АДАПТЫ́ЎНАЯ РАДЫЯ́ЦЫЯ,

тып эвалюцыі, пры якім ад адной продкавай формы ўтвараецца мноства разнастайных формаў арганізмаў у межах віду або групы роднасных відаў. Ляжыць у аснове адаптацыягенезу і з’яўляецца вынікам набыцця арганізмам прыстасаванасці (гл. Адаптацыя ў біялогіі) і пранікнення ў новыя адаптыўныя зоны. Праяўляецца ў разнастайнасці падпарадкаваных таксанамічных груп у межах кожнага буйнога таксона (напр., розныя віды грызуноў — вавёркі, суслікі, бабры, сям. драпежных млекакормячых і інш.). Канцэпцыя адаптыўнай радыяцыі сфармулявана амер. вучоным Г.​Осбарнам у сувязі з эвалюцыяй млекакормячых (1910).

Осбарн адрозніваў 5 гал. ліній спецыялізацыі ў будове канечнасцяў млекакормячых, залежных ад умоў месцазнаходжання і спосабаў перамяшчэння: хуткі бег у наземных відаў; рыючы лад жыцця ў відаў, якія жывуць пад зямлёй; плаванне ў відаў, што жывуць у вадзе; лажанне ў дрэвавых відаў; планіраванне і палёт у відаў, жыццё якіх праходзіць у паветры. Асн. крыніца адаптыўнай радыяцыі — унутрывідавыя працэсы (генетычная разнастайнасць відавых папуляцый, дыферэнцыроўка віду на геагр. і экалагічныя расы і інш.). Наяўнасць у продкавага арганізма якой-небудзь структуры або фізіял. функцыі, што ў вельмі мадыфікаванай форме ёсць у больш высокаразвітых роднасных арганізмаў, сведчыць пра іх агульнае паходжанне і складае аснову эвалюц. тэорыі (гл. Філагенез).

А.​С.​Леанцюк.

Адаптыўная радыяцыя плацэнтарных млекакормячых, якія маюць агульнага продка (у цэнтры).

т. 1, с. 95

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДВЕНТЫ́СТЫ (ад лац. adventus прышэсце),

паслядоўнікі хрысціянскай плыні ў пратэстантызме.

Вучэнне адвентызму ўзнікла ў 1830-я г. ў ЗША заснавальнік У.​Мілер. Прапаведуюць блізкасць 2-га прышэсця Хрыста і ўстанаўлення на Зямлі 1000-гадовага царства Божага, уваскрэсенне мёртвых, пекла для грэшнікаў. Прызнаюць абрады водахрышчэння, прычашчэння, узаемнага абмывання ног. Абавязковай прызнаюць плату ​1/10 часткі даходаў на карысць абшчыны, місіянерскую дзейнасць. Мае некалькі галін: адвентысты першага дня, сёмага дня (найб. пашыраны), рэфармісты і інш.

Групы абшчын адвентысты утвараюць злучэнні, з якіх складаюцца уніёны (саюзы), дывізіёны. У дывізіён уваходзяць адвентысты некалькіх дзяржаў (напр., у б. СССР адвентысты складалі 1 дывізіён). Цэнтр адвентыстаў знаходзіцца ў Вашынгтоне. Усяго ў свеце каля 3 млн. адвентыстаў, з іх 1 млн. адвентыстаў сёмага дня. Адвентызм належыць да таталітарных культаў, уплывае на свядомасць, пачуцці і паводзіны веруючых, якія знаходзяцца ў трывожным чаканні «канца свету». На Беларусі адвентысты з’явіліся ў 1920-я г. ў зах. рэгіёнах. Першым місіянерам на Палессі быў М.​Даўгун (у 1921 вярнуўся з заробкаў з ЗША), актыўную дзейнасць вялі прыезджыя місіянеры. У 1925 у Столінскім р-не створана першая абшчына. У 1973 на Беларусі было каля 300 адвентыстаў, у 1988 іх колькасць падвоілася. На 1995 існавала больш за 20 абшчын, з іх 10 на Брэстчыне.

К.​С.​Пракошына.

т. 1, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЗО́Т (лац. Nitrogenium),

N, хім. элемент V групы перыяд, сістэмы, ат. н. 7, ат. м. 14,0067. Прыродны азот складаецца з ізатопаў ​14N (99,635%) і ​15N (0,365%); ёсць у свабодным стане (N2) у атмасферы (75,6%), у звязаным у літасферы (1,9∙10​−3 % па масе), у жывых арганізмах жывёл і чалавека (складае 16—17% іх бялку) і раслінах. Азот чацвёрты па распаўсюджанасці элемент Сонечнай сістэмы (пасля вадароду, гелію, кіслароду). Адкрыты ў 1772 Д.Рэзерфардам. Газ без колеру і паху, tкіп -195,80 °C, шчыльн. вадкага азоту 0,808 103 кг/м³. Малекула двухатамная, пры звычайных умовах хімічна інертная, пры т-ры 400—500 °C узаемадзейнічае са шчолачнымі і шчолачна-зямельнымі металамі, у прысутнасці каталізатараў — з кіслародам (гл. Азоту аксіды), пры павышаным ціску — з вадародам (гл. Аміяк, Гідразін і інш.). Пры эл. разрадах, раскладанні нітрыдаў некаторых металаў утвараецца актыўны азот (сумесь малекул і атамаў), які энергічна ўзаемадзейнічае з кіслародам, вадародам, парай серы і фосфару, некат. металамі. Атрымліваюць пры рэктыфікацыі паветра (гл. Газаў раздзяленне). Выкарыстоўваецца для сінтэзу аміяку, як інертнае асяроддзе пры хім. і металург. працэсах, пры перапампоўванні гаручых вадкасцяў, у розных халадзільных і вакуумных устаноўках, зварцы металаў. Азот — біягенны элемент, уваходзіць у састаў бялкоў і нуклеінавых кіслот, а таксама многіх арган. злучэнняў (аміны, амінакіслоты, нітразлучэнні і інш.).

т. 1, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТРЫБУ́ЦЫЯ,

1) устанаўленне аўтарства непадпісанага або псеўданімнага літ., навук., маст. твора, вызначэнне яго прыналежнасці да пэўнага гіст. часу, нац. школы; адна з важных праблем тэксталогіі і мастацтвазнаўства. У літаратуразнаўстве вял. роля адводзіцца атрыбуцыі помнікаў стараж. пісьменства, якія распаўсюджваліся пераважна ананімна, і атрыбуцыі твораў бесцэнзурнай л-ры. Для бел. літ.-знаўства атрыбуцыя мае асаблівае значэнне ў сувязі са спецыфічнымі ўмовамі развіцця л-ры ў дасав. перыяд (афіцыйная забарона друкавання кніг на бел. мове, малалікасць нац. перыёдыкі, рукапіснае і вуснае бытаванне многіх твораў ці ананімнасць выданняў). Асн. кірункі навук. атрыбуцыі: аналіз дакумент. матэрыялаў (аўтографаў, перапіскі, дзённікаў, мемуараў аўтара і яго сучаснікаў); супастаўленне ідэйна-вобразнага зместу твора з ідэйнай пазіцыяй магчымага аўтара; аналіз мовы і стылю тэксту. Побач з тэрмінам «атрыбуцыя» ў навуцы карыстаюцца таксама тэрмінам эўрыстыка.

М.​І.​Мушынскі.

2) У археалогіі атрыбуцыя — выяўленне асноўных, істотных, вызначальных уласцівасцяў, прыкмет аб’екта даследавання, без якіх ён траціць сэнсавую нагрузку. Пры археал. і гіст. даследаваннях атрыбуцыю праводзяць з дапамогай параўнальна-гістарычнага, параўнальна-тыпалагічнага і інш. метадаў. Высвятленне атрыбутыўных рысаў патрабуе гіст. падыходу. У археалогіі выкарыстоўваецца атрыбуцыя стараж. рэчаў, археал. помнікаў, комплексаў, культур. Найвышэйшай ступені дасягае атрыбуцыя этнічнай прыналежнасці гіст. помнікаў, калі археал. крыніцы ператвараюцца ў гіст. факты і з’яўляецца магчымасць вывучаць гісторыю пэўнага этнасу (племянной групы, народнасці, нацыі).

т. 2, с. 79

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАСТО́ЦКАЯ АБЛАСНА́Я АНТЫФАШЫ́СЦКАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ ў Вялікую Айчынную вайну.

Дзейнічала з ліст. 1943 да ліп. 1944 на тэр. Беластоцкай вобл. на чале з абл. антыфаш. к-там. Першыя антыфаш. арг-цыі і групы ўзніклі ў 1941—42 пераважна ў тых нас. пунктах, у якіх у Зах. Беларусі быў развіты рэв. і нац.-вызв. рух пад кіраўніцтвам КПЗБ. Значную ролю ў фарміраванні сеткі антыфаш. руху ў Беластоцкай вобл. адыграў Брэсцкі міжраённы «Камітэт барацьбы з нямецкімі акупантамі». У ліст. 1943 Беластоцкі падп. абком КП(б)Б стварыў абл. антыфаш. к-т на чале з Д.К.Сукачовым. Да мая 1944 абл. арг-цыя аб’ядноўвала 86 арг-цый і груп (639 чал.), у т. л. Беластоцкую гар., Бельскую, Бранскую, Ваўкавыскую, Гродзенскую, Заблудаўскую, Крынкаўскую, Лапскую, Свіслацкую, Скідзельскую, Снядаўскую, Саколкаўскую раённыя антыфаш. арг-цыі. Падпольшчыкі вялі паліт. агітацыю сярод насельніцтва, распаўсюджвалі лістоўкі, зводкі Саўінфармбюро, падтрымлівалі цесную сувязь з партызанамі, перадавалі ім зброю, медыкаменты, харч. прадукты і інш., удзельнічалі ў стварэнні скрытага партыз. рэзерву (больш за 3 тыс. чал.). Яны спалілі ў Беластоку тэкст. ф-ку, у Гродне ўзарвалі 2 вагоны з авіябомбамі, пусцілі пад адхон некалькі эшалонаў, сістэматычна парушалі тэлеф.-тэлегр. сувязь ворага, вялі разведку, нападалі на гарнізоны і апорныя пункты акупантаў.

Л.​В.​Аржаева, П.​П.​Ліпіла.

т. 3, с. 70

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГА́ФНІЙ (лац. Hafnium),

Hf, хімічны элемент IV групы перыядычнай сістэмы, ат. н. 72, ат. м. 178,49. Складаецца з 6 ізатопаў з масавымі лікамі 174, 176—180. Належыць да рассеяных элементаў, у зямной кары знаходзіцца (3—4)∙10​−4% па масе. Адкрыты ў 1923 венг. хімікам Дз.Хевешы і нідэрл. фізікам Дз.​Костэрам, названы па месцы адкрыцця — г. Капенгаген.

Бліскучы серабрыста-шэры пластычны метал, існуе ў 2 крышт. мадыфікацыях: гексаганальнай α-Hf і кубічнай β-Hf (вышэй за 1740 °C). Шчыльн 13 350 кг/м³, tпл каля 2230 °C. Кампактны гафній устойлівы ў паветры, парашкападобны пірафорны (гл. Пірафорныя рэчывы). Па хім. уласцівасцях падобны да цырконію. Пры т-ры вышэй за 700 °C з кіслародам утварае дыаксід HfO2, (белыя крышталі, tпл 2780 °C), пры 200—400 °C з галагенамі — тэтрагалагеніды (напр., тэтрахларыд HfCl4 — бясколерныя крышталі, т-ра вазгонкі 315 °C), пры высокіх т-рах з азотам, борам, крэмніем, вугляродам — металападобныя тугаплаўкія злучэнні (напр., нітрыд HfN — залаціста-жоўтыя крышталі, tпл 3310 °C). Злучэнні гафнію атрымліваюць пры вытв-сці цырконію з руднай сыравіны, метал. гафнію — аднаўленнем HfCl4 магніем ці кальцыем. Выкарыстоўваюць як матэрыял для рэгулюючых стрыжняў і аховы ядз. рэактараў, кампанент гарачатрывалых і тугаплаўкіх сплаваў у авіяцыі і ракетнай тэхніцы.

І.​В.​Боднар.

т. 5, с. 93

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГУ́МА (ад лац. gummi камедзь),

рызіна, вулканізат, эластычны матэрыял, які атрымліваюць вулканізацыяй каўчуку. Найважнейшая ўласцівасць гумы — высокаэластычнасць: здольнасць без значных астаткавых дэфармацый вытрымліваць шматразовыя расцяжэнні на 500—1000% у шырокім інтэрвале тэмператур.

Атрымліваюць гуму пераважна вулканізацыяй кампазітаў (гумавых сумесей), аснову якіх (звычайна 20—60% па масе) складаюць каўчукі (гл. Каўчук натуральны, Каўчукі сінтэтычныя). У састаў сумесей уваходзяць таксама вулканізуючыя агенты, напаўняльнікі, пластыфікатары, стабілізатары і інш. інгрэдыенты мэтавага прызначэння, агульная колькасць якіх можа дасягаць 15—20. Выбар каўчуку і склад гумавай сумесі абумоўлены прызначэннем, умовамі эксплуатацыі і тэхн. патрабаваннямі да вырабаў, тэхналогіяй вытв-сці. Паводле прызначэння і ўмоў эксплуатацыі адрозніваюць наступныя асн. групы: агульнага прызначэння (выкарыстоўваюць пры т-рах ад -50 да 150 °C); цеплаўстойлівую (для працяглай эксплуатацыі пры 150 — 200 °C); марозаўстойлівую (выкарыстоўваюць пры т-рах ніжэй за -50 °C); маслабензаўстойлівую; устойлівую да ўздзеяння агрэсіўных хім. рэчываў (кіслот, шчолачаў, азону); дыэлектрычную; электраправодную; магнітную; вогнеўстойлівую; радыяцыйнаўстойлівую; вакуумную; фрыкцыйную, харч. і мед. прызначэння і інш. Атрымліваюць таксама сітаватую гуму, гуму каляровую і празрыстую. Выкарыстоўваюць у тэхніцы, сельскай гаспадарцы, буд-ве, медыцыне, побыце. Асартымент гумавых вырабаў налічвае больш за 70 тыс. найменняў. Больш за палавіну аб’ёму вырабленай гумы выкарыстоўваюць у вытв-сці шын.

Літ.:

Федюкин Д.Л., Махлис Ф.А. Технические и технологические свойства резин. М., 1985.

Я.​І.​Шчарбіна.

т. 5, с. 529

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІ́НА,

пластычная асадкавая горная парода, якая складаецца пераважна з тонкадысперсных (менш за 0,01 мм) гліністых мінералаў (каалініт, мантмарыланіт, монатэрміт, галуазіт, гідраслюды і інш.). Як прымесі трапляюцца кварц, палявыя шпаты, кальцыт, аксіды жалеза, калоідныя рэчывы, арган. злучэнні і інш. Пры высыханні гліна захоўвае нададзеную ёй форму, а пасля абпальвання набывае цвёрдасць каменю. Разам з гліністымі сланцамі гліну ўтвараюць каля 50% парод асадкавай абалонкі Зямлі. Гал. хім. кампаненты гліны: крэменязём SiO2 (30—70%), гліназём Al2O3 (10—40%), вада H2O (5—10%).

Гліну адрозніваюць паводле саставу, паходжання, афарбоўкі, практычнай значнасці. Па генезісе вылучаюць гліны астаткавыя, якія ўзніклі ў выніку намнажэння на месцы гліністых прадуктаў выветрывання інш. парод, і асадкавыя, што ўтварыліся пры пераадкладанні. Часцей гліны з’яўляюцца сумессю трох ці больш мінералаў (полімінеральныя). Калі адзін з мінералаў пераважае, гліну называюць адпаведна: каалінітавыя, мантмарыланітавыя і г.д. У прамысл. адносінах вылучаюць 4 групы: легкаплаўкія; вогнетрывалыя і тугаплаўкія; кааліны; адсарбцыйныя (высокадысперсныя мантмарыланітавыя).

На Беларусі гліны трапляюцца ў адкладах усіх геал. сістэм. Мінеральна-сыравінная база рэспублікі ўключае 212 радовішчаў легкаплаўкіх, 6 — тугаплаўкіх глін, 9 радовішчаў гліністай сыравіны для вытв-сці аглапарыту, керамзіту і інш., а таксама радовішчы кааліну. Гліна выкарыстоўваецца ў вытв-сці цэглы, дрэнажных і каналізацыйных труб, вяжучых матэрыялаў, адсарбентаў, фармовачных сумесей, папяровай, гумавай і інш. галінах прам-сці.

У.​Я.​Бардон.

т. 5, с. 296

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕШТАЛЬТПСІХАЛО́ГІЯ (ад ням. Gestalt форма, цэласнасць + псіхалогія),

кірунак зах. псіхалогіі, які ўзнік у Германіі ў 1-й трэці 20 ст. і прытрымліваўся прынцыпу цэласнасці пры аналізе складаных псіх. працэсаў. Першаснымі, асн. элементамі псіхікі гештальтпсіхалогія лічыць своеасаблівыя цэласныя структуры, вобразы (гештальты), абапіраючыся на ўяўленні аб «гештальтякасці» як уласцівасці цэлага, якое захоўваецца пры змяненні асобных яго частак (напр., мелодыя, што прайграецца ў розных танальнасцях і інш.). Паводле гештальтпсіхалогіі, аналіз частак не можа прывесці да разумення цэлага, паколькі цэлае вызначаецца не сумай, а ўзаемадзеяннем і ўзаемазалежнасцю яго асобных частак. Заснавальнікамі і гал. прадстаўнікамі гештальтпсіхалогіі з’яўляюцца М.​Вертгаймер, В.​Кёлер, К.​Кофка, К.​Дункер, К.​Левін і інш. Напачатку гештальтпсіхалогія склалася на аснове даследавання зрокавага ўспрымання, потым пашырыла свае ідэі на вывучэнне мыслення, памяці, псіхалогіі развіцця асобы і сац. групы, на даследаванне фіз., фізіял. і нават эканам. праблем. Гештальтпсіхалогія ўнесла ў псіхал. навуку структурны прынцып, а гэта, паводле рас. псіхолага Л.Выгоцкага, «вялікая непахісная заваёва тэарэтычнай думкі».

Літ.:

Коффка К. Основы психического развития: Пер. с нем. М.; Л., 1934;

Вертгеймер М. Продуктивное мышление: Пер. с нем. М., 1987;

Гештальт’94: Сб. материалов Моск. Гештальтин-та за 1994 г. Мн., 1995;

Köhler W. Gestalt-psychology. New York, 1929;

Koffka K. Principles of gestalt psychology. New York, 1935.

Э.​С.​Дубянецкі.

т. 5, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́ЛАТА (Aurum),

Au, хімічны элемент I групы перыяд. сістэмы, ат. н. 79, ат. м. 196,9665, адносіцца да высакародных металаў. У прыродзе 1 стабільны ізатоп ​197Au. У зямной кары 4,3∙10​−7% па масе. Гал. з мінералаў — золата самароднае. Вядома з глыбокай старажытнасці.

Жоўты мяккі і вельмі пластычны метал, tпл 1064,4 °C, tкіп 2880 °C, шчыльн. 19320 кг/м³. Хімічна даволі інертнае, устойлівае ў паветры і вадзе; з кіслародам, азотам, вадародам, вугляродам непасрэдна не ўзаемадзейнічае. Узаемадзейнічае з галагенамі пры награванні (напр., з хлорам пры 250 °C утварае хларыд AuCl3 — рубінава-чырвонае крышт. рэчыва, раскладаецца пры t>254 °C); гарачай селенавай к-той; сумесямі кіслот сернай і азотнай, азотнай і салянай (царская гарэлка); воднымі растворамі цыянідаў у прысутнасці кіслароду (гл. Цыяніраванне). Лёгка ўтварае амальгаму, на гэтым заснаваны адзін з метадаў вылучэння з горных парод (гл. Амальгамацыя). Дае з інш. металамі (медзь, серабро, плаціна) сплавы, больш трывалыя і цвёрдыя за З. чыстае. Выкарыстоўваюць З. і яго сплавы ў электроннай прам-сці (кантакты); у вытв-сці хімічна ўстойлівай апаратуры, прыпояў, каталізатараў, гадзіннікаў; для залачэння, афарбоўкі шкла; для вырабу зубных пратэзаў, ювелірных вырабаў, манет, медалёў (колькасць З. ў іх паказвае проба; гл. Проба высакародных металаў).

Літ.:

Баукова Т.В., Леменовский Д.А. Золото в химии и медицине. М., 1991.

І.​В.​Боднар.

т. 7, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)