расійскія дваранскія рэвалюцыянеры, якія ў снеж. 1825 узнялі паўстанне супраць самадзяржаўя і прыгону. У 1816 А.М.Мураўёў, С.П.Трубяцкой, І.Дз.Якушкін, С.І., М.І.Мураўёвы-Апосталы і М.М.Мураўёў заснавалі першае ў Расіі рэв. тайнае т-ва «Саюз выратавання». Пазней у яго ўвайшоў П.І.Песцель. Пошукі тактыкі дзеянняў і рознагалоссі па праграмных пытаннях прывялі да ліквідацыі т-ва і заснавання ў 1818 новай арг-цыі — «Саюза дабрабыту». У 1820 кіруючы орган т-ва найлепшай формай праўлення прызнаў рэспубліку, а асн. сілай перавароту — армію. Ідэйная барацьба ўнутры т-ва і неабходнасць адсеву ненадзейных членаў прывялі ў 1821 да расколу «Саюза дабрабыту» і стварэння арг-цый — «Паўднёвага таварыства» і «Паўночнага таварыства».
«Паўднёвае таварыства» ўзнікла на Украіне, у г. Тульчын, дзе размяшчаўся штаб 2-й арміі. Кіраўнік арг-цыі Песцель распрацаваў прынцыпы грамадскага і дзярж. ладу краіны ў праграмным дакуменце «Руская праўда». дае прадугледжваліся ліквідацыя прыгону, надзяленне сялян зямлёю, частковае захаванне памешчыцкага землеўладання, абвяшчэнне Расіі рэспублікай, ліквідацыя саслоўяў, гарантыя грамадз. свабод: слова, друку, сходаў і інш. Паводле «Рускай праўды», усёй паўнатой заканад. улады ў краіне надзялялася аднапалатнае Нар. веча, выканаўчая ўлада даручалася Дзярж. думе. У 1825 у склад «Паўднёвага таварыства» ўвайшло «Таварыства з’яднаных славян», члены якога ставілі задачу аб’яднаць усе слав. землі ў дэмакр. федэрацыю. «Паўночнае таварыства» з цэнтрам у Пецярбургу ўзначаліў М.М.Мураўёў. Распрацаваны ім праект канстытуцыі больш памяркоўны, чым «Руская праўда», прадугледжваў ліквідацыю прыгону і саслоўяў, роўнасць усіх перад законам, прызнанне зямлі памешчыцкай уласнасцю і надзяленне сялян толькі сядзібнай зямлёй. Будучая Расія павінна была стаць канстытуцыйнай манархіяй. Заканад. ўладу меркавалася даць двухпалатнаму Нар. вечу, а выканаўчую — імператару. Раптоўную смерць Аляксандра I у ліст. 1825 Дз. вырашылі выкарыстаць для ўзбр. выступлення і прызначылі яго на 14(26) снеж. 1825 — дзень прысягі новаму імператару Мікалаю I. Меркавалася прывесці на Сенацкую плошчу Пецярбурга войскі, якія спачувалі Дз., сарваць прысягу, прымусіць сенатараў падпісаць рэв. маніфест да рус. народа. Раніцай 14 снеж. першым прыйшоў на Сенацкую плошчу лейб-гвардыі Маскоўскі полк пад камандаваннем братоў А.А. і М.А.Бястужавых. Пазней да яго далучыліся лейб-гвардыі Грэнадзёрскі полк і гвардз. марскі экіпаж. Усяго прыйшло каля 3 тыс. салдат і 30 афіцэраў. На плошчы сабралася шмат простага народу. Мікалай I сабраў верныя яму войскі і, выкарыстаўшы абарончую тактыку паўстанцаў, загадаў страляць карцеччу. Паўстанне ў Пецярбургу было задушана.
29.12.1825 (10.1.1826) члены «Паўднёвага таварыства» ўзнялі паўстанне ў Чарнігаўскім палку на чале з С.Л.Мураўёвым-Апосталам і М.П.Бястужавым-Руміным (Песцеля на той час арыштавалі). Паўстанцы захапілі г. Васількоў, але 3(15). 1.1826 былі разбіты ўрадавымі войскамі.
Рух Дз. быў пашыраны і ў Беларусі. Капітан К.Г.Ігельстром, А.Л.Вягелін і шляхціц М.І.Рукевіч заснавалі ў 1825 т-ва«Ваенныя сябры», у склад якога ўвайшлі афіцэры і салдаты Літоўскага асобнага корпуса, моладзь навуч. устаноў Гродзенскай губ. і Беластоцкай вобл., шляхта. Члены т-ва здзейснілі Літоўскага піянернага батальёна выступленне 1825. У лют. 1826 узняць паўстанне ў Палтаўскім палку Бабруйскага гарнізона спрабаваў прапаршчык С.Трусаў, чл. «Таварыства з’яднаных славян», аднак тут жа быў арыштаваны. Царскі ўрад бязлітасна расправіўся з Дз.: 5 кіраўнікоў паўстання — Песцеля. С.І.Мураўёва-Апостала, Бястужава-Руміна, Рылеева, Кахоўскага — павесілі; 121 актыўнага ўдзельніка руху саслалі ў Сібір на катаргу і пасяленне, многіх афіцэраў і салдат саслалі на Каўказ, дзе ў той час вяліся ваен. дзеянні. Некат. Дз. адбывалі пакаранне ў Бабруйскай крэпасці. У Віцебску, Гродне, Магілёве, Мінску на будынках, звязаных з імёнамі Дз., устаноўлены мемар. дошкі. У Магілёве створаны музей Дз.
Кр.: Восстание декабристов: [Материалы и док.]. Т. 1—12. М.; Л., 1925—69.
Літ.:
Нечкина М.В. Движение декабристов. Т 1—2. М., 1955;
Букчин С. К мечам рванулись наши руки. 2 изд. Мн.. 1985;
Декабристы: Биогр. справ. М., 1988;
Бутов С.Е. «Заслуга невознаградимая...»: (Очерки о моряках-декабристах). М., 1995.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕ́ДЫЯ (лац. comoedia, грэч. komōdia ад kōmos вясёлая працэсія + oidē песня),
адзін з жанраў драмы, у якім характары, дзеянні, з’явы паказваюцца праз прызму камічнага. Як твор «нізкага» жанру проціпастаўлялася «высокаму» жанру — трагедыі. Мае разнавіднасці: сатыр., лір., сац.-бытавая, памфлет, вадэвіль, інтэрмедыя, жарт, фарс, буфанада, скетч. Выкарыстоўвае маст. сродкі выразнасці (гратэск, алагізм, пародыю, іронію, гумар, сарказм і інш.), высмейвае негатыўныя з’явы сац. жыцця, заганы чалавечых характараў, сцвярджае станоўчы ідэал, носьбітам якога можа быць персаніфікаваная асоба або смех.
Зарадзілася ў Стараж. Грэцыі. «Бацькам» К. лічаць Арыстафана.У Стараж. Рыме вылучаліся камедыёграфы Ц.М.Плаўт і П.Тэрэнцый (3—2 ст. да н.э.). У сярэднія вякі К. развівалася ў больш прымітыўных формах фарса, інтэрлюдыі і інш. Росквіту дасягнула ў эпоху Адраджэння ў творчасці Лопэ дэ Вэгі, П.Кальдэрона (Іспанія), У.Шэкспіра (Англія), Н.Макіявелі (Італія), Мальера (Францыя). Вял. ўплыў на зах.-еўрап. К. зрабіла італьян.камедыя дэль артэ. У 18 ст. значны ўклад у развіццё жанру зрабілі П.Бамаршэ (Францыя), Г.Лесінг (Германія), Г.Філдынг і Р.Шэрыдан (Англія), К.Гальдоні і К.Гоцы (Італія), Дз.Фанвізін, І.Крылоў (Расія). Высокіх узораў, сац. глыбіні і маштабнасці дасягнула рус. К. ў 19 ст. (А.Грыбаедаў, М.Гогаль, А.Астроўскі, А.Сухачо-Кабылін, Л.Талстой, М.Салтыкоў-Шчадрын). У канцы 19 — пач. 20 ст. вылучыліся «К. ідэй» Б.Шоу, «К. настрояў» А.Чэхава, адметныя павышаным псіхалагізмам, шматграннасцю раскрыцця характараў. Стылёвымі пошукамі адзначаны творы Б.Брэхта, І.Л.Караджале, А.Фрэдра, Б.Нушыча, К.Чапека, Л.Пірамдэла, Э. Дэ Філіпа, Ж.Ануя, Э.Іанеска. Папулярнасцю карыстаюцца камедыйныя творы У.Маякоўскага, М.Булгакава, М.Пагодзіна, А.Карнейчука, В.Розава і інш.
На Беларусі К. развіваецца з глыбокай старажытнасці. Яе элементы праяўляліся ў нар. рытуалах, гульнях, святах, тэатралізаваных паказах, у батлейцы. У кананічныя тэксты школьнага тэатра, народнай драмы як інтэрмедыі ўключаліся камедыйныя сцэнкі, якія давалі магчымасць нар. творцам іранізаваць над чалавечымі недахопамі, сатырай і смехам кляйміць прыгнятальнікаў. Нар. камедыйныя сцэнкі карысталіся поспехам ў гледачоў, спрыялі дэмакратызацыі сцэнічнага мастацтва. К. фальклорнага т-ра дасягнула ідэйна-маст. вышынь і паўплывала на бел.прафес. драматургію («Камедыя» К.Марашэўскага). На высокі прафес. ўзровень жанр К. ўзнялі творы В.Дуніна-Марцінкевіча «Пінская шляхта» і «Залёты» (2-я пал. 19 ст.), у якіх яркі, спецыяльна падкрэслены камізм становішчаў і сітуацый спалучаўся з сац. зместам. У пач. 20 ст. гэту традыцыю прадоўжыў К.Каганец (п’еса «Модны шляхцюк»). Класічным узорам бел. К. стала «Паўлінка» Я.Купалы, а таксама яго вадэвіль «Прымакі», п’еса «Тутэйшыя». У жанры К. шмат і плённа працаваў У.Галубок, пераважна як стваральнік п’ес сац.-бытавога характару, востраканфліктных («Суд», «Пісаравы імяніны», «Пінская мадонна», «Ветрагоны»), Нар. лубачнасцю, камедыйнай падкрэсленасцю сітуацый вызначаюцца драм. творы «Мікітаў лапаць» М.Чарота, «Збянтэжаны Саўка», «Конскі партрэт» і «Пасланец» Л.Родзевіча. У 1920-я г. значнае развіццё атрымала сатыр. К. («Кар’ера таварыша Брызгаліна» Е.Міровіча). Камедыйным майстэрствам, дынамізмам інтрыгі, завершанасцю сюжэта, псіхал. глыбінёй характараў вызначаюцца сатыр. творы «Хто смяецца апошнім» і «Мілы чалавек» К.Крапівы. Шырокім выкарыстаннем фалькл. матываў пазначана К. «Несцерка» В.Вольскага. Каларытнасць характараў, актуальнасць праблематыкі, непрымірымасць да любых праяў амаральнасці, гуманіст. страснасць уласцівыя камедыйным творам А.Макаёнка («Выбачайце, калі ласка!» «Лявоніха на арбіце», «Зацюканы апостал», «Трыбунал» і інш.). У 1970-я — пач. 1980-х г. важкім укладам у развіццё нац. камедыяграфіі сталі п’есы «Брама неўміручасці» К.Крапівы, «Амністыя» М.Матукоўскага, «Адкуль грэх?», «Злыдзень», «Укралі кодэкс» А.Петрашкевіча, у якіх шырокая палітра ўласнакамедыйных, вадэвільных і сатырычных фарбаў. Атрымала развіццё аднаактовая К. (А.Махнач, А.Рылько, В.Зуб, У.Няфёд, Н.Гілевіч, Г.Марчук і інш.).
Літ.:
Сахновский-Панкеев В.А. О комедии. Л.;
М., 1964;
Штейн А.Л. Философия комедии // Контекст, 1980. М., 1981;
Саннікаў АК. Сатырычныя характары беларускіх камедый. Мн., 1961;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМЕ́ННЫ ВЕК,
найбольш ранні перыяд у гісторыі чалавецтва, калі прылады рабілі з каменю, дрэва, косці і рогу. Пачаўся 3—2,5 млн.г. назад у Афрыцы і закончыўся ў Еўропе 2,5—1,8 тыс.г. да н.э. Адрозніваюць старажытны К.в. — палеаліт, сярэдні — мезаліт і новы — неаліт. Палеаліт працягваўся больш за 2 млн. гадоў. Традыц. перыядызацыя палеаліту на ніжні (ранні), сярэдні і верхні (позні) у апошнія дзесяцігоддзі значна змянілася. У раннім палеаліце вылучаюць алдувайскую (2,6 млн. — 700 тыс.г. назад) і ашэльскую (гл.Ашэль, 700 тыс. — 100 тыс.г. назад) эпохі. Ашэльскую ў сваю чаргу падзяляюць на стараж., сярэднюю і познюю. У ніжнім палеаліце найстаражытнейшыя людзі — архантрапы (пітэкантрапы, сінантрапы, гейдэльбергскі чалавек і інш.) карысталіся грубааббітымі галечнымі прыладамі (чоперамі і чопінгамі), займаліся збіральніцтвам і паляваннем. Да сярэдняга палеаліту адносіцца эпоха мусцье (70—35 тыс.г. назад), якая з’яўляецца заключным этапам фарміравання чалавека — палеаантрапа (стараж. чалавек), неандэртальца. Гэтыя людзі ўжо ўмелі будаваць прымітыўнае жыллё, здабываць агонь, вырабляць да 60 тыпаў прылад працы, займаліся паляваннем, выкарыстоўвалі скуры жывёл, каб засцерагчыся ад холаду. Позні палеаліт пачаўся 40—35 тыс.г. назад. Да яго пачатку сфарміраваўся чалавек сучаснага віду — краманьёнец. У гэты час паступова ўдасканальвалася апрацоўка крэменю, значна пашырыўся асартымент прылад працы (да 100 тыпаў), пачалі шырока ўжывацца вырабы з косці, удасканалілася паляўнічая зброя, адбыліся змены ў фарміраванні радавога ладу, значна павялічылася колькасць насельніцтва, акрамя вял. калектыўных з’явіліся жытлы малых памераў для парных сем’яў. Узніклі прымітыўныя рэлігійныя ўяўленні, рытуал пахавання, развівалася першабытнае мастацтва. Заключная фаза палеаліту прыпадае на канец ледавіковай эпохі (14—11 тыс.г. назад), т.зв. фінальны палеаліт. У гэты час у Еўропе ад Ютландыі да вярхоўяў Дняпра распаўсюдзіліся супольнасці паляўнічых, асновай існавання якіх было паляванне пераважна на паўн. аленя. Пераходны перыяд ад палеаліту да неаліту — мезаліт — у залежнасці ад кліматычных зон працягваўся з 11 тыс.г. да 7 тыс.г. назад. Крамянёвая індустрыя мезаліту адметная наяўнасцю мікралітаў і прылад працы на пласцінах, з’яўляюцца і масіўныя прылады — макраліты. Людзі сталі асвойваць паўн. прасторы, што вызваляліся ад ледавіка. Значную ролю ў жыцці чалавека пачало адыгрываць рыбалоўства, павялічылася колькасць стаянак на берагах рэк. У мезаліце шырока выкарыстоўваліся лук і стрэлы, быў прыручаны сабака, склалася племянная арганізацыя. З 8-га тыс. да н.э. пачынаецца неаліт, спачатку на Блізкім Усходзе, потым у Індакітаі, а з 6-га тыс. да н.э. — у Еўропе. Людзі пачалі займацца земляробствам, вырабляць ляпны посуд, прыручаць буйную рагатую жывёлу, свіней і інш., карыстацца драўлянымі чаўнамі, удасканалілі вытворчасць каменных прылад. У гэты час узніклі прадзенне і ткацтва, больш разнастайнымі сталі вопратка чалавека і ўпрыгожанні, развіваліся шмат якія галіны першабытнага мастацтва (арнаментаванне, аздабленне, гравіроўка на косці, рогу і абпаленай гліне, аб’ёмная скульптура), з’явіліся музычныя інструменты. Пачаўся пераход да вытв. гаспадаркі і аселасці. Мацярынска-радавы лад дасягнуў свайго апагею.
На Беларусі стаянкі чалавека ўпершыню з’явіліся ў познім палеаліце (Бердыж і Юравічы). Мезаліт тут пачаўся ў 9-м тыс. да н.э. У гэты час у асноўным заселена ўся тэр. сучаснай Беларусі. Фарміраваліся грэнская культура (Грэнск, Дальняе Ляда), днепра-дзяснінская культура (Берагавая Слабада, Краснаўка, Міхайлаўка), сожская культура (Журавель, Горкі Чэрыкаўскага р-на), свідэрская культура (Бабровічы, Опаль, Нобель, Заазер’е), Кунда культура (Замошша, Крумплева), яніславіцкая культура (Беліца-2, Нясілавічы-1), кудлаеўская культура (Азярное-1), помнікі нарачанскага тыпу (Стугалапы, Кусеўшчына). У неаліце (5—2-е тыс. да н.э.) тэр. Беларусі засялялі плямёны днепраданецкай культуры (Юравічы-3—6, Пхоў, Слабодка), верхнедняпроўскай культуры (Лоша-1,2, Цітаў Бугор), нарвенскай культуры (Асавец-2,4; Зацэнне, Сосенка), нёманскай культуры (Добры Бор, Лысая Гара, Русакова-2, Камень-2), тыповай грабеньчата-ямкавай керамікі культуры (Скема-1,2), шарападобных амфар культуры (Краснасельскі, Малыя Ёдкавічы), культуры помнікаў тыпу Бабінавічаў (Бабінавічы-2, Лаўкі, Мяжа-1).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЕ́ХІКА (México, Méjico),
горад, сталіца Мексікі. Знаходзіцца ў паўд.ч. Мексіканскага нагор’я, у міжгорнай катлавіне, на выш. 2240 м. Самастойная адм. адзінка (Федэральная акруга). Нас. 16,6 млн.ж., разам з суседнімі гарадамі ўтварае гар. агламерацыю — Вял. М. з насельніцтвам больш за 20 млн.чал. (1997). Найважнейшы вузел шашэйных і чыг. дарог, якія вядуць да ўзбярэжжа Ціхага ак. і Мексіканскага зал.; на Панамерыканскай шашы. Міжнар. аэрапорт Беніта Хуарэс. М. — адзін з буйнейшых прамысл. і фін. цэнтраў Лац. Амерыкі, гал.эканам., навук. і культ. цэнтр краіны (у М. вырабляецца больш за 50% прамысл. прадукцыі Мексікі). Асн. галіны прам-сці — харчасмакавая (пераважна кансервавая, тытунёвая), тэкст. (у т. л. перапрацоўка хенекену), швейная, абутковая, фармацэўтычная, нафтаперапр., паліграфічная. Перапрацоўчая металургія. Развіты таксама эл.тэхн., металаапр., аўтазборачная, цэм.прам-сць, вытв-сцьбуд. матэрыялаў. Метрапалітэн.
Засн. Э.Картэсам у 1521—22 на месцы зруйнаванага іспанцамі ацтэкскага горада Тэначтытлан. У 1535—1821 М. — сталіца каралеўства Нов. Іспанія. У 1624 і 1692 тут адбыліся антыісп. паўстанні. З 1821 М. — сталіца незалежнай Мексікі. У амерыкана-мексіканскую вайну 1846—48 заняты войскамі ЗША, у мексіканскую экспедыцыю 1861—67 — франц. войскамі (1863—67). У 1967 у М. падпісаны дагавор аб стварэнні ў Лац. Амерыцы бяз’ядзернай зоны. 2.10.1968 на пл. Трох Культур адбылася студэнцкая дэманстрацыя, жорстка задушаная арміяй і паліцыяй. Горад неаднаразова разбураўся землетрасеннямі (апошняе ў 1985).
Стары горад размешчаны на месцы стараж.г. Тэначтытлан (захаваліся рэшткі свяцілішчаў і храмаў, статуй багоў), мае прамавугольную сетку вуліц. Тут знаходзяцца: на пл. Пласа дэ ла Канстытусьён (Сакала) — кафедральны сабор (1563—1667, арх. К. дэ Арсіньега, А.Перэс дэ Кастаньеда і інш., дабудаваны ў пач. 19 ст., спалучэнне барока і класіцызму), барочныя касцёл Саграрыо Метрапалітана (1749—68, арх. Л.Радрыгес) і Нац. Палац (1692—99, арх. Д. дэ Вальвердэ, дабудаваны ў 1929); шпіталь Хесус Насарэна (1524—35, арх. П.Васкес, дабудаваны ў 20 ст.), шмат кляштараў і палацаў 17—18 ст. У 1737 М. перапланавана, у 1750 створаны план новага раёна; будаваліся касцёлы, калегіумы, асабнякі. У 19 — пач. 20 ст. пракладзены новыя вуліцы, у т. л.гал. вул. Пасеа дэ ла Рэформа, на З узнік дзелавы цэнтр з праспектамі і паркамі, на З і ПдЗ размясціліся фешэнебельныя кварталы, на Пн і ПнУ — прамысл. і рабочыя раёны. У стылях класіцызму пабудавана Горная школа (1797—1813, арх. М.Тальса), эклектыкі — Палац прыгожых мастацтваў (1904—34, арх. А.Баары і інш.). У 1-й пал. 20 ст. праведзены работы па рэканструкцыі М. (генплан 1932); у дзелавой ч. горада ўзведзены вышынныя будынкі, ун-т, стадыён і інш.Найб. значнае збудаванне 20 ст. — універсітэцкі гарадок (1949—54, кіраўнік буд-ваарх. К.Ласа; пл. 200 га), які ўключае больш за 40 будынкаў, аздобленых мазаікамі (Д.Сікейрас, Д.Рывера, Х.Чавес Марада, Х.О’Горман і інш.). Сярод пабудоў 2-й пал. 20 ст.: жылы комплекс «Беніта Хуарэс» (1950—52, арх. М.Пані, С.Артэга), Нац. аўдыторыум і стадыён «Ацтэка» (1963—67, абодва арх. П.Рамірэс Васкес), вілы ў раёне Педрэгаль (арх. Л.Бараган), Алімп. палац спорту (1966—68, арх. Ф.Кандэла) і інш. У прадмесці М. (цяпер гар. раён Тлальпан) захавалася стараж. піраміда (каля 450 да н.э.), на паўн. ускраіне (Тэнаюка) — піраміда ацтэкаў. Помнікі: Карлу IV (1803, арх. Тальса), Х.Калумбу (1852—92, М.Вілар, і 1876—77, Ш.Кардзье), Незалежнасці (1910, арх. А.Рывас Меркада), С.Балівару (1946, М.Сентур’ён), 150 гадоў незалежнасці Мексікі (1961, К.Абрэгон Сантасілья) і інш.Гіст. цэнтр М. ўключаны ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
У М. знаходзяцца 7 АН ( у т. л. Нацыянальная), буйнейшыя ВНУ краіны: Нац.ун-т (з 1553, найстарэйшы ў краіне), Нац.політэхн.ін-т, ун-ты Амерыканскі, Ібераамерыканскі, Вышэйшая школа інжынераў, Нац. кансерваторыя і інш. Б-кі: Нац.б-каНац.АН і інш. Музеі: нац. музеі гісторыі, антрапалогіі, нар. мастацтваў і рамёстваў, пластычных мастацтваў, Галерэя жывапісу і скульптуры Сан-Карлас, музей сучаснага мастацтва і інш. Тэатры: Нац. опера, драматычныя «Хіменес Руэда», «Хола», «Ідальга», «Інсурхентэс» і інш.Іл.гл. таксама да арт.Мексіка.
Бібліятэка універсітэцкага гарадка ў Мехіка.Помнік Карлу IV у Мехіка. 1803.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МІЖЗЕ́МНАЕ МО́РА,
міжмацерыковае мора Атлантычнага ак., паміж Еўропай, Азіяй і Афрыкай. На З Гібралтарскім пралівам злучана з Атлантычным ак., на ПнУ пралівам Дарданелы, Мармуровым м. і пралівам Басфор — з Чорным м., на У Суэцкім каналам — з Чырвоным м. У М.м. вылучаюць моры: Альбаран, Балеарскае, Лігурыйскае, Тырэнскае, Адрыятычнае, Іанічнае, Эгейскае. М.м. абмывае берагі 21 краіны: Іспаніі, Францыі, Манака, Італіі, Мальты, Славеніі, Харватыі, Югаславіі, Босніі і Герцагавіны, Албаніі, Грэцыі, Турцыі, Кіпра, Сірыі, Лівана, Ізраіля, Егіпта, Лівіі, Туніса, Алжыра, Марока. Пл. 2505 тыс.км². Сярэдняя глыб. 1541 м, найб.глыб. 5121 м. М.м. канчаткова ўтварылася ў эпоху альпійскага арагенезу ў выніку апускання часткі альпійскіх структур Паўд. Еўропы, Пярэдняй Азіі і платформенных утварэнняў Паўн. Афрыкі. Паўн. берагі гарыстыя, берагавая лінія складаная, паўд.афр. бераг мала парэзаны. Шэльф М.м. вузкі, за выключэннем Адрыятычнага і Эгейскага мораў, берагоў Туніса, Лівіі, Егіпта. Прыбярэжная зона глыбокая, меляў і рыфаў мала. Рэльеф дна складаецца з Алжыра-Праванскай, Тырэнскай, Цэнтр. і Левантыйскай катлавін. Найб. залівы: Валенсійскі, Ліёнскі, Генуэзскі, Таранта, Сідра, Габес. Найб. паўастравы: Пірэнейскі, Апенінскі, Балканскі, М.Азія; астравы: Балеарскія, Корсіка, Сардзінія, Сіцылія, Крыт, Кіпр. Частыя землетрасенні, вывяржэнні вулканаў (в-аў Стромбалі). У М.м. ўпадаюць буйныя рэкі: Эбра, Рона, Тыбр, По, Ніл. Адна з асн. рыс воднага балансу М.м. — выпарэнне (3130 км³/год) — перавышае над ападкамі (1000 км³/год) і рачным сцёкам (430 км³/год). Водны дэфіцыт кампенсуецца паступленнем вады з Атлантычнага ак. (40 тыс.км³/год) і Чорнага м. (170 км³/год) у паверхневыя слаі. Існуе адток з прыдонных слаёў больш салёнай і шчыльнай вады М.м. ў Атлантычны ак. (38,5 тыс.км³/год) і Чорнае м. (170 км³/год). М.м. размешчана ў субтрапічных шыротах у зоне міжземнаморскага клімату з кароткай цёплай і дажджлівай зімой (т-растудз. 5—10 °C, ападкаў да 600 мм) і працяглым сухім гарачым летам (т-раліп. каля 28 °C, сума ападкаў за чэрв.—жнівень каля 50 мм). Зімой дзьмуць моцныя паўн. вятры — містраль (у раёне Ліёнскага зал.) і бара (на У Адрыятычнага м.). Летам частыя сухія вятры з Афрыкі — сірока. Сярэдняя т-ра вады ў М.м. на паверхні вады ў лютым ад 10—12 °C на Пн да 15—16 °C на Пд, жн. ад 21—23 °C да 27—28 °C адпаведна. Салёнасць вады (ад 36%° да 39,5%°) павялічваецца з 3 на У і дасягае макс. ў Левантыйскім басейне. Прылівы паўсутачныя да 1 м, найб. да 4 м. Цячэнні ў М.м. ў паўд. паласе з 3 на У, у паўн. — з У на 3, з цыкланальнымі кругаваротамі ў морах паўн. часткі, з антыцыкланальнымі ў залівах Габес і Сідра. Біял. і рыбапрамысл. прадукцыйнасць М.м. невялікая, што звязана са слабым развіццём фіта- і зоапланктону. Аднак адзначаецца вял. відавая разнастайнасць арганізмаў. Водзіцца 540 відаў рыб паўд.-барэальнага і трапічнага комплексаў (анчоўс, сардзіна, скумбрыя, стаўрыда, тунец). Каля 70 відаў рыб — эндэмікі, у т. л. скаты, віды хамсы, бычкоў, губана, марскіх сабачак. Ёсць марскія чарапахі, дэльфіны. Шмат розных беспазваночных (галаваногія малюскі, ракападобныя, губкі, чырвоны карал). Улоў рыбы штогод каля 600 тыс.т. Каля Туніса здабываюць губкі і каралы. Штучнае развядзенне ў рыбніках вустрыц і мідый. На шэльфе здабываюць нафту і газ, магнійртутныя руды, солі. На берагах М.м. сканцэнтравана каля 1/3 часткі ўсіх населеных пунктаў прыбярэжных краін, у т. л. больш за 300 партоў. Па М.м. ажыццяўляецца каля 20% сусв. знешнегандл. перавозак. Буйныя парты: Барселона (Іспанія), Марсель (Францыя), Генуя, Неапаль, Венецыя, Трыест (Італія), Бейрут (Ліван), Александрыя, Порт-Саід (Егіпет), Пірэй (Грэцыя), Ізмір (Турцыя), Хайфа (Ізраіль), Бенгазі, Трыпалі (Лівія), Туніс, Бізерта (Туніс) і інш. Міжземнамор’е — буйны раён адпачынку і турызму. Курорты: Лазурнага берага (Рыўера) у Францыі, Італіі і Манака, Левантыйскага ўзбярэжжа, Балеарскіх а-воў у Іспаніі. Буйной праблемай М.м. з’яўляецца забруджванне вод.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯЧЭ́ЦЬ (араб. месца пакланення),
культавы будынак у ісламе, месца агульнай малітвы.
М. ўзніклі ў 7 ст. Першапачаткова для мусульм. набажэнства прыстасоўвалі б. язычніцкія храмы або цэрквы. Да 8 ст. сфарміраваліся асн. тыпы М.: дваровыя (адкрыты прамавугольны двор, абнесены сценамі і галерэямі) і ку́пальныя. Ва ўсіх М. у сцяне, звернутай да Меккі, знаходзіцца адзін ці некалькі міхрабаў (Амеядаў мячэць у Дамаску, М. Ібн Тулуна ў Каіры, 9 ст.). З правага боку ад міхраба — узвышэнне ці кафедра (мінбар) з 3—9 прыступак, дзе чытаюць хутбу (мусульм. пропаведзь). З 10 ст. пашыраны тып М. з айванамі (тэрасамі) па восях двара. У розных краінах пад уплывам мясц.буд. традыцый выпрацаваліся самаст. тыпы М.: у Паўн. Афрыцы для іх характэрна глыбокая малітоўная зала з выходзячымі ў двор шматлікімі нефамі, столлю-артэсанада (з кесонамі) і сталактытавымі купаламі (М.Кутубія ў Маракешы, Марока, 1153); у Іране, краінах Цэнтр. і Сярэдняй Азіі — айваны па баках двара, на гал. фасадзе высунуты манум, партал-пяштак (М. Калян у г. Бухара, Узбекістан, 12 ст., перабудавана ў 15—16 ст.; саборная М. у г. Ісфахан, Іран, 9—20 ст.), у Турцыі — цэнтрычны будынак з вял. купалам у акружэнні малых купалаў ці паўкупалаў (М. Селіміе ў Стамбуле, 1557). М. аздаблялі разьбой па стука, камені ці дрэве, узорыстай цаглянай або каменнай муроўкай, паліванай керамікай, інкрустацыяй, мазаікай, размалёўкай (суніцкая М. у г. Уладзікаўказ, Паўн. Асеція, 1906—08, арх. І.Плашко). Пры М. звычайна ставяць мінарэты.
На Беларусі пісьмовыя сведчанні пра М. адносяцца да 16 ст. Першыя з іх былі драўляныя адназрубныя пад 4-схільным дахам, са слупавым ганкам ці галерэяй, без мінарэтаў. Паступова з’явіўся мінарэт у выглядзе стромкай вежы. У 18—19 ст. узнік адметны тып М., па архітэктуры блізкі да касцёла: зруб пад 2-схільным дахам з вежай-мінарэтам. Унікальным помнікам архітэктуры з рысамі класічнага Усходу з’яўлялася М. з в. Даўбучкі Смаргонскага р-на Гродзенскай вобл. (18 ст.) з 12-гранным купалам, галерэяй і 3-ярусным мінарэтам. Шмат М. будавалі на ўзор правасл.царк. архітэктуры. М. на Беларусі мелі асобныя памяшканні для мужчын і жанчын, падзеленыя сцяной з шырокім акном, закрытым кратамі-балясінамі, з тонкай занавескай (муслінавай). Міхраб знаходзіўся ў мужчынскай палавіне. Падлогу засцілалі зялёнымі суконнымі коўдрамі (кілімамі), круглымі дыванкамі (чалунамі) з імёнамі продкаў падзвіжнікаў. Для старых і хворых уздоўж сцен ставілі лавы, засланыя зялёнымі посцілкамі. На падлозе і сценах былі ваўняныя дываны з выявамі славутых М., мугіры з тэкстамі Карана, імёнамі святых, відарысамі Меккі і інш. У 1-й пал. 20 ст. існавалі Іўеўская мячэць, М. ў вёсках Некрашунцы Воранаўскага р-на (паводле падання, прыход засн. ў 1415, у 1915 М. спалена, адбудавана ў 1926), Лоўчыцы Навагрудскага р-на (1688), г.п. Мір Карэліцкага р-на (да 1795, адбудавана нанава ў 1840), г. Навагрудак (1796, адноўлена ў 1855), вёсках Крушыняны (Гродзенскі пав., 18 ст.) і Асмолава Навагрудскага р-на (1924—25), у гарадах Слонім (1804, у 1881 згарэла, у 1882 адбудавана) Гродзенскай вобл., Ляхавічы Брэсцкай вобл. (1815, разбурана ў 1917, у 1924—28 адноўлена), Мядзел (1840, спалена ў грамадз. вайну, у 1930 адбудавана), Клецк (1881, буд-ва фундавалі Радзівілы, рамантавалася ў 1911, 1930—31), Узда, Капыль, г.п. Смілавічы (19 — пач. 20 ст.) Мінскай вобл., Мінску (1901, адзіная мураваная М. на Беларусі), г.п. Відзы Браслаўскага р-на Віцебскай вобл. (1860—65, у грамадз. вайну спалена, у 1930—32 адбудавана, з 1999 дзейнічае). Захаваліся М. ў вёсках Даўбучкі (перавезена ў Бел.дзярж. музей нар. архітэктуры і побыту), Лоўчыцы (рэшткі), Іўі, Навагрудку. М. адбудаваны ў Слоніме (1994), у Навагрудку (1996), адкрыта новая М. у Смілавічах (1996). Распрацаваны праекты аднаўлення і рэстаўрацыі М. у Даўбучках, Лоўчыцах, Мінску.
Літ.:
Лакотка А.І. Бераг вандраванняў, ці Адкуль у Беларусі мячэці. Мн., 1994;
Drozd A, Dziekan M.M., Majda T. Meczety i cmentarze Tatarów polsko-litewskich. Warszawa, 1999.
А.І.Лакотка.
Мячэці: 1 — у г.п. Смілавічы Пухавіцкага раёна Мінскай вобл., 1996; 2 — з вёскі Даўбучкі Смаргонскага раёна Гродзенскай вобл. (праект рэстаўрацыі для Беларускага дзяржаўнага музея народнай архітэктуры і побыту, аўтар А.І.Лакотка); 3 — суніцкая ў г. Уладзікаўказ (Паўночная Асеція), 1906—08, арх. І.Плашко.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЯЦІДЗЕСЯ́ТНІКІ,
паслядоўнікі адной з плыней у пратэстантызме. З’явіліся ў ЗША у пач. 20 ст. У аснову іх веравучэння пакладзена евангельскае паданне пра сыходжанне св. духа на апосталаў — вучняў Хрыста на 50-ы дзень пасля яго ўваскрэсення (свята Пяцідзесятніцы), што і дало назву плыні. Адсюль іх сцвярджэнне, што сапраўднаму верніку неабходны непасрэдныя зносіны з Богам праз св. духа, а таксама наяўнасць яго дароў — «гаварэння на іншых мовах» (гласалалій), прароцтва. Значнае месца ў П. адводзіцца ідэі блізкасці канца свету, другога прышэсця Хрыста і ўсталявання яго 1000-гадовага царства на Зямлі. Неабходны для П. абрад «хрышчэння св. духам» дасягаецца асаблівым комплексам доўгіх маленняў і пастамі. Для культу П. характэрны наяўнасць «прарокаў» і «прарочыц», вера ў магчымасць цудоўнага вылячэння і інш. Практыкуюцца абрады воднага хрышчэння і хлебапераламлення, у часткі П. — абмывання ног. П. не маюць цэнтралізаванай арг-цыі, якая б грунтавалася на адзіным веравучэнні, дысцыпліне, абраднасці. Існуе шэраг самаст. кірункаў П., у т. л. на Беларусі — хрысціяне веры евангельскай (ХВЕ), хрысціяне веры апостальскай (ХВА), хрысціяне поўнага евангелля (ХПЕ).
Першыя паслядоўнікі ХВЕ з’явіліся ў 1920-я г. ў Зах. Беларусі на тэр. Палескага ваяв. ў выніку дзейнасці замежных місіянераў і рээмігрантаў з ЗША і наз. таксама зеленасвёнткаўцы (ад польскай назвы Пяцідзесятніцы — Zielone Swiątki). Ва ўсх. Беларусі, дзе іх было значна менш, яны наз. таксама варанаеўцы (у гонар першага прапаведніка гэтага вучэння ў СССР І.Я.Варанаева). У 1930 абшчыны ХВЕ Палескага ваяв. (больш за 1 тыс.чал.) увайшлі ў Саюз ХВЕ у Польшчы (цэнтр у г. Лодзь). З 1929 Саюз выдаваў час. «Примиритель». У канцы 1944 была створана Царква ХВЕ у Літ. ССР, БССР і УССР з цэнтрам у г. Баранавічы, на чале з епіскапам І.К.Панько і ген. сакратаром С.І.Вашкевічам. Аднак у рэгістрацыі іх царкве было адмоўлена з-за іх экстатычнай абраднасці. Тады частка абшчын на чале з кіраўніцтвам Царквы ХВЕ у 1945 увайшла ў зарэгістраваны Саюз евангельскіх хрысціян-баптыстаў (ЕХБ) са згодай адмовіцца ад гаварэння на «іншамовах». Частка абшчын ХВЕ, якія не пайшлі на рэгістрацыю, дзейнічала падпольна. У 1-й пал. 1970-х г. некат. абшчыны ХВЕ атрымалі дазвол на аўтаномную рэгістрацыю (па-за межамі ЕХБ), у 1989 аб’яднанне ХВЕ з ЕХБ распалася. У наш час ХВЕ займаюць першае месца сярод пратэстанцкіх плыней Беларусі. На 1.1.2001 зарэгістравана 443 абшчыны, якія аб’яднаны ў Саюз ХВЕ Беларусі.
ХВА (або евангельскія хрысціяне ў духу апостальскім — ЕХВДА, таксама смародзінцы ў гонар заснавальніка гэтай плыні ў Расіі ў пач. 20 ст. М.П.Смародзіна) прызнаюць большасць агульных догматаў П., але адмаўляюць траістасць Бога. На іх думку, толькі ў Ісусе Хрысце ўвасабляецца Бог-бацька, Бог-сын і Бог—св. дух. Адсюль іх інш. назва — ісусаўцы. Разам з тым хрышчэнне св. духам у шэрагу іх абшчын не лічыцца абавязковай умовай для асабістага выратавання. Паслядоўнікі ХВА пашыраны ў Гродзенскай вобл. (Мастоўскі р-н, Гродна і інш.) і ў Брэсцкім р-не (в. Страдзеч, Медна і інш.). У 1947 ЕХВДА, каб атрымаць рэгістрацыю, як і ХВЕ, увайшлі ў саюз ЕХБ. У 1970-я г. іх пачалі рэгістраваць аўтаномна. На 1.1.2001 на Беларусі 9 абшчын ХВА. ХПЕ сваім веравучэннем і рэліг. практыкай найб. блізкія да ХВЕ. Першыя абшчыны ХПЕ узніклі на Беларусі ў пач. 1990-х г. з актыўным удзелам місіянерскіх груп з ЗША, Канады, Швецыі. Іх членамі сталі пераважна маладыя вернікі з абшчын ХВЕ у Мінску, Брэсце, Баранавічах, Мікашэвічах (Брэсцкая вобл.). Ад ХВЕ яны адрозніваюцца ў асноўным знешнім бокам сваіх малітоўных сходаў; шмат увагі аддаюць сумесным спевам рэліг. гімнаў з плясканнем у далоні і танцамі пад акампанемент сучасных муз. ансамбляў. Вял. аўтарытэтам у вернікаў карыстаецца пастар, які праводзіць абрад вылячэння верай з ускладаннем рук. На 1.1.2001 на Беларусі дзейнічаюць 54 абшчыны, якія ўваходзяць у рэліг. аб’яднанне абшчын ХПЕ.
Літ.:
Баптизм и баптисты. Мн., 1969;
Москаленко А.Т. Пятидесятники. 2 изд. М., 1973;
Каліноўскі В. Этнаграфічная спецыфіка пяцідзесятніцкае вёскі на Берасцейшчыне // Форум: Інфарм.-культур. бюл. 1995—96. № 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СВЯТЫ́Я БЕЛАРУ́СІ,
рэальныя гістарычныя асобы, якія, паводле паданняў, за сваю адданасць рэлігіі надзелены здольнасцю рабіць цуды, за што пасля смерці былі ўшанаваны царквой. У 1984 усталявана святкаванне Сабора беларускіх святых у 1-ю нядзелю пасля св. Тройцы (Сёмухі). У Сабор увайшлі 15 святых. Міна Полацкі(?—1116), епіскап полацкі. У час яго епіскапства прыняла пострыг Ефрасіння Полацкая. Ушаноўваецца правасл. царквой як адзін з першых архіпастыраў, які спрыяў распаўсюджванню хрысціянства на Беларусі. Дзень памяці 3 ліпеня; Марцін Тураўскі (?—1150), манах. Вядомы са «Сказання пра Барыса і Глеба» (канец 11 — пач. 12 ст.). Жыў адзін у пустыні. Калі захварэў, у келлю з’явіліся св. пакутнікі Барыс і Глеб і дапамаглі яму. Блажэннага пакутніка Тураўскага сталі шанаваць адразу пасля смерці. Дзень памяці 10 ліпеня; Расціслаў Мсціславіч (1100-я г. — 1167), князь смаленскі і кіеўскі. Заснаваў у Смаленску самастойную епіскапію. Дзень памяці 27 сакавіка; Ефрасіння Полацкая (каля 1101—1167); Дыянісій Полацкі(? — 1182), епіскап полацкі, манах Кіева-Пячэрскай лаўры. Лічыцца, што з яго бласлаўлення на св. зямлю адправілася Ефрасіння Полацкая, ён быў ініцыятарам яе кананізацыі. Дзень памяці ў 3-ю нядзелю пасля Пяцідзесятніцы; Кірыла Тураўскі (каля 1130 — каля 1182); Лаўрэнцій Тураўскі (каля 1113 — пасля 1190), манах. У 1182—94 узначальваў тураўскую кафедру. Праславіўся глыбокай верай і адданасцю царкве, сваёй здольнасцю вылечваць людзей. Дзень памяці 11 лютага; Елісей Лаўрышаўскі (?—1250), сын вял. князя ВКЛ Траняты, займаў высокую пасаду пры двары вял. князя ВКЛ Міндоўга. Потым пайшоў у пустэльню і разам з правасл. манахам заснаваў каля Новагародка лаўру. Мошчы яго тварылі цуды. Дзень памяці 5 лістапада; Сімяон Полацкі (1220—89), епіскап полацкі. Паходзіў з полацкіх князёў. Раздаў шмат угоддзяў цэрквам і манастырам; быў дабрадзейны да жабракоў, сірот, няшчасных і пакрыўджаных. Дзень памяці 6 лютага; Віленскія пакутнікі Іаан, Антоній і Яўстафій (?—1347). Дні памяці 27 красавіка і 26 ліпеня; Юльянія Альшанская (?—1550), дачка правасл. магната Рыгора Альшанскага. Культ Юльяніі Альшанскай адыграў значную ролю ва ўмацаванні рэліг. свядомасці правасл. жыхароў Беларусі. Дні памяці 6 ліпеня і 11 кастрычніка; Соф’я Слуцкая (1585—1612), апошняя княгіня з роду слуцкіх князёў Алелькавічаў, нашчадкаў вял. князя ВКЛ Альгерда. Дзякуючы дзейнасці княгіні Слуцк яшчэ пры яе жыцці меў асаблівае значэнне ў рэліг. жыцці Беларусі, быў цвярдыняй праваслаўя. Дзень памяці 1 красавіка; Афанасій Брэсцкі (каля 1595—15.9.1648); Макарый Канеўскі (1606—78), ігумен пінскі, загінуў пакутніцкай смерцю, абараняючы праваслаўе. Дні памяці 26 мая і 20 верасня; Гаўрыіл Беластоцкі (1684—90), дзіця; паводле падання, быў выкрадзены мясц. арандатарам, тайна вывезены ў Беласток і закатаваны. Заступнік хворых і гаротных дзяцей. Дзень памяці 3 мая; Георгій Каніскі (1717—95); Праведны Іаан Кармянскі (1893—1917), іераманах, вызначаўся дабрынёй, міласэрнасцю і празорлівасцю. Мошчы знаходзяцца ў Пакроўскай царкве ў в. Карма Добрушскага р-на. Дні памяці 31 мая і 9 верасня.
У Сабор не ўвайшлі асобы, пра якіх не захавалася дастаткова звестак або якія жылі на землях, што не ўваходзяць у тэр. сучаснай Беларусі. Але без іх немагчыма ўявіць сабе гісторыю бел. царквы: св. пакутнік Макарый, мітрапаліт кіеўскі; Меркурый, воін смаленскі; прападобныя Аўрамій і Яфрэм смаленскія; свяціцель Кіпрыян, мітрапаліт кіеўскі, літоўскі, маскоўскі і ўсяе Русі і інш. Нараджэннем або служэннем сваім апасродкавана з Беларуссю звязаны роўнаапостальскі Мікалай Японскі, свяціцель Ціхан, патрыярх маскоўскі, дабраверны князь Цімафей-Даўмонт і інш. 28.10.1999 на пасяджэнні Сінода Бел.правасл. царквы здзейснена кананізацыя «ў ліку мясцоваўшаноўваемых святых 23 новапакутнікаў», клірыкаў Мінскай епархіі 1-й пал. 20 ст. Дзень памяці 28 кастрычніка.
З каталіцкіх святых на Беларусі ўшаноўваюць Казіміра (5.10.1458—4.3.1484), сына караля Польшчы і вял.кн.ВКЛ Казіміра IV Ягелончыка, патрона Вільні і Гродзенскай рымска-каталіцкай епархіі, апекуна зямель ВКЛ. Дзень памяці 4 сакавіка; Андрэя Баболю (30.11.1591—16.5.1657); Ю.А.Каліноўскага (1.9.1835—15.11.1907); М.М.Кольбе (8.1.1894—14.8.1941). Да уніяцкіх святых прылічаны Іасафат Кунцэвіч (1580—12.11.1623).
Літ.:
Мельников А.А. Путь непечален: Ист. свидетельства о святости Белой Руси. Мн., 1992;
БССР, Беларусь, саюзная дзяржава ў складзе СССР. Існавала з 1.1.1919 да вер. 1991, у складзе СССР афіцыйна са снеж. 1922. Тэр. 207,6 тыс.км², нас. 10 254 тыс.чал. (на 1.1.1990). Сталіца — г.Мінск. Паводле рашэння VI Паўн.-Зах.абл. канферэнцыі РКП(б) [30—31.12.1918, Смаленск; гл.Першы з’езд КП(б)Б] БССР абвяшчалася ў межах Віцебскай, Гродзенскай, Магілёўскай, Мінскай губ., бел. паветаў Віленскай і Ковенскай губ., зах. паветаў Смаленскай губ.Часовы рабоча-сялянскі савецкі ўрад Беларусі ў ноч з 1 на 2.1.1919 абнародаваў Маніфест аб абвяшчэнні БССР. 8.1.1919 Часовы рабоча-сял.сав. ўрад Беларусі і Цэнтр. Бюро КП(б)Б пераехалі са Смаленска ў Мінск. Першы Усебеларускі з’езд Саветаў (2—3.2.1919, Мінск) адобрыў утварэнне БССР, зацвердзіў Канстытуцыю Сацыялістычнай Савецкай Рэспублікі Беларусь 1919, выбраў Цэнтральны Выканаўчы Камітэт БССР (ЦВКБССР), прыняў пастанову аб аб’яднанні Беларусі і Літвы (гл.Літоўска-Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка). У складаных умовах грамадз. вайны і ваен. інтэрвенцыі 1918—20 урад БССР праводзіў работу па ўмацаванні сав. улады, мабілізацыі сіл на барацьбу з яе праціўнікамі і іншаземнымі захопнікамі, ажыццяўленні першых сацыяліст. пераўтварэнняў. БССР у гэты перыяд знаходзілася ў цяжкім эканам. і ваенна-паліт. становішчы, большая частка яе тэрыторыі была акупіравана ням., потым польск. інтэрвентамі. Летам 1920 на вызваленай Чырв. Арміяй тэр. Беларусі адноўлена сав. ўлада. 31.7.1920 на сходзе прадстаўнікоў Кампартыі Літвы і Беларусі, сав. і прафс. арг-цый Мінска і Мінскай губ. прынята Дэкларацыя аб абвяшчэнні незалежнасці Сав.Сацыяліст. Рэспублікі Беларусь (гл.Другое абвяшчэнне БССР). Захопленая польск. войскамі ў выніку савецка-польскай вайны 1920зах. частка Беларусі паводле Рыжскага мірнага дагавору 1921 адышла да Польшчы (гл.Заходняя Беларусь). Тэр. ўзноўленай БССР складалася з 6 паветаў Мінскай губ. з нас. 1544 тыс.чал.Другі Усебеларускі з’езд Саветаў (13—17.12.1920) прыняў дадаткі да Канстытуцыі 1919, дзе абвясціў вышэйшым органам улады рэспублікі з’езд Саветаў, а паміж з’ездамі — ЦВКБССР, выканаўчым органам — Савет Народных Камісараў БССР (СНКБССР). Пасля заканчэння вайны Беларусь перажывала глыбокі сац.-эканам. крызіс. Большая частка прадпрыемстваў была знішчана, астатнія з-за адсутнасці паліва і сыравіны працавалі з перабоямі. Былі разбураны сельская гаспадарка, транспарт. Усё гэта цяжка адбівалася на становішчы працоўных, выклікала іх незадаволенасць палітыкай «ваеннага камунізму». Пераход да ажыццяўлення ў БССРновай эканамічнай палітыкі (нэпа) прынёс станоўчыя вынікі. Харчразвёрстка была заменена харчпадаткам, дапускалася дзейнасць прыватнага капіталу, праводзілася рэарганізацыя сістэмы кіравання прам-сцю, вырашаліся пытанні аплаты працы, фін. палітыкі. Пераломным у развіцці прам-сці стаў 1923—24 гасп. год, калі пачалі хутка расці вытворчасць, колькасць адноўленых і ўведзеных у эксплуатацыю прадпрыемстваў. У 1924—28 аб’ём прамысл. прадукцыі вырас у 2,3 раза. Адначасова павялічылася колькасць прыватных прадпрыемстваў. Расла зарплата рабочых і служачых. У сельскай гаспадарцы праводзілася работа па землеўпарадкаванні, развіцці хутарызацыі, арэнды, кааператыўнага руху і інш. Каля ⅓ беднякоў і батракоў, якія атрымалі зямлю, сталі сераднякамі. На пач.кастр. 1925 у БССР было 1084 кааператыўныя т-вы (аб’ядноўвалі 161 тыс. членаў). Важнае значэнне для ўмацавання эканам. патэнцыялу рэспублікі мела вяртанне ёй са складу РСФСР у 1924 і 1926 этнаграфічна роднасных усх. тэрыторый (гл.Узбуйненне БССР). Рабіліся захады па ажыўленні Саветаў, умацаванні іх сувязяў з масамі працоўных, павелічэнні колькасці членаў Камуністычнай партыі Беларусі (КПБ). У 1920-я г. праводзілася палітыка беларусізацыі грамадска-паліт. і культ. жыцця рэспублікі. Значныя поспехі былі дасягнуты на ніве нац.-культ. адраджэння. Ліквідоўвалася непісьменнасць, была праведзена рэформа школьнай сістэмы, большасць школ пераводзілася на бел. мову навучання, яны забяспечваліся неабходнымі кадрамі і падручнікамі. Развіваліся л-ра і мастацтва, навука. У 1920—22 адкрыты Беларускі дзяржаўны універсітэт, Інстытут беларускай культуры (у 1928 пераўтвораны ў Акадэмію навук Беларусі) і інш. У ходзе сацыяліст.індустрыялізацыі (курс на яе абвешчаны ў СССР у снеж. 1925) на Беларусі за гады даваен. пяцігодак увайшло ў строй больш за 1 тыс.прамысл. прадпрыемстваў, у т. л. каля 400 буйных. У 1940 прадукцыя прам-сці ўсіх абласцей БССР перавысіла ўзровень 1913 у 23 разы. Паводле перапісу 1939, удзельная вага рабочага класа ў складзе насельніцтва рэспублікі дасягнула 21,9%, інтэлігенцыі — 14,5%. З восені 1929 гал. кірункам агр. палітыкі ў БССР стала масавая калектывізацыя. Выконваючы дырэктывы вышэйшага кіраўніцтва СССР, парт. і сав. органы БССР праводзілі сярод сялянства актыўную арганізац. і масава-паліт. работу, імкнуліся фарсіравана забяспечыць перабудову вёскі на сацыяліст. аснове. Да пач.Вял.Айч. вайны ва ўсх. абласцях БССР было абагулена 93,4% сял. гаспадарак і 96,2% пасяўных плошчаў. Аднак калектывізацыя праводзілася паспешліва, пры адсутнасці належных сац.-эканам. умоў, з шырокім выкарыстаннем прымусовых, адм.-камандных метадаў. Заможныя (кулацкія) і шмат серадняцкіх гаспадарак падпалі пад раскулачванне, іх маёмасць была канфіскавана. Восьмы Усебеларускі з’езд Саветаў (5—12.4.1927) прыняў новую Канстытуцыю Беларускай ССР 1927. У 1930-я г. на сац.-паліт. і культ. развіццё Беларусі, як і ўсяго СССР, негатыўны ўплыў зрабілі культ асобы, бюракратызацыя дзярж. структур і адміністрацыйна-камандныя метады кіравання, якія абмяжоўвалі творчую актыўнасць працоўных. Цяжкім злачынствам з’явіліся рэпрэсіі палітычныя, што дасягнулі свайго апагея ў 1937. Супрацоўнікамі НКУС рэспублікі быў сфабрыкаваны шэраг спраў т.зв. «контррэвалюцыйных шпіёнскіх арганізацый» (гл.«Аб’яднанае антысавецкае падполле», «Беларуская народная грамада», «Беларускі нацыянальны цэнтр», «Беларускі філіял меншавікоў», «Беларускі філіял прампартыі», «Беларускі філіял працоўнай сялянскай партыі», «Саюз вызвалення Беларусі» і інш.). На надзвычайным Дванаццатым Усебеларускім з’ездзе Саветаў (20—23.11.1936 і 15—19.2.1937) прынята Канстытуцыя Беларускай ССР 1937, вышэйшым органам дзярж. улады вызначаны Вярх. СаветБССР (гл. ў арт.Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь), у перыяд паміж сесіямі — Прэзідыум Вярх. Савета БССР. Пасля нападу фаш. Германіі на Польшчу (1.9.1939) Чырв. Армія паводле рашэння ўрада СССР 17.9.1939 перайшла граніцу Польшчы і ўзяла пад абарону насельніцтва Зах. Беларусі. Народны сход Заходняй Беларусі 1939 (28—30.10.1939, Беласток) прыняў Дэкларацыю аб абвяшчэнні сав. улады і ўз’яднанні Зах. Беларусі з БССР. 12.11.1939 сесія Вярх. Савета БССР прыняла закон аб Уз’яднанні Заходняй Беларусі з БССР. Гэтым была адноўлена тэрытарыяльная цэласнасць Беларусі, створаны ўмовы для кансалідацыі бел. нацыі. Насельніцтва БССР пасля ўз’яднання склала 11 млн.чал. На пач. Вялікай Айчыннай вайны (22.6.1941) часці Чырв. Арміі аказалі на тэр. Беларусі ўпартае супраціўленне гітлераўцам (гл.Брэсцкай крэпасці абарона 1941, Мінска абарона 1941, Магілёва абарона 1941, Гомеля абарона 1941 і інш.). На франтах з ворагам змагаліся больш за 1,3 млн. беларусаў і ўраджэнцаў рэспублікі. На захопленай гітлераўцамі тэрыторыі ва ўмовах жорсткага акупац. рэжыму разгарнулася партыз. і падп. барацьба (гл.Партызанскі рух на Беларусі, Патрыятычнае падполле на Беларусі, Антыфашысцкія арганізацыі на Беларусі). 374 тыс. патрыётаў змагаліся ў партыз. атрадах і брыгадах, больш за 70 тыс. — у глыбокім падполлі. У канцы 1943 нар. мсціўцы ўтрымлівалі і кантралявалі каля 60% акупіраванай тэр. рэспублікі (гл.Партызанская зона). Ваен. кіраўніцтва партыз. барацьбой ажыццяўлялі Цэнтр. і Бел. штабы партыз. руху (гл. адпаведныя арт.). У чэрв.—ліп. 1944 у ходзе Беларускай аперацыі 1944БССР была поўнасцю вызвалена ад ням.-фаш. захопнікаў. Вайна нанесла рэспубліцы велізарныя страты. Загінуў кожны чацвёрты жыхар Беларусі, былі спалены і зруйнаваны 209 гарадоў і раённых цэнтраў, 9200 вёсак. Рэспубліка страціла больш як палову нац. багацця. Паводле сав.-польск. дамоўленасці са складу БССР Польшчы перададзены ў вер. 1944 Беластоцкая вобласць і некалькі раёнаў Брэсцкай вобласці. У 1945 БССР стала адной з краін-заснавальніц ААН (гл. ў арт.Крымская канферэнцыя 1945, Сан-Францыская канферэнцыя 1945). У 1946 СНКБССР пераўтвораны ў Савет Міністраў (гл. ў арт.Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь). Паводле Канстытуцыі БССР у 1955—56 былі зацверджаны дзярж. герб, гімн і сцяг рэспублікі. Дзякуючы самаадданай працы бел. народа, а таксама дапамозе інш. рэспублік СССР адраджалася разбураная вайной гаспадарка. Матэрыяльная база аднаўлялася праз цэнтралізаваныя пастаўкі, рээвакуацыю абсталявання бел. прадпрыемстваў з сав. тылу, шэфскую і інш. дапамогаў працоўных калектываў усёй краіны. У 1944—45 у БССР было накіравана 38,2 тыс. адзінак тэхнал. абсталявання, 420 трактароў, 4 тыс.т паліва, шмат сельгастэхнікі, буд. Матэрыялаў, тысячы кваліфікаваных спецыялістаў і інш. У кароткі тэрмін узведзены аўтамаб., трактарны, інструментальны з-ды ў Мінску і дывановы камбінат у Віцебску, адноўлены Гомсельмаш, станкабудаўнічыя з-ды ў Мінску, Гомелі, Віцебску, льнокамбінат у Оршы, БелДРЭС і інш. Валавая прадукцыя прам-сці ў 1950 перавысіла ўзровень 1940 на 15%. З сярэдзіны 1950-х г.асн. умовай далейшага развіцця бел. эканомікі з’яўлялася шматбаковае супрацоўніцтва БССР з інш. рэспублікамі краіны. З уводам у эксплуатацыю новых і рэканструкцыяй дзеючых прадпрыемстваў, укараненнем у вытв-сць дасягненняў навукі і тэхнікі штогод нарошчваўся эканам. патэнцыял. У 1956—85 былі пабудаваны і ўвайшлі ў строй 511 буйных прадпрыемстваў, сфарміраваўся магутны прамысл. комплекс рэспублікі. Аб’ём прадукцыі ў 1985 у параўнанні з 1960 вырас амаль у 9 разоў і перавысіў даваен. ўзровень у 38 разоў. Хутка нарошчвалі вытворчасць машынабудаванне, хім. і нафтахім. прам-сць, прадпрыемствы паліўна-энергетычнага комплексу. З будаўніцтвам Лукомскай, Бярозаўскай і Васілевіцкай ДРЭС, Мінскай і Наваполацкай ЦЭЦ сфарміравалася адзіная Бел.энергет. сістэма. У той жа час не надавалася належнага значэння праблемам экалогіі, захавання чысціні навакольнага асяроддзя. Драматычныя для Беларусі вынікі Чарнобыльскай катастрофы 1986. У сельскай гаспадарцы першачарговай задачай было ўмацаванне матэрыяльна-тэхн. базы, павышэнне культуры земляробства. У 1960—85 колькасць трактароў у калгасах і саўгасах рэспублікі павялічылася амаль у 4 разы, збожжаўборачных камбайнаў — у 3,3 раза, грузавых аўтамабіляў — у 2,9 раза. Пастаўкі мінеральных угнаенняў сельскай гаспадарцы выраслі ў 7,7 раза. У 1986—90 сярэднегадавая ўраджайнасць збожжавых ва ўсіх катэгорыях гаспадарак дасягнула 25,2 ц з га супраць 7,1 ц у 2-й пал. 1950-х г. Вытворчасць мяса (у забойнай вазе) у 1990 склала 1181 тыс.т супраць 402 тыс.т у 1960 і 275 тыс.т у 1940, вытворчасць малака ў параўнанні з 1960 вырасла больш як у 2 разы. Разам з тым у развіцці аграпрамысл. комплексу мелася шмат нявырашаных задач, у многіх гаспадарках калгасна-саўгасная вытворчасць была стратная. Няпоўнай была аддача асушаных зямель (іх плошча складала 2,5 млн.га), жывёлагадоўля ў большасці гаспадарак развівалася экстэнсіўна. Не мела належнага ўзроўню развіццё перапрацоўчых галін, асабістых гаспадарак сельскіх жыхароў. Важным звяном нар.-гасп. комплексу БССР быў транспарт, грузаабарот якога ў 1960—90 павялічыўся ў цэлым больш як у 3 разы. Рост эканомікі забяспечыў паляпшэнне дабрабыту насельніцтва. Яго рэальныя даходы выраслі ў 1985 супраць 1970 у 1,7 раза. На пач. 1990/91 навуч. года ўсімі формамі навучання ў БССР было ахоплена 3671 тыс.чал. Працавала 5429 агульнаадук. школ, 147 сярэдніх спец. і 33 вышэйшыя навуч. ўстановы. У 1946—90 ВНУ падрыхтавалі 2062 тыс. спецыялістаў. Значных поспехаў дасягнула навука. У 1987 у БССР існавала 167 навук. устаноў, працавалі 44,5 тыс.навук. супрацоўнікаў, у т. л. 1085 дактароў і 14,1 тыс.канд. навук, займаліся ў аспірантуры каля 3 тыс.чал. Шэраг навук. адкрыццяў вучоных БССР атрымалі сусв. прызнанне. Пашыралі і ўдасканальвалі работу культ.-асв. ўстановы. У 1960 у рэспубліцы было выдадзена 1,6 тыс. назваў кніг і брашур, у 1985 — больш за 3,4 тыс. Адмоўным у развіцці культуры і грамадскіх навук было зніжэнне ўвагі да выкарыстання бел. мовы, слаба аналізаваліся негатыўныя з’явы ў жыцці грамадства. Эканам. і культ. развіццё БССР стварала аснову для пашырэння замежных сувязяў. У канцы 1980-х г. прадукцыя рэспублікі пастаўлялася амаль у 100 краін, асартымент экспарту ўключаў больш за 1 тыс. найменняў. Канстытуцыя Беларускай ССР 1978 вызначыла паліт. сістэму сав. грамадства, элементамі якой з’яўляліся дзяржава, КПСС, грамадскія арг-цыі і прац. калектывы. Кіраўнічай і накіравальнай сілай сав. грамадства, ядром яго паліт. сістэмы, дзярж. і грамадскіх арганізацый абвяшчалася Кампартыя Сав. Саюза.
З сярэдзіны 1980-х г. у БССР, як і ва ўсёй краіне, пачаўся працэс радыкальных пераўтварэнняў усіх бакоў грамадскага жыцця. Ключавое значэнне набылі праблемы рэфармавання паліт. сістэмы, дэмакратызацыі грамадства, дзярж. будаўніцтва, пачала складвацца шматпартыйнасць. Адбыўся ўстаноўчы з’езд Беларускага народнага фронту «Адраджэнне» (24—25.6.1989, Вільнюс), узніклі Беларуская сацыял-дэмакратычная грамада (1991), Партыя народнай згоды (1992) і інш. Паводле закону Вярх. Савета БССР ад 26.1.1990 «Аб мовах у Беларускай ССР» былі зроблены захады на больш шырокае выкарыстанне бел. мовы, у т. л. ў школах, установах, сродках масавай інфармацыі. 4.3.1990 на пашыранай дэмакр. аснове прайшлі выбары нар. дэпутатаў БССР і мясц. Саветаў. 27.7.1990 Вярх. СаветБССР прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі, 25.8.1991 — Закон аб наданні статуса канстытуцыйнага закону гэтай Дэкларацыі. Пасля падзей у Маскве 19—21.8.1991 Вярх. СаветБССР 25.8.1991 прыпыніў дзейнасць КПБ—КПСС на тэр. Беларусі. 19.9.1991 6-я нечарговая сесія Вярх. Савета рэспублікі перайменавала БССР у Рэспубліку Беларусь. Гл. таксама Беларусь.
Літ.:
гл. пры арт.Беларусь.
І.Я.Марчанка.
Да арт.Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Газета «Савецкая Беларусь» з тэкстам Дэкларацыі аб абвяшчэнні незалежнасці Беларускай ССР. 1920.Да арт.Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Камунары вёскі Камуна Любанскага раёна капаюць асушальны канал. 1928.Да арт.Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Першамайская дэманстрацыя ў Мінску. 1950-я гады.Да арт.Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Антыкамуністычная маніфестацыя і мітынг каля Дома ўрада. Мінск. 7.11.1990.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЗІЯ (грэч. Asia, напэўна ад асірыйскага асу усход),
самая вялікая па плошчы (каля 43,4 млн.км²) частка свету. Размешчана ў паўн.ч.Усх. паўшар’я. Крайнія пункты Азіі: на Пн мыс Чэлюскін, 77°43′паўн. ш.; на Пд мыс Піяй, 1°16′паўн. ш.; на З мыс Баба 26°10′усх. д.; на У мыс Дзяжнёва, 169°40′зах. д. Разам з Еўропай утварае адзін мацярык Еўропы—Азіі. Мяжа на сушы паміж Азіяй і Еўропай праходзіць па ўсх. падножжы Уральскіх гор, р. Эмба, паўн. беразе Каспійскага мора, Кума-Маныцкай упадзіне, Чорным м., праліве Басфор, Мармуровым м. і праліве Дарданелы. З Афрыкай злучана Суэцкім перашыйкам, ад Паўн. Амерыкі аддзелена Берынгавым пралівам. На Пн абмываецца Паўн. Ледавітым, на У — Ціхім, на Пд — Індыйскім акіянамі і іх ускраіннымі морамі. На Зунутр. моры Атлантычнага ак. — Міжземнае і Эгейскае — абмываюць п-аў М.Азія. Берагі Азіі горныя і нізінныя намыўныя, паднятыя тэрасаваныя і апушчаныя (інгрэсіўныя). На У астраўным узбярэжжам характэрны вулканічныя рысы, берагам трапічных мораў — каралавыя рыфы. Паўастравы займаюць 8 млн.км², астравы — 2,5 млн.км². На Пн Азіі п-вы Ямал, Таймыр; на У — Чукоцкі, Камчатка, Карэя; на Пд — Індакітай з Малакай, Індастан, Аравійскі; на З — М.Азія. У Паўн. Ледавітым ак. а-вы Паўн. Зямля, Новасібірскія, Урангеля; у Ціхім — а-вы і ланцугі вял. а-воў: Курыльскія, Сахалін, Японскія, Рукю, Тайвань, Філіпінскія. На Пд Азіі в-аў Шры-Ланка і Малайскі архіпелаг; на З у Міжземным м.в-аў Кіпр. Найб. аддаленасць унутр. раёнаў Азіі ад акіянаў 2 — 2,5 тыс.км. Прыродныя раёны: Паўн. Азіі, Усх. Азія, Цэнтр., Сярэдняя Азія, Паўд. Азія і Зах. Азія (пра кожны гл. асобны арт.).
Рэльеф. Азія — узвышаная ч. свету (сярэдняя выш. 950 м). Пераважаюць горы і пласкагор’і, якія займаюць 75% тэр. У Азіі знаходзяцца найвыш. горныя сістэмы (выш. многіх хрыбтоў у Цэнтр. Азіі больш за 5000—7000 м) і вяршыня свету — 8848 м, Джамалунгма, або Эверэст, у Гімалаях. Горы Азіі ўтвараюць 2 вял. паясы: адзін выцягнуўся ў субшыротным напрамку ад Пярэднеазіяцкіх нагор’яў да хрыбтоў Індакітая і а-воў Малайскага архіпелага і ўключае Таўр, Каўказ, Загрос, Капетдаг, Сулейманавы горы, Гіндукуш, Памір, Каракарум, Тыбет, Гімалаі, горы М’янмы, Суматры і Явы. На У ад яго адыходзяць горныя хрыбты Куньлунь, Наньшань і Цыньлін. Другі пояс гор цягнецца з ПдЗ на ПдУ ад Цянь-Шаня да Чукоткі і ўключае Алтай, Саяны, горы Забайкалля, Станавы хр., Джугджур, Калымскае і Чукоцкае нагор’і. Зах. адгалінаванні паўн.ч. гэтага пояса — хрыбты Верхаянскі і Чэрскага. Уздоўж усх. ўзбярэжжа паласа гор мерыдыянальнага напрамку: Каракскае нагор’е, Сярэдзінны хр. Камчаткі, Сіхатэ-Алінь, Маньчжура-Карэйскія і Анамскія горы. Вял. нагор’і Азіі Тыбецкае, Памір, Пярэднеазіяцкія (Малаазіяцкае, Армянскае, Іранскае), пласкагор’і Сярэднесібірскае, Аравійскага п-ва, Дэкан. Нізінныя раўніны Зах.-Сібірская, Туранская, Паўн.-Сібірская, Вял. Кітайская раўніна, Месапатамская, Інда-Гангская; высокія (у Цэнтр. Азіі) — Кашгарская, Джунгарская. На Камчатцы, а-вах Усх. Азіі і Малайскага архіпелага шмат дзеючых вулканаў.
Геалагічная будова. У тэктанічных адносінах Азія складаецца з шэрагу стараж. платформаў (Сібірскай, Індыйскай, Кітайска-Карэйскай і Афрыкана-Аравійскай) і больш маладых складкавых структур. У абласцях іх распасцірання дакембрыйскія крышт. пароды выступаюць на паверхню ці перакрыты асадкавымі тоўшчамі. Уздоўж краёў Сібірскай платформы невял. тэр. займаюць структуры байкальскага ўзросту (Усх. Саян, Енісейскі краж, Прыбайкалле і Забайкалле). Да структур каледонскай складкавасці адносяцца паўн. дугі Цянь-Шаня, цэнтр.ч. Казахскага драбнасопачніка, паўн.-ўсх. раёны Кітая. Герцынская складкавасць ахапіла вял.тэр. Азіі, у выніку ўтварыліся Урал, паўн.ч. Алтая, Салаір, Цянь-Шань, Куньлунь, Наньшань. Мезазойскія структуры пашыраны ў Паўн.-Усх. Сібіры, Забайкаллі, Індакітаі. Маладыя кайназойскія геал. структуры альпійскай складкавасці фарміраваліся ў Альпійскім і Ціхаакіянскім складкавых паясах, у выніку ўзніклі асн. рысы размяшчэння горных сістэм. Склалася шыротная горная сістэма, што працягнулася праз усю Азію (Каўказ, Памір, Гімалаі і інш.). Каля падножжа маладых гор сфарміраваліся Месапатамскі, Інда-Гангскі і інш. вялізныя краявыя (перадгорныя) прагіны. Карысныя выкапні. У Азіі больш як палавіна сусветных запасаў нафты. Асн. нафтагазаносныя раёны: у краінах Персідскага заліва (Саудаўская Аравія, Аман, Кувейт, Катар, Іран), у Расіі (Зах. Сібір, Сахалін), а таксама ў Азербайджане, Казахстане, на а-вах Малайскага архіпелага (Суматра, Калімантан) і ў Кітаі. Найб. радовішчы каменнага вугалю ў Расіі (Кузнецкі, Канска-Ачынскі, Ленскі, Паўд. Якуцкі бас.), у Казахстане (Карагандзінскі бас.), Кітаі, Індыі, Карэі. Значныя паклады жал. руды ў Расіі (Прыангар’е, Паўд. Сібір), Казахстане (Кустанайская вобл., Цэнтр. Казахстан), Кітаі, Карэі, Індыі. Буйн. радовішчы марганцу ў Індыі і Грузіі; волава ў Паўд.-Усх. Азіі (М’янма, Тайланд, а-вы Інданезіі); медзі ў Казахстане (Джэзказган); нікелю ў Расіі (раён г. Нарыльска); графіту ў Расіі (Усх. Сібір) і Шры-Ланцы; слюды ў Расіі (Усх. Сібір) і Індыі; фасфарытаў у Казахстане і Кітаі; баксітаў — у Казахстане, Расіі (Паўд. Сібір), паўн.-ўсх. Кітаі, Індыі; золата ў Расіі, Узбекістане, Казахстане; алмазаў у Расіі [Саха (Якуція)]. Буйныя радовішчы кухоннай солі ў Расіі, Казахстане, Туркменістане, Турцыі, Іране, Пакістане.
Клімат. Азія размешчана ва ўсіх кліматычных паясах — ад арктычнага да экватарыяльнага. На б.ч. Азіі пераважае кантынентальны клімат. Зімой над Азіяй фарміруецца ўстойлівая вобласць высокага ціску — Азіяцкі антыцыклон. Летам пануюць кантынентальныя трапічныя і ўмераныя паветраныя масы. На У і Пд Азіі развіта мусонная цыркуляцыя (гл.Мусоны). Сярэдняя т-растудз. ад -20 °C на Пн да 25 °C каля экватара. Найб. нізкія зімовыя т-ры ў раёнах Аймякона і Верхаянска (да -70 °C, полюс холаду Паўн. паўшар’я). У ліпені на Пнт-ра ніжэй за 10 °C, у Цэнтр. Азіі 30 °C і больш. Макс. колькасць ападкаў на наветраных схілах гор Паўд. і Усх. Азіі (напр., у Чэрапунджы, у Індыі, да 12 000 мм за год); у экватарыяльных раёнах — больш за 2000 мм, у субтрапічных і ўмераных мусонных паясах — 600—2000 мм; ва ўнутр. кантынентальных раёнах — менш за 350 мм; у пустынях Аравійскага п-ва і Цэнтр. Азіі — менш як 150 мм за год. Клімат Азіі пустынна-арктычны і субарктычны на Пн; ва ўмераным поясе — рэзка кантынентальны, сухі (Усх. Сібір), умерана кантынентальны (Зах. Сібір); пустынны ў Сярэдняй Азіі, Казахстане і паўн.ч.Цэнтр. Азіі; умераны мусонны на У; міжземнаморскі ў субрапічным поясе (зах. ўскраіна М.Азіі); субтрапічны горна-стэпавы і пустынны на б.ч. М.Азіі; вільготны субтрапічны на У Закаўказзя (Калхідская ніз.); высакагорны пустынны на Паміры, Каракаруме, Тыбеце і інш.; субтрапічны мусонны на ўсх. ускраінах Азіі; трапічны пустынны клімат ва ўнутр. раёнах Зах., Сярэдняй Азіі, Зах. Пакістана; субэкватарыяльны ў Індастане, Індакітаі, усх. раёнах в-ва Ява, экватарыяльны на Зондскіх а-вах і п-ве Малака.
Унутраныя воды. Азія — краіна вялікіх рэк, займае першае месца ў свеце па сумарным аб’ёме сцёку. Водныя рэсурсы размешчаны нераўнамерна. У Паўн. Ледавіты ак. цякуць Об з Іртышом, Енісей з Ангарой і Ніжняй Тунгускай, Лена з Алданам і Вілюем, Яна, Індыгірка, Калыма; у Ціхі ак. — Анадыр, Амур з Сунгары, Усуры і Аргунню, Хуанхэ, Янцзы (самая доўгая і мнагаводная ў Азіі, 5800 км), Сінзян, Меконг і Менам; у Індыйскі ак. — Салуін, Іравадзі, Брахмапутра, Ганг і Інд, а таксама Шат-эль-Араб (утвораны зліццём Тыгра і Еўфрата). Да рэк абласцей унутр. сцёку належаць Амудар’я, Сырдар’я, Чу, Ілі, Кура і інш. Ва ўмераных шыротах рэкі замярзаюць зімой і разліваюцца вясной. Рэкам мусоннай ч. Азіі характэрны летні макс. сцёк, міжземнаморскіх раёнаў — зімовы; рэкі экватарыяльных раёнаў паўнаводныя круглы год. Выкарыстоўваюцца як трансп. артэрыі і для ірыгацыі, маюць значныя энергарэсурсы. Буйныя азёры — Каспійскае і Аральскае моры — з’яўляюцца рэшткамі вял. мораў, у тэктанічных упадзінах ляжаць воз. Байкал (самае глыбокае, 1629 м), Ісык-Куль, Хубсугул, Урмія, Цялецкае; некаторыя азёры ўзніклі ў выніку абвалаў (Сарэзскае), карставых працэсаў (воз.Зах. Таўр). У бяссцёкавых упадзінах шмат салёных азёраў (Кукунор, Туз і інш.). На в-ве Паўн. Зямля, у гарах Памір, Гімалаі, Каракарум, Гіндукуш і інш. ёсць ледавікі. Агульная іх пл. 118,4 тыс.км². Значную тэр.Паўн., Зах. і Усх. Сібіры (каля 11 тыс.км²) займае шматгадовая мерзлата.
Глебы і расліннасць. На раўнінах паўн. і сярэдняй ч. Азіі ярка выяўлена шыротная занальнасць. На Пн уздоўж узбярэжжа Паўн. Ледавітага ак. распасціраюцца арктычныя пустыні, тундра і лесатундра са слаба развітымі тундрава-глеевымі глебамі, на якіх растуць імхі, лішайнікі, ягаднікі, нізкарослыя дрэвы. Далей на Пд тундра і лесатундра змяняюцца вял. паласой зоны тайгі (цемнахвойнай на З — елка, сасна і светлахвойнай на У — піхта, лістоўніца, кедр) з пераважна падзолістымі мярзлотна-таежнымі глебамі. Тайга змяняецца лісцевымі (бярозавымі) лясамі, потым лесастэпам і стэпам з чарназёмнымі і каштанавымі глебамі, а на Д. Усходзе — шыракалістымі лясамі з дубу, клёну, грабу, ліпы. Паўпустыні і пустыні з шэразёмнымі глебамі пашыраны на Аравійскім п-ве, у раёнах Іранскага нагор’я, Сярэдняй і Цэнтр. Азіі (Каракумы, Кызылкум, Гобі, Такла-Макан), дзе характэрна пустынна-стэпавая расліннасць: злакі, палын, саланчакі. У субтропіках Зах. Азіі міжземнаморская ксерафітная расліннасць на карычневых глебах, ва Усх. Азіі — мусонныя мяшаныя і шыракалістыя лясы на жаўтазёмах і чырваназёмах. У тропіках Усх. і Паўн. Азіі мусонныя лістападныя лясы і саванны на чырвона-жоўтых фералітных глебах; на наветраных схілах гор зялёныя лясы. На п-ве Індастан своеасаблівыя чорныя глебы сухіх саваннаў — рэгуры. У экватарыяльных шыротах (Інданезія) мнагаярусныя забалочаныя лясы (гілеі). У гарах вышынная пояснасць: у Паўн. Азіі пераважаюць чорная тайга і тундра, у Сярэдняй і Цэнтр. Азіі — горныя стэп і пустыні, у Паўд. Азіі — горныя трапічныя лясы. Азія — радзіма большасці культ. раслін.
Жывёльны свет вельмі разнастайны і падпарадкаваны шыротнай занальнасці і вышыннай пояснасці. Некаторыя жывёлы маюць вял. арэалы (у ваўка і ліса амаль уся Азія). Самы бедны жывёльны свет на паўн. акіянскіх узбярэжжах і ў тундры (лемінгі, пясцы; з птушак — белая сава, белая курапатка, гусі, гагі); на ўзбярэжжах і ў лядовых прасторах — белы мядзведзь; у морах — морж, цюлень, розныя віды рыб. У лясной зоне водзяцца лось, алені (паўн. алень; на Пд марал і ізюбр), казуля, кабарга, расамаха, буры мядзведзь, рысь, собаль, куніца, гарнастай, вавёрка. Для фауны стэпаў, пустынь і горных пустынь характэрны антылопы (сайгак, джэйран), дзікія бараны і казуля; з драпежнікаў — барс, гепард, паласатая гіена, шакал. Захаваліся кулан, конь Пржэвальскага, дзікі двухгорбы вярблюд, шмат грызуноў (тушканчыкі, суслікі), надзвычай шматлікія паўзуны: яшчаркі (агамы, геконы, вараны), змеі (гюрза, кобра); некалькі відаў чарапах. Небяспечныя павукападобныя: скарпіёны, каракурт, тарантул, фалангі. У Цэнтр. Азіі водзяцца дзікі як, чырвоны воўк, снежны барс; у шыракалістых лясах — плямісты алень, янотападобны сабака, харза, чорны мядзведзь, бамбукавы мядзведзь. На Пд некалькі відаў малпаў: макакі, гібоны, у Інданезіі — арангутангі. У саваннах і экватарыяльных лясах жывуць слон, насарог, дзікі бык (буйвал), тапір, антылопы і інш. Для вывучэння і аховы прыроды ў многіх краінах створаны запаведнікі.
Насельніцтва. У Азіі жыве каля 3,4 млрд.чал. (1994). 80% насельніцтва Азіі сканцэнтравана ў Кітаі, Індыі, Інданезіі, Пакістане і Японіі, дзе шчыльнасць насельніцтва дасягае 200—300 (часам 1500) чал. на 1 км², найб. нізкая шчыльнасць у Сібіры, Цэнтр. і Зах. Азіі (у асобных раёнах няма пастаяннага насельніцтва). У Азіі жывуць прадстаўнікі 3 асн. расаў: мангалоіднай (Усх., Паўд.-Усх., Цэнтр. і часткова Паўд. Азіі, карэнныя жыхары Сібіры і Д.Усходу), еўрапеоіднай (Усх., Паўд.-Усх., Цэнтр. і часткова Паўн. Азіі, карэнныя жыхары Сібіры і Д. Усходу) і акіянскай галіны экватарыяльнай расы (Паўд.-Усх. і Паўд. Азіі). Ёсць пераходныя антрапалагічныя тыпы: пярэднеазіяцкі, пантыйскі, інда-афганскі і інш. Большасць насельніцтва Азіі вызнае іслам (народы Пярэдняй Азіі, малайцы, яванцы і інш. народы Паўд.-Усх. Азіі) і будызм (манголы, карэйцы, кітайцы, японцы, в’етнамцы і інш.); распаўсюджана таксама хрысціянства (рускія, армяне, грузіны, філіпінцы, ч. арабаў Лівана і в’етнамцаў, альфуры), індуізм (насельніцтва Паўд. Азіі), даасізм і канфуцыянства (у Кітаі), сінтаізм (у Японіі), часткова джайнізм і сікхізм (у Індыі), іудаізм (у Ізраілі). У карэйцаў, в’етнамцаў і інш. захаваліся і анімістычныя вераванні.
Палітычны падзел. У межах Азіі і на прылеглых а-вах размешчаны дзяржавы: Аб’яднаныя Арабскія Эміраты, Азербайджан, Аман, Арменія, Афганістан, Бангладэш, Бахрэйн, Бруней, Бутан, В’етнам, Грузія, ч. Егіпта, Ізраіль, Іарданія, Індыя, Інданезія, Ірак, Іран, Йемен, Казахстан, Камбоджа, Карэйская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка, Катар, Кіпр, Кітай, Кувейт, Кыргызстан, Лаос, Ліван, Малайзія, Мальдывы, Манголія, М’янма, Непал, Пакістан, Палесціна (тэр.Зах. берага р. Іардан і сектар Газа), Расійская Федэрацыя, Рэспубліка Карэя, Саудаўская Аравія, Сінгапур, Сірыя, Таджыкістан, Тайланд, б.ч. Турцыі, Туркменістан, Філіпіны, Шры-Ланка, Японія, а таксама тэр. Аамынь (уладанне Партугаліі) і Сянган (Ганконг; уладанне Вялікабрытаніі).
Літ.:
Власова Т.В. Физическая география материков. 3 изд. М., 1976;
Физическая география материков и океанов. М., 1988;
Народы мира: Ист.-этногр. справочник. М., 1988;
Страны и народы: Зарубежная Азия: Общ. обзор;
Юго-Западная Азия. М., 1979;
Страны и народы: Советский Союз: Общ. обзор;
Российская Федерация. М., 1983.
Да арт.Азія. Каменная пустыня.Да арт.Азія. Лістоўнічная тайга ў Заходняй Сібіры (злева); джунглі Малайзіі.Да арт.Азія. Даліна Гейзераў на Камчатцы.Да арт.Азія. Вільготныя субтропікі Закаўказзя.Да арт.Азія. Пясчаная пустыня ў Сярэдняй Азіі.Да арт.Азія. Пік Кхумбутсе ў Гімалаях.