СКО́БЛА Міхась (Міхаіл Уладзіміравіч; н. 23.11.1966, в. Паляжын Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел.паэт. Скончыў БДУ (1991). З 1991 нам.гал. рэдактара час. «Роднае слова», з 1995 у Мін-ве культуры і друку, з 1997 у час. «Бярозка», з 1999 у выд-ве «Беларускі кнігазбор». Друкуецца з 1984. У кн. паэзіі «Вечны Зніч» (1990), «Вочы Савы» (1994) імкненне паяднаць мінулае і сучаснае, трывожныя матывы за лёс бацькоўскай зямлі. У зб. «Нашэсце Поўні» (2001) метафарычнае асэнсаванне рэчаіснасці. У кн. «Дзярэчынскі дыярыюш» (1999) гіст. нарыс пра в. Дзярэчын, артыкулы і эсэ пра бел. пісьменнікаў. Аўтар зб.літ. пародый «Розгі ў розніцу» (1993), кн. для дзяцей «Камень-перунок» (1998) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКОТ (Scott) Дэйвід (н. 6.6.1932, г. Сан-Антоніо, штат Тэхас, ЗША),
касманаўт ЗША. Палкоўнік ВПС (з 1977 у адстаўцы). Скончыў Ваен. акадэмію ЗША (1955), Масачусецкі тэхнал.ін-т (1962). З 1963 у групе касманаўтаў НАСА. 16.3.1966 з Н.Армстрангам здзейсніў (як 2-і пілот) палёт на касм. караблі (КК) «Джэміні-8», 3—13.3.1969 з Дж.Макдывітам і Р.Швейкартам — палёт на КК «Апалон-9» (як пілот асн. блока), 26.7—7.8.1971 з Дж.Ірвінам і А.Уордэнам — палёт на Месяц (як камандзір) на КК «Апалон-15». Правёў у космасе 22,8 сут, у т. л. на Месяцы 18,6 гадз. Залаты медаль НАСА «За выключныя заслугі», залаты медаль Міру (ААН).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКРЫГА́НАЎ Вікенцій Васілевіч (22.6.1903, в. Надзейкавічы Рагачоўскага р-на Гомельскай вобл. — 26.1.1945),
генерал-маёр (1944), Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў пях. школу (1925), Ваен. акадэмію імя Фрунзе (1938). У Чырв. Арміі з 1920, удзельнік грамадз. вайны і баёў з інтэрвентамі на Зах. і Паўд. франтах. Да 1935 у войсках БВА. камандзір батарэі, нам.нач. штаба брыгады, нач. артылерыі палка. У Вял.Айч. вайну з 1942 на Зах., Паўд., Закаўказскім, Паўн.-Каўказскім, Паўд.-Зах., 3-м, 2-м і 1-м Укр. франтах: нам. камандзіра, камандзір стралк. дывізіі. Стралк. дывізія на чале з ген.-маёрам С. вызначылася на тэр. Польшчы, дзе за 11 дзён прайшла з баямі 264 км, фарсіравала Одэр. Памёр ад ран.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКРЫПНЁВЫЯ, асліннікавыя (Onagraceae),
сямейства двухдольных кветкавых раслін парадку міртавых. Больш за 20 родаў, каля 700 відаў. Пашыраны ўсюды, найб. ва ўмераных і субтрапічных паясах. На Беларусі каля 25 відаў з родаў асліннік, двухпялёснік, скрыпень, іван-чай (капорскі чай). Шэраг відаў з родаў кларкія і фуксія культывуюць у садах, парках, аранжарэях і пакоях.
Пераважна шматгадовыя травы, радзей кусты, паўкусты ці невял. дрэвы. Лісце чаргаванае або супраціўнае, суцэльнае, звычайна ланцэтнае, суцэльнакрайняе ці зубчастае. Кветкі двухполыя, адзінкавыя або сабраныя ў суквецце ў пазухах лісця. Плод — каробачка, радзей арэхападобны ці ягадападобны. Лек., харч., дэкар., меданосныя і кармавыя расліны, некат. — пустазелле.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СКУ́НСЫ, смярдзючкі (Mephitinae),
падсямейства млекакормячых сям. куніцавых атр. драпежных. 3 роды: С. паласатыя (Mephitis), 2 віды; С. плямістыя (Spilogale), 2 віды; С. свінаносыя (Conepatus), 6—7 відаў. Пашыраны ў Паўн. і Цэнтр. Амерыцы. Жывуць у розных біятопах, ад лясоў да пустынь. У паўн.ч. арэала зімой упадаюць у спячку.
Даўж. цела да 49 см, хваста да 44 см, маса да 4,5 кг. Сакрэт анальных залоз з агідным стойкім смуродам (адпужвае ворагаў) — адсюль другая назва. Кормяцца пладамі, ягадамі, насякомымі, птушкамі, дробнымі млекакормячымі. Палігамы; нараджаюць да 10 (звычайна 5—6) дзіцянят за год. С. паласаты (M. mephitis) — аб’ект пушнога промыслу і развядзення.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛАНО́ВЫЯ ЧАРАПА́ХІ, гіганцкія чарапахі,
найбольш буйныя віды паўзуноў сям. наземных чарапах. 2 віды: уласна С.ч. (Testudo, або Geochelone, elephantopus) з 11 падвідамі, і гіганцкая С.ч. (T., або G., gigantea). Уласна С.ч. жыве на а-вах арх. Галапагас. Гіганцкая С.ч. захавалася на атоле Альдабра ў Інд.ак. Некат. падвіды вынішчаліся з 17 ст. з-за каштоўнага мяса, тлушчу, яек. Віды і падвіды занесены ў Чырв. кнігу МСАП.
Даўж. панцыра да 1,5 м, выш. да 0,6 м, маса ад 100 да 400 кг. Маюць буйныя слупападобныя ногі і доўгую шыю. Адкладваюць да 22 яец масай да 140 г кожнае. Інкубацыйны перыяд 6—7 мес. Расліннаедныя. Жывуць да 100—150 гадоў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛІМАКІ́, слізнякі,
наземныя бруханогія падкл. лёгачных малюскаў пераважна атр. сцяблініставокіх, у якіх няма вонкавай ракавіны або яна недаразвітая. Больш за 250 відаў. Пашыраны амаль па ўсім зямным шары, пераважна лясныя жывёлы. Актыўныя ноччу. На Беларусі найб. пашыраны С.: палявы (Deroceras agreste), сеткаваты (D. reticulatum), вялікі (Limax maximus) з роду арыён (Arion) і інш.
Даўж. цела 15—200 мм. Цела чэрвепадобнае або цыліндрычнае, складаецца з галавы, вантробнага мяшка са скурнай складкай (мантыяй) і нагі. Органы дыхання — лёгачныя мяшкі. Раздзельнаполыя або гермафрадыты. Пераважна расліннаедныя, ёсць драпежнікі (кормяцца глебавымі алігахетамі і інш. відамі малюскаў). Шкоднікі пасеваў. Некат. — прамежкавыя гаспадары паразітаў с.-г. жывёл.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СЛО́НІМСКІ КАРДО́ННА-ПАПЯРО́ВЫ ЗАВО́ДЗасн. ў 1927 у г. Слонім Гродзенскай вобл. як кардонная ф-ка «Альбярцін». Выпускала шматслойны белы і каляровы кардон. У Вял.Айч. вайну разбурана. Аднавіла работу ў 1946. За перыяд 1954—1972 пушчаны 2-я—5-я кардонавырабныя машыны. З 1961 кардонная ф-ка «Беларусь», з 1972 папярова-кардонны камбінат, з 1976 — кардонна-папяровы з-д, з 1988 — народнае прадпрыемства «Альбярцін», з 1995 адкрытае акц.т-ва «Слонімскі кардонна-папяровы завод «Альбярцін». Асн. прадукцыя (2001): кардон паліграф. і запалкавы, папера ўпаковачная, пачкавая, парафінаваная, мелаваная, мяшочная, туалетная, сурвэткі (белыя і каляровыя), шпагат папяровы, шпалеры, канцылярскія вырабы, тавары для школьнікаў і інш.
Слонімскі кардонна-папяровы завод. Цэх па вытворчасці папяровай масы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМАЛЕ́НСКАЯ ХРО́НІКА,
бел.гіст.-літ. твор. Напісаны ў канцы 1430-х г. у г.Смаленск у асяроддзі таго правасл. духавенства, дзе ўзнікла «Пахвала Вітаўту» і складаўся Беларуска-літоўскі летапіс 1446. Змешчана ў розных спісах Бел.-літ. летапісу 1446. Храналагічна ахоплівае перыяд 1430—36. Прысвечана апісанню падзей у ВКЛ пасля смерці ў 1430 вял.кн. Вітаўта, барацьбы за велікакняжацкую ўладу паміж Свідрыгайлам і Жыгімонтам Кейстутавічам. Пачынаецца кароткім апавяданнем пра каранацыйны з’езд Вітаўта. Аўтар С.х. — прыхільнік Жыгімонта Кейстутавіча, брата Вітаўта. Падзеі ў творы выкладзены бегла, па-дзелавому суха, з выкарыстаннем традыцыйных моўна-стылявых форм і сродкаў. У 1440-я г. дапоўнена пагадовымі запісамі мясц. і агульнадзярж. характару аб падзеях 1432—46.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СМАЛЬ Іван Трафімавіч (9.10.1892, в. Ляхаўцы Маларыцкага р-на Брэсцкай вобл. — 18.7.1967),
удзельнік барацьбы засав. ўладу на Беларусі. Скончыў Ленінградскую прамысл. акадэмію (1933). З 1906 рабочы лясніцтва ў Брэсцкім пав., потым у ЗША. З 1914 у арміі, з 1915 на ваен. з-дзе ў Гомелі. У 1917 чл. Гомельскага Савета і адзін з арганізатараў Чырв. гвардыі ў Навабеліцы. З сак. 1918 чл. ініцыятыўнай пяцёркі па арганізацыі партыз. руху і падп. дзейнасці на Гомельшчыне, чл. Палескага паўстанцкага к-та. Удзельнік грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі 1918—20. З 1924 на парт. і гасп. рабоце на Беларусі. У 1937 рэпрэсіраваны. Удзельнік Вял.Айч. вайны. З 1954 на Мінскім аўтазаводзе. Рэабілітаваны ў 1956. Аўтар успамінаў.