РУЖА́НСКАЯ ЦАРКВА́ ПЯТРА́ І ПА́ЎЛА І МАНАСТЫ́Р БАЗЫЛЬЯ́Н,
помнік архітэктуры барока ў г.п. Ружаны Пружанскага р-на Брэсцкай вобл. Мураваны храм пабудаваны пры базыльянскім манастыры ў 1762—79 (арх. Я.С.Бекер) на месцы уніяцкай царквы 1568 па фундацыі Хрысціны Масальскай з Сапегаў. У 1839 перададзена праваслаўным. Будынак 1-нефавы звял. паўкруглай апсідай, над якой пакаты 2-схільны дах пераходзіць у конусападобнае пакрыццё, завершанае галоўкай. Па баках апсіды размешчаны 2 квадратныя ў плане невысокія рызніцы пад 3-схільнымі дахамі. Гал. фасад па цэнтры вылучаны рызалітам, які завершаны развітым антаблементам і 2-ступеньчатым атыкам з трохвугольным франтонам. Над атыкам узвышаецца 2-ярусная чацверыковая вежа-званіца з галоўкай на барабане. Барочны пластычны характар фасаду надаюць шматлікія крапоўкі слаістымі пілястрамі, прафіляванымі цягамі, нішамі. Бакавыя фасады рытмічна расчлянёны арачнымі аконнымі праёмамі ў прафіляваных ліштвах і пілястрамі ў прасценках, апяразаны паддахавым карнізам.
Зала царквы перакрыта люстэркавым скляпеннем, плафон якога пакрыты размалёўкай «Праабражэнне» (пашкоджана пажарам у 1895, адноўлена ў пач. 20 ст.). На плафоне апсіды размалёўка «Бог Саваоф». Абапал апсіды медальёны з выявамі апосталаў Пятра і Паўла. Захаваўся абраз «Маці Божая Адзігітрыя» (каля 1648), якому прыпісваецца захаванне храма ад пажару.
Корпус манастыра ўзведзены ў 1780-я г. (арх. Бекер) зпаўд. боку царквы па фундацыі А.Сапегі. Будынак прамавугольны ў плане, 2-павярховы, накрыты вальмавым дахам. Рытм гал. фасада ствараецца прамавугольнымі аконнымі праёмамі, завершанымі трохвугольнымі і паўкруглымі сандрыкамі (на 1-м паверсе), пілястрамі. Цэнтр гал. фасада вылучаны рызалітам.
В.В.Калнін, В.В.Церашчатава.
Ружанская царква Пятра і Паўла і манастыр базыльян.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЫШКЕ́ВІЧ Канстанцін Піевіч (17.2.1806, г. Лагойск Мінскай вобл. — 13.7.1868),
бел. гісторык, археолаг, краязнавец, адзін з заснавальнікаў бел.навук. археалогіі. З роду Тышкевічаў, брат Я.П.Тышкевіча. Вучыўся ў Полацкім езуіцкім, Забельскім дамініканскім калегіумах. Скончыў Віленскі ун-т (1828). У 1828—36 у мін-ве фінансаў Царства Польскага. З 1836 жыў у Лагойску, дзе заснаваў ашчадны банк для мяшчан і сялян, цукровыя з-ды, Лагойскую палатняную мануфактуру і інш.; на аснове ўласных калекцый разам з бацькам і братам стварыў Лагойскі музей старажытнасцей. У 1861 удзельнічаў у рабоце Мінскага губ.к-тапасял. пытаннях. Шмат вандраваў па Расіі і замежжы, чл.навук. т-ваў у Вільні, Кракаве, Маскве, Празе, Парыжы, Лондане. Адзін з заснавальнікаў Віленскага музея старажытнасцей, чл.Віленскай археалагічнай камісіі. Даследаваў каля 200 курганоў, гарадзішчаў і замчышчаў у Мінскай губ., стварыў першыя тапагр. планы гарадзішчаў. Лічыў курганы старадаўнімі пахаваннямі, а гарадзішчы месцамі, дзе выконваліся розныя абрады. Першы класіфікаваў знаходкі па тэхніцы і матэрыялах выканання і звёў іх у табліцы. У 1856 арганізаваў экспедыцыю Пар. Вілія, у выніку якой сабраў багаты этнагр. матэрыял і напісаў краязнаўчую манаграфію «Вілія і яе берагі» (Дрэздэн, 1871; на польск. мове). Адзін з раздзелаў кн. «Пра курганы ў Літве і Заходняй Русі» (1865) прысвяціў знаходкам стараж. пісьменнасці ятвягаў. Паклаў пачатак вывучэнню стараж. Лагойска, Заслаўя, Астрашыцкага Гарадка і інш.
Літ.:
Каратынскі В. Канстанцін Тышкевіч // Творы. Мн., 1981;
Каханоўскі Г.А. Адзін з ранніх даследчыкаў беларуска-літоўскага пагранічча // Быт і культура беларусаў. Мн., 1984;
Яго ж. Археалогія і гістарычнае краязнаўства Беларусі ў XVI—XIX стст. Мн., 1984;
Карев Д.В. Белорусская историография конца XVIII — нач. XX вв. // Наш радавод. Гродна, 1993. Кн. 5, ч. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕНЕЦЫЯ́НСКАЕ ШКЛО,
мастацкія пасудзіны, пераважна выдзіманыя, часта з налепленымі дэталямі, а таксама пацеркі, люстэркі і інш. вырабы. Вытворчасць пачалася ў канцы 13 ст. ў Венецыі, дзе быў асвоены вопыт маст. шкларобства Сірыі і Візантыі. Чашы і кубкі 15 ст.з каляровага шкла з размалёўкай эмалямі мелі формы, што ішлі ад готыкі. З сярэдзіны 16 ст. пашыраны стройныя, вытанчаныя па формах бакалы і вазы, каляровыя і бясколерныя, зфілігранню або з кракле (узорам з тонкіх трэшчын). У 17—18 ст. вырабы са шкла (бясколернага, агатавага, карычневага зметал. блішчынкамі, мазаічнага) сталі вычварныя, дэкор — стракаты (посуд, люстры). З сярэдзіны 19 ст. выпускаюцца вырабы па ўзорах 16—17 ст., з 1950-х г. — літыя пасудзіны новых форм, пераважна простых і функцыянальна абгрунтаваных.
вайсковыя мерапрыемствы па рэгістрацыі і падліку ўзбр. ненайманых сіл дзяржавы. Першы попіс, матэрыялы якога захаваліся, праведзены згодна з ухвалай Віленскага сойма 1528. Паводле гэтай ухвалы землеўласнікі з 8 службаў выстаўлялі ў войска 1 вершніка; усяго ўлічаны 19 842 коннікі. Статут ВКЛ 1529 больш дэтальна вызначыў абавязкі шляхты па ўдзеле ў попісах і зазначыў, што дробная шляхта, якая не мае падданых і вял. уладанняў, павінна асабіста адпраўляцца ў войска. Віленскі сойм 1563 пастанавіў, каб шляхта выстаўляла ў войска 1 конніка з 10 службаў. Статут ВКЛ 1566 вызначыў, што шляхта збіраецца ў войска па павятовых харугвах, пад кіраўніцтвам маршалкаў, у цэнтр. паветах ваяводстваў — кашталянаў. У час Лівонскай вайны 1558—83 каля Краснага Сяла (цяпер в. Краснае Маладзечанскага р-на Мінскай вобл.) з 26.6.1567 да лют. 1568 быў праведзены попіс, які зафіксаваў 27 776 коннікаў. Статут ВКЛ 1588 устанавіў, што попісы праводзяцца ў час збору шляхты на вайну. Верагодна, попіс быў праведзены ў 1601, вядомы яго вынікі па Віленскім ваяв. Соймавая канстытуцыя 1607 вызначыла, што павятовыя попісы павінны праходзіць кожны год паводле норм пастановы Віленскага сойма 1563. Канстытуцыя 1613 устанавіла, што попісы павінны адбывацца 8 вер. праз 2 гады пры гарадах, замках і каралеўскіх дварах (месцах, дзе звычайна праходзілі суды і соймікі). У цэнтр. павеце ваяводства шляхта павінна была з’яўляцца перад ваяводам, кашталянам і харунжым, у інш. паветах — перад маршалкам, харунжым і войскім. Канстытуцыя 1650 устанавіла, што попісы будуць адбывацца праз 4 гады на свята св. Міхала (29 вер.), а Генеральная канфедэрацыя ВКЛ 1764 вызначыла, што попісы павінны адбывацца праз 2 гады. Адзіным даволі поўным спісам шляхецкіх родаў ВКЛ з’яўляецца попіс 1765, бо ён праведзены на ўсёй тэр. дзяржавы. Дакументацыя попісаў — каштоўная крыніца пасац.-эканам., вайсковай гісторыі ВКЛ, генеалогіі, гіст. геаграфіі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЁРАЗНАЎСТВА
Першыя гідралагічныя даследаванні азёр Беларусі правёў А.М.Семянтоўскі (у 1872 апублікаваў гідралагічны агляд Віцебскай губ.). Экспедыцыя па даследаванні вытокаў галоўных рэк Еўрап. Расіі пад кіраўніцтвам Дз.М.Анучына (1894—95) упершыню зрабіла батыметрычную здымку некаторых бел. азёр і выявіла іх сувязь з кампанентамі ландшафтаў. У 1909 М.А.Паўлоўскі даследаваў воз. Дрысвяты. У 1914—16 біялогію і гідрабіялогію азёр вывучала Віцебская рыбагаспадарчая экспедыцыя. Пасля 1917 даследаванні азёр мелі эпізадычны характар. У 1930-я г. азёры Зах. Беларусі вывучаліся пад кіраўніцтвам С.Лянцэвіча (Палессе) і Е.Кандрацкага (Паазер’е). Сістэматычнае іх вывучэнне пачалося з арганізацыяй н.-д. станцыі рыбнай гаспадаркі (1928), на базе якой у 1958 створаны БелНДІ рыбнай гаспадаркі. У пасляваенныя гады комплексныя даследаванні азёр вяліся на біял. і геагр. ф-тах БДУ, з 1948 праводзяцца даследаванні на воз. Нарач (гідрабіялагічная станцыя БДУ; Р.Р.Вінберг, А.П.Астапеня). Пытаннямі азёрнага седаментагенезу займаліся К.І.Лукашоў і А.П.Підоплічка. Н.-д. лабараторыя азёразнаўства БДУ (з 1968) комплексна даследавала больш за 500 азёр і 20 вадасховішчаў. Вывучаны гісторыя іх развіцця ў галацэне, вызначана генет. прыналежнасць, законы азёрнай седыментацыі (В.П.Янушка), заканамернасці развіцця вадаёмаў запаволенага водаабмену, іх выкарыстанне і ахова (П.С.Лопух), зроблены прыроднагаспадарчыя класіфікацыі азёр (Б.П.Уласаў). Вядуцца маніторынгавыя даследаванні паміжнар. праграме «Чалавек і біясфера». Пытаннямі гідралогіі азёр займаецца Гідраметслужба, па яе матэрыялах у 1971 выдадзены даведнік па рэсурсах паверхневых вод СССР (т. 5 — паБССР). Сістэматычныя гідралагічныя назіранні на азёрах і вадасховішчах ажыццяўляюцца 14 гідралагічнымі пастамі (2004). У ін-тах геал. навук, праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі Нац.АН Беларусі азёры вывучаюцца як аб’екты намнажэння сапрапеляў. У вытворчых мэтах азёры і вадасховішчы даследуюцца ў Цэнтр.НДІ комплекснага выкарыстання водных рэсурсаў. Вынікі даследаванняў улічваюцца і выкарыстоўваюцца ў рыбнай гаспадарцы, энергетыцы, курортнай справе, водазабеспячэнні, меліярацыі, здабычы карысных выкапняў і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІДРАГРА́ФІЯ (ад гідра... + ...графія),
1) раздзел гідралогіі сушы, які вывучае і апісвае канкрэтныя водныя аб’екты і ўсю гідраграфічную сетку пэўнай тэрыторыі з характарыстыкай геагр. становішча, памераў, рэжыму, фізіка-геагр. умоў і гасп. выкарыстання. Выяўляе заканамернасці пашырэння вод сушы, асаблівасці рэжыму і гасп. значэнне іх у розных прыродных раёнах і ландшафтных зонах. Даследуе антрапагенныя змены рэжыму водных аб’ектаў. Цесна звязана зазёразнаўствам і гідралогіяй рэк.
2) Навука пра суднаходныя трасы, формы ложа акіянаў, мораў, азёр і рэк. Даследуе гідраметэаралагічныя ўмовы на трасах, абрысы берагоў, прапануе сукупнасць мерапрыемстваў па стварэнні ўмоў бяспечнага суднаходства. Падзяляецца на гідраграфічны вопіс і навігацыйнае абсталяванне.
На Беларусі першыя звесткі па гідраграфіі адносяцца да 2 ст.н. э. — на картах Пталамея паказаны рэкі Барысфен (Дняпро), Хранон (Нёман), Рубон (Зах. Двіна). Значныя гідраграфічныя работы пачаліся ў 1580-я г., у выніку іх у 1613 у г. Амстэрдам выдадзена Радзівілаўская карта Вял.кн. Літоўскага. У 1802 Дэпартамент водных камунікацый Рас. імперыі выдаў гідраграфічную карту ўнутр. водных шляхоў (маштаб 1: 4 200 000) і кнігу да яе, дзе даволі поўна апісаны рэкі Беларусі. Даследаванні па гідраграфіі засяроджаны ў Камітэце па гідраметэаралогіі пры Мін-ве па надзвычайных сітуацыях і абароне насельніцтва ад наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, у БДУ і інш.
Літ.:
Булавко А.Г., Макаревич А.А. Развитие географических представлений о речной сети Беларуси с древних времен до 18 в. // Изв. Рус. геогр. о-ва. 1993. Т. 125, вып. 1;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«НАШ КРАЙ»,
часопіс, орган Цэнтральнага бюро краязнаўства (ЦБК) пры Інбелкульце. Выдаваўся зкастр. 1925 да студз. 1933 у Мінску на бел. мове раз у месяц. Рэдактар З.Бядуля. Яго выдаўцы ставілі за мэту вывучэнне прыродных і прадукцыйных сіл Беларусі, духоўных традыцый яе народаў. Даследаванні вяліся па 3 асн. кірунках: прыродна-геагр., грамадска-эканам. і культ.-гістарычным. Матэрыялы часопіса адлюстроўвалі феналагічныя назіранні, даследаванні флоры і фауны розных рэгіёнаў Беларусі (публікацыі П.Салаўёва, В.Перахода, М.Збіткоўскага, С.Мельніка, В.Палянскай, І.Сяржаніна, А.Фядзюшына), актыўна ўзнімалі пытанні аховы прыроды (В.Купрэвіч, Фядзюшын). У геагр., гіст. і эканам. аспектах вывучаліся гарады, мястэчкі, раёны, вёскі (М.Азбукін, Дз.Даўгяла, Я.Крукоўскі, Д.Васілеўскі, Я.Сяргеенка, В.Самцэвіч). Змяшчаліся аналіт. апісанні прыродных ландшафтаў, азёр, рэк, балот, паркаў (У.Уладзіміраў, Я.Троська, Ю.Лапіцкі і інш.). Вынікі краязнаўчага вывучэння традыц. духоўнай і матэрыяльнай культуры, побыту беларусаў асвятлялі М.Каспяровіч, А.Немцаў, М.Мялешка і інш., звычаёвае права — І.Бонч-Асмалоўскі, Р.Парэчын, нар. медыцыны — К.Гурвіч, А.Жаўрыд, Купрэвіч. Пра літ. краязнаўства пісалі Васілеўскі, Каспяровіч, А.Шашалевіч (А.Мрый), Т.Кулакоў і інш. Краязнаўцы Самцэвіч, С.Нікіфаровіч, Кулакоў і інш. змяшчалі даследаванні пра ф-кі, з-ды, камуны, саўгасы і калгасы, кірмашы Беларусі. Публікаваліся матэрыялы пра сял. і рабочы рух, рэв. падзеі, партыз. рух. Краязнаўства нац. меншасцей Беларусі прадстаўлена ў публікацыях І.Сосіса, Г.Аляксандрава, В.Скардзіса, К.Мартэнсона. Часопіс арыентаваў краязнаўцаў на збор слоўніка жывой мовы, нар. тэрмінаў, у т. л.па анатоміі і заалогіі, на складанне рэгіянальных геагр. слоўнікаў, збіранне звестак панар. мастацтве, рамёствах, промыслах, па гісторыі тэатра. «Н.к.» апублікаваў больш за 100 праграм, анкет, інструкцый па розных галінах краязнаўчай дзейнасці, у т. л.па зборы вусна-паэтычнай творчасці, нар. музыцы. Інфармаваў чытачоў пра дзейнасць ЦБК, пра ход усебел. краязнаўчых з’ездаў і канферэнцый, працу акруговых і раённых т-ваў краязнаўства, музеяў, змяшчаў бібліяграфію па краязнаўстве. Выйшаў 61 нумар. У 1930—33 час.наз. «Савецкая краіна».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКІ ГІСТПА́РТ,
першая ў Беларусі камісія па зборы і вывучэнні матэрыялаў па гісторыі Кастр. рэвалюцыі 1917 і РКП(б). Існаваў у снеж. 1920—27 як гіст.-рэв. аддзел пры Гомельскім губ. к-це РКП(б). Падтрымліваў сувязі з удзельнікамі рэв. руху і грамадз. вайны, арганізоўваў выстаўкі, лекцыі, вечары ўспамінаў, фарміраваў архіў па гісторыі бальшавізму і рэв. руху ў губерні. Друкаваў матэрыялы ў час. «Известия Гомельского губкома...». Выдаў зборнік артыкулаў і ўспамінаў «Рэвалюцыйная барацьба ў Гомельскай губерні» (1921), брашуры Г.Лялевіча «Кастрычнік у стаўцы», «Стракапытаўшчына», «Лідзія Язерская...» (усе 1922), кнігу матэрыялаў па гісторыі с.-д. і рабочага руху ў 1893—1905 на Гомельшчыне «1905 год у Гомелі і Палескім раёне» (1925), рыхтаваў зб-кі дакументаў, матэрыялаў і ўспамінаў «Кастрычнік у Магілёўскай губерні», «1918 год» (пра падп. работу і партыз. рух на Гомельшчыне ў перыяд ням. акупацыі), «Да гісторыі грамадзянскай вайны» (пра стракапытаўскі мяцеж і інш.), зборнік біягр. матэрыялаў пра змагароў за сав. ўладу і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́НУЭ (Benue),
рака ў Зах. Афрыцы, у Камеруне (вярхоўі) і Нігерыі, левы прыток Нігера. Даўж. 1300 км, пл. басейна 441 тыс.км². Пачынаецца на ўсх. схілах нагор’я Камерун, перасякае яго па цясніне, далей цячэ па раўніне сярод вільготных саваннаў у шырокай густанаселенай даліне. Паводка зчэрв. да верасня. Сярэдні расход вады 3170 м³. Суднаходная ад г. Ібі, у сезон дажджоў ад г. Гаруа. Каля вусця (шыр. да 1,5 км) — г. Лакоджа.