1) участак зямлі пры доме, хаце, прадпрыемстве, абгароджаны плотам або сценамі будынка, тое, што і сядзіба.
2) У ВКЛ у 13—18 ст.адна з назваў сял. гаспадаркі як аб’екта і адзінкі абкладання павіннасцямі і падаткамі, адпаведнік больш пашыранаму тэрміну дым.
3) У ВКЛ да сярэдзіны 16 ст. назва ўласнай гаспадаркі феадала з комплексам жылых і гасп. будынкаў, ворнымі землямі і інш. ўгоддзямі. Гал. прызначэннем такіх Д. была вытв-сцьс.-г. прадукцыі, якая ішла на ўтрыманне феад. адміністрацыі і задавальненне ўласных патрэб феадала. Былі пашыраны гаспадарскія (велікакняжацкія) Д. — адм. ці адм.-гасп. цэнтры валасцей або асобных уладанняў вял. князя. З пачаткам валочнай памеры паняцце Д. заменена тэрмінам фальварак.
4) Цэнтр. сядзіба феад. гаспадаркі (маёнтка, фальварка), дзе жыў сам уласнік ці размяшчалася яго адміністрацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЭЙМО́ (Яніна Баляславаўна) (29.5.1909, г. Ваўкавыск Гродзенскай вобл. — 29.12.1987),
расійская кінаактрыса. Скончыла кінамайстэрню ФЭКС (Фабрыка эксцэнтрычнага акцёра; 1929), вучылася ў Ін-це экраннага мастацтва ў Ленінградзе. З дзяцінства выступала ў цырку, працавала на эстрадзе (1925—27), у Тэатры-студыі кінаакцёра (1949—56). З 1957 у Варшаве. У кіно з 1925. Першая вялікая роля — Анук («Песня пра шчасце», 1934). Стварыла паэт. вобразы дзяўчынак-падлеткаў: Ася («Сяброўкі», 1936), Надзя («Ворагі», 1938), Фроська («Ішоў салдат з фронту», 1939), Папялушка («Папялушка», 1947). Здымалася таксама ў фільмах: «Адна маладая настаўніца» (1931), «Мая радзіма» (1932), «Гарачыя дзянёчкі» (1935), «Доктар Калюжны» (1939), «Два байцы» (1943), «Мы з Урала» (1944), «Два сябры» (1955) і інш. Мастацтву Ж. ўласцівы глыбокі псіхалагізм, лірычны трагізм у спалучэнні з вострай эксцэнтрыкай, дакладнасць пластычнага малюнка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗМЕЕГАЛО́ЎНІК (Dracocephalum),
род кветкавых раслін сям. ясноткавых. Каля 45 відаў. Пашыраны ў Еўропе, нетрапічнай Азіі і Паўн. Амерыцы. На Беларусі 2 дзікарослыя віды — З. Руйша (D. ruyschiana; занесены ў Чырв. кнігу) і З. чабаракветны (D. thymiflorum). Трапляюцца ў лясах і хмызняках, на насыпах. 7 відаў — З. аўстрыйскі (D. austriacum), малдаўскі (D. moldavica), безбароды (D. imberbe), шматколерны (D. multicolor), вузлаваты (D. nodulosum), паніклы (D. nutans) і іншаземны (D. peregrinum), — інтрадукаваны Цэнтр.бат. садам Нац.АН Беларусі.
Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны, радзей паўкусты з прамастойнымі ці ўзыходнымі сцёбламі. Лісце ланцэтна-лінейнае або сэрцападобнае. Кветкі двухполыя, рознага колеру, з двухгубым вяночкам, у несапраўдных кальчаках, збліжаных у агульныя суквецці ў пазухах верхняга лісця. Плод — чатырохарэшак. Лек., тэхн., меданосныя і дэкар. расліны, выкарыстоўваюць у парфумерыі і харч. прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЕ́ЛЬСКІ УНІВЕРСІТЭ́Т,
старэйшы універсітэт ЗША. Прыватны. Засн. ў 1701 у г. Нью-Хейвен як каледж. З 1887 сучасная назва. Да 1969 быў толькі мужчынскі. У складзе І.у. каледжы і школы. У 1996/97. навуч.г. больш за 10 тыс. студэнтаў; каледжы: мастацтва і гуманіт. дысцыплін (выкладаюцца археалогія, архітэктура, стараж. гісторыя, праблемы дзяцінства, класічныя мовы і мовы народаў Азіі і Б. Усходу, слав. мовы і л-ры і інш.); тэхн. навук (электратэхніка і механіка, хім.вытв-сць, прыкладная матэматыка, камп’ютэр і псіхалогія, генетыка і інш.); сац. навук (сацыялогія, паліталогія, рэлігія, філасофія, антрапалогія, міжнар. адносіны і інш.); школы: медыцыны, багаслоўя, мастацтва, архітэктуры, мастацтва і навукі, аховы навакольнага асяроддзя і інш. Ва ун-це адна з буйнейшых б-к і адзін са старэйшых музеяў ЗША — Музей натуральнай гісторыі Пібадзі з 1701.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕКТЫ́Ў (ад лац. collectivus зборны),
адносна кампактная група людзей, аб’яднаных вырашэннем канкрэтнай грамадскай задачы. Для К. характэрна высокая згуртаванасць яго членаў, адносіны супрацоўніцтва, узаемадапамогі і ўзаемаадказнасці, агульнасць інтарэсаў, каштоўнасных арыентацый, норм паводзін. Асн. функцыі — прадметная (непасрэднае ажыццяўленне той дзейнасці, дзеля якой ён узнік і існуе) і сац.-выхаваўчая (стварэнне ўмоў для ўсебаковага развіцця асобы на аснове спалучэння індывід. інтарэсаў з грамадскімі). Адрозніваюць К. працоўныя (у т. л. вытворчыя), вучэбныя, спартыўныя, маст. самадзейнасці і інш. Задачы і мэты К. абумоўліваюць яго арганізац. структуру, якая можа быць адна-, двух-, шматступеньчатай (напр., брыгада, цэх, завод). К. мае фармальную і нефармальную структуру, што складаецца на аснове асабістых сімпатый і антыпатый. К. стымулюе працоўную і грамадскую актыўнасць чалавека, заахвочвае яго да ўдасканалення сваіх здольнасцей і садзейнічае развіццю калектывізму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСЕПТЫ́ЗМ (ісп. conceptismo ад concepto паняцце, думка),
адна з 2 асн. школ ісп.барока (разам з гангарызмам), пачатак якой паклаў ісп. паэт А. дэ Ледэсма Буйтрага («Духоўныя кансепты», 1600). Тэарэтычна абгрунтаваны ў эстэт. трактаце Б.Грасіяна-і-Маралеса. У аснове К. раскрыццё ўсёй складанасці, парадаксальнасці, шматасацыятыўнасці думкі. Паслядоўнікі К. займаліся пошукамі глыбінных і нечаканых сувязей паміж далёкімі прадметамі, з’явамі, паняццямі, імкнуліся да выяўлення парадаксальных заканамернасцей быцця, макс. выразнасці і сэнсавай насычанасці выказвання. Гэта абумовіла шматзначнасць слова, каламбуры, разбурэнне фразеалагізмаў, ужыванне іх у незвычайным кантэксце, метафары-кансепты, апрадмечванне метафар і ідыём. Стыль К. атрымаў назву «цяжкага стылю». Найб. поўна выявіўся ў т. зв. шахрайскім рамане Ф.Кеведа-і-Вільегаса і Л.Велеса дэ Гевары, спрыяў стварэнню гратэскна-сатыр., фантасмагарычнай карціны ісп. рэчаіснасці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСМІ́ЧНАЯ ЭКАЛО́ГІЯ,
галіна экалогіі, якая вывучае ўздзеянне фактараў касм. прасторы на жывыя арганізмы, а таксама распрацоўвае метады біял. даследаванняў і сродкі забеспячэння жыццядзейнасці зямных арганізмаў ва ўмовах касм. палёту (экалогія штучных біял. сістэм). Адна з асн. задач К.э. — стварэнне біякомплексаў, ці замкнёных экалагічных сістэм з аўтатрофнымі і гетэратрофнымі арганізмамі, неабходнымі для працяглых касм. палётаў.
Першыя звесткі пра ўздзеянні ўмоў касм. палёту на жывыя арганізмы (першыя кароткачасовыя — 8—10 хвілін бязважкасці), атрыманы ў СССР і ЗША у 1940—50-я г. на ракетах, якія дасягнулі выш. 500 км. Сістэм. даследаванні пачаліся з 1957 (палёт сабакі Лайкі на 2-м штучным спадарожніку Зямлі). Вывучаліся непасрэдныя і аддаленыя вынікі ўздзеяння фактараў касм. палёту на расліны і жывёл, што дало магчымасць абгрунтаваць рэкамендацыі па медыка-біял. забеспячэнні працяглых пілатуемых касм. палётаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЛАС (ад лац. classis разрад, група),
1) сукупнасць, група прадметаў або з’яў, якія маюць агульныя прыкметы.
2) Буйная сац. група людзей, гл.Класы сацыяльныя.
3) Адна з таксанамічных катэгорый у сістэматыцы раслін і жывёл, гл.Клас у біялогіі.
4) У логіцы, матэматыцы — мноства; адвольная (канечная або бесканечная) сукупнасць прадметаў, вылучаных па якой-н. прыкмеце.
5) Тэхнічны разрад марскіх і рачных суднаў; разрад пасаж. вагонаў, кают і інш., якія ўстанаўліваюцца ў залежнасці ад зручнасці і выгод.
6) Пастаянны (у межах навуч. года) калектыў навучэнцаў, а таксама памяшканне для іх заняткаў.
7) У некаторых спец.навуч. установах — група навучэнцаў, якія спецыялізуюцца па якому-н. прадмету (напр., К. скрыпкі). 8) Мера якасці, узровень, у залежнасці ад якога вызначаецца месца прадмета ў шэрагу сабе падобных (напр., каштоўныя камяні); ступень падрыхтаванасці, кваліфікацыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КО́САВА ПО́ЛЕ,
міжгорная катлавіна каля г. Прышціна ў былым аўт. краі Косава (Сербія), дзе 15.6.1389 адбылася вырашальная бітва паміж аб’яднаным войскам сербаў і баснійцаў пад камандаваннем сербскага кн. Лазара (15—20 тыс.чал.) і тур. арміяй султана Мурада I (27—30 тыс.чал.). Пасля ўпартых баёў, у ходзе якіх загінулі Мурад I і Лазар, перамаглі туркі. У выніку паражэння на К.п. Сербія стала васалам Турцыі (з 1459 у складзе Асманскай імперыі), сербы і інш.балк. народы трапілі пад тур. панаванне больш як на 400 гадоў. Бітва на К.п. адлюстравана ў сербскіх песнях, былінах і паданнях як адна з найб. трагічных і гераічных падзей у гісторыі сербаў. У кастр. 1448 на К.п. таксама пацярпела паражэнне венг. войска на чале з Я.Хуньядзі (разбіта тур. арміяй султана Мурада II).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАПІВА́ (Urtica),
род кветкавых раслін сям. крапіўных. Каля 50 відаў. Пашыраны ва ўмераным і трапічным паясах абодвух паўшар’яў. На Беларусі 4 віды, найчасцей трапляюцца К. двухдомная (U. dioica) і жыгучка (U. urens) на вільготных мясцінах, як пустазелле на агародах, палях, у садах.
Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны выш. 15—100 (150) см з паўзучым галінастым карэнішчам. Лісце супраціўнае, зубчастае або з глыбокімі лопасцямі, звычайна ўкрытае, як і сцёблы, жыгучымі валаскамі (падоўжаныя клеткі з крохкай верхавінкай, запоўненыя едкай вадкасцю). Кветкі дробныя, аднаполыя, з простым зялёным калякветнікам, у коласападобных галінастых суквеццях. Плод арэшкападобны. Маладыя парасткі ядомыя (маюць вітаміны B2, C, K, правітамін A). З лісця атрымліваюць фарбу, якую выкарыстоўваюць у фармацэўтычнай і харч. прам-сці. Са сцёблаў вырабляюць вяроўкі і грубую тканіну. Лек. і кармавыя расліны.