ВЕ́РТЭШСЁЛЁШ (Vértesszöllös),

стаянка эпохі палеаліту за 50 км на З ад Будапешта (Венгрыя). Адзін з найстаражытнейшых археал. помнікаў Еўропы, датуецца часам міндэльскага зледзянення (350 тыс. г. назад). Адкрыта ў 1962. Выяўлены рэшткі гамінідаў, у т. л. фрагмент чэрапа, які спачатку быў аднесены да гома эрэктус. Некаторыя навукоўцы лічаць яго прымітыўнай формай гома сапіенс, якую назвалі гома палеахунгарыкус. Знойдзены прылады з галькі (чоперы) і з крамянёвых адшчэпаў.

т. 4, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗУБРАБІЗО́Н,

міжвідавы гібрыд, помесь зубра з бізонам. Мае прыкметы абодвух жывёл, але звычайна буйнейшы за іх. Ад зубра адрозніваецца больш вял. галавой, будовай задніх ног, абросласцю галавы і пярэдняй ч. цела. Дае пладавітае патомства і з зубрам і з бізонам. Упершыню З. атрыманы ў 1907 у запаведніку Асканія-Нова, у 1940 завезены ў Каўказскі запаведнік, пазней і ў інш. раёны Каўказа, дзе размнажаецца.

Зубрабізон.

т. 7, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРДАФА́Н,

плато ў Судане, на З ад р. Белы Ніл. Пераважаюць выш. 500—1000 м, асобныя вяршыні да 1460 м (г. Тэмадынга). Выступ дакембрыйскага крышт. фундамента Афр. платформы з астраўнымі гарамі, што складзены з нубійскіх пясчанікаў. Цокальныя раўніны К. расчлянёныя далінамі часовых вадатокаў (уэдамі). Клімат субэкватарыяльны з летнімі дажджамі. Ападкаў 300—500 мм за год. Ландшафты на Пн — апустыненыя саванны, на Пд — умерана вільготныя саванны, травяністыя, з акацыямі, баабабамі, пальмамі.

т. 8, с. 65

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КОН-ЦІ́КІ»

(назва ад імя бога інкаў),

плыт з бальзавых дрэў з трысняговым парусам, зробленым Т.Хеердалам на ўзор старажытнаперуанскіх плытоў. У 1947 на «К.-Ц» (пл. каля 100 м²) Хеердал разам з 5 спадарожнікамі здзейсніў плаванне, выкарыстоўваючы спадарожныя цячэнні і пасаты, з Кальяо (Перу) да а-воў Туамоту ў Ціхім ак. (каля 8 тыс. км за 101 суткі), каб даказаць магчымасць засялення Палінезіі з У. Захоўваецца ў музеі ў г. Осла.

т. 8, с. 412

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІФО́Н (ад грэч. siphōn трубка, помпа),

1) выгнутая трубка з каленамі рознай даўжыні, па якой пераліваецца вадкасць з пасудзіны з больш высокім узроўнем у пасудзіну з больш нізкім узроўнем. Верхняя частка трубкі размешчана вышэй за ўзровень вадкасці ў верхняй пасудзіне. Трубку папярэдне запаўняюць вадкасцю. Выкарыстоўваецца ў гідраўлічных збудаваннях і прыстасаваннях.

2) Пасудзіна з трубкай, якая дасягае дна і мае кран. Выкарыстоўваецца для пералівання пеністых вадкасцей пад ціскам.

Сіфон.

т. 14, с. 426

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́РНАЛЬДСАН ((Arnoldson) Клас) (27.10.1844, г. Гётэбарг — 20.2.1916),

грамадскі дзеяч Швецыі, публіцыст. У 1881—87 дэпутат швед. парламента. Выступаў за нейтралітэт Швецыі і аб’яднанне сканд. краін. Адзін з заснавальнікаў Швед. саюза міру і арбітражу (1883). Удзельнічаў у вырашэнні нарв. канфлікту (1895—1905) як прыхільнік аддзялення Нарвегіі ад Швецыі. Нобелеўская прэмія міру (1908, разам з Ф.Баерам).

т. 1, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТАКСЕ́РКС II Мнемон,

персідскі цар [404—358 да н.э.]. З дынастыі Ахеменідаў. На пач. праўлення вёў барацьбу за трон з малодшым братам Кірам, правіцелем М.​Азіі. Нягледзячы на поспехі ў знешняй палітыцы (разграміў спартанскі флот каля Кніда ў 394 да н.э., заключыў Анталкідаў мір 387 да н.э.), праўленне Артаксеркса II — перыяд аслаблення Ахеменідаў дзяржавы.

т. 1, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРТЭЗІЯ́НСКІ КАЛО́ДЗЕЖ,

калодзеж або свідравіна, з якіх атрымліваюць артэзіянскія воды. Артэзіянскі калодзеж звычайна замацоўваюць трубамі, выкарыстоўваюць помпы, у зоне ваданоснага пласта абсталёўваюць фільтрамі. Многія нас. пункты Беларусі бяруць ваду з артэзіянскага калодзежа. Водазабеспячэнне Мінска часткова грунтуецца на сістэмах артэзіянскіх свідравін глыб. у некалькі дзесяткаў метраў, часам больш за 100 м (дэбіт 50—100 м³/гадз).

т. 1, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРЭ́ХАВАЕ ВО́ЗЕРА,

у Беларусі, у Гарадоцкім раёне Віцебскай вобласці, у басейне ракі Усыса (працякае праз яго), за 1 км на Паўднёвы Захад ад горада Гарадок. Плошча 0,3 км², даўжыня 1 км, найбольшая шырыня 0,4 км. Катлавіна выцягнутая з Захаду на Усход, акаймаваная лесам. Берагі нізкія, паўднёвыя забалочаны. Злучана Усысай з азёрамі Лугавое і Шчарбакоўскае.

т. 2, с. 15

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ТАМНАЯ МА́СА,

маса атама хімічнага элемента, выражаная ў атамных адзінках масы. Як асн. характарыстыка элементаў выкарыстана ў перыядычнай сістэме элементаў Мендзялеева. Прыродныя элементы ўтвараюцца з сумесі ізатопаў, таму за атамную масу элемента прымаецца сярэдняе значэнне атамных мас яго ізатопаў, а атамная маса з’яўляецца дробавай велічынёй. Адзін з метадаў вызначэння атамнай масы — мас-спектраметрыя.

т. 2, с. 67

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)