ВА́ЛЬТЭР ФОН ДЭР ФО́ГЕЛЬВАЙДЭ (Walther von der Vogelweide; каля 1170 — каля 1230),
нямецкі і аўстрыйскі паэт-мінезінгер. Паводле розных версій, нарадзіўся або ў Ціролі (Аўстрыя), або ў Швейцарыі, або ў Сярэдняй Германіі. Вёў жыццё вандроўнага паэта, жыў пры дварах Філіпа Швабскага, Германа Цюрынгскага, Фрыдрыха II. Пісаў лірычныя песні (у асн. пра каханне, часта з маральна-дыдактычным адценнем) і шпрухі — песні-павучанні. Насуперак традыцыі меланхалічнага мінезангу, што панавала пры Венскім двары, апяваў радасці жыцця і кахання, сцвярджаў права чалавека на зямное шчасце. Пераадольваючы схематызм мінезангу, узбагаціў яго каларытнымі жывапіснымі дэталямі і новымі матывамі (гал. гераіня верша «Каханая, хай Бог...» не высакародная дама, а простая дзяўчына са шчырым сэрцам). Упершыню ўвёў у куртуазную паэзію нар. песенныя структуры («У гаі, пад ліпкай...» — славутая песня з вясёлым нар. рэфрэнам «тандарадай» і інш.). Яго песні адметныя прастадушнасцю, дэмакратычнасцю, шчырасцю інтанацыі і вытанчанасцю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВО́ЛЯ,
1) у псіхалогіі свядомая самарэгуляцыя суб’ектам сваёй дзейнасці і паводзін, якая забяспечвае пераадоленне цяжкасцей пры дасягненні мэты. Розныя вытлумачэнні волі ў філасофіі і псіхалогіі звязаны з процілегласцю канцэпцый дэтэрмінізму і індэтэрмінізму. Першы разглядае волю як абумоўленую звонку (фіз., псіхал., сац. прычынамі або божым прадвызначэннем), другі — як аўтаномную і незалежную сілу (гл.Свабода волі). У вучэннях валюнтарызму воля ўяўляецца як адвечная і першасная падстава сусветнага працэсу і чалавечай дзейнасці. У т.зв. «аўтагенетычных» тэорыях воля разглядаецца як нешта спецыфічнае, незалежнае, што не зводзіцца да якіх-н. працэсаў (В.Вунт, Н.Ах, І.Ліндворскі), а ў «гетэрагенетычных» тэорыях — як нешта другаснае, прадукт інш.псіхал. фактараў і з’яў (І.Ф.Гербарт, Г.Эбінгаўз, Э.Блейлер, прадстаўнікі асацыянізму).
2) У праве — адлюстраваная ў сістэме нормаў права воля класа, які эканамічна і палітычна пануе ў грамадстве. Тэрмін «воля» выкарыстоўваецца ў заканадаўстве і як сінонім волевыяўлення ўдзельнікаў праваадносін.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕ́ЙДЭНШТЭЙН, Гайдэнштайн (Heidenstein) Рэйнгальд
[1553, в. Сулячына Слупскага ваяв., Польшча — 24.12.1620],
нямецкі і польскі гісторык, дыпламат, юрыст. Вучыўся ва ун-тах Кёнігсберга, Вітэнберга, Падуі, Парыжа, Арлеана. Сакратар прускага герцага Альбрэхта II Фрыдрыха, з 1582 — вял. князёў ВКЛ і каралёў польскіх Стафана Баторыя і Жыгімонта III Вазы. Выконваў дыпламат. даручэнні, падрыхтаваў рэформу феад.права Прусіі. З 1612 у адстаўцы, займаўся гісторыка-літ. творчасцю. На падставе дакументаў і сведчанняў удзельнікаў у 1584 выдаў на лац. мове «Запіскі аб Маскоўскай вайне» — храналагічнае апісанне апошняга перыяду Лівонскай вайны 1558—83. Твор — каштоўная крыніца па гісторыі вайны. «Запіскі...» увайшлі ў гал. працу Гейдэнштэйна — «Гісторыю Польшчы ад смерці Жыгімонта Аўгуста» (выдадзена ў 1672 яго сынам Янам), якая ахоплівае падзеі 1572—1603. Гейдэнштэйн выступаў за моцную каралеўскую ўладу, ухваляў дзейнасць Баторыя. Напісаў паліт. трактат «Канцлер» і біяграфію свайго заступніка кароннага канцлера Я.Замойскага.
Тв.:
Рус.пер. — Записки о Московской войне (1578—1582). СПб., 1889.
аўстрыйскі пісьменнік і драматург, прадстаўнік т.зв. венскай школы імпрэсіянізму. Вывучаў права і раманскія мовы і л-ры ў Вене. У 1906 пачаў супрацоўніцтва з кампазітарам Р.Штраусам, для якога напісаў п’есы-лібрэта «Электра» (1906, паводле аднайм. драмы 1904) і «Кавалер руж» (1911). У 1917 разам з М.Райнгартам заснаваў Зальцбургскі муз. фестываль. Аўтар аднаактовых вершаваных драм «Смерць Тыцыяна» (1892), «Дурань і смерць» (1894), п’ес «Эдып і сфінкс» (1906), «Вяртанне Крысціны дамоў» (1910), «Зальцбургскі вялікі тэатр жыцця» (1922), «Вежа» (1925), у якіх захапленне артыстычнай атмасферай і культурай вытанчаных формаў старой Вены спалучаецца з трывожным роздумам аб праблемах сучаснасці. У лірычных вершах (зб. «Вершы і маленькія драмы», 1907), апавяданнях (зб. «Казка 672 начы і іншыя апавяданні», 1895), кнізе эсэ «Паэт і наш час» (1907) па-імпрэсіянісцку тонка перадаў уражанні быцця, нюансы стану душы, непарыўнае адзінства чалавечай гісторыі і культуры.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДРУГА́Я УСТА́ЎНАЯ ГРА́МАТАда народаў Беларусі,
юрыдычны і паліт. акт, выдадзены 9.3.1918 Выканаўчым камітэтам рады Усебеларускага з’езда ў Мінску. Беларусь абвяшчалася Беларускай Народнай Рэспублікай (БНР). Канстытуцыйны лад БНР закладваўся як дэмакр., парламенцкай і прававой дзяржавы. Да склікання Устаноўчага Сойма заканадаўчая ўлада ў БНР перадавалася радзе Усебел. з’езда, выканаўчая — Народнаму сакратарыяту Беларусі. Грамадзянам БНР гарантавалася свабода слова, друку, сходаў, забастовак, паліт., прафесійных і культ. арг-цый, свабода сумлення, недатыкальнасць асобы і жылля. Народам БНР прадастаўлялася права на нац.-персанальную аўтаномію, іх мовы абвяшчаліся раўнапраўнымі. Касавалася прыватная ўласнасць на зямлю, якая без выкупу перадавалася тым, хто на ёй працуе; лясы, азёры і нетры абвяшчаліся ўласнасцю дзяржавы.
Аднак у дакуменце не вызначаліся дакладныя тэр. дзяржавы і характар адносін БНР з інш. дзяржавамі. У выніку ўнутр. барацьбы ў кіраўніцтве БНР, Беларускай сацыялістычнай грамадзе і пад уздзеяннем знешніх абставін Рада БНР вымушана была прыняць Трэцюю Устаўную грамату.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Е́СЕНСКІ ((Jesenský) Янка) (30.12.1874, г. Марцін, Славакія — 27.12.1945),
славацкі пісьменнік. Д-рправа (1901). Нар. мастак Чэхаславакіі (1945). Друкаваўся з 1897, прызнанне атрымаў як паэт-лірык (зб. «Вершы», 1905, і «Вершы II», выд. ў 1923) і як навеліст з яркім сатырычным талентам (кн. «Правінцыяльныя апавяданні», 1913). У 1-ю сусв. вайну на ўсх. фронце, добраахвотна здаўся ў палон. Знаходзіўся ў лагерах, потым на вольным пасяленні ў Варонежы, Кіеве і Пецярбургу, дзе працаваў у рэдакцыі славацкай газеты. Настроі гэтай пары адлюстраваны ў зб. вершаў «З палону» (1919) і ў кн. ўспамінаў «Шляхам да волі» (1933). У паэт. зб-ках «Пасля буры» (1934), «Супраць ночы» і «На злобу дня I, II» (абодва 1945), «Чорныя дні» (1948) рэзкая крытыка тагачасных падзей, асабліва фашызму. Аўтар кн. апавяданняў «Навелы» (1921), «З старых часоў» (1935), сатыр. рамана «Дэмакраты» (ч. 1—2, 1934—37).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІАА́Н ПА́ВЕЛ II [Iōannēs Paulus; свецкае Вайтыла; (Wojtyla) Кароль Юзаф; н. 18.5.1920, г. Вадавіцы, Польшча],
папа рымскі з 1978. З 1938 вучыўся ў Ягелонскім ун-це. У 2-ю сусв. вайну працаваў на кракаўскім хім. з-дзе. У 1946 прыняў сан свяшчэнніка. У 1946—48 вучыўся ў Рыме, Бельгіі і Францыі. З 1958 біскуп, з 1963 арцыбіскуп-мітрапаліт кракаўскі; удзельнічаў у рабоце 2-га Ватыканскага сабора. З 1967 кардынал. Пантыфікат І.П.ІІ вядомы адкрытым дыялогам: пасрэднічае ў міжнар. канфліктах, выступае са зваротамі аб міры, праводзіць супольныя малітвы з прадстаўнікамі інш. канфесій. Пры ім праведзена рэформа кананічнага права (1984), выдадзены новы «Катэхізіс каталіцкай царквы» (1992), рэарганізавана Рымская курыя, ажыццёўлены шматлікія кананізацыі і беатыфікацыі. Аўтар прац па праблемах хрысціянскай філасофіі чалавека («Любоў і адказнасць», 1960; «Асоба і ўчынак», 1969; «Пытанні суб’екта маральнасці», 1991), шматлікіх энцыклік, а таксама вершаў, паэм, п’ес.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗІМІ́Р IIIВялікі
(Kazimierz III Wielki; 30.4.1310, г. Коваль, Польшча — 5.11.1370),
польскі кароль [1333—70]; апошні кароль з дынастыі Пястаў. Імкнуўся да ўзмацнення і аднаўлення цэласнасці Польшчы, апіраючыся на саюз з Венгрыяй і папствам. У 1343 заключыў мір з крыжакамі. У 1349—52 пры падтрымцы Венгрыі захапіў б.ч. былога Галіцка-Валынскага княства, у 1356 падпарадкаваў Мазовію, у 1365 — Сантак і Дрэздэнка, у 1368 адваяваў у Брандэнбурга ч. Новай Маркі. Імкнуўся да цэнтралізацыі ўлады, спрыяў развіццю гарадоў, рамёстваў, гандлю. Ажыццявіў кадыфікацыю звычаёвага права (гл.Вісліцка-Петракоўскія статуты 1346—47), у 1334 выдаў прывілей для яўрэяў з мэтай урэгулявання іх прававога статуса ў Польшчы, упарадкаваў падаткі і правёў грашовую рэформу. Пабудаваў каля 50 замкаў. Заснаваў у Кракаве ун-т (1364, першы ў Польшчы).
Літ.:
Шабульдо Ф.М. Земли Юго-Западной Руси в составе Великого княжества Литовского. Киев, 1987;
Dąbrowski I. Kazimierz Wielki, twórca Korony Królestwa Polskiego. Wrocław etc., 1964.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЛЕ́КЦЫЯ (ад лац. collectio збіранне, збор),
сістэматызаваны збор якіх-н. прадметаў ці твораў мастацтва (аднародных або аб’яднаных агульнай тэмай), якія ўяўляюць навук., маст. і інш. цікавасць. Паводле заканадаўства Рэспублікі Беларусь, уласнікам К. можа быць фіз. або юрыд. асоба. Іх асн. правы рэгулююцца законам аб уласнасці, адпаведнымі нормамі цывільнага заканадаўства і Законам «Аб ахове гісторыка-культурнай спадчыны» ад 13.11.1992. Усе рухомыя прадметы, што складаюць К. і з’яўляюцца каштоўнымі ў гіст. або культ. сэнсе, падлягаюць дзярж. ўліку, які ажыццяўляецца Дзярж. інспекцыяй Рэспублікі Беларусь па ахове гісторыка-культ. спадчыны (ДзінАС). Продаж, дарэнне або інш. адчужэнне дазваляецца толькі з абавязковым папярэднім паведамленнем у адпаведныя органы культуры. Пераважнае права набыцця К. ў выпадку яе продажу належыць дзяржаве. Вываз за межы краіны па пастаяннае захоўванне забараняецца. Часовы вываз К. з мэтай міжнар.культ. абмену праводзіцца ў адпаведнасці з патрабаваннямі заканадаўства. Гл. таксама Калекцыяніраванне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМБАТА́НТЫ (ад франц. combattant воін, баец),
у міжнародным праве асобы, якія ўваходзяць у склад узбр. сіл ваюючых дзяржаў і прымаюць удзел у ваен. дзеяннях. К. з’яўляюцца: асабовы склад сухапутных, ваенна-марскіх і ваенна-паветр. сіл; партызаны, асабовы склад апалчэння і добраахвотніцкіх атрадаў, калі яны маюць на чале асобу, адказную за сваіх падначаленых, пэўны, бачны здалёку знак адрознення, выконваюць у сваіх дзеяннях правілы вядзення вайны, адкрыта носяць зброю ў час ваен. сутыкнення, а таксама ў час, што папярэднічае яму; экіпажы гандл. марскіх суднаў і самалётаў грамадз. авіяцыі, калі яны пераабсталяваны ў ваенныя. Сучаснае міжнар.права разглядае ў якасці К. байцоў, якія ўдзельнічаюць у нац.-вызв. войнах. У выпадку, калі насельніцтва неакупіраванай тэрыторыі пры набліжэнні непрыяцеля не паспела сфарміравацца ў рэгулярныя часці, але бярэцца за зброю, таксама прызнаецца К. Захопленыя варожым бокам К. карыстаюцца рэжымам ваеннапалоннага. Найб. поўны прававы статус К. вызначаецца ў адпаведных міжнар. канвенцыях.