ПІ́НСКАЯ ВАЕ́ННАЯ ФЛАТЫ́ЛІЯ,

1) фарміраванне ВМФ Польшчы на Прыпяці і яе прытоках у 1919—39. Гал. база — г. Пінск. Створана ў крас.—маі 1919 у час сав.-польскай вайны 1919—20. У навігацыю 1920 рухалася з баямі па Прыпяці і Дняпры да Кіева. 4.8.1920 у час наступлення Чырв. Арміі флатылія расфарміравана, судны знішчаны або затоплены. У 1921—22 адноўлена, папоўнена новымі караблямі. Напярэдадні 2-й сусв. вайны налічвала 54 адзінкі (у т. л. 26 баявых: 6 манітораў, 3 кананеркі, 15 узбр. катэраў і інш.). У вер. 1939 у ходзе польскай кампаніі 1939 вяла проціпаветраную абарону Пінска і мастоў цераз Піну, Прыпяць, Ясельду. 17—21.9.1939 караблі флатыліі былі самазатоплены; да 12.11.1939 яны падняты сав. маракамі і пасля рамонту і пераўзбраення ўключаны ў склад Дняпроўскай ваеннай флатыліі.

2) Фарміраванне сав. ВМФ на Дняпры і яго прытоках (Прыпяці, Бярэзіне і інш.) у чэрв. 1940 — кастр. 1941. Гал. база — Пінск. Створана 17.6.1940 з часткі сіл расфарміраванай Дняпроўскай ваен. флатыліі. Камандуючы контр-адмірал Дз.​Дз.Рагачоў. Напярэдадні Вял. Айч. вайны складалася з 7 манітораў, 4 кананерскіх лодак, 15 бранякатэраў, авіяэскадрыллі і інш. (усяго 2300 чал.). Аператыўна падпарадкоўвалася камандуючаму войскамі Зах. асобай ваен. акругі (з 22.6.1941 Заходні фронт). З пач. вайны павялічана за кошт суднаў грамадз. рачнога флоту, а таксама ў ліп. 2 манітораў з Дунайскай ваен. флатыліі. Да канца чэрв. 1941 разам з часцямі 4-й арміі Зах. фронту абараняла Пінск, а да 9.7.1941 — Лунінец, Тураў. 11 ліп. падзелена на 3 атрады: Бярэзінскі (3 маніторы, 5 бранякатэраў), Прыпяцкі (манітор, 4 вартавыя караблі, 2 бранякатэры і інш.), Дняпроўскі (гал. сілы флатыліі, у т. л. 4 маніторы, 4 кананерскія лодкі). Бярэзінскі і Прыпяцкі атрады абстрэльвалі занятыя праціўнікам прырэчныя нас. пункты, абаранялі сав. і парушалі варожыя пераправы, цесна ўзаемадзейнічалі з сухапутнымі войскамі. У канцы жн. караблі абодвух атрадаў прарваліся з баямі да Кіева (пры гэтым частка іх загінула) і разам з Дняпроўскім атрадам удзельнічалі ў абароне Кіеўскага ўмацаванага раёна. Большасць караблёў загінула ў баях, астатнія ўзарваны 18 вер. ў сувязі з адыходам сав. войск на У ад Дняпра. Атрад маракоў ваяваў на сушы да 20—28 вер. Флатылія расфарміравана 5.10.1941. Гл. таксама Марская авіяцыя, Марская артылерыя, Марская пяхота, Мінны загараджальнік.

Літ.:

Паўловіч Р.К. Пінская флатылія // Бел. мінуўшчына. 1995. № 3;

Яго ж. Пинские мониторы // Армия. 1998. № 3;

Яго ж. Да пытання аб стварэнні і дзейнасці Пінскай рачной ваеннай флатыліі // Весці Нац. АН Беларусі. Сер. гуманіт. навук. 1999. № 1.

Р.​К.​Паўловіч.

т. 12, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РАДЗІ́ННЫЯ ПЕ́СНІ, хрэсьбінныя песні,

жанр сямейна-абрадавага фальклору. Вядомы многім славянскім народам. Спяваліся ў час сямейнага святкавання радзін. Найб. даўнія Р.п. захавалі сляды магічнага светапогляду эпохі першабытнаабшчыннага ладу, імкнення сілай слова абараніць дзіця ад злых сіл і забяспечыць яму шчаслівую долю. У іх па-мастацку адлюстраваліся светапогляд, глыбокая нар. філасофія, пачуцці, духоўна-жыццёвы вопыт народа; яны асабліва цесна звязаны з вясковым побытам. Да Р.п. далучаюцца застольныя і бяседныя песні, непасрэдна не звязаныя з абрадам, але прымеркаваныя да яго. Разам з валачобнымі песнямі, восеньскімі песнямі і жніўнымі песнямі належаць да спецыфічных з’яў бел. фальклору, у якім найб. захаваліся. Шырока вядомы на ўсёй Беларусі, асабліва на Віцебшчыне і Магілёўшчыне. Большасць Р.п. групуецца вакол найважнейшых удзельнікаў сямейнай урачыстасці. Паводле зместу і прызначэння падзяляюцца на песні-велічанні да парадзіхі і бацькі, песні-зычэнні да дзіцяці, песні апавядальнага характару пра бабку, песні-велічанні і жартоўныя песні да бабкі і кумоў — самых шаноўных гасцей.

Напевы Р.п. уяўляюць сабой сістэму, якая ў сямейна-абрадавым цыкле вылучаецца сваёй спецыфікай. Ядро сістэмы ўтвараюць 6 асн. тыпавых політэкставых напеваў, адной частцы якіх уласціва стылістыка напеваў-формул, другой — больш індывідуалізаваных напеваў лірычнай вобразнасці. Тыпавыя напевы распаўсюджаны ў межах агульнага арэала пашырэння ўласна радзінных напеваў (ахоплівае ўсю Віцебскую вобл., паўн. ч. Гродзеншчыны, Міншчыны і Магілёўшчыны). Да ўласна радзінных адносяцца таксама абрадавыя па функцыі формульныя або лірызаваныя па стылістыцы полі- і монатэкставыя напевы вузкалакальнага або нават пунктавага пашырэння, а таксама напевы, што маюць рассеяны характар распаўсюджання. Другая група Р.п. — бяседныя і застольныя, частка якіх звязана толькі з абрадам радзін, інш. могуць выконвацца ў любой адпаведнай сітуацыі. Трэцяя група — лірычныя песні пераважна сямейна-быт. тэматыкі. Найб. месца ў абрадзе яны займаюць у той ч. Беларусі, дзе адсутнічаюць тыповыя радзінныя напевы.

Публ.: Шырма Р.Р. Беларускія народныя песні. Т. 2. Мн., 1960; Радзінная паэзія. Мн., 1971; Песні народных свят і абрадаў. Мн., 1974. С. 311—358; Мажэйка З.Я. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981; Радзіны. Мн., 1998; Варфаламеева Т.Б. Песні беларускага Панямоння. Мн., 1998; Мажэйка З.Я., Варфаламеева Т.Б. Песні беларускага Падняпроўя. Мн., 1999.

Літ.:

Карский Е.Ф. Белорусы. М., 1916. Т. 3, вып. 1. С. 206—225;

Гілевіч Н. Наша родная песня. Мн., 1968. С. 69—74;

Беларуская народна-паэтычная творчасць. Мн., 1979. С. 193—201;

Мухарынская Л.С., Якіменка Т.С. Беларуская народная музычная творчасць. Мн., 1993. С. 92—95.

М.​Я.​Грынблат, Т.​Б.​Варфаламеева.

т. 13, с. 220

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СІЛУРЫ́ЙСКАЯ СІСТЭ́МА (ПЕРЫЯД), сілур (ад назвы стараж. племя сілураў, што некалі жыло ва Уэльсе, Вялікабрытанія),

трэцяя сістэма палеазойскай эратэмы (эры), якая адпавядае трэцяму перыяду палеазойскай эры геал. гісторыі Зямлі. Падсцілаецца адкладамі ардовікскай сістэмы (перыяду), перакрываецца адкладамі дэвонскай сістэмы (перыяду). Пачалася 440 млн. г. назад, доўжылася 30 млн. г. Вылучана ў 1835 англ. геолагам Р.​І.​Мурчысанам. Падзяляецца на ніжні і верхні аддзелы. Ніжні ўключае ландаверыйскі і уэнлокскі ярусы, якія падзяляюцца на 5 пад’ярусаў; верхні — лудлаўскі (2 пад’ярусы) і пржыдольскі. Для сілуру існуе адзіная шкала грапталітавых зон, складзеная паводле класічных разрэзаў у Вялікабрытаніі і Чэхіі.

Адклады гэтай сістэмы прадстаўлены мелкаводнымі шэльфавымі, пераважна карбанатнымі тоўшчамі з бентаснай фаунай і арганагеннымі пабудовамі (пашыраны на Усх.-Еўрапейскай і Сібірскай платформах, у Цэнтр. і Паўд. Кітаі, на паўн.-амер. Мідкантыненце, у Паўн. Афрыцы) і глыбакаводнымі тэрыгеннымі асадкамі з планктоннай фаунай. Найб. кантынентам у сілуры была Гандвана, больш дробныя масівы сушы — Лаўрэнція, Балта-Сарматыя, Ангарыда і інш. Сілурыйскаму перыяду папярэднічалі глабальнае покрыўнае зледзяненне, максімум рэгрэсіі і перарывы ў платформавым асадканамнажэнні. Пачатак сілуру адзначаны магутнай ландаверыйскай трансгрэсіяй, якая максімальна праявілася на Гандване, Паўн.-Амерыканскай і Сібірскай платформах. У канцы ранняга уэнлоку адзначаецца рэгрэсія, якая працягвалася да сярэдзіны ранняга дэвону. Геасінклінальныя зоны характарызуюцца дыферэнцыраванымі тэктанічнымі рухамі, праяўленнем падводнага вулканізму і стракатасцю асадкаў. У канцы сілурыйскага перыяду закончылася каледонская складкавасць. Нешматлікія літалагічныя індыкатары палеаклімату сведчаць пра гумідныя ўмовы ў ландаверыйскім веку, паступовым пацяпленні і арыдызацыі клімату ў уэнлоку і познім сілуры. У арганічным свеце да пач. сілуру сфарміраваны асн. класы беспазваночных арганізмаў і з’явіліся пазваночныя. Для мелкаводных зон характэрна ракушачна-каралавая фауна, у т. л. гідроідныя паліпы (табуляты, ругозы, строматапараты). Донная фауна прадстаўлена брахіяподамі і малюскамі (гастраподы, двухстворкавыя, тантакуліты), у лагунах і на адкрытым шэльфе — астракодамі, трылабітамі і ракаскарпіёнамі; вядомы бяссківічныя. У канцы сілуру з’явіліся рыбы — акантоды. Пелагіяль насялялі грапталіты, наўцілаідэі і канадонты. З расл. арганізмаў характэрны водарасці, з наземных — рэшткі псілафітаў. З карысных выкапняў да адкладаў сілуру прымеркаваны запасы нафты, буйныя радовішчы жал. руд, меднага калчадану, марганцу, фасфарытаў, гіпсу, каменнай солі і інш.

На Беларусі сілурыйскія адклады магутнасцю да 630 м пашыраны на ПдЗ (Брэсцкая ўпадзіна) і да 76 м на ПнЗ (схіл Бел. антэклізы). Яны складзены з вапнякова-мергельных парод са шматлікай выкапнёвай фаунай (грапталіты, брахіяподы, гастраподы, імшанкі, каралы і інш.) і акрытархамі. У гэты перыяд пераважала суша. Марскі басейн, што наступаў з З у выглядзе 2 заліваў — Балтыйскага і Падляска-Брэсцкага, найб. плошчу заняў у канцы ландаверыйскага веку.

т. 14, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СКРЫПТО́РЫЙ (позналац. scriptorium ад лац. scriptor перапісчык, пісец),

сярэдневяковая майстэрня па вырабе рукапісных кніг. У 6—15 ст. С. былі пашыраны ў Еўропе. Стваральнікам першага еўрап. С. (540-я г.) лічыцца гісторык остготаў Касіядор. У канцы 6—7 ст. С. ствараліся па ўсёй Еўропе (Верона, Ліён, Санкт-Гален, Кёльн, Фульда, Сен-Марцыял, Корбі і інш), у якіх пазней выпрацаваліся асн. тыпы сярэдневяковага пісьма. Найб. вядомасцю пры Карле Вялікім карыстаўся С. Турскага манастыра св. Марціна. У 9 ст. некалькі С. меў манастыр бенедыкцінцаў у Клюні (Бургундыя), рукапісы якіх вызначаліся выразнасцю пісьма, вельмі чорным чарнілам і своеасаблівай арнаментыкай. З канца 12 ст. С. сталі выцясняцца гар. цэхавымі майстэрнямі, якія працавалі на заказ і на рынак. С. заняпалі са з’яўленнем кнігадрукавання. У С. існаваў падзел працы: з узорнага арыгінала спісвалі перапісчыкі, аздобу выконвалі ілюмінатары, часта пры С. працавалі пераплётныя майстэрні. На землях ВКЛ існавалі мітрапаліцкі, дзяржаўны, манастырскія і прыватныя С. Першыя С. вядомы ў 14—15 ст. у правасл. манастырах і пры двары кіеўскіх мітрапалітаў (да іх прадукцыі можна аднесці Евангелле-апракас сярэдзіны 14 ст. і Лаўрышаўскае евангелле пач. 14 ст.). Мітрапаліцкі С. упамінаецца дыяканам Якімцом пад 1512 пры саборнай царкве Барыса і Глеба ў Навагрудку. З развіццём дзяржавы развіўся ін-т Дзярж. канцылярыі ВКЛ, якой кіраваў канцлер. Яму і яго намесніку (падканцлеру) падпарадкоўваліся лац. і рус. пісары. Пісару падпарадкоўваліся дзякі, якія вялі справаводства, перапісвалі акты, тыражавалі неабходныя для дзяржавы кнігі. Асн. прадукцыя, якая выходзіла са С. велікакняжацкай канцылярыі, былі спісы Статутаў, хаця шэраг прафес. пісцоў мог спісаць любыя кнігі на заказ. У 15 ст. існаваў С. пад пратэкцыяй кн. Алелькавічаў у Слуцкім Траецкім манастыры. Адна з кніг, перапісаная ў ім, захавалася да нашага часу. Значным цэнтрам вырабу кніг быў Смаленск. Пры смаленскім епіскапе Іосіфе Солтане створаны ілюмінаваны спіс Радзівілаўскага летапісу. У 1495 у Смаленску перапісаны Аўрамкі летапіс з рыфмаваным панегірыкам Вітаўту (гл. «Пахвала Вітаўту»), Найб. вядомыя манастырскія С.: Полацкі, Куцеінскі, Чарэйскі, Лешчанскі, Супрасльскі. У ВКЛ рукапісныя кнігі выраблялі амаль у кожным каталіцкім кляштары. Часта кнігапісанне бралі пад сваю апеку прыватныя асобы, найчасцей буйныя магнаты. Найбольшы з прыватных С. дзейнічаў у канцы 15—1-й пал. 16 ст. ў двары Солтанаў у прадмесці Вільні — Шышкінях (зараз у межах горада). Радзівілы і інш. бел. магнаты таксама мелі свае канцылярыі са штатам канцылярыстаў-кнігапісцаў.

Літ.:

Киселева Л.И. О чем рассказывают средневековые рукописи. Л., 1978;

Нікалаеў М Палата кнігапісная: Рукапісная кніга на Беларусі ў X—XVIII стст. Мн., 1993.

М.​В.​Нікалаеў.

т. 14, с. 474

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕСНАВЫ́Я ПЕ́СНІ,

жанрава шматскладовы цыкл каляндарна-земляробчага фальклору. Пашыраны ва ўсіх земляробчых народаў, асабліва ў славян і прыбалтаў. Прымяркоўваюцца да веснавога перыяду, найб. працяглага ў каляндарна-песенным крузе (у розных этнічных традыцыях амаль ад зімовага да летняга сонцавароту). Звязаны з абуджэннем прыроды, абнаўленнем зямлі і ўсяго жывога на ёй.

З усіх песень каляндарна-земляробчага круга ў веснавых песнях найб. яскрава выступае функцыя інспірацыйная (функцыя ўнушэння), якая ў старажытнасці мела магічнае, а пазней набыла асацыятыўна-сімвалічнае значэнне. Гэта асн. функцыя неаддзельная ад эстэтычнай, што вызначае прыўзняты эмац. лад песень і маляўнічыя фарбы вобразнай сістэмы. Таму пры ўсёй жанрава-тэматычнай разнастайнасці і багацці муз. адценняў веснавых песень розных народаў агульнае ў іх — усеабдымнасць гучання чалавечага голасу (які нібы пераклікаецца з галасамі прыроды), няўпыннасць рознага роду шэсцяў і карагодаў, а таксама культ расліннасці, які можа набываць розныя структурна-жанравыя характарыстыкі і стылявую афарбоўку.

У Беларусі веснавы цыкл з’яўляецца найважнейшым кампанентам разгорнутай каляндарна-песеннай сістэмы. Ядро цыкла ўтвараюць песні з устойлівымі рытуальнымі тыпалагічна акрэсленымі абагульненымі палітэкставымі напевамі: масленічныя песні, уласна «вясна» або гуканне вясны, валачобныя песні, веснавыя карагоды (гл. ў арт. Карагод), юраўскія песні, траецкія песні, куставыя, русальныя. Другую групу складаюць песні з больш індывідуалізаванымі напевамі (паставыя, што спяваліся ў вял. пост, веснавая талака, мікольскія, «як абходзяць зялёнае жыта») і многія лірычныя, умоўна прыстасаваныя да вясны («лугавыя», «лесавыя») і інш. Спяваюць іх з пач. сакавіка («як на снезе паявяцца праталіны», «як на вясну пацягне») і да чэрвеня («дакуль зязюля кукуе»). Асн. лейтматыў вобразнай сістэмы веснавых песень — збліжэнне чалавека з прыродай, якое праходзіць як бы тры этапы: спачатку вясну клічуць (гушкальныя «на калысках» на масленіцу, абрадавыя гуканні на ўзгорках на Благавешчанне), потым выходзяць ёй насустрач (валачобныя абходы двароў, абрадавы выган жывёлы «на расу» на Юр’я, шэсці і карагоды), нарэшце як бы непасрэдна збліжаюцца з ёю («водзяць куст», «завіваюць вянкі» на Сёмуху) і праводзяць яе («пахаванне стралы», «провады русалкі» ў русальны тыдзень, які завяршае Сёмуху). Асаблівую ўстойлівасць у веснавых песнях адпаведна набываюць сюжэтна-тэматычныя комплексы: гуканне вясны (з тыповымі зачынамі «Благаславі, маці, / Вясну загукаці!», «Жавароначкі, прыляціце!», «Ой, чырачка, пташэчка»); «адмыканне лета» («Зіма з летам страчалася»), масленічныя гушкалкі («А на гарэ сонца / Калышуцца дзеўкі»), абуджэнне ўсяго жывога («Вол бушуе — вясну чуе, / Баран блее — ў поле хоча»), няўпыннае веснавое шэсце («Памажы нам, божа, / На вулачку выйсці»), дары вясны, якія пералічваюцца ў форме пытання-адказу («Ой, вясна-красна, / Што нам прынесла?»); зварот да адушаўлёнай вясны-вясняначкі (русалачкі, купалачкі) з далейшым развіццём матываў кахання. Існуюць таксама сюжэты, спецыфічныя для асобных жанраў песень веснавога цыкла (валачобных, юраўскіх, куставых, карагодных), але ва ўсіх іх аграрна-магічныя матывы і культ расліннасці пераплятаюцца з матывамі кахання і шлюбу, як і рэальных гасп. клопатаў земляроба. Паводле характару мелодыкі веснавыя песні ўключаюць (у залежнасці ад жанру і мясц. традыцыі) гранічна сціслыя напевы-формулы і больш распетыя (у межах сярэдняга меладычнага дыяпазону). Яны вызначаюцца вобразна-эмац. разнастайнасцю (у іх чутны інтанацыі закліку, заклінання, святочна прыўзнятыя, лірычныя), багаццем тэмбравых фарбаў. Выкананне тыповае для песень, якія спяваюць на вольным паветры (менавіта з імі звязана свайго роду нар. школа галаснога спеву). Для рытуальных веснавых песень характэрна антыфоннае спяванне з зычнай пераклічкай галасоў, заклікавае заключэнне на тэрцавым ці квартавым верхнім гуку, доўгія воклічы («Гу!» ці «У-у-у!») з глісандуючымі ўзлётамі ў канцы, а часам і ў сярэдзіне меластрафы («каб адгалоскі ішлі»). Веснавыя песні вядомы на ўсёй Беларусі, але размеркаванне іх у розных этнагр. зонах неаднолькавае. Гуканне вясны і карагоды канцэнтруюцца пераважна на Палессі, ва ўсходнім і цэнтр. рэгіёнах, юраўскія ў заходнім рэгіёне, гушкальныя масленічныя — на Паазер’і, валачобныя — на Паазер’і, у зах. і цэнтр. рэгіёнах, траецкія — ва ўсходнім рэгіёне і на Палессі, веснавая талака — у паўн.-ўсх., русальныя — у паўд.-ўсх. раёнах, «пахаванне стралы» — на ўсходнім, «куст» — на зах. Палессі. У сучасным побыце бел. вёскі апрача прымеркаваных да вясны лірычных найб. захаваліся абходныя песні, перш за ўсё нацыянальна вызначальныя валачобныя. Даволі жывучымі аказаліся веснавыя гуканні і карагодныя песні, але цяпер іх носьбіты — старэйшыя жанчыны, што вядзе да адпаведных змен у характары іх бытавання (іх проста спяваюць без адпаведных дзеянняў, якімі яны суправаджаліся раней). Наогул, выяўляецца тэндэнцыя адмацавання веснавых песень ад абраду пры строгай, аднак, замацаванасці ў свядомасці вяскоўцаў іх сімвалічнай значнасці і пэўнага часу выканання.

Публ.:

Шейн П.В. Материалы для изучения быта и языка русского населения Северо-Западного края. Т. 1, ч. 1. СПб., 1887;

Беларускія народныя песні / Запіс Р.​Шырмы. Т. 3. Мн., 1962;

Анталогія беларускай народнай песні. 2 выд. Мн., 1975;

Веснавыя песні. Мн., 1979 (Бел. нар. творчасць);

Мажэйка З.Я. Песні беларускага Паазер’я. Мн., 1981;

Яе ж. Песни белорусского Полесья. Вып. 1. М., 1983.

Літ.:

Аничков Е.В. Весенняя обрядовая песня на западе и у славян. Ч. 1—2. СПб., 1903—05;

Земцовский И.И. Мелодика календарных песен. Л., 1975. С. 77—128;

Календарные обычаи и обряды в странах зарубежной Европы: Конец XIX — начало XX в.: Весенние праздники. М., 1977;

Соколова В.К. Весенне-летние календарные обряды русских, украинцев и белорусов, XIX — начало XX в. М., 1979;

Можейко З.Я. Календарно-песенная культура Белоруссии. Мн., 1985;

Мухарынская Л.С., Якіменка Т.С. Беларуская народная музычная творчасць. Мн., 1993.

З.​Я.​Мажэйка.

т. 4, с. 115

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІТО́ЎЦЫ (саманазва летувяй),

народ, асн. насельніцтва Літвы (2924 тыс. чал.; 1992). Жывуць таксама ў краінах СНД, у т. л. на Беларусі 7,6 тыс. чал. (перапіс 1989), Латвіі, ЗША і інш. Агульная колькасць 3,45 млн. чал. (1992). Гавораць на літоўскай мове. Вернікі пераважна католікі.

Літоўская народнасць пачала складвацца ў 12—13 ст. Пасля ўтварэння Вялікага княства Літоўскага пачаўся працэс паступовага зліцця этнічных груп Л. у агульную народнасць, якому спрыяла прыняцце каталіцтва ў Літве (Аўкштайціі і ў балцкіх арэалах на Беларусі) у 1387 і ў Жамойці ў 1413. У ходзе гэтага працэсу асіміляваны некат. балцкія плямёны (прусы, яцвягі, земгалы і інш.). У 16—18 ст. Л. ўваходзілі ў склад Рэчы Паспалітай. Пасля яе 3-га падзелу (1795) Літва далучана да Рас. імперыі. Кансалідацыя Л. у нацыю завяршылася ў 2-й пал. 19 ст. Традыц. тып паселішчаў Л. у канцы 19 — пач. 20 ст : на З — хутары, на У — вёскі. Нац. адзенне: у жанчын — тунікападобная кашуля, стракатая безрукаўка, часам са шнуроўкаю на грудзях, паласатая або ў клетку спадніца, фартух і ўзорысты тканы пояс; у мужчын — кашуля, шарсцяная куртка. паласатыя або ў клетку штаны, пояс.

Культ. ўзаемаўплыў беларусаў і Л. быў асабліва актыўны ў часы ВКЛ. У той перыяд арэал рассялення Л. быў больш шырокі за сучасны і ахопліваў прылеглыя да літ. мяжы тэр. сучаснай Гродзенскай вобл. Гістарычна і тапанімічна зафіксаваны месцы кампактнага пражывання Л. далей на У: у вёсках з назвай Літва ў верхнім Панямонні ці з характэрна літ. назвамі тыпу Бакшты, Жвірблевічы на Міншчыне і інш. Па-за межамі асн. арэала Л. рассяляліся па тэр. Беларусі ў выніку міграцый, асабліва пры перамяшчэннях паміж уладаннямі аднаго феадала, які меў падданых і ў Літве, і на Беларусі. Адначасова і карэнная тэр. Л. была аб’ектам слав. міграцыі, асабліва моцнай каля Вільні. Л. складалі меншасць насельніцтва ВКЛ. Да 2-й пал. 16 ст. яны не мелі ўласнай пісьмовасці. Шматлікая арыстакратыя літ. паходжання мела тэндэнцыю да абеларушвання, з 17 ст. — да паланізацыі. Тая ж тэндэнцыя назіралася і сярод гар. насельніцтва. Моцны культ. ўплыў беларусаў адчувалі Л. — сяляне дзукі. Да канца 19 ст. гэта прывяло да суцэльнай беларусізацыі Віленскага краю. У канцы 1870 — пач. 1890-х г. адзначана перасяленне Л. на ўсх. і паўн.-ўсх. землі Беларусі. У 1897 кампактныя групы Л. жылі ў Лідскім (17 285 чал.), Ашмянскім (8754), Гродзенскім (2814), Аршанскім (каля 1400), Сенненскім (каля 800), Чавускім (каля 500), Барысаўскім (больш за 400) паветах. Яны займаліся пераважна земляробствам, ткацтвам. Напярэдадні 1-й сусв. вайны толькі на У Беларусі жыло каля 10 тыс. Л. У час вайны ў выніку міграцыі і эвакуацыі з этн. Літвы павялічылася колькасць Л.-гараджан. У 1919—20 існавала Літоўска-Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Паводле перапісу 1926 Л. у БССР было 6564 чал., у т. л. да 2 тыс. гараджан (Віцебск, Барысаў, Гомель, Мінск); да 65% іх жыло ў Барысаўскім, Дубровенскім, Крупскім, Лёзненскім, Мсціслаўскім, Полацкім, Сенненскім, Ушацкім, Чавускім р-нах. У месцах кампактнага рассялення Л. у 1920—30-я г. існавалі нац. калгасы (6 у 1934); у 1928—39 існаваў Малькаўскі літ. нац. сельсавет. Дзейнічалі нац. школы: 2 у 1925—26, 12 у 1929, 10 у 1931—32, 13 у 1934—35, 9 у 1936, а таксама нац.-змешаныя: 1 літ.-латышская і 1 бел.-літоўская (1936). З 1928 існавала літ. секцыя Бел. асацыяцыі пралетарскіх пісьменнікаў (з 1932 СП БССР). З 1927 у Інбелкульце (з 1929 АН Беларусі) працавала кафедра гісторыі Літвы, з 1929 — літ. сектар АН, з чэрв. 1933 — літ. секцыя Ін-та нацменшасцей АН БССР. Пры ЦК КП(б)Б існавала Літ. бюро. У Мінску і Віцебску працавалі літ. рабочыя клубы. У 1927—37 у Мінску выдавалася газ. на літ. мове «Raudonasis artojas» («Чырвоны араты»), радыёстанцыя «Савецкая Беларусь» трансліравала перадачы на літ. мове. З 1932 існаваў літ. сектар пры Белдзяржвыдавецтве, выдаваліся падручнікі і л-ра на літ. мове. У 1937—38 нац. арг-цыі скасаваны, многія Л. рэпрэсіраваны; колькасць Л. у БССР зменшылася. На тэр. Зах. Беларусі ў 1920—30-я г. дзейнічала літ. культ.-асв. т-ва «Раніца», існавалі літ. школы, нар. чытальні; з 1930 пры Віленскім акруговым к-це КПЗБ (з 1931 пры ЦК КПЗБ) дзейнічала Літоўскае бюро ЦК КПЗБ. У пасляваен. час, пераважна ў 1950-я г., з месцаў кампактнага пражывання Л. на Беларусі адбывалася міграцыя ў Літ. ССР, дзе ўтварыліся своеасаблівыя грамадска-культ. асяродкі: т-ва «Гервечай», што аб’ядноўвае ўраджэнцаў в. Гервяты (Астравецкі р-н) і клуб «Бяржынас» («Бярэзнік») які аб’ядноўвае ўраджэнцаў в. Малькава (Дубровенскі р-н) і наваколля; пэўная колькасць Л. перасялілася на Беларусь.

У 1970 Л. на Беларусі было 8092 чал., у 1979—6993. Большасць з іх жыве ў Гродзенскай вобл. (Астравецкі і Воранаўскі р-ны). У гэтых раёнах у 1957 створана 8 школ з выкладаннем літ. мовы, цяпер дзейнічаюць 2 сярэднія школы ў Воранаўскім і Астравецкім р-нах, 1 школа з літ. класамі ў Браслаўскім р-не. У в. Рымдзюны (Астравецкі р-н) будуецца Літ. грамадска-культ. цэнтр. З 1994 існуе Рэсп. абшчына Л. Беларусі, у склад якой уваходзяць суполкі Воранаўскага, Астравецкага і Браслаўскага р-наў, а таксама Гродзенскае аб’яднанне Л. «Тэвіня». Нягледзячы на актыўныя працэсы этнакульт. збліжэння, літ. насельніцтва ў многім захоўвае асаблівасці побыту і культуры.

І.​В.​Карашчанка.

т. 9, с. 317

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАРО́ДНАЕ ДЭКАРАТЫ́ЎНА-ПРЫКЛАДНО́Е МАСТА́ЦТВА,

галіна народнай творчасці, якая ўключае выраб па-мастацку аформленых прылад працы, хатняга начыння, быт. абсталявання, трансп. сродкаў, посуду і інш. Мае ярка выражаны нац. характар, адлюстроўвае самабытнасць жыцця народа, яго эстэт. ідэалы і погляды. Гарманічна спалучае утылітарныя, практычныя функцыі вырабаў з дэкар., маст. задачамі, што дасягаецца ўмелым выкарыстаннем дэкар. магчымасцей матэрыялу, прастатой кампазіцыі, яснасцю маст. мовы. Дэкор, як правіла, толькі дапаўняе і падкрэслівае лагічную кампазіцыю і ўдала прадуманую форму, з’яўляецца сродкам рэалізацыі духоўных патрабаванняў народа. Характар яго вызначаецца пераважна асаблівасцямі матэрыялу і тэхналогіі вытв-сці (геам. матывы ў ткацтве і разьбе па дрэве, пластычнасць у кавальстве і ганчарстве і інш.). У многіх відах арнаменту праяўляюцца стараж. вераванні, культ прыроды: салярныя знакі, зааморфныя і антрапаморфныя выявы і інш. Асн. вызначальныя рысы Н.д.-п.м. — традыцыйнасць (перадача з пакалення ў пакаленне лепшых здабыткаў у галіне форм прадметаў, дэкору, навыкаў апрацоўкі матэрыялу) і калектыўнасць (масавасць) творчасці. З Н.д.-п.м. бярэ вытокі прафес. дэкар.-прыкладное мастацтва. Яно таксама зазнала ўплывы прафес. мастацтва, брала ад яго тое, што адпавядала мясц. густам і традыцыям.

На Беларусі здаўна найб. пашыранымі відамі Н.-д.-п.м. былі разьба па дрэве, ганчарства, ткацтва, вышыўка, пляценне мастацкае і інш. З часоў неаліту вырабляўся гліняны посуд, драўляныя і касцяныя прылады працы, аздобленыя выціснутым, ляпным, разным арнаментам сімвалічнага характару (гл. Першабытнае мастацтва). З падзелам грамадства на класы вылучыліся рамеснікі-прафесіяналы, што абслугоўвалі патрэбы пануючых класаў; творчасць іх нярэдка была далёкай ад нар. традыцый. Развівалася і традыц. Н.д.-п.м. як хатняя вытв-сць для ўласных патрэб ці ў выглядзе розных рамёстваў, якія з цягам часу развіліся ў народныя мастацкія промыслы. Асн. якасці бел. Н.д.-п.м.: глыбокая традыцыйнасць, яркая самабытнасць. выразнасць форм, спакойны, стрыманы дэкор, у якім пераважалі матывы сімвалічнага характару (ромб, круг, разетка, салярныя знакі, выявы раслін, жывёл і птушак). На працягу многіх стагоддзяў Н.д.-п.м. ўплывала на характар цэхавага і мануфактурнага рамяства, праца прыгонных майстроў выкарыстоўвалася ў майстэрнях і мануфактурах у гарадах, феад. маёнтках і манастырах. Пэўныя змены ў яго характары выявіліся ў канцы 19 — пач. 20 ст. ў сувязі з новымі сац.-эканам. ўмовамі і адпаведнымі зменамі ў нар. побыце. Развіццё капіталізму моцна паўплывала на тыя віды Н.д.-п м., што бытавалі ў выглядзе промыслаў з выхадам на рынак. Адны з іх (набіванка, пернікарства, медніцтва) не вытрымалі канкурэнцыі з прам-сцю і заняпалі, інш. (ганчарства. пляценне) прыстасаваліся да новых патрабаванняў рынку і змянілі характар прадукцыі. Узрасла іх дэкаратыўнасць, у т. л. і тых яго відаў, што развіваліся ў сферы хатняй вытв-сці. Разам са стараж. геам., салярнымі, зааморфнымі матывамі пашырыўся рэаліст. расл. дэкор. Значнае месца пачалі займаць вырабы нар. мастацтва, звязаныя з надворным і ўнутр. упрыгожаннем жылля: разныя і па-мастацку ашаляваныя ліштвы, ганкі, франтоны; дэкарыраваная мэбля (асабліва куфры), дэкар. тканіны (посцілкі, дываны, у т. л. маляваныя), выцінанка, саломка мастацкая, карцінкі на шкле і інш. Росквіту дасягнуў дэкор традыц. нар. адзення. Пэўны ўплыў на характар Н.д.-п.м. зрабілі маст. стылі прафес. дэкар.-прыкладнога мастацтва, масавая прамысл. прадукцыя, але запазычаныя формы вырабаў і віды дэкору майстры перапрацоўвалі ў адпаведнасці з мясц. традыцыямі і ўласнымі патрабаваннямі. Найб. значныя змены ў характары Н.д.-п.м. адбыліся ў 2-й пал. 20 ст. Насычэнне побыту масавай таннай прамысл. прадукцыяй абясцэніла многія традыц. вырабы нар. майстроў (самаробныя прылады працы, мэбля, даматканае адзенне, посцілкі, ручнікі і інш.). Працягваюць бытаваць тыя яго віды, у якіх пераважае дэкар. функцыя. Вырабы нар. майстроў задавальняюць больш эстэт., чым практычныя патрэбы, выкарыстоўваюцца пераважна ў якасці твораў мастацтва і сувеніраў; павялічваецца іх дэкаратыўнасць, пашыраецца колеравая гама, развіваюцца новыя віды і матывы аздаблення. Бытуе арх. дэкор, маст. ткацтва, вышыўка, карункапляценне, лозапляценне, працягваюць дзейнасць некат. асяродкі ганчарства. З ростам цікавасці грамадства да традыц. нац. культуры на новым узроўні адрадзіліся некат. заняпалыя рамёствы: саломапляценне, аплікацыя саломай па дрэве і палатне, выцінанка, берасцяныя вырабы і інш. Творы Н.д.-п.м. захоўваюць Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, Веткаўскі музей народнай творчасці, Дзінаўскі музей мастацтва і этнаграфіі, Дудзіцкі музей матэрыяльнай культуры, Заслаўскі гісторыка-культурны запаведнік, Мотальскі музей народнай творчасці, Музей беларускага народнага мастацтва, Крошынскі музей нар. мастацтва і рамёстваў і інш.; вял. калекцыю зберагае Музей старажытна-беларускай культуры Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору. Нац. АН Беларусі. Ранейшы механізм пераемнасці традыцый (ад бацькоў да дзяцей) саступае месца арганізаваным формам навучання: школам, студыям, гурткам, дамам рамёстваў і інш. Майстроў бел. Н.Д.-П.М. аб’ядноўвае Саюз майстроў народнай творчасці Беларусі. Развіццё і захаванне Н.д.-п.м. рэгулюе Закон «Аб народным мастацтве, народных промыслах (рамёствах) у Рэспубліцы Беларусь» (1999).

Літ.:

Некрасова М.А. Народное искусство как часть культуры. М., 1983;

Сахута Я.М. Народнае мастацтва Беларусі. Мн., 1997;

Лабачэўская В.А. Зберагаючы самабытнасць: 3 гісторыі нар. мастацтва і промыслаў Беларусі. Мн., 1998;

Bossert H. Th. Peasant art of Europe and Asia. New-York, 1959;

Grabowski J. Sztuka ludowa w Europe. Warszawa, 1978.

Я.​М.​Сахута.

Да арт. Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. М.​Генбіцкая. Ходнікі. Вёска Гарадная Столінскага раёна Брэсцкай вобл. 1980-я г.
Да арт. Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. З.​Жылінскі. Цацкі «Коннікі». Г.п. Ружаны Пружанскага раёна Брэсцкай вобл. 1978.
Да арт. Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Ручнікі. Пінскі раён Брэсцкай вобл. 1-я пал. 20 ст.
Да арт. Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. А.​Краўчун. Кошыкі. Віцебск. 1997.
Да арт. Народнае дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. І.​Малчановіч. Ганчарны посуд. Г.п. Івянец Валожынскага раёна Мінскай вобл. 1975.

т. 11, с. 168

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НА́ФТА (тур. neft праз перс. ад грэч. naphtha),

вадкі гаручы карысны выкапень; складаная сумесь вуглевадародаў розных класаў з інш. арган. злучэннямі. Пашырана ў асадкавай абалонцы Зямлі. Утвараецца звычайна на глыб. больш за 1,2—2 км. Выкарыстоўваюць для атрымання вадкага паліва, змазачнага масла і інш. (гл. Нафтапрадукты), а таксама як сыравіну ў хім. прам-сці (гл. Нафтахімія, Нафтахімічная прамысловасць).

Масляністая вадкасць ад светла-рудога да цёмна-бурага (амаль чорнага) колеру з характэрным пахам, шчыльн. 730—1050 кг/м³ (звычайна 820—950 кг/м³); падзяляюць на лёгкую і цяжкую (шчыльн. меншая і большая за 900 кг/м³ адпаведна). Характарызуецца т-рай пачатку кіпення — звычайна 20—30 °C, часам 100 °C і вышэй Цеплата згарання 43,7—46,2 МДж/кг. У звычайных умовах не раствараецца ў вадзе, але можа ўтвараць з ёй устойлівыя эмульсіі. Фіз. ўласцівасці Н. абумоўлены яе хім. саставам. Н. ўяўляе сабой сумесь парафінавых, нафтэнавых (з 5- і 6-членнымі цыкламі) і араматычных вуглевадародаў, гетэраатамных арган. злучэнняў, пераважна сярністых, кіслародных і азоцістых. Кампанентамі Н з’яўляюцца таксама раствораныя ў ёй вуглевадародныя газы (гл. Газы нафтавыя спадарожныя), мінер. рэчывы і вада. Асн. элементы ў саставе Н. — вуглярод (82—87%) і вадарод (11—14%), ёсць таксама сера (ад 0,1 да 5%), азот і кісларод (звычайна не больш за 0,3—0,5%, часам да 1%); у Н. выяўлена больш за 50 розных элементаў. Н. розных радовішчаў адрозніваецца колькасцю вуглевадародаў розных класаў і прымесей. Класіфікуюць Н. паводле вуглевадароднага саставу фракцыі, што выкіпае пры т-ры 250—300 °C (хім класіфікацыя), колькасці серы і якасці вырабленых нафтапрадуктаў (тэхнал. класіфікацыя) Паводле хім. класіфікацыі адрозніваюць: Н. парафінавыя, нафтэнавыя і араматычныя (маюць больш за 50% вуглевадародаў адпаведнага класа), а таксама — змешаных тыпаў (разам з вуглевадародамі асн. класа маюць больш за 25% вуглевадародаў інш. класа). Па колькасці серы падзяляюць на маласярністыя (да 0,5% серы), сярністыя (0,51—2%) і высокасярністыя (больш за 2% серы), паводле якасці нафтапрадуктаў адрозніваюць 3 падкласы Н., якія падзяляюцца на гатункі.

Лічыцца, што Н ўтварылася з рэшткаў арган. рэчываў, рассеяных у асадкавых адкладах, пад уздзеяннем высокіх т-ры і ціску; некат. даследчыкі паходжанне Н. звязваюць з глыбіннымі магматычнымі працэсамі. Найбуйнейшыя нафтагазаносныя асадкавыя басейны прымеркаваны да ўнутрыплатформавых, унутрыскладкаватых, складкавата-платформавых і краявых прагінаў, а таксама перыакіянічных платформ. Радовішчы Н. (агульная пл. каля 80 млн. км²) выяўлены на ўсіх кантынентах акрамя Антарктыды (каля 50 млн. км²) і на шэльфавых плошчах акваторый (30 млн. км²); гл. Мінеральныя рэсурсы. У свеце каля 30 тыс. радовішчаў Н., агульныя запасы 155 073,4 млн. т (1997), з іх 15—20% — газанафтавыя. Адзін з найб. (па запасах) — Персідскага заліва нафтагазаносны басейн, дзе толькі ў 2 радовішчах Гавар (Саудаўская Аравія) і Бурган (Кувейт) сканцэнтравана больш за 12% разведаных нафтавых запасаў свету. Найб. запасы Н. (1997, млн. т.: Саудаўская Аравія — 35 863, Расія — 21 252,9, Ірак — 15 342,5, Кувейт — 12 972,6, Іран — 12 397,3, Венесуэла — 9945,6, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты — 8718.

На Беларусі першы фантан Н. атрыманы ў 1953, на Ельскай структуры. Першае прамысл. Рэчыцкае радовішча нафты адкрыта ў 1964. Усяго адкрыта 62 радовішчы Н. (1999). Яны знаходзяцца ў Рэчыцкім, Светлагорскім, Акцябрскім, Калінкавіцкім, Петрыкаўскім р-нах Гомельскай вобл. і Глускім р-не Магілёўскай вобл.; прымеркаваны да паўн. ч. Прыпяцкага прагіну. Н. залягае ў пратэразойскіх адкладах, у падсалявых тэрыгенных (полацкі і ланскі гарызонты) і карбанатных (саргаеўскі, сямілуцкі, варонежскі), міжсалявых (задонскі, ялецкі, петрыкаўскі) і ўнутрысалявых (лебядзінскі) адкладах верхняга дэвону. Паклады Н. шматпластавыя (падсалявыя), масіўныя (міжсалявыя), літалагічныя (унутрысалявыя), скляпенневыя, тэктанічна і літалагічна экранаваныя. Глыб. залягання ад 1612 м (Бярэзінскае радовішча) да 4580 м (Першамайскае). Пл. нафтавых пакладаў ад менш за 1 км² да 50 км² (Рэчыцкае). Калектары асн. гарызонтаў кавернаватрэшчынныя карбанатныя пароды, у тэрыгеннай падсалявой тоўшчы — порыстыя пясчана-алеўрытавыя. Магутнасць нафтанасычаных парод ад 1—2 да 180 м (Паўд.-Аляксандраўскае). Паводле вуглевадароднага саставу Н. метанава-нафтэнавага тыпу, шчыльн. 787—985 кг/м³. Выхад светлых фракцый да 300 °C ад 24 да 68%. Колькасць парафіну да 15%, смол да 53%, серы 0,03—4,79%. У пластавых умовах умяшчае спадарожныя газы — 14—439 м³/т. Якасць Н. мяняецца па пл. Прыпяцкага прагіну: на Пн пераважаюць парафіністыя, смалістыя, маласярністыя, сярэдняй шчыльнасці, на Пд — цяжкія, высокасмалістыя, высокасярністыя, малапарафіністыя. Здабываюць Н. фантанным і механізаваным спосабамі. Разведка Н. вядзецца ВА «Белгеалогія» (б. «Беларусьгеалогія») і ВА «Беларусьнафта», здабыча — ВА «Беларусьнафта», гл. таксама Нафтаздабыўная прамысловасць. Частка здабытай Н. транспартуецца па нафтаправодзе «Дружба». Перапрацоўка Н. ажыццяўляецца на Наваполацкім вытворчым аб’яднанні «Нафтан» і «Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе (гл. таксама Нафтаперапрацоўчая прамысловасць). Рэалізацыя нафтапрадуктаў здабываецца праз нафтабазы і аўтазаправачныя станцыі. Каардынацыйная дзейнасць па пытаннях пошуку, разведкі, здабычы, транспарціроўкі, перапрацоўкі Н. і забеспячэння нар. гаспадаркі нафтапрадуктамі вядзецца Бел. дзярж. канцэрнам па нафце і хіміі «Белнафтахім». Даследаваннямі Н. займаюцца Бел. н.-д. геолага-разведачны ін-т ВА «Белгеалогія» і Беларускі н.-д. і пракатны ін-т нафтавай і газавай прам-сці ВА «Беларусьнафта».

Літ.:

Егиазаров Ю.Г., Козлов Н.С., Куликов В.И. Химия промышленных нефтей Белоруссии. Мн., 1972;

Петров А.А. Углеводороды нефти. М., 1984;

Химия нефти и газа. 3 изд. СПб., 1995;

Геология и нефтегазоносность запада Восточно-Европейской платформы Мн., 1997.

У.​А.​Багіна, Ю.​Р.​Егіязараў, А.​Ф.​Мікуленка.

Нафта.

т. 11, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭПАТРЫЯ́ЦЫЯ (ад позналац. repatriatio вяртанне на радзіму),

вяртанне ў краіну паходжання ці грамадзянства асоб, якія апынуліся па-за яе межамі ў выніку розных сац.-эканам. і паліт. абставін з аднаўленнем у правах грамадзянства. Р. ажыццяўляецца звычайна на аснове міжнар. дагавораў. У пазадагаворным выпадку яе магчымасць павінна прадугледжвацца законамі зацікаўленай дзяржавы. Р., звязаная са зменай (набыццём) грамадзянства, можа быць разнавіднасцю аптацыі. Асабліва шырокія маштабы Р. набыла ў першыя гады пасля 2-й сусв. вайны.

На Беларусі першы значны працэс Р. адбываўся пасля заканчэння 1-й сусв. вайны, калі на радзіму (у БССР і Зах. Беларусь) вярнулася каля мільёна бежанцаў і ваеннапалонных; толькі ў Зах. Беларусь у 1919—24 вярнулася каля 700 тыс. беларусаў. У 1920-я г. Р. ажыццяўлялася таксама ў форме рээміграцыі прадстаўнікоў бел. паліт. эміграцыі, якія вярталіся ў БССР у сувязі з амністыяй, абвешчанай у 1923. Пасля 2-й сусв. вайны ў БССР разгортвалася 2-я шырокая хваля Р. З эвакуіраваных у пач. Вял. Айч. вайны ва ўсх. раёны СССР каля 1,5 млн. чал. толькі кожны 3-і вярнуўся на Беларусь. Да канца Вял. Айч. вайны на тэр. Германіі і яе саюзнікаў знаходзілася 10 181 тыс. грамадзян СССР, у т. л. 5 662 тыс. мірнага насельніцтва і 4 552 тыс. ваеннапалонных. З Беларусі ў гады вайны было вывезена на прымусовую працу ў Германію каля 399 тыс. чал. На пач. 1946 з іх вярнулася на радзіму каля 200 тыс. чал. У кастр. 1944 пры СНК СССР створана Цэнтр. ўпраўленне па справах Р.; аддзелы Р. існавалі пры СНК РСФСР, Украіны, Беларусі, Малдавіі, Эстоніі, Літвы і Латвіі. Сав. ўрад быў зацікаўлены ў найб. поўнай і хутчэйшай Р. сваіх грамадзян, як па эканам., так і па палітыка-ідэалаг. прычынах. Пераважная большасць сав. перамешчаных асоб шчыра жадалі вяртання ў СССР. 22.5.1945 прадстаўнікі ЗША, Вялікабрытаніі і Францыі падпісалі прапанаваны сав. урадам дакумент, які замацоўваў прынцыпы абавязковай Р. сав. грамадзян. У сав. зоне акупацыі Германіі ў выніку агітацыі і прымусу Р. ажыццяўлялася фарсіраванымі тэмпамі. У лагерах для бежанцаў і перамешчаных асоб у зонах акупацыі зах. саюзнікаў працавалі сав. рэпатрыяцыйныя місіі з супрацоўнікаў дзяржбяспекі, у выніку чаго частка бежанцаў насуперак уласнай волі накіроўвалася ў лагеры сав. зоны. На 1.3.1946 рэпатрыіравана 4 199 тыс. сав. грамадзян, у т. л. 520 672 беларусы (385 896 цывільных і 134 776 ваеннапалонных). Да іх варта дадаць і 241 тыс. т.зв. унутрана перамешчаных асоб (асобы, якія не былі за мяжой і перамяшчаліся ўнутры СССР). У 1946—52 у СССР вярнуліся яшчэ 104 893 рэпатрыянты. Большасць з іх вернута з краін, дзе знаходзіліся сав. войскі. Паводле Указа Прэзідыума Вярх. Савета СССР ад 14.6.1946 «Аб аднаўленні ў грамадзянстве СССР падданых былой Расійскай імперыі, а таксама асоб, якія страцілі савецкае грамадзянства» і інш. прававых актаў 1945—47, беларусы і ўкраінцы, што жылі на тэр. даваен. Польшчы, атрымалі права на набыццё сав. грамадзянства, і тысячы выхадцаў з Беларусі прынялі яго. Асн. маса рэпатрыянтаў праходзіла праверку і фільтрацыю ў франтавых і армейскіх лагерах, зборна-перасыльных пунктах Наркамата абароны, праверачна-фільтрацыйных пунктах (ПФП) НКУС. Выяўленыя злачынныя элементы і падазроныя асобы накіроўваліся для больш сур’ёзнай праверкі ў спец. лагеры НКУС і папраўча-працоўныя лагеры ГУЛАГа. У 1944—45 праз ПФП прайшлі 230 635 украінцаў, 155 499 рускіх, 81 846 беларусаў, 28 727 малдаван, а таксама прадстаўнікі інш. нацыянальнасцей. Мясц. органы НКУС—НКДБ праводзілі праверку рэпатрыянтаў, якія прыбывалі да месца жыхарства. На 20.11.1945 у Беларусі было арыштавана 1112 рэпатрыянтаў. Перыяд масавай Р. завяршыўся ў 1946. У наступныя гады яна рэзка пайшла на спад. Паводле нац. складу рэпатрыянтаў 1949—50 было: украінцаў 33,4%, рускіх 28,4%, малдаван 5,2%, беларусаў 5%, літоўцаў 5%, латышоў 3%. Да 1952 па лініі органаў Р. ў СССР вярнулася больш за 4,3 млн. сав. грамадзян. Агульная колькасць сав. грамадзян, якія ў выніку вайны апынуліся за мяжой і потым вярнуліся ў СССР, ацэньваецца ў 4,5 млн. чал. Акрамя гэтага, на чэрв. 1948 у СССР рэпатрыіравалася 106 835 чал., якія самі ці іх продкі эмігрыравалі з царскай або сав. Расіі. 2710 такіх рээмігрантаў з Францыі было расселена на Беларусі. На сак. 1949 спец. 6-гадовае пасяленне адбывалі 5432 беларусы, што служылі ў гады вайны ў Рус. вызв. арміі Уласава, нац. легіёнах, паліцыі. У 1944—48 у выніку падпісання пагаднення паміж урадам БССР і Польскім к-там нац. вызвалення ад 9.9.1944 аб эвакуацыі бел. насельніцтва з тэр. Польшчы і польскіх грамадзян з тэр. БССР адбылася ўзаемная Р. жыхароў Беларусі і Польшчы. У гэты час 36 тыс. беларусаў пераехалі ў БССР, 274 тыс. асоб, якія запісаліся палякамі, перасяліліся ў Польшчу. У 1950—60-я г. Р. адбывалася ў форме невял. рээміграцыі з зах. краін. У 1953—55 з Францыі і Аргенціны вярнулася каля 200 беларусаў. Да 1964 прыбыло каля 10—15 тыс. аргенцінскіх беларусаў, аднак пазней амаль палова з іх зноў пакінула Беларусь, расчараваная ў рэчаіснасці сав. грамадства. Пасля распаду СССР (снеж. 1991) і стварэння новых незалежных дзяржаў, у якіх апынулася 2130 тыс. беларусаў, частка з іх вярнулася на Беларусь. Гл. таксама Бежанцы, Дыяспара.

Літ.:

Снапкоўскі У.Е. Знешнепалітычная дзейнасць Беларусі, 1944—1953 гг. Мн., 1997;

Земсков В.Н. Репатриация советских граждан и их дальнейшая судьба (1944—1956 гг.) // Социол. исслед. 1995. № 5—6.

У.​Е.​Снапкоўскі.

т. 14, с. 17

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЕРА́ТАРСКАЕ МАСТА́ЦТВА,

від творчасці ў кінематаграфіі і на тэлебачанні, майстэрства сродкамі кіназдымкі рэалізаваць ідэі літаратурнага сцэнарыя і творчай задумы рэжысёра.

Узнікла і развілося са станаўленнем кінамастацтва. Першыя здымкі ажыццявілі ў Францыі ў 1895 браты Люм’ер. З развіццём кінематографа фарміраваліся і выяўл. сродкі аператарскага мастацтва: кампазіцыя кадра, прасторы, асвятленне, ракурс, прыёмы дынамічнай здымкі, аптычны малюнак кадра, святлотанальнае і колеравае вырашэнне эпізодаў. Значныя работы з’явіліся ў Італіі, ЗША, Германіі, Швецыі, Даніі. У 1920-я г. фарміравалася сав. школа аператарскага мастацтва (Э.Цісэ, А.Галаўня, А.Масквін, Д.​Дэмуцкі і інш.). У 1920—30-я г. ў стварэнні цэласнага выяўл. вобраза фільма вызначыліся франц. аператары Ж.​Перыналь, Р.​Матэ, Б.​Каўфман, амер. Дж.​Арналд, Б.​Рэйналдс, Х.​Расан; у распрацоўцы і выкарыстанні колеру ў кіно — амер. аператар Р.​Рэнахен, сав. аператар Ф.​Правораў.

У 1930-я г. са з’яўленнем гуку кінааператары асвойвалі новыя маст.-творчыя тэхналогіі і формы выяўл. арганізацыі матэрыялу. Павялічылася ўвага да псіхал. партрэтных характарыстык персанажаў. У 1940—60-я г. стылістыка майстроў зах. кінематографа выявілася ў творчай практыцы неарэалізму. Аператары франц. «новай хвалі» выкарыстоўвалі здымкі рухомай камерай у натуральным асяроддзі, імправізаваную кампазіцыю кадра. На аснове новай тэхнікі, матэрыялаў і тэхналогій 1960—90-х г. пашырылася фарміраванне індывід. стыляў у аператарскім мастацтве. Сярод найб. вядомых майстроў: Г.​Толанд, Х.​Уэкслер, Л.​Ковач, Дж.​Тэйлар (ЗША), Ю.​Стрындберг, С.​Нюквіст (Швецыя), Э.​Рышар, Н.​Альмендрас, П.​Глен (Францыя), В.​Старара, Т.​Дэлі Колі, Дж.​Ратуна, П. дэ Сантыс, Л.​Таволі (Італія), Дж.​Олкат, Дж.​Ансварт, Д.​Слокам (Вялікабрытанія), Л.​Ахвледзіяні, А.​Булінскі, К.​Кыдыраліеў, П.​Лебешаў, Р.​Масальскі, М.​Мусаеў, В.​Нікалаеў, Л.​Пааташвілі, М.​Піліхіна, Г.​Рэрберг, Ю.​Сіларт, С.​Урусеўскі, Х.​Файзіеў, В.​Юсаў (СССР).

На Беларусі першыя маст. фільмы ў 1920—30-я г. здымалі аператары Д.​Шлюглейт («Лясная быль»), М.​Казлоўскі («Хвоі гамоняць»), Н.​Навумаў-Страж («Жанчына»), А.​Кальцаты («Першы ўзвод»), Б.​Рабаў («Двойчы народжаны»). Сталым аператарскім мастацтвам вызначаюцца лепшыя фільмы канца 1940—50-х г., якія знялі А.​Булінскі («Дзеці партызана»), А.​Гінцбург («Канстанцін Заслонаў»), Г.​Удавянкоў («Міколка-паравоз»), У.​Акуліч («Гадзіннік спыніўся апоўначы»), А.​Аўдзееў і І.​Пікман («Дзяўчынка шукае бацьку»). Выкарыстанне з сярэдзіны 1950-х г. шырокіх і шырокафарматных экранаў павялічыла выяўл. магчымасці аператарскага мастацтва. У 1960—80-я г. аператарскае мастацтва бел. майстроў вызначалі паэт. светаадчуванне (А.​Забалоцкі — «Праз могілкі», «Альпійская балада»), псіхалагізм і выразнасць кампазіцыі (Ю.​Марухін — «Магіла льва», «Паводка»), тонкае адчуванне прыроды (Дз.​Зайцаў — «Рудабельская рэспубліка», «Людзі на балоце»), дакладнае адчуванне колеру (Э.​Садрыеў — «Жыццё і смерць двараніна Чартапханава», «Хлеб пахне порахам»), дынамізм і лірызм (Т.​Логінава — «Вянок санетаў», «Дзікае паляванне караля Стаха»), завершанасць кампазіцыйных рашэнняў (Ю.​Ялхоў — «Раскіданае гняздо», «Франка — жонка Хама»).

Г.​В.​Ратнікаў.

т. 1, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)