКА (ад франц. journal газета),
від творчай дзейнасці грамадскага кірунку па зборы, апрацоўцы і распаўсюджванні актуальных паведамленняў і звестак, праз сродкі масавай інфармацыі (СМІ) — друк, радыё, тэлебачанне, кіно і інш. Уключае таксама навуку пра ролю і месца СМІ у жыцці грамадства, пра формы і металы журналісцкай дзейнасці. Вызначаецца аператыўнасцю і перыядычнасцю, абапіраецца на юрыд. законы і маральна-этычныя нормы, развіваецца па ўласных прынцыпах і законах. Праз СМІ выконвае інфарм. функцыі, уздзейнічае на грамадскую думку, на светапогляд чалавека. Функцыі і задачы Ж. ў розны гіст.перыяд мяняліся. У залежнасці ад канкрэтных задач (публіцыстычных, мастацкіх, навуковых, прафесійных і інш.) Ж. ўласціва шматгаліновасць.
Ж. ўзнікла ў пач. 17 ст. (гл.Газета, Часопіс). Першыя рэгулярныя масавыя перыяд. выданні з’явілася ў 2-й пал. 18 ст. У 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. з вынаходствам фатаграфіі і кінематографа з’явілася фота- і кінажурналістыка, з 1920-х г. развіваецца радыёжурналістыка, з 1940-х г. — тэлежурналістыка. У сучаснай Ж. важную ролю адыгрываюць дзярж. і прыватныя сродкі масавай інфармацыі. Спецыфіка Ж. патрабуе высокакваліфікаваных прафес. кадраў. На Беларусі журналісцкую адукацыю атрымліваюць на ф-це журналістыкі БДУ (з 1944), дзе найб. актыўна займаюцца таксама яе навук. і практ. праблемамі. З 1946 дзейнічае Міжнародная арганізацыя журналістаў, з 1959 Бел. саюз журналістаў (гл.Саюз журналістаў Беларусі). Лепшыя работы ў галіне Ж. на Беларусі адзначаюцца Дзярж прэміяй (з 1967; да 1991 імя П.М.Лепяшынскага). Вывучэнню праблем гісторыі, тэорыі і практыкі Ж. на Беларусі прысвечаны працы С.Х.Александровіча, Р.В.Булацкага, С.В.Говіна, С.В.Марцэлева, І.І.Сачанкі, Б.В.Стральцова, М.Я.Цікоцкага і інш. даследчыкаў. Выходзілі і выходзяць выданні, прысвечаныя журналісцкай дзейнасці, — «Рабселькор» (1931—33), «У дапамогу работнікам мясцовага друку», «Культура мовы журналістаў» (вып. 1—6, 1982—92), «Веснік БДУ» (серыя IV, з 1969) і інш., выдаюцца зборнікі, манаграфіі і інш. даследаванні.
Літ.:
Цікоцкі М.Я. З гісторыі беларускай журналістыкі XIX ст.Мн., 1960;
Марцелев С.В. Печать Советской Белоруссии. Мн., 1967;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛІ́НКАВІЦКІ РАЁН,
у цэнтральнай частцы Гомельскай вобл. Утвораны 17.7.1924 (у сучасных межах з 24.3.1960). Пл. 2,8 тыс.км². Нас. 32 тыс.чал. (1997; без г. Калінкавічы), гарадскога 5,3%. Сярэдняя шчыльн. 11,4 чал. на 1 км². Цэнтр раёна — г.Калінкавічы; г.п.Азарычы, 130 сельскіх населеных пунктаў. Падзяляецца на 22 сельсаветы: Бярозаўскі, Вялікааўцюкоўскі, Гарбавіцкі, Гарочыцкі, Даманавіцкі, Дудзіцкі, Зеляноцкі, Казловіцкі, Капліцкі, Крукавіцкі, Ліпаўскі, Малааўцюкоўскі, Міхнавіцкі, Нахаўскі, Прудоцкі, Савіцкі, Сыродскі, Хобненскі, Чкалаўскі, Шыіцкі, Юравіцкі, Якімавіцкі. Раён моцна пацярпеў ад аварыі на Чарнобыльскай АЭС. Да зоны з перыяд. кантролем аднесена 66 нас. пунктаў (19,2 тыс.чал.), да зоны пражывання з правам адсялення — 12 нас. пунктаў (3,3 тыс. чал); з абароту выведзены 3157 гас.-г. угоддзяў.
Раён размешчаны ў межах Прыпяцкага (зах.ч.) і Гомельскага (паўн. і ўсх. часткі) Палесся. Паверхня пераважна нізінная. На ПдУ Юравіцкае ўзвышша. 99% тэр. на выш. да 150 м. Найвыш. пункт 167,5 м (на У ад в. Юравічы). Карысныя выкапні: нафта, торф, мінер. фарбы, гліна, жвір, пясок. Сярэдняя т-растудз. -6,2 °C, ліп. 18,7 °C. Ападкаў 575 мм за год. Вегетац.перыяд 197 сут. На ПдУ працякае р. Прыпяць з прытокамі Трэмля, Іпа (з Вішай), Ненач, Закованка, Віць. Найб.меліярац. каналы: Ненач, Абедаўка, Гарочыцкі, Дубнянская канава. Пераважаюць глебы тарфяна-балотныя (34,6%), дзярнова-падзолістыя забалочаныя (27,4%) і дзярнова-падзолістыя (22,5%). Пад лесам 50,4% тэр. Пашыраны хваёвыя і бярозавыя лясы. Балоты займаюць 2,4% тэр.; найб. з іх Васілевічы-2, Іпа-Вішанскае, Сухавіцкае і Вял. Мох.
Агульная пл.с.-г. угоддзяў 107 тыс.га, з іх асушаных 54,2 тыс.га. На 1.1.1997 у раёне 21 калгас, 11 саўгасаў, 5 дапаможных і 20 фермерскіх гаспадарак, міжгас. Сельская гаспадарка спецыялізуецца на мяса-малочнай жывёлагадоўлі. Вырошчваюць збожжавыя, бульбу і кармавыя культуры. Прадпрыемствы дрэваапрацоўчай, буд. матэрыялаў і харч. прам-сці. Па тэр. раёна праходзяць чыгункі Жлобін—Оўруч (Украіна) і Гомель—Лунінец, аўтадарогі Гомель—Брэст, Бабруйск—Оўруч, нафтаправод «Дружба», газаправод. У раёне 24 сярэднія, 16 базавых, 6 пач. школ, 1 школа-інтэрнат, 32 дашкольныя ўстановы, 27 дамоў культуры, 24 клубы, 6 бальніц, амбулаторыя, радзільны дом, 46 фельч.-ак. пунктаў. Помнікі архітэктуры: сядзіба з пейзажным паркам (сярэдзіна 19 ст.) у в. Ліпава, касцёл і калегіум езуітаў (1717—46) у в. Юравічы. Помнік гісторыі — мемарыяльны комплекс вязням Азарыцкіх лагераў смерці (1965). Выдаецца газ. «Калінкавіцкія навіны».