ХМЯЛЕ́ЎСКІ Канстанцін Іосіфавіч (1905, Мінск — вясна 1943),
адзін з арганізатараў і кіраўнікоў Мінскага патрыятычнага падполля ў Вял. Айч. вайну. Да вайны на гасп. рабоце. У час акупацыі Мінска з вер. 1941 удзельнічаў у арганізацыі-падполля, разам з М.К.Каржанеўскім кіраваў падп. групай у Кастр. р-не горада, накіроўваў дзейнасць камсамольска-маладзёжных груп. З мая 1942 сакратар падп. Кастр. райкома КП(б)Б, з чэрв. чл. Мінскага гаркома КП(б)Б, заг. аддзела па арганізацыі дыверсій, удзельнічаў у распаўсюджванні падп. газ. «Звязда» і лістовак. У кастр. 1942 арыштаваны і вясной 1943 загублены ў фаш. катавальнях.
т. 17, с. 35
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЁКЁЙ, Цёкёлі (Thököly) Імрэ (25.9.1657, г. Кежмарак, Славакія — 13.9.1705), кіраўнік вызв. антыгабсбургскай вайны 1678—85 у Венг. каралеўстве Граф. Айчым Ракацы Ферэнца II. У 1678 аб’яднаў і ўзначаліў атрады куруцаў, да 1681 вызваліў ад улады Габсбургаў 13 паўн.-ўсх. камітатаў (абласцей) Венг. каралеўства, у т. л. ўкр. і славацкія этн. землі, абвясціў сябе ў 1682 іх князем; адначасова прызнаў сябе васалам тур. султана, ад якога атрымаў тытул венг. караля. Збліжэнне Ц. з Турцыяй і выкарыстанне ім тур. ваен. дапамогі падарвала яго папулярнасць. У 1685 княства Ц. захоплена Габсбургамі, сам ён уцёк у Турцыю, дзе да 1690 быў зняволены.
т. 17, с. 109
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЭ́НТНЕР (ням. Zentner ад лац. centenarius які змяшчае 100 адзінак),
пазасістэмная адзінка масы. Абазначаецца ц, у краінах з лац. алфавітам q (ад quintal).
Адрозніваюць Ц.: метрычны, роўны 100 кг або 0,1 т; брытанскі доўгі, роўны 112 брыт. фунтам або 50,8023 кг; брытанскі кароткі, роўны 100 брыт. фунтам або 45,3592 кг; Ц., які выкарыстоўваецца ў Германіі, Бельгіі, Даніі, Венгрыі і інш. краінах, роўны 50 кг. На Беларусі, Украіне, у Расіі, Польшчы, у ВКЛ у 15—18 ст. адзінку масы, блізкую да 1 ц, наз. корац. У сістэме англ. мер кароткі Ц. меў назву цэнтал (ад лац. centum — сто).
т. 17, с. 165
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЯПЛІ́НСКІ Марцін [1810?, б. фальварак Крупава (паводле інш. звестак, Цяшэйкава), Зэльвенскі р-н Гродзенскай вобл. — 3.8.1847], бел. паэт, фалькларыст. Пісаў на польскай мове. У 1831—33 у ссылцы на Каўказе, потым жыў на радзіме. Друкаваўся з 1837. У віленскім альманаху «Biruta» («Бірута»), час. «Athenaeum» («Атэнэум»), «Wizerunki і roztrząsania naukowe» («Навуковыя агляды і развагі») змяшчаў рамант. вершаваныя творы, пераклады. Збіраў і выкарыстоўваў у сваёй творчасці бел. паданні, песні, прымаўкі, прыказкі (апавяданне «Штосьці тут сабакам смярдзіць»), Падрыхтаваныя да друку 3 тамы «Паэзіі» засталіся ў рукапісе (не выяўлены). Меркаваў арганізаваць выданне альманаха «Наднёманскі снапок».
У.І.Мархель.
т. 17, с. 195
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧА́ПЕК (Čapek) Іосеф (23.3.1887, г. Гронаў, Чэхія — красавік 1945),
чэшскі жывапісец, графік, пісьменнік. Вучыўся ў Маст.-прамысл. школе ў Празе, у Парыжы. Друкаваўся з 1907 разам з братам К.Чапекам. У 1910—20-я г. супрацоўнічаў з газетамі і часопісамі. У выяўл. мастацтве звяртаўся да прыёмаў кубізму, фавізму і прымітывізму. Аўтар жывапісных работ («Чалавек з мяшком», 1926; цыклы «Агонь», «Мара», абодва 1938—39), ілюстрацый да твораў чэш. пісьменнікаў, у т. л. да раманаў К.Чапека «Фабрыка Абсалюту» (1922), «Кракаціт» (1924) і ўласных твораў («Аповесць пра сабачку і кошачку», 1929), антыфаш. карыкатур і інш. Загінуў у канцлагеры.
т. 17, с. 216
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ЧАРАЎНІ́ЦЫ»,
бел. жаночы эстрадна-харэаграфічны ансамбль. Створаны ў 1976 у Мінску пры Мін-ве гандлю Беларусі, з 1989 прафесійны. Маст. кіраўнікі і гал. балетмайстары Р.Красоўская і М.Красоўскі (да 1989). У сваёй творчасці калектыў спалучае эстр. кірунак з класічным танцам. У рэпертуары харэаграфічныя мініяцюры на муз. П.Чайкоўскага, «Балеро» М.Равеля, «Іспанскае капрычыо» М.Рымскага-Корсакава, танцы ў стылі мадэрн; вальсы, полькі, маршы І.Штрауса і інш. У розныя часы сярод салістаў ансамбля Н.Вашкевіч, Н.Крывенка, С.Разумава, В.Раткевіч, Т.Шаўно. У 1976—89 пры ансамблі існавала школа-студыя. Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1985.
т. 17, с. 223
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРНО́БЫЛЬ,
горад у Кіеўскай вобл. Украіны, на р. Прыпяць, пры яе ўпадзенні ў Кіеўскае вадасховішча.
У пісьмовых крыніцах упамінаецца з 1193. З 1362 у складзе ВКЛ. Пасля Люблінскай уніі 1569 належаў Кароне (Польшча). Першапачаткова каралеўскі горад, потым уладанне Ф.Кміты-Чарнабыльскага (з 1566), Сапегаў, Хадкевічаў. Насельніцтва Ч. ўдзельнічала ў вызв. вайне ўкр. і бел. народаў 1648—54, казацка-сял. паўстанні 1702—04 пад кіраўніцтвам С.П.Палія, пасля чаго горад заняпаў. У выніку 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) далучаны да Рас. імперыі. З 1941 горад. У сувязі з аварыяй (крас. 1986) на Чарнобыльскай АЭС насельніцтва Ч. эвакуіравана (гл. Чарнобыльская катастрофа 1986).
т. 17, с. 236
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАРНЫШО́Ў Валерый Алегавіч (н. 10.1.1935, г. Таганрог, Расія),
бел. вучоны ў галіне інфарм. тэхналогій. Д-р тэхн. н. (1975), праф. (1985). Скончыў Таганрогскі радыётэхн. ін-т (1957). З 1975 у Мінскім радыётэхн. ін-це (заг. кафедры, прарэктар), у 1983—93 у Мінскім ін-це культуры (заг. кафедры). Навук. працы па тэхн. кібернетыцы, АСК і выліч. сетках. Распрацаваў тэарэт.-метадалагічныя і інструментальна-вытв. асновы пабудовы інфарм. сістэм.
Тв.:
АСУ ТП в промышленном животноводстве. М., 1984;
Основы системотехники. Томск, 1992 (у сааўт.);
Основы информатизации субъектов хозяйствования на базе новых информационных технологий. Мн., 2003 (у сааўт.).
М.П.Савік.
т. 17, с. 240
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЧАХО́ЎСКІ Міхаіл Іосіфавіч (1763 — пасля 1825 ?),
бел. архітэктар; прадстаўнік класіцызму. З 1804 працаваў у Мінску, у 1817—25 Мінскі губ. архітэктар. Аўтар праектаў урадавай установы, павятовага і ніжняга земскага судоў у г. Чэрвень (1803—06), устаноў гар. праўлення ў гарадах Мазыр (1804), Вілейка, Бабруйск, Слуцк, Пінск (усе 1806), Барысаў (1817), дома гараднічага ў Пінску (1806), моста цераз р. Свіслач у Мінску (1812), дваранскага дома ў Бабруйску (1814) і інш. Сярод інш. работ: буд-ва духоўнай семінарыі (з А.Мельнікавым) і дома К.Шэмета па вул. Францысканскай (1803), праект частковай рэканструкцыі Мінскай Петрапаўлаўскай царквы (1824) у Мінску.
В.Ф.Марозаў.
т. 17, с. 262
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ШВА́БІЯ (Schwaben),
гістарычная вобласць у Паўд.-Зах. Германіі ў раннім сярэдневякоўі. Першапачаткова заселена алеманамі (стараж. іх назва — швабы, адсюль назва вобл.). З 10 ст. на тэр. Ш. існавала герцагства, якое ўваходзіла ў склад Герм. каралеўства. У 2-й пал. 13 ст. Ш. распалася на шэраг свецкіх і духоўных княстваў (тэр. Вюртэмберга, Паўд. Бадэна, Эльзаса, ч. Швейцарыі, ч. Баварыі). Ш. была адным з важнейшых раёнаў Сялянскай вайны 1524—26. У 1500—1806 адна з акруг «Свяшчэннай Рымскай імперыі». У далейшым найменнем «Ш.» абазначалі вобласць пашырэння швабскага дыялекту (у больш шырокім сэнсе — усю тэр. б. Ш.). Гл. таксама Швабскі саюз.
т. 17, с. 399
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)