БЯЗВА́ЖКАСЦЬ,

фізічны стан цела — складальнай часткі рухомай мех. сістэмы, пры якім вонкавыя сілы, што дзейнічаюць на цела і яго рух, не выклікаюць узаемнага ціску адных часцінак цела на іншыя. Узнікае пры свабодным руху цела ў гравітацыйным полі, калі такі рух з’яўляецца паступальным (напр., падзенне цела па вертыкалі, рух па арбіце штучнага спадарожніка Зямлі, палёт касм. карабля).

На цела, якое знаходзіцца ў гравітацыйным полі Зямлі на апоры (ці падвесе), дзейнічаюць сіла цяжару і ў процілеглым напрамку сіла рэакцыі апоры (ці сіла нацяжэння падвесу), што вядзе да ўзнікнення ўзаемнага ціску адной часткі цела на другую. У целе ўзнікаюць дэфармацыі і ўнутр. напружанні, якія чалавек успрымае як адчуванне ўласнай вагі (важкасці). У залежнасці ад умоў сіла рэакцыі апоры можа адрознівацца ад сілы цяжару нерухомага цела на паверхні Зямлі. Напр., калі касм. карабель рэзка павялічвае скорасць, касманаўта прыціскае да крэсла сіла, у некалькі разоў большая за нармальную вагу, што ўспрымаецца як павелічэнне ўласнай вагі касманаўта (т.зв. перагрузка). У стане свабоднага падзення на цела дзейнічае толькі сіла цяжару, а інш. вонкавыя сілы, у т. л. і сілы рэакцыі апоры, адсутнічаюць, што вядзе да знікнення ўзаемнага ціску адной часткі цела на другую, узнікае бязважкасць, якую чалавек успрымае як страту вагі.

Ва ўмовах бязважкасці зменьваецца шэраг функцый жывога арганізма: абмен рэчываў (асабліва водна-салявы), кровазварот, назіраюцца расстройствы вестыбулярнага апарату і інш. Неспрыяльны ўплыў бязважкасці на арганізм чалавека можна папярэдзіць або абмежаваць пры дапамозе фіз. практыкаванняў і заняткаў на спец. трэнажорах. Вынікі працяглых касм. палётаў сведчаць аб тым, што бязважкасць не з’яўляецца небяспечнай для арганізма чалавека і касманаўты ў такім стане могуць доўгі час жыць і працаваць, але павінны праходзіць курс рэабілітацыі пры вяртанні ў звычайныя гравітацыйныя ўмовы на паверхні Зямлі. Бязважкасць улічваецца пры стварэнні прыбораў і агрэгатаў касм. лятальных апаратаў. Напр., для вады і інш. вадкасцей выкарыстоўваюцца эластычныя пасудзіны і герметычныя кантэйнеры, якія папярэджваюць распырскванне; цыркуляцыя паветра забяспечваецца вентылятарамі і інш. Стан бязважкасці дае магчымасць праводзіць фізіка-тэхн. эксперыменты па вырошчванні паўправадніковых крышталёў, стварэнні звышправодных і магнітных матэрыялаў з аднародным размеркаваннем рэчыва па ўсім аб’ёме.

Літ.:

Левантовский В.И. Механика космического полета в элементарном изложении. 3 изд. М., 1980.

А.​І.​Болсун.

т. 3, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛАГО́ДСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ,

у Расійскай Федэрацыі. Утворана 23.9.1937. Пл. 145,7 тыс. км². Нас. 1362,4 тыс. чал. (1995), гарадскога 66%. Цэнтр — г. Волагда. Найб. гарады: Чарапавец, Сокал, Вял. Усцюг.

Прырода. Валагодская вобласць размешчана на ПнЗ Усх.-Еўрапейскай раўніны. Пераважаюць выш. 150—200 м. У зах. ч. вобласці ярка выяўлены марэнны рэльеф. На ПнЗ знаходзяцца Вепсаўскае (выш. да 304 м) і Андомскае ўзвышшы, Мягорская града, на ПдЗ — Андогская града (выш. да 299 м), у цэнтр. ч. — Валагодскае, Галіцкае, Верхняважскае ўзвышшы і шэраг град, на ПдУ — частка узв. Паўночныя Увалы. Карысныя выкапні: торф, флюсавыя вапнякі, даламіты, вогнетрывалыя гліны, кухонная соль. Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -14 °C, ліп. 18 °C. Ападкаў каля 500 мм за год. У Валагодскай вобласці больш за 2000 рэк, найб. — Сухона з прытокам Юг, Вага, Малога, Шэксна, Унжа. Азёр каля 4200, сярод іх Анежскае і Белае, Вожэ, Кубенскае, Рыбінскае і Шэкснінскае вадасховішчы. На Пн пашыраны падзолістыя, на Пд — дзярнова-падзолістыя глебы. Лясы займаюць каля ​2/3 тэрыторыі, пераважаюць хвойныя пароды. На тэр. вобласці частка Дарвінскага запаведніка.

Гаспадарка. Лен. галіны прам-сці: чорная металургія, машынабудаванне і металаапрацоўка (аўтацягнікі-цыстэрны, рачныя сухагрузныя цеплаходы, буксіры-штурхачы, суднавыя краны; абсталяванне для лясной, дрэваапр. і харч. прам-сці; станкі для апрацоўкі драўніны, рухавікі, падшыпнікі, электраапаратура, дэталі для с.-г. машын, рамонт буд. і дарожных машын і інш.), дрэваапр. (піламатэрыялы, зрубы, домікі садовыя, мэбля), цэлюлозна-папяровая, хім. (вытв-сць азотных угнаенняў, аміяку, салетры, лакаў і фарбаў), лёгкая (апрацоўка льновалакна, трыкат. і швейныя вырабы), рыбная і харч. (масласыраробная, кансервавая) прам-сць; вытв-сць буд. матэрыялаў (цэгла, жалезабетонныя канструкцыі). Вядучыя галіны сельскай гаспадаркі — малочная жывёлагадоўля і льнаводства. Развіты птушкагадоўля і свінагадоўля. Вырошчваюць збожжавыя (жыта, пшаніца, ячмень) і кармавыя культуры. Пасевы бульбы і агародніны. Шырока вядомы традыцыйныя маст. промыслы: пляценне карункаў (гл. Валагодскія карункі), чарненне па серабры, маст. ткацтва, разьба і пляценне з бяросты. Па тэр. вобласці праходзяць чыг. Масква—Архангельск і Санкт-Пецярбург—Перм, аўтадарога Санкт-Пецярбург—Чарапавец—Волагда—Яраслаўль. Суднаходства па Волга-Балтыйскім водным шляху, Паўн.-Дзвінскай сістэме, па Сухоне, Волагдзе, Паўн. Дзвіне. Захаваліся ансамблі Гледзенска-Троіцкага (засн. ў 12 ст.), Міхаіла-Архангельскага (засн. ў 1212) і Спаса-Праабражэнскага (засн. ў 1422) манастыроў. Курорт — г. Тоцьма.

П.​І.​Рогач.

т. 3, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРТАЛЁТ (устарэлая назва гелікаптэр),

лятальны апарат з верт. узлётам і пасадкай, у якога пад’ёмная сіла і цяга гарыз. палёту ствараюцца лопасцямі нясучых вінтоў. Мае фюзеляж, вінтавыя агрэгаты, рухавік, шасі, органы кіравання, навігацыйныя прылады. Рух нясучым вінтам верталёта надаюць поршневыя або турбавальныя (турбавінтавыя) рухавікі (праз сістэму мех. трансмісіі), часам — непасрэдна рэактыўныя рухавікі. Бываюць аднавінтавыя (з рулявым вінтом), двухвінтавыя (сувосевыя, з падоўжным і папярочным размяшчэннем нясучых вінтоў), многавінтавыя і рэактыўныя. Скорасць верталёта да 355 км/гадз і больш, выш. палёту да 12,5 км, далёкасць да 3400 км, грузападымальнасць да 40 т. Выкарыстоўваюцца для пасажырскіх і грузавых перавозак, буд.-мантажных, геолагаразведачных і с.-г. работ, мед. абслугоўвання, тушэння пажараў і інш. Ваен. верталёты падзяляюцца на баявыя (для агнявой падтрымкі войск, процілодачныя, процітанк., трансп.-дэсантныя), баявога забеспячэння (разведвальныя, сувязныя, пастаноўшчыкі мінных загарод, запраўшчыкі і інш.), дапаможнага прызначэння (верталёты-краны, санітарныя і інш.).

Ідэю верталёта распрацаваў Леанарда да Вінчы ў 15 ст. Першы палёт (на выш. да 2 м) ажыццявіў на верталёце француз П.​Карню ў 1907. У Расіі (Кіеў) першыя верталёты сканструяваў І.І.Сікорскі ў 1909, верталёт аднавінтавой схемы ўпершыню пабудаваў Б.​М.​Юр’еў у 1910—12, першы сав. серыйны верталёт — Мі-1 канструктара М.Л.Міля (1948). Вядучыя сав. канструктары: Міль, М.І.Камаў, А.С.Якаўлеў, І.​П.​Братухін. У 1950—90-я г. пабудаваны верталёты: трансп. двухматорны турбавінтавы Мі-6, верталёт вял. грузападымальнасці В-12 канструкцыі Міля (устанавіў шэраг сусв. рэкордаў), універсальны грузавы верталёт-кран з 2 газатурбіннымі рухавікамі Мі-10К (можа несці груз да 11 т), цяжкі трансп. верталёт для буд.-мантажных работ Мі-26 (падымае груз да 20 т), двухвінтавыя сувосевыя Ка-10, Ка-15, Ка-18, Ка-25, Ка-26, шматмэтавы з 2 газатурбіннымі рухавікамі Ка-32 (грузападымальнасцю 5 т), баявыя Ка-50 «Чорная акула» і мнагамэтавы, начны і ўсепагодны Ка-52 «Алігатар» (аб’ядноўвае якасці самалёта-штурмавіка і верталёта агнявой падтрымкі). Найбуйнейшыя вытворцы сучасных мадэляў грузавых, пасажырскіх і ваенных верталётаў — Расія і ЗША (у іх жа сканцэнтраваны вядучыя канструктарскія і навук.-тэхн. сілы па распрацоўцы верталётнай тэхнікі). Гл. таксама Авіяцыя, Верталётны спорт.

Літ.:

Вертолеты. Т. 1—2. М., 1966—67;

Изаксон А.М. Советское вертолетостроение. 2 изд. М., 1981.

Верталёты: В-12 (зверху) і баявы Ка-50.

т. 4, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЫГ ((Grieg) Эдвард Хагеруп) (15.6.1843, г. Берген, Нарвегія — 4.10.1907),

нарвежскі кампазітар, дырыжор, піяніст, муз. дзеяч; буйнейшы прадстаўнік нарв. кампазітарскай школы. Чл. Шведскай каралеўскай муз. акадэміі (1872), Франц. акадэміі прыгожых мастацтваў (1889), ганаровы д-р музыкі Кембрыджскага (1893) і Оксфардскага (1906) ун-таў. Вучыўся ў Лейпцыгскай кансерваторыі (1858—62, клас К.​Райнеке), а таксама ў Н.Гадэ і інш. Разам з кампазітарам Р.​Нурдракам, які паўплываў на станаўленне яго творчай індывідуальнасці, і інш. арганізаваў міжскандынаўскае муз. т-ва «Эўтэрпа» (1864, Капенгаген). З 1866 жыў у Крысціяніі (Осла), сябраваў з паэтам і драматургам Б.Б’ёрнсанам, паводле п’ес якога напісаў шэраг муз.-сцэн. твораў, у т. л. незакончаную оперу «Улаф Тругвасан», музыку да п’есы «Сігурд Крыжаносец», 1872; эскізы да оперы «Арнльут Геліне», да меладрамы для чытальніка і арк. «Бергліёт», шмат рамансаў і песень. У 1871 засн. канцэртнае Муз. т-ва (цяпер Філарманічнае т-ва). У 1880—90-я г. набыў сусв. славу як кампазітар, дырыжор, піяніст. У 1898 у Бергене арганізаваў 1-ы фестываль нарв. музыкі (праводзяцца і цяпер, з 1953 — штогоднія фестывалі яго музыкі). Яго творчасць глыбока нацыянальная, з рысамі ням. рамантызму. Майстар фп. («Лірычныя п’есы» і інш. цыклы) і камерна-вак. музыкі (каля 150 рамансаў і песень). Яркі індывід. стыль Грыга, тонкага каларыста, у многім блізкі да муз. імпрэсіянізму. Ён па-новаму трактаваў санатную форму (струнны квартэт, 3 санаты для скрыпкі і фп.; санаты для віяланчэлі і фп., для фп.), драматызаваў і сімфанізаваў форму варыяцый («Старанарвежскі раманс з варыяцыямі» для арк., «Балада» для фп. і інш.) і канцэрта (канцэрт для фп. з арк., 1868). У шэрагу твораў увасобіў вобразы нар. легенд і паданняў (2 арк. сюіты з муз. да драмы «Пер Гюнт» Г.​Ібсена, 1888, 1896; фп. п’есы «Шэсце гномаў», «Кобальд»). Апрацоўваў нарв. нар. мелодыі. Пад уздзеяннем фальклору склаліся характэрныя для Грыга стылістычныя прыёмы і асаблівасці гармоніі і рытмікі. Выступаў як муз. крытык (аўтабіягр. нарыс «Мой першы поспех», 1905; арт. «Моцарт і яго значэнне для сучаснасці», 1906, і інш.). Творчасць Грыга стала эпохай у развіцці нарв. мастацтва.

Тв.:

Рус. пер. — Избр. статьи и письма. М., 1966.

Літ.:

Кремлев Ю. Э.​Григ. М., 1958;

Левашева О. Э.​Григ. 2 изд. М., 1975;

Асафьев Б.В. Григ. 4 изд. Л., 1984;

Бенестад Ф., Шельдеруп-Эббе Д. Э.​Григ — человек и художник: Пер. с норв. М., 1986.

Э.Грыг.

т. 5, с. 473

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗО́ННАЯ ТЭО́РЫЯ крышталічных цвёрдых цел,

квантавая тэорыя спектра энергій электронаў крышталя. Паводле З.т. гэты спектр складаецца з зон дазволеных і забароненых энергій. З.т. тлумачыць шэраг уласцівасцей і з’яў у крышталях, у прыватнасці, розны характар іх электраправоднасці.

Аснова З.т. — аднаэлектроннае прыбліжэнне: скорасць руху атамных ядраў каля становішчаў раўнавагі многа меншая за скорасць электронаў; кожны электрон рухаецца ў трохмерна-перыядычным полі, якое ствараецца ядрамі і астатнімі электронамі. Зона праводнасці (с) і валентная зона (v) утвораны сукупнасцю атамных энергет. узроўняў, «расшчэпленых» у выніку аб’яднання свабодных атамаў у крышт. рашотку. Узроўні энергіі валентных электронаў (е) атама расшчапляюцца і зрушваюцца значна больш, чым узроўні ўнутраных электронаў (і). Шырыня забароненай зоны Eg (энергет. шчыліна паміж v- і с-зонамі) вызначаецца раўнаважнай адлегласцю паміж ядрамі (пастаяннай крышт. рашоткі d) У крышталі з N ідэнтычных атамаў кожны атамны ўзровень расшчапляецца на N узроўняў, якія ўтвараюць квазінеперарыўную дазволеную зону або яе частку. Электроны запаўняюць дазволеныя зоны энергій у адпаведнасці з Паўлі прынцыпам: на N узроўнях зоны можа знаходзіцца не больш за 2N электронаў. Уласцівасці крышталя залежаць ад колькасці электронаў у зоне праводнасці і/ці ад колькасці незапоўненых узроўняў (вакансій для электронаў) у валентнай зоне. Калі энергет. зона запоўнена электронамі часткова, то пад уздзеяннем знешняга эл. поля яны пераразмяркоўваюцца па ўзроўнях у зоне. Пры гэтым парушаецца сіметрыя размеркавання электронаў па скорасцях — узнікае эл. ток. Таму крышталь з часткова запоўненай c-зонай з’яўляецца правадніком электрычнасці — металам. Электроны ў поўнасцю запоўненай v-зоне з-за прынцыпу Паўлі не могуць пераразмяркоўвацца па ўзроўнях энергіі; крышталь з пустой с-зонай і поўнасцю запоўненай электронамі v-зонай — дыэлектрык. Калі цеплавая энергія дастатковая для пераводу часткі электронаў з v-зоны ў c-зону, то электраправоднасць крышталя расце пры награванні; такі крышталь — паўправаднік. Пры слаба перакрытых с- і v-зонах крышталь з’яўляецца паўметалам (напр., вісмут), а пры змыканні гэтых зон (Eg=0) — бясшчылінным паўправадніком (напр., шэрае волава). З.т. — набліжэнне да рашэння фундаментальнай задачы: вывесці ўласцівасці крышталя з уласцівасцей атамаў, з якіх ён складаецца.

Літ.:

Харрисон У.А. Электронная структура и свойства твердых тел: Физика химической связи: Пер. с англ. Т. 1—2. М., 1983;

Анималу А. Квантовая теория кристаллических твердых тел: Пер. с англ. М., 1981.

М.​А.​Паклонскі.

Да арт. Зонная тэорыя.

т. 7, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЛІНО́ЎСКІ (Кастусь) (Вікенцій Канстанцін Сямёнавіч; 2.2.1838, в. Мастаўляны Беластоцкага ваяв., Польшча — 22.3.1864),

лідэр бел. нац. вызв. руху; адзін з кіраўнікоў паўстання 1863—64. Скончыў Свіслацкае павятовае вучылішча (1852), Пецярбургскі ун-т (1860). У Пецярбургу член рэв. гуртка З.Серакоўскага. У пач. 1861 вярнуўся ў Беларусь з мэтай падрыхтоўкі ўзбр. паўстання. У 1861—62 стварыў у Гродне і Гродзенскай губ. шэраг нелегальных рэв. арг-цый, каардынаваў сваю дзейнасць рэв. сіламі Польшчы. Адзін са стваральнікаў восенню 1861 Камітэта руху — арганізац. цэнтра «чырвоных» па падрыхтоўцы паўстання. З кастр. 1862 старшыня Літоўскага правінцыяльнага камітэта. 1.2.1863 узначаліў Часовы правінцыяльны ўрад Літвы і Беларусі. У сак. 1863 адхілены «белымі» ад кіраўніцтва і накіраваны на пасаду рэв. камісара Гродзенскага ваяв. Са жн. 1863 зноў на чале ўзбр. барацьбы ў Літве і Беларусі, старшыня Выканаўчага аддзела Літвы. У лют. 1864 арыштаваны, паводле рашэння ваенна-палявога суда павешаны на Лукішскай пл. ў Вільні. Выканаўчы аддзел Літвы ў час старшынства К. наз. ўрадам («Літоўска-беларускі чырвоны жонд»), а самога К. — «дыктатарам паўстання». Ён адзін з выдаўцоў, аўтар і рэдактар газеты для сялян на бел. мове «Мужыцкая праўда»; пісаў пад псеўд. «Яська-гаспадар з-пад Вільні». У 1863—64 ім выдаваліся таксама газеты «Choragiew swobody» («Сцяг свабоды»), «Głos z Litwy» («Голас з Літвы»), на старонках якіх праводзіліся ідэі сац. і нац. свабоды, неабходнасці аб’яднання бел. і літ. зямель у суверэнную дзяржаву. Выступаў у абарону уніяцтва, супраць прымусовага пераводу бел. сялян у праваслаўе. З публіцыст. дзейнасцю К. звязана развіццё ў Беларусі рэв. дэмакратызму. Садзейнічаў станаўленню бел. літаратурнай мовы. Этапнай з’явай у гісторыі бел. л-ры сталі яго публіцыстыка («Лісты з-пад шыбеніцы») і вершы («Марыська, чарнаброва галубка мая», прысвечаны нарачонай Марыі Ямант, і «Калі за нашу праўду Бог нас стаў караці» — развітанне з бел. народам). К. пераклаў на бел. мову з польскай рэв. песні (мазурка Дамброўскага «Яшчэ Польшча не загінула» і інш.). Вобраз К. шырока адлюстраваны ў розных відах мастацтва. У г.п. Свіслач яму пастаўлены помнік.

Тв.:

У кн.: Беларуская літаратура XIX ст.: Хрэстаматыя. 2 выд. Мн., 1988;

К.​Калиновский: Из печатного и рукописного наследия. Мн., 1988.

Літ.:

Шалькевич В.Ф. Кастусь Калиновский: Страницы биогр. Мн., 1988.

В.​Ф.​Шалькевіч.

К.Каліноўскі. 1863.
Да арт. К.Каліноўскі. Трыпціх: «Мужыцкая праўда. Яська-гаспадар з-пад Вільні. Касінеры». Мастак Ф.​Янушкевіч. 1978.

т. 7, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАМУНІСТЫ́ЧНАЯ ПА́РТЫЯ КІТА́Я (КПК),

палітычная партыя левага кірунку ў Кітаі, найбуйнейшая ў свеце. Засн. ў ліп. 1921 на 1-м устаноўчым з’ездзе ў Шанхаі пры садзеянні Камуністычнага Інтэрнацыянала ва ўмовах уздыму нац.-рэв. руху і пашырэння ідэй марксізму-ленінізму ў Кітаі. Склалася на аснове марксісцкіх гурткоў Пекіна, Шанхая, Гуанчжоў і інш. (60 чал.) і эмігранцкай групы з Токіо. Заснавальнікі — Лі Дачжао, Мао Цзэдун і інш. 1-ы з’езд абвясціў канчатковай мэтай партыі пабудову ў Кітаі сацыялізму. 2-і з’езд (1922) вызначыў найбліжэйшай задачай партыі ажыццявіць дэмакр. рэвалюцыю. У 1923—27 супрацоўнічала з партыяй Гаміньдан, удзельнічала ў рэвалюцыі 1925—27. Пасля захопу ўлады Чан Кайшы і інш. правымі лідэрамі Гаміньдана (крас.—ліп. 1927) КПК, якой з 1935 кіраваў Мао Цзэдун, абапіраючыся на свае ўзбр. сілы (Чырв. армію, з 1946 Нар.-вызв. армію Кітая), вяла вайну з гаміньданаўскім рэжымам і адначасова ў 1937—45 сумесную з Гаміньданам вайну супраць яп. войск, якія акупіравалі ч. краіны. У выніку перамогі над Гаміньданам у грамадз. вайне 1946—49 прыйшла да ўлады (1949) і стала кіруючай партыяй. З сярэдзіны 1950-х г. у КПК сапернічалі радыкальная (лідэр Мао Цзэдун) і прагматычная (лідэр Дэн Сяапін) фракцыі, выявіліся рознагалоссі з КПСС. Мао Цзэдун ініцыіраваў у 1958 «вял. скачок», у 1966 — «культ. рэвалюцыю», якія прывялі краіну да стану цяжкага крызісу. Пасля яго смерці (1976) у кіраўніцтва КПК прыйшлі прагматыкі на чале з Дэн Сяапінам, якія правялі шэраг рэформ, скіраваных на рынкавыя пераўтварэнні ў эканоміцы краіны. Пасля распаду сусв. сацыяліст. сістэмы (канец 1980-х — пач. 1990-х г.) КПК не адмовілася ад манаполіі на паліт. ўладу, але абмежавала свой удзел у кіраванні эканомікай. Яна працягвае прытрымлівацца асн. ідэй марксізму-ленінізму і Мао Цзэдуна (гл. Мааізм). Налічвае больш за 58 млн. чл. (1997). Вышэйшы орган — з’езд (15-ы з’езд адбыўся ў вер. 1997), паміж з’ездамі партыяй кіруюць ЦК, яго Палітбюро, Пастаянны к-т, Сакратарыят, Цэнтр. камісія па праверцы дысцыпліны і Ваен. савет ЦК. Ген. сакратар ЦК з чэрв. 1989 Цзян Цзэмінь. Друкаваныя органы ЦК — газ. «Жэньмінь жыбао» («Народная газета») і час. «Хунцы» («Чырвоны сцяг»), Разам з дэмакр. партыямі і грамадскімі арг-цыямі КПК утварае Нар. паліт. кансультатыўны савет Кітая.

т. 7, с. 547

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАСМАЛО́ГІЯ (ад космас + ...логія),

вучэнне пра Сусвет як адзінае цэлае і пра ўсю ахопленую назіраннямі вобласць свету як яго частку. Вывучае пытанні размеркавання і руху матэрыі ў прасторы, развіцця фіз. карціны Сусвету, геам. ўласцівасці прасторы-часу; яе развіццё звязана са стварэннем агульнай тэорыі адноснасці (1915; гл. Адноснасці тэорыя). Развівалася як раздзел астраноміі, сучасная К. выкарыстоўвае законы фізікі, астрафізікі, а таксама агульныя палажэнні філасофіі.

Грунтуецца на аднародных і ізатропных мадэлях, прапанаваных А.Фрыдманам (1922, 1924), у якіх выкарыстоўваецца дапушчэнне: у Сусвеце няма якіх-н. вылучаных пунктаў і напрамкаў. Асноўны вывад тэорыі Фрыдмана: Сусвет не застаецца нязменным у часе, ён расшыраецца або сціскаецца. Чырвонае зрушэнне ў спектрах далёкіх галактык сведчыць пра расшырэнне Сусвету (амер. астраном Э.​Хабл, 1929). З улікам назіральных даных працягласць касмалагічнага расшырэння 10—20 млрд. гадоў. Адкрыццё рэліктавага цеплавога выпрамянення з абс. т-рай 2,7 К (1965) пацвярджае «гарачую» мадэль Сусвету, паводле якой у пачатку касмалагічнага расшырэння шчыльнасць энергіі (масы) і т-ра мелі экстрэмальна вял. значэнні. Геам. ўласцівасці прасторы залежаць ад сярэдняй шчыльнасці масы р: у залежнасці ад таго ρ > ρk ці ρ < ρk дзе ρk~ 10​−28 кг/м³ — крытычная шчыльнасць, трохмерная прастора мае дадатную ці адмоўную крывізну, а яе аб’ём канечны («закрытая» мадэль) ці бесканечны («адкрытая» мадэль); пры ρ=ρk — плоская мадэль. Характар эвалюцыі залежыць ад тыпу мадэлі. Паводле існуючых ацэнак ρ~ρχ. К. вывучае фіз. працэсы на розных этапах касмалагічнага расшырэння. Тэарэтычна растлумачана ўтварэнне хім. элементаў, а таксама ўзнікненне буйнамаштабнай структуры (галактык) у Сусвеце. На аснове выкарыстання адзіных мадэлей у фізіцы элементарных часціц для апісання працэсаў у першыя імгненні касмалагічнага расшырэння прапанаваны інфляцыйны касмалагічны сцэнарый, які дае магчымасць растлумачыць шэраг праблем (аднароднасць, ізатрапію Сусвету і інш.). Адна з важнейшых праблем — праблема касмалагічнай сінгулярнасці — чакае свайго вырашэння. Нягледзячы на паспяховае развіццё тэорыі «ранняга» Сусвету, стварэнне канчатковага касмалагічнага сцэнарыя — справа будучага.

Літ.:

Зельдович Я.Б., Новиков И.Д. Строение и эволюция Вселенной. М., 1975;

Вайнберг С. Первые три минуты: Современный взгляд на происхождение Вселенной: Пер. с англ. М., 1981;

Линде А.Д. Физика элементарных частиц и инфляционная космология. М., 1990;

Minkevich A.V. Problem of cosmological singularity and gauge theories of gravitation // Acta Physica. Polonica B. 1998. Vol. 29, № 4.

А.​В.​Мінкевіч.

т. 8, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КІРАВАГРА́ДСКАЯ ВО́БЛАСЦЬ.

Размешчана ў цэнтр. ч. Украіны, у міжрэччы Дняпра і Паўд. Буга. Утворана 10.1.1939. Пл. 24,6 тыс. км². Нас. 1224,8 тыс. чал. (1996), гарадскога 59%. Цэнтр — г. Кіраваград. Найб. гарады: Александрыя, Светлаводск, Знаменка.

Прырода. К.в. займае паўд. ч. Прыдняпроўскага ўзвышша. Пераважаюць вышыні 150—200 м, найб. — 269 м. Паверхня хвалістая, парэзаная рачнымі далінамі і ярамі. Карысныя выкапні: буры вугаль, нікелевыя і жал. руды, торф, графіт, гаручыя сланцы, буд. матэрыялы (граніт, лабрадарыт, кварцыт, мергель). Клімат умерана кантынентальны. Сярэдняя т-ра студз. -5 °C, ліп. 20 °C. Ападкаў 420—470 мм за год. Гал. рэкі: Дняпро (з прытокам Інгулец) і Паўд. Буг (з прытокамі Інгул і Сінюха). У межах вобласці часткі Крамянчугскага і Днепрадзяржынскага вадасховішчаў. Глебы чарназёмныя, на ПнЗ чаргуюцца з участкамі шэрых і цёмна-шэрых ападзоленых лясных глеб. Стэпы ўзараныя. Пад лесам (дуб, граб, ясень, клён) і хмызнякамі каля 150 тыс. га.

Гаспадарка. Вядучыя галіны прам-сці: машынабудаванне і металаапрацоўка, каляровая металургія, паліўная, харчовая. Машынабудаванне і металаапрацоўка спецыялізуюцца на вытв-сці с.-г. агрэгатаў, пад’ёмна-трансп. абсталявання, дызельных рухавікоў, радыёпрылад, пішучых машынак. Каляровая металургія прадстаўлена Пабугскім нікелевым з-дам і Светлаводскімі з-дамі чыстых металаў і цвёрдых сплаваў. Здабыча і брыкетаванне бурага вугалю (Дняпроўскі вугальны басейн). На яго базе працуе хім. прам-сць (з-д горнага воску). Здабываюць жал. руду, графіт, граніт, лабрадарыт. Вытв-сць электраэнергіі на Крамянчугскай ГЭС, шэрагу ЦЭС і невял. ГЭС. Развіта харч. прам-сць, пераважна цукровая. Ёсць прадпрыемствы маслатлушчавай, мясной, малочнай, сыраварнай, мукамольнай, кандытарскай, спіртавой прам-сці. Шэраг камбікормавых з-даў, Лёгкая прам-сць (швейная, трыкат., абутковая, гарбарная). Прадпрыемствы дрэваапр. прам-сці (у т. л. мэблевай). Вытв-сць буд. матэрыялаў (з-ды шчэбеневы, цагельны, жалезабетонных вырабаў). Пад с.-г. ўгоддзямі каля 2050 тыс. га, у т. л. пасяўная пл. займае каля 1700 тыс. га. Вырошчваюць збожжавыя (пшаніца, кукуруза, ячмень), тэхн. культуры (цукр. буракі, сланечнік, соя, каляндра), бульбу, агародніну. Масівы арашальных зямель. Садоўніцтва. Мяса-малочная жывёлагадоўля, свіна- і авечкагадоўля. Пчалярства. Сажалкавая рыбагадоўля. Гал. чыгункі: Кіеў—Днепрапятроўск, Масква—Адэса, Кіеў—Мікалаеў; аўтадарогі: Кіеў—Адэса, Кіраваград—Мікалаеў, Кіеў—Днепрапятроўск, Харкаў—Адэса. Суднаходства па р. Дняпро. Аэрапорт у г. Кіраваград.

Л.​В.​Лоўчая.

т. 8, с. 275

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯСКО́Ў (Мікалай Сямёнавіч) (16.2. 1831, с. Гарохава Арлоўскай вобл., Расія — 5.3.1895),

рускі пісьменнік. Друкаваўся з 1860. У ранніх апавяданнях і аповесцях («Жыціе адной бабы», 1863; «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета», 1865; «Ваяўніца», 1866 і інш.) шырока паказаў жыццё рус. народа, лёс жанчыны. Антынігілістычныя раманы, напісаныя на бел. тэматыку: «Няма куды» (1864, эпізоды паўстання 1863—64 у Белавежы) і «На нажах» (1870—71). У рамане-хроніцы «Сабаране» (1872), аповесці «Зачараваны вандроўнік» (1873), апавяданнях «Паўлін», «Аднадум» і інш. стварыў галерэю тыпаў праведнікаў. Цяжкі лёс мастака з народу ў цэнтры аповесцей «Увасоблены анёл» (1873), «Тупейны мастак» (1883), «Чортавы лялькі» (1890). Вытрыманы ў гратэскавай манеры сказ «Ляўша» (1881) — услаўленне кемлівасці і прыроднага таленту рус. чалавека. У жанры вострай сац. сатыры напісана аповесць «Заечы рэміз» (1891—94, апубл. 1917) і інш. Аўтар п’есы «Марнатравец» (1867), легенд на тэмы жыцця першахрысціян, літ.-крытычных і публіцыстычных артыкулаў, артыкулаў пра мастацтва, успамінаў і інш. Творчасці Л. ўласцівы жанравае і вобразнае багацце, непаўторная сказавая манера. Паводле аповесці «Лэдзі Макбет Мцэнскага павета» Дз.​Шастаковіч стварыў аднайм. оперу (1934; адноўлена ў 1962 пад назвай «Кацярына Ізмайлава»; пастаўлена Нац. т-рам оперы Беларусі, 1994). У вер. 1862 прыязджаў у Вільню; зблізіўся з В.​Каратынскім, падарожнічаў з ім па Беларусі, наведаў Гродна, Пінск, Пружаны, Белавежскую пушчу, прысвяціў яму аповесць «Жыціе адной бабы». Уражанні ад паездкі па Беларусі выкарыстаў у серыі карэспандэнцый «З аднаго дарожнага дзённіка» (час. «Северная пчела», 1862). Шэраг твораў Л. экранізаваны. Асобныя творы Л. на бел. мову пераклалі І.​Сакалоўскі, М.​Сеўрук.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—12. М., 1989;

Собр. соч. Т. 1—6. М., 1993;

О любви: Повести. М., 1993;

Бел. пер. — Тупейны мастак. Мн., 1937;

Чалавек на варце. Мн., 1947.

Літ.:

Лесков А.Н. Жизнь Николая Лескова. Т. 1—2. М., 1984;

Аннинский Л. Лесковское ожерелье. 2 изд. М., 1986;

Горелов А.А. Н.​С.​Лесков и народная культура. Л., 1988;

Лесков и русская литература. М., 1988;

Творчество Н.​С.​Лескова. Курск, 1988;

Гапава В. Вінцэсь Каратынскі і М.​С.​Ляскоў // ЛіМ. 1970. 30 студз.;

Клейн Б. В годину смятения: Бел. поездка Н.​Лескова // Неман. 1979. № 2.

У.​І.​Мархель.

М.С.Ляскоў.

т. 9, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)