ДО́РСЕТ (Dorset),
старажытнаэскімоская культура (пач. 1-га тыс. да н.э. — пач. 2-га тыс. н.э.), адкрыта ў 1925 на мысе Дорсет (в-аў Бафінава Зямля). Пашырана на ПнУ Канады. Канадскім Арктычным архіпелагу, у зах. і паўн.зах. Грэнландыі. Для Д. характэрны абабітыя каменныя прылады працы. астрогі, іголкі, скульптура з косці, біўня, дрэва, наразны лінейны арнамент. Вылучана 5 перыядаў развіцця культуры; у апошнім выяўляюцца рысы эскімоскай культуры Туле, якая пасля 1200 н.э. змяніла Д.
т. 6, с. 184
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРАБЛЕ́ННЕ яйца, сегментацыя яйца,
рад паслядоўных дзяленняў аплодненага яйца, у выніку якіх утвараюцца больш дробныя клеткі (бластамеры); стадыя развіцця ўсіх шматклетачных жывёл. Пачынаецца пасля збліжэння мужч. і жан. клетак (гл. Апладненне) і аб’яднання іх храмасом. У некат. жывёл бывае Д. неаплодненых яец (гл. Партэнагенез). Іншы раз аплодненыя яйцы знаходзяцца ў стане спакою (гл. Дыяпаўза) і пачынаюць развівацца пры змяненні знешніх умоў (напр., т-ры навакольнага асяроддзя). У чалавека Д. прыводзіць да ўтварэння комплексу бластамераў — морулы.
т. 6, с. 190
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУ́ЙСКІ ЗА́МАК.
Існаваў у 14—18 ст. у г.п. Друя Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. Размяшчаўся ў сутоках Друйкі і Зах. Дзвіны. У час Лівонскай вайны 1558—83 у Д.з. ў 1561 размяшчаўся конны атрад. У ходзе ваен. падзей 16—17 ст. замак зведаў шматлікія аблогі і штурмы, неаднаразова быў разбураны і спалены. Пасля вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 адноўлены, але сваёй магутнасцю не вылучаўся. У 18 ст. паступова прыйшоў у заняпад.
т. 6, с. 219
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЯНДЖЫ́НСКІ ТРАКТА́Т 1735,
дагавор паміж Расіяй і Іранам, падпісаны 21 сак. каля г. Гянджа. Паводле дагавора Дэрбент і Баку (з правінцыямі) перадаваліся Ірану, які абавязваўся не дапускаць пераходу гэтых гарадоў пад уладу інш. дзяржаў. Абодва бакі павінны былі прытрымлівацца пастаноў Рэшцкага дагавора 1732, паводле якога Расія вяртала Ірану Гілян, Іран павінен быў пасля адваявання ў Турцыі Усх.-Груз. царства вярнуць яго цару Вахтангу VI. Гянджынскі трактат пацвярджаў дазвол на свабодны гандаль Расіі ў Іране.
т. 5, с. 555
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЛЕБ Ю́Р’ЕВІЧ (1155? — 7.3.1195),
князь дубровіцкі і тураўскі. Сын кн. Юрыя Яраславіча, унук Яраслава Святаполчыча. Паводле Іпацьеўскага летапісу, у 1183 удзельнічаў у паходзе за Дняпро на полаўцаў, дзе аб’яднаныя дружыны рус. князёў разбілі войска хана Канчака і ўзялі шмат палонных. Гісторык В.М.Тацішчаў памылкова назваў Глеба Юр’евіча князем дабранскім і лічыў яго ўнукам Яраслава Яраполчыча, у якога таксама быў сын Юрый. Тураўскім князем стаў, відаць, пасля смерці брата Святаполка (1190).
А.В.Іоў.
т. 5, с. 288
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕНЕРА́ЛЬНАЯ ВАЙСКО́ВАЯ КАНЦЫЛЯ́РЫЯ,
вышэйшая ваен. і адм. ўстанова ў Левабярэжнай Украіне ў 17—18 ст. Засн. ў ходзе вызв. вайны 1648—54 укр. народа супраць польскага панавання. Размяшчалася пры рэзідэнцыях укр. гетманаў. Складалася з генеральнай старшыны. У пач. 18 ст. Генеральнай вайсковай канцылярыі перададзена кіраванне Левабярэжнай Украінай. Яе дзейнасць кантралявала Маларасійская калегія. У 1734 пераўтворана ў Праўленне гетманскага ўрада (складалася з трох афіцэраў і трох «выбарных» прадстаўнікоў вышэйшай казацкай старшыны). Ліквідавана пасля скасавання гетманства (1764).
т. 5, с. 154
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУКО́ЎСКАЯ ((Żukowska) Юзафата) (1772, Лідскі пав. — 23.1.1845),
польская актрыса. Працавала на Беларусі: у трупах Д.Мараўскага (1795) і М.Кажынскага (1801—04) у Гродне, у 1804, 1806 у т-ры С.Дэшнер у Мінску, у 1811—32 у трупе мужа А.Ш.Жукоўскага, у 1844 — Я.Хелмікоўскага. Пасля 1795 і ў 1834—38 працавала ў Вільні. З поспехам выконвала рознахарактарныя ролі: пажылых кабет і бабуль, ключніц, цыганак, прыслужніц, жабрачак і інш.
Ю.А.Пашкін.
т. 6, с. 447
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖУЧКО́Ў (Ціхан Свірыдавіч) (4.7.1922, в. Бахацец Чавускага р-на Магілёўскай вобл. — 9.3.1987),
Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Магілёўскі аэраклуб (1941), Ейскае ваенна-марское авіяц. вучылішча (1942). У Вял. Айч. вайну лётчык-знішчальнік ВПС Балтыйскага флоту ст. лейт. Ж. вызначыўся ў час прарыву блакады Ленінграда, вызвалення Ленінградскай вобл. і Прыбалтыйскіх рэспублік. Зрабіў 257 баявых вылетаў, з іх 85 на фотаразведку, асабіста збіў 11 самалётаў праціўніка. Да 1960 у Сав. Арміі, пасля ў Мін-ве грамадз. авіяцыі.
т. 6, с. 453
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫГУЛЯ́НКА, Жыгулянскі канал,
рака ў Івацэвіцкім і Бярозаўскім р-нах Брэсцкай вобл., левы прыток р. Ясельда (бас. р. Прыпяць). Даўж. 44 км. Пл. вадазбору 595 км². Пачынаецца за 4 км на ПдЗ ад в. Заполле Івацэвіцкага р-на, цячэ ў межах паўн.-зах. ч. Прыпяцкага Палесся па забалочанай і лясістай мясцовасці, працякае праз Чорнае воз. (пасля выхаду з яго называецца Дарагабуж). Даліна і пойма невыразныя. Рэчышча на працягу 26 км да ўпадзення ў возера каналізаванае.
т. 6, с. 462
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫЦЦЯЗДО́ЛЬНАСЦЬ,
1) здольнасць асобіны і папуляцыі жыць і размнажацца. Вызначаецца плоднасцю, працягласцю перыяду размнажэння і колькасцю асобін, якія дасягнулі палаваспеласці.
2) Здольнасць асобіны выжываць да вызначанага моманту жыццёвага цыкла, напр. да пачатку перыяду размнажэння.
3) Ж. насення, уласцівасць насення захоўваць здольнасць да прарастання. Насенне, якое толькі што сабрана або захоўваецца пры нізкай т-ры, часта не прарастае, хоць і мае здаровы зародак або жыццяздольнае. Гэта выклікаецца перыядам спакою, пасля якога насенне можа даць нармальныя ўсходы.
т. 6, с. 477
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)