назва сельскага насельніцтва ў дакументах 11—12 ст. ў Стараж. Русі. Напачатку С. называлі свабодных абшчыннікаў. Паступова з іх вылучылася залежная ад дзяржавы, а потым і ад феадалаў група «худых С.», якія мелі сваю гаспадарку, коней і інвентар, плацілі даніну (натуральны аброк) князю. Яны захоўвалі асабістыя свабоду і правы, адказвалі за правіннасці і злачынствы паводле тагачаснага права. У 13—15 ст. тэрмін «С.» паступова знік у сувязі з дыферэнцыяцыяй сялянства. Апошняя згадка пра С. на Беларусі ў дагаворнай грамаце 1440 вял. князя ВКЛ Казіміра Ягайлавіча пра ўстанаўленне міру і ўмовы гандлю Полацка і Віцебска з Ноўгарадам. Крыніцамі для вывучэння становішча С. з’яўляюцца Руская праўда і наступныя юрыд. акты.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СНЕ́ЖНЫ БАРА́Н, таўстарог,
чубук (Ovis canadensis),
млекакормячае роду горных бараноў сям. пустарогіх атр. парнакапытных. Пашыраны ў Паўн.-Усх. Азіі і Паўн. Амерыцы (да Мексікі). Азіяцкі С.б. мае 4 падвіды: ахоцкі, камчацкі, нарыльскі, або путаранскі, і якуцкі; паўночнаамерыканскі — 6—8 падвідаў. Жыве на бязлесных горных схілах і скалах.
Даўж. да 180 см, выш. ў карку да 115 см, маса да 140 кг. Самкі значна меншыя за самцоў. Афарбоўка цела ад жоўта-карычневай да цёмна-бурай, бруха светлае. Рогі ў самцоў (па выгіне) даўж. да 111 см, у самак да 32 см. Кормяцца дрэвава-хмызняковай расліннасцю, травой, лішайнікамі. Палігамы. Нараджаецца 1, зрэдку 2 дзіцяняці. Аб’ект палявання.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СО́КАЛ-КАРШАЧО́К, каршачок (Falco subbuteo),
драпежная птушка сям. сакаліных атр. сокалападобных. Пашыраны на Пн Еўразіі і ў Паўн. Афрыцы (акрамя тундраў і пустынь), насяляе лясы і лесастэпы. Гняздуецца на высокіх дрэвах. Зімуе на Пд Азіі і Афрыкі. На Беларусі нешматлікі пералётны від. Нар. назвы аралок, карагольчык, кабец. Занесены ў Чырв. кнігу.
Даўж. да 36 см, маса да 280 г. Самкі буйнейшыя за самцоў. Апярэнне спіны буравата-чорнае з шызым адценнем, грудзей і брушка — светла-вохрыстае з буйнымі цёмнымі стракацінамі, падхвосця і галёнак — рыжае; па баках ад дзюбы чорныя палосы — «вусы». Кольца вакол вока і ногі жоўтыя. Корміцца насякомымі, дробнымі птушкамі, лятучымі мышамі. Адкладвае да 4, зрэдку да 6 яец.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СОЛЕВЫНО́СЛІВАСЦЬ РАСЛІ́Н, солеўстойлівасць раслін,
здольнасць раслін расці на засоленых глебах (у якіх солей больш за 0,2% ад масы глебы). У гэтых умовах на расліны ўплываюць негатыўныя фактары (павялічаны асматычны ціск, таксічныя солі, недахоп элементаў каранёвага жыўлення), якія парушаюць абмен рэчываў і стан палімераў пратаплазмы. Большасць раслін несолевынослівыя (глікафіты). Найб. солеўстойлівыя галафіты: соленазапашвальныя (салянкі), солевыдзяляльныя (кермек, мангравыя расліны), з нізкім паглынаннем солі (палыны). С.р. абумоўлена генетычна, але змяняецца ў выніку адаптацый. Пры хларыдным засаленні расліны становяцца больш мясістымі — сукулентамі, пры сульфатным — ксерафітамі. Сярод культ. раслін на моцназасоленых глебах растуць цукр. буракі, яблыня, міндаль, спаржа. Да сярэдняга засалення ўстойлівыя сланечнік, ячмень, бавоўнік, памідоры, гарбуз. С.р. мінімальная на фазе праросткаў і ўтварэння генератыўных органаў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СО́СНА,
возера ў Гарадоцкім р-не Віцебскай вобл., у бас.р. Ловаць, за 37 км, на ПнУ ад г. Гарадок. Пл. 1,02 км², даўж. 1,5 км, найб.шыр. 1 км, найб.глыб. 5,1 м, даўж. берагавой лініі 4,1 км. Пл. вадазбору 260 км². Катлавіна тэрмакарставага тыпу. Схілы выш. 2—5 м, месцамі 7 м, параслі хмызняком, на ПдУ разараныя. Берагі нізкія, параслі балотнай расліннасцю і хмызняком. Дно выслана пяском (да глыб. 1—2 м), апясчаненым ілам (да 3—4 м), глыбей сапрапелем. Уздоўж берагоў перарывістая паласа надводнай расліннасці шыр. да 8 м, пашырана да глыб. 0,7 м; да глыб. 1,5 м растуць ірдзесты. Ловаць цячэ праз возера і злучае яго з воз. Мяжа.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СТА́НЧЫКІ»
(Stańczycy),
польская палітычная групоўка ў Зах. Галіцыі ў 1860-я г. — 1907. Уключала пераважна памешчыкаў і вышэйшых чыноўнікаў (кракаўскія кансерватары). Назва ад выдадзенага ў 1869 паліт. памфлета «Папка Станчыка» (складаўся з лістоў, якія нібыта апынуліся ў партфелі прыдворнага блазна канца 15 — пач. 16 ст. Станчыка), скіраванага супраць хвалі патрыят. дэманстрацый у час барацьбы за аўтаномію і падпольнага руху. «С.» дамагаліся пашырэння нац. правоў у Галіцыі пры захаванні лаяльнасці да Аўстрыі. Прапагандавалі свае ідэі ў гістарыяграфіі (кракаўская школа), літ. крытыцы і філасофіі. Гал. дзеячы С.Тарноўскі, Ю.Шуйскі, С.Козьмян, М.Бабжынскі. Друкаваныя органы «Czas» («Час») і «Przegląd Polski» («Польскі агляд»). У 1907 ператворана ў Нац. правую партыю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТА́РЫЦА,
ландшафтны заказнік рэсп. значэння ў Быхаўскім р-не Магілёўскай вобл.Засн. ў 1997 для аховы спецыфічных поймавых ландшафтаў у даліне р. Дняпро. Пл. 2033 га. Прадстаўлены элементы значна пераўтворанай даліны — стромныя і пакатыя схілы, фрагменты тэрас, эолавых пагоркаў і град, старыцавых азёр, меандрыруючыя рэчышчы. Заказнік уключае 27′ азёр серпападобнай формы і воз. Старыца. У флоры 308 відаў сасудзістых раслін, у т. л. ў Чырв. кнізе вадзяны арэх плывучы. Растуць па-за межамі сваіх арэалаў вольха шэрая, вяз коркавы, уман звычайны. Шмат гаспадарча карысных відаў. У фауне вял. доля антрапаталерантных відаў, многа відаў птушак. У Чырв. кнізе варакушка, з насякомых — жужалі рашэцісты і фіялетавы, пераліўніца вялікая.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТА́ФАРД (Stafford) Томас (н. 17.9.1930, г. Уэтэрфард, штат Аклахома, ЗША),
касманаўт ЗША. Ген.-лейт.ВПС (у адстаўцы). Скончыў ваен.-марскую акадэмію ЗША (1952), школу лётчыкаў-выпрабавальнікаў (1959). З 1962 у атрадзе касманаўтаў НАСА. 15—16.12.1965 з У.Шырам здзейсніў палёт на касм., караблі (КК) «Джэміні-6» (як 2-і пілот); 3—6.6.1966 з Ю.Сернанам — на КК «Джэміні-9» (як камандзір); 18—26.5.1969 з Дж.Янгам і Сернанам — на КК «Апалон-10» аблёт Месяца з выхадам на арбіту яго штучнага спадарожніка; 15—25.7.1975 з В.Брандам і Д.Слейтанам — на КК «Апалон» па праграме «ЭПАС». У космасе правёў 21,2 сут. Залаты медаль НАСА «За выдатныя заслугі». Залатыя медалі «Космас» (ФАІ, 2).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРАБАСКАПІ́ЧНЫЯ ПРЫЛА́ДЫ,
дэманстрацыйныя ці кантрольна-вымяральныя прылады, прынцып дзеяння якіх грунтуецца на страбаскапічным эфекце. Прызначаны для назірання хуткіх вярчальных або вагальных рухаў цела. Даюць магчымасць вымяраць скорасць аб’екта без мех. кантакту з ім.
Бываюць оптыка-мех., эл.-аптычныя, электронныя і інш. У оптыка-мех. С.п. (стробатахометраў) перыяд. перарыванне святла ажыццяўляецца абтуратарам, у эл.-аптычных — аптычнымі затворамі, прынцып дзеяння якіх заснаваны. напр., на Кера эфекце, у электронных — імпульснымі крыніцамі святла, якімі кіруюць з дапамогай спец. генератараў. Пры даследаваннях перыяд. электронных працэсаў карыстаюцца асцылаграфічнымі С.п., стробарэзананснымі гальванометрамі і інш. Існуюць С.п., якія працуюць у інш. дыяпазонах эл.-магн. выпрамянення. Напр., для назірання за работай клапанаў сэрца карыстаюцца рэнтгена-імпульснымі С.п.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СТРОННІ́ЦТВО ХЛО́ПСКЕ (Stronnictwo Chłopskie),
сялянская партыя ў Польшчы і Зах. Беларусі ў 1926—31. Створана ў выніку вылучэння групы дзеячаў з «Вызволеня» на чале з Я.Домбскім. Кіраўнікі партыі Домбскі, В.Добрах, А.Плюта, Я.Табор, А.Валерон. Друкаваны орган — «Gazeta Chłopska» («Сялянская газета»). Асн. патрабаванні праграмы: парламенцкая рэспубліка, шырокая агр. рэформа, развіццё асветы сярод насельніцтва. Падтрымала дзярж. пераварот у Польшчы 12.5.1926. З 1928 вяла барацьбу супраць «санацыйнага рэжыму». Удзельнічала ў выступленнях за прадастаўленне дэмакр. свабод, правядзенне бурж.-дэмакр. рэформ. Пасля роспуску сейма ў 1930 некат. дзеячы партыі праследаваліся ўладамі, пачала расці яе апазіцыйнасць ураду. У 1931 С.х. аб’ядналася з сял. партыямі «Пяст» і «Вызволене» ў Стронніцтво людовэ.