сістэма кіравання вытворчымі, сацыяльнымі і інш. аб’ектамі для аператыўнага забеспячэння іх функцыянавання ў адпаведнасці з пастаўленай мэтай. Аб’екты аператыўнага кіравання — розныя бакі вытв. і сац. працэсаў: напр., работа зборачнага цэха, пастаўка сыравіны, збыт прадукцыі, вырашэнне жыллёва-бытавых праблем і інш. Яго сутнасць — мэтавае накіраванне працэсу прычынна-выніковых сувязяў і ўзаемадзеянне элементаў у аб’екце кіравання. Аператыўнае кіраванне ўключае: аператыўнае планаванне (распрацоўка аператыўных планаў, праграм, нормаў, нарматываў з давядзеннем заданняў да выканаўцаў), аператыўны ўлік (адлюстраванне вынікаў вытв. ці сац. працэсаў), аператыўны аналіз (своечасовае выяўленне і вымярэнне фактараў, якія выклікаюць адхіленні ад планавых заданняў, гл.Аналіз гаспадарчай дзейнасці), аператыўнае рэгуляванне (выпрацоўка кіраўніцкіх рашэнняў і арганізацыя іх выканання для ліквідацыі прычын адхілення працэсу ад запланаваных параметраў). Практычна аператыўнае кіраванне пачынаецца з аператыўнага планавання, затым на працягу кароткага часу (дэкады, тыдня, сутак, змены і інш.) фіксуюцца вынікі вытв. працэсу, на аснове якіх выяўляюцца прычыны збояў і адхілення ад планавых заданняў і прымаецца рашэнне па рэгуляванні вытв. ці сац. працэсаў у адпаведнасці з планам. У сістэму аператыўнага кіравання ўваходзяць функцыі, якія выконваюць дапаможную ролю ці стымулююць дзейнасць спецыялістаў (арганізацыя, каардынацыя, кантроль, матывацыя і інш.).
Літ.:
Стражев В.И. Оперативное управление предприятием, проблемы учета и анализа. Мн., 1973;
Саламатин Н.А., Фель А.В., Шишкина Е.Л. Оперативное управление производством. М., 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛА́РУСКАЕ ВЫДАВЕ́ЦКАЕ ТАВАРЫ́СТВАў Вільні.
Існавала ў 1913—15 і 1919—30. Выдавала і распаўсюджвала творы бел. л-ры. Засн. 1(14).7.1913 Б.Даніловічам, І.Луцкевічам, К.Шпакоўскім і інш. на базе выдавецтва «Нашай нівы». Знаходзілася пад ідэйным уплывам Беларускай сацыялістычнай грамады. Гал. мэта дзейнасці — духоўнае адраджэнне бел. народа. У 1913—14 сакратаром выд-ва працаваў Я.Купала. На 21-м этапе існавання (1913—15; спыніла дзейнасць з прычыны 1-й сусв. вайны) выпусціла ў свет 15 кніг агульным тыражом 15 тыс.экз. Сярод іх творы Я.Коласа, М.Гарэцкага, Ядвігіна Ш., К.Буйло, Я.Лёсіка і інш. Аднавіла выдавецкую справу ў 1919 (напачатку з дадаткам у назве «Крыніца»), Выпускала навук.-папулярную, навуч. і маст. л-ру. Уздым нац.-вызв. руху ў сярэдзіне 1920-х г. актывізаваў працу выд-ва. У яго кіраўніцтва ўваходзілі вядомыя культ.-грамадскія дзеячы Зах. Беларусі. Выйшлі «Выбраныя творы» Я.Коласа, п’есы К.Каганца, У.Галубка, М.Гарэцкага, А.Гаротнага, зб. вершаў Х.Ільяшэвіча, зборнікаў зах.-бел. паэтаў і пісьменнікаў «Рунь веснаходу», «Хрэстаматыя новай беларускай літаратуры» І.Дварчаніна, успаміны «За дваццаць пяць гадоў (1903—1928)» Луцкевіча, «Асновы дзяржаўнасці Беларусі» М.Доўнар-Запольскага і інш. Спыніла дзейнасць на пач. 1930-х г. пасля рэпрэсій польскіх улад супраць нац.-адраджэнскага руху і аслаблення яго пазіцый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ПЫТ,
уся сукупнасць практычных узаемаадносін паміж чалавекам і аб’ектыўным светам; элемент пазнавальнай дзейнасці, спалучэнне пачуццёвага і абстрактна-лагічнага адлюстравання аб’ектыўнай рэальнасці на аснове і ў працэсе практычнага ўздзеяння чалавека на навакольны свет.
У гісторыі філасофіі, паводле поглядаў эмпірызму і сенсуалізму, вопыт трактаваўся як адзіная крыніца ведаў. Прадстаўнікі ідэаліст. эмпірызму (Дж.Берклі, Д.Юм), абмяжоўвалі вопыт сукупнасцю пачуццяў і адчуванняў і адмаўлялі, што ў аснове яго ляжыць аб’ектыўная рэальнасць. Матэрыяліст. эмпірызм (Ф.Бэкан, Т.Гобс, Дж.Лок, Д.Дзідро, К.Гельвецый) крыніцай вопыту лічыў матэрыяльны свет. Прадстаўнікі рацыяналізму (Р.Дэкарт, Б.Спіноза, Г.Лейбніц) меркавалі, што лагічнае мысленне не можа грунтавацца на вопыце, бо розум быццам бы здольны спасцігаць ісціну непасрэдна, без пачуццёва-эмпірычнага пазнання. І.Кант крытыкаваў рацыяналізм і сенсуалізм, Г.Гегель лічыў пазнанне працэсам, што развіваецца на шматлікіх узроўнях.
Сучасная філасофія разглядае вопыт як нешта вытворнае ад аб’ектыўнай рэальнасці, як пераўтваральнае ўздзеянне чалавека на знешні свет і як вынік гэтага ўздзеяння ў выглядзе ведаў і навыкаў, як працэс узаемадзеяння суб’екта з аб’ектам. Вопыт адлюстроўвае ўзровень авалодання законамі прыроды, грамадства і мыслення, што дасягнуты людзьмі на дадзеным этапе іх гіст. развіцця.
Літ.:
Швырев В.С. Научное познание как деятельность. М., 1984;
Социально-философские проблемы производства и применения научных знаний. Мн., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІ ЦЭНТРА́ЛЬНЫ САЮ́З СЕЛЬСКАГАСПАДА́РЧЫХ І КРЭДЫ́ТНЫХ КААПЕРАТЫ́ВАЎ, Белсельсаюз,
рэспубліканская кааператыўная арг-цыя ў 1921—29. Створаны ў Мінску як Саюз с.-г. кааперацыі Беларусі, з 1922 наз.Бел.цэнтр. саюз с.-г. і прамысл. т-ваў (Белсельпрамсаюз), з 1925 — Белсельсаюз. Напачатку меў на мэце арганізацыю вытв-сці і збыту с.-г. прадукцыі, калектывізацыю вёскі. Дзейнасці перашкаджалі рэарганізацыі, няўвага да фінансавага боку справы, захапленне арганізац.-мітынговымі метадамі кіравання, што ў 1924 прывяло яго амаль да краху. У сак. 1924 выбраны новы склад кіраўніцтва (старшыня праўлення С.Лысаў, старшыня савета Дз.Ф.Прышчэпаў, старшыня рэвіз. камісіі І.І.Валодзька), у маі 1925 прыняты новы статут, які вызначыў задачы: абарона працоўных інтарэсаў членаў саюза, забеспячэнне іх насеннем, с.-г. прыладамі і сыравінай, арганізацыя прадпрыемстваў па перапрацоўцы с.-г. прадукцыі, распрацоўка агракульт. мерапрыемстваў. Са станаўленнем нэпа ў бел. вёсцы пашырылася нізавая сетка с.-г. кааперацыі, умацавалася яе сац. база, развіваліся спец. віды с.-г. кааперацыі (малочная, садова-агародная, меліярацыйная). Аднак каап. ўстановы не былі пазбаўлены дзярж. кантролю і цалкам залежалі ад дзярж. крэдытаў. У 1928 са складу Белсельсаюза вылучаны Белкалгассаюз (гл.Беларускі цэнтральны саюз сельскагаспадарчых калектываў). Пасля ліквідацыі Белсельсаюза яго функцыі перададзены рэсп. галіновым саюзам с.-г. кааперацыі.
рэспубліканская кааператыўная арг-цыя ў 1928—32. Створаны ў Мінску на 2-м Усебел. з’ездзе калгасаў як Усебел. саюз с.-г. калектываў (Белкалгассаюз), у студз. 1930 перайменаваны ў Белкалгасцэнтр. Меў на мэце стварэнне, кіраўніцтва і арганізац.-гасп. абслугоўванне калгасаў. Яго органамі кіраўніцтва былі Усебел. з’езд с.-г. калектываў, савет і праўленне, якія выбіраліся з’ездам. Напачатку складаўся з сакратарыята і 4 аддзелаў (арганізац.-інструктарскі, планава-вытв., нарыхтоўчы і крэдытна-фін.), з 1930 з 7 аддзелаў. З перайменаваннем у Белкалгасцэнтр пашыраны і яго функцыі. Кантраляваў гасп. дзейнасць калектываў, перапрацоўку і збыт імі сваёй прадукцыі, культ.-масавую работу, распрацоўваў правілы ўнутр. распарадку, спагнанняў з калгасаў запазычанасці па збожжанарыхтоўках. Яго фінансаванне вялося з дзярж. бюджэту і не залежала ад вынікаў дзейнасці гаспадарак, якія ён аб’ядноўваў. Ва ўмовах цэнтралізаванага размеркавання крэдытаў, с.-г. тэхнікі і інш. сродкаў, недахопу кваліфікаваных спецыялістаў гэты фактар стаў прычынай поўнай залежнасці вытв. калектываў ад вышэйшых органаў. Апарат Белкалгассаюза і падпарадкаваныя яму акр. саюзы практыкавалі ўмяшанне і ў арганізац. і ў дробныя гасп. пытанні. На пач. 1930-х г., калі вёскі сталі калгаснымі і ўзмацнілася цэнтралізацыя, Белкалгасцэнтр стаў непатрэбным элементам адм.-загаднай сістэмы і ў кастр. 1932 ліквідаваны. Яго функцыі перададзены Наркамату земляробства БССР.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІЯ ВЕЧАРЫ́НКІ,
вечары бел. нацыянальнай культуры, якія праводзіліся з пач. 20 ст. да 1920-х г. на Беларусі і па-за яе межамі. Садзейнічалі прапагандзе бел. мастацтва, арг-цыі аматарскіх гурткоў, станаўленню бел.прафес.т-ра, разгортванню культ.-асв. работы, уздыму нац.-вызв. руху. Наладжваліся бел. творчай інтэлігенцыяй, студэнтамі, рамеснікамі, сялянамі ў Гродне, Полацку, Слуцку, Капылі, Дзісне, Давыд-Гарадку (Столінскі р-н), Радашковічах і Красным (Маладзечанскі р-н), Карэлічах, Празароках (Глыбоцкі р-н) і інш., а таксама ў Пецярбургу, Ніжнедняпроўску (Украіна), Сібіры і інш. мясцінах, дзе жылі беларусы. Праводзіліся па ініцыятыве Беларускага музычна-драматычнага гуртка ў Вільні, аматарскіх тэатр. калектываў у Мінску і Вільні (гл.Першая беларуская вечарынка). У Пецярбургу Беларускія вечарынкі праводзіў Бел.навук.-літ. гурток студэнтаў ун-та. У праграме Беларускіх вечарынак былі спектаклі («Паўлінка» Я.Купалы, «Модны шляхцюк» К.Каганца, «Міхалка» Далецкіх, «Па рэвізіі» і «Пашыліся ў дурні» М.Крапіўніцкага, «Пра шкоду тытуню» А.Чэхава, «Разумны і дурань» І.Карпенкі-Карага, «У зімовы вечар» і «Хам» паводле Э.Ажэшкі), харавыя і сольныя спевы, танцы, выступленні чытальнікаў. Беларускія вечарынкі былі папулярныя ва ўсёй Беларусі, іх традыцыі пакладзены ў аснову дзейнасціПершай беларускай трупы Ігната Буйніцкага. Форму вечарынак выкарыстоўвалі многія бел.тэатр. калектывы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМА́ДСКАЯ ДУ́МКА,
стан масавай свядомасці, які адлюстроўвае адносіны грамадства або яго часткі да з’яў і працэсаў сац.-паліт. і сац.-культ. рэчаіснасці, да дзейнасці пэўных асоб, груповак, арг-цый і г.д. Можа выступаць у экспрэсіўнай, кансультатыўнай і рэгулятыўнай функцыях; у залежнасці ад зместу выказванняў у ацэначных, аналітычных і канструктыўных меркаваннях. Грамадская думка рэгулюе паводзіны індывідаў, сац. груп, суполак, сац. ін-таў у грамадстве, выпрацоўвае пэўныя нормы грамадскіх паводзін; выяўленні нар. характару. Носьбітам (суб’ектам) грамадскай думкі можа выступаць грамадства ў цэлым, а таксама розныя сац. і паліт. групоўкі. Найб. актыўнымі каналамі фарміравання і выяўлення грамадскай думкі ў дэмакр. грамадстве з’яўляюцца сродкі масавай інфармацыі, сходы, мітынгі, маніфестацыі грамадзян, а таксама рэферэндумы, выбары органаў улады, сацыялагічныя апытанні насельніцтва. Навук. распрацоўка праблем грамадскай думкі пачалася ў 2-й пал. 19 ст.франц. сацыёлагам Г.Тардам, у 20 ст. — амер. сацыёлагамі А.Хоўэлам, У.Ліпманам і інш. У Беларусі тэндэнцыя развіцця грамадскай думкі даследуецца Ін-там сацыялогіі АН Беларусі, недзярж. арг-цыяй «Грамадская думка», інш. сацыяльнымі групамі.
Літ.:
Тард Г. Общественное мнение и толпа: Пер. с фр.М., 1902;
Тернер Дж. Структура социологической теории: Пер. с англ.М., 1985;
Горшков М.К. Общественное мнение: История и современность. М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАМУ́ЛКА ((Gomułka) Уладзіслаў) (6.2.1905, г. Кросна, Польшча — 1.9.1982),
польскі дзярж. і паліт. дзеяч. У 1922—32 удзельнік прафс. руху. З 1926 чл.камуніст. партыі Польшчы. У 1934—35 вучыўся ў Міжнар. Ленінскай школе ў Маскве, пасля на парт. рабоце ў Польшчы. У 1936 арыштаваны і зняволены ў турму. Пасля акупацыі Польшчы ням.-фаш. войскамі з 1939 у Львове. У 1942 вярнуўся ў Польшчу, прымаў удзел у стварэнні Польскай рабочай партыі (ПРП), быў сакратаром Варшаўскага к-та ПРП. У 1943—48 ген. сакратар ЦК ПРП, ініцыятар стварэння Краёвай рады нарадовай. З 1945 віцэ-прэм’ер, адначасова міністр вернутых зямель. У 1948 абвінавачаны ў «праванацыяналістычным ухіле», зняты з усіх пасад, у 1951 арыштаваны. У 1956 рэабілітаваны, абраны першым сакратаром ЦК ПАРП. Першапачаткова карыстаўся значнай падтрымкай у грамадстве; праводзіў палітыку памяркоўных паліт. і эканам. рэформаў, паступова іх абмяжоўваючы. Апошнія гады яго кіраўніцтва партыяй характарызаваліся абвастрэннем сац., эканам. і паліт. сітуацыі ў краіне (у сак. 1968 у Варшаве і Кракаве разагнаны студэнцкія дэманстрацыі, у жн. 1968 часці Войска Польскага ў складзе краін — удзельніц Варшаўскага дагавора ўступілі ў Чэхаславакію, у снеж. 1970 сілай падаўлены рабочыя выступленні на Балт. узбярэжжы і інш.). У снеж. 1970 падаў у адстаўку і адышоў ад паліт.дзейнасці. Аўтар «Дзённікаў» (т. 1—2, 1994).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАНДЛЁВАЯ ПАЛА́ТА,
незалежная грамадская арг-цыя, якая спрыяе развіццю гандл.-эканам. і навук.-тэхн. сувязей паміж рознымі краінамі. У развітых краінах Гандлёвая палата з’яўляецца адной з формаў аб’яднання гандл.-прамысл. колаў, займаецца высвятленнем кан’юнктуры ў гандлі і прам-сці, пошукам рынкаў збыту і інш. Паводле прававога становішча гандлёвыя палаты могуць быць прыватнымі асацыяцыямі, што ўтвараюцца на аснове добраахвотнага членства (т.зв. прыватна-прававыя), або дзярж. арг-цыямі (т.зв. публічна-прававыя). Першая Міжнар. Гандлёвая палата (Парыж) засн. ў 1920 як міжнар. няўрадавая арг-цыя, што аб’ядноўвае дзелавыя колы і асобныя фірмы многіх краін. Асн. яе задача — садзейнічанне паляпшэнню ўмоў гандлю паміж рознымі краінамі і вырашэнню міжнар.эканам. праблем. Існуюць нац. і змешаныя (2 краіны) гандлёвыя палаты.
На Беларусі Гандлёвая палата створана ў 1972 на базе Аддз. Усесаюзнай Гандл.-прамысл. палаты СССР. У 1991 — Гандлёвая палата БССР, з 1994 — Бел.гандл.-прамысл. палата. Асн. кірункі дзейнасці: расшырэнне гандл.-эканам. сувязей з замежнымі дзяржавамі; арганізацыя і правядзенне выставак; пошук партнёраў для дзелавога супрацоўніцтва; аперацыі па патэнтаванні вынаходстваў; экспертыза тавараў, выдача сертыфікатаў аб іх паходжанні, распрацоўка і рэгістрацыя таварных знакаў; падрыхтоўка кадраў па знешнеэканам. зносінах і менеджменту і інш. Мае 6 абл. аддзяленняў і выставачны комплекс «Мінскэкспа». На пач. 1995 яе членамі былі больш за 800 прадпрыемстваў і арг-цый.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБРУ́ДЖВАННЕ АТМАСФЕ́РЫ,
працэс змены складу атмасферы ў выніку паступлення ў яе забруджвальнікаў (аэразолей, газаў, цвёрдых часцінак і інш.). Негатыўна ўздзейнічае на жывыя арганізмы, прыносіць шкоду матэрыяльным каштоўнасцям. Адрозніваюць прыроднае (натуральнае) З.а. і забруджванне антрапагеннае. Крыніцы натуральнага З.а. — касмічны пыл, дзейнасць вулканаў, ветравая эрозія глебы, выветрыванне горных парод, зрэдку масавае цвіценне раслін і інш. У атмасферы дамешкі размяркоўваюцца нераўнамерна, у залежнасці ад размяшчэння крыніц забруджвання, метэаралагічных, тапаграфічных і інш. фактараў; маюць значэнне і мясц.атм. працэсы і трансгранічны перанос забруджвальнікаў. Антрапагеннае З.а. абумоўлена інтэнсіўнымі выкідамі і фіз. ўздзеяннямі на атмасферу розных галін гасп.дзейнасці чалавека; асн. забруджвальнікі: аксіды азоту, серы, вугляроду і інш. газападобныя злучэнні, пыл, аэразолі, вуглевадароды. Штогод у атмасферу выкідваецца каля 20 млрд.т вуглякіслага газу CO2, 700 млн.тінш. злучэнняў; тэхнагеннае паступленне CO2 складае каля 150 млн.т.
Канцэнтрацыя забруджвальнікаў паветра ў гарадах большая, чым у аддаленых населеных месцах. Непасрэдна з З.а. звязана ўзнікненне смогу ў буйных гарадах. Да асн. крытэрыяў якасці паветра належаць гранічна дапушчальныя канцэнтрацыі для населеных месцаў (стандарты якасці паветра). Для аздараўлення павет. басейна ўдасканальваюць тэхналогіі вытв. працэсаў, спосабы газаачысткі, пыла- і попелаўлоўнікаў, герметызацыю абсталявання, удасканальваюць спосабы спальвання паліва, цвёрдае і вадкае паліва замяняюць прыродным газам, ствараюць больш дасканалыя трансп. рухавікі і інш. Барацьба з З.а. — вядучая задача аховы атмасферы.