АЛІГА́РХІЯ (ад грэч. oligarchia улада нямногіх),

форма праўлення, пры якой улада належыць невял. групе людзей, звычайна найб. радавітых або заможных. Была характэрная для стараж. Афін, у сярэднявеччы для рэспублік Венецыянскай, Генуэзскай, у 17—18 ст. для Рэчы Паспалітай і інш. Алігархіяй называюць таксама саму́ю кіруючую групу, напр. Фінансавая алігархія.

т. 1, с. 254

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АМВРО́СІЙ (1426 або каля 1430 — каля 1494),

рускі разьбяр і ювелір. Працаваў у Троіцка-Сергіевай лаўры. Створаны ім разьбяны абразок-складзень з выявай Тройцы (1456) — выдатны помнік стараж.-рус. мініяцюры. У гэтым творы, а таксама ў работах інш. майстроў, што працавалі з Амвросіем, прыкметны ўплыў А.Рублёва.

А.​К.​Лявонава.

т. 1, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУНЧУ́К (цюрк.),

1) доўгае дрэўка з шаром ці вастрыём на верхнім канцы, з пасмамі конскіх валасоў і кутасамі. Сімвал улады ў тур. пашэй, у 16—18 ст. таксама польск., літ., укр. гетманаў і атаманаў рус. казацкага войска.

2) Ударны музычны інструмент, упрыгожаны дэкаратыўнымі конскімі хвастамі, у некаторых вайсковых аркестрах.

т. 3, с. 339

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАЛЬЦО́ВЫ СТАНО́К,

станок для здрабнення зерня (пшаніцы, жыта і інш. збожжавых культур), прамежкавых прадуктаў, а таксама солі, мінер. угнаенняў, какава-прадуктаў і інш. матэрыялаў. Мае пару або дзве пары вальцаў, якія верцяцца насустрач адзін аднаму. Вальцовыя станкі з наразнымі вальцамі выкарыстоўваюцца для грубага здрабнення, з гладкімі — для тонкага памолу.

т. 3, с. 495

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́БЫСК,

следчае дзеянне, накіраванае на атрыманне доказаў па крымінальнай справе. Праводзіцца з мэтай пошукаў рэчавых доказаў, якія могуць мець значэнне для справы, выяўлення трупаў, адшукання асоб, а таксама маёмасці для пакрыцця матэрыяльнай шкоды і магчымай канфіскацыі. Вобыск праводзіцца па матываванай пастанове следчага або органа дазнання з санкцыі пракурора.

т. 4, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВУЛКАНАКЛАСТЫ́ЧНЫ МАТЭРЫЯ́Л, эксплазіўны матэрыял,

абломкавы матэрыял, які ў вадкім ці цвёрдым стане выкінуты выбухам пры вывяржэнні вулкана. Памеры ад самых дробных (вулканічны попел) да глыб (вулканічныя бомбы). Утвараецца з лаў, што вывяргаюцца, старых лаў і горных парод, што складаюць сценкі жарала вулкана і бакавых трэшчын. Гл. таксама Эксплазія.

т. 4, с. 292

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫЗНАЧЭ́ННЕ СУДА́,

рашэнне суда 1-й інстанцыі па асобных працэсуальных пытаннях, а таксама любое рашэнне касацыйнай або наглядальнай інстанцый (апрача прэзідыума ці пленума суда) па цывільных і крымін. справах. Рашэнне суда, якое звяртае ўвагу адпаведных арг-цый або службовых асоб на абставіны, што садзейнічалі правапарушэнню, называецца прыватным вызначэннем суда.

т. 4, с. 309

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯ́ЛАЎСКІ ЗАПАВЕ́ДНІК Існаваў у 1940—51 у Валожынскім і Івянецкім р-нах Мінскай вобл. Пл. 13,6 тыс. га (80% пад лесам). Створаны для аховы, аднаўлення і вывучэння каштоўных капытных жывёл — ланей, аленяў, казуль, дзікоў, а таксама рачных баброў. З 1960 тэрыторыя б. запаведніка ў складзе біял. заказніка Налібоцкі.

т. 4, с. 342

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІДРАКРЭ́КІНГ,

каталітычная перапрацоўка высокакіпячых нафтавых фракцый, мазуту ці гудрону для атрымання бензіну, дызельнага і ракетнага паліва, змазачных масел і інш. Праводзяць уздзеяннем вадароду пры 330—450 °C і ціску 5—30 МПа на цэалітзмяшчальных каталізатарах. Працэс гідракрэкінгу вызначаецца высокай выбіральнасцю (выхад мэтавага прадукту да 80%). Гл. таксама Гідрагенізацыя, Крэкінг.

т. 5, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РНЫ ПРАХО́Д,

скразное глыбокае паніжэнне ў горным хрыбце, радзей паміж блізка размешчанымі хрыбтамі. Шырыня звычайна некалькі кіламетраў, часам некалькі соцень метраў. Часта мае важнае трансп. ці стратэгічнае значэнне (напр., Кілікійскія Вароты ў гарах Таўр у Турцыі, Джунгарскія Вароты паміж хрыбтамі Джунгарскі Алатау і Барлык у Казахстане). Гл. таксама Перавал.

т. 5, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)