ГЕЛІЯЛІТАІДЭ́І (Heliolitoidea),

падклас вымерлых каланіяльных беспазваночных жывёл кл. каралавых паліпаў. 3 атр., 8 сям., 30 родаў. Жылі ў сярэднім ардовіку — сярэднім дэвоне на мелкаводдзі амаль усіх мораў зямнога шара. На Беларусі мноства знаходак вядома з верхнесілурыйскіх адкладаў на ПдЗ (Падляска-Брэсцкая ўпадзіна), значна радзей трапляюцца ў інш. рэгіёнах (паўн. схіл Бел. антэклізы).

Мелі масіўны вапняковы шкілет, які складаўся з круглых трубак (каралітаў), поласць кожнага была падзелена шматлікімі папярочнымі днішчамі; унутры 12 верт. перагародак (септаў). Паміж каралітамі знаходзіўся прамежкавы шкілет (цэненхіма) з вапняковых пузыркоў (дысепіментаў), трубачак (сіфонапораў) або верт. слупкоў (трабекулаў). Па рэштках геліялітаідэяў вызначаюць узрост палеазойскіх адкладаў.

т. 5, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́ЛЬФМАН (Геся Меераўна) (Міронаўна; паміж 1852—55, г. Мазыр Гомельскай вобл. — 13.2.1882),

рэвалюцыянерка-народніца. У час вучобы на курсах у Кіеве (1874) вяла рэв. прапаганду сярод рабочых. У 1877 зняволена на 2 гады. З 1879 чл. партыі «Народная воля». На канспіратыўных кватэрах Гельфман у Пецярбургу размяшчалася друкарня нарадавольскай «Рабочей газеты», хаваліся выбуховыя рэчывы, рыхтаваўся замах на Аляксандра II. 15.3.1881 арыштавана і разам з інш. арганізатарамі замаху прыгаворана да павешання; выкананне прыгавору адтэрмінавана ў сувязі з яе цяжарнасцю. Шырокая кампанія ў абарону Гельфман у замежным друку прымусіла цара замяніць пакаранне смерцю на пажыццёвую катаргу. Памерла ў турме ў час родаў.

т. 5, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРАСІМО́ВІЧ (Георгій Ігнатавіч) (н. 18.1.1930, в. Новы Двор Мінскага р-на),

бел. вучоны ў галіне акушэрства і гінекалогіі. Д-р мед. н. (1975), праф. (1978). Засл. дз. нав. Беларусі (1990). Скончыў Мінскі мед. ін-т (1956) і з 1959 працуе ў гэтым ін-це (з 1976 заг. кафедры). Навук. працы па метадах кансерватыўнага лячэння дабраякасных пухлін, хірург. лячэнні анамалій развіцця жаночых палавых органаў, прафілактыцы і лячэнні гнойна-запаленчых ускладненняў у акушэрстве і гінекалогіі.

Тв.:

Советы врача молодоженам. 2 изд. Мн., 1986;

Методы лазеротерапии в акушерстве и гинекологии. Мн., 1992 (разам з К.​І.​Малевічам, П.​С.​Русакевічам).

т. 5, с. 170

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́РВЕГ ((Herwegh) Георг) (31.5.1817, г. Штутгарт, Германія — 7.4.1875),

нямецкі паэт, крытык. У 1839 эміграваў у Швейцарыю, з 1848 у Парыжы. З 1866 у Бадэн-Бадэне (Германія). Арыентаваўся на творчасць Р.Бёрнса і П.Беранжэ. Спалучаў песенны лад вершаў з сац. насычанасцю тэматыкі. У зб. «Вершы жывога чалавека» (ч. 1—2, 1841—43) пераважае паліт. лірыка, скіраваная супраць феад.-манархічнага ладу і ням. філістэрства. Вершы 1846 у асноўным пра паўстанне 1830—31 у Польшчы, на Беларусі і ў Літве. Цыкл вершаў прысвяціў рэв. падзеям 1848—49 у Еўропе.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. М., 1958.

Г.​В.​Сініла.

т. 5, с. 173

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРЦ ((Hertz) Густаў Людвіг) (22.7.1887, г. Гамбург, Германія — 30.10.1975),

нямецкі фізік. Чл. Германскай АН у Берліне (ГДР), замежны чл. АН СССР (з 1958). Пляменнік Г.Р.Герца. Вучыўся ў Мюнхенскім і Берлінскім ун-тах. У 1913—45 у НДІ і ун-тах Германіі і Фінляндыі. З 1945 працаваў у СССР, у 1954—62 дырэктар Фіз. ін-та ў г. Лейпцыг. Навук. працы па атамнай спектраскапіі і фізіцы плазмы. Сумесна з Дж.​Франкам эксперыментальна даказаў існаванне ў атамах дыскрэтных узроўняў энергіі (дослед Франка і Герца), што пацвердзіла тэорыю Бора. Распрацаваў дыфузійны метад раздзялення ізатопаў. Нобелеўская прэмія 1925. Дзярж. прэмія СССР 1951.

Г.Л.Герц.

т. 5, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕТЭРАГЕ́ННАЯ СІСТЭ́МА,

макраскапічна неаднародная фізіка-хімічная сістэма, якая складаецца з некалькіх розных па фіз. уласцівасцях ці хім. саставе частак (розных фаз).

Адна фаза гетэрагеннай сістэмы аддзелена ад сумежнай з ёй фазы фіз. паверхняй падзелу, што дазваляе механічна раздзяліць іх. Напр., вадкасць і насычаная пара над ёй (розніца ў агрэгатным стане); дзве вадкасці, якія не змешваюцца паміж сабой, — алей і вада (розніца ў саставе). Мікрагетэрагеннымі часта называюць дысперсныя сістэмы з памерамі часцінак ад 5∙10​−3 да 10 мкм (золі, мікраэмульсіі і інш.), якія складаюць пераходную вобласць паміж гетэрагеннай сістэмай і гамагеннай сістэмай.

т. 5, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕГІЯЗА́РАЎ (Юрый Рыгоравіч) (н. 22.5.1933, Баку),

бел. вучоны ў галіне нафтахіміі. Д-р тэхн. н. (1984), праф. (1989). Скончыў Азерб. індустр. ін-т (1956). З 1962 у Ін-це фізіка-арган. хіміі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па вывучэнні хім. складу і тэхнал. уласцівасцей бел. нафты, каталітычных сістэм для перапрацоўкі вуглевадароднай сыравіны. Распрацаваў комплексную схему рацыянальнай перапрацоўкі нафты бел. радовішчаў, каталітычныя сістэмы для вытв-сці капралактаму, ачысткі прамысл. газавых выкідаў.

Тв.:

Химия промышленных нефтей Белоруссии. Мн., 1972 (разам з М.​С.​Казловым, У.​І.​Куліковым);

Гетерогенпо-каталитическая изомеризация углеводородов. Мн., 1989 (разам з М.​Ф.​Саўчыцам, Э.​Я.​Усцілоўскай).

т. 6, с. 382

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАЛІ́БА (Барыс Мікалаевіч) (1.10.1949, г. Ходараў, Украіна),

бел. вучоны-эканаміст. Д-р эканам. н. (1992), праф. (1995). Скончыў Бел. дзярж. ін-т нар. гаспадаркі (1970). З 1972 у Бел. дзярж. тэхнал. ун-це (з 1993 заг. кафедры эканомікі). Даследуе праблемы рыначнага гасп. механізму, інтэнсіфікацыі і павышэння эканам. эфектыўнасці вытв-сці на прадпрыемствах ляснога комплексу ва ўмовах розных форм уласнасці.

Тв.:

Эффективность ведения лесного хозяйства Белоруссии. Мн., 1986;

Повышение эффективности использования лесосырьевых ресурсов БССР. Мн., 1989 (у сааўт.);

Хозрасчет и эколого-экономическая оценка земельных и лесных ресурсов в лесхозах Беларуси. Мн., 1993 (разам з А.​Д.​Янушкам, М.​М.​Санковічам).

т. 6, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖАПУРА́, Япура (Japurá, Yapurá),

рака ў Бразіліі і Калумбіі (дзе наз. Какета, Caquetá). Левы прыток р. Амазонка. Даўж. 1930 км, пл. бас. 282 тыс. км². Пачынаецца ў Цэнтр. Кардыльеры Калумбіі. У верхнім цячэнні, у Андах і ў зах. ч. Гвіянскага пласкагор’я парожыстая, на Амазонскай нізіне шырокая і спакойная, у ніжнім цячэнні ўтварае шматлікія рукавы, пратокі (адзін з іх злучаецца з Амазонкай на 600 км вышэй за вусце Ж.). Жыўленне дажджавое. Паводка з сак. да ліпеня. Сярэдні гадавы расход вады 17900 м³/с. Суднаходная ў межах Бразіліі і на асобных участках у Калумбіі.

т. 6, с. 424

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖБАНКО́Ў (Расціслаў Георгіевіч) (н. 30.10.1930, г. Рагачоў Гомельскай вобл.),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1972), праф. (1974). Скончыў БДУ (1954). З 1959 у Ін-це фізікі Нац. АН Беларусі. Навук. працы па спектраскапіі вугляводаў, бялкоў, прыродных і сінт. палімераў. Даследаваў і сістэматызаваў спектральныя характарыстыкі асн. стэрэаізамерных форм вугляводаў, выявіў асн. тыпы канфармацыі монацукрыдаў і іх палімераў, распрацаваў комплекс спектраскапічных метадаў тонкага структурнага аналізу розных відаў палімераў.

Тв.:

Физика целлюлозы и ее производных. Мн., 1983 (разам з П.​В.​Казловым);

Внутри- и межмолекулярные взаимодействия в углеводах. Мн., 1988 (разам з В.​П.​Пановым).

т. 6, с. 429

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)