І́ДАЛ (ад грэч. eidōlon вобраз, падабенства),

матэрыяльны прадмет, які з’яўляецца аб’ектам рэліг. пакланення. На Беларусі І. — каменныя, драўляныя або металічныя скульпт. выявы язычніцкіх багоў (напр., Шклоўскі ідал). Лакальныя назвы — багі, балваны, каменныя бабы, куміры, стоды, ёлупы. У час язычніцтва І. ставілі на капішчах як аб’екты пакланення. Пасля ўсталявання хрысціянства большасць І. была знішчана, закапана ў зямлю ці ўтоплена; на многіх выбівалі крыжы ці надавалі ім форму крыжа. У пераносным сэнсе — прадмет сляпога пакланення.

т. 7, с. 165

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІРЫДАЦЫ́ТЫ [ад грэч. iris (iridos) вясёлка + ...цыт(ы)],

ірыдафоры, пігментныя клеткі ў злучальнатканкавай частцы скуры ніжэйшых пазваночных (асабліва ў рыб) і стромы радужнай абалонкі вока ўсіх пазваночных, акрамя млекакормячых. Забяспечваюць адбітак і рассейванне святла. Запоўнены спецыфічнымі адбівальнымі пласцінкамі, якія складаюцца з крышт. пурынаў (гуаніну і гіпаксанціну) і пры пэўнай арыентацыі надаюць многім рыбам, земнаводным і паўзунам серабрысты бляск і блакітнаватую афарбоўку. Форма і размеркаванне пігменту ў І. рэгулююцца гармонамі (меланатрапінам і мелатанінам).

т. 7, с. 325

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛАГЕ́Н (ад грэч. kolla клей + ...ген),

фібрылярны бялок, што ўтварае аснову калагенавых валокнаў злучальнай тканкі і забяспечвае яе трываласць. Складае каля ​1/3 усіх бялкоў арганізма. Малекула К. ўтворана з 3 поліпептыдных ланцугоў; у саставе К. гліцын, аксіпралін і аксілізін. Не раствараецца ў вадзе і арган. растваральніках. Раствараецца ў шчолачы. Ад доўгага награвання ператвараецца ў жэлацін. Устойлівы да пратэалітычных ферментаў, расшчапляецца калагеназай. Парушэнне структуры і абмену К. — адна з прычын калагенавых хвароб.

т. 7, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІ́Т (ад грэч. kolon тоўстая кішка),

вострыя ці хранічныя запаленча-дыстрафічныя пашкоджанні тоўстай кішкі. Прычыны: інфекцыя (бацылярная дызентэрыя, грып, пнеўманія, сальманелёз), інвазія (амёбная дызентэрыя, балантыдыяз), гельмінтозы (трыхацэфалёз, аскарыдоз), атручэнні, хваробы страўніка, печані, уздзеянне алергічных фактараў, няправільнае харчаванне (аднастайная ці вострая ежа, алкаголь, недахоп вітамінаў). Характарызуецца спастычнымі болямі ў жываце, функцыян. парушэннем работы кішэчніка (запор, панос, у цяжкіх выпадках з прымессю крыві), іншы раз павышэннем т-ры, стратай апетыту, слабасцю. Лячэнне: тэрапеўтычнае, дыета.

т. 7, с. 471

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРА́ЛЫ (грэч. korallion),

марскія кішачнаполасцевыя жывёлы, пераважна з класа каралавых паліпаў, часткова з гідроідных (падатр. гідракаралы). Пашыраны ўсюды. На Беларусі выяўлены выкапнёвыя К., якія ўдзельнічалі ў стварэнні арганагенных пабудоў.

Даўж. ад некалькіх міліметраў да 1 м. Большасць К. утвараюць вапнавы, радзей рагавы шкілет разнастайнай формы. Зараснікі мадрэпоравых К. складаюць аснову каралавых рыфаў. К. называюць таксама шкілеты высакароднага карала, або чырвонага і чорнага К. (з атр. гарганарый), з якіх вырабляюць ювелірныя ўпрыгожанні і сувеніры.

т. 8, с. 52

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТА́НІЯ (Catania),

горад у Італіі, на в-ве Сіцылія, каля падножжа вулкана Этна. Адм. ц. правінцыі Катанія. Засн. ў 729 да н. э. 364 тыс. ж. (1991). Вузел чыгунак і аўтадарог. Прам-сць: суднарамонтная, радыёэлектронная, нафтахім., цэментная. Вытв-сць с.-г. машын. Ун-т (з 1434). Астрафіз. абсерваторыя. Вулканалагічны ін-т. Мінералагічны музей. Бат. сад. Руіны стараж.-грэч. і стараж.-рым. збудаванняў. Арх. помнікі 11—18 ст. Мемарыяльны музей кампазітара В.​Беліні (нарадзіўся ў К.).

т. 8, с. 171

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КВАДРА́ТНАЕ ЎРАЎНЕ́ННЕ,

алгебраічнае ўраўненне 2-й ступені. Агульны выгляд К.ў.: ax2 + bx + c = 0 пры a ≠ 0. Былі вядомыя стараж.-грэч. матэматыкам; Эўклід рашаў іх у геам. форме.

Мае 2 корані, якія вылічваюцца паводле формул x1,2 = ( b ±D ) , дзе D = b2 4ac дыскрымінант ураўнення. Калі a, b, c — сапраўдныя і D ≠ 0, то карані розныя і сапраўдныя, пры D = 0 — сапраўдныя аднолькавыя, пры D < 0 — камплексна спалучаныя.

т. 8, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕРКІНІТЫ́ДА (грэч. Kerkinitis),

антычны горад, заснаваны грэкамі на рубяжы 6—5 ст. да н.э. на зах. узбярэжжы Крыма, на месцы сучаснай Еўпаторыі. У 4—2 ст. уваходзіла ў склад уладанняў Херсанеса. Праз К. вёўся гандлёвы абмен са скіфамі Крыма. У 2-й пал. 4 ст. і 3 ст. да н.э. К. чаканіла свае манеты. Заняпала ў выніку грэка-скіфскіх войнаў 2 ст. да н.э. У час раскопак выяўлены частка абарончых сцен і руіны жылых кварталаў.

т. 8, с. 238

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛЕЙСТАГА́МІЯ (ад грэч. kleistos закрыты + gamos шлюб),

самаапыленне і самаапладненне раслін у нераскрытых кветках. Бывае пастаянная (у фіялкі, кісліцы), звязана з рэдукцыяй калякветніка і памяншэннем памераў кветкі. Асобная форма пастаяннай К. — развіццё і апладненне кветак у глебе (у арахісу). Непастаянная К. абумоўлена неспрыяльнымі ўмовамі (засуха, высокая або нізкая т-ра навакольнага асяроддзя) і не суправаджаецца рэдукцыяй калякветніка (у аўса, кавылю, пшаніцы і інш.). На адной расліне бываюць клейста- і хазмагамныя (адкрытыя) кветкі.

т. 8, с. 329

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАКАЛІ́Т (ад грэч. lakkos яма, упадзіна + lithos камень),

грыбападобнае (караваепадобнае) або лінзападобнае інтрузіўнае цела (гл. Інтрузія), што ўтвараецца на невял. глыбіні пры ўкараненні магмы ў тоўшчу асадкавых горных парод, якія купалападобна прыўзнімаюцца над інтрузівам. Бываюць пранізаны жыльнымі магматычнымі пародамі, якія адыходзяць ад ядра Л. Працэсы дэнудацыі могуць агаляць Л. на паверхні (напр., г. Аюдаг у Крыме, група Л. на Каўказе, у наваколлі гарадоў Пяцігорск і Кіславодск).

Да арт. Лакаліт. Гара Аюдаг у Крыме.

т. 9, с. 104

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)