ГРЖЫМА́ЛІ (Іван Войцехавіч) (13.4.1844, г. Пльзень, Чэхія — 24.1.1915),
расійскі скрыпач і педагог. Па нацыянальнасці чэх. Скончыў Пражскую кансерваторыю (1861). З 1869 у Маскве, выкладаў у Маскоўскай кансерваторыі (з 1874 праф.). Выступаў як саліст і дырыжор. Стварыў адну з буйнейшых рус. скрыпічных школ строга акад. кірунку (у адрозненне ад пецярб. школы Л.Аўэра). Аўтар інструктыўных твораў для скрыпкі. Пераклаў для яе некат. фартэпіянныя творы П.Чайкоўскага, а таксама для скрыпкі, віяланчэлі і фп. «Патэтычнае трыо» М.Глінкі. Сярод яго вучняў: С.Барцэвіч, Д.Крэйн, Л.Любошыц, А.Магілеўскі, А.Печнікаў, М.Прэс, М.Эрдэнка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫ́ДЗІНА (Вольга Уладзіміраўна) (н. 20.6.1945, Мінск),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1972). З 1997 працуе на Барысаўскім камбінаце прыкладнога мастацтва. Сярод твораў: габелены «Нацюрморт з пэндзлямі» (1976), «Беларуская песня» (1977), «Натхненне» (1980), «Мінск» (1983), «Інтэр’ер» (1988), «Зёлкі» (1994), «Пакаянне» (1996); жакардавая тканіна «Стары і новы Мінск» для рэстарана «Мінск» у Патсдаме (Германія, 1977) і інш. Выканала габелены-заслоны для Палаца культуры ў г. Бярдзічаў, (Украіна, 1985, з В.Крываблоцкай) і Палаца рэспублікі ў Мінску (1997, з В.Крывашэевай). У работах гармонія ліній, рытмаў і колераў спалучаецца з лірызмам, багатай вобразнасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫЦЭ́НКА (Людміла Іванаўна) (н. 10.3.1956, в. Усадзішча Ленінградскай вобл.),
бел. мастак дэкар.-прыкладнога мастацтва. Скончыла Бел.тэатр.-маст.ін-т (1979). Працуе на Мінскім маст.-вытв. камбінаце. Сярод твораў: у тэхніках размалёўкі па шоўку — заслоны для Палацаў культуры ў Наваполацку і Чашніках (1980), 2 пано «Беларускія пейзажы» (1985) для музея Ф.Скарыны ў Лондане, батыку — «Маленькі прынц» (1984), «Францыск Скарына» (1986), габелену — трыпціх «Расліны» (1980), «Лянок мой» (1983), «Кветкі ў праталінах» (1985), серыя «Беларускія краявіды» (1987), «Дрэва і ралля» (1997) і інш. Работы вылучаюцца багаццем святлоценявых кантрастаў, эмацыянальнай выразнасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЫ́ШЧАНКА (Міхаіл Міхайлавіч) (н. 13.8.1941, г. Чыта, Расія),
бел. артыст балета. Скончыў Бел. харэаграфічнае вучылішча (1960; выкладаў у ім у 1965—75), Бел.тэатр.-маст.ін-т (1980). У 1960—81 саліст Дзярж.т-ра оперы і балета Беларусі. Танцоўшчык гераічнага плана. Сярод партый: Іван, Машэка, Мікалай («Альпійская балада», «Выбранніца», «Мара» Я.Глебава), Тарэра («Балеро» на муз. М.Равеля), Спартак («Спартак» А.Хачатурана), Тыбальд («Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), Ротбарт («Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Базіль («Дон Кіхот» Л.Мінкуса), Пер Гюнт («Пер Гюнт» на муз. Э.Грыга). Аўтар кн. «Беларускі балет і сучасная тэма» (1989).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́ЦІН (Леанід Мацвеевіч) (н. 16.6.1948, г. Гомель),
бел. кампазітар. Скончыў Бел. кансерваторыю (1974, клас П.Падкавырава). Выкладчык мінскіх дзіцячых муз. школ № 5 (з 1977), № 6 (з 1984). Працуе ў сімф., вак.-сімф., камерна-вак. і камерна-інстр. жанрах, піша музыку для дзяцей. Сярод твораў: 2 сімфоніі (1973, 1982), сімф. паэма (1978), кантаты «Памяць» на словы Р.Тармолы і Л.Дайнекі (1973) і «Песні юнацтва» на словы Э.Агняцвет (1975), саната для фп. (1977), паэма «Галасы адыходзячых» для духавога аркестра (1994), вак. цыкл «Песні беларускага Палесся» на нар. тэксты для барытона і нар. аркестра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛГІ́Х (Уладзімір Віталевіч) (н. 26.2.1969, г. Гродна),
бел. артыст балета. Скончыў Бел. харэаграфічнае вучылішча (1987, педагог Л.Чахоўскі). З 1989 саліст Нац.акад.т-ра балета Беларусі. Творчасці Д. ўласцівы пластычная выразнасць, сэнсавая напоўненасць, тонкая псіхал. распрацоўка партый, высакародства і рамант. ўзнёсласць светаўспрымання яго герояў.
Сярод партый: Яраполк («Страсці» А.Мдывані, Дзярж. прэмія Рэспублікі Беларусь 1996), Прынц, Зігфрыд («Шчаўкунок», «Лебядзінае возера» П.Чайкоўскага), Альберт («Жызэль» А.Адана), Джэймс («Сільфіда» Х.Левенскольда), Палемон («Ундзіна» Г.Генцэ), Паэт («Карміна Бурана» на муз. К.Орфа), Рамэо («Рамэо і Джульета» С.Пракоф’ева), Адам («Стварэнне свету» А.Пятрова), Спартак («Спартак» А.Хачатурана).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАЛЬ (Алег Іванавіч) (25.5.1941, Масква — 3.3.1981),
рускі акцёр. Скончыў Тэатр. вучылішча імя Шчэпкіна (1963). Працаваў у Маск. т-ры «Сучаснік» (да 1977), у 1977—78 у Маск. т-ры на Малой Броннай. Яго мастацтва вызначалася абвостранасцю эмацыянальных рэакцый, інтэнсіўнасцю перажыванняў. Сярод роляў: Васька Пепел («На дне» М.Горкага), Бяляеў («Месяц у вёсцы» І.Тургенева). З 1962 здымаўся ў кіно: «Жэня, Жэнечка і «кацюша», «Хроніка пікіруючага бамбардзіроўшчыка», «Старая, старая казка», «Кароль Лір», «Цень», «Зямля Саннікава», «Прыгоды прынца Фларызеля» (тэлевізійны), «Старонкі дзённіка Пячорына» (тэлеспектакль) і інш.
Літ.:
Олег Даль: Воспоминания. Материалы из архива. М., 1992.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАНЬКЕ́ВІЧ (Канстанцін Фёдаравіч) (24.12.1905, г. Адэса, Украіна — 24.2.1984),
украінскі кампазітар, дырыжор, педагог. Нар.арт.СССР (1954). Скончыў Адэскі муз.-драм.ін-т (1929). З 1929 выкладаў у Адэскай (праф. з 1948, рэктар у 1944—51), у 1953—69 — у Кіеўскай кансерваторыях. У 1956—67 старшыня праўлення Саюза кампазітараў Украіны. Сярод твораў: оперы «Трагедыйная ноч» (1935), «Багдан Хмяльніцкі» (1951), «Назар Стадоля» (1960), балет «Лілея» (1939); 2 сімфоніі; сімф. паэма «Тарас Шаўчэнка», (1939), камерныя, хар. творы, музыка да драм. спектакляў і кінафільмаў. Дзярж. прэмія Украіны імя Т.Шаўчэнкі 1978.
Літ.:
Михайлов М.М. Констянтин Данькевич. 2 вид. Київ, 1974.
французскі шансанье, кампазітар. Сын франц. кінарэжысёра Жуля Д. і скрыпачкі Б.Лонер. Дзед Д. — выхадзец з Расіі (эмігрыраваў у ЗША у пач. 20 ст.). Скончыў Мічыганскі ун-т як этнолаг. Вывучаў амер. і індзейскі фальклор, інтанацыі якога пазней ляглі ў аснову многіх яго песень. У 1950-я г. пакінуў ЗША, жыў у іншых краінах, застаўся ў Францыі. У пач. творчасці зазнаў уплыў франц. кампазітара і шансанье Ж.Брасенса. З 1967 выступаў на эстрадзе (з 1969 у т-ры «Алімпія»). Сярод яго песень найб. папулярныя «Бабіна лета», «Елісейскія палі».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАШЫ́ЕЎ (Дугаржап Цырэнавіч) (н. 15.5.1939, с. Улзар, Бурація, Рас. Федэрацыя),
бурацкі спявак (лірыка-драм. тэнар). Нар.арт. Расіі (1979). Нар.арт.СССР (1986). Скончыў Уральскую кансерваторыю (1969). З 1969 саліст Бурацкага т-ра оперы і балета. Сярод партый: Герман («Пікавая дама» П.Чайкоўскага), Андрэй Хаванскі («Хаваншчына» М.Мусаргскага), Атэла, Дон Карлас, Альфрэд, Радамэс («Атэла», «Дон Карлас», «Травіята», «Аіда» Дж.Вердзі), Хазэ («Кармэн» Ж.Бізэ), Каніо («Паяцы» Р.Леанкавала), Баір («Цудоўны скарб» Б.Ямпілава), Энхэ («Энхэ—Булат-батар» М.Фралова). Лаўрэат Усесаюзнага конкурсу вакалістаў імя Глінкі (Масква, 1968). Дзярж. прэмія Бураціі 1977. Дзярж. прэмія Расіі 1983.