БАРО́Н

(Baron) Мішэль (8.10.1653, Парыж — 22.12.1729),

французскі акцёр. З 1665 у трупе Мальера, іграў ролі ў яго п’есах — Амура ў «Псіхеі», Актава ў «Хітрыках Скапэна», Арыста ў «Вучоных жанчынах» і інш. Пасля смерці Мальера (1673) перайшоў у трупу «Бургундскага атэля». З 1680 у т-ры «Камеды Франсэз». Іграў ролі трагічных герояў: Іпаліт, Пір («Федра», «Андрамаха» Ж.Расіна), Радрыга, Гарацый («Сід», «Гарацый» П.Карнеля) і інш. Барон парваў з умоўна-дэкламацыйнай школай акцёрскага мастацтва, дамагаўся натуральнасці выканання, падпарадкаванасці аўтарскай задуме. Аўтар шэрагу камедый.

т. 2, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)