Да гэтай групы карысных выкапняў належаць торф і выяўленыя на Беларусі ў 2-й пал. 20 ст. нафта, спадарожны газ, буры вугаль, гаручыя сланцы. Прамысл. радовішчы нафты і газу, а таксама нафтаносныя плошчы знаходзяцца на Пд Беларусі ў межах Прыпяцкага прагіну (Гомельская і Магілёўская вобл.). Адкрыта 8 зон прамысл. нафтагазанамнажэння: Судавіцка-Бярэзінская, Азямлінска-Першамайская, Аляксандраўская, Рэчыцка-Вішанская, Чырвонаслабодская, Маладушынская, Камаровіцка-Савіцкая, Калінінская) і 2 участкі (Дуброўскі і Ветхінскі); адкрыта і разведана 65 радовішчаў, з якіх 64 нафтавыя і адно нафтагазакандэнсатнае. Пошукі нафты пачаліся з 1950-х г., а першае Рэчыцкае радовішча нафты адкрыта ў 1964. Прамысл. здабыча нафты пачалася ў 1965. Пачатковыя здабыўныя запасы нафты ў Прыпяцкай газанафтаноснай вобласці ацэнены ў 355,5 млн.т і 45,7 млрд.м³ растворанага газу. У прамысл. катэгорыі да 2003 пераведзена 170,5 млн.т нафты (з якіх ужо здабыта 108 млн.т) і каля 13,3 млрд.м³ газу. У адкрытых радовішчах засталося разведаных 62,5 млн.т нафты. Неразведаныя (прагнозныя) здабыўныя запасы нафты ацэньваюцца ў 185 млн.т, а астатак растворанага газу — 32,4 млрд.м³.
Нафтавыя паклады звязаны з падсалявымі франскімі, міжсалявымі і верхнесалявымі фаменскімі адкладамі верхняга дэвону, а на 2 радовішчах — з верхнепратэразойскімі адкладамі. Радовішчы звычайна шматпластовыя, паклады б.ч. тэктанічна экраніраваныя, іншыя — скляпенныя і літалагічна абмежаваныя. Калектары асн. пакладаў каверна-порава-трэшчынаватыя карбанаты, а ў тэрыгеннай падсалявой дэвонскай і пратэразойскай тоўшчах — порыстыя пясчанікі. Асобныя паклады знаходзяцца на глыб. 1600—4580 м і маюць складаную будову. Пошукамі і разведкай нафтавых радовішчаў займаюцца РУП «Белгеалогія» і РУП ВА «Белнафта». Здабычу нафты ажыццяўляе РУП ВА «Белнафта», яе перапрацоўка вядзецца на Наваполацкім ВА «Нафтан» і Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе. Штогадовая здабыча складае каля 1,8 млн.т і забяспечвае патрэбы краіны на 17—18%.
Вывучэнне тарфяных радовішчаў на Беларусі пачалося ў 19 ст., а мэтанакіраванае — па генезісе, узросце, якасці, комплексным выкарыстанні — пасля арганізацыі Інстытута торфу АНБССР (1932). Да пач. здабычы торфу і асушэння балот агульная пл. тарфяных радовішчаў складала 2,9 млн.га (14% усёй тэр.), геал. запасы ацэньваліся ў 5,7 млрд.т. На 2001 у разведаных 9191 радовішчы на пл. 2,4 млн.га запасы складаюць 4,37 млрд.т. Тарфяныя радовішчы ёсць практычна ва ўсіх раёнах краіны, найбольшая затарфаванасць у Брэсцкай, Мінскай і Гомельскай абласцях, найменшая — у Гродзенскай і Магілёўскай. Магутнасць тарфяных пакладаў на асобных радовішчах дасягае 4—8 м. Торф выкарыстоўваюць як паліва, для вытв-сці арган. і аргана-мінер. угнаенняў, біястымулятараў, кармавых дражджэй, тарфянога воску, лекавых прэпаратаў і інш. Значныя плошчы тарфяных балот асушаны і выкарыстоўваюцца як меліяраваныя землі. Увесь тарфяны фонд рэспублікі размеркаваны на мэтавыя фонды (на 2001): прыродаахоўны (783 млн.т), зямельны (1563 млн.т), які распрацоўваецца (258 млн.т), запасны, што ўключае каштоўныя віды торфу для хіміі і медыцыны (103 млн.т), неразмеркаваны астатак (1465 млн.т), выпрацаваных радовішчаў (198 млн.т).
Буры вугаль на тэр. Беларусі звязаны з вугляноснымі фармацыямі кантынентальных адкладаў карбону, сярэдняй юры, палеагену і неагену ў межах Гомельскай і Брэсцкай абласцей. Яны залягаюць на глыбінях 20—300 м, а карбонавыя — больш за 300 м. Прамысл. вугляноснасць ёсць у неагенавых адкладах на З Гомельскай вобл. Першае Жыткавіцкае радовішча бурага вугалю выяўлена ў 1969. Адкрыты і разведаны таксама Брынёўскае і Тонежскае радовішчы з агульнымі запасамі 152 млн.т бурага вугалю. На Жыткавіцкім радовішчы для прамысл. асваення падрыхтаваны 2 паклады — Паўночны і Найдаўскі з запасамі 46,7 млн.т, што дае магчымасць праектаваць будаўніцтва разрэзу магутнасцю 2 млн.т вугалю штогод. На Брынёўскім радовішчы разведаны запасы 30 млн.т.
У неагенавых адкладах выяўлены яшчэ каля 50 вуглепраяўленняў. У 12 з іх рэсурсы вугалю ацэньваюцца ў колькасці больш за 10 млн.т у кожным, а ў асобных перавышаюць 20—30 млн.т. Агульныя прагнозныя рэсурсы неагенавых вуглёў ацэньваюцца ў 553 млн.т. Паводле якасных паказчыкаў вугаль належыць да маркі 1Б, прыдатны для выкарыстання як энергет. і камунальна-быт. паліва. Яго цеплатворнасць каля 25,2 МДж/кг (каля 6000 ккал/кг).
Гаручыя сланцы размешчаны ў Прыпяцкім сланцаносным басейне пл. больш за 10 тыс.км², з прагнознымі рэсурсамі 8,8 млрд.т і прымеркаваны да палескага гарызонту верхняга дэвону і малеўска-чарапецкага гарызонту ніжняга карбону. Глыб. залягання 66—600 м і глыбей, магутнасць пластоў 0,1—3,7 м, сярэдняя ўдзельная цеплата згарання сланцаў 6,7—6,75 МДж/кг (да 1610 ккал/кг), попельнасць 66—80%, арган. рэчыва 16—18%. Асн. паклады гаручых сланцаў (3,6 млрд.т) знаходзяцца ў Тураўскім і Любанскім радовішчах.
На Тураўскім радовішчы разведана 1-е шахтавае поле на пл. 100 км², з запасамі гаручых сланцаў 696 млн.т, у т. л. 327,7 млн.т па катэгорыі C1 пры мінім. таўшчыні пласта 1 м. З гэтай колькасці сланцаў пасля тэрмічнай перапрацоўкі можа быць атрымана 35,7 млн.т першаснай смалы, прыдатнай як арган. паліва. Гаручыя сланцы Беларусі маюць выхад смалы да 10,3% ад арган. складаючай і з’яўляюцца патэнцыяльным рэзервам комплекснай сыравіны для энергетыкі, хіміі і вытв-сці разнастайных буд. матэрыялаў.
А.М.Сінічка.
Кар’ер «Гралёва» па здабычы даламіту для прадпрыемства «Даламіт» у г.п. Руба Віцебскага раёна.Сухі ўступ кар’ера «Гралёва».
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭСТЭТЫКА
Эстэтычная думка на Беларусі развівалася з часоў сярэдневякоўя. Свае эстэтычныя ўяўленні, цесна звязаныя з язычніцкімі вераваннямі, абрадамі і рытуаламі, мелі крывічы-палачане, дрыгавічы і радзімічы. З прыняццем хрысціянства дамінуючай стала хрысц. эстэтыка, якая своеасабліва спалучалася з нар. і свецкай эстэтыкай, з адметным уплывам візантыйскай культуры. Эстэт. паняцці «краса», «прыгажосць», «аздабленне» і інш. сустракаюцца ў творах Кірылы Тураўскага, які бачыў ідэал прыгажосці ў боскім пачатку, а вышэйшым упрыгажэннем чалавека лічыў маральнасць, дабрадзейнае жыццё. У 15—16 ст. эстэтыка мела прыкметы рэнесансавай культуры, арыентаванай на катэгорыю прыгожага, гармонію прыроды і чалавека, асобы і грамадства, духоўнай універсальнай і нац. самабытнасці; яна адлюстроўвалася ў розных відах мастацтва, асабліва ў дойлідстве (храмы абарончага тыпу ў Сынковічах і Маламажэйкаве, замак-палац у Міры). Элементы эстэтыкі сустракаюцца ў перакладных аповесцях, у мемуарнай («Баркулабаўскі летапіс») і маст. літаратуры, у творах М.Гусоўскага, у публіцыстыцы С.Буднага, В.Цяпінскага, братоў С. і Л. Зізаніяў. Эстэтычнае пранізвае філас. адносіны Ф.Скарыны да свету з пэўнай мерай дабра і красы, праяўляецца ў яго светапоглядзе, паліграфічным мастацтве, у дасканалым маст. гусце гравюр, у яго лексіцы, багата аздобленай эстэт. тэрміналогіяй. У эстэт. дактрынах на Беларусі ў 17—18 ст. знайшлі своеасаблівае выражэнне сістэмы поглядаў, прынятых у межах культуры барока і класіцызму. Сімяон Полацкі распрацаваў сістэму каштоўнасцей у разуменні прыгожага: вышэйшыя яе ступені цесна звязаны з боскім пачаткам, але прырода і чалавек пазнаюцца пры дапамозе органаў пачуццяў. Прадстаўнік бел. барока ў эстэтыцы М.Сарбеўскі зыходзіў з таго, што на вышэйшых ступенях іерархічнай маст. лесвіцы размяшчаюцца «славесныя мастацтвы»: паэзія, рыторыка, гісторыя. Асн. кірункам эстэтыкі і маст. культуры 18—1-й пал. 19 ст. быў класіцызм, які суіснаваў з такімі плынямі, як барока, асветніцкі рэалізм, сентыменталізм (А.Доўгірд, Л.Бароўскі, І.Капіевіч). У сваіх эстэтычных поглядах В.Дунін-Марцінкевіч зыходзіў з ідэала як асн. катэгорыі, а гал. крытэрыем дасканалага лічыў гармонію. У К.Каліноўскага, Ф.Багушэвіча, Я.Лучыны, А.Гурыновіча эстэт. ідэал супадаў з сац.-паліт. і маральным, а гал. праблемай эстэтыкі лічылася стварэнне нац. мастацтва (на аснове нац. мовы), сцвярджэнне прынцыпу праўды, ісціны, дабра і прыгажосці. Сваёй вяршыні дэмакр. эстэтыка Беларусі дасягнула ў 1905—17 у творчасці класікаў бел. літаратуры Я.Купалы, Я.Коласа, Цёткі, М.Багдановіча, асаблівую ролю ў яе станаўленні адыграла публіцыстыка «Нашай Нівы» і інш. У савецкі час працэс развіцця эстэтыкі на Беларусі ішоў гал. чынам у рэчышчы марксісцкай філас.-эстэт. думкі. У 1918—20-я г. на яго значна паўплывалі левыя эстэт. кірункі — футурызм, кубізм, супрэматызм. Апошнюю дактрыну распрацоўваў К.Малевіч, у цэнтры якой было сцвярджэнне новага мастацтва, «стварэнне утылітарных форм свету рэчаў». Узнікла нацыянал-камуніст. плынь у эстэтыцы (літ.-маст. аб’яднанні «Маладняк» і «Полымя») і спецыфічна бел. авангардызм—аквітызм (літ.-маст. згуртаванне «Узвышша»). Апублікаваны працы «Пра прыроду эстэтычнай думкі» Я.І.Барычэўскага (1923), «Нарысы з гісторыі беларускага мастацтва». М.М.Шчакаціхіна (т. 1, 1928), «Эстэтычныя асновы савецкай літаратуры» І.В.Гутарава (1950) і інш.
З 1960-х г. у галіне эстэтыкі працягвалася вывучэнне праблем агульнага мастацтвазнаўства і крытыкі (А.Б.Ладыгіна, В.В.Грынін, В.І.Старавойтаў), гісторыі і тэорыі эстэтыкі як спецыфічнай навук. дысцыпліны (У.М.Конан, Э.К.Дарашэвіч, А.С.Майхровіч і інш.), тэхн. эстэтыкі і тэорыі дызайну (І.Герасіменка, І.Селязнёў, Г.Сытэнка, А.Чарнышоў), дыялектыкі пераемнасці і маст. ўвасаблення прыгожага (Л.А.Гуцаленка, Э.В.Шыкунова), эстэт. засваення рэчаіснасці і ўздзеяння мастацтва на грамадства (П.К.Астроўскі, А.С.Майхровіч, В.А.Салееў і інш.). Важнае метадалагічнае значэнне для актывізацыі даследаванняў у галіне эстэтыкі мелі манаграфіі М.І.Крукоўскага «Логіка прыгажосці» (1965), «Асноўныя эстэтычныя катэгорыі: Спроба сістэматызацыі» (1974) і «Кібернетыка і законы прыгажосці» (1977), В.А.Салеева «Мастацтва і яго ацэнка» (1977). Апубл. працы па гісторыі айч. эстэтыкі: «Дэмакратычная эстэтыка Беларусі (1905—17)» (1971) і «Ад Рэнесансу да класіцызму: Станаўленне эстэтычнай думкі Беларусі ў XVI—XVIII ст.» (1978) У.М.Конана, «Эстэтычныя погляды Я.Коласа» А.С.Майхровіча (1970), «Нарыс гісторыі эстэтычнай думкі Беларусі» Э.К.Дарашэвіча і У.М.Конана (1972), «Сучасная эстэтыка Беларусі» В.А.Салеева і інш. У 1975 выдадзены навуч. дапаможнік «Марксісцка-ленінская эстэтыка. Хрэстаматыя». У 1983 выйшла з друку фундаментальная праца М.І.Крукоўскага «Homo pulcher — Чалавек прыгожы», у якой упершыню прапаноўваліся ацэнкі чалавека з пункту гледжання эстэтыкі. Працягвалася вывучэнне праблем маст.-эстэт. культуры ў дынаміцы сац. засваення (У.А.Скараходаў, Ю.А.Гусеў), узаемаадносін нац. самасвядомасці і маст. культуры, этнапедагогікі і эстэт. развіцця асобы (У.М.Конан, В.А.Салееў, А.У.Івашкевіч), культуралагічнага зместу феномена прыгажосці, мадыфікацыі яго форм у еўрап. і сусв. культуры ( У.Ф.Мартынаў) і інш. У 1990 адбыўся рэсп. з’езд эстэтыкаў, засн.Бел.эстэт. асацыяцыя. У 2003 выдадзены навучальны дапаможнік «Эстэтыка» У.Ф.Мартынава.
Літ.:
Дорошевич Э., Конон В. Очерк истории эстетической мысли Белоруссии. Мн., 1972;
Майхрович А.С. Об эстетическом освоении действительности. Мн., 1973;
Шикунова Э.В. Эстетические потребности и художественная культура. Мн., 1986;
Эстетическое воспитание молодежи: проблемы и опыт. Мн., 1986;
Салееў В.А. Эстэтычнае выхаванне ў сучаснай беларускай культуры. Мн., 1993;
Скараходаў У. Мастацкая культура ў дынаміцы сацыяльнага засваення Мн., 1994;
Социокультурные и эстетические основы творчества детей и подростков. Мн., 1998;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СУДАЎЛАДКАВАННЕ І КРЫМІНАЛЬНЫ ПРАЦЭС
Перадумовы развіцця на Беларусі навукі судаўладкавання і крымін.-працэсуальнага права створаны ў выніку прыняцця Закона аб судаўладкаванні БССР (1959) і Крымін.-працэсуальнага кодэкса БССР (1960). Вучоныя-юрысты БДУ падрыхтавалі і выдалі навук.-практычныя каментарыі да гэтых заканадаўчых актаў, фундаментальныя працы па гістарыяграфіі станаўлення і развіцця суд. органаў на Беларусі, тэорыі і практыцы суд. экспертызы, правасуддзя і яго ролі ва ўмацаванні законнасці (С.П.Бякешка, А.В.Дулаў, І.І.Марціновіч, Я.А.Матвіенка). Даследаваліся агульнатэарэт. праблемы крымін. вядзення, яго зместу і форм (В.М.Шпілёў), пытанні галоснасці пры ажыццяўленні правасуддзя (І.І.Марціновіч), прававога статусу падазронага і інш. удзельнікаў крымін. працэсу (С.П.Бякешка, Я.А.Матвіенка, В.М.Шпілёў). Шэраг навук. прац прысвечаны асобным працэсуальным стадыям, інстытутам і следчым дзеянням, у прыватнасці ўзбуджэнню крымін. справы і апазнанню, дзеянню прынцыпаў крымін. працэсу на стадыі папярэдняга расследавання, фарміраванню судзейскага пераканання, прыгавору суда і яго выкананню (М.М.Гапановіч, Я.А.Матвіенка, М.І.Нікалайчык, У.Ф.Бохан). Выдадзены навуч. дапаможнікі «Судовая прамова» Я.А.Матвіенкі (2-е выд., 1972), «Крымінальны працэс БССР» (2-е выд., 1979), «Суд і правасуддзе ў БССР» І.І.Марціновіч і Я.Ф.Плюты (1977). У Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь вывучаліся актуальныя праблемы арг-цыі і дзейнасці органаў дазнання (Б.І.Дзяргай), законнасці і дэмакратызму папярэдняга следства (М.П.Мітрохін), вядзення допыту ў крымін. працэсе (М.І.Порубаў).
У 1970—80-я г. прадметам навук. аналізу вучоных-працэсуалістаў сталі прынцыпы недатыкальнасці асобы ў крымін. працэсе (С.В.Даўгарукаў), прававы статус замежных грамадзян пры вядзенні крымін. спраў (Я.К.Астрога), асновы тэорыі і прафес. культуры судовых спрэчак (А.А.Данілевіч), дзейнасць Вярх. суда БССР як суда 1-й інстанцыі па крымін. справах (Л.Л.Зайцава), асн. кірункі пракурорскага нагляду ў Беларусі ў 1926—32 (С.І.Журомскі). Выдадзены працы І.І.Пацяружы «Выхаваўча-папераджальнае значэнне судовага разбору крымінальных спраў» (1976) і «Роля суда другой інстанцыі ва ўмацаванні законнасці» (1980), манаграфіі «Абарона па справах непаўналетніх» Н.В.Калмыковай (1981), «Апраўданне падсуднага» М.І.Пастухова (1985), «Канстытуцыйныя прынцыпы правасуддзя і іх рэалізацыя на стадыі выканання прыгавору» В.М.Бібілы (1986) і інш.
З пач. 1990-х г. вучоныя-юрысты прымалі ўдзел у аднаўленні крымін.-працэсуальнага заканадаўства, распрацоўцы Канцэпцыі судова-прававой рэформы ў Рэспубліцы Беларусь (С.В.Барыка, С.В.Камянкоў, І.І.Марціновіч, М.І.Пастухоў). Праблемам ажыццяўлення крымін.-працэсуальнага заканадаўства прысвечаны зб.навук. прац «Праблемы канстытуцыяналізму» пад рэд. Л.Л.Зайцавай (1998). Працягвалася вывучэнне пытанняў прававога статусу асобы ў крымін. працэсе (А.В.Салтановіч), рэабілітацыі невінаватых (М.І.Пастухоў), асаблівасцей вядзення спраў па прымяненні прымусовых мер мед. характару (А.Г.Яцкевіч). Выдадзены аўтарскія навуч. дапаможнікі па судаўладкаванні (С.В.Барыка, В.М.Бібіла), па крымін. працэсе (С.В.Барыка, Л.І.Кукраш, П.В.Мытнік), падручнік «Судаўладкаванне» В.М.Бібілы (2001) і «Судаўладкаванне» пад рэд. А.А.Данілевіча і І.І.Марціновіч (2002) і інш.
На Беларусі сфарміраваліся нац.навук. школы па праблемах судаўладкавання і крымін. працэсу. Адна з іх прадстаўлена вучонымі юрыд. ф-та БДУ (Я.В.Багданаў, В.М.Бібіла, І.І.Марціновіч), іх манаграфіямі па тэорыі і практыцы рэалізацыі суд. улады ў крымін. працэсе, дзейнасці адвакатуры. Маладыя прадстаўнікі гэтай школы даследуюць праблемы аховы правоў і свабод асобы ў крымін. працэсе (В.В.Пятрова) і сродкамі агульнага нагляду пракуратуры (А.С.Сянько), асаблівасці разгляду і вырашэння грамадз. іску ў крымін. працэсе (С.Л.Емяльянаў), этыка-прававыя погляды У.Д.Спасовіча ў крымін. судаводстве (У.В.Шалькевіч). Другая навук. школа функцыянуе ў Акадэміі МУС Рэспублікі Беларусь і распрацоўвае пытанні прававога статусу ўдзельнікаў крымін. працэсу, суб’ектаў грамадз. іску ў крымін. справе, законнасці ў крымін.-працэсуальнай дзейнасці (І.І.Басецкі, Л.І.Кукраш, М.А.Шостак, В.Л.Васілеўская, І.У.Данько, П.В.Мытнік, В.В.Мялешка, Л.І.Радзевіч і інш.). Актуальныя праблемы крымін.-працэсуальнай навукі распрацоўваюць вучоныя Гродзенскага ун-та (Г.А.Зорын, У.У.Пячэрскі, У.С.Соркін), Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (Л.Л.Зайцава, М.Ф.Карпіевіч), Ін-та нац. бяспекі Рэспублікі Беларусь (І.М.Князеў).
Літ.:
Дулов А.В. Вопросы теории судебной экспертизы. Мн., 1959;
Потеружа И.И. Значение надзорного производства уголовных дел в укреплении законности. Мн., 1985;
Гапанович Н.Н., Мартинович И.И. Основы взаимодействия следователя и органа дознания при расследовании преступлений. Мн., 1989;
Пастухов М.И. Реабилитация невиновных: Основы правового института. Мн., 1993;
Мартинович И.И., Пастухов М.И. Судебно-правовая реформа в Республике Беларусь: Суд присяж. и др. нововведения в законодательство о судоустройстве. Мн., 1995;
Верховный суд Республики Беларусь: История и современность. Мн., 1998;
Бибило В.Н. Судебная власть в уголовном судопроизводстве. Мн., 2001;
Богданов Е.В. Проблемы теории и практики реализации судебной власти в форме правосудия. Мн., 2002;
Мартинович И.И. Адвокатура Беларуси: История и современность. Мн., 2002;
Права человека и правосудие по уголовным делам в Республике Беларусь. Мн., 2003.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕТРАЛОГІЯ
Развіццё петралогіі на Беларусі цесна перапляталася з літалагічнымі і мінералагічнымі даследаваннямі; найчасцей яны праводзіліся ў комплексе. У пач. 20 ст. П.М.Чырвінскі праводзіў мінералага-петраграфічнае вывучэнне метэарытаў, знойдзеных на Беларусі. У 1920-я г. з больш інтэнсіўным вывучэннем нетраў расшырыліся звесткі пра састаў асадкавых тоўшчаў, але іх петраграфічныя даследаванні абмяжоўваліся ў асн. макра- і мікраскапічным апісаннем структурна-тэкстурных асаблівасцей парод і мінералаў. Звесткі пра мінеральна-петраграфічны і хім. састаў антрапагенавых, мелавых і дэвонскіх глін, балотных руд, цэментавай сыравіны, фасфарытаў змешчаны ў працах М.Ф.Бліадухо, Н.Ф.Дзенісюка, А.М.Жырмунскага, В.І.Маеўскага, С.С.Малярэвіча, Г.Ф.Мірчынка, А.М.Розіна, Б.К.Тарлецкага і інш., а пра петраграфічныя асаблівасці і мінер. састаў асобных тыпаў парод крышт. фундаменту — у Дз.М.Собалева. У пасляваенныя гады прадоўжаны і паглыблены петраграфічныя даследаванні асадкавых, магматычных і метамарфічных парод платформавага чахла і крышт. фундаменту. У 1950—52 Я.М.Махлін зрабіў дэталёвае петраграфічнае апісанне парод крышт. фундаменту, ускрытых свідравінамі ў Мінску, Пінску, в. Глушкавічы Лельчыцкага р-на, г.п. Смілавічы. Сістэматычнае комплекснае мінералага-петраграфічнае даследаванне геал. аб’ектаў пачалося з утварэннем у 1955 лабараторыі літалогіі ў Ін-це геал. навук АН Беларусі (з 1970 Бел.н.-д. геолагаразведачны ін-т Упраўлення геалогіі СМБССР). Пад кіраўніцтвам А.С.Махнача ў лабараторыі дэталёва даследаваны пароды дэвонскага і каменнавугальнага ўзросту з мэтай ацэнкі іх перспектыўнасці на нафту і каменны вугаль, дадэвонскія асадкавыя і вулканагенныя адклады, пароды крышт. фундаменту. У 1957 пры Упраўленні геалогіі СМБССР створана мінералага-петраграфічная лабараторыя для аператыўнай апрацоўкі матэрыялаў геолага-здымачных і пошукава-разведачных экспедыцый і партый. З 1965 ва Упраўленні геалогіі (цяпер РУП «Белгеалогія») пачаты тэматычныя мінералага-петраграфічныя даследаванні, звязаныя з праблемай нафтагазаноснасці тэр. Беларусі і вызначэннем перспектыў крышт. фундаменту і платформавага чахла на метал. карысныя выкапні.
У працэсе глыбіннага геал. карціравання (з 1960-х г.) петралагічныя даследаванні дазволілі вылучыць шэраг разнавіднасцей метамарфічных і магматычных парод, вызначыць умовы іх утварэння і скласці першыя геолага-петраграфічныя карты крышт. фундаменту тэр. Беларусі. Дэталёвае вывучэнне працэсаў метамарфізму дазволіла вылучыць у іх гісторыі некалькі этапаў, вызначыць гал. тыпы зыходных парод, з якіх утварыліся метамарфічныя пароды. Створаны карты пашырэння метамарфічных парод, фармацый магматычных парод, геахімічныя і інш.; выдадзены даведнікі хім. саставу парод і мінералаў крышт. фундаменту, таксама геал. карта крышт. фундаменту Беларусі і суседніх тэрыторый маштабу 1:1 000 000 з тлумачальнай запіскай. У наш час у петралогіі ранняга дакембрыю развіваюцца кірункі: петралогія магматычных, метамарфічных і метасаматычных парод. Для іх распрацавана класіфікацыя, якая аб’ядноўвае дзесяткі разнавіднасцей. Блізкія па часе і нярэдка па ўмовах утварэння, становішчы ў разрэзе і геагр. пашырэнні, падобныя па рэчыўным саставе рознасці парод аб’яднаны ў комплексы магматычных і метасаматычных парод і серыі метамарфічных парод, што з’яўляюцца гал. адзінкамі пры карціраванні крышт. фундаменту. Петралагічныя даследаванні праводзяцца таксама пры пошуках нафты і газу тэматычнай партыяй РУП «Белнафта»; вывучэнне парод крышт. фундаменту, мінер. солей, нафтаносных тоўшчаў і інш. — у Бел.н.-д. геолагаразведачным ін-це і інш. Значная частка даследаванняў па розных напрамках петралогіі сканцэнтравана ў Ін-це геал. навук Нац.АН Беларусі.
Бел. геолагамі вывучана петраграфія і мінер. састаў парод і жал. руд крышт. фундаменту (Н.В.Аксаментава, А.А.Архіпава, В.Е.Астроўскі, І.П.Бардон, Ю.С.Булкін, Д.А.Дамінікоўская, Г.Г.Дамінікоўскі, Н.А.Кажамякіна, В.Ф.Красоўскі, А.С.Махнач, І.В.Найдзянкоў, А.М.Пап і інш.), асадкавых і вулканагенных утварэнняў верхняга пратэразою (В.Я.Бяссонава, М.В.Вераценнікаў, А.С.Махнач, У.І.Шкуратаў), кембрыю (В.І.Абраменка, А.С.Махнач), ардовіку, сілуру (А.С.Махнач, В.Ф.Ропат і інш.), перспектыўных на нафту, мінер. солі і інш. карысныя выкапні дэвонскіх адкладаў (В.З.Кіслік, В.П.Корзун, В.П.Курачка, Ю.І.Лупіновіч, А.С.Махнач, І.І.Ур’еў, Т.А.Шаўчэнка, В.М.Шчарбіна, Д.М.Ярошына і інш.), надсалявых адкладаў дэвону і карбону, перспектыўных на высокагліназёмную сыравіну, гаручыя сланцы, бурыя вуглі (Л.Ф.Ажгірэвіч, Ф.Л.Дзмітрыеў, В.П.Курачка, Л.М.Палер, Н.А.Саўчанка і інш.), адкладаў пермі і трыясу (З.М.Неўмяржыцкая), мергельна-мелавых парод (Ю.Р.Копысаў), пяскоў (З.А.Гарэлік, Э.А.Ляўкоў, Э.Д.Мішагова).
З раздзелаў петралогіі на Беларусі пераважаюць даследаванні рэчыўнага саставу крышт. парод, вызначэнне параметраў іх метамарфізму, тыпу зыходных парод (для метамарфічных) і іх эвалюцыі ў гісторыі зямной кары Беларусі. Мінералага-петраграфічныя даследаванні з’яўляюцца асновай для вызначэння перспектыўнасці тэр. Беларусі на нафту, гаручыя сланцы, каменны і буры вугаль, калійныя і каменную солі, буд. матэрыялы, руды чорных, каляровых і рэдкіх металаў, аграруды і інш.
Літ.:
Геология и петрография калийных солей Белоруссии. Мн., 1969;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФІЗІЯЛОГІЯ ЧАЛАВЕКА І ЖЫВЁЛ
Станаўленне фізіялогіі як навукі на Беларусі пачалося з адкрыцця ў БДУ у 1921 кафедры нармальнай фізіялогіі, якую ўзначальваў Л.П.Розанаў (стажыраваўся ў І.П.Паўлава, з 1930 заг. кафедры ў Мінскім мед. ін-це). Даследавалася дзейнасць страўнікавых і падстраўнікавых залоз, роля жоўці ў страваванні бялкоў вітамінаў у арганізме. Яго вучань Р.А.Фешчанка — першы ў БССР прафесар фізіялогіі, з 1936 заг. адпаведнай кафедры ў Віцебскім мед. ін-це. У 1935—41 кафедру фізіялогіі ў БДУ узначальваў І.А.Вятохін, які вывучаў дзейнасць сардэчна-сасудзістай сістэмы. У Ін-це тэарэтычнай і клінічнай медыцыны АН Беларусі (у 1940—41 і 1944—52 дырэктар С.М.Мялкіх) даследаваліся маторная і сенсарная хранаксія ў неўралагічных хворых (Д.А.Маркаў), стан сінаптычнага апарату ў хворых з парушэннямі нервовай сістэмы (М.І.Грашчанкаў), наступствы выключэння знешніх аналізатараў на функцыянальна-біяхім. статус арганізма жывёл (А.Ю.Бранавіцкі, Л.С.Чаркасава).
У 1953 арганізаваны Ін-т фізіялогіі АН Беларусі (дырэктары І.А.Булыгін, з 1984 В.М.Гурын), дзе вывучаліся роля інтэрацэптыўных рэфлексаў у дзейнасці арганізма (І.А.Булыгін з супрацоўнікамі), праблемы гравітацыйнай біялогіі і авіякасмічнай медыцыны (А.С.Дзмітрыеў з супрацоўнікамі), патафізіялогія нервовай сістэмы на мадэлі эксперыментальнага алергічнага энцэфаламіэліту (Д.А.Маркаў з супрацоўнікамі), тэхналогія атрымання і біялогія фактару росту нерваў (У.М.Калюноў з супрацоўнікамі), праблемы вышэйшай нервовай дзейнасці (М.С.Калеснікаў з супрацоўнікамі), уплыў малых доз іанізавальнай радыяцыі на вугляводна-энергетычны і бялковы абмен у ц. н. с. і інш. органах (Л.С.Чаркасава з супрацоўнікамі), сувязі органаў брушной і тазавай поласцей з ядрамі прадаўгаватага мозга (У.У.Салтанаў з супрацоўнікамі), роля кампенсатарных рэакцый сэрца пры эксперыментальным інфаркце міякарда (А.Ю.Бранавіцкі з супрацоўнікамі), значэнне «перыферычных мышачных сэрцаў» у кровазвароце (М.І.Арынчын з супрацоўнікамі). За шэраг манаграфій І.А.Булыгіну прысуджана Дзярж. прэмія Беларусі 1972, за цыкл прац «Новыя прынцыпы будовы вегетатыўных гангліяў» — Дзярж. прэмія СССР 1978. За працы па патагенетычнай і аднаўленчай тэрапіі Д.А.Маркаў адзначаны Дзярж. прэміяй Беларусі 1974. З 1980-х г. у ін-це ў даследаванні ўключаны праблемы тэрмарэгуляцыі. Вывучаюцца тэрмадэтэктарныя нейроны, прадукцыя ІЛ-1, удзел монааксіду азоту ў цэнтр. механізмах тэрмастабілізацыі (В.М.Гурын з супрацоўнікамі), праблемы субфібрылітэту (І.М.Семяненя з супрацоўнікамі), цэнтр. і перыферычныя механізмы тэмпературных і ноцыцэптыўных адказаў арганізма на ўздзеянне эндатаксінаў (У.А.Кульчыцкі з супрацоўнікамі), фізіялагічныя механізмы жыццядзейнасці ва ўмовах комплекснага ўздзеяння фіз. і хім. фактараў навакольнага асяроддзя (П.П.Мурзёнак з супрацоўнікамі), рэгуляцыя сістэмы плазмінаген—плазмін і яе роля ў жыццядзейнасці нервовых клетак (В.М.Нікандраў з супрацоўнікамі), праблемы эколага-фізіялагічнага маніторынгу (У.А.Мацюхін), нейратрансплантацыі і аднаўленчай нейрахірургіі (В.Ф.Аляшкевіч з супрацоўнікамі), раку шчытападобнай залозы (Я.П.Дзямідчык з супрацоўнікамі). За цыкл прац «Механізмы тэрмарэгуляцыі ў норме і паталогіі» В.М.Гурыну прысуджана Дзярж. прэмія Беларусі 1996.
Праблемы ўзроставай фізіялогіі даследаваліся ў Сектары геранталогіі АН Беларусі (1958—87), які ўзначальвалі М.І.Арынчын, Г.Р.Гацко, В.А.Лявонаў.
Супрацоўнікі кафедры фізіялогіі БДУ зрабілі ўклад у даследаванні па фізіялогіі нервовай і сардэчна-сасудзістай сістэм (заг. Г.С.Юньеў), структурна-функцыянальнай арганізацыі вегетатыўных гангліяў (заг. У.М.Калюноў), гіпаксіі тканак (заг. Я.Ф.Лунец), электрафізіялогіі міякарда (заг. У.Т.Шалатонін), тэрмафізіялогіі і механізмаў гарачкавых станаў (заг. В.М.Гурын).
У Бел.мед. ун-це вывучаліся функцыі вегетатыўных гангліяў (заг. І.А.Булыгін), фізіялогія маторнага апарату (заг. А.І.Нікалаева), нейрагумаральныя механізмы інтэрацэптыўных рэфлексаў (заг. А.А.Логінаў), тэрмастабілізацыя і абмен складаных ліпідаў (заг. В.М.Гурын), механізмы тэрмарэгуляцыі (заг. А.І.Кубарка).
У Гродзенскім мед. ун-це распрацаваны метад ангіятэнзіятамаграфіі, які выкарыстоўваецца ў навук. і лячэбна-дыягнастычнай практыцы; сфармулявана палажэнне пра 3 тыпы (сардэчны, сасудзісты і прамежкавы) самарэгуляцыі кровазвароту (М.І.Арынчын); даследавана рэгуляцыя сардэчнага рытму на ранніх этапах постнатальнага развіцця (І.К.Жмакін), заканамернасці фарміравання патрэбы арганізма ў кіслародзе (М.У.Барысюк), механізмы падтрымкі прааксідантна-антыаксідантнай раўнавагі арганізма пры гарачцы і гіпертэрміі (В.У.Зінчук).
У Гродзенскім ун-це вывучаецца ўплыў лазернага выпрамянення на чалавека і жывёл (К.А.Мандрык), у Віцебскім мед. ін-це — праблемы рэгуляцыі сардэчна-сасудзістай сістэмы (Э.І.Аляксенцава, А.П.Бажко, І.Е.Гарадзецкая, Г.М.Прус, А.П.Саладкоў), у Гомельскім ун-це і мед. ін-це (заг. кафедры А.І.Кіеня) — стан дзяцей і падлеткаў, што жывуць на тэр., забруджанай радыенуклідамі, у Брэсцкім пед. ін-це (заг. М.К.Саванеўскі) — працэсы адаптацыі да разумовых і фізічных нагрузак, у Магілёўскім ун-це (заг. А.М.Карабанаў) распрацоўваюць рэжымы разумовай і фізічнай дзейнасці ў розныя ўзроставыя перыяды. На кафедры фізіялогіі і біяхіміі Бел. ун-та фіз. культуры (засн. ў 1937, яе ўзначальвалі К.А.Батурын, А.П.Кесарава, А.А.Логінаў, С.П.Сарычаў, цяпер — А.А.Сёмкін) даследуюцца функцыянальна-біяхімічныя асновы адаптацыі спартсменаў да фізічных нагрузак. Праблемы фізіялогіі с.-г. жывёл вывучаюцца ў Віцебскай акадэміі ветэрынарнай медыцыны, БСГА, Гродзенскім аграрным і Гомельскім ун-тах (М.Б.Барысаў, В.К.Гусакоў, В.В.Малашка, Г.П.Мялехін, А.І.Новік, В.К.Песціс, А.С.Санацкі, А.А.Ткачоў і інш.).
Літ.:
Академия наук Белорусской ССР. Мн., 1979;
Основы физиологии человека. Т. 1—2. СПб., 1994;
70 лет Национальной Академии наук Беларуси. Мн., 2000;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЙНА́ РАСІ́І З РЭ́ЧЧУ ПАСПАЛІ́ТАЙ 1654—67,
вайна, распачатая расійскім царом Аляксеем Міхайлавічам за землі Смаленшчыны, Беларусі, Украіны і Літвы. Для пачатку вайны царскі ўрад выкарыстаў спрыяльныя для яго абставіны: Рэч Паспалітая была аслаблена ў выніку нац.-вызв. і антыфеад. вайны 1648—51 на Украіне і Беларусі і наступнымі канфліктамі з аўтаномнай гетманскай (усх.) Украінай. 1.10.1653 Земскі сабор даў згоду прыняць Украіну пад уладу Расіі, што азначала вайну з Рэччу Паспалітай. У планах Б.Хмяльніцкага і казацкай старшыны былі намеры далучыць да Украіны Бел. Палессе і Падняпроўе.
У маі 1654 рас. войскі пачалі ваен. дзеянні. Ад Масквы на Смаленск і далей на Беларусь рушыла асн. войска на чале з царом. З Пн на Беларусь наступала войска В.П.Шарамецева. Ад Бранска на Мсціслаўскае ваяв. наступала армія кн. А.М.Трубяцкога. Агульныя сілы рас. войск складалі 80—83 тыс.чал. З Пд на Беларусь уздоўж Дняпра наступала казацкае войска (20 тыс.чал.) наказнога гетмана І.Залатарэнкі. Ім супрацьстаяла войска ВКЛ на чале з вял. гетманам ВКЛ Я.Радзівілам (да 20 тыс.чал.), а таксама гарнізоны замкаў. 30.6.1654 пасля аблогі капітуляваў Полацк. 23.9.1654 пасля 2-месячнай аблогі здаўся Смаленск. У выніку баёў рас. войскі занялі Дзісну, Друю, Глыбокае, Невель; пасля аблогі і некалькіх штурмаў 17.11.1654 узяты Віцебск. Упарта абараняўся Мсціслаў, але 22.7.1654 ён захоплены войскамі Трубяцкога. У час штурму горада амаль усе яго жыхары (каля 15 тыс. паводле рас. дакументаў) былі перабіты (т.зв. «Трубяцкая разня»). Падобны лёс напаткаў і Гомель. 12.10.1654 рас. войскі ўзялі і спалілі Дуброўну, а яе жыхароў адправілі ў Расію. Крычаў здаўся атраду бел. шляхціца К.Паклонскага, які перайшоў на бок цара. Магілёў капітуляваў без асаблівага супраціўлення. Казакі Залатарэнкі захапілі Чачэрск, Рэчыцу і Жлобін. Моцную Быхаўскую крэпасць казакі не здолелі захапіць нават пасля 11-месячнай аблогі. Войска Радзівіла з-за сваёй малалікасці вяло манеўраную вайну, нападаючы на асобныя атрады рас. арміі. Гетман польны ВКЛ В.Гасеўскі 3.8.1654 разбіў маскоўскае войска пад Оршай. 12.8.1654 каля Шклова Радзівіл нанёс паражэнне ўдвая большаму войску ваяводы кн. Я.К.Чаркаскага, але 24.8.1654 каля мяст. Шапялевічы (цяпер Круглянскі р-н) пацярпеў паражэнне; страціўшы каля 1 тыс. чалавек, паранены Радзівіл адступіў ад Смілавіч і Мінска. Гэтым у ліст. 1654 і была скончана 1-я кампанія вайны. Цар дасягнуў сваёй мэты: была занята Смаленшчына і землі на У ад Дняпра. Але на гэтай тэр. працягвалася барацьба: сял. атрады самаабароны (паводле рас. тэрміналогіі «шиши») перашкаджалі рас. дваранам і «дзецям баярскім» захопліваць і вывозіць у свае маёнткі ў Расію сял. сем’і, рабаваць і паліць вёскі. Радзівіл перадаваў гэтым атрадам зброю, часам каардынаваў іх дзеянні. Спробы Радзівіла заняць Магілёў і Віцебск у лют. і вясной 1655 не далі вынікаў. У час зімовага контрнаступлення войскам ВКЛ удалося вярнуць Копысь, Дуброўну і Оршу. Зімою 1655 у Езярышчах і Суражы мясц. жыхары паўсталі, частку рас. гарнізонаў перабілі ці ўзялі ў палон. Каб перашкодзіць войску ВКЛ наступаць на Магілёў, у міжрэчча Дняпра і Бярэзіны былі перакінуты казацкія атрады Залатарэнкі, якія ў сак. 1655 захапілі Бабруйск, Каралеўскую Слабаду, Глуск, а пазней і мяст. Свіслач.
У маі 1655 пачалася 2-я кампанія гэтай вайны. Гал. задачай рас. войскі ставілі захоп усёй Беларусі і сталіцы ВКЛ Вільні. Група войск стольніка З.Ф.Лявонцьева з баямі зноў заняла Дуброўну, Оршу і Копысь. 27.6.1655 войскі кн. А.І.Лабанава-Растоўскага занялі Лукомль. 3.7.1655 царскія войскі і казакі захапілі Мінск. У жн. 1655 армія Трубяцкога спрабавала ўзяць моцную крэпасць Слуцк, але горад выстаяў. Далейшы рэйд яго арміі быў удалым: з баямі ўзяты Клецк, Ляхавічы, Мыш, Мір, Сталавічы, Новагародак. Наступленне рас. войск і казакаў ішло ўздоўж Нёмана. Былі ўзяты Нясвіж, Карэлічы, Стоўбцы, Любча, Ліда, Слонім. Вяртаючыся назад, Трубяцкой і Залатарэнка ў вер. 1655 зноў спрабавалі авалодаць Слуцкам, але вымушаны былі адступіць. 8.8.1655 войскі гал.рас. групоўкі на чале з Чаркаскім і Залатарэнкам штурмам узялі Вільню. У жніўні рас. войскі ўзялі Коўна і Гародню (Гродна). На Пд Беларусі восенню рас. войскі і казакі занялі Тураў. У выніку кампаніі 1655 рас. войскі занялі б.ч. Беларусі і частку Літвы. Сітуацыя ўскладнілася тым, што ўлетку 1655 на Польшчу напала Швецыя і заняла амаль усю яе тэрыторыю. Радзівіл і значная частка літоўскай і жамойцкай шляхты 20 кастр. заключылі Кейданскі дагавор 1655, які разарваў дзярж. сувязь ВКЛ з Польшчай і аформіў унію са Швецыяй. Аднак пэўная частка бел. шляхты прынесла прысягу цару Аляксею Міхайлавічу, другая частка на чале з віцебскім ваяводам П.Сапегам захавала вернасць Рэчы Паспалітай. У сак. 1656 унія ВКЛ са Швецыяй была скасавана, а шведскія войскі выведзены з Жамойціі. У выніку моцнага нац.-вызв. руху ў Польшчы шведы былі выгнаны з краіны. Рыхтуючыся да вайны са Швецыяй за Прыбалтыку, Расія 31 снеж. заключыла з Рэччу Паспалітай Віленскае перамір’е 1656 і ваен. дзеянні былі спынены. Расія прадугледжвала ваен. саюз з Рэччу Паспалітай супраць Швецыі і Брандэнбурга. Цар прапанаваў сваю кандыдатуру ў польск. каралі, што павінна было быць абмеркавана на бліжэйшым сейме. Пасля гэтага Расія пачала вайну са Швецыяй. Аднак сейм 1658 адмовіў цару ў выбранні яго каралём і патрабаваў вярнуць усе занятыя землі. Ваенныя дзеянні аднавіліся.
Землі Смаленшчыны, Беларусі і Літвы былі ўключаны ў склад Рас. дзяржавы, а цар прыняў тытулы «вялікага князя Белай Русі, смаленскага, літоўскага, гасудара і вялікага князя полацкага, віцебскага, мсціслаўскага». Тут была пастаўлена рас. ваенная адміністрацыя на чале з ваяводамі. За шляхтай, якая прынесла прысягу цару, захоўваліся прывілеі (без права выбараў, склікання сейму і павятовых сеймікаў). Усіх, хто змагаўся супраць рас. войск, высылалі ў глыб Расіі, за Волгу і ў Сібір; іх маёнткі канфіскоўвалі. У цэлым шляхта была незадаволена і гвалтоўным далучэннем Беларусі да Расіі, і стратай значнай часткі сваіх прывілеяў і вольнасцей. Дзейнасць каталіцкай і уніяцкай цэркваў была забаронена, іх землі канфіскаваны. У 1656 для заспакаення насельніцтва на тэр. на З ад Бярэзіны была дазволена дзейнасць каталіцкай царквы (уніяцкая аставалася забароненай). Значная частка гараджан, асабліва з гарадоў, што аказвалі супраціўленне, высялялася ў Расію. Мясц.правасл. святароў імкнуліся замяніць маскоўскімі. Найбольш пацярпелі бел. сяляне, якіх абцяжарвалі новымі падаткамі, рабавалі і забівалі. Памешчыкі, якія складалі рас. конніцу, гвалтам забіралі сялян у свае маёнткі ў такіх маштабах, што цар вымушаны быў забараніць вываз сялян, каб захаваць падатковае насельніцтва на месцы. Аднак палітыка царызму была непаслядоўная: некалькі дзесяткаў тысяч чалавек, у асн. рамеснікі, былі пераселены з усх. гарадоў Беларусі ў Маскву (Мяшчанская слабада) і Замаскварэцкі край.
У 1656—58 ва ўсх. Беларусі разгарэўся канфлікт паміж казацкімі войскамі І.Нячая і рас. ваяводамі. Казацкая старшына намагалася далучыць Бел. Падняпроўе да гетманскай Украіны. Казакі займалі мястэчкі і вёскі каля Магілёва, Копысі, Мсціслава, рас. войскі аказвалі ім супраціўленне. Б.Хмяльніцкі дамовіўся з царскім урадам аб устрыманні ад ваен. дзеянняў, аднак пасля яго смерці (жн. 1657) канфлікт узмацніўся. Выконваючы ўмовы Гадзяцкага дагавора 1658 Нячай распачаў ваен. дзеянні ва ўсх. Беларусі супраць рас. войск. Войскі Рэчы Паспалітай блакіравалі Вільню. Становішча рас. войск увосень і ўзімку 1658—59 значна пагоршылася. Стары Быхаў, Мсціслаў, Крычаў, Чавусы скінулі рас. ўладу. Разам з казацкімі атрадамі Нячая супраць рас. войск дзейнічалі казацка-сял. атрады Д.Мурашкі, Сапрыкі, Драня. Супраць казацкіх войск быў кінуты ў 1659 вял. карны атрад Лабанава-Растоўскага, якому ўдалося задушыць вызв. рух і зноў узяць Мсціслаў, Рослаў, Крычаў, Стары Быхаў. Паступова войска ВКЛ пачало выцясняць рас. армію. Каб змяніць сітуацыю, цар накіраваў на Беларусь войска на чале з ваяводам кн. І.А.Хаванскім. У выніку наступлення яго арміі ў снеж. 1659 — лют. 1660 устаноўлены кантроль над Новагародскім ваяв. (за выключэннем Случчыны), зноў занята Гародня, адбітая П.Сапегам у сакавіку. Армія Хаванскага нанесла паражэнне палку М.Абуховіча каля Мальчы і ў студз. 1660 заняла Бярэсце, у сак. аблажыла моцны замак Ляхавічы. У гэты час на тэр. Беларусі дзейнічалі партыз. атрады Мурашкі і С.Аскіркі, якія складаліся са шляхты і рэшткаў бел. казакаў (з сялянства). Ім удалося заняць Давыд-Гарадок, але, пацярпеўшы паражэнне ў лют. 1660 каля Глуска, яны адышлі да Слуцка, а потым зайшлі ў тыл войску Хаванскага і сталі каля Нясвіжа.
3.5.1660 Рэч Паспалітая заключыла мір са Швецыяй і змагла ўсе свае войскі кінуць супраць рас. арміі. На Беларусь з Падляшша прыйшла дывізія П.Сапегі (6 тыс.чал.) і вызваліла Жыровічы, з Падолля — дывізія С.Чарнецкага (4 тыс.чал.), якая заняла Слонім. Абедзве дывізіі злучыліся і 28.6.1660 сустрэліся з арміяй Хаванскага каля Палонкі (20 км ад Баранавічаў), дзе адбылася вырашальная бітва. Войска Хаванскага было разбіта, і ён пачаў адыходзіць на Пн. Наўздагон была кінута конніца С.Кміціча, якая нанесла паражэнні рэшткам рас. войска пад Мірам, Жукавым Барком і Койданавам. У ліп. 1660 Сапега і Чарнецкі ўвайшлі ў Мінск. Тэр. Беларусі да Бярэзіны была вызвалена, а Хаванскі, прайграўшы бітву пад Чарэяй, адступіў у Полацк. Цар паслаў на Беларусь новую армію ваяводы Ю.Далгарукава (да 30 тыс.чал.) і казацкае войска з Украіны (зноў саюзнай з Расіяй) на чале з палк. В.Залатарэнкам (25 тыс.чал.). Аднак у Бел. Падняпроўі ўжо дзейнічалі харугвы Сапегі, Чарнецкага, Кміціча і А.Палубінскага. 8.10.1660 каля Чавусаў адбыўся бой войска Рэчы Паспалітай з групоўкай Далгарукава, што перашкодзіла аб’яднанню яго войска з арміяй Хаванскага. Шляхта, мяшчане і сяляне, якія раней прысягалі цару, пачалі масава выступаць супраць рас. войск. Пераможныя паўстанні супраць рас. гарнізонаў адбыліся ў Дзісне, Себежы, у лют. 1661 — у Магілёве. 4.11.1661 войска Хаванскага (20 тыс.чал.) пацярпела паражэнне пры Кушліках (каля Полацка) ад войска К.Жаромскага (12 тыс.чал.). 2.12.1661 капітуляваў рас. гарнізон у віленскім замку. Аднак вайна не была скончана. Амаль усё войска ВКЛ і частка польск. войска, не атрымаўшы жалавання, утварылі ў 1661 канфедэрацыю і спынілі актыўныя ваен. дзеянні, якія аднавіліся толькі праз 2 гады, калі жалаванне было выплачана. 9.7.1662 здаўся рас. гарнізон у Барысаве, у снеж. 1662 — ва Усвятах. 1.6.1664 пачаліся мірныя перагаворы; пасля перапынку яны аднавіліся ў крас. 1666. Вайна завяршылася падпісаннем Андросаўскага перамір’я 1667, паводле якога Расія замацавала за сабой Смаленшчыну і Левабярэжную Украіну з Кіевам. Вынікі вайны для Беларусі былі трагічныя. Страты насельніцтва склалі больш за 50% (паменшылася з 2,9 млн.чал. да 1,4 млн.чал.). Найб. скарацілася колькасць насельніцтва ва ўсх. і цэнтр. Беларусі: у Полацкім, Віцебскім, Мсціслаўскім і Мінскім ваяв. на 60—70%, у Новагародскім, Берасцейскім і Віленскім ваяв. на 35—45%. Эканоміка Беларусі апынулася ў стане глыбокага заняпаду.
Літ.:
Гісторыя Беларускай ССР. Т. 1. Мн., 1972;
Мальцев А.Н. Россия и Белоруссия в середине XVII в. М., 1974;
Абецедарский Л.С. Белоруссия и Россия: Очерки рус.-бел. связей второй половины XVI—XVII в. Мн., 1978;
Сагановіч Г. Невядомая вайна, 1654—1667. Мн., 1995;
Morzy J. Kryzys demograficzny na Litwie I Białorusi w 2 połowie XVII wieku. Poznań, 1965.
А.П.Грыцкевіч
Да арт. Вайна Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. Апошняя старонка Кейданскага дагавора 1655 аб уніі ВКЛ са Швецыяй.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЭТНАГРА́ФІЯ (ад этнас + ...графія), этналогія, народазнаўства,
навука, якая даследуе этнічныя супольнасці, іх паходжанне (этнагенез), рассяленне, побыт і культуру, культ.-гіст. сувязі. Сучасная Э. (часцей ужываецца тэрмін «этналогія») вывучае комплекс праблем: этнагенез, этн. гісторыю, этн. (этнакульт., этнасац.) працэсы, нац. ўзаемаадносіны. Асн. метады даследаванняў: мэтавае апытанне мясц. жыхароў, тэкставыя запісы, анкеты, фотаздымкі, відэа- і фоназапісы, іх сістэматызацыя, расшыфроўка, параўн.-тыпалагічны параўн.-гіст. аналіз, рэтраспекцыя, картаграфаванне і інш.Асн. крыніцы — палявыя этнагр. матэрыялы, запісы падарожнікаў, гіст. і нарматыўныя дакументы, інвентарныя кнігі, каталогі, музейныя калекцыі. Цесна звязана з археалогіяй, антрапалогіяй, геаграфіяй, лінгвістыкай, сацыялогіяй, фалькларыстыкай. Сумежныя дысцыпліны: этнагеаграфія, этналінгвістыка, этнамузыкалогія, этнічная псіхалогія, этнапедагогіка.
Найб. даўнія звесткі пра Э. ў пісьмовых помніках Стараж. Егіпта, Месапатаміі, Асірыі, Персіі, Індыі. Кітая. У творах ант. аўтараў (Герадот, Палібій, Пліній Старэйшы, Страбон, Тацыт, Фукідыд і інш.) ёсць апісанні народаў, спробы асэнсаваць гіст. падзеі і этнакульт. з’явы. Традыцыі ант. л-ры прадаўжаліся ў Візантыі (Пракопій Кесарыйскі, імператар Канстанцін, 10 ст., і інш.). Багаты матэрыял пра народы свету ў апісаннях падарожжаў Дж.Карпіні («Гісторыя манголаў»), М.Пола («Кніга Марка Пола»). Вялікія геаграфічныя адкрыцці (15—17 ст.) паскорылі развіццё этнагр. ведаў. Комплексныя этналагічныя даследаванні Л.Г.Моргана і інш. садзейнічалі параўн. вывучэнню і абагульненню фактычнага матэрыялу. У працэсе пошукаў новых падыходаў у асэнсаванні гісторыі чалавецтва і тлумачэнні этнакульт. разнастайнасці фарміраваліся навук. школы: міфалагічная школа, эвалюцыянісцкая (А.Бастыян, Г.Спенсер, Э.Тайлар), антрапагеагр. (Ф.Ратцэль), культурна-гістарычная школа, функцыян., этнапсіхал. і інш. Узніклі этнагр. ўстановы і т-вы, музеі этнаграфічныя, выдаваліся часопісы, склікаліся міжнар. канферэнцыі і кангрэсы. 2-я пал. 19 — пач. 20 ст. адзначаны поспехамі слав. Э., з’яўленнем фундаментальных абагульняльных прац па розных кірунках этнагр. навукі (З.Глогер, Дз.К.Зяленін. Я.Ф.Карскі. К.Машынскі. Л.Нідэрле, А.М.Пыпін, П.Шафарык і інш.). У 1948 засн.Міжнар. саюз антраполагаў і этнографаў.
Першыя звесткі пра стараж. насельніцтва Беларусі ёсць у творах ант. аўтараў, стараж. летапісах («Аповесць мінулых гадоў») і інш.гіст. помніках 12—14 ст. У 16—18 ст.этнагр. звесткі пра беларусаў зафіксаваны ў «Баркулабаўскім летапісе», «Хроніцы Быхаўца», «Хроніцы Еўрапейскай Сарматыі» А.Гваньіні, «Хроніцы польскай, літоўскай, жамойцкай і ўсяе Русі» М.Стрыйкоўскага, шматлікіх інвентарах, запісках замежных і рус. паслоў і падарожнікаў (З.Герберштэйн, Т.Карабейнікаў, Я.Ласіцкі, М.Літвін, А.Маерберг, Б.Л.Танер і інш.), этнагр. помніку бел. рэнесансу «Песня пра зубра» Міколы Гусоўскага. Бел. асветнікі С.Будны. Ф.Скарына, В.Цяпінскі і інш. спалучалі ў сваіх творах хрысц. традыцыі і нац.-патрыят. ідэю, крытычна ставіліся да афіц. рэлігіі. імкнуліся наблізіць яе да народа, чаму садзейнічалі пераклады Бібліі на жывую бел. мову з адпаведнымі каментарыямі, прадмовамі і пасляслоўямі. Каштоўны ўклад у вывучэнне праблем сям’і і грамадства, нар. маралі і звычаёвага права зрабілі аўтары і складальнікі прававых Статутаў ВКЛ 1529, 1566, 1588. Пасля далучэння Беларусі да Расіі (канец 18 ст.) з’явіліся нататкі экспедыцыі на Беларусь у 1773 І.І.Ляпёхіна, этнагр. апісанне бел. губерняў В.М.Севергіна, працы па краязнаўстве і Э. Беларусі Л.Галамбёўскага, А.К.Меера, М.Чарноўскай, І.Шыдлоўскага. Побыт і вусную нар. творчасць беларусаў даследавалі Я.Баршчэўскі, З.Я.Даленга-Хадакоўскі, Т.Зан, Ю.І.Крашэўскі, Р.А.Падбярэскі, А.Ф.Рыпінскі, У.Сыракомля, Я.Чачот і інш. Каштоўныя матэрыялы па краязнаўстве сабралі Я.П. і К.П.Тышкевічы, па Э., гісторыі і фальклоры бел. насельніцтва — І.М.Снегіроў, звесткі пра духоўную культуру беларусаў — П.В.Кірэеўскі. Пазней даследаванні праводзілі чл. Расійскай АН, Маскоўскага таварыства гісторыі і старажытнасцей расійскіх, Румянцаўскага гуртка.
Актыўнае збіранне этнагр. матэрыялаў на Беларусі пачалося з заснаваннем у 1845 Рус.геагр.т-ва (РГТ) з аддзяленнем Э. У «Этнографических сборниках» т-ва друкаваліся працы па Э. Беларусі М.Анімеле, А.Кіркора, І.Юркевіча і інш. Каштоўныя звесткі пра жыццё беларусаў змешчаны ў працах П.В.Баброўскага, М.В.Без-Карніловіча, І.Зяленскага, творах А.Міцкевіча, Падбярэскага, У.Сыракомлі, Я.Чачота і інш., шматтомным выданні «Матэрыялы для геаграфіі і статыстыкі Расіі, сабраныя афіцэрамі Генеральнага штаба» (1860-я г.), 3-томнай фундаментальнай працы «Спроба апісання Магілёўскай губерні ў гістарычных, фізіка-геаграфічных, прамысловых, сельскагаспадарчых, лясных, вучэбных, медыцынскіх і статыстычных адносінах» (1882—84, пад рэд. А.С.Дамбавецкага) і інш. Значную ролю ў вывучэнні Беларусі адыграў створаны ў 1867 у Вільні Паўночна-Заходні аддзел Рускага геаграфічнага таварыства. Выдадзены першыя этнаграфічныя карты і атласы, якія пашырылі звесткі пра этн. склад насельніцтва Беларусі. З канца 1870-х г. распачалося выданне шматтомнай краязнаўчай працы «Жывапісная Расія». Матэрыялы, сабраныя Кіркорам у 1840—50-я г., склалі 2 часткі 3-га т., прысвечанага Беларусі і Літве («Літоўскае Палессе» і «Беларускае Палессе», 1882). Побач з назапашваннем этнагр. матэрыялаў ішоў працэс асэнсавання, тэарэт. абагульнення і паглыбленага вывучэння розных бакоў нар. культуры. У час. «Записки Северо-Западного отдела Русского географического общества», «Современник», «Вестник Западной России», «Исторический вестник», «Tygodnik ilustrowany» («Ілюстраваны штотыднёвік»), «Athenaeum» («Атэнэум»), «Wisła» («Вісла») і інш.перыяд. выданнях і навук. зборніках публікаваліся працы даследчыкаў бел. Э. М.В.Доўнар-Запольскага, Карскага, Кіркора, М.М.Косіч, І.А.Сербава, А.К.Сержпутоўскага, А.М.Харузіна, П.М.Шпілеўскага, М.А.Янчука і інш.
Трывалыя асновы бел. Э. закладзены ў 2-й пал. 19 ст. З’явілася плеяда этнографаў, збіральнікаў і даследчыкаў бел. спадчыны. Значны ўклад у вывучэнне побыту і культуры Паўн. Беларусі зрабіў М.Я.Нікіфароўскі. Яго «Нарысы простанароднага жыцця-быцця ў Віцебскай Беларусі і апісанне прадметаў ужытку» (1895) — першае на Беларусі сістэматычнае і ўсебаковае даследаванне матэрыяльнай культуры. Энцыклапедыяй нар. жыцця з’явіўся «Беларускі зборнік» Е.Р.Раманава (т. 1—9, 1886—1912), у якім адлюстраваны амаль усе бакі матэрыяльнай і духоўнай культуры беларусаў. Багатыя матэрыялы па Э. беларусаў Смаленскай губ. сабраў У.М.Дабравольскі. Плённай была збіральніцкая дзейнасць П.В.Шэйна, які сістэматызаваў і выдаў «Матэрыялы для вывучэння побыту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю» (т. 1—3, 1887—1902), а таксама дзейнасць этнографаў, якія публікавалі працы пра Беларусь на польскай мове: Э.Ажэшкі, Глогера, Я.Карловіча, Машынскага, М.Федароўскага. Важнай вяхой у этнагр. вывучэнні Беларусі быў 1-ы ўсерас. перапіс насельніцтва (1897), які даў рэальную карціну этн. сітуацыі на Беларусі. Негатыўна паўплывалі на развіццё бел. Э. як навукі канцэпцыя заходнерусізму і забарона ў афіц. ужытку бел. друкаванага слова. Канец 19 — пач. 20 ст. адзначаны шырокай хваляй нац.-культ. адраджэння (М.Багдановіч, Ф.Багушэвіч, В.Дунін-Марцінкевіч, Я.Купала, Я.Колас). Прыкметную ролю ў выхаванні новай генерацыі даследчыкаў нар. культуры і побыту адыграла газ. «Наша ніва», якая шырока прадстаўляла этнагр. матэрыялы з жыцця бел. вёскі, асвятляла гіст. і культ. падзеі. Праблемы гіст. развіцця бел. народа, этнагенез і этн. гісторыю даследаваў Доўнар-Запольскі, гісторыю і традыц. культуру Беларусі — В.Ю.Ластоўскі. А.А.Смоліч — аўтар першай фундаментальнай працы «Геаграфія Беларусі» (1919), у якой разглядаліся прыродныя ландшафты, этн. склад насельніцтва, яго размяшчэнне, культ. асаблівасці і гасп. заняткі.
Вынікі даследаванняў у галіне бел. Э., славістыкі і мовазнаўства падвяла самая значная абагульняльная праца пра бел. этнас «Беларусы» Карскага (т. 1—3, 1903—22). У 1918 у Маскве створана Беларускае навукова-культурнае таварыства, адкрыты Беларускі народны універсітэт, дзе чытаўся курс лекцый па Э. і гісторыі Беларусі. У 1922 у Мінску на базе Навук.-тэрміналагічнай камісіі створаны Ін-тбел. культуры, у складзе якога працавала этнагр. камісія. Створанае ў 1923 Цэнтральнае бюро краязнаўства пачало выданне гіст.-краязнаўчага час. «Наш край», дзе змяшчаліся этнагр. матэрыялы з розных куткоў Беларусі. Важнай крыніцай этнагр. вывучэння Беларусі былі музейныя калекцыі, экспедыцыйныя матэрыялы. Побач са збіральніцкай дзейнасцю праводзілася даследчая работа (праца «Беларуская этнаграфія ў доследах і матэрыялах», кн. 1—5, 7, 1926—30). Творчая праца многіх даследчыкаў нар. культуры была звязана з Палессем. Грунтоўныя комплексныя даследаванні на багатым фактычным матэрыяле, сабраным на Палессі, апублікавалі Дз.Г.Булгакоўскі, І.І.Жылінскі, І.Я.Забелін, Ю.Крашэўскі, Н.І.Лебедзева, Машынскі, Ч.Пяткевіч, З.Ф.Радчанка, П.П.Чубінскі і інш. Далейшае развіццё Э. атрымала з утварэннем Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклоруАН Беларусі. Пачалося сістэматычнае вывучэнне гісторыі бел. Э. Даследаваліся праблемы Э.: этнагенез і этн. гісторыя (М.Я.Грынблат, М.Ф.Піліпенка, І.У.Чаквін), матэрыяльная культура вёскі (У.С.Гуркоў, Л.А.Малчанава, Л.І.Мінько, Э.Р.Сабаленка), побыт і культура гар. насельніцтва (В.М.Бялявіна, У.М.Іваноў, Л.В.Ракава), гіст.-этнагр. раянаванне (В.С.Цітоў), сям’я і сямейная абраднасць (А.М.Курыловіч, Т.І.Кухаронак, М.М.Нікольскі, Ракава, Сабаленка), нар. промыслы і рамёствы (І.М.Браім, Н.І.Буракоўская, Курыловіч, С.А.Мілючэнкаў, Цітоў, С.Ф.Цярохін), гісторыя бел. Э. (В.К.Бандарчык, У.А.Васілевіч, Г.А.Каханоўскі, І.У.Саламевіч, А.С.Фядосік, Цітоў, І.К.Цішчанка) і інш. Выдадзены калект. працы «Беларускае народнае жыллё» (1973), «Беларускае народнае адзенне» (1975), «Помнікі этнаграфіі» (1981), «Промыслы і рамёствы Беларусі» (1984), «Палессе: Матэрыяльная культура» (1988), а таксама энцыкл. выданне «Этнаграфія Беларусі» і інш. У 1976 адкрыты Беларускі дзяржаўны музей народнай архітэктуры і побыту, у 1977 — Музей старажытна-беларускай культуры.
У 1990-я г. даследаваліся пытанні шматвяковай гісторыі і традыц. культуры народа: нар. дойлідства (Т.В.Габрусь, Гуркоў, А.М.Кулагін, А.І.Лакотка, С.А.Сергачоў, Ю.А.Якімовіч), нар. мастацтва (В.А.Лабачэўская, М.Ф.Раманюк, Я.М.Сахута, В.Я.Фадзеева), духоўныя традыцыі і абрады (Г.А.Барташэвіч, Т.Б.Варфаламеева, Васілевіч, П.А.Гуд, А.У.Гурко, Э.С.Дубянецкі, І.І.Крук, Кухаронак, А.С.Ліс, З.Я.Мажэйка, А.В.Мальдзіс, Л.Ф.Салавей), гісторыя культуры (Г.Я.Галенчанка, В.П.Грыцкевіч, Э.К.Дарашэвіч, А.К.Каўка, Каханоўскі, Г.В.Кісялёў, У.М.Конан, Л.М.Лыч, С.А.Падокшын, Саламевіч, Чаквін, І.А.Юхо). Апублікаваны калект. праца «Беларусы» (1998), энцыкл. выданне «Народная культура Беларусі» (2002). Працягваецца праца над шматтомным выданнем «Беларусы» (т. 1—6, 1995—2002), якое асвятляе разнастайнасць шматвяковых традыцый бел. народа ў матэрыяльнай, духоўнай і інш. сферах нац. культуры. Праблемы бел. Э. даследуюцца ў Ін-це мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.Крапівы і Ін-це гісторыі Нац.АН Беларусі, Ін-це праблем культуры, Бел.навук.-адукац. цэнтры, на кафедрах ВНУ, у музеях, цэнтрах і дамах нар. творчасці і інш.
Літ.:
Пыпин А.Н. История русской этнографии. Т. 1—4. СПб., 1890—92;
Харузина В.Н. Введение в этнографию: Описание и классификация народов земного шара. М., 1941;
Токарев С.А. История русской этнографии. М., 1966;
Чебоксаров Н.Н.Чебоксарова И.А. Народы, расы. культуры. М., 1971;
Беларуская народная творчасць. Т. 1—45. Мн., 1970—2001;
Бромлей Ю.В. Этнос и этнография. М., 1973;
Зеленин Д.К. Восточнославянская этнография. М., 1991;
Цьвікевіч А. «Западно-руссизм»;
Нарысы з гісторыі грамадзкай мысьлі на Беларусі ў 19 і пач. 20 ст. 2 выд.Мн., 1993;
Цітоў В.С. Народная спадчына: Матэр. культура ў лакальна-тыпал. разнастайнасці. Мн., 1994;
Яго ж. Этнаграфічная спадчына: Беларусь. Традыцыйна-бытавая культура. Мн., 2001;
Говард М. Сучасная культурная антрапалогія. Мн., 1995;
Сахута Я.М. Народнае мастацгва Беларусі. Мн., 1997;
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТОРЫЯ ДЗЯРЖАВЫ І ПРАВА
Вытокі бел. гісторыка-прававой думкі ў далёкай старажытнасці, калі з узнікненнем на тэр. Беларусі дзяржаўнасці і пісьменства з’явілася патрэбнасць у захавальніках і тлумачальніках звычаяў. Пазней, калі бел. землі сталі палітыка-эканам. цэнтрам феад. дзяржавы ВКЛ, з’явіліся прафес. юрысты (суддзі, адвакаты і інш.), узнікла неабходнасць у тэарэт. асэнсаванні новых з’яў і грамадскіх працэсаў. У 16 ст. на Беларусі (паводле некат звестак) выдадзена 16 юрыд. кніг, у т. л. Статут 1588, закон аб Гал. судзе (Трыбунале) і інш. Пачалося фарміраванне кола паліт. дзеячаў і мысліцеляў (ф.Скарына, М.Літвін, С.Будны, А.Волан, Мікалай Радзівіл Чорны, А.Валовіч, Л.Сапега і інш.), якія на падставе сусв.навук. напрацовак уносілі ў праблемы дзяржавы і права ВКЛ практычныя прапановы па ўдасканаленні грамадскіх адносін і заканадаўства. Ф.Скарына выказваў думкі аб ролі народа і нар. суверэнітэце, якія пераклікаліся з тэорыяй натуральнага права; лічыў, што права ў цэлым і асобныя законы павінны выдавацца на падставе звычаяў пэўнай зямлі, быць справядлівымі, карыснымі народу і накіраванымі на дасягненне агульнага дабра. Ён прыняў удзел у падрыхтоўцы першага кадыфікаванага зводу законаў ВКЛ — Статута 1529. Пашырэнне на Беларусі рэфармацыйных рэнесансавых і гуманістычных ідэй садзейнічала свецкай інтэрпрэтацыі палітыка-прававых інстытутаў (А.Волан і А.Алізароўскі, Л.Зізаній, П.Скарга, М.Сматрыцкі, В.Цяпінскі і інш.). А.Волан лічыў важнейшай натуральнай уласцівасцю чалавека імкненне да свабоды і неабходнасць яе абараняць з дапамогай права, якое павінна быць справядлівым, разумным і з’яўляцца гарантам (абараняць) свабоды і роўнасці людзей («Пра палітычную або грамадзянскую свабоду», 1572). Прадстаўнікі рэфармацыйнага руху на Беларусі П.Гезка, М.Чаховіц, С.Будны, В.Цяпінскі і інш. імкнуліся аб’яднаць прававую тэорыю з практыкай, што было рэалізавана пры ўдасканаленні папярэдняга заканадаўства (шматлікіх грамат, Судзебніка 1468) і стварэнні законаў, заснаваных на мясц. праве і традыцыях народа — Статутаў ВКЛ 1529, 1566, 1588. У іх змешчаны нормы ўсіх галін тагачаснага права: канстытуцыйнага, адм., грамадз. (у т. л. рэчавага, абавязацельнага, спадчыннага, апякунскага і інш.), крымін., працэсуальнага і нават прыродаахоўнага.
На падставе дасягненняў прававой тэорыі ў 16 ст. ў ВКЛ праведзена судовая рэформа, у выніку якой з’явіліся выбарныя, аддзеленыя ад выканаўчай улады суды для шляхты і новыя прынцыпы судаводства — галоснасць, спаборнасць судовага працэсу з удзелам адвакатаў і інш. Узнікла і пачала рэалізоўвацца патрэбнасць у прафес.юрыд. кадрах, падрыхтоўку якіх ажыццяўлялі і зах.-еўрап. ун-ты, і ўласныя навуч. ўстановы. Права вывучалася ў Светаянскай школе грамадз. права ў Вільні (1566), кальвінісцкіх і арыянскіх школах у Слуцку, Іўі, Койданаве, Лоску, Нясвіжы, Навагрудку і інш. гарадах, а таксама ў прыватных школах (палестрах). У Віленскім ун-це (у 1640 быў адкрыты юрыд.ф-т). З 1583 па 1781 выпускнікам ун-та было прысвоена 149 навук. ступеней па праве. Дзейнічалі 2 кафедры кананічнага і 2 — грамадз. права. У сваіх лекцыях і навук. працах І.Анацэвіч, М.Баброўскі, І.Даніловіч, І.Лялевель, Т.Чацкі, Ю.Ярашэвіч і інш. закраналі гіст. і гісторыка-прававыя праблемы, звязаныя з мінулым бел. народа. Развіццю юрыд. навукі на Беларусі садзейнічалі апублікаваныя ў 18 ст. з дапамогай Адукацыйнай камісіі Рэчы Паспалітай заканад. акты з каментарыямі і заўвагамі да іх; храналагічны збор законаў ВКЛ і Польшчы ў 8 тамах — Валюміна легум (1732—82), збор дакументаў па міжнар. праве ў 3 тамах, выдадзены М.Догелем у 1758—64; збор норм ваенна-крымін. права — «Артыкулы ваенныя» (Нясвіж, 1754), а таксама кнігі «Доказ асноў натуральнага права» Т.Млоцкага (Вільня, 1779), «Навука права натуральнага, палітычнага, палітычнай эканоміі і права народаў» І.Страйноўскага (Вільня, 1785) і інш. Вынікам узаемадзеяння навукі і практыкі стала прыняцце соймам Рэчы Паспалітай у 1791 «Закона аб урадзе», вядомага як Канстытуцыя 3 мая (адна з першых канстытуцый у гісторыі чалавецтва).
Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі пытанні гісторыі дзяржавы і права Беларусі, Літвы і Украіны закраналіся ў працах А.Каравіцкага, Ю.Ярашэвіча, М.І.Кастамарава, М.Ф.Уладзімірскага-Буданава, М.П.Дашкевіча, М.В.Доўнар-Запольскага, Р.В.Дземчанкі, М.В.Каяловіча, І.І.Лапо, Ф.І.Леантовіча, М.К.Любаўскага, М.А.Максімейкі, І.А.Маліноўскага, Т.Чацкага, М.М.Ясінскага, Т.Нарбута і інш. Фундаментальную крыніцазнаўчую базу для вывучэння гісторыі права Беларусі стваралі такія выданні, як «Беларускі архіў старажытных грамат» пад рэдакцыяй І.І.Грыгаровіча (ч. 1, 1824); «Зборнік Муханава» (1836); «Акты Заходняй Расіі», т. 1—5 (1846—53); «Акты Віленскай археаграфічнай камісіі», т. 1—39 (1865—1915), «Гісторыка-юрыдычныя матэрыялы...», в. 1—32 (Віцебск, 1871—1906); «Акты Паўднёвай і Заходняй Расіі...», т. 1—15 (1863—92). Асаблівая заслуга ў даследаванні прававой гісторыі Беларусі належыць І.М.Даніловічу, які з 1814 выкладаў у Віленскім ун-це мясц. (г.зн. беларуска-літоўскае) права. Ён выявіў і апублікаваў шэраг помнікаў права Беларусі (напр., у 1826 апублікаваў тэкст Судзебніка 1468, падрыхтаваў да друку напісаны на бел. мове Статут ВКЛ 1529, а таксама збор дакументаў «Скарбец дипломатов» («Скарбніца актаў», Вільня, 1860—62), у якім змешчаны вытрымкі ці апісанне 2383 актаў па гісторыі дзяржавы і права Беларусі і Літвы.
Навук. даследаванні 1920—30-х г. былі адказам на пытанні, пастаўленыя практыкай сав.дзярж.буд-ва. Праблемы гісторыі дзяржавы і права, юрыд. навукі займалі значнае месца ў даследаваннях вучоных БДУ (з 1921). Першы рэктар БДУ У.І.Пічэта больш за 130 навук. прац прысвяціў гісторыі права, палітыкі, эканомікі і культуры Беларусі; у 1961 выдадзены збор яго прац «Беларусь і Літва XV—XVI ст.». Пытанні прававой гісторыі Беларусі распрацоўвалі А.В.Бурдзейка, Дз.І.Даўгяла, М.В.Доўнар-Запольскі, В.Д.Дружчыц, Т.І.Забела, К.І.Таўсталес, М.Я.Ясінскі і інш. Першымі выкладчыкамі на прававым аддзяленні былі Г.С.Гурвіч (савецкае дзярж. права), В.Н.Дурдзянеўскі (дзярж. права бурж. краін), М.Б.Кроль (суд. псіхіятрыя), І.Т.Цітоў (суд. медыцына), М.А.Грэдзінгер (цывільнае права і працэс), Б.В.Чрэдзін (рымскае права) і інш. У адкрытым у 1922 Ін-це бел. культуры існавала камісія па сав. буд-ве (пазней пераўтворана ў прававую секцыю), у якой вывучаліся пытанні дзярж.-прававога жыцця рэспублікі. Інбелкульт пачаў выданне дзярж.-прававых актаў 16—17 ст., якія ўваходзілі ў склад Літоўскай метрыкі. Выдадзены 3-томны «Беларускі архіў» (1927—30), а таксама збор артыкулаў па розных галінах юрыд. навукі: дзярж., адм., крымін., грамадз., зямельнага права, судаводства, гісторыі і тэорыі дзяржавы і права (М.А.Грэдзінгер, Р.Я.Парэчын, М.А.Канаплін, В.М.Шыраеў, С.Слупскі, Ф.І.Гаўзе, М.М.Гуткоўскі, Е.А.Вішнеўскі, М.А.Бонч-Асмалоўскі), праца М.М.Гуткоўскага «Сістэматычны паказчык (спроба сістэматыкі) заканадаўства Беларускай ССР за 1919—28 г.» (1929). У канцы 1920-х г. шэраг вучоных-прававедаў (У.І.Пічэта, Р.Я.Парэчын, М.М.Гуткоўскі, В.Д.Дружчыц) рэпрэсіраваны, аб’ём і тэматыка навук. даследаванняў скараціліся. У 1944 аднавіў дзейнасць Мінскі юрыд.ін-т (у 1954 пераўтвораны ў юрыд.ф-тБДУ). У 1958 і 1969 выдадзена калектыўная праца ў 2 частках «Нарысы па гісторыі дзяржавы і права БССР». У 1960 перавыдадзены Статут ВКЛ 1529. У 1970—76 надрукаваны 2 т. «Гісторыі дзяржавы і права Беларускай ССР» (С.П.Маргунскі, І.І.Пацяружа, В.Н.Арцёмава, Ю.П.Броўка, М.В.Сторажаў, В.І.Семянкоў, В.І.Шабайлаў, І.А.Юхо і інш.). У 1978 выйшла манаграфія І.А.Юхо «Прававое становішча насельніцтва Беларусі ў XVI ст.», у 1975—79 — В.А.Круталевіча «Нараджэнне Беларускай Савецкай Рэспублікі» (у 2 ч.). Праблемы дзяржавы і права закраналі ў сваіх працах бел. гісторыкі (З.Ю.Капыскі, А.П.Грыцкевіч і інш.), вучоныя РСФСР (М.М.Улашчык, Дз.Л.Пахілевіч). Гісторыі палітыка-прававой думкі Беларусі прысвяцілі свае працы С.Ф.Сокал, С.А.Падокшын і В.Ф.Шалькевіч.
З пач. 1990-х г. праводзяцца комплексныя даследаванні праблем развіцця дзяржаўнасці і права Беларусі на ўсіх этапах гісторыі, выяўляюцца характэрныя рысы, асаблівасці і тэндэнцыі ў дзярж.-прававым буд-ве, развіцці дзярж. органаў улады і суд. сістэмы, становішчы грамадства і інш. (А.Ф.Вішнеўскі, Т.І.Доўнар, В.А.Круталевіч, С.Ф.Сокал, М.У.Сільчанка, В.А.Шаўкапляс, І.А.Юхо і інш.). Навукоўцы ўдзельнічаюць у перавыданні стараж. нарматыўных актаў. Зроблены пачатак стварэнню шматтомнай працы па гісторыі дзяржаўнасці і права Беларусі. Актуальным праблемам гісторыі дзяржавы і права Беларусі: узнікненню бел. дзяржаўнасці, фарміраванню тэрыторыі, паходжанню назвы «Беларусь», уніям ВКЛ з Польшчай, гісторыі заканадаўства — прысвечаны працы І.А.Юхо. У працах Т.І.Доўнар раскрываюцца этапы, характэрныя рысы і тэндэнцыі развіцця права Беларусі ў 14—18 ст., асаблівасці кадыфікацыі заканадаўства ў 16 ст., адметнасць прававой гісторыі і прававой культуры Беларусі і іх узаемасувязь з агульнаеўрап. працэсам эвалюцыі права, прасочваецца гісторыя канстытуцыйнага, крымін., грамадз. права. А.Ф.Вішнеўскі ў сваіх творах даў характарыстыку паэтапнага развіцця дзяржавы і права Беларусі са старажытнасці да нашага часу. У апошнія гады выдадзены шэраг навучальных дапаможнікаў па гісторыі дзяржавы і права Беларусі (аўтары А.Ф.Вішнеўскі, Т.І.Доўнар, В.А.Круталевіч, М.У.Сільчанка, С.Ф.Сокал, В.А.Шаўкапляс, І.А.Юхо і інш.). Гісторыкі-правазнаўцы прынялі ўдзел у падрыхтоўцы шэрагу энцыклапедычных выданняў: «Юрыдычны энцыклапедычны слоўнік» (1989), «Статут Вялікага княства Літоўскага 1588 г.» (1989), «Энцыклапедыя гісторыі Беларусі» (1993—2003), «Мысліцелі і асветнікі Беларусі» (1995), «Асветнікі зямлі Беларускай» (2001) і інш. Значнай навуковай падзеяй стала выданне ў 2001 «Гісторыі канстытуцыйнага права Беларусі» (Р.А.Васілевіч, Т.І.Доўнар, І.А.Юхо), перавыданне ў 2003 Статута 1566 (Т.І.Доўнар, І.А.Юхо, У.М.Сатолін). Бел. вучоныя-юрысты даследуюць фундаментальныя тэарэт. праблемы дзяржавы і права, распрацоўваюць праблемы гарантый забеспячэння суверэнітэту ў прававой, сац.-эканамічнай, культ. і інш. сферах жыцця грамадства.
Літ.:
Лаппо И.И. Литовский статут 1588 года. Т. 1—2. Каунас, 1934—1938;
Очерки истории государства и права БССР. Вып. 1—2. Мн., 1958—69;
Статут Великого княжества Литовского. Мн., 1960;
История государства и права Белорусской ССР. Т. 1—2. Мн., 1970—76;
Сокол С.Ф. Политическая и правовая мысль в Белоруссии XVI — первой половине XVII в. Мн., 1984;
Статут Вялікага княства Літоўскага 1588: Тэксты. Давед. Камент. Мн., 1989;
Вишневский А.Ф., Довнар Т.И. История государства и права Беларуси (1917—1996). Мн., 1996;
Довнар Т.И. Краткий очерк истории государства и права Республики Беларусь: (Послеоктябрьский период). Мн., 1997;
Вішнеўскі А.Ф., Юхо Я.А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі ў дакументах і матэрыялах. Мн., 1998;
Юхо І.А. Гістарыяграфія гісторыі дзяржавы і права феадальнай Беларусі. Мн., 1999;
Ермаловіч М. Беларуская дзяржава — Вялікае княства Літоўскае. Мн., 2000;
Круталевіч В.А., Юхо І.А. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі (1917—1945 гг.). 2 выд.Мн., 2000;
Дагаворы і граматы як крыніца беларускага права. Мн., 2000;
Доўнар Т. 1 Помнікі права Беларусі феадальнага перыяду. Мн., 2001;
Статут Вялікага княства Літоўскага 1588. Пер. на бел. мову. Мн., 2002;
Вішнеўскі А.Ф. Гісторыя дзяржавы і права Беларусі. Мн., 2003;
Статут Вялікага княства Літоўскага 1566 года. Мн., 2003.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАРЭ́ЯПаўночная, Карэйская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка (КНДР, кар. Часон мінджуджуый інмін канхвагук),
дзяржава ва Усх. Азіі, якая займае паўн.ч.Карэйскага паўвострава і прылеглую ч. мацерыка. На Пн мяжуе з Расіяй і Кітаем, з З абмываецца Жоўтым, з У — Японскім морамі. На Пд аддзяляецца дэмаркацыйнай лініяй ад Рэспублікі Карэя (гл.Карэя Паўднёвая). Пл. 122,8 тыс.км². Нас. 23,9 млн.чал. (1996). Дзярж. мова — карэйская. Сталіца — г.Пхеньян. Падзяляецца на 9 правінцый і 3 гарады цэнтр. падпарадкавання. Нац. святы: дзень нараджэння Кім Чэн Іра (16 лют.), Дзень незалежнасці (9 верасня), Дзень канстытуцыі (27 студз.). Гл. карту да арт.Карэя.
Дзяржаўны лад. К. — нар. рэспубліка. Дзейнічае канстытуцыя 1972. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт, які выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. Вышэйшы заканад. орган — аднапалатны Вярх.Нац. сход (ВНС), выбіраецца насельніцтвам на 4 гады. У перыяд паміж сесіямі ВНС дзейнічае яго Пастаянны савет. ВНС выбірае вышэйшы кіруючы орган — Цэнтр.нар. камітэт (ЦНК), які ўзначальвае прэзідэнт. ЦНК стварае ўрад рэспублікі — Адм. савет на чале з прэм’ер-міністрам. На месцах функцыі ўлады ажыццяўляюць нац. сходы правінцый і гарадоў цэнтр. падпарадкавання, нар. сходы паветаў, гарадоў і раёнаў.
Прырода. КНДР пераважна горная краіна. На Пн — Паўн.-Карэйскія горы (г. Пэктусан, 2750 м), на Пд ад іх — менш высокія Усх.-Карэйскія. Раўнінныя ўчасткі (каля 20% тэр. краіны) пераважна на З, па ўзбярэжжы Жоўтага м. Карысныя выкапні: антрацыт і буры вугаль, жал. руда, каляровыя металы (вальфрам, свінец, цынк, золата, нікель, малібдэн), магнезіт, графіт і інш. Клімат умераны мусонны. Зімой халодныя патокі паветра з кантынента прыносяць сухое марознае надвор’е. Летам тэрыторыя знаходзіцца пад уплывам акіянічных паветр. мас, якія прыносяць ападкі. Т-ра паветра ў студз. каля -11 °C, у ліп. каля 23 °C. Ападкаў ад 600 мм на ПнЗ да 1100—1400 мм на астатняй тэрыторыі. Рэкі горныя, багатыя гідраэнергіяй. Найб. з іх Тэданган, Амнакан, Туманган. Лясы займаюць пл. каля 9 млн.га, пераважна ў гарах. Растуць даурская лістоўніца, карэйскі кедр, аянская елка, чырвоная хвоя. З лек. раслін найб. вядомы жэньшэнь. Жывёльны свет захаваўся ў гарах. Мора багатае рыбай, трэпангамі, кальмарамі і інш. Рэзерваты — Хвангпо, Янгам і інш.
Насельніцтва. Амаль усё насельніцтва — карэйцы. Вернікі пераважна анімісты, будысты і канфуцыянцы. Сярэднегадавы прырост каля 2%. Сярэдняя шчыльн. 198 чал. на 1 км². Найб. густа заселены раўніны і ўзбярэжжы (да 300—400 чал. на 1 км²). У гарадах больш за 70% насельніцтва (1997). Найб. гарады (тыс.ж., 1997): Пхеньян — 2600, Хамхын — 775, Чханджын — 755. Больш за 300 тыс.ж. у гарадах Нампхо, Хэджу, Сіныйджу, Вансан. У прам-сці занята каля 30% працаздольнага насельніцтва, у сельскай, лясной гаспадарцы і марскіх промыслах — каля 46%.
Гісторыя. У жн. 1948 у Паўн. Карэі адбыліся выбары ў Вярх.нар. сход, які 9.9.1948 абвясціў стварэнне КНДР, прыняў канстытуцыю і сфарміраваў урад на чале з Кім Ір Сенам. Імкнучыся да пашырэння сацыяліст. сістэмы на ўсёй тэр. Карэі, улады КНДР пачалі Карэйскую вайну 1950—53, пасля заканчэння якой Кім Ір Сен усталяваў у краіне аўтарытарны рэжым. З пач. 1970-х г. паміж КНДР і Паўд. Карэяй ажыццяўляюцца кантакты з мэтай урэгулявання ўзаемаадносін і ўз’яднання краіны. У снеж. 1991 падпісана Пагадненне аб прымірэнні, ненападзе, супрацоўніцтве і абменах, у лют. 1992 — Сумесная дэкларацыя аб дэнуклеарызацыі Карэйскага п-ва (скасаваны ў 1992 Паўд. Карэяй у сувязі з адмовай КНДР ад міжнар. інспекцыі яе ядз. аб’ектаў). Пасля смерці Кім Ір Сена (1994) афіц. пераемнікам стаў яго сын Кім Чэн Ір (прэзідэнт з 1998). КНДР — чл.ААН (з 1991), Руху Недалучэння (з 1975). Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены ў лют. 1992.
Кіруючай і правячай партыяй у КНДР з’яўляецца Прац. партыя Карэі (ППК). У Аб’яднаны дэмакр. айчынны фронт уваходзяць ППК, С.-д. партыя Карэі, Партыя маладых сяброў рэлігіі нябеснага шляху, масавыя грамадскія арг-цыі.
Гаспадарка. КНДР — індустрыяльна-агр. краіна параўнальна нізкага ўзроўню развіцця. Эканоміка краіны носіць замкнёны характар, характарызуецца гіпертрафіраваным развіццём пераважна цяжкай і ваеннай прам-сці, тэхн. адсталасцю, нізкім узроўнем вытв-сці спажывецкіх тавараў. Валавы нац. прадукт у 1995 склаў 21,5 млрд.дол. ЗША каля 900 дол. на 1 чал. (прыкладна 114-е месца ў свеце). У апошнія гады адзначаны вял. цяжкасці ў асноўным з-за спынення дапамогі б.сацыяліст. краін, імпарту нафты з Расіі і агульнага крызісу гаспадаркі. Паліўна-энергет.прам-сць у значнай ступені базіруецца на ўласных рэсурсах. Здабыча вугалю 71,5 млн.т (1994). Імпартуюцца нафта і вугаль для каксавання. Электраэнергетыка выкарыстоўвае гідрарэсурсы (найб. Супхунская ГЭС на р. Амнакан) і каменны вугаль. Вытв-сць электраэнергіі 35,2 млрд.кВт∙гадз (1995). Буйнейшыя прадпрыемствы чорнай металургіі — металургічны камбінат у Чханджыне, з-ды ў Саніме і Кім-Чхэку. Выплаўка сталі каля 4 млн.т штогод. Развіта каляровая металургія на мясц. сыравіне. Асн. вытворцамі цынку (200 тыс.т, 1994), свінцу, медзі, нікелю, кобальту, кадмію, ртуці, малібдэну з’яўляюцца з-ды ў Нампхо, Хамхыне і Хэджу, алюмінію — з-д у Пукчане. Ёсць вытв-сць золата, серабра, рэдкіх металаў. Машынабудаванне і металаапрацоўка мае больш за 400 розных прадпрыемстваў. Развіты станкабудаванне (Рэксон, Хічхон, Танчхон, Тэан), аўтамабілебудаванне (Танчхон, Пхеньян), с.-г. машынабудаванне (Хэджу, Ыйджу, Хамхын, Чханджын, Кіян), вытв-сць рухомага саставу для чыгунак (Пхеньян, Вансан), суднаў (Чханджын), абсталявання для хім., металургічнай, горназдабыўной прам-сці. Хім.прам-сць уключае вытв-сцьхім. валокнаў, пластмас, мінер. угнаенняў (у т. л. азотных — 630 тыс.т, 1995), гербіцыдаў, соды, карбіду кальцыю, салянай к-ты; асн. цэнтры Хамхын, Хынам, Сунчхон, Хэджу. Вылучаецца нафтаперапр. і фармацэўтычная прам-сць. Развіта вытв-сцьбуд. матэрыялаў: цэменту (каля 8—10 млн.т штогод), вогнетрывалай цэглы, аконнага шкла, жалезабетонных вырабаў. Лясная і дрэваапр.прам-сць спецыялізуецца на вытв-сці фанеры, цэлюлозы, паперы, мэблі (Кімджу, Хесан, Пхеньян). Сярод галін лёгкай прам-сці вядучае месца належыць тэкст. (Пхеньян, Кэсон, Хамхын і інш.), абутковай і швейнай. З галін харч. прам-сці вылучаюцца рысаачышчальная, алейная, мукамольная, рыбная. Сельская гаспадарка дае каля 20% нац. даходу. Пл.с.-г. угоддзяў складае каля 2,4 млн.га, у т. л. каля 2 млн.га пад ворывам. Каля 1,4 млн.га арашаецца. У сувязі з крызіснымі з’явамі ў сельскай гаспадарцы ў апошнія гады абвастрылася харч. праблема. У краіне ўведзена сістэма забеспячэння насельніцтва харч. прадуктамі па выключна нізкіх нормах. Вядучая галіна сельскай гаспадаркі — раслінаводства, якое дае 75% усёй валавой прадукцыі і спецыялізуецца пераважна на вытв-сці збожжавых. Гал. культура — рыс (пасяўная пл. 680 тыс.га, валавы збор 2,8 млн.т, 1996). Вырошчваюць таксама кукурузу (пасяўная пл. 600 тыс.га, валавы збор 2 млн.т, 1996), гаалян, сорга, пшаніцу, ячмень, авёс, сою, батат, агародніну. Пад бульбай 140 тыс.га, валавы збор 1,6 млн.т (1996). Тэхн. культуры: тытунь, бавоўнік, цукр. буракі, лён, жэньшэнь. Садоўніцтва і шаўкаводства. Пагалоўе буйн. раг. жывёлы — 1 млн. галоў, пераважае рабочая, толькі 10% складаюць каровы. Свіна- і птушкагадоўля. Марское рыбалоўства — 1,85 млн.т рыбы (1995). Аснова трансп. сістэмы — чыгункі (каля 90% грузаабароту, каля 70% пасажыраабароту). Даўж. чыгунак больш за 8 тыс.км, каля 70% электрыфікавана. Аўтадарог больш за 21 тыс.км. Марскі і паветр. транспарт абслугоўвае знешнія сувязі. Гал. парты Нампхо, Чханджын, Хэджу, Хынам, Вансан. Знешнегандл. сувязі развіты слаба, экспартны патэнцыял абмежаваны. У 1995 экспарт склаў 590 млн.дол., імпарт — 1,5 млрд. долараў. На сусв. рынак КНДР пастаўляе чорныя і каляровыя металы, жал. руду і яе канцэнтраты, тальк, графіт, магнезіт, хім. прадукты, рыбапрадукты, фрукты, лекі. Каля 50% імпартнай прадукцыі складаюць нафта і нафтапрадукты, вугаль для каксавання, марганцавыя і храмітавыя руды. Імпартуюцца таксама машыны і абсталяванне, трансп. сродкі, харч. прадукты. Краіна мае вял. даўгі, асабліва Расіі, як пераемніцы СССР (больш за 3,2 млрд.руб.), і Кітаю. Гал.гандл. партнёры: Расія, Кітай, Японія, Германія, Індыя, Інданезія і інш. Грашовая адзінка — вона КНДР.
Узброеныя сілы. Складаюцца з рэгулярных узбр. сіл (сухап. войскі, ВПС, ВМС) і ваенізаваных фарміраванняў. Агульная колькасць (1997) рэгулярных узбр. сіл 1,055 млн.чал., ваенізаваных фарміраванняў 189 тыс.чал., рэзерву 4,7 млн.Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне па прызыве. У сухап. войсках 923 тыс.чал., на ўзбраенні 3,5 тыс. танкаў, 2,5 тыс. бронетранспарцёраў, каля 8 тыс. гармат, 8,1 тыс. мінамётаў, 7,8 тыс. гармат зенітнай артылерыі, больш за 10 тыс. пераносных зенітна-ракетных комплексаў, 2,6 тыс. рэактыўных сістэм залпавага агню і інш. У ВПС 85 тыс.чал., 607 баявых самалётаў і 30 баявых верталётаў. У ВМС 47 тыс.чал., 26 падводных лодак, 31 баявы карабель (пераважна тральшчыкі) і 7 дапаможных суднаў, каля 680 баявых катэраў (пераважна дэсантных, тарпедных і патрульных).
Ахова здароўя. Сярэдняя працягласць жыцця мужчын 67,5, жанчын 73,9 года.
Смяротнасць — 5 на 1 тыс.чал. Забеспячэнне бальнічнымі ложкамі — 1 на 74 чал., урачамі — 1 на 370 чал. Узровень нараджальнасці — 22 на 1 тыс.чал. Натуральны прырост 1,7%. Дзіцячая смяротнасць — 25 на 1 тыс. нованароджаных (1997).
Асвета, навуковыя ўстановы. Сучасная сістэма нар. адукацыі ўключае дашкольныя ўстановы (да 3 гадоў — яслі, пасля 3 — сад з аднагадовым абавязковым курсам перадшкольнай падрыхтоўкі), агульнаадук. школу, прафес.-тэхн. і вышэйшыя навуч. ўстановы. Кіраванне нар. адукацыяй цэнтралізаванае, праводзіцца К-там адукацыі пры Адм. савеце. Усе выдаткі на адукацыю аплачвае дзяржава. У 1975 уведзена абавязковая 11-гадовая адукацыя з 5-гадовага ўзросту: дашкольны клас і 10-гадовая школа, якая ўключае 4-гадовую пач. і 6-гадовую сярэднюю школу. Прафес. падрыхтоўку на базе абавязковай школы даюць тэхнікумы і вышэйшыя тэхн. школы (існуюць з 1960 пры з-дах, ф-ках і буйных прадпрыемствах). Іх выпускнікі атрымліваюць права працаваць па спецыяльнасці і працягваць вучобу ў ВНУ. У пач. 1990-х г. у КНДР было больш за 50 вышэйшых тэхн. школ і каля 500 тэхнікумаў. Вышэйшая адукацыя пачала развівацца пасля засн. ў Пхеньяне ў 1946 ун-та. У 2-й пал. 1940-х г. адчынены с.-г., пед., настаўніцкія, мед. і політэхн. ін-ты. Існуюць розныя формы адукацыі дарослых без адрыву ад вытв-сці (вячэрнія агульнаадук. і тэхн. школы, завочныя і вячэрнія тэхнікумы і ін-ты). У Пхеньяне знаходзяцца Дзярж.цэнтр.б-ка (з 1945), Б-каАН КНДР (з 1952), Цэнтр.гіст. музей (з 1928), Музей этнаграфіі (з 1956), Цэнтр. музей прыгожых мастацтваў (з 1954) і інш. Навук, даследаванні праводзяцца ў АН (з 1952, у яе складзе каля 40 н.-д. ін-таў і філіял у Хамхыні), у Акадэміі с.-г. навук (з 1963), АМН (з 1963), Акадэміі грамадскіх навук (з 1952; да 1964 у складзе АН), Акадэміі лесаводства, у Цэнтры атамных даследаванняў (з 1952), на кафедрах ВНУ і інш.н.-д. установах.
Друк, радыё, тэлебачанне. Перыяд. выданні выходзяць на кар., англ., франц., яп., рус. і кіт. мовах. Найб. тыраж маюць штодзённая газета «Надон сінмун» («Газета Праца», орган ЦКПрац. партыі К., з 1945) і «Надон чханён» («Працоўная моладзь». орган ЦК Саюза сацыяліст.прац. моладзі К., з 1946). Працуе Цэнтр.тэлегр. агенцтва К. (ЦТАК, з 1946). Дзейнасць Цэнтр. радыёстанцыі К. і Пхеньянскай радыёстанцыі, а таксама Цэнтр. тэлебачання К. і Кэсонскага тэлебачання падпарадкаваны дзяржаве. Перадачы радыё і тэлебачання вядуцца па агульнанац. і мясц. праграмах на кар., англ., рус., франц., кіт. і інш. мовах.
Літаратура. Гал. тэмы л-ры КНДР — сац. пераўтварэнні ў вёсцы (раман «Зямля», 1948—60, Лі Гіёна), станаўленне рабочага класа (аповесці Лі Букмёна, Хван Гона, Юн Седжуна), працяг традыцый пралет. паэзіі (Чо Гічхон і інш.). У 1946 створана Асацыяцыя работнікаў л-ры і мастацтва Паўн. К. Вайна 1950—53 паклала пачатак гераічнай і патрыят. тэматыцы: ваен. публіцыстыка Кім Сарана, апавяданні Хван Гона, Юн Седжуна, Чхон Себона, франтавыя вершы Чо Гічхона, Мін Бёнгюна. У 1950—60-я г. з’явіліся буйныя гіст. творы: «Рака Туманган» Лі Гіёна, «Бацька Сасан» Чхве Мён’іка, «Гісторыя няшчасцяў» Чхон Себона і інш., пашыралася мемуарная л-ра (серыя «Сярод людзей» і інш.). У 1970-я г. вылучыліся творы калектываў аўтараў паводле п’ес перыяду антыяп. барацьбы ў 1930-я г.: «Мора крыві», «Лёс вартаўніка» і інш. У сучаснай л-ры вядучымі застаюцца тэмы працы, аб’яднання краіны; асаблівая ўвага аддаецца ваен. тэматыцы (раманы Кім Джэгю, Пён Хігына). З 1953 дзейнічае Саюз пісьменнікаў К. На бел. мове асобнымі выданнямі выйшлі «Карэйскія казкі» (1954) і казка «Ластаўкі» (1957) у перакладзе А.Якімовіча, асобныя вершы кар. паэтаў пераклаў М.Аўрамчык. На кар. мове выдадзены зб. Я.Коласа «У старых дубах» (1959).
Архітэктура, выяўленчае мастацтва. З 1950-х г. інтэнсіўна развівалася горадабудаўніцтва, якое вырашала праблемы рацыянальнага размяшчэння жылых і прамысл. раёнаў, забеспячэння гарадоў сеткай культ.-быт. устаноў, добраўпарадкавання і азелянення (арх. Кім Джанхі, Лі Хён, Пак Ікхван, Сін Сунгён, а таксама замежныя спецыялісты). У 1945—53 распрацаваны генплан Пхеньяна (арх. Кан Чахван і інш.), адноўлены і рэканструяваны гарады Хамхын, Вансан, Сарывон, Кэсон, Нампхо і інш. У пабудовах 1950—60-х г. дамінуюць формы сярэдневяковай архітэктуры (Пхеньянскі Вял.т-р, 1960, арх. Кім Чанхі, Сін Сунгён і інш.). З 1960-х г. пашыраюцца новыя буд. канструкцыі і матэрыялы, узводзяцца будынкі з рацыянальнай планіроўкай, лаканічныя па форме (Дзярж.ун-т імя Кім Ір Сена ў Пхеньяне, 2-я чарга, 1970-я г.). Жыллёвае буд-ва вядзецца па тыпавых праектах з захаваннем нац. асаблівасцей добраўпарадкавання (напр., ацяпляльная сістэма пад падлогай). Сярод пабудоў 1980-х г. гасцініца на гары Мёхян, будынкі Міжнар. дома культуры і комплексу культ.-быт. абслугоўвання ў Пхеньяне. У вайну 1950—53 ствараліся маст. лістоўкі, плакаты. У тэхніцы нац. жывапісу тушшу і вадзянымі фарбамі («часанхва») у спалучэнні традыц. сюжэтаў з актуальнай тэматыкай працуюць мастакі Чха Дэдо (майстар адлюстравання кветак слівы мэ), Лі Сакхо (жанр «кветкі-птушкі»). У алейным жывапісе працавалі Кім Джанам, Пак Мёнхун, Пхё Седжон, Мун Хаксу. Развіваюцца графіка (ілюстрацыя, эстамп, плакат; мастакі Кім Ганджун, Пэ Унсон, Пак Сынхі), станковая і манум. скульптура (Мун Сако, Хан Ёнсік, Чо Гюбон), якія сінтэзуюць традыцыі еўрап. і ўсх. мастацтва. Стараж. традыцыі захоўваюцца ў дэкар. -прыкладным мастацтве: вытв-сць керамікі і фарфору, разьба па косці і дрэве, пляценне з валокнаў бамбуку і травы, ткацтва, вышыўка, выраб лакавых рэчаў. Створана Асацыяцыя работнікаў л-ры і мастацтва Паўн. К. з Саюзам дзеячаў выяўл. мастацтва (засн. ў 1946), у 1953 засн. Саюз кар. мастакоў, у 1954 — Саюз кар. архітэктараў.
Музыка. Пасля 1945 у паўн.ч. краіны ствараюцца навуч. ўстановы еўрап. тыпу, развіваюцца музыказнаўства і муз. фалькларыстыка, фарміруецца нац. кампазітарская школа. Сярод кампазітараў: Лі Мёнсан, Сін Дасон, Мун Гёнок, Кім Ёнгю, Чо Гільсок, музыказнаўцы Пак Тансіль, Кім Гігон, Юн Дансу. Сярод выканаўцаў спевакі Кім Вану, Сін Юнгун, Кім Дынгук (у зах. стылі), Ан Хеён, Кім Дэнхва, Пак Бансек (традыц. стыль), інструменталісты Ан Гіёк, Чха Хакчхоль (чатэ), Ю Дзябок (хэгым), Гі Мансу (камунга), Пэк Насан (скрыпка), Пэк Унбок (фп.). Працуюць: Кар. філармонія (1955), Маст.т-р у Пхеньяне (1948), Вял.сімф. аркестр і хор, Нар.маст.т-р (1952), шматлікія муз.-драм. трупы, ансамблі песні і танца Кар.нар. арміі, песні і танца «Мансудэ» (1969), нац. інструментаў у Пхеньяне. Штогод праводзіцца Міжнар. веснавы муз. фестываль (Пхеньян). У 1953 засн. Саюз кампазітараў.
Тэатр. У 1947—49 у Пхеньяне адкрыты Дзярж.т-р (пазней Дзярж.драм.т-р «Чхаліма»), Дзярж.нар.маст.т-р (цяпер Пхеньянскі гар.т-р), пачалі працаваць трупы пры мін-вах транспарту і ўнутр. спраў, Кар.нар. арміі. У вайну 1950—53 дзейнічалі франтавыя трупы, якія ўяўлялі сабой невял. перасоўныя т-ры. У 1950—60-я г. створаны новыя трупы, у Пхеньяне пабудаваны т-р «Маранбон», адкрыты Вял.т-р (1960), т-ры кінаакцёра, лялечны і дзіцячы. У рэпертуары т-раў КНДР гіст. спектаклі, п’есы, прысвечаныя нац.-вызв. руху ў гады яп. акупацыі, творы сучаснай тэматыкі, а таксама рус. і сав. драматургія. Сярод рэжысёраў Хан Пэкнам, Ан Ёніль, Лі Енім, Кім Ін, Пён Гёнхван, сярод акцёраў Лі Дан, Хан Чжынсоп, Лі Чжэдок, Тхэ Ільмін, Ко Хванчхоль. З 1959 працуе Пхеньянскі ін-т тэатра і кіно.
Кіно. У 1946 створаны першыя дакумент. фільмы. У 1947 арганізавана кінастудыя Паўн. Карэі (з 1948 дзярж.), на базе якой створаны кінастудыі маст. і дакумент. фільмаў. Першы маст. фільм зняты ў 1949 («Мая Радзіма», рэж. Кан Хансік). У вайну 1950—53 выходзілі фільмы пра барацьбу супраць амер. агрэсіі («Юныя партызаны», рэж. Юн Ёнгю; «Зноў на фронт», рэж. Чхон Данмін). Пасля вайны пашырыўся іх жанравы і тэматычны дыяпазон, зняты першыя каляровыя фільмы: «Сказанне пра крэпасць Садо» (1956, рэж. Чон Джунчхэ), кар.-сав. фільм «Браты» (1957, рэж. І.Лукінскі і Чхон Санін). Здымаліся фільмы на ваен. і гіст.-рэв. тэматыку, прысвечаныя актуальным праблемам сучаснасці: «Дрэвы каля дэмаркацыйнай лініі» (1961, рэж. Пак Хак), «Чырвоная кветка» (1963, Чхон Санін), «Пяць братоў-партызан» (1969, рэж.Ом Гільсон). Шырока выкарыстоўваўся жанр паліт. дэтэктыва (20-серыйны фільм «Невядомыя героі», 1970—80, рэж. Ю Хасон, Чхве Намсон). Экранізаваны стараж.кар. эпас «Сказанне пра Чхунхян» (Ю Ванджун, Юн Ёнгю), гіст. раман Хон Мёнхі «Сказанне пра Ім Какчона» (аднайменны 5-серыйны фільм, 1989). Сярод інш. фільмаў 1980-х г.: «Тальме і Памдары» (Ван Рангпон), «Лес шуміць» (Цян Енбок), «Соль», сав.-кар. «Секунда на подзвіг» (1985, Э.Уразбаеў, Ом Гільсон), «Кветка званочак» і інш. У КНДР 6 кінастудый: маст., дакумент. фільмаў, Дзярж. імя 8 лютага (з 1959), Кар.нар. арміі, навук.-папулярных фільмаў. У 1961 створаны Саюз кар. кінематаграфістаў.
Герб і сцяг Карэі (Карэйская Народна-Дэмакратычная Рэспубліка).Да арт.Карэя Паўночная. Горны ландшафт на поўначы краіны.Да арт.Карэя Паўночная. Упрыгожанне з палявых кветак. Традыцыйны жывапіс.Да арт.Карэя Паўночная. Дзікія гусі месяцовай ноччу. Вышыўка.Да арт.Карэя Паўночная. Пасудзіна для мёду. Пемза.Да арт.Карэя Паўночная. Сольны танец з барабанам.Да арт.Карэя Паўночная. На берагах р. Патхон.Да арт.Карэя Паўночная. Міжнародны дом культуры ў Пхеньяне. 1988.Да арт.Карэя Паўночная. Гасцініца на гары Мёхян.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ХАРВА́ТЫЯ (Hrvatska), Рэспубліка Харватыя (Republika Hrvatska),
дзяржава ў Паўд. Еўропе. Мяжуе на Пн са Славеніяй, Венгрыяй, на У з Сербіяй і Чарнагорыяй, Босніяй і Герцагавінай; на З абмываецца Адрыятычным морам. Пл. 56,5 тыс.км². Нас. 4390,8 тыс.чал. (2002). Дзярж. мова — харвацкая. Сталіца — г.Заграб. Падзяляецца на 20 жупаній (акруг) і асобную адм. адзінку — г. Заграб. Нац. свята — Дзень дзяржаўнасці (25 чэрв.).
Дзяржаўны лад. Х. — рэспубліка. Кіраўнік дзяржавы — прэзідэнт. Вышэйшы заканад. орган — Сабор Рэспублікі Харватыі (парламент), які складаецца з 2 палат: палата прадстаўнікоў (127 дэпутатаў) і палата жупаній (акруг, 68 дэпутатаў). Выканаўчая ўлада належыць ураду, які назначаецца прэзідэнтам і зацвярджаецца парламентам.
Прырода. Рэльеф цэнтр. і зах.ч. гарысты (Дынарскае нагор’е, выш. да 1831 м), развіты карст. На У узгорыстая раўніна (паўд.-зах. ўскраіна Сярэднедунайскай раўніны). Карысныя выкапні: нафта, прыродны газ, каменны і буры вугаль, баксіты, мінер.буд. матэрыялы. Клімат на У умерана кантынентальны, на ўзбярэжжы субтрапічны, міжземнаморскі. Сярэдняя т-растудз. -2 °C ва ўнутр. раёнах, 5—10 °C на ўзбярэжжы, ліп. 18—25 °C. Ападкаў каля 600—700 мм за год, на ўзбярэжжы да 1000 мм. Гал. рэкі — Сава і Драва. Глебы ў гарах бурыя лясныя, на раўніне чарназёмы. Пад лесам 36% тэр. У гарах шыракалістыя (дуб, бук) і хвойныя лясы (піхта, елка), карставыя раёны — бязлесыя пустэчы, уздоўж узбярэжжа — міжземнаморская расліннасць (маквіс). Нац. паркі: Пакленіца, Плітвічка, Рысняк.
Насельніцтва. 78,1% насельніцтва складаюць харваты. Жывуць таксама сербы (12,2%), баснійцы (0,9%), венгры і славенцы (па 0,5%), чэхі (0,4%), албанцы (0,3%) і інш. Вернікі ў асн. католікі (77%), ёсць правасл. хрысціяне (11%), мусульмане (1,2%), пратэстанты (0,4%) і інш. Сярэдняя шчыльн. 77,7 чал. на 1 км². Найб. шчыльна заселены даліна р. Сава і паласа ўздоўж мора. У гарадах жыве 57% насельніцтва. Найб. гарады (тыс.ж., 2000): Заграб (1060), Спліт (190), Рыека (169), Осіек (130). У прам-сці і буд-ве занята 31,1% эканамічна актыўнага насельніцтва, у сельскай гаспадарцы 4,3%, у абслуговых галінах 64,6%.
Гісторыя. У старажытнасці тэр. Х. насялялі ілірыйцы. У 1 ст. да н.э. яна заваявана Стараж. Рымам (з 1 ст.н.э. ў складзе правінцый Панонія і Далмацыя), з 395 н.э. — у складзе Візантыі. У 6—7 ст. гэту тэр. засялілі славяне (продкі сучасных харватаў). У канцы 8 — пач. 9 ст. яны трапілі ў залежнасць ад франкаў. Пры кн. Трпыміру (правіў у Далмацыі) і яго пераемніках да канца 9 ст. ліквідавана залежнасць ад франкаў і ад Візантыі, зацвердзілася хрысціянства. У час праўлення кн. Таміслава [910—930) Х. стала каралеўствам (925); умацаваліся пазіцыі рым.-каталіцкай царквы, богаслужэнне на слав. мове было забаронена. У 1102 Х. заключыла унію з Венгрыяй. У аб’яднанай венг.-харвацкай дзяржаве вярх. ўлада належала каралю Венгрыі, а яго прадстаўніком у Х. прызначаўся бан. Захоўваліся прывілеі харвацкай знаці, землі краіны наз. Каралеўства Х., Славонія і Далмацыя (Трохадзінае каралеўства). У выніку працяглых войнаў да 1420 Далмацыя трапіла (акрамя Дуброўніка) пад уладу Венецыі. З канца 15 ст. ў харвацкія землі ўрываліся туркі-асманы, якія разбілі венг.-харвацкае войска ў Мохацкай бітве 1526. Калі на венг. прастол быў выбраны аўстр. эрцгерцаг Фердынанд, у 1527 Славонія і Х. ўвайшлі ў імперыю Габсбургаў. У час аўстра-турэцкіх войнаў 16—18 ст. землі Х., захопленыя раней туркамі. вызвалены і далучаны да ўладанняў Габсбургаў. У часы праўлення Марыі Тэрэзіі [1740—80] і Іосіфа II [1780—90] значна абмежаваны аўт. правы Х. і Славоніі, харвацкія дваране страцілі ч. сваіх прывілеяў. У перыяд напалеонаўскіх войнаўч.тэр. Х. ўвайшла ў склад Ілірыйскіх правінцый, падначаленых Францыі. У 1815 гэтыя землі вернуты пад уладу Габсбургаў. У 1830—40-я г. ў Х. і Славоніі адбываўся грамадска-паліт. і культ. рух ілірызм, удзельнікі якога выступалі за развіццё нац. мовы і культуры. У час рэвалюцый 1848—49 у Аўстрыі і Венгрыі харвацкія дваране змагаліся за аўтаномію краіны ў складзе Аўстр. імперыі і таму выступілі супраць рэв. ўрада Венгрыі, які імкнуўся стварыць унітарную дзяржаву. Пасля пераўтварэння Аўстр. імперыі ў Аўстра-Венгрыю (1867) паводле венг.-харвацкага пагаднення 1868 Х. атрымала абмежаваную аўтаномію. У 1870-я г. шэраг рэформ правёў бан І.Мажураніч.
З развіццём капіталіст. адносін у 2-й пал. 19 ст. ў харвацкім паліт. руху ўзнік кірунак югаславізм (І.Штросмаер, Ф.Рачкі і інш.). У канцы 19 — пач. 20 ст. ў Х. аформіліся Партыя права, Нар.сял. партыя, партыя мадзьяронаў (уніяністаў). У 1-ю сусв. вайну большасць харвацкіх партый падтрымлівала ваен. намаганні ўрада Аўстра-Венгрыі, але ч. харвацкіх паліт. дзеячаў уваходзіла ў створаны ў 1915 у Лондане Паўднёваславянскі камітэт, які арыентаваўся на дзяржавы Антанты, удзельнічаў у распрацоўцы і прыняцці Корфскай дэкларацыі 1917. Пасля ваен. паражэння і распаду Аўстра-Венгрыі (кастр.—ліст. 1918) Х. ўвайшла (1.12.1918) у склад Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 Югаславія). У 1929 узнік праварадыкальны рух устаноў, якія імкнуліся стварыць этнічна і канфесіянальна «чыстую» незалежную харвацкую дзяржаву. У крас. 1939 падпісана пагадненне пра ўтварэнне асобнай адм.-тэр. адзінкі — Банавіны Х. на чале з банам (прызначаўся каралём, падпарадкоўваўся яму і парламенту Х. — Сабору); прадстаўнікі Х. ўвайшлі ў югасл. ўрад. У 2-ю сусв. вайну, пасля паражэння югасл. войскаў у ходзе Балканскай кампаніі 1941, усташы са згоды ням.-фаш.акупац. улад абвясцілі на тэр. Х., Босніі і Герцагавіны «Незалежную дзяржаву Х.» (НДХ) на чале са сваім лідэрам А.Павелічам. НДХ падзялялася на 22 вял. жупаніі (акругі), тут адбываліся дэпартацыі і этнічныя чысткі сербскага насельніцтва, праследаваліся масоны, камуністы і яўрэі. Вайск. падраздзяленні НДХ («Харвацкі легіён») удзельнічалі ў баях на сав.-герм. фронце. Пасля вызвалення краіны ад акупацыі 14.4.1945 у г. Спліт утвораны пераходны ўрад на чале з В.Бокарычам. У пасляваен. час да 1991 Х. Нар., з 1963 — Сацыяліст. рэспубліка ў складзе югасл. федэрацыі, якой да 1980 кіраваў харват І.Ціта. Да канца 1980-х г. у Х. акрэсліўся рух за дзярж. суверэнітэт краіны, у 1989—91 узніклі нац. партыі (Харвацкая дэмакр. супольнасць, ХДС; Харвацкая партыя права; Харвацкая сял. партыя і інш.) і працэс нац. самавызначэння набыў канкрэтныя рысы. У крас. 1990 на парламенцкіх выбарах перамагла ХДС, а яе лідэр Ф.Туджман узначаліў Прэзідыум Х. 23.12.1990 Сабор зацвердзіў канстытуцыю Х., якая замацавала за рэспублікай статус самаст. дзяржавы ў складзе Югаславіі. Паводле папраўкі да канстытуцыі (чэрв. 1991) Х. абвешчана дзяржавай харватаў і інш. народаў. Страта сербамі статусу дзяржаваўтваральнага народа выклікала канфлікт у Сербскай Краіне з пераважна сербскім насельніцтвам (у 1995—98 вырашаны на карысць харватаў, у т. л. з выкарыстаннем зброі). 25.6.1991 абвешчана дзярж. незалежнасць Х., якую адразу прызнала Германія, а ў пач. 1992 і інш. краіны Зах. Еўропы. На датэрміновых парламенцкіх і прэзідэнцкіх выбарах у жн. 1992 перамаглі ХДС і яе лідэр Туджман (да 1999 прэзідэнт Х.). Х. была ўцягнута ва ўзбр. канфлікт з Сербіяй (да 1995) і ў Баснійскі крызіс 1990-х г. З сярэдзіны 1990-х г. адносіны з Сербіяй (Югаславіяй) нармалізаваліся, акрэсліліся інтэграцыя краіны ў еўрап.паліт. і эканам. арг-цыі і супрацоўніцтва з НАТО. У студз. 2000 прэзідэнтам Х. выбраны С.Месіч. Х. — чл.ААН (з 1992), Савета Еўропы (з 1996) і інш.міжнар. арг-цый. Дыпламат. адносіны з Рэспублікай Беларусь устаноўлены 25.9.1992.
Палітычныя партыі і грамадскія арганізацыі. Харвацкая дэмакр. супольнасць (дамінуе ў паліт. жыцці), Харвацкая сац.-ліберальная партыя, Харвацкая сял. партыя, С.-д. партыя Х., Харвацкая партыя права і інш.Асн.прафс. аб’яднанні: Канфедэрацыя незалежных прафсаюзаў Х., Аб’яднанне аўт. прафсаюзаў Х., Харвацкае аб’яднанне прафсаюзаў.
Узброеныя сілы. Уключаюць рэгулярныя ўзбр. сілы (61 тыс.чал.) і ваенізаваныя фарміраванні (40 тыс.чал.; 2002). Вярх. галоўнакамандуючы — прэзідэнт. Камплектаванне паводле прызыву. Рэгулярныя ўзбр. сілы складаюцца з сухап. войск, ВПС і ВМС. У сухап. войсках 53 тыс.чал., больш за 300 танкаў, каля 110 баявых машын пяхоты, 45 бронетранспарцёраў, больш за 420 буксірных гармат, 1 тыс. мінамётаў, 600 гармат зенітнай артылерыі. У ВПС 5 тыс.чал., 40 баявых самалётаў, 15 баявых верталётаў. У ВМС 3 тыс.чал., 1 звышмалая падводная лодка, 1 карвет, 11 патрульных катэраў, 3 малыя дэсантныя караблі. 4 дэсантныя катэры і інш.
Гаспадарка. Х. — індустр.-агр. краіна; у складзе Сацыяліст. Федэратыўнай Рэспублікі Югаславіі была адной з найб. эканамічна развітых. Эканам. крызіс і страты ад ваен. дзеянняў (каля 27 млрд.дол.) у пач. 1990-х г. значна знізілі ўзровень эканам. развіцця. Рыначныя рэформы нармалізавалі сітуацыю ў нар. гаспадарцы. Эканам. палітыка накіравана на шырокую інтэграцыю ў еўрап.эканам. прастору. Валавы ўнутр. прадукт (ВУП) у 2001 склаў 36,1 млрд.дол. (8,3 тыс.дол. на 1 чал.). Доля ў ВУП прам-сці 33%, сельскай гаспадаркі 10%, сферы паслуг 57%. Здабыча нафты і газу (у міжрэччы Савы і Дравы), вугалю (Драўска-Саўскі бас.), баксітаў і цэментавай сыравіны (прыморскія раёны), солі (з марской вады). Электраэнергетыка грунтуецца на выкарыстанні гідраэнергет. рэсурсаў горных рэк, мясц. і імпартуемым паліве. Вытв-сць электраэнергіі 10,6 млрд.кВт∙гадз (2000), у т. л. на ГЭС 55%, на ЦЭС 45%. Развіта чорная (вытв-сць чыгуну, сталі, трубапракату, г. Сісак) і каляровая (вытв-сць алюмінію 55 тыс.т штогод, Шыбенік, Лозавац) металургія, нафтаперапр. (Рыека, Сісак, Заграб), хім. (вытв-сць пластмас, фарбаў, хімікатаў, Заграб, Пула, Сісак, Спліт), фармацэўтычная (Заграб) прам-сць. У машынабудаванні вылучаюцца суднабудаванне і суднарамонт (Спліт, Рыека, Пула). вытв-сцьчыг. рухомага саставу (Славанскі-Брод). Развіты эл.-тэхн. і радыёэлектронная (Заграб, Осіек), с.-г. (вытв-сць трактароў 4,9 тыс.шт., Осіек), станкабуд. (Заграб) галіны; вытв-сць абсталявання для чорнай і каляровай металургіі, атамнай, хім. і харч. прам-сці. Традыц. развіты тэкст., у т. л. баваўняная і шарсцяная (Заграб, Карлавац, Дуга-Рэса, Вараждзін), гарбарна-абутковая (Заграб, Карлавац), харч. (кансервавая, рыбная, цукр., алейная, мясная, мукамольная, тытунёвая, вінаробная), дрэваапр. і цэлюлозна-папяровая (Рыека, Заграб, Осіек) прам-сць. Асн. цэнтр паліграф. прам-сці — г. Заграб. Вытв-сцьбуд. матэрыялаў, у т. л. цэменту (раёны Спліта і Заграба). У сельскай гаспадарцы пераважае земляробства. Пад ворывам і шматгадовымі насаджэннямі 1,36 млн.га (2002), пераважна на Пн і ПнУ краіны. Вырошчваюць пшаніцу (558 тыс.т, 2000), кукурузу (2135 тыс.т), ячмень, сою, цукр. буракі, сланечнік, бульбу, агародніну, кармавыя культуры (люцэрна, канюшына і інш.). Садоўніцтва (слівы, яблыкі), на Пд ад Спліта — субтрапічнае пладаводства (цытрусавыя, аліўкі, інжыр, міндаль). Вінаградарства (380 тыс.т штогод). На раўнінах гадуюць свіней (1,36 млн. галоў), буйн. раг. жывёлу (439 тыс. галоў), на нагор’і — авечак (489 тыс. галоў) і коз. Птушкагадоўля (10,9 млн. галоў, 1997). Улоў рыбы і морапрадуктаў 19,9 тыс.т (1999). Лесанарыхтоўкі. Транспарт чыг., аўтамаб., марскі. Даўж. чыгункі 2726 км, аўтадарог 28 тыс.км (1999). У краіне 698 тыс. легкавых і 54 тыс. грузавых аўтамашын. Гал. марскія парты: Рыека, Спліт, Пула, Дуброўнік, Шыбенік, Задар. 67 аэрапортаў. Замежны турызм (даход 2,5 млрд.дол.). Адрыятычнае ўзбярэжжа — буйны курортны раён (Рыека, Дуброўнік, Спліт і інш.). Экспарт (4,5 млрд.дол., 2001) прамысл. абсталявання, алюмінію, хім. прадукцыі, тэкстылю, абутку. харч. прадуктаў. Імпарт (8,4 млрд.дол., 2001) машын і абсталявання, сыравіны, паліва, хімікатаў. Асн.гандл. партнёры: Італія, Германія, Славенія, Расія, Аўстрыя, Боснія і Герцагавіна. Гандл. абарот Рэспублікі Беларусь з Х. у 2001 склаў 18,1 млн.дол. Грашовая адзінка — куна.
Архітэктура. З 5-га тыс. да н.э. вядомы паселішчы неўмацаванага тыпу (зямлянкі, плеценыя буданы), з 2-га тыс. да н.э. — тэрасныя паселішчы ілірыйцаў, абнесеныя каменнымі сценамі. Захаваліся раннехрысц. араторыі ў Соліне і Порачы (3—1 ст.), хрысц. базілікі ў Задары, Пулі, Порачы і інш. (5—6 ст.). Унікальны помнік стараж.-рым. дойлідства — умацаваны палац Дыяклетыяна ў Спліце (каля 300). Вядомы багатыя некропалі 7 ст. У 9—12 ст. на тэр. Далмацыі ўзводзілі разнастайныя па формах храмы ў візант. і цэнтр.-еўрап. традыцыях (храм-ратонда св. Доната ў Задары, царква св. Крыжа ў Ніне каля Задара). У канцы 12 ст. пашырыўся раманскі стыль: будынкі гар. камун, 3-нефавая базіліка Кршэвана і царква св. Стошыя са шмат’яруснымі званіцамі ў Задары; іх строгія фасады аздоблены несапраўднымі аркадамі і аркатурамі. У 14 ст. ў аздабленні інтэр’ераў выкарыстоўваліся элементы готыкі. Матывы венецыянскай готыкі спалучаліся з раманскімі рысамі (ратушы і жылыя дамы ў Трогіры і Спліце), будаваліся 3-нефавыя базілікальныя, зальныя цэрквы з крыжовымі скляпеннямі і вял. хорамі (сабор, царква св. Марка ў Заграбе). У 15—16 ст. павялічылася колькасць умацаваных гарадоў, на Адрыятычным узбярэжжы яны захоўвалі рэгулярную, на Пн — ірэгулярную планіроўку. У архітэктуры Дуброўніка адбыўся пераход ад готыкі да рэнесансу; яго цэласны ансамбль уключаў магутныя ўмацаванні, жылыя, культавыя і грамадскія будынкі (Княжацкі двор, т.зв. Дывона — б. мытня і манетны двор, манастыры, цэрквы. партовыя збудаванні). Тут вылучыліся буйныя мясц. архітэктары і скульптары Юрай Далмацінец і Нікола Фларэнцінец (сабор у Шыбеніку, 1460—70), арх. П.Андрыіч (царква св. Спаса ў Дуброўніку, 1528). На Пн будавалі замкі з круглымі і прамавугольнымі прысадзістымі вежамі з шатровымі дахамі (Вараждзін, Велікі-Табар. Шаранград і інш.). У 17 ст.італьян. і аўстр. дойліды пашырылі ў Х. стыль барока (касцёлы св. Кацярыны ў Заграбе, св. Марыі ў Дуброўніку, палацы Оршыч-Раўхаў у Заграбе, Пататычаў у Вараждзіне, сабор у Дуброўніку). У пач. 19 ст. будавалі ў стылі класіцызму (палацы арх.Б.Фелбінгера ў Заграбе). Неарэнесанс і неабарока (канец 19 ст.) выявіліся ў будынках Акадэміі навук і мастацтваў у Заграбе, т-раў у Спліце, Дуброўніку і інш. У пач. 20 ст. пачала складвацца заграбская арх. школа, для якой характэрна імкненне да рацыянальных і манум. форм неакласіцызму (арх. В.Ковачыч, Х.Эрліх). У 1920—30-я г. панаваў функцыяналізм (Д.Іблер, С.Гомбаш, М.Каўзларыч, А.Албіні і інш.). У сучаснай архітэктуры выкарыстоўваюць нац. традыцыі функцыяналізму (аэрапорт каля Заграба, атэль «Мар’ян» і універмаг «Прыма» ў Заграбе, усе 1960-я г.). Новыя раёны на ўскраінах гарадоў адметныя свабоднай прасторавай арганізацыяй, спалучэннем верт. і гарыз. аб’ёмаў (Заграб. Спліт, Рыека, Пула). Курортныя комплексы на Адрыятычным узбярэжжы вылучаюцца прыёмамі бруталізму, натуральна ўпісваюцца ў прыродны ландшафт. У 1961 засн. Саюз архітэктараў Х.
Выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. На тэр. Х. захаваліся неалітычная гравіраваная і размаляваная кераміка, блізкая да помнікаў Цэнтр. Еўропы і Міжземнамор’я, творы мастацтва ілірыйцаў і кельтаў; на ўзбярэжжы Адрыятыкі — скульптура і помнікі дэкар.-прыкладнога мастацтва рым. часу. У 5—6 ст. мазаікамі, ювелірнымі вырабамі авараў і стараж. славян аздаблялі хрысц. базілікі. У 9—12 ст. пашырыўся рэльефны арнамент — «харвацкая пляцёнка». У Далмацыі ў 13 ст. ў росквіце раманская скульптура (дзверы сабора ў Спліце з рэльефнымі шматфігурнымі пано, 1214, майстар Андрэй Бувіна). у духу познеант. мастацтва — рэльефная каменная разьба (партал сабора ў Трогіры, 1240, майстар Радаван). Пераасэнсаванне візант. стылю адбілася ў фрэскавых размалёўках (сабор у Заграбе, канец 13 ст.). Вылучаліся рэнесансавая скульптура (усх. фасад сабора ў Шыбеніку, скульпт. Юрай Далмацінец: убранне інтэр’ера капэлы Урсіні ў саборы ў Трогіры, скульпт. Нікола Фларэнцінец, А.Алешы, І.Дукнавіч і інш.) і алтарны жывапіс (Н.Бажыдаравіч, М.Хамзіч і інш.). У Цэнтр. Х. ў мініяцюры і алтарным жывапісе выявіліся рысы рэнесансу. Жывапісная школа п-ва Істрыя спалучала наіўна-рэаліст. і рэнесансавыя рысы, блізкія жывапісу Славеніі (шматфігурныя фрэскі царквы ў Бераме, 1474, аўтар Вінцэнт з Каствы). З канца 17 ст. ў алтарнай скульптуры і жывапісе пашырыўся стыль барока (маст.Б.Бобіч, Ф.Бенкавіч, І.Рангер). У 15—18 ст. высокім маст. узроўнем вылучаліся разьба па дрэве, ткацтва, апрацоўка металу, вышыўка золатам, пашыраны злотніцтва, коўка, інтарсія. З сярэдзіны 19 ст. на хвалі нац.-вызв. ідэй развіваўся рамант. жывапіс (В.Букавац, Ф.Кікераз, Н.Машыч, Ц.Медавіч, М.Црнчыч). Стыль мадэрн распрацоўваў скульпт. Р.Франгеш-Міханавіч. З пач. 20 ст. фарміруецца нац.маст. школа. У творчасці М.Кралевіча, Х.Рачыча закладзены асновы харв. школы жывапісу 20 ст. У 1920-я г. прадстаўнікі «Суполкі трох» Л.Бабіч, В.Бецыч, І.Мішэ спалучалі постімпрэсіянісцкія тэндэнцыі з нац. тэматыкай. Рысы сезанізму ў пейзажах Дж.Цільяка, нацюрмортах М.Трэпшэ. Жывапісцы і графікі групы «Зямля» імкнуліся да адраджэння нар. мастацтва. Развіццю творчасці сялян-самавукаў (І.Генераліч, М.Вірыус, Ф.Мраз) спрыяла дзейнасць К.Хегедушыча, які стварыў школу мастакоў-прымітывістаў у Хлебіне (1930). Заснавальнік сучаснай харвацкай скульпт. школы — І.Мештравіч, традыцыі якога працягвалі А.Аўгусцінчыч, Ф.Кршыніч і інш. У канцы 1950-х г. да абстрактнага мастацтва звярнуліся жывапісцы І.Войвадзіч, Э.Мурціч, А.Срнец. Рысы сюррэалізму ў работах Хегедушыча, М.Станчыча. У творчасці скульпт. В.Бакіча, Д.Джамані і інш. дамінавалі эксперым. асацыятыўна-фармальныя пошукі. Кампазіцыі на фалькл. тэмы ствараў Е.Прыца. У нар. мастацтве развіваюцца кераміка, маст. тканіны, коўка, разьба па дрэве, карункапляценне. У 1945 засн. Саюз мастакоў Х.
Літ.:
Алешина Л.С., Яворская Н.В. Искусство Югославии. М., 1966;
Белоусов В.Н. Современная архитектура Югославии. М., 1973;
Фрейдзон В.И. История Хорватии. СПб., 2001.
В.А.Сімакова (гісторыя да 1918), М.С.Даўгяла (гісторыя пасля 1918), І.А.Шор (узброеныя сілы), Я.Ф.Шунейка (архітэктура, выяўленчае і дэкаратыўна-прыкладное мастацтва).
Герб і сцяг Харватыі.Да арт.Харватыя. Горад Заграб.Да арт.Харватыя. Базіліка святога Кршэвана ў Задары.