абвінавачаны, якога аддалі пад суд. Паводле працэсуальнага заканадаўства Рэспублікі Беларусь (КПК у рэдакцыі 1960) мае права браць удзел у суд. разглядзе яго справы, заяўляць адводы і хадайніцтвы, прад’яўляць доказы, выступаць у суд. спрэчках, выступаць з апошнім словам, абскарджваць прыгавор і вызначэнне суда. Яўка П. ў суд абавязковая. Разбор справы пры адсутнасці П. дапускаецца ў выключных выпадках, калі гэта не перашкаджае ўстанаўленню ісціны па сутнасці абвінавачвання. Свае правы П. рэалізуе сам або з дапамогай абаронца. Пасля вынясення абвінаваўчага прыгавору і набыцця ім законнай сілы П. становіцца асуджаным. КПК Рэспублікі Беларусь 1999 замест паняцця «П.» ўжывае паняцце «абвінавачаны», пакідаючы за ім тыя ж правы і абавязкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАЛЯЎНІ́ЧАЯ ГАСПАДА́РКА.
1) галіна гаспадаркі, якая займаецца выкарыстаннем, аховай і аднаўленнем паляўнічага фонду, адна з арганізацыйна-гасп. сістэм рацыянальнага прыродакарыстання. На Беларусі існуе ў спартыўна-аматарскай форме. Вядзецца на навук. аснове паляўніцтвазнаўства ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Беларусі, заканадаўчымі і нарматыўнымі актамі.
2) Адм.-гасп. адзінка, якая ажыццяўляе мерапрыемствы па ахове, аднаўленні і рацыянальным выкарыстанні паляўнічых жывёл і рыбных запасаў у замацаваных угоддзях. На Беларусі П.г. аб’ядноўвае 227 адм.-гасп. адзінак — паляўнічых і лесапаляўнічых гаспадарак, пл. больш за 17 млн.га (2000), у т. л. грамадскае аб’яднанне Бел.т-ва паляўнічых і рыбаловаў, вытв. паляўніча-рыбалоўнае аб’яднанне Бел.ваен.т-ва паляўнічых, Бел. фізкультурна-спарт. аб’яднанне «Дынама», лесапаляўнічыя гаспадаркі Мінлясгаса і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАНКЕ́ВІЧ Павел Якаўлевіч (16.2.1895, г. Невель Пскоўскай вобл., Расія — 28.6.1938),
бел. вучоны ў галіне педагогікі. Акад.АН Беларусі (1931), д-рпед.н., праф. (1929). Скончыў Віцебскі ін-тнар. адукацыі (1922), Маскоўскія вышэйшыя пед. курсы (1924). З 1924 у Акадэміі камуніст. выхавання ў Маскве. З 1925 у Камуністычным ун-це Беларусі, БДУ, дырэктар НДІ педагогікі, неадменны сакратар, заг.пед. кабінета АН Беларусі. Чл.ЦВКБССР у 1931—35. Навук. працы па праблемах політэхн. адукацыі, пытаннях гісторыі педагогікі і псіхалогіі. У 1937 арыштаваны і прыгавораны да выключнай меры пакарання. Рэабілітаваны ў 1956.
Тв.:
Основные вопросы фабзавуча. М., 1926;
Политехническая школа в связи с развитием современной крупной индустрии. Мн., 1928.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАПЕ́ЎКА,
характэрны меладычны зварот, кароткая структурна аформленая частка мелодыі, якую можна вычленіць кампазіцыйна. Тэрмін узнік у стараж.-рус. пеўчым мастацтве, царк. крукавых спевах Маскоўскай Русі, дзе абазначаў пастаянныя меладычныя звароты, што належалі да пэўных гласаў і ўключалі па 3—7 знамён (крукоў). Кожная П. мела сваю назву. У 17 ст. паявіліся зборнікі П. — какізнікі. У 19 ст. тэрмін замацаваўся ў муз. фалькларыстыцы, дзе пазней пашырыўся як адзін са сродкаў мелодыка-інтанацыйнага і семантычнага аналізу нар.напеваў і найгрышаў. У сучаснай этнамузыкалогіі тэрмін «П.» выкарыстоўваюць у спалучэнні з паняццямі лад (лад-П.), формула (П.-формула), слоўнік (папевачны слоўнік) і інш. У агульным музыказнаўстве П. збліжаецца з паняццем інтанацыі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАНЯ́Н Акоп Аванесавіч (19.11.1843, г. Эдырне, Турцыя — 27.5.1891),
армянскі пісьменнік-сатырык. З 1871 рэдагаваў шматлікія перыяд. выданні. Друкаваўся з 1865 (камедыя «Слуга двух гаспадароў»). Камедыі «Усходні дантыст» (1868), «Ліслівец» (1872), «Дзядзька Багдасар» (1886), «Пасаг» (1887), скіраваны супраць заганнасці нораваў і маралі тагачаснага грамадства. Выступаў у жанры сац.-быт. і паліт. навелы, аповесці, памфлета, фельетона, пародыі, байкі, гумарэскі: зб-кі «Шчыпкі» (1875), «Пагулянка па кварталах Стумбула», «Дзённік Асоса» (абодва 1880), «Смех» (1883), «Ахвяры далікатнасці» (1886). Аўтар кнігі партрэтаў грамадскіх, паліт., культ. і духоўных дзеячаў «Нацыянальныя стаўпы» (т. 1—3, 1874—80). У творах спалучаў добразычлівы гумар і едкі сарказм, гуманізм і ідэі вальнадумства.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІЛАЛІ́СНІК (Lentinus),
род шапкавых грыбоў сям. плеўротавых. 12 відаў. Пашыраны ў Еўразіі. На Беларусі 5 відаў П.: бакалападобны (L. cyathyformis), духмяны (L. suavissimus), лускаваты, або шпальны грыб (L. lepideus), складкаваты (L. fulvidus), тыгровы (L. tigrinus). Трапляюцца з мая павер. у лясах, на адмерлай (пні, ламачча) і апрацаванай (слупы, дошкі) драўніне. У краінах Паўд.-Усх. Азіі больш за 2 тыс. гадоў на драўніне лісцевых парод культывуюць ядомы грыб шыітаке (L. edodes).
Пладовае цела — шапка на ножцы. Шапка дыяметрам 2—15 см, сухая, пукатая, потым увагнутая або лейкападобная. пераважна светла-бурага колеру. Мякаць вельмі шчыльная, з узростам амаль дравяністая. Пласцінкі прырослыя або зыходныя. Ножка суцэльная, дравяністая. Споры цыліндрычныя, бясколерныя. Некат. віды ў маладым узросце ядомыя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЕЗІЯЗА́ЎРЫ (Plesiosauria),
падатрад вымерлых марскіх паўзуноў атр. заўраптэрыгій падкл. сінаптазаўраў. Вядомы з сярэдняга трыясу да позняга мелу (каля 220—70 млн.г. назад). Вялі спосаб жыцця, падобны да сучасных ластаногіх. 3 надсям.: пістазаўрыды (Pistosauroidea), плезіязаўрыды (Plesiosauroidea), пліязаўрыды (Pliosauroidea). Жылі пераважна ў прыбярэжнай зоне. Характэрныя прадстаўнікі — эласмазаўр (Elasmosaurus), натазаўр (Nothosaurus) і інш. Рэшткі знойдзены на ўсіх мацерыках, па іх вызначаюць узрост геал. адкладаў.
Даўж. ад 1,5 да 16 м. Плезіязаўрыды мелі доўгую шыю, невял. галаву; пліязаўрыды — кароткую шыю, вял. галаву. Канечнасці адносна кароткія, ластападобныя. Пазванкоў да 150, з пляскатымі сучляноўнымі паверхнямі. Зубы канічныя, аднародныя або дыферэнцыраваныя на іклы і больш дробныя зубы. Драпежнікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАКАПЕ́НКА Мікалай Фёдаравіч (н. 17.12.1923, в. Гейдзіна Аляксандраўскага р-на Данецкай вобл., Украіна),
бел. вучоны-эканаміст. Д-рэканам.н. (1981), праф. (1985). Скончыў Харкаўскі аўтадарожны ін-т (1951). З 1952 дырэктар МТС, старшыня Плешчаніцкага райвыканкома, 1-ы сакратар Старобінскага райкома КПБ, сакратар Мінскага абкома КПБ. З 1976 у Бел.НДІ эканомікі і арганізацыі сельскай гаспадаркі (у 1976—85 дырэктар). Навук. працы па праблемах навук.-тэхн. прагрэсу, эфектыўнасці, рэнтабельнасці і спецыялізацыі сельскай гаспадаркі. Распрацаваў тэарэт. асновы, механізм фарміравання і кіравання якасцю с.-г. прадукцыі ў рыначных умовах.
Тв.:
Специализация и рентабельность сельскохозяйственного производства. Мн., 1972;
Экономические проблемы качества сельскохозяйственной продукции. М., 1980;
Агропром: науч.-технич. прогресс и качество. Мн., 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРЫГАВО́Р СУДА́,
рашэнне, якое выносіцца судомпа пытанні вінаватасці або невінаватасці абвінавачанага і аб прымяненні да яго пакарання. На Беларусі суды пастанаўляюць П.с. імем Рэспублікі Беларусь. П.с. павінен быць законны, матываваны, справядлівы і абгрунтаваны доказамі, што былі разгледжаны ў суд. пасяджэнні. Выносіцца судом у дарадчым пакоі пры захаванні тайны нарады суддзяў. П.с. можа быць абвінаваўчым або апраўдальным (калі не ўстаноўлена падзея злачынства або ў дзеяннях абвінавачанага адсутнічаюць прыкметы злачынства ці не даказаны яго ўдзел ва ўчыненні злачынства). П.с. складаецца з уводнай, апісальнай і рэзалютыўнай частак. П.с. піша адзін з суддзяў, якія прымалі ўдзел у яго пастанаўленні, падпісваецца ўсімі суддзямі. Суддзя, які застаўся пры асобнай думцы, таксама падпісвае П.с.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЭН, Пейн (Paine) Томас (29.1.1737, г. Тэтфард, Вялікабрытанія —8.6.1809), грамадскі і паліт. дзеяч ЗША і Вялікабрытаніі; асветнік радыкальнага кірунку.
З 1774 у Паўн. Амерыцы. У памфлеце «Здаровы сэнс» (1776) заклікаў англ. калоніі абвясціць сваю незалежнасць. Разам з Т.Джэферсанам выступаў за адмену рабства. Удзельнік вайны за незалежнасць у Паўночнай Амерыцы 1775—83. У 1777—79 П. — сакратар К-та кангрэса па замежных справах. Аўтар трактата «Правы чалавека» (1791—92), скіраванага ў абарону франц. рэвалюцыі, пасля яго забароны эмігрыраваў у Францыю; абраны чл. Канвента. У 1792—94 зняволены якабінцамі. У працы «Век розуму» (1794) выступіў як прыхільнік радыкальнага дэізму. У 1802 вярнуўся ў ЗША. Погляды П. зрабілі ўплыў на чартысцкі рух (гл.Чартызм) у Вялікабрытаніі.