тэхніка паглыбленай гравюры на метале, заснаваная на прадрапванні штрыхоў іголкай. Для гравюр, выкананых у тэхніцы «С.і.», характэрна асаблівая аксаміцістасць штрыхоў (што набліжае іх да малюнка), якія ўзнікаюць за кошт пакінутых іголкай завусеніц (т.зв. барбы). «С.і.» часта дапаўняе тэхніку афорта, але ў параўнанні з ім дае менш адбіткаў. Вядома з 15 ст. Як самаст. тэхніка пашырана з 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ТА́НАІ́С,
старажытнагрэчаская назва р.Дон, у вусці якога знаходзіўся аднайм.грэч. горад Баспорскай дзяржавы. З 7 ст.дан.э. Т. — гандл. шлях паміж аддаленымі раёнамі Скіфіі і грэч. гарадамі Прычарнамор’я. У старажытнасці Т. лічыўся мяжой паміж Еўропай і Азіяй, падзяляў тэрыторыі скіфаў і сарматаў. Паводле Плутарха больш стараж. назва Т. — «Амазонская рака», бо лічылася, што на яе берагах жылі амазонкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІТАТРО́Н (ад фіта... + грэч. thronos месцазнаходжанне),
памяшканне (камера ці комплекс камер), дзе вырошчваюць расліны ў штучных, спецыяльна створаных умовах. У Ф. вывучаюць працэсы жыццядзейнасці раслін у залежнасці ад асветленасці, вільготнасці глебы і паветра, т-ры асяроддзя і інш.; вызначаюць устойлівасць відаў і сартоў раслін да хвароб і шкоднікаў; у Ф. можна атрымліваць па некалькі ўраджаяў за год, што паскарае селекцыйны працэс.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭНТРА́ЛЬНЫЯ КАРДЫЛЬЕ́РЫ А́НДАЎ,
унутраныя хрыбты Андаў у межах Калумбіі, Перу і Балівіі, дзе іх часам наз.Усх. Кардыльерамі (у Эквадоры, дзе Анды звужаюцца, Ц.К.А. амаль што не выражаны). Грабяні хрыбтоў на вяршынях 3500—4500 м, асобныя вяршыні да 5000 м і болей (вулкан Уіла — 5750 м). Шмат дзеючых і патухлых вулканаў. Вільготныя вечназялёныя лясы (пераважна на ўсх. схілах), сухія лясы, рэдкалессі, хмызняковыя стэпы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШАТРАВА́ЛЬНАЯ МАШЫ́НА,
машына для ачысткі зярнят пшаніцы і жыта ад пылу, гразі і інш., частковага аддзялення пладовых абалонак, зародка і бародкі, а таксама лушчэння зярнят крупяных культур. Рабочы орган Ш.м. — вярчальны барабан з падоўжнымі ці радыяльнымі палоскамі (бізунамі), што рухаецца ўнутры цыліндрычнага корпуса, прыціскае зярняты да яго ўнутр. паверхні — стальной або з абразіўных матэрыялаў. Выкарыстоўваецца ў мукамольна-крупяной прамысловасці і камбікормавай прамысловасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭЛЕКТРАСКО́П (ад электра... + ...скоп),
дэманстрацыйная прылада для выяўлення электрызацыі цел і прыблізнай ацэнкі ступені электрызацыі.
Складаецца з ізаляванага метал. стрыжня (звычайна з шарыкам на канцы) і прымацаваных да яго 2 лёгкіх алюм. ці папяровых лісточкаў. Пры судакрананні стрыжня з наэлектрызаваным целам лісточкі аднолькава зараджаюцца і ўзаемна адштурхоўваюцца. Вугал іх разыходжання (вугал «разлёту») прыблізна прапарцыянальны эл. зараду, што перадаецца стрыжню.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛА́Й-ЛА́МА [ад манг. далай — мора (мудрасці) + лама],
тытул паліт. (да 1951) і духоўнага ўладыкі тыбецкага народа; першасвяшчэннік ламаісцкай царквы (гл.Ламаізм). З’яўляецца таксама духоўным аўтарытэтам будыстаў тых тэрыторый, што апынуліся пад уплывам тыбецкай цывілізацыі (Манголія, Бурація, Тува, Калмыкія і інш.). Тытул Д.-л. ўстаноўлены ў 1391. Д.-л. — абаронца веруючых, зямное ўвасабленне Авалакітэшвары, будысцкай персаніфікацыі міласэрнасці. Вядома 14 носьбітаў тытула Д.-л., якіх веруючыя прымаюць за аднаго. Лічыцца, што Д.-л. не памірае, а пераўвасабляецца ў дзіця, якое нараджаецца ў час смерці Д.-л.
Першым Д.-л. быў Гедундуб (1391—1474). 5-ы — Агван Лабзан Джамцо падпарадкаваў сваёй уладзе амаль увесь Тыбет, ператварыў яго ў тэакратычную дзяржаву; вядомы як гісторык і літаратар, стваральнік новай драматургіі містэрый цам (свята ў масках). 14-ы Тэндзін Г’ягсо (Д.-л. з 1940).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАМІНА́НТНАСЦЬ, дамінаванне,
пераважнае дзеянне аднаго з пары бацькоўскіх генаў у гібрыдным арганізме. Выяўляецца ў тым, што дамінантны алель (адзін з пары гамалагічных, альтэрнатыўных генаў) больш моцна ўплывае на развіццё адпаведнай прыкметы асобіны, чым другі, рэцэсіўны алель. Ступень праяўлення Д. любой прыкметы ў фенатыпе залежыць ад генатыпу арганізма, г.зн. ад дзеяння многіх генаў у пэўных умовах асяроддзя. Адрозніваюць поўную Д., звышдамінантнасць і паўдамінантнасць, ці прамежкавую Д. Поўная Д., як і поўная рэцэсіўнасць, з’ява рэдкая. У выпадку поўнай Д. арганізм можа несці ў рэцэсіўным стане шкодныя алелі. Для аналізу гэтых з’яў у жывёлагадоўлі выкарыстоўваюць метад выпрабавання вытворнікаў па патомстве. Наяўнасцю Д. часткова тлумачыцца тое, што патомак можа быць больш падобны да аднаго з бацькоў, нягледзячы на аднолькавы ўклад абодвух у яго генетычную канстытуцыю (гл.Мендэля законы).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎРЭ́ЛІЙ Марк (Marcus Aurelius; 26.4.121, Рым — 17.3.180),
рымскі імператар з 161, філосаф, адзін з прадстаўнікоў позняга стаіцызму. Пры ім Рым захапіў Месапатамію, устанавіў пратэктарат над Арменіяй, вёў Маркаманскую вайну 166—180 з германцамі і сарматамі. Яго твор «Адзін на адзін з сабою» даследуе пераважна этычныя праблемы. Аўрэлій лічыў, што ў свеце ўсё адбываецца паводле пэўнага парадку і справядлівасці, прасякнута божым прадбачаннем. Лёс чалавеку наканаваны, і прымаць яго трэба з радасцю; трэба радавацца таму, што маеш, кожны дзень праводзіць як апошні; людзі створаны, каб любіць сабе падобных; прызначэнне чалавека — захоўваць разумнасць і павагу да грамадскасці і дапамагаць у гэтым сваім блізкім. Адмаўляў ухваленне натоўпу, улады, багацця; жыцця, поўнай асалоды. Клопат пра пасмяротную славу лічыў марным, бо зямля — пясчынка, жыццё — бясконцы паўтор.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРГАНІЦЫ́ЗМ,
вучэнне, што растлумачвае прыродныя і сац. з’явы (працэсы) па аналогіі з біял. будовай арганізма. У яго аснову пакладзены прынцып біял. цэласнасці, які раскрывае найважнейшыя асаблівасці развіцця жывога (арганізм як цэласная сістэма, развіццё да ўсё больш складанай арганізацыі, іерархічная ўпарадкаванасць, адносная ўстойлівасць і самарэгуляцыя). Тэрмін «арганіцызм» уведзены ў 1918 англ. фізіёлагам Дж.С.Холдэйнам, які разам са сваімі паслядоўнікамі (Дж.Вуджэр, Г.Шаксель, Д.В.Харыс і інш.) гал. ўвагу канцэнтраваў на праблеме арган. цэласнасці. Пазней аўстр. біёлаг Л. фон Берталанфі ў сваёй тэорыі эквівалентных сістэм (1930-я г.) дапоўніў канцэпцыю арганіцызму палажэннем пра арганізмы як высокаарганізаваныя адкрытыя сістэмы, што знаходзяцца ў стане дынамічнай раўнавагі з асяроддзем. Ідэі арганіцызму атрымалі развіццё ў агульнай тэорыі сістэм, у кібернетыцы, тэорыі інфармацыі і інш.