МІ́НСКІ ЦЫРК, Мінскі дзяржаўны цырк Беларусі. Пабудаваны ў 1959 (арх. В.Жукаў) на перакрыжаванні водна-зялёнага дыяметра горада (р. Свіслач і зялёная зона ўздоўж яе поймы) і праспекта Скарыны. Адыгрывае важную кампазіцыйную ролю ў фарміраванні сістэмы ансамбляў цэнтра Мінска. Трохпавярховы аб’ём, у якім выкарыстаны формы і дэкор класічнай спадчыны, накрыты сферычным купалам. Гал. ўваход вылучаны шматкалонным порцікам карынфскага ордэра. Па перыметры будынка пілястры. Глядзельная зала мае арэну (дыяметр 13 м), 1668 месцаў, размешчаных амфітэатрам. Вакол відовішчнай часткі фае, гардэробы, памяшканні для артыстаў і абслуговага персаналу, залы для рэпетыцый, спец. памяшканні для жывёлы і інш. У 1959—74 працаваў Беларускі цыркавы калектыў. У М.ц. няма сталай трупы. У праграмах М.ц. ўдзельнічаюць замежныя цыркавыя калектывы, у т. л. СНД.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГЕЛА́Н, Магальяінш (партуг. Magalhães, ісп. Magallanes) Фернан (каля 1480, г. Саброза, Партугалія — 27.4.1521), партугальскі мараплавец, экспедыцыя якога ажыццявіла першае кругасветнае плаванне. У 1519—21 узначаліў іспанскую экспедыцыю (5 суднаў, 265 чал.) у пошуках зах. шляху да Малукскіх а-воў. Абследаваны паўд. берагі Паўд. Амерыкі, адкрыты праліў паміж Вогненнаю Зямлёю і мацерыком (гл.Магеланаў праліў), 3 астравы з групы Марыянскіх (у т. л.в-аў Гуам), перасечаны Ціхі ак. (1520, назву далі спадарожнікі М.). Экспедыцыя М. назірала зорныя сістэмы (гл.Магеланавы Воблакі) і сузор’е Паўд. Крыж; даказала шарападобнасць Зямлі, наяўнасць Сусветнага ак., атрымала ўяўленне пра памеры Зямлі. М. забіты ў сутычцы з мясц. насельніцтвам в-ва Мактан (Філіпінскія а-вы). У Іспанію вярнуўся адзін карабель пад кіраўніцтвам Х.С.Элькана.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАКІЯВЕЛІ́ЗМ,
філасофія прыхільнікаў тэарэт. спадчыны Н.Макіявелі. Тэрмін вядомы з 16 ст. (Т.Кампанела і інш.), азначаў палітыку, якая пагарджае законамі маралі. Ахоплівае асобныя палажэнні вучэння Макіявелі, іх інтэрпрэтацыі, увасабленні і распрацоўкі ў творах вучоных з улікам запатрабаванняў дзярж. палітыкі, а таксама ідэйныя абгрунтаванні пэўнай сістэмы прыёмаў і метадаў рэалізацыі гэтай палітыкі. Ідэйны змест М. раскрываецца ў яго асн. палажэннях: аб недасканаласці чалавечай прыроды, што мае вырашальны ўплыў на паліт. жыццё грамадства; вяршэнстве дзяржавы і яе інтарэсаў адносна грамадзян і іх правоў; аб гал. ролі фактару сілы ў палітыцы і звядзенні яе да барацьбы за ўладу; аб падзеле палітыкі і маралі, што выражаецца ў формуле «дасягненне мэты апраўдвае любыя сродкі».
Літ.:
Степанов И.А. Макиавеллизм и политическая мысль США. Мн., 1982.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕЛ, крэйда,
асадкавая горная парода, мяккі белы вапняк, складзены пераважна з карбанатных (CaCO3 90—98%) арг. рэшткаў (какалітафарыдаў, фарамініфер, абломкаў ракавін інацэрамаў і інш.) і нерастваральных у кіслаце мінералаў. М. намнажаўся ў познамелавых эпікантынентальных басейнах пераважна на глыб. 150—200 м (Дняпроўска-Данецкая ўпадзіна), да 400—500 м. Трапляецца ў адкладах мелавой сістэмы (перыяду). Выкарыстоўваецца ў вапнавай, цэментнай, шкляной, цукр., гумавай, папяровай, парфумернай, металургічнай, хім. прам-сці, у сельскай гаспадарцы і інш. На 1.1.1999 у баланс Рэспублікі Беларусь уключаны 32 радовішчы М., з разведанымі прамысл. запасамі — 207,6 мн. т (для вапны) і 360,6 млн.т (для цэменту). На базе радовішчаў М. працуюць Бярозаўскі камбінат сілікатных вырабаў (буд. вапна), «Ваўкавыскцэментнашыфер», Клімавіцкі камбінат будаўнічых матэрыялаў, «Крычаўцэментнашыфер».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ЛЬНІК (Уладзімір Андрэевіч) (н. 15.5.1945, в. Ляды Старадарожскага р-на Мінскай вобл.),
бел. філосаф і палітолаг. Канд.філас.н. (1979), праф. (1996). Віцэ-прэзідэнт Беларускай асацыяцыі паліт. навук (з 1993). Скончыў БДУ (1969). З 1980 у Акадэміі МУС Беларусі (з 1995 нач. кафедры). Навук. працы па праблемах фарміравання дзярж. ідэалогіі, станаўлення і развіцця паліт.сістэмы, удасканалення механізма дзярж. улады, ўнутр. і знешняй палітыкі Беларусі. Аўтар падручнікаў па паліталогіі.
Тв.:
Мировоззренческая культура личности сотрудника органов внутренних дел и пути ее формирования. Мн., 1992 (у сааўт.). Основы политологии. Мн., 1992;
Об идеологии белорусской государственности // Гуманітарныя і сацыяльныя навукі на зыходзе XX ст.Мн., 1998;
Политология. 3 изд. Мн., 1999;
Республика Беларусь: власть, политика, идеология. 2 изд. Мн., 2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖНАРО́ДНЫ МАНІТО́РЫНГ,
міжнародная сістэма сачэння за шырокамаштабнымі, у т. л. агульнапланетарнымі, працэсамі і з’явамі ў біясферы, уключаючы антрапагенныя ўздзеянні на прыроду і іх вынікі, якая ствараецца і развіваецца на базе міжнар. пагадненняў і праграм навук. даследаванняў. Складае арганізац. аснову глабальнага, а таксама базавага, біясфернага і рэгіянальнага маніторынгу (гл. адпаведныя арт.). Агульную ч. глабальнага маніторынгу ажыццяўляе Сусв. метэаралагічная арг-цыя, галіновыя раздзелы — Міжнар. агенцтва па атамнай энергіі (МАГАТЭ), Міжнар. саюз аховы прыроды і прыродных рэсурсаў (МСАП), Сусв.арг-цыя аховы здароўя, ЮНЕСКА (праграмы «Чалавек і біясфера», «ЮНЕСКА—Чарнобыль»), Міжнар.арг-цыя па пытаннях сельскай гаспадаркі і харчавання, міжнар. служба назіранняў за станам Сусв. акіяна і інш. Намаганні па стварэнні сістэмы М.м. каардынуе Міжнародная Праграма ААН па навакольным асяроддзі (ЮНЕП).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛІЯЦЭ́НАВЫ АДДЗЕ́Л (ЭПО́ХА) (ад грэч. pleion большы + kainos новы),
пліяцэн, верхні аддзел неагенавай сістэмы (перыяду), заключная эпоха неагенавага перыяду геал. гісторыі Зямлі. Вылучаны англ. геолагам Ч.Лаелем у 1833. Доўжыўся ад 5,3 да 1,77 млн.г. назад. Паводле міжнар. стратыграфічнай шкалы падзяляецца на 3 ярусы: занклій, п’ячэнца і гелазій. На Беларусі вылучаюць адклады ніжняга і верхняга пададдзелаў. Паводле новых даных адклады пліяцэну вылучаны ў калочынскі надгарызонт, які падзяляецца на холмецкі (адпавядае ніжняму і ніжняй ч. верхняга пліяцэну) і дварэцкі (верхняя ч. верхняга пліяцэну) гарызонты. Адклады П.а. (э.) магутнасцю да 25 м трапляюцца на невялікіх участках, пераважна на Пд ад лініі Смаргонь—Лагойск—Рэчыца. Прадстаўлены рачнымі і азёрнымі пяскамі, алеўрытамі, глінамі. Гліны прыдатныя для керамічнай вытворчасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОР-РАЯ́ЛЬ ГРАМА́ТЫКА,
лінгвістычная тэорыя, паводле якой у аснове ўсіх моў — адзіная ідэальная лагічная схема, задача граматыкі — устанавіць прынцыпы, агульныя для ўсіх моў, і асн. адрозненні паміж імі. Выкладзена абатамі кляштара Пор-Раяль А.Арно і К.Лансло ў кн. «Усеагульная рацыянальная граматыка...» (1660). Першыя словы яе назвы з цягам часу сталі абазначэннем асобнага тыпу лінгвістычных даследаванняў (гл.Універсальная граматыка). П.-Р.г. як спроба пабудовы на рацыянальным грунце на падставе абагульнення фактаў этн. моў усеагульнай грамат.сістэмы заклала пачатак агульнага мовазнаўства як асобнай навук. дысцыпліны. Нягледзячы на пэўную абсалютызацыю дэдуктыўнага метаду і разумовую абстрактнасць, П.-Р.г. — крыніца даследаванняў мовы ў такіх кірунках, як філасофія мовы, фармальна-граматычнае апісанне (мадэліраванне) моў, тыпалогія моў, тэорыя моўных універсалій (гл.Універсаліі лінгвістычныя). А.Я.Міхневіч.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАЗЕАДЫ́М (лац. Praseodymium),
Pr, хімічны элемент III гр.перыяд.сістэмы, ат. н. 59, ат.м. 140, 9077, адносіцца да лантаноідаў. У прыродзе 1 стабільны нуклід 141 Pr. У зямной кары 7∙10−4% па масе. Адкрыты разам з неадымам, назва ад грэч. prasios — светла-зялёны (большасць солей П. маюць такую афарбоўку) і didymys — блізня, двайнік.
Метал светла-шэрага колеру, tпл 932 °C, шчыльн. 6780 кг/м³. У паветры акісляецца. Узаемадзейнічае з кіпнем (павольна), з салянай, азотнай і сернай к-тамі, пры награванні — з галагенамі, азотам, вадародам (пры пакаёвай т-ры паглынае яго). Метал. П. атрымліваюць пераважна электролізам расплаву трыхларыду Выкарыстоўваюць як кампанент міш-металу, магн. сплаваў з кобальтам і нікелем, легіруючую дабаўку да сталі і інш. сплаваў, аксіды — пігменты для каляровага шкла, маст. керамікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАМЕ́ТЫЙ (лац. Prometium),
Pm, штучны радыеактыўны хім. элемент III гр.перыяд.сістэмы, ат. н. 61, ат. м. 144, 9128, адносіцца да лантаноідаў. Вядома 14 ізатопаў з масавымі лікамі 141—154; найб. устойлівы 145Pm (перыяд паўраспаду T1/2 каля 18 гадоў). У зямной кары знойдзены ў вельмі нязначнай колькасці 147Pm (T1/2 2,64 гады, мяккі β-выпрамяняльнік), які ўтвараецца пры дзяленні урану-235. Адкрыты ў 1945, назва ад імя Праметэя.
Метал светла-шэрага колеру, t 1170 °C, шчыльн. 7260 кг/м³. Вылучаюць 147Pm з сумесі радыеактыўных ізатопаў розных элементаў, што ўтвараюцца ў рэактарах пры дзяленні ядз. паліва. Выкарыстоўваюць пераважна як кампанент люмінафораў (свецяцца бесперапынна на працягу некалькіх гадоў), а таксама як крыніцу радыеактыўнага выпрамянення ў мініяцюрных ядз. батарэйках.