СТО́ЛПЕР Аляксандр Барысавіч (12.8.1907, г. Даўгаўпілс, Латвія — 11.1.1979),

расійскі кінарэжысёр, сцэнарыст. Нар. арт. Расіі (1969). Нар. арт. СССР (1977). Вучыўся ў майстэрні Л.​Куляшова (1923—27). Скончыў Вышэйшы дзярж. ін-т кінематаграфіі (1938), з 1965 у ім выкладаў. Паставіў фільмы па творах К.​Сіманава «Хлопец з нашага горада» (1942), «Чакай мяне» (1943, абодва з Б.​Івановым), «Дні і ночы» (1945), «Жывыя і мёртвыя» (1964, гал. прыз Міжнар. кінафестывалю ў Карлавых Варах 1964), «Адплата» (1969), Б.​Палявога «Аповесць пра сапраўднага чалавека» (1948), В.​Ажаева «Далёка ад Масквы» (1950), Ю.​Нагібіна «Цяжкае шчасце» (1958). Аўтар сцэнарыяў шэрагу фільмаў, у т. л. «Пуцёўка ў жыццё» (1931, з М.​Экам, Р.​Янушкевічам). Дзярж. прэміі СССР 1949, 1951. Дзярж. прэмія Расіі 1966.

т. 15, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРАЛКО́ВЫЯ ВО́ЙСКІ,

назва лёгкай пяхоты ў шэрагу армій еўрап. краін з 18 ст.; па традыцыі назва захоўвалася для некат. пяхотных часцей і злучэнняў і ў 2-й пал. 19—1-й пал. 20 ст. С.в. мелі на ўзбраенні штуцэры, вінтоўкі, а таксама аблегчаны рыштунак. Аналагічныя па прызначэнні войскі рас. арміі спачатку называліся егерскімі; у 1833—56 існавалі Віцебскі 13-ы егерскі полк, Полацкі 14-ы егерскі полк і інш. Першыя асобныя стралк. батальёны сфарміраваны ў 1830-я г., потым — стралк. палкі, брыгады і дывізіі. У СССР у складзе сухапутных войск С.в. існавалі з 1918 да пач. 1960-х г. У сувязі з аснашчэннем С.в. сучаснай тэхнікай у 2-й пал. 1950-х г. створаны мотастралк. злучэнні, з 1963 — мотастралковыя войскі.

С.​В.​Папоў.

т. 15, с. 196

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРАЛЮ́К Мар’ян Іванавіч (6.1.1938, в. Мохавічы Лідскага р-на Гродзенскай вобл. — 25.8.2000),

бел. вучоны ў галіне энергетыкі. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1989), д-р тэхн. н. (1986), праф. (1987). Засл. дз. нав. Беларусі (1999). Скончыў БПІ (1961). З 1961 працаваў на Наваполацкай ЦЭЦ-2, з 1963 у БПА (з 1978 нам. дэкана, дэкан, з 1987 прарэктар). Навук. працы па тэорыі і практыцы даследавання электрадынамічнай устойлівасці токаправодных канструкцый. Распрацаваў тэорыю і метады разліку электрадынамічных намаганняў у прасторавых токаправодных сістэмах адвольнай канфігурацыі.

Тв.:

Расчет электродинамических усилий в системе произвольно расположенных прямолинейных проводников (у сааўт.) // Электричество. 1976. № 5;

Расчет электродинамической стойкости гибких шин ОРУ с учетом климатических условий (у сааўт.) // Изв. вузов и энергообъединений СНГ. Энергетика. 1994. № 5/6.

М.І.Стралюк.

т. 15, с. 198

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТРЭ́ШЫНСКАЯ ЦАРКВА́,

помнік архітэктуры класіцызму ў г.п. Стрэшын Жлобінскага р-на Гомельскай вобл. Пабудавана ў 1807 з цэглы. Храм цэнтрычны, складаецца з асн. аб’ёму (у плане квадрат са зрэзанымі вугламі) і прылеглых да яго з 4 бакоў паўкруглых аб’ёмаў. Асн. аб’ём мае сферычнае пакрыццё, завершаны круглым светлавым барабанам-ратондай з невял. купалам. Аналагічныя вежачкі-ратонды пазначаюць вуглы аб’ёму, грані якога завершаны трохвугольнымі франтонамі. Фасады аздоблены пілястрамі і паўцыркульнымі нішамі, у якіх размешчаны аконныя праёмы. Ў стварэнні арх. рытму фасадаў выкарыстаны авальныя, круглыя і паўкруглыя люкарны. Тры ўваходы вылучаны высокімі мураванымі ганкамі. Пад будынкам зроблена крыпта, у якую вядуць 2 лесвіцы, размешчаныя ў тоўшчы сцяны. У 1989 храм рэстаўрыраваны (арх. В.​Калнін).

А.​А.​Міцянін.

Стрэшынская царква.

т. 15, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТУПЕ́НЬ сапраўднага ліку a з натуральным паказчыкам n,

здабытак n сумножнікаў, кожны з якіх роўны a. Запісваецца , дзе a — аснова, n — паказчык С., a​n — С.

Паняцце С. абагульняецца на выпадак любога рацыянальнага паказчыка С: a​0 = 1 (a ≠ 0); a​−n = 1/a​n (a ≠ 0); a m / n = am n (a > 0, m, n — натуральныя лікі). Асн. дзеянні над С. з дадатнай асновай: a​n∙a​m — a​n+m, a​n/a​m = a​n−m, (a​n)​m = a​nm, (ab)​n = a​n∙b​n, (a/b)​n = a​n/b​n = a​n∙b​−n. У тэорыі аналітычных функцый разглядаюць С. камплексных лікаў з камплекснымі паказчыкамі.

А.​А.​Гусак.

т. 15, с. 224

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТЭРЫЛІЗА́ЦЫЯ (ад лац. sterilis бясплодны),

1) знішчэнне мікраарганізмаў і іх спор. Ажыццяўляецца фіз. (кіпячэнне, праграванне сухой парай, парай пад ціскам, ультрафіялетавае і іанізавальнае выпрамяненне, ультрагук), хім. (апрацоўка газападобнымі рэчывамі і растворамі хім. прэпаратаў) метадамі, з дапамогай бактэрыяльных фільтраў. Робіцца з мэтай прадухілення заносу мікраарганізмаў у арганізм чалавека і жывёл, недапушчэння мікробнага разбурэння розных матэрыялаў (харч., лек.), выключэння мікробнага забруджвання пры мікрабіял. даследаваннях і інш. У медыцыне і ветэрынарыі стэрылізуюць перавязачныя і шыўныя матэрыялы, дыягнастычнае і лек. абсталяванне, пажыўныя асяроддзі. посуд і інш. Пашырана таксама ў мікрабіялогіі, харч. прам-сці (разам з пастэрызацыяй).

2) С. палавая — уздзеянне на арганізм чалавека або жывёлы з мэтай пазбаўлення здольнасці аднаўлення патомства пры захаванні эндакрыннай функцыі палавых залоз. Гл. таксама Стэрыльнасць.

Э.​А.​Вальчук.

т. 15, с. 233

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТЭРЭАФАНІ́Я (ад стэрэа... + ...фон),

спосаб перадачы і ўзнаўлення гуку, пры якім захоўваецца ўспрыманне прасторавага размеркавання крыніц гуку.

Ажыццяўляецца з дапамогай шматканальных гукаперадавальных сістэм. У студыі 2 ці больш аднолькавых мікрафонаў размяшчаюцца на пэўнай адлегласці адзін ад аднаго, і эл. сігнал ад кожнага з іх перадаецца па асобным канале сувязі ці запісваецца на фанаграму з адпаведнай колькасцю дарожак (гл. Стэрэафанічны гуказапісу). Для гукаўзнаўлення на прыёмным баку размяшчаецца такая ж колькасць гучнагаварыцеляў, кожны з якіх атрымлівае сігнал ад адпаведнага мікрафона, што стварае ў слухачоў уражанне аб’ёмнасці гучання. Існуюць спосабы С., напр. Dolby, якія пры наяўнасці толькі 2 сігналаў ствараюць эфект аб’ёмнасці гуку высокай якасці. Сістэмы С. выкарыстоўваюцца ў стэрэафанічных радыёпрыёмніках, электрафонах, апаратуры стэрэфанічнага кіно, у канцэртных залах, тэатрах і інш.

т. 15, с. 236

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СУ́РЫКАЎ Іван Захаравіч (6.4.1841, в. Навасёлава Яраслаўскай вобл., Расія — 6.5.1880),

рускі паэт. Самастойна навучыўся грамаце і вершаскладанню. Друкаваўся з 1864. Выдаў зб-кі вершаў (1871, 1875, 1877). Асн. тэмы яго паэзіі — жыццё сялян, гарадской беднаты, цяжкая доля жанчыны. У творах з рус. гісторыі бунтарскі настрой: паэмы «Пакаранне смерцю Сценькі Разіна», «Садко» (на яе аснове аднайм. опера М.​Рымскага-Корсакава). Многія вершы прысвечаны рус. прыродзе, дзецям. Творчасць С. звязана з фальклорам. Некат. яго вершы сталі папулярнымі нар. песнямі: «Рабіна» («Што стаіш. гайдаешся...». «У стэпе» (у нар. апрацоўцы «Стэп ды стэп вакол...») і інш. Па яго ініцыятыве падрыхтаваны калектыўны зб. «Світанак» (1872), які стаў пачаткам існавання Сурыкаўскага літ.муз. гуртка (існаваў да 1933).

Тв.:

Стихотворения М., 1983.

Літ.:

Неженец Н.И. Поэзия И.​З.​Сурикова. Л., 1979.

т. 15, с. 284

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЫРАДУ́ТНЫ ПРАЦЭ́С,

атрыманне цестападобнага жалеза непасрэдна з руды ў сырадутных горнах або невял. пячах шахтавага тыпу. Спосаб узнік у 2-м тыс. да н.э., існаваў да пач. 20 ст.

Напачатку ажыццяўляўся ў ямах, унутр. абліцоўка (футроўка) якіх рабілася з вогнетрывалай гліны, або ў каменных ачагах з натуральнай цягай (ажыццяўлялася адкрытай фурмой знізу). Загружаная зверху жал. руда ператваралася ў крыцу — цвёрдую губчастую масу жалеза, якую для ўшчыльнення (зварвання) пракоўвалі. Пазней сырадутныя горны (гл. Горан) удасканалены выкарыстаннем для футроўкі цэглы ці вогнетрывалага камення і штучнага дуцця з дапамогай меха. У канцы 19 ст. ўдасканалены С.п. ў спец. пячах стаў бесперапынным. Разнавіднасць С.п. — крычнарудны працэс, якім бедныя цяжкаабагачальныя або комплексныя жал. руды перапрацоўваліся ў крыцу ў вярчальных трубчастых пячах.

т. 15, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СЯЛО́,

тып сельскага паселішча ва ўсх. славян. Тэрмін ужываецца таксама ў палякаў, балгар і інш. У Стараж. Русі С. складалася з 3—5 двароў, на Беларусі ў 14—15 ст. — з дымоў (двароў), або дварышчаў, якія ядналі 5—10 і болей сваяцкіх сем’яў. Пасля «Уставы на валокі» 1557 С. часта ўзнікалі на новых месцах; туды ссяляліся (асаджваліся) прыгонныя сяляне, якія выконвалі пераважна чыншавыя, падатковыя павіннасці (асадныя С.). Каля цэнтраў фальваркаў узнікалі дворныя С. найчасцей з колішняй чэлядзі, па 10—12 двароў. У сярэдзіне 17 ст. былі С. па 60 двароў і болей; на Беларусі яны сталі называцца таксама вёскамі, ад якіх амаль не адрозніваліся (гл. Вёска). У дарэв. Расіі С. наз. вялікае сялянскае паселішча з царквою, крамаю, карчмою і інш.

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 15, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)