электронная прылада кіравання і апрацоўкі інфармацыі, якая праграмуецца і складаецца з мікрасхем (адной ці некалькіх) высокай ступені інтэграцыі (гл.Інтэгральная схема). Выкарыстоўваецца як цэнтр.працэсар, напр. у мікра-ЭВМ, як прылада кіравання і апрацоўкі інфармацыі для перыферыйных блокаў ЭВМ, а таксама ў сістэмах кіравання тэхнал. і кантрольна-выпрабавальнага абсталявання, трансп. сродкаў, касм. апаратаў і інш.
Па функцыян. магчымасцях адпавядае працэсару ЭВМ, выкананаму на 20—40 мікрасхемах малой і сярэдняй ступені інтэграцыі, мае большае хуткадзеянне, істотна меншыя памеры, энергаспажыванне і інш. (у параўнанні з інш.выліч. прыладамі). Бываюць секцыянаваныя (з мікрапраграмным кіраваннем; дазваляюць пашыраць разраднасць, функцыян. магчымасці і інш.) і аднакрыштальныя (маюць фіксаваную разраднасць і пастаянны набор камандаў). Паводле віду ўваходных сігналаў М. падзяляюць на лічбавыя (прызначаны для лічбавай апрацоўкі сігналаў) і аналагавыя (прызначаныя для работы ў даследчых выліч. комплексах; дадаткова маюць аналагава-лічбавыя і лічбава-аналагавыя пераўтваральнікі). Найб. пашыраны аднакрыштальныя маларазрадныя М. для выкарыстання ў простых сістэмах кіравання, а таксама 64-разрадныя для прафес.ЭВМ. Першы М. Intel 4004 (1971) меў да 2250 транзістараў на адным крэмніевым крышталі, працаваў на частаце 750 кГц, выконваў да 60 тыс. аперацый за секунду ў якасціцэнтр. працэсара 4-разраднай ЭВМ і быў логікавым блокам, канкрэтнае прызначэнне якога можна задаваць праграмаваннем. Сучасныя М. маюць на адным крышталі да дзесяткаў мільёнаў транзістараў, працуюць на частотах у сотні мегагерц і выконваюць мільярды аперацый за секунду.
Літ.:
Корнеев В.В., Киселев А.В. Современные микропроцессоры. М., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЮ́ЗІК-ХОЛ (англ. music-hall канцэртная зала),
від эстраднага тэатра. Праграмы М.-х. складаюцца з невял. нумароў розных жанраў і ўяўляюць сабой муз.-эстр. канцэрты ці тэматычна і сюжэтна цэльныя муз.-эстр. спектаклі (агляды, рэвю). У пач. 18 ст. М.-х. — паказы ў англ. тавернах, дзе шырока выкарыстоўваліся прыёмы фарса, буфанады, гратэску. Адзін з першых М.-х. арганізаваны ў прыгарадзе Лондана (Воксхал). У 1890 у Лондане адкрыты М.-х. «Альгамбра», у аглядах якога выступалі эстр. і цыркавыя артысты. Першапачаткова гэтыя відовішчы прызначаліся для дэмакр. гледача. Паступова для еўрап. і амер. М.-х. стала тыповым захапленне экстравагантнымі сцэн. трукамі, пышнымі відовішчамі (рэвю). У М.-х. розных краін склаліся свае жанравыя асаблівасці: у Францыі і Італіі пераважаюць вакальныя, муз.-інструментальныя і тэлевізійныя формы, у Германіі — моўныя і эстр.-цыркавыя, у ЗША — эстр.-вадэвільныя, эксцэнтрычныя з «гёрлс» (girls) у якасці аднаго з вядучых кампанентаў паказу. Сярод майстроў замежных М.-х. Ж.Бейкер, І.Гільбер, К. дэ Мерод, Б.Кларк, Ж.Містэнгет, Э.Піяф, М.Шэвалье. У СССР першы М.-х. адкрыты ў 1923 у маскоўскім садзе «Акварыум». У 1926 пачаў працаваць М.-х. у памяшканні 2-га Дзяржцырка. Да сярэдзіны 1930-х г. М.-х. дзейнічалі ў Ленінградзе, Горкім, Растове-на-Доне, Баку, Таганрогу і інш. У 1960-я г. М.-х. зноў створаны ў Маскве, Ленінградзе і інш. гарадах.
Літ.:
Уварова Е.Д. Эстрадный театр: миниатюры, обозрения, мюзик-холлы (1917—1945). М., 1983.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІРАМІ́ДА,
манументальнае збудаванне, якое мае геам. форму піраміды (часам ступеньчатую або вежападобную). У сваёй класічнай форме П. склаліся ў 3—2-м тыс. да н.э. ў Стараж. Егіпце як пахавальні фараонаў (грабніцы). Іх налічваецца каля 100 разнастайных па памерах і функцыях у рознай ступені захаванасці. Самыя вял. П. пабудаваны ў Гізе для фараонаў IV дынастыі: Хеопса (выш. 146,6 м), Хефрэна (выш. 143,5 м), Мікерына (выш. 66,5 м). Паводле Герадота, П. Хеопса будавалі 100 тыс.чал. на працягу 20 гадоў (з’яўляецца адным з 7 дзівосаў свету). Кожная П., акрамя наземнай ч. з калідорамі і рытуальнымі камерамі, мае падземную ч. з сістэмай лабірынтаў, шахтаў і інш. Функцыі П. канчаткова не высветлены. Яны выраслі з мегалітычнай традыцыі першабытнасці і ўключаюць у сябе сінтэз розных ідэйных, рытуальных, мемар. мэт. Асн.буд. матэрыял — каменныя блокі, часам цэгла і разнастайнае запаўненне ўнутр. частак. У Шумеры, Вавілоне і Асірыі ступеньчатыя збудаванні пірамідальнага тыпу — зікураты — выкарыстоўвалі ў якасці асновы для храма ці інш. месца пакланення багам (напр., Вавілонская вежа). У 1-м тыс. да н.э. ў Цэнтр. і Паўд. Амерыцы будавалі насыпныя храмы ў выглядзе ўсечаных П. (Тыкаль, Гватэмала; Чычэн-Іца, Мексіка). У стараж.-рым. і новаеўрап. мастацтве матыў П. часта выкарыстоўвалі ў збудаваннях мемар. тыпу. Іл.гл. таксама да арт.Егіпет Старажытны.
Літ.:
Кинк Х.А. Как строились египетские пирамиды. М., 1967;
Михаловский К. Пирамиды и мастабы. Варшава, 1973.
Я.Ф.Шунейка.
Піраміда Хеопса ў Гізе (Егіпет).Піраміда з храма № 1 у Тыкалі (Гватэмала).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЫ́БНАЙ ГАСПАДА́РКІ БЕЛАРУ́СКІ НДІАкадэміі аграрных навук Беларусі
(БелНДІРГ). Засн. ў 1928 у Мінску як Бел.н.-д. станцыя рыбнай гаспадаркі пры Наркамаце земляробства БССР. З 1933 Бел.аддз. Усесаюзнага НДІ сажалкавай рыбнай гаспадаркі, з 1937 рыбны аддзел НДІхарч. прам-сці, з 1939 Бел.н.-д. станцыя Гал. ўпраўлення рыбнай прам-сці пры СНГ БССР, з 1958 Бел.НДІ рыбнай гаспадаркі, з 1992 у складзе Акадэміі агр. навук Беларусі, з 1996 Бел.н.-д. і праектна-канструктарскі ін-т рыбнай гаспадаркі, з 2000 сучасная назва. Лабараторыі (2000): селекцыі і племянной работы, рыбаводства і рыбалоўства на натуральных вадаёмах, кармоў, радыяцыйнай экалогіі і якасці асяроддзя. Селекцыйна-племянны ўчастак «Ізабеліна» (Маладзечанскі р-н),
гасп.-разліковы ўчастак «Вілейка» (Вілейскі р-н), азёрная база «Чаросава» (Лепельскі р-н).
Асн. кірункі навук. дзейнасці: устанаўленне заканамернасцей развіцця першаснай прадукцыі ва ўмовах інтэнсіўнага сажалкавага рыбаводства, распрацоўка тэорыі мінер. ўгнаення сажалак, класіфікацыя натуральных вадаёмаў Беларусі паводле іх генет. тыпу і складу іхтыяфауны, распрацоўка і ўкараненне інтэнсіўнай, паўінтэнсіўнай і пашавай тэхналогій сажалкавага рыбаводства; рэсурсазберажэнне ў сажалкавым рыбаводстве, стварэнне высокапрадукц. прамысл. парод, помесей і гібрыдаў карпа, удасканальванне рэцэптуры кармоў і тэхналогій кармлення, лячэння і прафілактыкі хвароб рыб і інш. У ін-це працавалі і працуюць Г.Г.Вінберг, М.Е.Макушок; д-ры навук М.Г.Аношка, П.І.Жукаў, В.У.Кончыц. З 1962 выдаецца навук.зб. «Пытанні рыбнай гаспадаркі Беларусі».
Літ.:
Белорусский научно-исследовательский и проектно-конструкторский институт рыбного хозяйства: 40 лет: 1958—1998. Мн., 1998.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЁМЫ УСЕБЕЛАРУ́СКІ З’ЕЗД САВЕ́ТАЎрабочых,
сялянскіх і чырвонаармейскіх дэпутатаў. Адбыўся 4—9.5.1925 у Мінску. Прысутнічала 525 дэлегатаў з рашаючым і 191 з дарадчым голасам. Парадак дня: справаздача ўрада БССР (Я.А.Адамовіч); аб развіцці сельскай гаспадаркі (Дз.Ф.Прышчэпаў); аб стане прам-сці ў БССР (А.Я.Калнін); аб сав. буд-ве (А.І.Хацкевіч); аб выкананні бюджэту 1924/25 і бюджэце на 1925/26 (Ф.А.Браўковіч); аб Чырв. Арміі (М.М.Тухачэўскі); аб медыцыне на вёсцы (М.І.Барсукоў); выбары ЦВКБССР, чл. Савета Нацыянальнасцей ЦВКСССР ад БССР і дэлегатаў на Усесаюзны з’езд Саветаў. З’езд ухваліў паліт. лінію ўрада Беларусі, адзначыў станоўчыя вынікі ўзбуйнення БССР, рост прам-сці, дасягненні ўрада ў арганізацыі дапамогі сялянству. Цэнтр. пытаннем на з’ездзе было абмеркаванне далейшых шляхоў развіцця сельскай гаспадаркі. У якасці першачарговай пастаўлена задача агульнага ўздыму сял. гаспадаркі, росту яе таварнасці і інтэнсіўнасці. З’езд пацвердзіў ранейшы курс на дапамогу бядняцкім гаспадаркам. Дэлегаты падтрымалі палітыку беларусізацыі, але адзначалі недахоп беларускамоўнай л-ры, настаўнікаў бел. мовы, спецыялістаў-беларусаў з вышэйшай адукацыяй. Было разгледжана становішча бел. насельніцтва ў Зах. Беларусі. З’езд выбраў ЦВКБССР з 154 чл. і 49 канд., 5 прадстаўнікоў ад БССР у Савет Нацыянальнасцей ЦВКСССР, 47 дэлегатаў з рашаючым і 10 з дарадчым голасам на ПІ Усесаюзны з’езд Саветаў.
Літ.:
Стенографический отчет VII Всебелорусского съезда Советов. Мн., 1925;
Резолюции VII Всебелорусского съезда Советов БССР. Мн., 1925.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІСТЭ́МА САЦЫЯ́ЛЬНАЯ,
цэласнае, структурна ўпарадкаванае ўтварэнне, якое складаецца з індывідаў і сац. супольнасцей, аб’яднаных сац. сувязямі і ўзаемаадносінамі. Істотнымі рысамі С.с., як і кожнай сістэмы, з’яўляюцца цэласнасць і інтэгральнасць. Новая якасць, якую яна ўтварае, не зводзіцца механічна да сумы якасцей яе элементаў (інтэгральны эфект), а ўласцівасці і заканамернасці элементаў часам выяўляюцца інакш, чым пры самаст. існаванні. У шырокім сэнсе С.с. — усё грамадства з яго падсістэмамі (сац. ін-тамі, арг-цыямі і інш. структурнымі фарміраваннямі). На эмпірычным узроўні — пэўная сац.супольнасць ці арганізацыя, для якой характэрны такія сістэмаўтваральныя якасці, як мэта, іерархія, кіраванне, этн. і нац. супольнасці, дзяржава. С.с. можна лічыць і кожную асобу, калі разглядаць яе з пункту гледжання характарыстык, якія выяўляюцца ў працэсе сац. узаемаадносін. У параўнанні з біял., тэхн. і інш. сістэмамі С.с. максімальна складаная, паколькі Яе асн. элемент (чалавек) валодае суб’ектыўнасцю і вял. дыяпазонам выбару паводзін. Аб’ектыўная складанасць С.с. прапарцыянальная множнасці яе элементаў, колькасці ўзроўняў і падсістэм, разнастайнасці сувязей паміж імі, ступені аўтаномнасці яе частак. Кожнай канкрэтнай С.с. уласціва іерархічнасць пабудовы — сістэмы ніжэйшага ўзроўню паслядоўна ўключаюцца ў сістэмы вышэйшага. Яна арганічна звязана са знешнім асяроддзем, выконвае строга абмежаваныя функцыі. Спосабам рэгулявання шматузроўневай іерархіі, забеспячэння сувязей паміж рознымі ўзроўнямі С.с. з’яўляецца кіраванне. Эфектыўны метад кіравання С.с. — мэтанакіраваны ўплыў на яе сістэмаўтваральныя элементы і сувязі.
Літ.:
Аверьянов А.Н. Система: филос. категория и реальность. М., 1976;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛОВАЗЛУЧЭ́ННЕ,
свабоднае сэнсавае і фармальнае аб’яднанне двух і болей паўназначных слоў, якое служыць для выражэння адносін паміж паняццямі, што абазначаны гэтымі словамі. Напр., «сонечны дзень», «бегчы лесам», «нехта з супрацоўнікаў рэдакцыі». У адрозненне ад сказа не мае прэдыкатыўнага значэння, не перадае закончанага выказвання. У маўленні С. выступае ў якасці часткі паведамлення. Найб. агульныя разрады С. вылучаюцца на падставе колькасці аб’яднаных слоў (двухслоўныя, ці простыя, і шматслоўныя, ці складаныя) і тыпу адносін паміж імі (спалучальныя і падпарадкавальныя). Утварэнне і ўжыванне спалучальных С. («гарады і вёскі», «слухаў, але не рэагаваў») падпарадкоўваюцца правілам функцыянавання аднародных членаў сказа. Падпарадкавальныя С. па ступені злітнасці кампанентаў падзяляюцца на сінтаксічна свабодныя і сінтаксічна несвабодныя («пераплёты кніг» — «некалькі кніг»). У залежнасці ад галоўнага слова вылучаюць С. дзеяслоўныя («скласці план»), назоўнікавыя («папера для чарчэння»), прыметнікавыя («варты ўзнагароды»), прыслоўныя («далёка ад дому»), лічэбнікавыя («трое ў шынялях»). Усе падпарадкавальныя С. маюць бінарную структуру, падзяляюцца на гал. частку і залежную («ліст ад маці», «стары ясень каля нашай хаты»). У бел. мове выкарыстоўваюцца 3 асн. спосабы пабудовы падпарадкавальных С.: дапасаванне, кіраванне, прымыканне. Сродкі выражэння падпарадкавання: флексіі, службовыя словы, словапарадак і інтанацыя (у сказе).
Літ.:
Міхневіч А.Я. Сінтаксічна непадзельныя словазлучэнні ў беларускай мове. Мн., 1965;
Падгайскі Л.П. Словазлучэнне ў беларускай мове. Мн., 1971;
Наркевіч А.І. Сістэма словазлучэнняў у сучаснай беларускай мове. Мн., 1981;
Бандарэнка Т.П. Аднатыпныя словазлучэнні ў сучаснай беларускай літаратурнай мове. Мн., 1981;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТАНДА́РТ (ад англ. Standard норма, узор, мерка),
афіцыйны дзярж. або нарматыўна-тэхн. дакумент галіны, прадпрыемства, фірмы, які ўстанаўлівае неабходныя якасныя характарыстыкі і патрабаванні да пэўнага віду прадукцыі, тавару; узор, эталон, з якім параўноўваюцца інш. падобныя аб’екты. Пашыраюцца на ўсе сферы чалавечай дзейнасці: навуку, тэхніку, прам-сць, с.-г.вытв-сць, буд-ва, ахову здароўя, транспарт і інш. У адпаведнасці з дасягненнямі навукі і тэхнікі С. абнаўляюцца і пераглядаюцца (не радзей як адзін раз у 5 гадоў). У залежнасці ад прызначэння адрозніваюць С.: агульнатэхн. і арганізац.-метадычныя; эксплуатацыйныя ўласцівасці, тэхн. характарыстыкі, метады кантролю аднароднай прадукцыі міжгаліновага ўжытку; нормы тэхнікі бяспекі і сродкаў аховы працаўнікоў; адзінкі фіз. велічынь і праверачныя схемы; патрабаванні да стандартных узораў уласцівасцей і саставу рэчыва і матэрыялу; сістэмы класіфікацыі і кадзіравання тэхн.-эканам. інфармацыі; найважнейшыя віды прадукцыі і г.д. С. на прадукцыю падзяляюцца на С. тэхн. умоў, агульных тэхн. патрабаванняў, параметраў, тыпаў, канструкцый, марак, правіл прыёмкі, маркіроўкі, упакоўкі, захоўвання, эксплуатацыі, рамонту і інш.
У залежнасці ад сферы дзеяння і ўзроўню зацвярджэння С. у Рэспубліцы Беларусь падзяляецца на катэгорыі: дзярж. С. Рэспублікі Беларусь (СТБ), С. прадпрыемстваў і аб’яднанняў (СТП), папярэдні С., які ўжываецца для набыцця вопыту не больш чым 2 гады. Акрамя СТБ у якасцідзярж. у 2001 на Беларусі ўжываліся: міждзярж. С. (ДАСТ), правілы Еўрап.эканам. камісіі ААН (Правіла ААН), а таксама рэсп. С. БССР (РСТ БССР) і С. СЭУ (СТ СЭУ), на якія Дзяржстандарт прадоўжыў тэрмін выкарыстання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРЫЙКО́ЎСКІ (Stryjkowski, Strykowski) Мацей (1547, Стрыкаў Лодзінскага ваяв., Польшча — каля 1590), польскі гісторык, храніст, паэт. Скончыў парафіяльную школу ў Бжазінах (1561). У 1563 пераехаў у ВКЛ. У 1563—73, верагодна, служыў у войску ВКЛ на маскоўскай мяжы ў якасці рыскуна (разведчыка). У 1572—74 служыў у Віцебскім гарнізоне пад камандаваннем А.Гваньіні і працаваў над гісторыяй ВКЛ і суседніх дзяржаў. У канцы службы здзейсніў Падарожжа па Зах. Дзвіне, у час якога занатаваў свае назіранні па гісторыі, этнаграфіі і культуры: аб Рагвалодавым камені, цэрквах і манастырах Полацка. У 1574—75 удзельнічаў у пасольстве ў Турцыю. У 1576—78 знаходзіўся пры двары кн. Алелькавічаў-Слуцкіх у Капылі і Слуцку. У 1579 заняў духоўную пасаду жамойцкага каноніка. У 1574 выдаў у Кракаве паэму «Ганец цноты...» (кароткая вершаваная гісторыя ВКЛ, частка твора пад назвай «Генеалогія, альбо Кароткае апісанне вялікіх князёў літоўскіх» выдадзена ў 1626 у Любчанскай друкарні. Аўтар гіст. твораў «Аб вольнасці Кароны Польскай і Вялікага княства Літоўскага» (1575), «Аб пачатках, вывадах, мужнасці, справах рыцарскіх і хатніх слаўнага народа літоўскага, жамойцкага і рускага» (выд. ў 1978), «Аб паражэнні 30 000 Масквы з князем Пятром Шуйскім ваяводам полацкім у полі Іванскім над ракой Улай... 1564 года» (не апублікаваны, рукапіс зберагаецца ў Пушкінскім доме ў С.-Пецярбургу). Гал. праца С. — «Хроніка польская, літоўская, жамойцкая і ўсяе Русі» (1582) — першая друкаваная гісторыя ВКЛ. Многія даследчыкі лічаць, што твор Гваньіні «Апісанне Еўрапейскай Сарматыі» (1578) з’яўляецца плагіятам запісак С., у чым С. неаднаразова абвінавачваў Гваньіні на старонках сваёй «Хронікі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТЭЛЕГРА́ФНЫ АПАРА́Т,
апарат для перадачы і прыёму тэлегр. паведамленняў у працэсе тэлеграфнай сувязі. Звычайна складаецца з перадатчыка і прыёмніка; у яго склад могуць уваходзіць рэперфаратарная і трансмітэрная прыстаўкі, аўтаадказчык і аўтастоп. Увод інфармацыі ажыццяўляецца ўручную з клавіятуры (як у персанальнай ЭВМ) або аўтаматызавана з выкарыстаннем счытвальнага прыстасавання (трансмітэра). З 1970-х г. выкарыстоўваюцца электронна-мех. Т.а. з паўправадніковымі прыладамі. Большасць Т.а. — літарадрукавальныя (тэлетайпы) і факсімільныя апараты; асн. тып Т.а. — стужачны і рулонны стартстопны апарат.
Першы практычна прыдатны Т.а. (эл.-магн. тыпу) вынайшаў у 1832 П.Л.Шылінг. Паведамленні запісваліся ў выглядзе ламанай лініі (пішучыя Т.а.) або кропак і працяжнікаў (у Морзе апаратах, распрацаваных у 1837). Больш дасканалымі сталі эл.-магн.літарадрукавальныя апараты, створаныя Б.С.Якобі (1950), Д.Э.Юзам (1855), Ж.М.Э.Бадо (1876, гл.Бадо апарат) і інш. З 1960 у якасці літарадрукавальных выкарыстоўваюцца стартстопныя Т.а. Іх перадатчык (уключае клавіятуру, шыфратар, размеркавальнік і інш.) фарміруе і пасылае ў канал сувязі тэлегр. сігналы ў адпаведнасці з кодам тэлеграфным (МТК-2); прыёмнік (мае прыёмны электрамагніт, дэшыфратар, друкавальны механізм) прымае сігналы і друкуе адпаведныя ім знакі. У тэлеграфных сетках выкарыстоўваюцца стартстопныя электроннамех. рулонныя Т.а. F2000, F2500 і інш.
І.У.Косціна.
Тэлеграфны апарат: а — наборныя лінейкі перадавальнага тэлетайпнага апарата (1 — літары, якімі набіраецца тэкст; 2 — наборныя лінейкі, датыканне ці недатыканне да якіх рычагоў 3 дае код пэўнай літары); б — прынцып дзеяння тэлетайпа (1 — клавіша літары з рычагом; 2 — наборныя лінейкі; 3 — стужка, на якой адбіваецца націснутая літара ці лічба).