Am, штучны радыеактыўны хім. элемент, ат. н. 95, адносіцца да актыноідаў. Стабільных ізатопаў не мае, штучна атрыманы 13, найб. устойлівы 243Am (перыяд распаду 7370 г.).
Адкрыта ў 1944 амер. вучонымі пры апрамяненні 239Pu нейтронамі. Серабрысты метал, шчыльн. 13,67∙103кг/м³, tпл = 1173 °C. Выкарыстоўваецца ў нейтронных крыніцах, дэфектаскапіі, для атрымання больш цяжкіх элементаў (напр., плутонію, кюрыю). Высокатаксічны. Пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС (1986) ёсць на забруджаных тэр. Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АДО́ЛЬСКАЯ (Адамовіч) Мар’яна
(1767?, Паставы — ?),
танцоўшчыца. Прыгонная А.Тызенгаўза. Вучылася ў яго балетных школах у Гродне (у Г.Петынеці) і Паставах (у Ле Ду). У 1778 саліравала ў школьным спектаклі «Сялянскі балет» Петынеці, выступала ў балеце «Шлюб самнітаў» (1783) і інш. на сцэне Гродзенскага т-ра Тызенгаўза. Пасля смерці Тызенгаўза (1785) перададзена каралю Станіславу Аўгусту Панятоўскаму і ўвайшла як другая салістка ў трупу «Т-ва танцоўшчыкаў яго каралеўскай вялікасці». У 1789 пакінула сцэну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗА́Л ((Özal) Тургут) (13.10.1927, г. Малацья, Турцыя — 17.4.1993),
дзярж. і паліт. дзеяч Турцыі. Скончыў Стамбульскі тэхн.ун-т (1950). Займаўся выкладчыцкай дзейнасцю, працаваў у розных мін-вах і прыватных кампаніях, у 1967—71 узначальваў дзярж. планавую арг-цыю. У 1980—82 нам. прэм’ер-міністра па эканам. пытаннях. У 1983 пасля зняцця ў Турцыі забароны на паліт. дзейнасць — ген. старшыня Партыі айчыны. У 1983—89 прэм’ер-міністр, у 1989—93 прэзідэнт Турэцкай рэспублікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
А́ЗІН (Уладзімір Марцінавіч) (8.10.1895, в. Мар’янава Полацкага р-на — 18.2.1920),
ваенны дзеяч. Скончыў Полацкае рэальнае вучылішча. Працаваў у Рызе, Полацку. З 1916 у арміі. На чале батальёна, Арскай групы, зводнай і стралк. дывізій змагаўся супраць белагвардзейцаў і белачэхаў, войскаў Калчака на Урале, Дзянікіна пад Царыцынам, у Сальскіх стэпах, на Доне і інш. 17.2.1920 узяты ў палон і пасля катаванняў павешаны ў станіцы Ціхарэцкай. У Полацку помнік Азіну.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АБЛІЦО́ВАЧНЫЯ РАБО́ТЫ,
аддзелка вонкавых і ўнутр. паверхняў збудаванняў ліставымі і плітачнымі матэрыяламі, разнавіднасць аддзелачных работ. Павышаюць даўгавечнасць і паляпшаюць архітэктурна-маст. выразнасць будынкаў. Асн. аперацыі: сартаванне і падрыхтоўка абліцовачных матэрыялаў, прыгатаванне буд. раствораў, клеяў і масцік, падрыхтоўка і разметка паверхні, уласна абліцоўка. Вонкавыя абліцовачныя работы выконваюць адначасова з муроўкай сцен ці пасля іх узвядзення, унутраныя праводзяць па заканчэнні агульных буд. работ. Адзін з відаў абліцовачных работ — мазаічнае пакрыццё (гл. ў арт.Мазаіка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АСНО́ЎНЫЯ ФАРБАВА́ЛЬНІКІ,
сінтэтычныя арганічныя фарбавальнікі, якія маюць у сабе асн. групы (амінагрупы). З кіслотамі ўтвараюць водарастваральныя солі, з гетэраполікіслотамі — святлоўстойлівыя нерастваральныя лакі. Выпускаюцца ў выглядзе соляў пераважна салянай, сернай, шчаўевай кіслот. Афарбоўваюць валокны з кіслотнымі групамі (шэрсць, натуральны шоўк, поліамідныя валокны), трымаюцца на іх дзякуючы іонным сувязям; цэлюлозныя валокны афарбоўваюцца толькі пасляпратраўлення. Асноўныя фарбавальнікі надаюць матэрыялам яркі колер, малаўстойлівы да дзеяння святла і шчолачных раствораў. Выкарыстоўваюцца ў паліграф., тэкст. і гарбарнай прам-сці.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎСЯ́НЫ КІСЕ́ЛЬ,
старадаўняя бел. мучная страва. Варылі з аўсянай мукі грубага памолу, часам з вотруб’я. Муку залівалі вадой і ставілі на ноч у цёплае месца. Раніцай выціскалі на рэшаце (сітку) і цэд варылі. Пасля разлівалі ў посуд і ставілі ў халоднае месца, каб кісель застыў. Елі з алеем, малаком, маслам, сытою. На посную куццю аўсяны кісель быў адной з абрадавых страў. Сыры цэд давалі дзецям ад глістоў. Вадкі аўсяны кісель наз. журам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАНО́МНАЯ ВО́БЛАСЦЬ,
у б.СССР вобласць, якая вызначалася асаблівасцямі нац. складу і быту і ўваходзіла ў склад саюзнай рэспублікі ці краю на правах адм. аўтаноміі. У 1990 было 8 аўт. абласцей, з іх 5 у РСФСР: Адыгейская, Горна-Алтайская, Карачаева-Чэркеская, Хакаская і Яўрэйская; 1 у складзе Груз. ССР — Паўд.-Асецінская; 1 у Азерб. ССР — Нагорна-Карабахская і 1 у Тадж. ССР — Горна-Бадахшанская. Пасля распаду СССР у Рас. Федэрацыі існуе Яўрэйская аўтаномная вобласць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛГІ (лац. Belgae),
кельцкія плямёны (амбіяны, атрэбаты, белавакі, менапіі, марыны, рэмы, суесіёны і інш.) ў Паўн. Галіі (паміж рэкамі Сена і Рэйн) і на ўзбярэжжы Брытаніі. Белгі з Галіі падпарадкаваны Ю.Цэзарам у 58—51 да н.э. З 16 да н.э. тэрыторыя іх рассялення склала рымскую правінцыю Белгіка. Белгі на тэр. Брытаніі заваяваны рымлянамі ў сярэдзіне 1 ст.н.э. У 5 ст.пасля заваявання Белгікі франкамі белгі былі часткова знішчаны захопнікамі, часткова зліліся з імі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕ́ЛЫЯ ЗЕ́МЛІ (абеленыя, абельныя),
землі феадалаў у Рус. дзяржаве 16—17 ст., насельніцтва якіх вызвалялася ад дзярж. падаткаў і павіннасцяў.
Белыя землі лічыліся асабістыя панскія ўгоддзі і землі памешчыкаў, якія неслі вайск. службу. У гарадах двары феадалаў і служылых людзей былі аб’яднаны ў «белыя слабоды», прывілеяванае становішча якіх выклікала незадаволенасць насельніцтва пасадаў. Пасля Маскоўскага паўстання 1648 паводле Саборнага ўлажэння 1649 «белыя слабоды» ўключаны ў пасады, а іх насельніцтва прыраўнавана ў правах да пасадскіх людзей.