БА́КЕН, бакан (галанд. baken),

плаваючы навігацыйны знак для абазначэння фарватараў або небяспечных месцаў на рэках, каналах і марскіх шляхах. Бываюць святлівыя, несвятлівыя ці з святлоадбівальным пакрыццём; робяць з дрэва або металу (канічнай, цыліндрычнай ці шарападобнай формы) і замацоўваюць на якары. Асвятленне на бакене пераважна электрычнае. Часам абсталёўваецца гукавым сігнальным прыстасаваннем.

т. 2, с. 229

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЛАНДЫ́СТЫ,

навуковае таварыства бельгійскіх езуітаў, што рэдагуе і выдае жыціі святых каталіцкай царквы. Засн. ў Антверпене Ж.​Боландам, які ў 1643 пачаў выдаваць «Жыціі святых» (Acta Sanctorum; да 1942 выйшла 67 т.). Выдаюць таксама штоквартальнік Analekta bollandiana (з 1882) і бюлетэнь бягучых агіяграфічных выданняў (з 1886). Цэнтр т-ва ў Бруселі.

т. 2, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАДО́ЎСКІ (Васіль Андрэевіч) (4.3.1874, с. Беражняны Смаленскай вобласці — 10.2.1914),

расійскі радыехімік. Скончыў Юр’еўскі (Тартускі) ун-т (1902). З 1903 працаваў там жа. З 1912 у Галоўнай палаце мер і вагі ў Пецярбургу. Сфармуляваў «закон Барадоўскага», які дазваляе вызначыць ат. масы элементаў-ізатопаў. Даследаваў радыяц. астаткі ферганскіх рудаў, знайшоў у іх радый.

т. 2, с. 290

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНГІЯТЭНЗІ́Н, ангіятанін, гіпертэнзін,

біялагічна актыўнае рэчыва, што павышае крывяны ціск. Поліпептыд, складаецца з некалькіх амінакіслот, утвараецца з ангіятэнзінагену, які намнажаецца ў крывяной плазме пры недастатковым забеспячэнні нырак крывёю; састаўная частка рэнін-ангіятэнзінавай сістэмы, што ўдзельнічае ў рэгуляванні тонусу сасудаў. Сінтэзаваны біял. актыўныя аналагі натуральнага ангіятэнзіну, якія выкарыстоўваюцца як лек. сродкі.

т. 1, с. 344

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНЕМО́ГРАФ (ад анема... + ...граф),

анемарумбограф, прылада для бесперапыннага аўтам. запісу скорасці і напрамку (румбу) ветру. Адрозніваюць тыпы: чашачны анемограф (прыёмная частка як у анемометра; запісвае скорасць ветру з дакладнасцю 0,5—1 м/с. Анемограф манаметрычны (рэгіструе парывы ветру з дакладнасцю 0,3—0,5 м/с). Найб. дакладны анемограф аб’ядноўвае чашачны і манаметрычны.

т. 1, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНХАЦЭРКО́ЗЫ,

гельмінтозныя хваробы буйн. раг. жывёлы, коней, вярблюдаў, козаў, зрэдку чалавека, якія выклікаюцца нематодамі з роду анхацэрка. Пры анхацэркозах назіраюцца пухліны з гноем, намулы, дэрматыты, кульгавасць і інш. Заражэнне адбываецца на забалочанай пашы і каля вады. Лячэнне растворам Люголя, хірургічнае.

Да арт. Анхацэркозы: 1 — фрагмент цела анхацэркі; 2 — інвазійная лічынка.

т. 1, с. 408

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АНЦІ́П’ЕЎ (Яфімка) (Анціпін Яфрэмка),

разьбяр па дрэве 2-й пал. 17 ст. Родам з Беларусі. Працаваў у Аружэйнай палаце Маскоўскага Крамля. Вучань Іпаліта, пад кіраўніцтвам якога ўпрыгожваў (разам з Л.​Юр’евым і Д.​Грыгор’евым) царскую карэту «разнымі вуглавымі слупкамі» і гербамі; рабіў іканастасы, куфры, рызніцы, цацкі для царэвічаў і інш.

т. 1, с. 409

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПАФІ́ТЫ [ад апа... + ...фіт(ы)],

абарыгенныя расліны, якія з прыродных лясных, лугавых, балотных і інш. згуртаванняў перайшлі на тэрыторыі, звязаныя з гасп. дзейнасцю чалавека (палі, падвор’і, месцы здабычы карысных выкапняў і інш.). У новых месцах апафіты — пустазелле. На Беларусі да апафітаў належаць блюшчык плюшчападобны, крапіва двухдомная, купкоўка зборная, снітка звычайная, чальчак вербалісты і інш.

т. 1, с. 420

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАЯЗІ́Д I Маланкавы

(Bayezid I Yildirim; 1354? — 8.3.1403),

турэцкі султан у 1389—1402. З дынастыі Асманаў. Захапіў вял. тэрыторыі на Балканах і ў Малой Азіі. Войскі Баязіда ў 1394—1401 неаднаразова асаджалі Канстанцінопаль. У бітве з Цімурам каля Анкары (гл. Анкарская бітва 1402) разбіты і ўзяты ў палон, дзе і памёр.

т. 2, с. 368

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯТЫ́П (ад бія... + тып),

1) сукупнасць асобін у складзе папуляцыі (унутрыпапуляцыйная групоўка) з падобным генатыпам. У 1920—30-я г. Біятып разглядаўся як самая дробная таксанамічная катэгорыя, з якой складаецца від (гл. Экатып). Зрэдку да біятыпу адносяць групу асобін, падобных фенатыпічна, але не абавязкова генетычна ідэнтычных.

2) Тое, што жыццёвая форма.

т. 3, с. 179

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)