ЗАСЕ́ЦКІ (Пётр Іванавіч) (1899, Саратаўская вобл., Расія — 1941),
рускі і бел. спявак (тэнар). Нар.арт. Беларусі (1940). Вучыўся ў Саратаўскай і Данской (Растоў-на-Доне) кансерваторыях. Дэбютаваў у опернай трупе Растова ў 1920. У 1923—24 працаваў у Вял. т-ры ў Маскве і ў опернай студыі пры ім (пад кіраўніцтвам К.Станіслаўскага), у 1924—37 у оперных т-рах Ленінграда. У 1938—41 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. Яго творчай індывідуальнасці былі ўласцівы ўменне надзяляць персанажаў дакладнай псіхал. характарыстыкай, старанная распрацоўка сцэн. малюнка, што найб. яскрава выявілася ў партыях бел. рэпертуару — Саўкі («У пушчах Палесся» А.Багатырова) і Мікіты («Кветка шчасця» А.Туранкова). З інш. партый — Мішук («Ціхі Дон» І.Дзяржынскага), Лыкаў («Царская нявеста» М.Рымскага-Корсакава), Дон Базіліо («Вяселле Фігара» В.А.Моцарта), Сяргей («Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» Дз.Шастаковіча).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІААНІ́ТЫ,
члены рыцарскага ордэна, заснаванага крыжаносцамі ў Палесціне ў пач. 12 ст. І. называюцца таксама гаспітальерамі, ад іерусалімскага шпіталя св. Іаана (дома для паломнікаў) — першай рэзідэнцыі ордэна. Статут І. зацверджаны папам рымскім у 1113. І. абслугоўвалі крыжаносцаў і паломнікаў, неслі ваен. службу. У 12—13 ст. ордэн уяўляў магутную ваенна-паліт. сілу, меў падраздзяленні ў многіх краінах свету. У канцы 13 ст. крыжаносцы былі выцеснены з Усходу. У 1291 І. перасяліліся на Кіпр, у пач. 14 ст. — на в-аў Родас (адсюль назва радоскія рыцары), у 1530 — на в-аў Мальта (Мальтыйскі ордэн). У канцы 18 ст. ордэн страціў свой уплыў і магутнасць. У 1834 рэзідэнцыя І. перанесена ў Рым. Арганізацыі І. існуюць у Англіі, Германіі, Швейцарыі, Швецыі і інш. (каля 8 тыс.чал., пераважна арыстакратаў). У Бубіконе (Швейцарыя) існуе адзін з прапагандысцкіх цэнтраў І. — Рыцарскі дом (музей).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́МАНТ (Mammuthus primigenius),
вымерлае млекакормячае сям. сланоў атр. хобатных. Жыў у сярэднім і познім плейстацэне, быў пашыраны ў тундры і стэпах Еўропы, Паўн. Азіі і Паўн. Амерыкі. Нагадваў сучаснага інд. слана. На Беларусі рэшткі знойдзены больш чым у 200 месцах (найб. — у бас. рэк Дняпро і Сож, таксама на тэр. Мінска). Вымер каля 10 тыс.г. назад. У мёрзлым грунце Аляскі і Сібіры знаходзяць М., у якіх захаваліся мяккія тканкі, скура, поўсць, рэшткі корму ў страўніку. Выкапнёвыя рэшткі выкарыстоўваюць пры вызначэнні ўзросту геал. адкладаў.
Даўж. да 4 м, выш. каля 3,5 м, маса да 7 т. Поўсць доўгая, густая, бурая або рыжаватая. Відазмененыя разцы (біўні) выгнутыя, даўж. да 4,5 м, маса кожнага да 120 кг. Зубы (у дарослых было 4) складаліся з тонкіх дэнцінава-эмалевых пласцінак і на працягу жыцця (70—80 гадоў) мяняліся 6 разоў. Расліннаедныя. Былі аб’ектам палявання чалавека каменнага веку.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕАРАМА́НСКІ СТЫ́ЛЬ,
умоўная назва кірунку ў архітэктуры канца 19 — пач. 20 ст., заснаванага на выкарыстанні форм і элементаў кампазіцыі раманскага стылю. Зараджэнне Н.с. звязана з панаваннем у зах.-еўрап. архітэктуры і выяўл. мастацтве стылю мадэрн. Імкнучыся да манументальнасці, дойліды некрытычна выкарыстоўвалі кампактныя стэрэаметрычныя аб’ёмы (куб, паралелепіпед, прызма, цыліндр) і выразныя, часам дынамічна-асіметрычныя сілуэты пры ўзвядзенні культавых і грамадз. збудаванняў, стылізавалі іх пад творы сярэдневяковай архітэктуры. На Беларусі Н.с. часцей выяўляўся ў спалучэнні з элементамі несапраўднай готыкі. У сядзібным буд-ве выкарыстоўвалі аркатурныя паясы і контрфорсы, высокія шчыты ў завяршэнні сцен. У культавай архітэктуры былі пашыраны 3-нефавыя базілікі, гал. фасады якіх фланкіравалі ярусныя вежы, завершаныя шатрамі. Збудаванні характарызаваліся шматграннасцю аб’ёмаў, выкарыстаннем адкрытага муру, цыліндрычных і крыжовых скляпенняў, купалаў, аздабленнем аркатурай галерэй, аконных і дзвярных праёмаў.
А.М.Кулагін.
Да арт.Неараманскі стыль. Касцёл у вёсцы Слабодка Браслаўскага раёна Віцебскай вобл. 1903.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКІ КАДЭ́ЦКІ КО́РПУС (школа, акадэмія),
ваенная навуч. ўстанова ў Нясвіжы ў 18 ст. для падрыхтоўкі кадраў войска Радзівілаў — міліцыі. Засн. 25.5.1747 вял. гетманам ВКЛ М.К.Радзівілам Рыбанькай. На навучанне прымаліся 14-гадовыя падлеткі са шляхты. Выкладаліся франц., ням., лац., рус. мовы, геаметрыя, матэматыка, цывільная і вайсковая архітэктура, маляванне, айч. права, айч. і агульная гісторыя. Кадэты вучыліся верхавой яздзе, фехтаванню, танцам, павінны былі размаўляць паміж сабой на замежных мовах. Яны неслі вартавую службу. У ліст. 1751 было 13 вучняў. Відаць, корпус заняпаў у 1750-я г. Адроджаны ў 1767 К.С.Радзівілам Пане Каханку. На вучобу прымалі ўжо адукаваных падлеткаў — дзяцей мяшчан з гарадоў князя і шляхецкую моладзь (у інш. кадэцкія карпусы прымалі толькі шляхту). Выкладчыкамі працавалі пераважна немцы, а таксама кадэты папярэдніх выпускаў. Корпус месціўся ў Нясвіжскім замку. Кадэты штомесяц атрымлівалі па 24 злотыя. У сярэдзіне 1770-х г. корпус перастаў існаваць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЯСВІ́ЖСКІ КЛЯ́ШТАР БЕНЕДЫКЦІ́НАК.
Існаваў у 1591—1877 і ў 1920—45 у г. Нясвіж. Засн.кн. М.К.Радзівілам Сіроткам з жонкай, якія далі бенедыкцінкам фальварак Гавязна з 4 вёскамі, тэрыторыю ў 11 моргаў для забудовы і 9 тыс. злотых. Першыя манашкі прыбылі з Хелмна (Польшча). Сярод манашак былі прадстаўніцы вядомых феад. родаў (Войнаў, Нарбутаў, Радзівілаў, Слушкаў, Тышкевічаў, Халецкіх і інш.). У кляштары пастаянна выхоўвалася каля 25 свецкіх паненак, якіх навучалі мовам, музыцы, маст. шыццю і інш. Корпус кляштара змураваны ў 1593—96, касцёл св. Эўфеміі (архітэктар Дж.М.Бернардоні) асвячоны ў 1595. Вежа над касцёлам пабудавана ў 1720-я г., уваходная званіца — у 1760-я г. У 1877 кляштар скасаваны, будынкі аддадзены пад Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. У 1920—45 кляштар зноў дзейнічаў. Цяпер у комплексе Н.к.б. размешчаны Нясвіжскі педагагічны каледж.
А.А.Ярашэвіч.
Нясвіжскі кляштар бенедыкцінак. З малюнка Н.Орды. 19 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДО́ЎЖАНЫЯ ЗЫ́ЧНЫЯ, гемінаты,
зычныя, якія вымаўляюцца працяжна ў параўнанні з іх звычайным вымаўленнем у адным і тым жа моўным тэмпе. У бел. мове падаўжэнне ўзнікае ў выніку спалучэння аднолькавых зычных на стыку марфем («з + зываць = ззываць», «ад + даць = аддаць», «камен + ны = каменны», «ран + ні = ранні», падаўжаюцца і цвёрдыя, і мяккія зычныя), а таксама ў выніку асіміляцыі гука «й» папярэднім мяккім зычным «с’», «з’», «ц’», «дз’», «н’», «л’» і цвёрдых «ч», «ж», «ш» (якія раней былі мяккімі) у становішчы паміж галоснымі («кассё», «палоззе», «вецце», «моладдзю», «насенне», «ралля», «сучча», «збожжа», «цішшу»). Артыкуляцыйна і акустычна падаўжэнне выбухных і афрыкат выражаецца ў значным павелічэнні часу змычкі, фрыкатыўных — часу фрыкацыі. П.з. ўвасабляюць 2 фанемы. У адзінкавых словах («ззяць», «сёння») П.з. належаць адной марфеме.
Літ.:
Крывіцкі А.А., Падлужны А.І. Фанетыка беларускай мовы. Мн., 1984;
Беларуская мова: Цяжкія пытанні фанетыкі, арфаграфіі, граматыкі. Мн., 1987.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІ́НСКІ ПЕТРАПА́ЎЛАЎСКІ МАНАСТЬІР,
праваслаўны мужчынскі манастыр у Мінску ў 17—18 ст.Засн. ў адказ на захоп мінскіх правасл. цэркваў і манастыроў уніяцкім духавенствам на пляцы, ахвяраваным у 1611 Аўдоццяй Статкевіч. У 1613 узведзены манастырскі комплекс. Спачатку ўсе будынкі былі, відаць, драўляныя. Царква, што захавалася, была, хутчэй за ўсё, пабудавана ў канцы 1620-х г. У 1793—95 яна адрамантавана на сродкі, ахвяраваныя рас. імператрыцай Кацярынай II і пасля капітальнага рамонту была перайменавана ў царкву св. Кацярыны. У 1795 манастыр скасаваны, царква стала гар. саборам, у 1870—71 грунтоўна перабудавана. У канцы 1940-х г. будынак царквы прыстасаваны пад жыллё, потым — пад Архіў навук.-тэхн. дакументацыі БССР і Архіў-музей літаратуры і мастацтва БССР. З 1997 царква зноў дзейнічае, рамонт інтэр’ера працягваецца.
Літ.:
Боровой Р.В. Обзор истории Минского Петропавловского монастыря в XVII—XVIII вв. // Христианизация Руси и белорусская культура. Мн., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МА́СКА ПАХАВА́ЛЬНАЯ,
маска, якую клалі пры пахаванні на твар нябожчыка. Звычай звязаны з культам продкаў і ўяўленнямі аб замагільным жыцці; быў пашыраны ў розных народаў і ў розныя часы. М.п. з дрэва, гліны, гіпсу, золата знойдзены ў некропалях Стараж. Егіпта; залатыя — у шахтавых грабніцах Мікенаў (16 ст. да н.э.), на тэр. Ірана і в-ва Самас (пахаванні 6 ст. да н.э.), у Ольвіі і Пантыкапеі. Розныя М.п. выяўлены ў Ніневіі, Карфагене і інш., а таксама ў стараж. пахаваннях Мексікі і Перу. Вельмі пашыраны былі ў Стараж. Італіі ў этрускаў, а потым у рымлян. У некат. народаў Сібіры існаваў звычай класці на твары нябожчыкаў М.п. з гіпсападобнай тэракоты (канец 1-га тыс. да н.э. — 7—8 ст.н.э.). М.п. ў большасці выпадкаў індывідуальныя і партрэтныя; іх вывучэнне дазваляе ўстанавіць фізічны тып насельніцтва адпаведнага часу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕРВ,
адзін з найстаражытнейшых гарадоў Сярэдняй Азіі, які існаваў на беразе р. Мургаб каля г. Байрам-Алі (Туркменістан). Стараж. частку М. складае гарадзішча Эрк-Кала (пл. 12 га), якое ўзнікла ў сярэдзіне 1-га тыс. да н.э. Росквіту рабаўладальніцкі М. дасягнуў у 2 ст. да н.э. — 3 ст.н.э. Горад і яго наваколле (пл. каля 60 км²) былі абнесены сцяной. З 3 ст. ўваходзіў у дзяржаву Сасанідаў, у 7 ст. заваяваны арабамі. Найб. росквіту феад. М. дасягнуў у 11—12 ст., калі стаў сталіцай дзяржавы Вял. Сельджукаў (гарадзішча Султан-Кала). З канца 12 ст. буйны цэнтр дзяржавы Харэзмшахаў. У 1222 разбураны манголамі. У сярэдзіне 13—14 ст. часткова адрадзіўся, аднак значнай ролі больш не адыгрываў. У 1510—24 і 1601—1747 пад уладай персаў, да 19 ст. канчаткова заняпаў. Захаваліся рэшткі ўмацаванняў, дамоў, палацаў, мячэцяў, маўзалеяў і інш. З 1987 гіст.-культ. запаведнік Старажытны Мерв.