група гетэратрофных бесхларафільных арганізмаў, разнастайных паводле будовы, памераў і спосабу жыцця; адно з царстваў жывой прыроды. Спалучаюць прыкметы раслін (нерухомасць, верхавінкавы тып росту, наяўнасць клетачных сценак і інш.) і жывёл (гетэратрофны тып абмену, наяўнасць хіціну, утварэнне мачавіны і глікагену і інш.). Маюць асобы цыкл развіцця (змена ядзерных фаз, дыкарыятычны стан, разнаякаснасць ядзер у межах адной клеткі — гетэракарыёз і інш.). Раней грыбы адносілі да ніжэйшых раслін. Вядома больш за 100 тыс. відаў грыбоў, пашыраных па ўсім зямным шары. Падзяляюцца на 3 аддзелы: ааміцэты, слізевікі і сапраўдныя грыбы. Сярод апошніх вылучаюць аскаміцэты, базідыяльныя грыбы, зігаміцэты, недасканалыя грыбы, хітрыдыяміцэты.
Вегетатыўнае цела большасці грыбоў уяўляе сабой міцэлій (грыбніцу), які складаецца з адна- ці шматклетачных разгалінаваных тонкіх ніцей — гіфаў, што ў працэсе развіцця ўтвараюць строму або пладовыя целы рознай марфалогіі. Арганізмы ніжэйшых грыбоў (слізевікі, хітрыдыяміцэты) прадстаўлены голымі плазмодыямі. У жыццёвым цыкле грыбоў магчымы розныя стадыі развіцця (плеямарфізм). Аднаклетачны стан назіраецца ў перыяд размнажэння грыбоў (напр., у спор). Грыбы размнажаюцца вегетатыўным, бясполым і палавым спосабамі. У аснову вызначэння сістэматычнага стану грыбоў пакладзены асаблівасці будовы грыбнога цела, палавога і бясполага споранашэння і формы пладовых цел. Вегетатыўнае размнажэнне ажыццяўляецца кавалкамі міцэлію (шапкавыя грыбы), пачкаваннем (дрожджы), асобнымі клеткамі — аідыямі (галасумчатыя), гемамі і хламідаспорамі (галаўнёвыя грыбы), бясполае — з дапамогай спор, што ўтвараюцца на асобных клетках міцэлію. Споры могуць фарміравацца эндагенна, унутры шарападобна пукатых канцоў гіфаў (спарангіяспоры, зааспоры; у ніжэйшых грыбоў) або экзагенна (канідыяспоры; у вышэйшых і некат. ніжэйшых грыбоў). Для палавога размнажэння ўласціва зліццё аднолькавых або розных паводле памераў гамет (у ніжэйшых грыбоў), яйцаклеткі і сперматазоіда (у ааміцэтаў), вегетатыўных клетак з аднолькавымі або рознымі палавымі знакамі (у зігаміцэтаў), антэрыдыю і архікарпа з утварэннем сумкі (у аскаміцэтаў) або шляхам саматагаміі з утварэннем базідый (у базідыяміцэтаў). Утварэнню сумак і базідый звычайна папярэднічае развіццё на міцэліі пладовых цел — спец. спараносных органаў. У аскаміцэтаў гэта клейстатэцый, перытэцый, апатэцый і інш., у базідыяльных грыбоў распасцёртыя, палачка-, куста-, шара-, зоркападобныя і інш. пладовыя целы.
У прыродна-кліматычных зонах Беларусі трапляюцца прадстаўнікі ўсіх сістэматычных груп грыбоў, якія спецыялізаваны да розных экалагічных умоў існавання. Напр., агарыкальныя, афілафаральныя, гастэраміцэты і інш. сапрабіёнты развіваюцца ў лясах на гнілой драўніне, лясным подсціле, плесневыя грыбы — на прадуктах харчавання, кармах жывёл. Мучніста-расяныя грыбы, іржаўныя, перанаспоравыя, хітрыдыевыя, гельмінтаспорый, фузарый, фітафтора, макраспорый, склератынія і інш. групы фітапатагенных грыбоў паразітуюць на збожжавых, агароднінных, пладова-ягадных культурах. Вядома больш за 200 відаў ядомых грыбоў і каля 40 відаў ядавітых грыбоў. Грыбы мінералізуюць раслінныя рэшткі ў глебе, патагенныя грыбы выклікаюць хваробы раслін, жывёл і чалавека. Грыбы — актыўныя накапляльнікі радыенуклідаў. Многія віды плесневых грыбоў выкарыстоўваюць у мікрабіял. прам-сці для атрымання вітамінаў, антыбіётыкаў, ферментаў, стэроідных гармонаў, дрожджы — у хлебапячэнні, піваварэнні, вінаробстве. Шэраг відаў грыбоў культывуюць (шампіньёны, вешанкі, труфелі). Вывучае грыбы мікалогія.
Літ.:
Беккер З.Э. Физиология грибов и их практическое использование. М., 1963;
Эволюция и систематика грибов: Теорет. и прикладные аспекты. Л., 1984;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗІЦЯ́ЧАЕ КІНО́,
мастацкія (ігравыя), хранікальна-дакументальныя, навукова-пазнавальныя, мультыплікацыйныя (анімацыйныя) фільмы для дзяцей і юнацтва. Выхаваўчыя задачы, якія ставяцца перад Дз.к., вызначаюць яго тэматыку і жанравыя асаблівасці. Як асобны кірунак у сав. кінематографе вылучылася ў 1920-я г. Асаблівасці выразна праявіліся ў фільмах «Чырвоныя чарцяняты» (1921, рэж. І.Перысціяні), «Пуцёўка ў жыццё» (1931, рэж. М.Экк), «Падраныя чаравікі» (1933, рэж. М.Барская) і інш. У 1936 у Маскве створана кінастудыя «Саюздзетфільм», рэарганізаваная ў 1948 у Цэнтр. студыю дзіцячых і юнацкіх фільмаў імя М.Горкага. Дзіцячыя фільмы выпускаліся і на рэсп. кінастудыях. У 1992 створаны Міжнар. фонд развіцця кіно і тэлебачання для дзяцей і юнацтва («Фонд Раланда Быкава», Масква).
У бел. кінематографе першая маст. карціна для дзяцей — «Грышка-свінапас» (1928, рэж.-мантажор В.Кубліцкі), зманціраваная з маст. фільма «Лясная быль» (1926, рэж. Ю.Тарыч). У 1930-я г. створаны фільмы пра піянераў («Кульгаўка», 1931, рэж. Ю.Вінакураў; «Баям насустрач», 1932, рэж. Э.Аршанскі; «Адбітак часу», 1932, рэж. Г.Кроль), пра юных следапытаў («Палескія рабінзоны», 1934, рэж. І.Бахар, П.Малчанаў), рабфакаўцаў («Песня вясны», 1935, рэж. У.Гардзін), юных талентаў («Канцэрт Бетховена», 1936, рэж. М.Гаўронскі, У.Шмітгоф). Больш плённа Дз.к. на Беларусі развівалася ў пасляваен. час: сюжэты кінахронікі, дакумент. кінанавелы, маст. фільмы рознай тэматыкі (гіст.-рэв., героіка-патрыят., прыгодніцкія, казачныя). Яны вызначаліся гуманнасцю, актыўнасцю юных герояў, што ярка выявілася ў фільмах рэж. Л.Голуба: «Міколка-паравоз» (1957), «Дзяўчынка шукае бацьку» (1959), «Вуліца малодшага сына» (1962), «Пушчык едзе ў Прагу» (сумесна з ЧССР, 1966), «Анюціна дарога» (1968), «Паланэз Агінскага» (1971), «Маленькі сяржант» (1975). Фільмы пра пакаленне дзяцей, якое зведала вайну, ставілі рэжысёры В.Тураў («Праз могілкі», 1964, «Я родам з дзяцінства», 1966), І.Дабралюбаў («Іван Макаравіч», 1970, «Расклад на паслязаўтра», 1978, «Мама, я жывы», 1985), В.Нікіфараў («Зімародак», 1972, «Ціхія троечнікі», 1980; «Вялікая прыгода», 1985), В.Рубінчык («Апошняе лета дзяцінства», 1972, «Вянок санетаў», 1977). Фільмы прыгодніцкія, казачныя вызначылі творчасць рэжысёраў Л.Мартынюка («Пяцёрка адважных», 1971, «Сямейныя акалічнасці», 1977, «Ветразі майго дзяцінства», 1981, «Белае возера», 1992), Л.Нячаева («Прыгоды Бураціна», 1976, «Пра чырвоную шапачку». 1977, «Рыжы, сумленны, закаханы», 1984, «Казка пра зорнага хлопчыка», 1985, «Пітэр Пэн», 1987), У.Бычкова («Горад магістраў», 1966, «Восеньскі падарунак фей», 1984). У 1990-я г. вытворчасць дзіцячых фільмаў скарацілася. Выпушчаны: «Мёд асы» (1992, рэж. І.Волчак), «Зязюліны дзеці» (1992, рэж. А.Мароз), «Вогненны стралок» (1993, рэж. М.Князеў), «Я — Іван, ты — Абрам» (1993, рэж. І.Зоберман), «Кветкі правінцыі» (1995, рэж. Дз.Зайцаў), «Шэльма» (1996, рэж. А.Ганчаронак, І.Чацверыкоў), «Батанічны сад» (1997, рэж. В.Гасцюхін) і інш. Значнае месца ў дзіцячым кінематографе займаюць дакумент., а з пач. 1970-х г. мультыплікацыйныя і лялечныя фільмы (гл.Анімацыйнае кіно, Дакументальнае кіно).
Е.Л.Бондарава.
Да арт.Дзіцячае кіно. Кадр з мультыплікацыйнага фільма «Дзед і Жораў».Да арт.Дзіцячае кіно. Кадр з мультыплікацыйнага фільма «Песня пра зубра».Да арт.Дзіцячае кіно. Кадр з фільма «Маленькі сяржант».Да арт.Дзіцячае кіно. Кадр з фільма «Дзяўчынка шукае бацьку».Да арт.Дзіцячае кіно. Кадр з фільма «Марозка».Да арт.Дзіцячае кіно. Кадр з фільма «Горад майстроў».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАШТО́ЎНАСЦЬ,
станоўчая або адмоўная значнасць для чалавека і грамадства пэўных з’яў рэчаіснасці і аб’ектаў навакольнага асяроддзя. Носьбітам К. з’яўляецца нешта канкрэтнае (прадмет, рэч, дзеянне, з’ява), а сама К. ёсць значэнне дадзенага аб’екта для суб’екта. Таму матэрыяльным або духоўным можа быць носьбіт К., а не сама К. З фармальнага пункту погляду К. падзяляюцца на пазітыўныя і негатыўныя, адносныя і абсалютныя, суб’ектыўныя і аб’ектыўныя. У залежнасці ад зместу грамадскіх ідэалаў, маральных прынцыпаў і норм К. могуць быць агульначалавечымі (дабро — зло, любоў — нянавісць, давер — варожасць, праўда — хлусня, шчырасць — крывадушнасць) і канкрэтна-гістарычнымі (патрыярхат — матрыярхат, роўнасць — бяспраўнасць, дэмакратыя — аўтарытарызм). Другой формай існавання К. з’яўляецца канкрэтнае прадметнае ўвасабленне чалавечых учынкаў і грамадскіх каштоўнасных ідэалаў (этычных, эстэт., паліт., прававых, рэліг. і інш.). Да прадметных К. адносяць натуральныя даброты і зло, якія заключаюцца ў прыродных багаццях і стыхійных бедствах; сац. даброты і зло, што абумоўлены сутнасцю грамадскіх адносін ці палітыкай дзяржавы; культ. спадчыну мінулага, якая выступае ў форме багацця сучаснікаў; эстэт. характарыстыкі прыродных і грамадскіх аб’ектаў, твораў матэрыяльнай і духоўнай культуры (прыгожае — агіднае, узнёслае — нізкае і г.д.); маральнае дабро і зло, што заключаюцца ў дзеяннях людзей; прадметы рэліг. пакланення і г.д. Адрозніваюць таксама асобасныя К., якія ўваходзяць у псіхал. структуру асобы ў форме каштоўнаснай арыентацыі, мэты і выконваюць функцыю рэгулятараў паводзін індывіда.
Каштоўнасныя арыентацыі і сістэмы ацэнак фарміруюцца і відазмяняюцца ў гіст. развіцці грамадства. У культуры Стараж. Грэцыі яны склаліся ў выніку распаду першабытнай каштоўнаснай свядомасці на самаст. яе мадыфікацыі — прававыя, паліт., рэліг., эстэт., маральныя і мастацкія. У працэсе ўтварэння самаст. дзяржаў атрымалі заканад. афармленне прававыя адносіны, якія вызначалі абавязкі і правы кожнай часткі грамадства — індывіда, сац., этн. і паліт. груп. З ускладненнем сац. структуры грамадства прававыя спосабы яго арг-цыі дапоўніліся паліт. К., якія ўвасабляліся ў пэўных праграмах, тэарэт. канцэпцыях, ідэалаг. сістэмах і адпаведных сістэмах К. (патрыятызм, грамадзянскасць, нац. і саслоўная гордасць, класавая салідарнасць, парт. дысцыпліна і да т.п.). Народжаныя эканам., этн., сац.-псіхал. і ідэалаг. падзелам чалавецтва, паліт. К. то садзейнічалі кансалідацыі грамадства, то прыводзілі да разбурэння яго цэласнасці, апраўдання ваен. і рэв. канфліктаў. У сярэдзіне 20 ст., з прычыны пагрозы самазнішчэння чалавецтва ў выніку ўнутр. разладу, ядзернай катастрофы або экалагічнага крызісу, узнікла ўсведамленне прыярытэту агульначалавечых К., якія здольны прывесці да адмірання паліт. адносін, а значыць, і паліт. К. Гэтыя К. адлюстроўваюць шматвяковы вопыт сац.-паліт. развіцця свету, светапоглядныя ідэалы, маральныя нормы развіцця цывілізацыі і з’яўляюцца агульнымі для ўсіх людзей незалежна ад якіх-н. адрозненняў (самакаштоўнасць чалавечага жыцця, свабода, шчасце, міласэрнасць і інш).
Засваенне выпрацаваных на кожным гіст. этапе К. складае неабходную аснову фарміравання унікальнага ўнутр. свету кожнага чалавека, які з’яўляецца асновай яго непаўторнай асобы і індывідуальнасці, эфектыўнага развіцця і функцыянавання грамадства і чалавечай супольнасці ў цэлым. Філас. праблемы прыроды і сутнасці К. з’яўляюцца прадметам даследавання спец. навукі — аксіялогіі.
Літ.:
Ценности культуры и современная эпоха. М., 1990;
Чумаков А.Н. Философия глобальных проблем. М., 1994;
Каган М.С. Философская теория ценности. СПб., 1997;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТАГРА́ФІЯ (ад літа... + ...графія),
від тыражнай графікі; спосаб плоскага друку, твор, выкананы літаграфскім спосабам. Друкарскай формай у Л. з’яўляецца гладкая (для ўзнаўлення пёравай графікі) або зярністая (для ўзнаўлення алоўкавага малюнка) паверхня літаграфскага каменю, часам цынкавай ці алюм. пласцінкі, на якую нанесена выява тлустай тушшу (пяром або пэндзлем) ці літаграфскім алоўкам. Часам выяву пераносяць на камень з малюнка, выкананага на спец. пераводнай паперы — корнпапіры. Пасля спец.хім. апрацоўкі каменю, паслядоўнага нанясення на яго паверхню вады і фарбы праводзяць друкаванне. Л. ўласцівы вял. свабода аўтарскага выканання, разнастайнасць маст. сродкаў пры вял. дакладнасці ўзнаўлення, параўнальная прастата тэхнікі. Мадыфікацыі Л. аўталітаграфія, амаграфія, хромалітаграфія і інш.
Вынайдзена А.Зенефельдэрам у Германіі ў 1798. У 19—20 ст. Л. адыграла важную ролю ў развіцці карыкатуры, ілюстрацыі, плаката, прыкладной графікі. Сярод вядучых майстроў 19 ст. П.Гаварні, А.Дам’е, Э.Дэлакруа, Ф.Гоя, Т.Жэрыко. Новыя маст. магчымасці Л. былі адкрыты майстрамі імпрэсіянізму (Э.Манэ, А.Рэнуар, Э.Дэга, К.Пісаро), ням. экспрэсіяністамі (М.Ліберман), мастакамі ЗША (Дж.Уістлер). У канцы 19 — пач. 20 ст. асаблівую вастрыню. драматызм і адначасова дэкар. выразнасць прыўнеслі ў Л. Э.Вюяр, П.Пікасо, А.Рэдон, А. дэ Тулуз-Латрэк у Францыі, Ф.Ропс у Бельгіі, Э.Мунк у Нарвегіі, Р.Кент у ЗША, Я.Кібрык, П.Кузняцоў, М.Ларыёнаў, Н.Ганчарова, М.Радзіёнаў у Расіі.
На Беларусі Л. існуе з 1-й пал. 19 ст. У яе развіцці значную ролю адыграла Віленская літаграфская майстэрня, засн. ў 1819—21. Сярод першых літографаў Ф.Славецкі, Я.Рустэм, К.Кукевіч. Да Л., у т. л. каляровай, звярталіся Ю.Азямблоўскі, К.Бахматовіч, А.Бартэльс, Я.Дамель, М.Кулеша, Н.Орда, І.Хруцкі і інш. У 1920-я г. літаграфская майстэрня ўзнікла пры Віцебскім маст.-практычным ін-це (з 1923 маст. тэхнікум). У 1920—40-я г. ў тэхніцы Л. працавалі Я.Горыд, Н.Галоўчанка, П.Гуткоўскі, М.Малевіч, Н.Сасноўская, М.Філіповіч, Ф.Фогт, М.Чураба. Вял. значэнне для развіцця бел. Л. мела стварэнне эстампных майстэрняў пры Бел.тэатр.-маст. ін-це (1953) і Маст. фондзе Беларусі (1956). Літаграфічныя станковыя серыі, сюжэтна-тэматычныя кампазіцыі, партрэты, краявіды, ілюстрацыі, экслібрысы і інш. выкананы бел. мастакамі В.Александровічам, Л.Асецкім, У. і М.Басалыгамі, С.Волкавым, Ю.Выхадцавым, С.Герусам, П.Дурчыным, Ю.Зайцавым, А.Кашкурэвічам, А.Лось, Г. і Н. Паплаўскімі, А.Паслядовіч, У.Пашчасцевым, У.Піменавым, С.Раманавым, І.Раманоўскім, У.Савічам, У.Сакаловым, М.Селяшчуком, Ю.Тышкевічам, В.Шаранговічам і інш. Л. — адна з гал. форм бел.эстампа. Іл.гл. таксама да арт.Графіка.
Літ.:
Суворов П.И. Искусство литографии. 4 изд. М., 1964;
Шматаў В.Ф. Беларуская графіка 1917—1941 гг.Мн., 1975;
Яго ж. Сучасная беларуская графіка, 1945—1977. Мн., 1979.
В.Я.Буйвал, І.Л.Чэбан.
Да арт.Літаграфія. Я.Кібрык. Ласачка. Ілюстрацыя да рамана Р.Ралана «Кала Бруньён». 1934—36.Да арт.Літаграфія. А. дэ Тулуз-Латрэк. Японская канапа. 1893.Да арт.Літаграфія. Р. Кент. Вяршыня.Да арт.Літаграфія. Н.Паплаўская. Нядзеля. 1993.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІТУРГІ́Я (грэч. leiturgia),
1) найбольш важнае богаслужэнне правасл. царквы (у католікаў і пратэстантаў наз.імша). Праводзіцца звычайна ў перадабедзенны час (адсюль другая назва — абедня). Рэлігійны сэнс Л. — здзяйсненне таінства прычасці, ці еўхарыстыі. Паводле евангелляў, першая еўхарыстычная трапеза адбылася ў вял. чацвер у час Тайнай вячэры Ісуса Хрыста з апосталамі. Большасць тэкстаў правасл. Л. нязменныя, у адрозненне ад зах. традыцыі, дзе асн. іх частка мяняецца ў залежнасці ад канкрэтнага рэліг. свята. Гістарычна сфарміраваліся 3 асн. чыны Л.: блізкія паводле зместу Іаана Хрызастома, ці Златавуста (штодзённы) і Васіля Вялікага (святкуецца 10 разоў на год); папярэдне асвячоных дароў, ці Грыгорыя Дваяслова (у час вял. посту і ў першыя 3 дні Перадвелікоднага тыдня). Парадак іх правядзення выкладзены ў Служэбніку. Л. ўключае праскамідыю — спец. рытуальнае прыгатаванне «рэчыва длясв. еўхарыстыі» з просвір і разбаўленага чырв. віна; Л. апавешчаных для тых, хто рыхтуецца да хрышчэння, і тых, хто адлучаны ад прычасці і каецца ў грахах; Л. верных, на якой спачатку прысутнічалі толькі хрысціяне. Л. складаецца з чытання выбраных урыўкаў з Бібліі, малітваў, шэрагу сімвалічных дзеянняў і працэсій, песнапенняў.
Сутнасная і неад’емная частка Л. — псалмодыя, антыфонны і рэспансорны спеў. Да 16 ст. музыка Л. развівалася ў рэчышчы манадыйнай традыцыі. Важнейшыя тэксты распяваліся ў традыцыйным знаменным, дзямественным, вялікім, малым, грэчаскім і інш. стылях. На Беларусі найб. пашыраны былі мелодыі т. зв. кіеўскага і балг. роспеваў, а таксама мясц. меладычныя варыянты (супрасльскія, віленскія, мірскія і інш.). У 17—18 ст. у муз. афармленні большую ролю адыгрывалі партэсныя кампазіцыі, якія паступова пачалі дамінаваць. Асобныя «херувімскія» і інш. кампазіцыі на тэксты Л. і цыклы т. зв. «службаў божых», аб’яднаныя адзінай аўтарскай задумай, стварылі М.Дылецкі, В.Цітоў, А.Ведаль, С.Давыдаў і інш. З канца 18 ст. важную ролю пачалі адыгрываць хар. канцэрты a cappella, кампазіцыі досыць вольнай формы, якія выконваліся ў час Л. (Дз.Бартнянскі, М.Беразоўскі, С.Дзегцяроў, Ведаль і інш.). Росквіт правасл. музыкі канца 19 — пач. 20 ст. звязаны са стварэннем літургічных цыклаў П.Чайкоўскага, А.Грачанінава, А.Кастальскага, С.Рахманінава і інш. Да 1-й пал. 18 ст.традыц. чыны Л. — нязменная аснова літургічнай практыкі уніяцкай царквы Беларусі. Менавіта ў Л. — набажэнства, прызначанае для шырокіх колаў вернікаў, найб. актыўна ўводзіліся кампазіцыі ў новых муз. стылях. Захаваліся унікальныя помнікі уніяцкай муз. традыцыі «Херувік балгарскі» св. Іасафата Кунцэвіча (аднагалосая кампазіцыя страфічнай будовы; Аддзел рэдкіх кніг і рукапісаў Нац. б-кі Рэспублікі Беларусь) і першы вядомы помнік шматгалосай партэснай кампазіцыі «Херувімская» з Супрасльскага ірмалоя 1639 (б-каАН Літвы). У сучаснай бел. музыцы цыклы Л. стварылі М.Равенскі, М.Шчаглоў-Куліковіч, А.Хадоска, А.Залётнеў, А.Бандарэнка, Л.Шлег.
2) 3 16 ст. ў каталіцкай тэалагічнай л-ры тэрмін «Л.» абазначае сукупнасць афіц. богаслужэнняў і цырымоній.
Літ.:
Арранц М. Историческое развитие Божественной литургии. Л., 1978;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАГІЛЁЎСКІ АБЛАСНЫ́ ТЭА́ТР ДРА́МЫ І КАМЕ́ДЫІімя В.І.Дуніна-Марцінкевіча.
Створаны ў 1970 у Бабруйску з выпускнікоў Бел.тэатр.-маст. ін-та (курс Б.Платонава і В.Рэдліх) і акцёраў інш. т-раў (часткова Магілёўскага абл.т-рамуз. камедыі), у 1975 трупа значна абноўлена. У 1977 прысвоена імя В.Дуніна-Марцінкевіча. У першыя гады т-р арыентаваўся на распрацоўку героіка-патрыят. праблематыкі: «Хлопец з нашага горада» К.Сіманава, «Трыбунал» А.Макаёнка, «А досвіткі тут ціхія...» паводле Б.Васільева і інш. Паступова асн. месца ў рэпертуары занялі пастаноўкі п’ес на сучасную тэматыку: «Адны без анёлаў» Л.Жухавіцкага, «Птушкі нашай маладосці» І.Друцэ, «Палын» М.Варфаламеева, «Энергічныя людзі» В.Шукшына і інш. Значнага поспеху т-р дасягнуў пры пастаноўцы інсцэніровак празаічных твораў: «Бераг» Ю.Бондарава, «Апошні тэрмін» В.Распуціна, «Лесвіца ў неба» М.Слуцкіса. Традыцыйнымі для яго сталі пастаноўкі рус. і замежнай класікі: «Ідыёт» паводле Ф.Дастаеўскага, «Даходнае месца», «Свае людзі — паладзім» А.Астроўскага, «Ветрык, вей!» Я.Райніса, «Дзікун» Вальтэра, «Утаймаванне свавольніцы» У.Шэкспіра, а таксама сучаснай замежнай драматургіі: «Сола для гадзінніка з боем» А.Заградніка, «Каханне пад вязамі» Ю.О’Ніла, «Эмігранты» С.Мрожака, «Дзіўная місіс Сэвідж» Дж.Патрыка, «Вязень 2-й авеню» Н.Саймана. Асаблівая ўвага аддаецца падзеям, звязаным з гісторыяй горада і творчасцю Дуніна-Марцінкевіча: «Правілы гонару» В.Бабровіча, «Камедыянт, альбо Узнёсласць сумнае надзеі» А.Асташонка, «Пінская шляхта» і «Залёты» Дуніна-Марцінкевіча, «Вечар у Люцынцы» паводле твораў Дуніна-Марцінкевіча. У 1990-я г. ў рэпертуары: «Прымакі» Я.Купалы, «Мікітаў лапаць» М.Чарота, «Беларускія вадэвілі» («Два жаніхі» М.Гарэцкага, «Збянтэжаны Саўка» Л.Родзевіча), «Калізей» М.Матукоўскага, «Чорная панна» А.Дударава, «Паўночны аўкцыён» і «Султан Брунея» А.Дзялендзіка, «Чорт у рабрыну» М.Манохіна, «Русалка» А.Пушкіна і інш.Найб. плённыя перыяды ў творчасці т-ра звязаны з дзейнасцю рэжысёраў В.Каралько, Ф.Пуховіча, М.Кавальчыка, Г.Несцера. У розны час у т-ры працавалі: засл. артысты Беларусі Б.Баеў, Н.Калаптур, П.Масцераў, В.Філатаў, Л.Федчанка. Гал. рэжысёр С.Паляшчанаў (з 1999), гал. мастак В.Навакоўскі (з 1989).
Будынак т-ра ў Бабруйску ўзведзены ў 1978 (арх. В.Крамарэнка) на аснове рэканструкцыі Дома культуры (1927—30, арх. А.Оль). Гал. фасад вырашаны ў выглядзе своеасаблівага порціка з вертыкальнымі рэбрамі і вял. паверхняй зашклення. На глухіх сценах бакавых фасадаў рэльефныя кампазіцыі на тэмы мастацтва Па восі будынка размешчаны вестыбюль, фае, глядзельная зала на 700 месцаў з балконам і развітая сцэнічная група памяшканняў, у бакавых аб’ёмах — гардэробы, кулуары, буфеты. Памяшканні для абслугоўвання гледачоў ссунуты на паўпаверха адзін адносна аднаго і злучаны адкрытымі лесвіцамі. У дэкоры фасадаў выкарыстаны вапняк і паліраванае шкло, інтэр’ераў — туф, розныя пароды дрэва, маст. шкло; у афармленні інтэр’ераў удзельнічалі Б.Папоў, М.Пірагоў, маст. В.Ананьеў, М.Макашвілі.
А.В.Спрынчан, А.А.Воінаў (архітэктура).
Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В.І.Дуніна-Марцінкевіча. Сцэна са спектакля «Султан Брунея».Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя В.І.Дуніна-Марцінкевіча. Сцэна са спектакля «Пінская шляхта».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАСТА́ЦКІХ ВЫ́РАБАЎ ВЫТВО́РЧАСЦЬ,
галіна народнай гаспадаркі, якая вырабляе дэкар.маст. вырабы індустр. метадамі для жылых і грамадскіх інтэр’ераў (асвятляльная апаратура і інш.), длябыт. патрэб (адзенне, цацкі, сувеніры, маст. метал, шкло, кераміка, фарфор, фаянс і інш.). Вытв-сць працуе пераважна на мясц. сыравіне. Шырокае выкарыстанне машын адрознівае М.в.в. ад прадпрыемстваў нар.маст. промыслаў, дзе пераважае ручная праца.
М.в.в. узнікла ў 16—17 ст. з развіццём мануфактурнай вытв-сці. У Еўропе асаблівую ўвагу надавалі вырабу маст. тканін, шкла (венецыянскае шкло) і керамікі. У 18 — пач. 19 ст, з’явіліся: кераміка Дж.Уэджвуда, майсенскі фарфор, сеўрскі фарфор, фарфор імператарскага фарфоравага з-да ў Пецярбургу, Дулёўскі фарфоравы завод, гжэльская кераміка, каменярэзныя вырабы (Пецяргофская гранільная ф-ка, Дзямідаўскія каменярэзныя з-ды на Урале), мастацкае ліццё (г. Каслі) і інш.
На Беларусі вырабы дэкар.-прыкладнога мастацтва вядомы з 9—13 ст. У 15—16 ст. склаліся цэнтры маст. апрацоўкі металу, ганчарства, вытв-сці кафлі, шкла мастацкага і інш. У 16—17 ст. майстры маст. рамёстваў з гарадоў Віцебск, Гродна, Магілёў, Орша, Полацк, Нясвіж, Слуцк і інш. працавалі ў Маскве і інш. гарадах Маскоўскай дзяржавы. З 17 ст. пашырылася ткацтва мастацкае. Мануфактурная маст.вытв-сць пачала развівацца ў 18 ст.Найб. вядомыя мануфактуры: Радзівілаў у Слуцку (выраб слуцкіх паясоў) і Карэлічах (выраб карэліцкіх шпалераў), Агінскіх у Слоніме (шпалеры), Гродзенскія каралеўскія мануфактуры А.Тызенгаўза. На мануфактурах Урэчча і Налібакаў выраблялі маст. шкло, у Копысі — кафлю, у Целяханах — маёліку і фаянс (гл.Копыская кафля, Свержанская фаянсавая мануфактура, Урэцка-налібоцкае шкло, Целяханская фаянсавая мануфактура). У 1919 у Віцебску і Магілёве арганізаваны керамічныя майстэрні, у Слуцку — ткацка-вышывальныя, у Гомелі — дрэваапрацоўчыя. У 1938 нар. ўмельцы аб’яднаны ў Бел. мастацкі прамысл. саюз. У 1965 маст. промыслы ператвораны ў ф-кі Упраўлення маст. прам-сці Мін-вамясц. прам-сці рэспублікі. У 1988 упраўленне рэарганізавана ў Бел.вытв.-гандл. аб’яднанне «Белмастацпромыслы» (асацыяцыя нар.маст. промыслаў), з 1991 Асацыяцыя «Бел. народныя маст. промыслы», з 1993 Бел.дзярж. канцэрн нар.маст. промыслаў. Ў 1994 канцэрн у падпарадкаванні Упраўлення справамі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. У склад канцэрна ўвайшлі 19 прадпрыемстваў маст. вырабаў: Брэсцкая фабрыка сувеніраў (выйшла ў 1998), Віцебская фабрыка мастацкіх вырабаў «Купава», Жлобінская фабрыка інкрустацыі, Полацкая фабрыка мастацкіх вырабаў «Сафія», Слуцкая фабрыка мастацкіх вырабаў «Слуцкія паясы», Аршанская ф-камаст. вырабаў «Рамонак», Светлагорская ф-камаст. інкрустацыі, ф-кі маст. вырабаў у гарадах Баранавічы, Бешанковічы, Барысаў, Бабруйск, Гомель, Магілёў, Мазыр, Пінск, Слонім, Хойнікі; Цэнтр. лабараторыя нар. рамёстваў «Скарбніца», Дзярж. доследна-эксперым. прадпрыемства «Траецкае»; 16 даччыных гандл. прадпрыемстваў. Дзейнічаюць самастойныя ф-кі або ў сістэме інш. галін прам-сці: адкрытыя акц. т-вы «Мастра» ў Мінску, «Белмастацкераміка» ў г.п. Радашковічы і Івянецкі з-дмаст. керамікі (у складзе канцэрна «Белмясцпрам»), Маладзечанская ф-камаст. вырабаў (у складзе Бел. фонду культуры) і інш., а таксама шырокая сетка малых прадпрыемстваў.
Л.А.Паўловіч.
Да арт.Мастацкіх вырабаў вытворчасць. 1. Ф.Шостак. Дэкаратыўная пасудзіна «Зубр». Івянецкі завод мастацкай керамікі. 2. «Ільнаводка». Лён. Маладзечанская фабрыка мастацкіх вырабаў. З. І.Буйвіч. Пляцёнкі для садавіны. Лаза. Баранавіцкая фабрыка мастацкіх вырабаў. 4. А.Шпакаў. Кухонны набор. Полацкая фабрыка мастацкіх вырабаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДА́ТКІ,
абавязковыя грашовыя плацяжы юрыд. і фіз. асоб у дзярж. або мясц. бюджэт. Устанаўліваюцца і прымусова спаганяюцца дзяржавай у форме пераразмеркавання часткі грамадскага прадукту, што выкарыстоўваецца для задавальнення агульнадзярж. патрэб. Сутнасць, унутр. змест і значэнне раскрываюць іх функцыі: фіскальная (функцыя асноўная і характэрная для ўсіх дзяржаў на розных этапах развіцця); выяўляецца ў бесперабойным забеспячэнні дзяржавы фін. рэсурсамі); стымулюючая (выяўляецца ў змене аб’екта абкладання, змяншэнні падаткаабкладаемай базы і рэалізуецца праз сістэму льгот, прэферэнцый, выключэнняў); размеркавальная (забяспечвае працэс пераразмеркавання часткі сукупнага грамадскага прадукту); рэгулюючая (удзельнічае ў пераразмеркавальным працэсе, уплывае на ўзнаўленне і яго тэмпы, назапашванне капіталу і плацежаздольны попыт насельніцтва).
П. вядомы з глыбокай старажытнасці, калі яны існавалі ў форме даніны, павіннасцей і інш. пабораў. Узнікненне П. звязана з неабходнасцю ўтрымання дзяржавы. У ВКЛ і Рэчы Паспалітай П. выступалі ў якасці ўстаноўленых плацяжоў на карысць дзяржавы, феадалаў і царквы. Падатковай адзінкай у сельскай мясцовасці была абшчына, сяляне якой плацілі грашовыя і натуральныя П.; з гарадоў спаганялася ардыншчына, сярэбшчына, карчомны чынш Да пач. 17 ст. ў ВКЛ было больш за 30 розных павіннасцей (байдачнае, дзесяціна, куніца, саха, чоп і інш.). У Рас. імперыі, потым у СССР П. вызначаліся і спаганяліся ў адпаведнасці з дзеючым заканадаўствам. У 1930 у сувязі з падатковай рэформай шматлікія П. прадпрыемстваў (больш за 80 відаў аб’яднаны ў П. з абароту і адлічэнні ад прыбытку. Пазней П. ў асноўным спаганяліся з даходаў грамадзян, каап., грамадскіх прадпрыемстваў і з калгасаў у форме падаходнага падатку. Насельніцтва таксама плаціла мясцовыя зборы — с.-г. П., з маласямейных і адзінокіх грамадзян. Асн. крыніцай даходаў бюджэту былі П. з абароту — універсальныя акцызы, якія плацілі прадпрыемствы. З іх дапамогай ажыццяўлялася рэгуляванне фіксаваных рознічных і аптовых цэн. Уведзеныя ў 1960 плата за фонды, фіксаваныя плацяжы, плата за прац. рэсурсы па-сутнасці былі абавязковымі П.
У Рэспубліцы Беларусь з 1992 заканадаўча зацверджана новая падатковая сістэма. П., як і аб’ектаў абкладання, шмат, яны гарантуюць прыкладна роўныя ўмовы ўсім суб’ектам, незалежна ад формы ўласнасці. Юрыд. асобы абавязаны плаціць ускосныя і адначасовыя грашовыя П. Сярод ускосных: П. на дабаўленую вартасць (аб’ект падаткаабкладання — вартасць, якую прадпрыемства дабаўляе да вартасці сыравіны, матэрыялаў або тавараў пры вытв-сці і рэалізацыі прадукцыі, выкананні работ і аказанні паслуг), П. на паліва (аб’ект падаткаабкладання — выручка ад рэалізацыі бензінаў і дызельнага паліва, сціснутага і звадкаванага газу); П. на продаж (разнастайныя акцызы на асобныя тавары, напр., на гарэлку, тытунёвыя вырабы і да т.п.). Да прамых П. належаць: П. на прыбытак, даходы, нерухомасць, надзвычайны для ліквідацыі вынікаў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, экалагічны, транзітны, мытныя пошліны, зямельны. Насельніцтва плаціць П. на нерухомасць, зямельны; прадпрымальнікі плацяць таксама П на дабаўленую вартасць. Усе сумы П. і збораў залічваюцца ў бюджэт краіны. Памеры адлічэнняў у мясц. бюджэты ад агульнадзярж. П. ўстанаўліваюцца штогод пры зацвярджэнні бюджэту. Гл. таксама Падатковая палітыка, Падатковыя льготы.
Літ.:
Фишер С., Дорнбуш Р., Шмалензи Р. Экономика: Пер. с англ.М., 1993;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПЕРА́ЦЫЯ ВЫТВО́РЧАЯ,
адасобленая і закончаная частка (элемент) вытв. працэсу. Выконваецца адным ці групай рабочых на адным рабочым месцы пры нязменным прадмеце працы. Асн. разліковая адзінка для вызначэння прадукцыйнасці працы, тэхн. нарміравання, загрузкі і выкарыстання абсталявання. Змест аперацыі вытворчай залежыць ад прадукцыі, якая вырабляецца, матэрыялаў і тэхнал. метадаў вытворчасці. Адрозніваюць аперацыі ручныя, механізаваныя, машынныя, аўтаматызаваныя і інш. Падзяляюцца на тэхнал. (асноўныя), дапаможныя і абслуговыя.
Тэхналагічная аперацыя накіравана на змену якаснага стану, формы, памераў ці становішча ў прасторы прадмета працы з мэтай атрымання прадуктаў працы. Дапаможныя аперацыі — выраб на ўласныя патрэбы прадпрыемства аснасткі, інструменту, рамонт абсталявання, будынкаў і інш.Абслуговыя аперацыі забяспечваюць асн. і дапаможныя вытв. працэсы матэрыяламі, паўфабрыкатамі, энергіяй, транспартам, кантрольнымі, лабараторна-выпрабавальнымі і доследнымі работамі. Шырока выкарыстоўваецца метад сумяшчэння аперацыі вытворчай, што спрыяе росту прадукцыйнасці працы; з сукупнасці іх фарміруюцца тэхнал цыклы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПТЫМІЗА́ЦЫЯ (ад лац. optimus найлепшы),
1) працэс выбару найлепшага варыянта з некалькіх магчымых.
2) Прывядзенне пэўнай сістэмы ў найлепшы (аптымальны) стан.
3) У тэхніцы — працэс паляпшэння характарыстык тэхн. сістэмы, канструкцыі, тэхнал. працэсу праз пошук параметраў, пры якіх дасягаецца найб. (ці найменшае) значэнне крытэрыю аптымальнасці. Калі крытэрыяў некалькі, аптымізацыя будзе многакрытэрыяльнай.
У працэсе праектавання тыповай з’яўляецца сітуацыя нявызначанасці, калі ёсць мноства магчымых варыянтаў тэхн. рашэння. Аптымізацыя знімае гэтую нявызначанасць звужэннем дапушчальных рашэнняў і выбарам найлепшага (аптымальнага). Для ажыццяўлення аптымізацыі тэхн. задач з дапамогай метадаў аперацый даследаванняў фармулюецца як матэм. задача аптымізацыі, якая ўключае крытэрый аптымальнасці, матэм. мадэль аб’екта, а таксама абмежаванні на магчымыя значэнні параметраў. Аптымізацыя — неад’емная частка працэсу праектавання тэхн. сістэм, дасягаецца пры аўтаматызацыі праектавання на аснове камп’ютэрных сістэм і інфарм. тэхналогій. Вынік аптымізацыі — канкрэтная аптымальная сістэма.
Літ.:
Батищев Д.И. Методы оптимального проектирования. М., 1984.