КО́РЖАЎ (Коржаў-Чувялёў) Гелій Міхайлавіч

(н. 7.7.1925, Масква),

расійскі жывапісец. Нар. маст. СССР (1972). Чл. АМ СССР (1970). Скончыў Маскоўскі маст. ін-т (1950). У 1951—58 і з 1964 выкладае ў Маскоўскім вышэйшым маст.-прамысл. вучылішчы (з 1966 праф.). У 1968—75 старшыня праўлення Саюза мастакоў Расіі. У вострых па кампазіцыі і стрыманых па каларыце карцінах з вылучанымі буйным планам, дасканала мадэляванымі фігурамі паказвае вобразы ў сац., драм. і гераічных сітуацыях: трыпціх «Камуністы» (1957—60, Дзярж. прэмія Расіі 1966), «Мастак» (1961), серыя «Апаленыя агнём вайны» (1962—67), «Асуджаная» (1970—75), «Абернуты» (1974—75) і інш.

Г.Коржаў Мастак. 1961.

т. 8, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́РЗУН (Міхаіл Сямёнавіч) (н. 10.8. 1935, в. Мышкавічы Кіраўскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. гісторык. Д-р гіст. н. (1996). Скончыў БДУ (1957). З 1957 дырэктар школ у Дунілавіцкім і Кіраўскім р-нах, з 1965 на кафедры гісторыі стараж. свету і сярэдніх вякоў БДУ. Працы па гісторыі Стараж. Грэцыі і рус. правасл. царквы. Адзін з аўтараў эксперым. падручніка для школ «Гісторыя старажытнага свету» (1998).

Тв.:

Социально-политическая борьба в Афинах в 444—425 гг. до н.э. Мн., 1975;

Русская православная церковь на службе эксплуататорских классов, X в. — 1917 г. Мн., 1984;

Русская православная церковь, 1917—1945 гг. Мн., 1987.

т. 8, с. 419

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́САЎСКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры неаготыкі. Пабудаваны ў 1878 у г. Косава Івацэвіцкага р-на Брэсцкай вобл. на сродкі В.​Пуслоўскага і парафіян. Складаецца з аднанефавага прамавугольнага ў плане асн. аб’ёму і больш нізкай 5-граннай алтарнай апсіды з 2 сакрысціямі. Асн. аб’ём завершаны вежай званіцы з высокім шатровым дахам. Гал. (паўд.-зах.) фасад аздоблены плоскімі нішамі розных форм і акном-ружай у складаным прафіляваным стральчатым абрамленні. Партал увахода вылучаны вімпергам. У архіве касцёла захоўвалася метрыка хрышчэння Т.​Касцюшкі, які нарадзіўся ў фальварку Мерачоўшчына каля Косава.

А.​А.​Ярашэвіч.

Косаўскі Троіцкі касцёл.

т. 8, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КОХ ((Koch) Іозеф Антон) (27.7.1768, Эльбігенальп, Аўстрыя — 12.1.1839),

аўстрыйскі жывапісец і афартыст. Вучыўся ў г. Штутгарт (Германія; 1785—91). З 1795 працаваў у Рыме (у 1812—15 у Вене). Пісаў жывыя, напоўненыя экспрэсіяй пейзажы ў духу класіцызму. Значна паўплываў на развіццё пейзажнага жывапісу ў Германіі. Больш познім творам уласцівы рысы рамантызму. Сярод работ: «Ахвярапрынашэнне Ноя» (1813), «Бернскі Оберланд» (1815), «Вадаспад у Шмадрыбаху» (1821—22), «Пейзаж з Макбетам і вядзьмаркамі» (1829). Аўтар фрэсак для адной з залаў вілы Масімі ў Рыме (1827—29), ілюстрацый да «Боскай камедыі» Дантэ і інш.

І.Кох. Вадаспад у Шмадрыбаху. 1821—22.

т. 8, с. 438

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРАЎЦО́Ў (Міхаіл Канстанцінавіч) (н. 7.9.1946, в. Рублеўск Круглянскага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1995). Брат В.К.Краўцова. Скончыў БДУ (1969). З 1987 у Ін-це АСК аграпрамысл. комплексу Акадэміі агр. навук Беларусі, з 1997 у Н.-д. эканам. ін-це. Навук. працы па матэм. кібернетыцы. Распрацаваў метады рашэння праблем поліэдральнай камбінаторыкі трансп. задач і развіў тэорыю складанасці і ўстойлівасці задач шматкрытэрыяльнай дыскрэтнай аптымізацыі.

Тв.:

Многогранники. графы, оптимизация. М., 1981 (разам з У.​А.​Ямелічавым, М.​М.​Кавалёвым);

Полиэдральные аспекты многоиндексных транспортных задач с аксиальными суммами // Докл. АН СССР. 1990. Т. 315, № 6.

М.Краўцоў.

т. 8, с. 467

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРА́ЎЧАНКА (Пётр Кузьміч) (н. 13.8.1950, г. Смалявічы Мінскай вобл.),

дзяржаўны дзеяч Беларусі, гісторык, дыпламат. Канд. гіст. н. (1976). Скончыў БДУ (1972). З 1975 выкладчык у БДУ, адначасова на парт. рабоце. З 1985 сакратар Мінскага гаркома КПБ. У 1990—94 міністр замежных спраў Рэспублікі Беларусь. Мае дыпламат. ранг надзвычайнага і паўнамоцнага пасла СССР (1990). Кіраўнік дэлегацыі Беларусі на 45—48-й сесіях Ген. Асамблеі ААН. З 1998 надзвычайны і паўнамоцны пасол Рэспублікі Беларусь у Японіі. Дэп. Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь у 1990 і 1995—96, старшыня камісіі па міжнар. справах Вярх. Савета Рэспублікі Беларусь (1996).

П.К.Краўчанка.

т. 8, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРО́ТАЎ (Веньямін Рыгоравіч) (н. 7.5.1949, Масква),

бел. матэматык. Д-р фіз.-матэм. н. (1990), праф. (1991). Скончыў Адэскі ун-т (1971), дзе і працаваў у 1972—93. З 1993 у БПА, з 1998 у БДУ. Навук. працы па тэорыі функцый рэчаіснай пераменнай, тэорыі функцый камплекснай пераменнай, функцыянальным аналізе, тэорыі ўраўненняў з частковымі вытворнымі.

Тв.:

О гладкости примитивных Н.Н. Лузина и о теоремах Д.Е. Меньшова и Н.К. Бари // Матем. сб. 1987. Т. 134, № 3;

Точная оценка граничного поведения функций из классов Харди-Соболева в критическом случае // Матем. заметки. 1997. Т. 62, вып. 4.

т. 8, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУ́КАЎ (Леў Міхайлавіч) (н. 10.10.1935, г. Міхайлаў Разанскай вобл., Расія),

бел. вучоны-эканаміст. Канд. эканам. н. (1979). Скончыў Маскоўскі аўтамех. ін-т (1958). З 1973 у БелНДІНТІ Дзяржплана БССР, з 1984 нам. дырэктара, з 1988 — дырэктар Н.-д. эканам. ін-та. Навук. працы па праблемах рыначных адносін, прагназаванні навук.-тэхн. прагрэсу. Прымаў удзел у распрацоўцы дзярж. праграм сац.-эканам. развіцця Рэспублікі Беларусь.

Тв.:

Вопросы экономического прогнозирования процессов обновления продукции (смены моделей машин в производстве). Мн., 1978;

Управление экономикой БССР в условиях суверенитета. Мн., 1991 (у сааўт.);

Концепция социально-экономического развития РБ до 2015 г. Мн., 1998 (у сааўт.).

т. 8, с. 484

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУМ ((Krumm) Хендрык) (21.12.1934, в. Лейзі, востраў Саарэмаа, Эстонія — 12.4.1989),

эстонскі спявак (тэнар), педагог. Нар. арт. СССР (1980). Скончыў Талінскую кансерваторыю (1963), з 1976 выкладаў у ёй. З 1957 артыст хору, з 1961 саліст т-ра оперы і балета «Эстонія». Сярод партый: Юла («Вікерцы» Э.​Аава), Неэме («Агні помсты» Э.​Капа), Крысціян («Сірано дэ Бержэрак» Э.​Тамберга), Вадэмон («Іаланта» П.​Чайкоўскага), Лыкаў («Царская нявеста» М.​Рымскага-Корсакава), Радамес, Рычард, Манрыка («Аіда», «Баль-маскарад», «Трубадур» Дж.​Вердзі), Эдгар («Лючыя ды Ламермур» Г.​Даніцэці), Сяргей («Кацярына Ізмайлава» Дз.​Шастаковіча). Прэмія імя Г.​Отса 1983.

т. 8, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРУЦІ́ЛЬНЫЯ ВАГА́ННІ,

механічныя ваганні, пры якіх пругкія элементы канструкцый зведваюць дэфармацыю кручэння. Напр., гарманічны рух круцільнага маятніка. Выяўляюцца таксама ў машынах з пераменнай нагрузкай на вярчальны вал, напр., поршневых рухавіках, турбінах, генератарах, сілавых перадачах трансп. машын.

К. в. круцільнага маятніка выкарыстоўваюцца ў розных фіз. прыладах, напр., для вызначэння модуля пругкасці пры зруху, каэфіцыентаў унутр. трэння. У канструкцыях механізмаў і машын К. в. звычайна адмоўная з’ява — пры супадзенні частаты ваганняў, што ўзнікаюць, з адной з частот, напр., сілавой перадачы, выяўляюцца рэзанансныя К. в. (гл. Рэзананс), якія вядуць да разбурэння машыны. Гл. таксама Флатэр.

т. 8, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)