Рэспубліка Намібія (Republic of Namibia), дзяржава ў Паўд.-Зах. Афрыцы. Мяжуе на Пн з Анголай і Замбіяй, на У з Батсванай, на ПдУ і Пд з Паўд.-Афр. Рэспублікай (ПАР); на З абмываецца водамі Атлантычнага ак.Пл. 824,3 тыс.км². Нас. 1648,3 тыс.чал. (1999). Дзярж. мова — англійская, шырока ўжываюцца таксама афрыканс і нямецкая. Сталіца — г.Віндхук. Краіна падзяляецца на 13 адм. рэгіёнаў. Нац. свята — Дзень незалежнасці (21 сак.).
Дзяржаўны лад. Н. — рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1990. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца ўсеагульным прамым галасаваннем тэрмінам на 5 гадоў. Вышэйшы заканад. орган — 2-палатны парламент, які складаецца з Нац. асамблеі (72 дэпутаты выбіраюцца ўсеагульным прамым галасаваннем на 5 гадоў) і Нац. савета (26 прадстаўнікоў рэгіёнаў, што выбіраюцца на 6 гадоў). Выканаўчая ўлада належыць прэзідэнту і ўраду.
Прырода. Большая частка тэр. Н. — пласкагор’е выш. 1300—1500 м на З і 900—1100 м на У. Найб.выш. 2600 м (г. Брандберг). Пласкагор’е спадзіста паніжаецца на У да паўпустыні Калахары, на З уступам абрываецца ў бок прыбярэжнай раўніны — пустыні Наміб. Карысныя выкапні: алмазы, уранавыя, поліметалічныя, медныя, алавяныя, вальфрамавыя, рэдкаметал. руды, сера, прыродны газ і інш. Клімат трапічны, вельмі сухі. Сярэдняя т-ра самага цёплага месяца (студз.) ад 18 °C на беразе акіяна да 27 °C ва ўнутр. раёнах, самага халоднага (ліп.) ад 12 °C на Пд да 16 °C на Пн. Ападкаў ад 10—50 мм за год на ўзбярэжжы, да 500—700 мм на ПнУ. Гал. рэкі на Пн — Акаванга, Кунене, на Пд — Аранжавая, астатнія — часовыя вадатокі. На Пн краіны перасыхаючае воз. Этоша. Пераважаюць пустынныя трапічныя глебы і чырванавата-бурыя глебы саваннаў. Расліннасць у пустыні Наміб сукулентная, на пласкагор’і злакава-хмызняковая і хмызняковая, у больш высокіх раёнах паўпустыні і апустыненыя саванны. У складзе жывёльнага свету горных раёнаў і на У эндэмічныя грызуны (даўганос, капскі сляпыш), асобныя віды зайцоў, трубказуб; шматлікія яшчаркі, змеі і інш. Воды акіяна каля берагоў Н. багатыя прамысл. рыбай (сардзінела, макрэль, анчоўс), марскімі ракамі (амары, лангусты), ёсць цюлені. Нац. паркі: Этоша, Наміб, Бераг Шкілетаў, Ноўклуфберге.
Насельніцтва. Большасць насельніцтва належыць да групы зах. банту: авамба (810 тыс.чал.), каванга (146 тыс.чал.), герэра (114 тыс.чал.) і інш. Жывуць горныя дамара (114 тыс.чал.), гатэнтоты, бушмены (сан). Нас.еўрап. паходжання (100 тыс.чал.) складаецца з афрыканераў, немцаў, англічан. Каля 80% вернікаў хрысціяне (пераважна пратэстанты), астатнія прытрымліваюцца мясц.традыц. культаў. Сярэднегадавы прырост насельніцтва каля 3%. Сярэдняя шчыльн. 2 чал. на 1 км². У пустыні Наміб і паўпустыні Калахары вял. тэрыторыі не маюць пастаяннага насельніцтва. Гар. насельніцтва каля 37%. Найб. гарады: Віндхук (190 тыс.ж., 1995), Людэрыц, Уолфіш-Бей, Цумеб. У сельскай гаспадарцы занята 49%, у прам-сці і гандлі — 25% працаздольнага насельніцтва.
Гісторыя. Першыя стаянкі чалавека, выяўленыя на тэр. Н., адносяцца да 2-га тыс. да н.э.Стараж. насельніцтва Н. — плямёны кой-коін (продкі сучасных нама, 3 групы гатэнтотаў), сан (бушмены) і дамара. У 16 ст. сюды прыйшлі плямёны банту (авамба, герэра, каванга і інш.). У канцы 15 ст. ўзбярэжжа Н. адкрылі партуг. мараплаўцы. У 1878 Вялікабрытанія анексіравала раён бухты Уолфіш-Бей. У 1884 Германія ўсталявала пратэктарат над-раёнам Ангра-Пекена, потым над б.ч.тэр. Н., якая стала герм. калоніяй «Германская Паўд.-Зах. Афрыка» (ПЗА). У адказ на прыгнёт герм. улад герэра на чале з С.Магарэра і нама на чале з Х.Вітбоем узнялі ў 1904—07 паўстанне, якое было жорстка задушана герм. войскамі. У 1915 Н. акупіравана Паўд.-Афр. Саюзам (ПАС; з 1961 — Паўд.-Афр. Рэспубліка, ПАР), які ў 1920 атрымаў ад Лігі Нацый мандат на кіраванне ПЗА. У 1946 урад ПАР анексіраваў ПЗА, ператварыў яе ў сваю правінцыю і распаўсюдзіў на яе рэжым апартэіду. ААН не прызнала анексію і ў 1968 і 1978 прыняла рэзалюцыі аб праве народаў Н. на самавызначэнне. З 1966 узбр. барацьбу супраць акупацыі пачала Народная арганізацыя Паўднёва-Заходняй Афрыкі (СВАПО) на чале з С.Нуёмам. Улады ПАР падтрымліваў створаны з прадстаўнікоў памяркоўных арг-цый Дэмакр. альянс Турнхале. Пад націскам ААН і сусв. супольнасці ўлады ПАР правялі ў ліст. 1989 выбары ва Устаноўчы сход, на якіх перамагла СВАЛО. У студз. 1990 Нуёма выбраны прэзідэнтам Н. 21.3.1990 абвешчана незалежнасць краіны. Урад незалежнай Н. імкнецца праводзіць памяркоўную палітыку, накіраваную на развіццё прыватнага сектара і пазбяганне этн. і сац. канфліктаў. Н. — чл.ААН (з 1990). Дзейнічаюць паліт. арг-цыі: Нар.арг-цыя за вызваленне Паўд.-Зах. Афрыкі, Дэмакр. альянс Турнхале.
Гаспадарка. Н. — аграрная краіна з развітой горназдабыўной прам-сцю. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) на душу насельніцтва ў 1997 склаў 1,9 тыс.дол. ЗША. На долю здабыўной прам-сці прыпадае каля 25% ВУП. Здабыча і экспарт карысных выкапняў пад кантролем паўд.-афр., англа-амер. і ням. капіталу. Н. займае 6-е месца ў свеце па здабычы алмазаў (1,3 млн. каратаў, 1997), пераважна ювелірных; іх здабыча вядзецца ўздоўж узбярэжжа Атлантычнага ак. ад г. Людэрыц да вусця р. Аранжавая. Здабыча вокісу урану (у раёне Свакапмунда), медзі, свінцу, волава, цынку, ванадыю, серабра, кадмію, берылію, літыю, вальфраму, марганцу. На базе руд каляровых металаў у г. Цумеб працуюць з-ды медзеплавільны, па выплаўцы і рафінаванні свінцу, цынку, волава і інш. У 1994 атрымана (тыс.т) вокісу урану — 1,7, свінцу — 24, волава — 1, серабра — 0,09. Вытв-сць электраэнергіі штогод каля 1 млрд.кВт∙гадз. Буйныя ЦЭС у гарадах Віндхук, Цумеб, Уолфіш-Бей; Рваканская ГЭС на р. Кунене. Апрацоўчая прам-сць развіта слаба. Працуюць прадпрыемствы па зборцы машын і абсталявання, суднарамонце (Віндхук, Уолфіш-Бей), дрэваапр. прам-сці, у т. л. мэблевыя, па перапрацоўцы с.-г. сыравіны (малочныя, мясакансервавыя, мукамольныя), па перапрацоўцы рыбы, амараў, цюленяў, малюскаў, гарбарныя, буд. матэрыялаў і інш. На долю сельскай гаспадаркі прыпадае каля 8% ВУП, пераважае жывёлагадоўля. Характэрна наяўнасць буйных таварных фермерскіх гаспадарак, якія належаць еўрапейцам, і адсталых натуральных гаспадарак афрыканцаў. Асн.значэнне мае гадоўля каракульных авечак (адно з першых месцаў у свеце па пастаўках аўчын). Пагалоўе (млн. галоў, 1997): авечак — 2,43, буйн. раг. жывёлы — 2,06, коз (пераважна ангорскіх) — 1,82, птушкі — 2,4. Земляробства мае дапаможнае значэнне. Пад ворнымі землямі каля 1% тэрыторыі. Вырошчваюць проса, кукурузу, сорга, пшаніцу, агародніну, бахчавыя культуры. Улоў рыбы ў 1996—267 тыс.т. Даход краіны ад турызму каля 210 млн.дол. штогод. Даўж. гравійных дарог 37,3 тыс.км, асфальтавых 4,5 тыс.км, чыгунак 2,4 тыс.км. Марскія парты — Уолфіш-Бей і Людэрыц. 11 аэрапортаў, у т. л.міжнар. каля г. Віндхук. У 1996 экспарт склаў 1,45 млрд., імпарт — 1,55 млрд.дол. ЗША. Н. вывозіць мінер. сыравіну (30% алмазы), рыбапрадукты (18,5%), аўчыны (8,1%), мясапрадукты (7%) і інш. Імпартуе маш.-буд. і хім. прадукцыю, спажывецкія і харч. тавары. Гал.гандл. партнёры: ПАР (27% экспарту і 85% імпарту), Вялікабрытанія, Германія, Японія. Грашовая адзінка — намібійскі долар.
Літ.:
Балезин АС., Притворов А.В., Слипченко С.А. История Намибии в новое и новейшее время. М., 1993.
В.І.Сініца (гісторыя), Л.В.Лоўчая (прырода, насельніцтва, гаспадарка).
Герб і сцяг Намібіі.Да арт.Намібія. Ландшафт у пустыні Наміб.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАМЯСТВО́,
рамяствоіпромысел, вытворчасць прамысловых вырабаў з дапамогай нескладаных традыц. інструментаў; майстэрства ўмелых рук (ад стараж.-рус. рукамясло); першая гіст. стадыя ў развіцці прамысл. вытв-сці. Паралельнае ўжыванне тэрмінаў «Р.» і «промысел» адлюстроўвае поўнае ці частковае супадзенне іх прадметнага зместу, а разыходжанні звязаны з асэнсаваннем іх з пункту гледжання сац.-эканам. характарыстыкі, сувязі з земляробствам і інш. Вырашальным для Р. з’яўляецца асабістае майстэрства рамесніка і індывід. характар вытв-сці (звычайна рамеснік працуе адзін або з невял. колькасцю памочнікаў). У залежнасці ад зыходнага матэрыялу вылучаюць асобныя групы Р. (дрэва- і металаапрацоўчыя, гарбарна-кушнерскае, апрацоўка мінер. сыравіны, валакністай сыравіны і выраб адзення), якія былі пашыраны на Беларусі і далі пачатак розным галінам прамысл. вытв-сці. Паводле сац. арганізацыі Р. падзяляюць на хатнія (для ўласных патрэб), на заказ і на рынак (дробнатаварная вытв-сць). У гіст. і сацыяльна-эканам. л-ры прадметны сэнс Р. нярэдка абмяжоўваецца вытв-сцю на заказ, а Р. на рынак наз. саматужным промыслам, хатняе Р. — хатнім промыслам. Паводле характару арганізацыі працы вылучаюць таксама стацыянарныя і адыходныя, ці вандроўныя Р. і промыслы (дойлідства, буд-ва мастоў, шапавальнае і інш.). У асобную групу вылучаюць маст. промыслы, у якіх найб. яскрава ўвасоблены нар. творчасць, маст. густы, духоўныя памкненні і нац.вытв. традыцыі народа.
У феад. перыяд амаль кожны сял. двор выступаў як самаст.вытв. калектыў з шырокім дыяпазонам гасп. дзейнасці. Разнастайныя жыццёва неабходныя прадметы (харч. прыпасы, жыллё, адзенне, тканіны, скуры, рэчы хатняга ўжытку, посуд, с.-г. прылады і трансп. сродкі) у большасці вырабляліся на месцы сваімі рукамі. Універсальны характар сял. гаспадаркі быў шырокай базай вытв. вопыту і нар. ўмельства, што абумовіла агульны росквіт Р. і промыслаў. З сельскага насельніцтва вылучаліся майстры, для якіх Р. станавілася важнай ці нават асн. крыніцай існавання. Частка іх несла дваровую службу пры ланскіх ці дзярж. (гаспадарскіх) маёнтках і манастырах. Часам двары-службы ўтваралі цэлыя пасяленні рамеснікаў пэўнай спецыяльнасці — цесляроў, бондараў, гантароў, гарбароў, ганчароў, гутнікаў, буднікаў і інш.; іх прадукцыя забяспечвала патрэбы маёнтка, прадавалася на кірмашах, збывалася за мяжу. Статуты ВКЛ замацоўвалі роўныя прывілеі для рамеснікаў, якія паводле свайго юрыдычна-прававога становішча стаялі ў феад. іерархіі вышэй за сялян-земляробаў. Частку залежных рамеснікаў феадалы сялілі ў горадзе на землях сваіх юрыдык. Гар. Р. ў значнай ступені развівалася за кошт прытоку ў горад сельскіх майстроў і адначасова ўплывала на развіццё і тэхн. ўзровень сельскага Р. Сельскае насельніцтва, якое перасялялася ў горад, прыносіла з сабой абшчынныя традыцыі, што складаліся ў нормы звычаёвага права і адбіваліся на паўсядзённым жыцці брацтваў. Развіццю бел. Р. і промыслаў, іх спецыялізацыі і арганізац. ўпарадкаванню садзейнічала магдэбургскае права. У 16—17 ст. у гарадах Беларусі зафіксавана каля 200 спецыялізаваных відаў Р. і промыслаў. Найб. пашыраны былі ў гарадах — кавальскае, кравецкае, шавецкае, гарбарнае, ганчарнае; у вёсках — розныя віды дрэваапрацоўкі (выраб посуду, с.-г. прылад, цяслярства), апрацоўка лёну і воўны, ткацтва, пляценне. Гар. рамеснікі аб’ядноўваліся ў асобныя прафесійныя арг-цыі — цэхі. Такія карпарацыі наз. брацтвамі (Брэст, Гродна, Мінск, Вільня) або староствамі (Магілёў, Полацк). У склад цэха (40—50 чал.) уваходзілі людзі рамесных прафесій, а таксама рыбаловы, бортнікі, шынкары і інш., што займаліся промысламі ў шырокім сэнсе. У 17 ст. на Беларусі 116 цэхаў, кожны цэх меў свой статут, які вызначаў яго структуру, парадак прыёму новых членаў, рэгуляваў унутрыцэхавыя адносіны і інш., а таксама меў свой сцяг, зброю, сімвал, агульную касу; у час вайны абараняў горад. Цэхавая арг-цыя садзейнічала далейшаму развіццю Р., іх спецыялізацыі і павышэнню ролі ў сістэме грамадскай вытв-сці. Значэнне цэхаў выходзіла далёка за межы карпаратыўна-прафес. арг-цыі. Яны адыгрывалі значную ролю ў паліт. жыцці гарадоў, барацьбе супраць прыгонніцтва, за грамадзянскія правы і незалежнасць. Ваенныя падзеі ў 2-й пал. 17—пач. 18 ст. (войны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, Паўн. вайна 1700—21) згубна адбіліся на развіцці рамеснай вытв-сці на Беларусі. Напр., у Віцебску, буйнейшым цэнтры рамеснай і прамысл. дзейнасці, у сярэдзіне 17 ст. было больш за 1 тыс. майстроў розных спецыяльнасцей, а ў 1665 засталіся 72 рамеснікі. У 2-й пал. 18 ст. назіралася адраджэнне традыц. Р. Асабліва хутка расла колькасць кавалёў, слесараў, цесляроў, шаўцоў, краўцоў, гарбароў і інш. Да 19 ст. цэхавае Р. вычарпала свае магчымасці. Аднак яно падрыхтавала глебу для сучасных форм вытв-сці. Побач з Р. значна пашырыліся мануфактуры, якія ўзніклі і працавалі на базе мясц.нар. Р. і промыслаў. Пэўнае месца ў вытв-сці прамысл. тавараў займала т.зв. рассеяная мануфактура. Часам мануфактурная і саматужна-рамесная вытв-сць аб’ядноўваліся ў адзіную сістэму вытв. сувязей. Больш выразны падзел працы, дыферэнцыяцыя вытв. працэсу на шэраг спецыялізаваных рамесных заняткаў садзейнічалі назапашванню вытв. ведаў, усталяванню новых, больш дасканалых і спецыялізаваных інструментаў, што з’яўлялася перадумовай вынаходства машын, У 19 ст. разам з ажыўленнем гандлёва-эканам. адносін прыкметна вызначылася геагр. спецыялізацыя с.-г. і саматужна-прамысл. вытв-сці. На Падняпроўі былі шырока развіты гарбарная, ганчарная, шкляная вытв-сці, лясныя і дрэваапр. промыслы. У Падзвінні важнае эканам.значэнне набылі вырошчванне лёну і яго апрацоўка, суднабудаванне, каменячосны і кавальскі промыслы, а з дрэваапрацоўкі — цяслярства. У Панямонні былі больш пашыраны вытв-сць сукна, харчовая, гарбарная вытв-сць, шавецкая і кравецкая справы. На Палессі важнае месца займалі здабыўныя промыслы (рыбалоўства, бортніцтва, збіральніцтва), а з рамесных — суднабудаванне, выраб бандарнага і плеценага посуду. Рэформа 1861 узмацніла сац. расслаенне, вызваліўшы частку прац. рэсурсаў для неземляробчых заняткаў. Прыкметна змянілася і структура Р., іх месца ў грамадскай вытв-сці. Развіццё буйной прам-сці абумовіла паступовае скарачэнне ткацтва, ганчарства, звузіліся маштабы вышыўкі, набойкі, крашаніны, апрацоўка ліпавай кары, выраб рагож і цыновак. Аднак некат. Р. да пач. 20 ст. пашырыліся, у іх ліку кравецкае, шавецкае, шапавальнае, аўчыннае, кавальскае, выраб шкла, цэглы, кафлі, а з дрэваапрацоўчых — сталярнае і цяслярнае. Змяніліся сац. характар Р. і промыслаў, іх сувязь з рынкам збыту, узаемаадносіны гар. і сельскага Р., Р. і буйной прам-сці. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 саматужна-рамесніцкая вытв-сць разглядалася як адна з форм пераходу да сацыяліст. прам-сці, што знаходзіла сваё ўвасабленне ў прамысл. кааперацыі.
У сферы грамадскай вытв-сці развіццё буйной прам-сці адцясніла Р. і промыслы на другараднае месца. Аднак яны не зніклі, эканамічна апраўданы як дапаможны промысел, як спецыялізаваная дзейнасць майстроў. Асваенне лепшых традыцый нар. Р. — адзін з важнейшых кірункаў у развіцці мясц. прам-сці. Нар. промыслы, пераасэнсаваныя і адроджаныя на новай арганізац.-прававой і тэхн. асновах, набываюць самаст. ролю як адзін з камерцыйна-эканам. рычагоў грамадскай вытв-сці, а таксама як састаўная частка бел.нац. культуры. З мэтай захавання і адраджэння традыцый бел. Р. створаны Саюз майстроў нар. творчасці (1992). Узоры нар. Р. шырока выкарыстоўваюцца ў розных відах прафесійнага нац. мастацтва.
В.С.Цітоў.
Да арт. Рамяство. Разьба па дрэве. Пляценне з саломы..
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯЛО́ГІЯ (ад бія... + ...логія),
сістэма навук пра жывую прыроду. Даследуе ўсе праяўленні жыцця: будову і функцыю жывых істот і іх прыродных згуртаванняў, пашырэнне, паходжанне і развіццё, сувязі паміж імі і з нежывой прыродай. Тэрмін «біялогія» прапанаваны франц. прыродазнаўцам Ж.Б.Ламаркам і ням. вучоным Г.Р.Трэвіранусам (1802). Адны з першых у біялогіі склаліся комплексныя навукі па аб’ектах даследавання: пра жывёл — заалогія, расліны — батаніка, бактэрый — мікрабіялогія, вірусы — вірусалогія, прасцейшых — пратысталогія. Будову арганізмаў вывучаюць цыталогія, гісталогія, анатомія, функцыі жывых сістэм — фізіялогія жывёл, раслін, чалавека, узаемаадносіны жывых істот паміж сабой і з умовамі навакольнага асяроддзя — экалогія, заканамернасці спадчыннасці і зменлівасці — генетыка, індывід. развіццё — біялогія развіцця, гіст. развіццё жывога — эвалюцыйнае вучэнне. На стыку біялогіі з іншымі навукамі ў 20 ст. ўзніклі і развіваюцца біяхімія, біяфізіка, біёніка, біягеаграфія, радыебіялогія і інш.
Першыя працы па сістэматыцы жывёл вядомы з 4 ст. да н.э. (Арыстоцель), раслін — з 4—3 ст. да н.э. (Тэафраст), пра ўнутр. будову жывёл і чалавека — з 5—2 ст. да н.э. (Гіпакрат, Гален). У сярэднія вякі ішло паступовае назапашванне біял. ведаў. У эпоху Адраджэння праведзена анатаміраванне чалавечага цела (А.Везалій, 1543), у 17 ст. апісаны кругі кровазвароту чалавека (У.Гарвей, 1628), шырока разгарнуліся мікраскапічныя даследаванні раслін (Р.Гук, 1665, М.Мальпігі, 1675—79) і жывёл (А.Левенгук, 1673). У 1735 упершыню ўведзена бінарная наменклатура і найб. поўная штучная класіфікацыя жывёл і раслін (К.Ліней). Пазней былі адкрыты цытаплазма (Я.Пуркіне, 1825) і ядро (Р.Броўн, 1837) клетак, а ў 1839 сфармулявана клетачная тэорыя (Т.Шван), якая мела вял.значэнне ў развіцці тэорыі эвалюцыі арган. свету. Эвалюцыйная тэорыя распрацавана Ламаркам («Філасофія заалогіі», 1809) і Ч.Дарвінам («Паходжанне відаў...», 1859). Сфармуляваныя ў 1865 Г.Мендэлемасн.генет. заканамернасці наследавання атрымалі пацвярджэнне і тлумачэнне на аснове храмасомнай тэорыі спадчыннасці (Т.Морган, 1911). Вызначэнне структуры малекулы ДНК (Дж.Уотсан, Ф.Крык, 1953) прывяло да развіцця малекулярнай біялогіі. У галіне фізіялогіі жывёл І.П.Паўлавым (1903) распрацавана вучэнне аб умоўных рэфлексах і вышэйшай нерв. дзейнасці. У 1920—30-я г. створана эвалюцыі сінтэтычная тэорыя (С.С.Чацверыкоў, Дж.Холдэйн, Р.Фішэр, С.Райт, Ф.Г.Дабржанскі). Вял. дасягненне біялогіі — стварэнне вучэння пра біясферу (У. І.Вярнадскі, 1926) і біягеацэнозы (У.М.Сукачоў, 1942). Значныя заслугі ў развіцці біялогіі належаць рус. вучоным К.А.Ціміразеву, У.А.Кавалеўскаму, А.А.Кавалеўскаму, І.І.Мечнікаву, І.М.Сечанаву, А.М.Северцаву, І.І.Шмальгаўзену і інш.
Развіццё біял. навукі на Беларусі пачалося пасля 1917. Тэарэт. і практычныя праблемы біялогіі распрацоўваюць навук. ўстановы Аддз.біял. навук АН Беларусі, ВНУ, НДІ Мін-ваў аховы здароўя, сельскай гаспадаркі і харчавання, лясной і рыбнай гаспадаркі Беларусі. Даследаваліся ферменты глебы і іх уплыў на рост раслін (В.Ф.Купрэвіч), працэс фотасінтэзу і роля інш. пігментаў у раслін (Ц.М.Годнеў, М.М.Ганчарык). Распрацаваны навук. асновы гетэрозісу і вынікі ўздзеяння іанізавальнымі выпрамяненнямі (М.В.Турбін), колькасныя заканамернасці спадчыннасці і механізм хім. мутагенезу (П.Ф.Ракіцкі). Вывучалася будова перыферычнай нерв. сістэмы і знойдзены шляхі аднаўлення функцыі ўнутр. органаў пры яе пашкоджаннях (Д.М.Голуб), даказана існаванне асобнага тыпу адчувальных нерв. праваднікоў, якія з’яўляюцца асновай вегетатыўных рэфлексаў (І.А.Булыгін). Праведзены даследаванні ў галіне аграхіміі (А.К.Кедраў-Зіхман, С.Н.Іваноў, Т.Н.Кулакоўская), зялёных угнаенняў (Я.К.Аляксееў), меліярацыі (С.Г.Скарапанаў), селекцыі раслін (П.І.Альсмік, А.І.Лапо) і жывёл (М.М.Замяцін). Распрацоўваюцца спосабы аховы насельніцтва ад уздзеяння выпрамяненняў радыенуклідаў на тэрыторыях, забруджаных пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС (Я.Ф.Канапля).
Літ.:
Лункевич В.В. От Гераклита до Дарвина: Очерки по истории биологии. Т. 1—2. 2 изд. М., 1960;
Навука БССР за 50 год. Мн., 1968;
История биологии с начала XX века до наших дней. М., 1975;
Кемп П., Армс К. Введение в биологию: Пер. с англ.М., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРО́НЗАВЫ ВЕК,
перыяд у гісторыі чалавецтва, калі пашыралася металургія і апрацоўка бронзы, з якой выраблялі ўпрыгожанні, прылады працы, зброю. На некаторых тэрыторыях яму папярэднічаў энеаліт, калі побач з каменнымі ўжываліся медныя прылады. У 4—3-м тыс. да н.э. бронзу пачалі выплаўляць у краінах Пярэдняй Азіі, Егіпце, Індыі, Кітаі. У Еўропе пачатак эпохі бронзы прыпадае на мяжу 3-га і 2-га тыс. да н.э. ў Міжземнамор’і, на Пд Балканскага п-ва, Зах. Каўказе. Да канца 1-й пал. 2-га тыс. да н.э. бронзавы век складваецца на ўскраінах Паўн.-Зах. і Паўн.-Усх. Еўропы. Заключны этап бронзавага веку прыпадае на 1300—700 да н.э. Першыя распрацоўкі медных, алавяных і інш. руд у Еўропе пачаліся на Балканах і Карпатах, з 1700—1500 да н.э. — ва Усх. Альпах. У гэты час усталёўваліся міжрэгіянальныя сувязі па абмене меддзю, бронзаю, золатам і інш., узніклі ўмацаваныя паселішчы — гарадзішчы, паглыблялася сац. дыферэнцыяцыя грамадства. Вял.значэнне набывалі войны і рабаўнічыя паходы. Важнай крыніцай існавання станавілася земляробства і жывёлагадоўля, распаўсюджваліся культы і вера ў багоў, звязаныя з гэтымі заняткамі. На тэр.Зах. і Цэнтр. Еўропы развіваліся археал. культуры унеціцкая, эльаргарвесекская, палёў пахаванняў і інш.; на тэр.Усх. Еўропы — тшцінецкая, камароўска-сосніцкая, катакомбавая, зрубная. Позні бронзавы век — перыяд буйных перамяшчэнняў народаў, што суправаджалася пашырэннем культуры курганных магіл, палёў пахавальных урнаў культуры, якія ў 12—10 ст. да н.э. ахоплівалі тэр.Цэнтр., а ў 10—8 ст. да н.э. паўшывалі на Зах. і часткова Паўн. і Паўд.-Усх. Еўропу. З культурамі эпохі бронзы звязваюць паходжанне многіх еўрап. народаў (ілірыйцаў, кельтаў, германцаў, балтаў і інш.).
На тэр. Беларусі аддаленасць ад стараж. цэнтраў металургіі стала прычынай захавання тут на больш працяглы час каменных прылад працы, але апрацоўваліся яны лепш, ужываліся шліфаванне, свідраванне, пілаванне, апрацоўка крэменю струменістай рэтушшу. Распаўсюдзілася здабыча крэменю шахтавым спосабам (гл.Шахты крэменездабыўныя). Бронзавых рэчаў на тэр. Беларусі мала — шылы, сякеры, наканечнікі коп’яў, упрыгожанні. Мясц. вытворчасць некаторых бронз. рэчаў з прывазной сыравіны і пераплаўка сапсаваных вырабаў пачаліся з сярэдзіны 2-га тыс. да н.э. Пашырыўся пласкадонны посуд разнастайнага асартыменту, што было выклікана паяўленнем агнішчаў з роўнай чарэнню, сталоў са шчапаных і часаных дошак і больш разнастайнай ежы. З Прыбалтыкі ў абмен на крэмень трапляў бурштын, з Прычарнамор’я і Каўказа — упрыгожанні са шклопадобнай масы і бронз. вырабы, з Карпата-Альпійскай вобл. і Скандынавіі — некаторыя метал. вырабы. Ужо ў пач. Бронзавага веку на тэр. Беларусі распаўсюдзіліся пахаванні нябожчыкаў на бескурганных і курганных могільніках, паявіўся пахавальны абрад трупаспалення. На заселеную аўтахтонным познанеаліт. насельніцтвам тэрыторыю праніклі плямёны розных культур шнуравой керамікі. Тэр.паўд.-ўсх. Беларусі занялі плямёны сярэднедняпроўскай, на зах. Палессі жылі плямёны шнуравой керамікі Палесся, у Панямонні — прыбалтыйскай культур (пра кожную культуру гл. асобны арт.), у Паазер’і — паўночнабеларускай культуры. Узаемаадносіны прышлых плямён і абарыгенаў у бронзавым веку характарызаваліся рознымі формамі ўзаемаўплыву і асіміляцыі. Гэтыя працэсы прывялі да фарміравання да сярэдзіны 2-га тыс. да н.э.тшцінецкай культуры ў бас. Прыпяці і на Паўд. Панямонні і роднаснай ёй сосніцкай культуры ў Падняпроўі. У канцы бронзавага веку пачалі складвацца пач. этапы мілаградскай, штрыхаванай керамікі, днепра-дзвінскай культур. Трапляюцца сляды шматвалікавай керамікі культуры і лебядоўскай культуры, на ПдЗ Беларусі — лужыцкай культуры.
Літ.:
Артеменко И.И. Племена Верхнего и Среднего Поднепронья в эпоху бронзы. М., 1967;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ДАРАСЦІ (Algae),
зборная група ніжэйшых споравых, пераважна водных, раслін. Для водарасцей характэрна адсутнасць тыповых для вышэйшых раслін сцябла, лісця і каранёў, аднак у некаторых цела падзелена на ліста- і сцеблападобныя часткі. Прадстаўлены аднаклетачнымі (ад долей мкм), каланіяльнымі і шматклетачнымі слаявіннымі, або таломнымі (даўж. да 60 м), жыццёвымі формамі. Сасудзістая сістэма адсутнічае. Рухомыя водарасці маюць жгуцікі, часам вочка і скарачальныя вакуолі. Размнажэнне разнастайнае: вегетатыўнае, бясполае і палавое (галагамія, ізагамія, анізагамія і аагамія). У шэрагу водарасцей назіраецца строгае чаргаванне пакаленняў — спарафіта і гаметафіта. Жыўленне аўтатрофнае, гетэратрофнае і галазойнае (фагатрофнае); ёсць паразітныя формы. Хларапласты (храматафоры) клетак маюць хларафіл a і b ці a і c, таксама дадатковыя пігменты — фікабіліны (фікацыян, фікаэрытрын, фікаксанцін, карацін і інш.), якія маскіруюць зялёны колер хларафілу і надаюць водарасцям жоўта-зялёную, жоўтую, бурую, чырв., сінюю і сіне-зялёную афарбоўкі.
Вядома больш за 38 тыс. відаў. У залежнасці ад біяхім. асаблівасцей (набору пігментаў, саставу клетачнай абалонкі, тыпу запасных рэчываў) і субмікраскапічнай будовы клетак іх адносяць да аднаго з 10 аддзелаў (тыпаў) водарасцей: дыятомавыя, зялёныя, чырвоныя, сіне-зялёныя, бурыя, пірафітавыя, жоўта-зялёныя, залацістыя, харавыя і эўгленавыя (гл. адпаведныя артыкулы). Усе аддзелы ў працэсе эвалюцыі развіваліся ў асноўным незалежна. Найб. старажытныя з іх — сіне-зялёныя (цыянеі). Водарасці — найб. верагодныя продкі наземных раслін. Сіне-зялёныя і прахларафітавыя водарасці — пракарыёты. Іх часта лічаць асобнай групай арган. свету або адносяць да бактэрый. Пашыраны па ўсім зямным шары. Жывуць пераважна ў вадзе (прэснай і салёнай), у глебе і на яе паверхні, на кары дрэў, камянях, інш. субстратах, у снезе, лёдзе, у сімбіёзе з інш. раслінамі (напр., лішайнікі), могуць выкарыстоўваць для жыццядзейнасці атм., грунтавую і інш. вільгаць. На Беларусі адзначана больш за 2200 відаў, разнавіднасцей і формаў, якія аб’ядноўваюцца ў 300 родаў, 210 з іх глебавыя водарасці, астатнія пашыраны ў розных вадаёмах, на кары дрэў, камянях, розных грунтах і інш. субстратах. Найб. разнастайныя паводле відавога складу дыятомавыя (каля 930 таксонаў з 47 родаў) і зялёныя (640 таксонаў з 139 родаў); зарэгістраваны 320 таксонаў сіне-зялёных, 186 эўгленавых, больш за 50 залацістых, каля 50 жоўта-зялёных, больш за 40 пірафітавых, 13 харавых і 3 віды чырвоных водарасцей.
Водарасці (пераважна фітапланктон) — галоўныя прадуцэнты арган. рэчываў у водным асяроддзі (іх біямаса ў Сусветным ак. складае 1,7 млрд.т), у працэсе фотасінтэзу выдзяляюць у ваду і атмасферу кісларод. Многія віды водарасцей — індыкатары якасці вады, вызначаюць трафічны статус вадаёма. Багатыя вітамінамі (напр., 100 г сухой масы хларэлы задавальняюць сутачную патрэбу чалавека і с.-г. жывёлы ў вітамінах), мінер. солямі, мікраэлементамі. Колькасць бялку, алею і вугляводаў у розных відаў водарасцей ад 5 да 50—80%. Выкарыстоўваюцца ў харч., мед., папяровай, нафтавай, хім. і інш. прам-сці, з іх атрымліваюць агар-агар, альгінаты, ёд, калійныя солі, цэлюлозу, спірт, кармавы бялок, воцатную і альгінавыя кіслоты. Многія водарасці спажываюцца чалавекам (пераважна марскія — марская капуста і салата), ідуць на корм жывёле, угнаенне, служаць важнымі кампанентамі замкнёных экасістэм на касм. караблях і падлодках (напр., хларэла), таксама сістэм біял. ачысткі сцёкавых вод (напр., пратакокавыя водарасці), кормам для зоапланктону і рыб. Масавае развіццё («цвіценне») водарасцей пагаршае якасць вады, парушае работу фільтраў на ачышчальных збудаваннях, выклікае замор рыбы. Некаторыя віды выдзяляюць таксічныя рэчывы, небяспечныя для жывых арганізмаў. Для барацьбы з непажаданымі відамі водарасцей выкарыстоўваюць альгіцыды. Адклады выкапнёвых дыятомавых водарасцей утвараюць вапняковыя і даламітавыя пароды — дыятаміты і інш. Вывучэнне выкапнёвых водарасцей і іх адкладаў мае важнае стратыграфічнае і палеаэкалагічнае значэнне. Водарасці — прадмет вывучэння альгалогіі.
Літ.:
Водоросли: Справ. Киев, 1989;
Жизнь растений. Т. 3. Водоросли. Лишайники. М., 1977;
Саут Р., Уиттик А. Основы альгологии: Пер. с англ.М., 1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСТРАНО́МІЯ (ад астра... + грэч. nomos закон),
навука пра рух, будову, паходжанне і развіццё касм. целаў, іх сістэм і Сусвету ў цэлым. Вывучае розныя аб’екты: планеты і іх спадарожнікі, каметы і метэорнае рэчыва, зоркі, зорныя сістэмы (галактыкі), міжзорны газ і дыфузнае рэчыва, рассеянае ў касм. прасторы, эл.-магн. выпрамяненне нябесных целаў. Асн. раздзелы астраноміі: астраметрыя, астрафізіка, зорная астраномія, касмагонія, касмалогія, нябесная механіка, пазагалактычная астраномія, радыёастраномія.
Астраномія ўзнікла ў глыбокай старажытнасці з практычных патрэб чалавецтва. Рух Месяца, планет і сузор’яў дапамагаў вызначаць прамежкі часу і змены пораў года, весці каляндар, арыентавацца на мясцовасці. Практычны характар астр. ведаў адлюстраваўся ў нар. назвах касм. аб’ектаў (напр., Млечны Шлях — «Птушыны Шлях», планета Венера — «Вечарніца» і інш.) і ў стварэнні найпрасцейшых аграрна-астр. «абсерваторый». Адно з такіх збудаванняў дахрысціянскіх часоў з арыентаваных валуноў выяўлена і на Беларусі каля воз. Янова ў Полацкім раёне. Астраномія паспяхова развівалася ў Вавілоне, Егіпце, Стараж. Грэцыі, Індыі і Кітаі. Стараж.-грэч. вучоны Пталамей распрацаваў у 2 ст.геацэнтрычную сістэму свету, якая была агульнапрынятай амаль 1,5 тыс. гадоў. У сярэднія вякі астраномія дасягнула значнага развіцця ў дзяржавах Усходу. У 15 ст. Улугбек пабудаваў паблізу Самарканда астр. абсерваторыю з дастаткова дакладнымі на той час вугламернымі інструментамі. Узнікненне сучаснай астраноміі звязана са стварэннем геліяцэнтрычнай сістэмы свету (М.Капернік, 16 ст.), вынаходствам тэлескопа (Г.Галілей, пач. 17 ст.), адкрыццём законаў руху планет (І.Кеплер, пач. 17 ст.) і сусветнага прыцягнення закону (І.Ньютан, канец 17 ст.).
У 18 — пач. 20 ст. назіральная астраномія атрымала шматлікія звесткі пра Сонечную сістэму, фіз. прыроду зорак і інш.касм. аб’ектаў, што спрыяла стварэнню навук. карціны свету. Выкарыстанне ў астр. даследаваннях метадаў спектраскапіі, фатаграфіі і фотаметрыі прывяло да ўзнікнення астрафізікі. Вялікае значэнне мела заснаванне многіх астранамічных абсерваторый, удасканаленне астранамічных інструментаў і прылад, складанне зорных каталогаў з указаннем дакладных каардынат зорак. Гэтыя дасягненні астраноміі звязаны з працамі У.Гершэля (Вялікабрытанія), Ж.Лагранжа, П.Лапласа, У.Левер’е (Францыя), М.В.Ламаносава, В.Я.Струве, Ф.А.Брадзіхіна (Расія), К.Доплера (Аўстрыя) і інш. Значны ўклад у назіральную астраномію і астрафіз. метады даследавання зрабілі астраномы Віленскай астранамічнай абсерваторыі і астраномы — выхадцы з Беларусі: С.М.Блажко, Дз.І.Дубяга, Г.А.Ціхаў, В.К.Цэраскі. Астр. даследаванні ў б.СССР звязаны з працамі В.А.Амбарцумяна, А.А.Белапольскага, С.У.Арлова, Я.К.Харадзе і інш. Даследаванні спектраў галактык дазволілі Э.Хаблу (ЗША) выявіць у 1929 агульнае расшырэнне Сусвету, прадказанае рас. вучоным А.А.Фрыдманам (1922) на падставе тэорыі гравітацыі А.Эйнштэйна (1915—16). Сярэдзіна 20 ст. характарызавалася з’яўленнем новых сродкаў назірання і выкарыстаннем касм. тэхнікі, што значна расшырыла магчымасці астр. даследаванняў. Стварэнне аптычных і радыётэлескопаў з высокай раздзяляльнай здольнасцю, выкарыстанне штучных спадарожнікаў Зямлі, ракет, а таксама аптычных і электронных сістэм, у стварэнні якіх бралі ўдзел вучоныя Беларусі, дало магчымасць у 1960—80 выявіць і даследаваць новыя касм. аб’екты: радыёгалактыкі, квазары, пульсары, крыніцы рэнтгенаўскага і нейтрыннага выпрамяненняў. Астраномія стала эксперыментальнай навукай, здольнай непасрэдна даследаваць касм. прастору, вывучаць Месяц і бліжэйшыя планеты. З дапамогай касм. апаратаў (напр., «Венера», «Марс», «Меркурый», «Рэйнджэр» і інш.) атрыманы фотаздымкі Месяца і амаль усіх планет Сонечнай сістэмы (акрамя Плутона), адкрыты новыя спадарожнікі планет, кольцы вакол планет-гігантаў, сфатаграфавана ядро каметы Галея.
Літ.:
Бакулин П.М., Кононович Э.В., Мороз В.И. Курс обшей астрономии. 5 изд. М., 1983;
Мартынов Д.Я. Курс обшей астрофизики. 4 изд. М., 1988;
Климишин И.А. Астрономия наших дней. 3 изд. М., 1986;
Паннекук А. История астрономии: Пер. с англ.М., 1966.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ТАМ (ад грэч. atomos непадзельны),
часціца рэчыва, найменшая частка хім. элемента, якая з’яўляецца носьбітам яго ўласцівасцяў. Кожнаму элементу адпавядае пэўны род атама, якія абазначаюцца сімвалам хім. элемента і існуюць у свабодным стане або ў злучэнні з інш. атамамі, у складзе малекул. Разнастайнасць хім. злучэнняў абумоўлена рознымі спалучэннямі атамаў у малекулах. Фіз. і хім. ўласцівасці свабоднага атама вызначаюцца яго будовай. Атам мае дадатна зараджанае цэнтр. атамнае ядро і адмоўна зараджаныя электроны і падпарадкоўваецца законам квантавай механікі.
Асн. характарыстыка атама, што абумоўлівае яго прыналежнасць да пэўнага элемента, — зарад ядра, роўны +Ze, дзе Z = 1, 2, 3, ... — атамны нумар элемента, e — элементарны эл. зарад. Ядро з зарадам +Ze утрымлівае вакол сябе Z электронаў з агульным зарадам -Ze. У цэлым атам электранейтральны. Пры страце электронаў ён ператвараецца ў дадатна зараджаны іон. Маса атама ў асноўным вызначаецца масай ядра і прапарцыянальная яго атамнай масе, якая прыблізна роўная масаваму ліку. Пры яго павелічэнні ад 1 (для атама вадароду, Z = 1) да 250 (для атама трансуранавых элементаў, Z>92) маса атама мяняецца ад 1,67∙10−27 да 4∙10−25кг. Памеры ядра (парадку 10−14—10−15м) вельмі малыя ў параўнанні з памерамі ўсяго атама (10−10м). Паводле квантавай тэорыі, для электронаў у атаме магчымы толькі пэўныя (дыскрэтныя) значэнні энергіі, якія для атама вадароду і вадародападобных іонаў вызначаюцца формулай
, дзе h — Планка пастаянная, c — скорасць святла, R — Рыдберга пастаянная, n = 1, 2, 3 ... цэлы лік, які вызначае магчымае значэнне энергіі і наз. галоўным квантавым лікам. Велічыня hcR=13,60 эВ ёсць энергія іанізацыі атама вадароду, г. зн. энергія, неабходная на тое, каб перавесці электрон з асн. ўзроўню (n=1) на ўзровень n=∞, што адпавядае адрыву электрона ад ядра. Электроны ў атаме пераходзяць з аднаго ўзроўню энергіі на другі паводле квантавага закону . Кожнаму значэнню энергіі адпавядае 2n2 розных квантавых станаў, што адрозніваюцца значэннямі трох дыскрэтных фізічных велічыняў: арбітальнага моманту імпульсу Me, яго праекцыі Mez на некаторы напрамак z і праекцыі (на той жа напрамак) спінавага моманту імпульсу Msz. Me вызначаецца азімутальным квантавым лікам 1, які прымае n значэнняў (1=0, 1, 2 ..., n-1); Mez — арбітальным магнітным квантавым лікам me, які прымае 21+1 значэнняў (m1 = 1, 1-1, ..., -1); Msz спінавым магнітным квантавым лікам ms, які мае значэнні ½ і −½ (гл.Спін, Квантавыя лікі). Агульны лік станаў з аднолькавай энергіяй (зададзена n) наз.ступенню выраджэння ці статыстычнай вагой. Для атама вадароду і вадародападобных іонаў ступень выраджэння ўзроўняў энергіі . Зададзенаму набору квантавых лікаў n, 1, me адпавядае пэўнае размеркаванне электроннай шчыльнасці (імавернасці знаходжання электрона ў розных месцах атама). Паводле Паўлі прынцыпу, у атаме не можа быць двух (або больш) электронаў у аднолькавым стане, таму максімальны лік электронаў у атаме з зададзенымі n і 1 роўны 2 (21 + 1). Электроны ўтвараюць электронную абалонку атама і цалкам яе запаўняюць. На аснове ўяўлення пра паступовае запаўненне, з павелічэннем Z, усё больш аддаленых ад ядра электронных абалонак можна растлумачыць перыядычнасць хім. і фіз. уласцівасцяў элементаў. Гл. таксама Перыядычная сістэма элементаў Мендзялеева.
Літ.:
Шпольский Э.В. Атомная физика. Т. 1—2. М., 1984;
Борн М. Атомная физика. М., 1970;
Гольдин Л.Л., Новикова Г.И. Введение в квантовую физику. М., 1988;
Ландау Л.Д., Лифшиц Е.М. Теоретическая физика. Т. 3. Квантовая механика;
Нерелятивистская теория. 4 изд. М., 1989.
М.А.Ельяшэвіч.
Да арт.Атам. Размеркаванне электроннай шчыльнасці для станаў атама вадароду з n = 1, 2 і 3.Да арт.Атам. Узроўні энергіі En і спектральныя серыі атама вадароду: лініі серый Лаймана, Бальмера і Пашэна.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРАМА́ДСКІЯ АРГАНІЗА́ЦЫІ, грамадскія аб’яднанні,
недзяржаўныя формы грамадз. самавыяўлення, самакіравання і самадзейнасці. У залежнасці ад мэт і маштабаў дзейнасці аб’ядноўваюць грамадзян на добраахвотнай аснове для сумеснай абароны і развіцця разнастайных інтарэсаў і патрэб (сац., эканам., паліт., культ., навук., рэлігійных і інш.). Масавыя грамадскія арганізацыі і рухі фарміруюцца і дзейнічаюць пераважна на аснове прынцыпаў агульнаграмадскай карысці і сац. справядлівасці, нац.-патрыятычных, дэмакр., прававых ідэй, што дазваляе ім укараніцца ў грамадскім жыцці, уплываць на грамадскую свядомасць, а ў пэўных выпадках мабілізаваць грамадства на сумеснае пераадоленне перашкод і пагроз яго існаванню. Прататыпы грамадскіх арганізацый вядомы з глыбокай старажытнасці, напр. Акадэмія Платона ў Стараж. Грэцыі, пахавальныя калегіі ў Стараж. Рыме, раннехрысціянскія брацтвы. Паступовыя змены ў грамадстве абумовілі яго больш складаны характар, што выявілася ў росце колькасці грамадскіх арганізацый і актывізацыі іх дзейнасці ў перыяд бурж. рэвалюцый у Зах. Еўропе. Неабходную прастору для ўзнікнення шматлікіх грамадскіх арганізацый адкрыла абвяшчэнне і прававое замацаванне ў дэкларацыях, хартыях, канстытуцыях асн. правоў і свабод чалавека і грамадзяніна: свабоды і недатыкальнасці асобы; роўнасці перад законам; свабоды слова, друку, сходаў, аб’яднанняў; права на сац. пратэст супраць прыгнёту і інш. Сфарміраваліся і сталі традыцыйнымі для зах. грамадства асн. ідэйна-паліт. плыні — сацыялістычная (камуністычная), сацыял-дэмакр., ліберальная і кансерватыўная. Яны з’явіліся падставай для ўзнікнення і дзейнасці шматлікіх грамадскіх арганізацый, найперш паліт. партый і саюзаў, эканам. аб’яднанняў і інш. Пастаяннае месца ў грамадскім жыцці займаюць прафсаюзы, якія ў 2-й пал. 20 ст. значна пашырылі свой уплыў на заканадаўства і сац. палітыку дзяржаў. У апошнія дзесяцігоддзі 20 ст. ўзмацняецца паліт.значэнне і ўплыў экалаг. партый і арг-цый («зялёных»), а таксама аб’яднанняў і арг-цый, якія сваёй гал. мэтай лічаць садзейнічанне развіццю грамадскай самадзейнасці на рэгіянальным узроўні. Значна павялічваецца ў грамадскім жыцці роля навук., культ., асв. і інш. арг-цый, якія імкнуцца актыўна ўплываць на дзярж. палітыку ў сваіх галінах. Развіваюцца і пашыраюцца міжнар. кантакты і супрацоўніцтва грамадскіх арганізацый асобных краін. Пэўнаму развіццю ў гэтым кірунку спрыяла прыняцце ААН Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека (1948) і міжнар. Пактаў аб правах (1966), ратыфікаваных шматлікімі краінамі свету, у т. л. Беларуссю. Асн. палажэнні гэтых дакументаў знайшлі сваё замацаванне ў Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь 1994.
У БССР існавалі такія масавыя грамадскія арганізацыі, як КПБ, ЛКСМБ, прафсаюзы, аб’яднанні пісьменнікаў, кампазітараў, мастакоў, архітэктараў, т-ва «Веды» і інш. У Зах. Беларусі дзейнічалі грамадскія арганізацыі рэв.-дэмакратычныя (Беларуская сялянска-работніцкая грамада, «Змаганне»), культ.-асветныя (Таварыства беларускай школы), навуковыя (Беларускае навуковае таварыства ў Вільні), дабрачынныя (Чырвоная дапамога), рэлігійныя і інш. Змены ў паліт. і грамадскім жыцці з пач. 1990-х г. знайшлі адлюстраванне ў шырокім плюралізме грамадскіх арганізацый рознага характару і накіраванасці. Арганізацыйна аформіліся Беларускі народны фронт «Адраджэнне», паліт. партыі, аб’яднанні і саюзы, якія прадстаўляюць практычна ўсе спектры грамадскага жыцця. Сярод іх Згуртаванне беларусаў свету «Бацькаўшчына», Беларускае таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі, Бел.к-т абароны міру, Бел. асацыяцыя садзейнічання ААН, Беларускі фонд культуры, Бел.патрыят. саюз моладзі, Беларускае таварыства аховы прыроды, т-ва «Экалагічная культура», жаночыя аб’яднанні і інш. Пашыраецца актыўнасць рэліг. арг-цый, у т. л. традыцыйных і нетрадыцыйных сектаў. Неабходнасць дапамогі дзяржаве ў пераадоленні вынікаў Чарнобыльскай катастрофы 1986 прывяла да ўзнікнення шэрагу грамадскіх арганізацый («Ахвяры Чарнобыля», «Дзеці Чарнобыля», «Дзецям Чарнобыля» і інш.), якія садзейнічаюць станоўчаму вырашэнню гэтай балючай для бел. народа праблемы. На 1.10.1997 зарэгістравана 2002 грамадскія арганіхацыі, з іх 855 рэспубліканскіх, 119 міжнародных, 952 мясцовыя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫФЕРЭНЦЫЯ́ЛЬНЫЯ ЎРАЎНЕ́ННІ,
ураўненні, якія змяшчаюць невядомыя функцыі, іх вытворныя любых парадкаў і незалежныя пераменныя. Уведзены ў матэматыку І.Ньютанам і Г.Лейбніцам. Іх сістэматычнае вывучэнне пачаў Л.Эйлер. У 19 ст. Д.ў. сталі самастойнай матэм. дысцыплінай. Заснавальнікі сучаснай тэорыі Д.у. — А.М.Ляпуноў, У.А.Сцяклоў і інш.
Змена масы m радыеактыўнага рэчыва з каэфіцыентам распаду k за прамежак часу dt выражаецца Д.у. dm = kmdt (1). Тэмпература U = U(x, y, z), што ўстанавілася ў кожным пункце (x, y, z) цела, на мяжы якога падтрымліваецца зададзены цеплавы рэжым, задавальняе Д.ў.
(2).
Д.ў. віду (1) — звычайнае Д.ў. (змяшчае функцыю аднаго пераменнага), віду (2) — Д.ў. ў частковых вытворных (змяшчае вытворныя невядомай функцыі па розных пераменных). Парадак Д.ў. вызначаецца вытворнай самага высокага парадку ў гэтым ўраўненні Кожнае Д.ў. вызначае адразу цэлую сям’ю рашэнняў, залежную ад лікавых ці функцыянальных параметраў; яно выражае некаторы агульны закон, якому падпарадкоўваецца мноства канкрэтных працэсаў. Для вылучэння асобнага працэсу задаюць дадатковыя ўмовы, найчасцей — краявыя (пачатковыя і гранічныя). Для рашэння (1) задаецца пачатковае значэнне — маса m(0) = m0. Рашэнне (2) вызначаецца, напр., гранічнымі значэннямі — размеркаваннем тэмпературы на паверхні цела. Звычайнае лінейнае Д.ў. або сістэму гэтых Д.у. увядзеннем дапаможнай функцыі можна запісаць у выглядзе x′ = P(t)x + φ(t), дзе P — матрыца каэфіцыентаў, φ — вектар свабодных членаў, x = x(t) — вектар-функцыя. Калі Y — квадратычная матрыца, якая складаецца з незалежных рашэнняў адпаведнай аднароднай сістэмы (φ ≡ 0), а x* — адно з рашэнняў прыведзенага Д.ў., тады ўсе яго рашэнні дае формула x = x* + Yc, дзе c — адвольны пастаянны вектар. У шэрагу выпадкаў, напр. пры пастаяннай P, пабудова x* і Y зводзіцца да алгебраічных аперацый і інтэгравання. Існуюць і нелінейныя Д.ў., якія рашаюцца з дапамогай канечнага ліку прасцейшых аналітычных аперацый. Напр., калі My′= Mx′ тады ўсе рашэнні M(x,y)dx + N(x,y)dy = 0 дае формула ∫M(x,y)dx + N(x,y)dy = c, дзе c — адвольная пастаянная. Калі Д.ў. зададзена з дапамогай аналітычных функцый, тады рашэнне выяўляецца таксама аналітычнай функцыяй, раскладаецца ў ступенны рад каля кожнага неасаблівага пункта і знаходзіцца метадам неакрэсленых каэфіцыентаў. Вызначэнне рашэння Д.ў. ці сістэмы Д.у. x′ = ƒ(t,x) з зададзенай пачатковай умовай x(t0) = x0 раўназначнае рашэнню інтэгральных ураўненняў тыпу:
(3). Калі ƒ неперарыўная функцыя, то (3) мае хоць бы адно рашэнне. Калі, акрамя гэтага, неперарыўная ƒ′x, то рашэнне (3) адзінае і яго можна знайсці з дапамогай ітэрацый. Метад ітэрацый разам з метадам раздзялення пераменных, з метадам малога параметра і інш. ўжываецца і пры рашэнні Д.ў. з частковымі вытворнымі. Прыбліжанае рашэнне Д.ў. атрымліваюць, замяняючы ў Д.у. вытворныя адносінамі прырашчэнняў і пераходзячы да ўраўненняў у канечных рознасцях. Тэорыя Д.ў. выкарыстоўваецца ў варыяцыйным злічэнні, у тэорыі аптымальных працэсаў, у тэорыі кіравання рухам і ў большасці раздзелаў прыкладной матэматыкі. Вывучэнне краявых задач для Д.у. з частковымі вытворнымі — гал. частка матэм. фізікі.
На Беларусі развіццё тэорыі Д.у. звязана з імем М.П.Яругіна; распрацоўка новых раздзелаў тэорыі Д.у., арыентаваных на тэорыю кіравання, пачата ў 1966 Я.А.Барбашыным. Даследаванні па Д.у. вядуцца ў Ін-це матэматыкі Нац.АН Беларусі, БДУ і інш. (І.В.Гайшун, М.А.Ізобаў, Э.І.Груда, Ф.М.Кірылава, В.І.Карзюк і інш.). У Мінску выдаецца міжнар. навуковы час.«Дифференциальные уравнения».
Літ.:
Еругин Н.П. Книга для чтения по общему курсу дифференциальных уравнений. 3 изд. Мн., 1979;
Яго ж. Линейные системы обыкновенных дифференциальных уравнений с периодическими и квазипериодическими коэффициентами. Мн., 1963;
Барбашин Е.А. Введение в теорию устойчивости. М., 1967.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЯРЖА́ВА,
асноўны інстытут сістэмы грамадства, які з’яўляецца гал. сродкам паліт. улады, арганізоўвае, накіроўвае і кантралюе сумесную дзейнасць і ўзаемаадносіны людзей, сац. суполак, слаёў, класаў і асацыяцый. Першапачаткова азначала супольнасць людзей, якія жывуць на пэўнай тэрыторыі, аб’ядноўваюцца і кіруюцца органамі ўлады, утворанымі з мэтай абароны жыцця, свабоды і маёмасці грамадзян, забеспячэння дзярж. суверэнітэту краіны. У такім сэнсе Дз. трактавалася да 17 ст., калі Н.Макіявелі, Т.Гобс, Дж.Лок, Ж.Ж.Русо абгрунтавалі дакладную размежаванасць Дз. і грамадства.
Асн. адзнакі Дз.: адасабленне публічнай улады ад грамадства, яе несупадзенне з арганізацыяй усяго насельніцтва, з’яўленне слоя прафес. кіраўнікоў; наяўнасць пэўнай тэрыторыі, суверэнітэту, г. зн. вярхоўнай улады над пэўнай тэрыторыяй, якая мае права выдаваць законы і ўтвараць нормы, абавязковыя для ўсяго насельніцтва; функцыянаванне асобай сістэмы органаў і ўстаноў, што складаюць механізм Дз., спецыфічнае месца ў якім займаюць праваахоўныя ін-ты (суд, пракуратура, а таксама армія, міліцыя і інш.); наяўнасць права, г. зн. абавязковых правіл паводзін, якія ўстанаўліваюцца і санкцыянуюцца, кантралююцца Дз.; існаванне падаткаў, якія неабходны для матэрыяльнага забеспячэння дзярж. палітыкі: эканам., сац., абароннай і інш.; абавязковасць членства ў Дз., грамадзянства. якое чалавек атрымлівае з моманту нараджэння ці па адпаведнай просьбе (у выніку эміграцыі і інш.).
Істотнае значэнне мае тыпалогія Дз. з пункту гледжання класавай прыроды дзярж. улады (якому сац. класу яна служыць). Існуе падзел (гал. чынам у марксісцка-ленінскай тэорыі) на рабаўладальніцкую, феад., бурж., пралетарскую Дз. Паводле формы праўлення адрозніваюць Дз. манархічную (абсалютную ў Саудаўскай Аравіі, Амане ці канстытуцыйную ў Англіі, Швецыі, Іспаніі) і рэспубліканскую (прэзідэнцкую ў ЗША, Расіі, Беларусі, Францыі і інш. ці парламенцкую ў Германіі, Ізраілі, Турцыі і інш.); паводле формы дзярж. ўладкавання — унітарную (Беларусь), канфедэратыўную (Швейцарыя), федэратыўную (Расія, ЗША, Мексіка); паводле паліт. рэжыму — дэмакратычную, аўтарытарную, таталітарную.
У сучасным грамадстве шырока абмяркоўваюцца праблемы станаўлення і развіцця прававой і сацыяльнай Дз. Для прававой Дз. характэрны: наяўнасць грамадз. супольнасці; абарона правоў і свабод асобы, грамадз. парадку, стварэнне прававых умоў для гасп. дзейнасці ўсім яе суб’ектам; прававая роўнасць усіх грамадзян, прыярытэт правоў чалавека над законамі Дз.; усеагульнасць права, яго распаўсюджанне на ўсіх грамадзян, усе арганізацыі і ўстановы, у т. л. і органы дзярж. улады; раздзяленне заканадаўчай, выканаўчай і судовай улад; суверэнітэт народа як канчатковага вытоку ўлады, падначаленасць яму дзярж. суверэнітэту. Сацыяльная Дз. — гэта такі сац.-паліт.ін-т, які забяспечвае кожнаму грамадзяніну дастойныя ўмовы існавання, сац. абароненасці, аднолькавыя магчымасці для самарэалізацыі кожнага чалавека ў грамадстве, саўдзельніцтва ў кіраванні вытв-сцю і інш. сферамі грамадскага жыцця, у т. л. палітычнага.
На тэр. Беларусі першыя дзярж. ўтварэнні існавалі ў 9—13 ст. у выглядзе буйных княстваў — Полацкага, Тураўскага, Мінскага (Менскага), Гродзенскага (Гарадзенскага), Навагрудскага (гл. адпаведныя арг.). Далейшае развіццё дзяржаўнасць набыла ў Вялікім княстве Літоўскім. У 1569 ВКЛ уступіла ў канфедэратыўны саюз з Польшчай і стварыла разам з ёй адзіную Дз. Рэч Паспалітую. У выніку 3 падзелаў Рэчы Паспалітай землі Беларусі былі далучаны да Расійскай імперыі. Адраджэнне бел. дзяржаўнасці адбылося ў пач. 20 ст. з абвяшчэннем Беларускай Народнай Рэспублікі (25.3.1918) і ўтварэннем Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі (1.1.1919). 27.7.1990 прынята Дэкларацыя аб дзярж. суверэнітэце БССР. На сесіі Вярхоўнага Савета БССР 19.9.1991 зацверджана назва Дз. — Рэспубліка Беларусь. Паводле новай рэдакцыі Канстытуцыі 1994, зацверджанай рэферэндумам 1996, Рэспубліка Беларусь з’яўляецца унітарнай дэмакр. сацыяльна-прававой Дз.
Літ.:
Доўнар-Запольскі М.В. Асновы Дзяржаўнасьці Беларусі. Мн., 1994;
Пугачев В.П., Соловьев А.И. Введение в политологию. 3 изд. М., 1997;
Матусевич А.В. Политическая система: Состояние и развитие. Кн. 1. Мн., 1992;
Юхо Я.А. Кароткі нарыс гісторыі дзяржавы і права Беларусі. Мн., 1992.