ГАЛЬМІРО́ЛІЗ (ад грэч. halmyros салёны + lysis распад),
падводнае выветрыванне, хіміка-мінералагічнае пераўтварэнне першасных адкладаў на дне мора пад уздзеяннем працэсаў растварэння, акіслення і інш. Гальміролізам тлумачаць паходжанне некаторых мінералаў, што ўтвараюцца толькі ў марскіх адкладах (глаўканіт, шамазіт і інш.), падводнае змяненне вулканічных туфаў, якое прыводзіць да ўтварэння бентаніту і інш. разнавіднасцей паглынальных глін. Асабліва спрыяльныя для гальміролізу месцы павольнага адкладання на марскім дне дробных часцінак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНГЛІЯБЛАКА́ТАРЫ, гангліяблакіравальныя сродкі,
рэчывы, якія блакіруюць перадачу нерв. ўзбуджэння ў сінапсах вегетатыўных гангліяў і зменьваюць функцыі ўнутр. органаў. Пад уплывам гангліяблакатараў пашыраецца прасвет перыферычных сасудаў, бронхаў, зніжаецца маторыка страўнікава-кішачнага тракту, тонус мачавога пузыра, пачашчаецца сэрцабіцце, зніжаецца артэрыяльны ціск. Лек. выкарыстанне гангліяблакатараў: пры спазмах сасудаў і ўнутр. органаў, ацёках лёгкіх, гіпертанічных крызах, пры анестэзіі. Да гангліяблакатараў належаць пахікарпін, пірылен, пентамін, тэмехін, бензагексоній, дымекалін, кватэрон і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗІ́ШЧА,
вадасховішча ў Шклоўскім р-не Магілёўскай вобл., на р. Чавенка (прыток Басі, бас. Дняпра), за 20 км на У ад г. Шклоў, каля в. Гарадзішча. Створана ў 1982. Пл. 0,39 км², даўж. 3 км, найб.шыр. 280 м, найб.глыб. 9 м. Аб’ём вады 1,19 млн.м³. Берагі слаба парэзаныя, правы парослы рэдкім хмызняком, месцамі стромкі, левы пад лугам. Выкарыстоўваецца для арашэння, рыбагадоўлі, водазабеспячэння навакольных вёсак.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДЗЯНЕ́Ц,
возера ва Ушацкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Выдрыца, за 17 км на ПдУ ад г.п. Ушачы. Пл. 0,2 км², даўж. 650 м, найб.шыр. 450 м, даўж. берагавой лініі 1,78 км. Схілы катлавіны выш. да 10 м, разараныя, на Пд і Увыш. да 15 м, пад лесам. Берагі высокія, на Пд і У зліваюцца са схіламі. Злучана ручаём з воз. Вербна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДНІ́ЧЫ (Антон Ягоравіч) (каля 1848, в. Касцяневічы Вілейскага р-на Мінскай вобл. — 1917?),
удзельнік рэв. руху ў Расіі. З 1871 працаваў на з-дах Пецярбурга, дзе вёў рэв. прапаганду; чл. «Паўночнага саюза рускіх рабочых». У 1874 арыштаваны. З 1876 жыў у Пецярбургу пад тайным наглядам паліцыі. У 1879 зноў арыштаваны, сасланы на радзіму, потым у г. Мезень Архангельскай губ. Пасля ад паліт. дзейнасці адышоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЦЬ,
вадасховішча ў Баранавіцкім р-не Брэсцкай вобл., за 22 км на ПдЗ ад Баранавіч, каля в. Яжона, на р. Лахазва (бас. Нёмана). Створана ў 1934. Пл. 1,26 км², даўж. 3,1 км, найб.шыр. 700 м, найб.глыб. 4,7 м. Аб’ём вады 3,15 млн.м³. Берагі моцна парэзаныя, спадзістыя, пад лесам. Дно ўкрыта торфам і глеем. Сярэдні шматгадовы сцёк 32 млн.м³. Выкарыстоўваецца для адпачынку і рыбагадоўлі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕЙ,
слой глебы светлай афарбоўкі, які ўтвараецца пад уплывам жыццядзейнасці анаэробных бактэрый ва ўмовах працяглага пераўвільгатнення. Тэрмін увёў рус. вучоны Г.М.Высоцкі (1905) для вызначэння асветленых блакітных, зялёных ці шызых гарызонтаў глебы, колер якіх абумоўлены закіснымі злучэннямі жалеза. Глей валодае неспрыяльнымі водна-фіз. ўласцівасцямі, таксічны для раслін. На Беларусі характэрны для ўсіх тыпаў забалочаных глеб: тарфяна-балотных, падзолістых, дзярнова-падзолістых, дзярновых і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЫБО́КАЕ-ЧАРБАМЫ́СЛА,
гідралагічны заказнік у Полацкім р-не Віцебскай вобл. Размешчаны на ПнУ Полацкай нізіны. Створаны ў 1979 як азёрны заказнік рэсп. значэння для аховы Глыбокага возера, воз.Чарбамысла і прылеглых прыродных комплексаў. Пл. 516 га (1996). Вадазборная плошча на 95% пад лесам. Пераважае хвоя, трапляюцца невял. ельнікі з дамешкам бярозы, па берагах воз. Глыбокае — вольха. У азёрах растуць рэдкія ахоўныя віды — палушнік азёрны, лабелія Дортмана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУСЛЯ́Р (стараслав.гусельник, гусленик),
народны музыкант, які іграў на гуслях і часам пад акампанемент спяваў былінна-эпічныя і інш.нар. песні і прыпеўкі да танцаў. Часцей сустракаўся ў рускіх, карэлаў, эстонцаў, латышоў і літоўцаў. На Беларусі гусляры былі вядомыя ў сумежных з Расіяй і Латвіяй паветах Віцебскай губ. Як рамант. вобраз паўстае ў паэме Я.Купалы «Курган»: нязломны і горды герой, барацьбіт за нар. шчасце.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУЧО́К (Пётр Іосіфавіч) (18.3.1923, в. Лысоўшчына Пухавіцкага р-на Мінскай вобл. — 18.4.1945),
Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Мінскі аэраклуб (1940), Батайскую ваен.авіяц. школу (1942). У Вял.Айч. вайну са жн. 1943 на 4, 2, 1-м Укр. франтах. Камандзір звяна знішчальнага авіяпалка ст. лейтэнант Гучок зрабіў 209 баявых вылетаў, правёў 56 паветр. баёў, асабіста збіў 20 самалётаў ворага. Загінуў у баі пад Берлінам.