БЕЛАРУ́СКАЯ МЕДЫЦЫ́НСКАЯ АКАДЭ́МІЯ ПАСЛЯДЫПЛО́МНАЙ АДУКА́ЦЫІ Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь.

Засн. ў 1931 як курсы ўдасканалення мед. кадраў пры Мінскім мед. ін-це; з 1932 самастойны інстытут. Сучасная назва з 2000. Мае (2004) ф-ты: хірург., тэрапеўт., сац. медыцыны, арганізацыі і кіравання аховай здароўя; цэнтр. н.-д. лабараторыю, дактарантуру, аспірантуру і клінічную ардынатуру. Ажыццяўляе паслядыпломную падрыхтоўку і перападрыхтоўку кіраўнікоў і спецыялістаў арганізацыі аховы здароўя па ўсіх урачэбных спецыяльнасцях, у т. л. замежных грамадзян; праводзіць атэстацыю ўрачоў, павышэнне кваліфікацыі выкладчыкаў вышэйшых і сярэдніх мед. навуч. устаноў, падрыхтоўку навук.-пед. кадраў. Падрыхтоўка кіраўнікоў і спецыялістаў аховы здароўя праводзіцца па цыклах спецыялізацыі працягласцю 2—3 мес і тэматычнага ўдасканалення працягласцю 0,5 мес. За год спецыялізацыю і ўдасканаленне праходзяць каля 15 тыс. чал. На 42 кафедрах працуе 325 выкладчыкаў, у т. л. 72 д-ры і 178 канд. мед. навук. У акадэміі вядуцца навук. даследаванні ў галіне імуналогіі, біяхіміі, радыялогіі, гематалогіі, патамарфалогіі і камп’ютэрна-інфарм. тэхналогій. Выдаецца час. «Медыцына». Апубл. працы: «Актуальныя праблемы тэорыі і практыкі медыцыны, падрыхтоўкі навуковых і прафесійных кадраў» (т. 1—2, 2001), «Вітаміны, мікра- і макраэлементы» У.​В.​Гарбачова (2002), «Асновы арганізацыйна-метадычнай службы і статыстычнага аналізу ў ахове здароўя» Э.​А.​Вальчука, «Арганізацыя клінічна-лабараторнай службы» У.​С.​Камышнікава, «Папулярная фізіятэрапія» У.​С.​Улашчыка (усе 2003) і інш. У акадэміі працуюць акадэмікі Нац. АН Беларусі А.М.Міхайлаў, А.У.Руцкі, чл.кар. Нац. АН Беларусі У.С.Улашчык; д-ры навук Л.М.Бяляева, У.В.Гарбачоў, І.М.Грышын, Л.Р.Кажарская, А.Г.Мрочак, Г.Г.Шанько, Р.П.Шорах і інш.

Літ.:

Белорусская академия последипломного образования, 1931—2001. Мн.,2001;

Заведующие кафедрами и профессора БелМАПО, 1931—2001. Мн., 2001.

М.​І.​Рымжа.

т. 18, кн. 1, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕДЫЦЫ́НА (лац. medicina ад medeor лячу),

сістэма навуковых ведаў і практычных прыёмаў, накіраваных на зберажэнне і ўмацаванне здароўя людзей, папярэджанне, распазнаванне і лячэнне хвароб, падтрыманне актыўнага даўгалецця; састаўная ч. аховы здароўя. Вывучае будову, працэсы жыццядзейнасці арганізма ў норме і паталогіі, уплыў фактараў прыроднага і сац. асяроддзя на здароўе і хваробы чалавека; выкарыстоўвае біял., мех., хім., фіз., псіхал. фактары для зберажэння і ўмацавання здароўя. На стан і ўзровень развіцця М., змест і метады мед. дзейнасці ўплываюць матэрыяльныя ўмовы жыцця грамадства, узровень развіцця эканомікі, агульны ўзровень культуры, дасягненні навукі і тэхнікі. Праблемы здароўя звязаны са згубнымі прывычкамі людзей (алкагалізм, курэнне, ужыванне наркотыкаў, таксічных рэчываў і інш.). Найважнейшы кірунак дзейнасці М. — фарміраванне здаровага ладу жыцця. М. падзяляецца на 3 групы дысцыплін: медыка-біялагічныя (анатомія, біяфізіка, біяхімія, вірусалогія, генетыка медыцынская, гісталогія, паразіталогія, паталагічная анатомія, паталагічная фізіялогія, таксікалогія, фармакалогія, фізіялогія), клінічныя (акушэрства, анкалогія, артапедыя, афтальмалогія, венералогія, гастраэнтэралогія, гематалогія, герыятрыя, дэрматалогія, інфекцыйныя хваробы чалавека, курарталогія, лячэбная фізічная культура, неўрапаталогія, нейрахірургія, нефралогія, педыятрыя, псіхіятрыя, радыялогія медыцынская, рэаніматалогія, стаматалогія, траўматалогія, уралогія, эндакрыналогія і інш.) і гігіенічныя (гігіена, мікрабіялогія, эпідэміялогія і інш.). Асобна вылучаюць навукова-практычныя комплексы мэтавага прызначэння: ваенная медыцына, касмічная медыцына, спартыўная медыцына і інш.

Звесткі пра М. вядомы з глыбокай старажытнасці. Ужо ў першабытным грамадстве людзі ўжывалі лекі расл., жывёльнага, мінер. паходжання, умелі памагаць пры родах, раненнях, рабілі некат. аперацыі (нават трэпанацыю чэрапа). У часы язычніцтва лекарамі пераважна былі вешчуны, знахары, жрацы. Асновы народнай медыцыны мелі эмпірычны і стыхійна-матэрыяліст. характар. Багатая мед. спадчына Стараж. Кітая і Індыі. Дасягненні М. ў Стараж. Грэцыі абагульніў Гіпакрат (5 ст. да н.э.). У сярэдневяковай Еўропе М. падпарадкоўвалася царкве, знаходзілася пад уплывам схаластыкі, што тармазіла яе развіццё. У эпоху Адраджэння ў М. ўмацаваліся клінічны і эксперым. метады, развівалася анатомія (А.Везалій) і інш. У 17 ст. У.Гарвей распрацаваў вучэнне аб кровазвароце, М.Мальпігі — аб кровазвароце ў капілярах. З 18 ст. развіваўся даследчы кірунак у М. У 19 ст. распрацаваны метады фіз. дыягностыкі, заснаваны тэорыя клетачнай паталогіі (Р.Вірхаў) асновы бактэрыялогіі і імуналогіі (Л.Пастэр, І.І.Мечнікаў), ваенна-палявой хірургіі (М.І.Пірагоў), удасканалены хірург. аперацыі (М.В.Скліфасоўскі, М.​А.​Вельямінаў), вучэнне пра ролю нерв. сістэмы пры хваробах (С.​Ч.​Боткін) і інш. У 20 ст. распрацаваны вучэнне пра вышэйшую нерв. дзейнасць (І.П.Паўлаў), фізіял., гігіенічныя і біял. асновы тэрапіі, сувязь арганізма з навакольным асяроддзем (Боткін, Р.​А.​Захар’ін, А.​А.​Астравумаў), пра вітаміны, хіміятэрапеўтычныя сродкі. Укаранёны ў практыку гіпатэрмія, пераліванне крыві, трансплантацыя і інш.

На Беларусі ў 15—16 ст. ствараліся шпіталі ў Брэсце (у 1495 і 1508), Мінску (1513), Мазыры (1516), аптэкі. Працы Ф.Скарыны, С.Буднага, Сімяона Полацкага фарміравалі навук. мед.-біял. думку (гл. Медыцынская адукацыя). У склад навук. устаноў Беларусі, якія займаюцца пытаннямі М. (1999), уваходзяць 14 НДІ і 2 навук.-практычныя цэнтры, у т. л. Анкалогіі і медыцынскай радыялогіі НДІ, Аховы мацярынства і дзяцінства Беларускі НДІ, Кардыялогіі Беларускі НДІ і інш., дзе працуюць больш за 3 тыс. навук. супрацоўнікаў, у т. л. 339 д-роў мед. навук, 1356 канд. мед. навук. Бел. вучоныя зрабілі значны ўклад у развіццё М.: І.​А.​Бірыла распрацаваў методыку ажыўлення хворых унутрыартэрыяльным уліваннем крыві, І.С.Лягенчанка, Л.С.Персіянінаў — метады ажыўлення нованароджаных пры асфіксіі, А.Я.Пракапчук — лячэнне чырв. ваўчанкі, І.М.Стальмашонак — аперацыі пластыкі стрававода, Т.В.Бірыч — лячэнне хвароб вачэй кіслародам, М.Я.Саўчанка — аперацыйнае аднаўленне інервацыі ўнутр. органаў, А.​У.​Шот — пратэзаванне клапанаў сэрца, Ц.Е.Гніларыбаў — трансплантацыю эндакрынных залоз і тканак і інш. У канцы 1990-х г. навук. даследаванні па М. выконваліся па 9 дзярж. навук.-тэхн. праграмах: анкалогія, кардыялогія, інфекц. хваробы, стаматалогія і хірургія сківіц і твару, рэабілітацыя, дыягнастычныя і лячэбныя тэхналогіі, дзеці Беларусі, навакольнае асяроддзе, а таксама па 19 асобных навук.-тэхн. праектах. У Мінскім мед. ін-це распрацаваны уніфікаваныя схемы медыкаментознай тэрапіі вострага інфаркту міякарда, прафілактыкі і лячэння плацэнтарнай недастатковасці антыаксідантным комплексам вітамінаў, хірург. лячэння язвенай язвавай хваробы страўніка і інш., у Віцебскім — доследныя ўзоры магн. сепаратараў крыві і інш.; у Гродзенскім — метады кансервацыі біяпластычных тканак для трансплантацыі, у Гомельскім — вывучаны ўплыў злучанага ўздзеяння на арганізм радыенуклідаў і хім. злучэнняў у дародавы і пасляродавы перыяды. У Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў створаны паўаўтааналізатар электралітаў крыві і інш. біял. вадкасцей, фізіятэрапеўт. апаратура, вывучаны ўплыў цяжкіх металаў і мікраэлементаў на здароўе дзяцей.

Літ.:

Крючок Г.Р. Очерки истории медицины Белоруссии. Мн., 1976;

История медицины. М., 1981;

Грицкевич В.П. С факелом Гиппократа. Мн., 1987.

Э.​А.​Вальчук.

т. 10, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЕХА́НІКА [ад грэч. mēchanikē (technē) пабудовы машын (майстэрства)],

навука пра механічны рух матэрыяльных цел і ўзаемадзеянні, што пры гэтым адбываюцца паміж імі. Разглядае рухі матэрыяльных пунктаў, іх дыскрэтных сістэм і суцэльных асяроддзяў. Класічная М. (ці проста М.), у аснове якой ляжаць Ньютана законы механікі, падзяляецца на статыку (вывучае раўнавагу цел), кінематыку (геам. ўласцівасці руху без уліку мас і сіл) і дынаміку (рух з улікам дзеяння сіл). Складаныя мех. сістэмы (машыны, механізмы, сістэмы з вял. колькасцю часціц), рух якіх абмежаваны мех. сувязямі, вывучаюцца аналітычнай механікай. У класічнай М. разглядаюцца рухі макраскапічных цел са скарасцямі, значна меншымі за скорасць святла (рухі з калясветлавымі скарасцямі вывучае рэлятывісцкая механіка, а рух мікрачасціц з улікам іх хвалевых уласцівасцей — квантавая механіка). Законы М. выкарыстоўваюцца для разліку машын і механізмаў (тэарэтычная механіка, механізмаў і машын тэорыя, дэталі машын і інш.), збудаванняў (будаўнічая механіка, механіка грунтоў), трансп. сродкаў (гідрааэрамеханіка, балістыка), руху нябесных цел (нябесная механіка), для вывучэння мех. працэсаў у зямной кары (геамеханіка), у жывых арганізмах (біямеханіка). На аснове нелінейнай аналіт. М. развіваецца сінергетыка, якая даследуе ўмовы самаарганізацыі сістэм у дыяпазоне ад дэтэрмінаванага хаосу да рэгулярных станаў.

У залежнасці ад стану рэчыва, якое даследуецца, вылучаюць М.: цвёрдага цела; механіку суцэльных асяроддзяў (вадкасці і газу); плазмы; механіку сыпкіх асяроддзяў, механіку цел пераменнай масы. У апошні час з’явіліся новыя раздзелы М.: фізіка-хім. М. (улічвае працяканне фіз. і хім. працэсаў пры мех. рухах і ўзаемадзеяннях). біяробатамеханіка і інш. У М. выкарыстоўваюць 2 спосабы апісання з’яў: фенаменалагічны, заснаваны на фенаменалагічнай тэрмадынаміцы, і статыстычны (структурны), заснаваны на стат. тэрмадынаміцы. Навук. аснову М. складаюць варыяцыйныя прынцыпы механікі, з дапамогай якіх апісваюцца мех. станы і сувязі механічныя сістэмы.

Звесткі з М. (напр., пра раўнавагу цел) вядомы з глыбокай старажытнасці (некалькі тыс. гадоў да н.э.). Антычныя веды М. абагульніў Арыстоцель, які ўвёў тэрмін «М.» (4 ст. да н.э.). Архімед дакладна сфармуляваў закон раўнавагі (на ім заснавана будова машын і законы раўнавагі плаваючых цел). Г.​Галілей даследаваў асн. заканамернасці руху цел, на базе якіх І.​Ньютан сфармуляваў вядомыя законы М. і надаў М. строгую форму. Далейшае развіццё М. звязана з імёнамі Л.​Эйлера, Д.​Бернулі, Ж.​Д’Аламбера (асн. працы па М. вадкасці і газу), Ж.​Лагранжа (варыяцыйнае вылічэнне, аналіт. М.). 3 прац А.​Эйнштэйна пачаўся этап развіцця рэлятывісцкай, Л.​Больцмана і Дж.​Гібса — статыстычнай, М.​Планка і Н.​Бора — квантавай М. Аэрамеханіка значнае развіццё атрымала ў працах М.​Я.​Жукоўскага, О.​Ліліенталя, К.​Э.​Цыялкоўскага, С.​А.​Чаплыгіна і інш.; газавая дынаміка — у працах Л.​Прандтля, Дж.​І.​Тэйлара, Чаплыгіна, Л.​І.​Сядова, С.А Хрысціяновіча, М.​У.​Келдыша і інш. Значны ўклад у развіццё розных галін М. ў 19—20 ст. зрабілі Л.М.​А.​Наўе, Дж.​Стокс, Ш.​А.​Кулон, Г.​Р.​Кірхгоф, А.​Пуанкарэ, М.​В.​Астраградскі, А.​М.​Ляпуноў, А.​М.​Крылоў, І.​У.​Мяшчэрскі, Г.​П.​Чарапанаў, Дз.​Д.​Іўлеў і інш.

На Беларусі даследаванні ў галіне М. пачаліся ў 1920—30-я г. і вядуцца ў ін-тах фізіка-тэхн., цепла- і масаабмену, механікі металапалімерных сістэм, надзейнасці машын Нац. АН, у БДУ, БПА, Бел. тэхнал. ун-це і інш. Выкананы даследаванні па пластычнасці і трываласці металаў (С.​І.​Губкін, В.​П.​Севярдэнка, Я.​М.​Макушок і інш.), іх апрацоўцы (В.​М.​Чачын, А.​У.​Белы, А.​В.​Сцепаненка, П.​І.​Яшчарыцын), М. металапалімерных сістэм (Белы, А.​І.​Свірыдзёнак, Ю.​М.​Плескачэўскі), М. кампазіцыйных матэрыялаў на метал. аснове (А.​У.​Роман, П.​А.​Віцязь, Н.​М.​Дарожкін), М. дэфармаванага цела (М.​Дз.​Мартыненка, І.​А.​Прусаў, А.​У.​Чыгараў і інш.), тэорыях дыслакацыі і пластычнасці, М. разбурэння (М.​С.​Акулаў, Севярдэнка, Губкін і інш.), М. дэталей машын, тэорыі надзейнасці (І.​С.​Цітовіч, А.​В.​Бераснеў), М. мабільных машын (М.​С.​Высоцкі, Л.​Р.​Краснеўскі), М. вадкасці і газу, тэрмамеханіцы (А.​В.​Лыкаў, Р.​І.​Салаухін, А.​Р.​Мартыненка, З.​П.​Шульман, Б.​А.​Калавандзін і інш.).

Літ.:

Арнольд В.И. Математические методы классической механики. 3 изд. М., 1989;

Маркеев А.П. Теоретическая механика. М., 1990;

Лойцянский Л.Г. Механика жидкости и газа. 5 изд. М., 1978;

Черепанов Г.П. Механика хрупкого разрушения. М., 1974;

Ивлев Д.Д. Теория идеальной пластичности. М., 1966.

А.​У.​Чыгараў.

т. 10, с. 321

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭЛЬЕ́Ф (франц. relief ад лац. relevo узнімаю),

сукупнасць форм зямной паверхні, разнастайных паводле абрысаў, памераў, паходжання, узросту і гісторыі развіцця. Формы Р. могуць быць дадатныя, або выпуклыя (горы, узвышшы, узгоркі), і адмоўныя, або ўвагнутыя (катлавіны, яры, рачныя даліны). Паводле маштабаў развіцця вылучаюць планетарныя формы Р. (мацерыкі, ложа акіянаў), мегарэльеф (горныя сістэмы, раўніны, упадзіны акіянаў), макрарэльеф (горныя хрыбты, міжгорныя ўпадзіны), мезарэльеф (узгоркі, яры), мікрарэльеф (стэпавыя сподкі, карставыя варонкі), нанарэльеф (тэрмітнікі, купіны, кратавіны).

Р. увесь час эвалюцыяніруе, формы ўтвараюцца, відазмяняюцца, разбураюцца, пахаваны або часткова захоўваюцца ў выглядзе рэліктаў былых геал. эпох. Залежыць ад характару, тыпу і ўзросту горных парод і асн. геал. структур, тэктанічнага развіцця, клімату, гідралаг. і гідрагеал. умоў, хуткасці і асаблівасцей разбурэння ці растварэння парод, пераносу і назапашвання адкладаў. Утвараецца і зменьваецца ў выніку ўзаемадзеяння эндагенных працэсаў і экзагенных працэсаў. Эндагенныя рухі літасферных пліт і мацерыкоў, землетрасенні, векавыя падняцці і апусканні зямной кары, вулканічныя працэсы ў спалучэнні з уздзеяннем сіл сонечнага і месячнага прыцягнення і ’вярчэння Зямлі ўтвараюць буйныя структурныя (морфаструктура) няроўнасці Р. сушы і дна Сусв. ак. Узвышаныя тэр. характарызуюцца значнымі абс. і адноснымі вышынямі, стромкасцю схілаў і глыбінямі расчлянення, узрастаннем гравітацыйных працэсаў, дэнудацыі, эрозіі. Экзагенныя працэсы, абумоўленыя прамяністай энергіяй Сонца, утвараюць больш дробныя формы Р. (морфаскульптура), якія прыводзяць да згладжвання, выраўноўвання Р. Горы разбураюцца, расчляняюцца, набываюць рысы выпрацаванага, дэнудацыйнага і структурна-дэнудацыйнага Р. На фарміраванне Р. (асабліва ў гарах) уплываюць таксама гравітацыйныя працэсы, якія адбываюцца пад уздзеяннем сілы цяжару (лавіны, абвалы, асыпкі, апоўзні). Перавага экзагенных разбуральных працэсаў прыводзіць да пераўтварэння горных краін у хвалістыя дэнудацыйныя раўніны (пенеплены). Тэрыторыі, якія паніжаюцца, паступова нівеліруюцца, укрываюцца адкладамі, што зносяцца з больш узвышаных мясцін. На нізінных тэр. утвараецца акумулятыўны Р. са згладжанымі рысамі, увагнутымі схіламі, нязначнымі вышынямі (раўніны, нізіны). Р. садзейнічае дыферэнцыяцыі ландшафтаў і сам зазнае ўплыў занальнасці геаграфічнай і вышыннай пояснасці. Важныя асаблівасці Р. наяўнасць мацерыкоў, дзе абсалютныя вышыні да 1000 м складаюць 21,3%, раўніннага мацерыковага шэльфа, апушчанага пад узровень воднай паверхні акіяна да 100—200 м (зрэдку да 350—400 м); мацерыковага схілу з нахіламі ад 2—5 да 25° і глыб. да 1500—2000 м, ложа акіяна, дзе на глыбіні 4000—5000 м прыпадае 23,3%, 3000—6000 м — 53%. Агульная амплітуда верт. расчлянення Р. Зямлі амаль 20 тыс. м (г. Джамалунгма — 8848 м, глыбакаводны Марыянскі жолаб — 11022 м). У выніку актыўнага дзеяння экзагенных працэсаў паверхня сушы больш складаная і разнастайная, чым дно акіянаў і мораў. Самымі буйнымі марфалагічнымі тыпамі паверхні сушы з’яўляюцца: раўнінныя краіны (больш за ​1/3 плошчы), буйныя ўзвышшы і плато з вял. ўпадзінамі, горныя сістэмы, хрыбты і інш. горныя пабудовы. Паводле марфалагічнай выяўленасці, вышыні над узр. ак. вылучаюцца: высакагор’і, якія ўздымаюцца вышэй снегавой лініі, маюць ледавікі, вострыя вяршыні, трогі, ледавіковыя цыркі (Гімалаі, Кардыльеры, Альпы, Каўказ); сярэднягор’і з акруглымі вяршынямі, вышыннай пояснасцю, без слядоў абледзяненняў (Карпаты, Паўд. Урал); нагор’і з горнымі хрыбтамі і міжгорнымі масівамі, высока размешчанымі над узр. ак. (Армянскае, Іранскае, Усх. Памір); плато і пласкагор’і ў выглядзе прыўзнятых эразійных раўнін, абмежаваных уступам; нізкагор’і з градамі, гарамі і ўзгоркамі выш. да некалькіх соцень метраў, якія маюць мяккія абрысы і пакатыя схілы (Казахскі драбнасопачнік, Бадхыз, Карабіль); раўніны з плоскімі хвалістым і перасечаным Р., невял. амплітудамі вышынь, часта ўскладненымі градавымі, увалістымі, узгоркавымі і інш. дробнымі формамі (Прыкаспійская, Зах.-Сібірская раўніны). У пераўтварэнні Р. вял. роля належыць чалавеку (гл. Антрапагенны рэльеф) які свядома (тэрыконы, дамбы, адвалы, кар’еры) або ўскосна, пры няправільнай гасп. дзейнасці (яры, прасяданне паверхні, разбурэнне і размыванне схілаў і берагоў) зменьвае яго. Р. мае важнае гасп. значэнне. Ён уплывае на кліматычныя ўмовы, расліннасць, глебаўтваральныя працэсы, на спецыялізацыю земляробства і жывёлагадоўлі; яго асаблівасці ўлічваюцца пры праектаванні і буд-ве дарог, трубаправодаў, каналаў, вадасховішчаў, на спосабы здабычы карысных выкапняў і інш. Р. і гісторыю яго фарміравання вывучае геамарфалогія.

На Беларусі асн. формамі Р. з’яўляюцца ўзвышшы, раўніны і нізіны, характэрныя рысы якіх вызначаны дзейнасцю ледавікоў. Найб. пашыраныя формы ўласналедавіковыя (марэнныя грады, раўніны і ўзгоркі), флювіягляцыяльныя (зандравыя раўніны, камавыя ўзгоркі, озавыя грады, тэрасы), алювіяльныя (даліны рэк, тэрасы, поймы, старыцы), азёрныя і азёрна-ледавіковыя (нізіны, катлавіны, тэрасападобныя пляцоўкі), эолавыя (дзюны, пясчаныя грады і ўзгоркі), крыягенныя (бугры пучэння).

Літ.:

Махачек Ф. Рельеф Земли: Опыт регионального морфол. описания поверхности Земли. Т. 1—2. М., 1959—61;

Райс Р.​Дж. Основы геоморфологии: Пер. с англ. М., 1980;

Матвеев А.В., Гурский Б.Н., Левицкая Р.И. Рельеф Белоруссии. Мн., 1988;

Матвеев А.В. История формирования рельефа Белоруссии Мн., 1990.

В.​І.​Ярцаў.

т. 14, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГУЛЬНЫЯ ПРАБЛЕМЫ ЭКАНАМІЧНАЙ ТЭОРЫІ

Тэарэтычная эканам. навука ў БССР пачала развівацца ў 1920-я г. з заснаваннем Ін-та бел. культуры (1922) і яго пераўтварэннем у Бел. АН (1929). У 1931 у складзе Акадэміі створаны Ін-т эканомікі. У ВНУ рэспублікі выкладаўся курс паліт. эканоміі, у БДУ — асобныя курсы: «Гісторыя гаспадаркі Беларусі», «Тэорыя савецкай гаспадаркі», «Эканоміка пераходнага перыяду» і інш. Асн даследаванні бел. вучоных былі прысвечаны стварэнню матэрыяльна-тэхн. базы сацыялізму, індустрыялізацыі і каапераванню, праблемам станаўлення сацыяліст. маёмасці (Я.​А.​Адамовіч, Ф.​М.​Аўчыннікаў, Г.​П.​Бондар, М.​М.​Галадзед, Р.​Каршакевіч, П.​М.​Рачыцкі і інш.), узнаўленню кваліфікаванай прац. сілы (П.​Я.​Панкевіч, С.​П.​Такмачоў). У пасляваенныя гады вывучаліся характар эканам. законаў сацыялізму (З.​З.​Дудзіч, У.​П.​Локцеў, І.​Дз.​Прахарэнка і інш.), павышэнне прадукцыйнасці працы і рост дабрабыту працоўных (Ц.​А.​Базылеў, Г.​Ц.​Кавалеўскі, С.​М.​Малінін, А.​П.​Скуман), рост эфектыўнасці грамадскай вытв-сці (С.​М.​Малінін), размеркавальныя і рэнтавыя адносіны (Г.Ц Кавалеўскі, Я.​Г.​Ракаў).

У 1960—70-я г. даследаваліся праблемы цэнаўтварэння (М.​М.​Балбуцкі, М.​І.​Вядута, М.​І.​Гарачка, Г.​Ц.​Кавалеўскі, Т.​А.​Мярэцкая, І.​Т.​Савельеў і інш.), вытворчых адносін пры сацыялізме і заканамернасцей іх развіцця, законаў і катэгорый паліт. эканоміі (З.​З.​Дудзіч, М.​С.​Куняўскі, І.​Дз.​Прахарэнка, І.​І.​Самадзееў, С.​Я.​Янчанка і інш.). Праводзіліся даследаванні па пытаннях развіцця агр. адносін (А.​Я.​Бураўскі, Г.​Ц.​Кавалеўскі, І.​М.​Максімаў, Ф.​С.​Марцінкевіч, Ф.​Р.​Міхалап), эканам. палітыкі (Ф.​В.​Баравік, А.​І.​Мальцаў, В.​І.​Мазур, М.​І.​Платніцкі), таварна-грашовых адносін (Г.​Ц.​Кавалеўскі, Э.​А.​Лутохіна, А.​П.​Скуман і інш.), заработнай платы і грамадскіх фондаў спажывання (М.​В.​Герасімаў, Э.​А.​Лутохіна), эканам. развіцця капіталіст. краін (У.​П.​Васін, В.​В.​Гаўрылюк, В.​А.​Драздоў, І.​Ц.​Рагоўскі, С.​Я.​Янчанка і інш.). У 1980-я г. вывучаліся праблемы функцыянавання і заканамернасцей развіцця эканам. сістэм (Н.​В.​Герасімаў), удасканалення адносін уласнасці (М.​І.​Базалеў), дзярж. рэгулявання сац.-эканам. адносін (Л.​М.​Давыдзенка). Даследаваліся пытанні эфектыўнасці грамадскай вытв-сці (П.​А.​Капітула, М.​С.​Куняўскі, П.​Г.​Нікіценка), эканам. росту і аптымізацыі структуры грамадскага прадукту (М.​І.​Платніцкі), укаранення дасягненняў навук.-тэхн. прагрэсу (М.​А.​Лахманенка, В.​С.​Серада). Распрацоўваўся комплекс праблем, звязаных з удасканаленнем гасп. механізма (М.​С.​Куняўскі, І.​М.​Лемяшэўскі, М.​Г.​Муталімаў), у т. л. ў сістэме АПК (В.​А.​Кулажанка).

У 1-й пал. 1990-х г. ва ўмовах глыбокіх сац.-эканам. трансфармацый у грамадстве актыўна распрацоўваліся тэарэт. асновы рыначных пераўтварэнняў у нац. эканоміцы, адбываўся працэс фарсіраванага асваення і крытычнага асэнсавання зах. эканам. тэорый (А.​В.​Данільчанка, І.​В.​Новікава, Л.​М.​Пятроўская, А.​М.​Тур), вывучаліся праблемы інтэлектуальнай уласнасці і развіцця малога бізнесу (Г.​І.​Аляхновіч). Вучонымі вядучых ВНУ Беларусі выдадзены новыя навучальныя дапаможнікі і курсы лекцый па эканам. тэорыі. З 2-й пал. 1990-х г. пачаліся комплексныя даследаванні актуальных праблем развіцця айч. эканомікі, месца Беларусі ў сістэме сусветна-гасп. сувязей. Вывучаюцца палітыка-эканам. заканамернасці цывілізацыйнага працэсу (П.​Г.​Нікіценка), адносіны ўласнасці (В.​В.​Гаўрылюк, Я.​К.​Мядзведзеў, Г.​А.​Прымачонак), праблемы глабалізацыі, эканам. інтэграцыі і эканам. бяспекі краіны (В.​У.​Казлоўскі, І.​В.​Новікава), інавацыйныя працэсы ў эканоміцы (М.​У.​Мясніковіч, П.​Г.​Нікіценка), праблемы інвестыцый (С.​Р.​Голубеў), пытанні манапалізму і антыманапольнага рэгулявання (Г.​Р.​Санько), падатковага рэгулявання ў знешнеэканам. дзейнасці (Г.​А.​Шмарлоўская), прац. адносін і сац. палітыкі (С.​Р.​Голубеў, А.​П.​Марозава), агр. адносін і развіцця агр.-прамысл. комплексу краіны (В.​А.​Вараб’ёў, У.​Л.​Клюня, П.​В.​Лешчылоўскі).

Літ.:

Адамович И.А. Статьи и речи. Мн., 1927;

Мальцев А.И. Воспроизводство и накопление при социализме. Мн., 1967;

Янченко С.Е. Переходные формы производственных отношений. Мн., 1974;

Плотницкий М.И. Формирование оптимальной структуры общественного продукта в условиях НТР. Мн., 1983;

Голубев С.Г. Эволюция и перспективы развития ассоциативных форм собственности. Мн., 1993;

Абрамов И.М., Булко В.С., Колесникова И.В. Инвестиционная политика Беларуси: (Анализ, проблемы, предложения). Мн., 1996;

Санько Г.Г. Монополизм и антимонопольное регулирование. Мн., 1997;

Медведев Е.К. Категории теории собственности (очерки методологии). Мн., 2000;

Никитенко П.Г. Императивы инновационного развития Беларуси: теория, методология, практика. Мн., 2003;

Петровская Л.М. Модели открытой экономики и стабилизационная политика. Мн., 2000;

Примаченок Г.А. Эволюция отношений собственности в экономической системе. Мн., 2000;

Новикова И.В. Глобализация и рынок: поиски стратегии экономического развития в XXI в. Мн., 2001;

Шимов В.Н. Экономическое развитие Беларуси на рубеже веков: проблемы, итоги, перспектива. Мн., 2003.

Я.​К.​Мядзведзеў.

т. 18, кн. 2, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕРМАНІ́СТЫКА,

1) комплекс навук, што вывучаюць мову, літаратуру, гісторыю, матэрыяльную і духоўную культуру германамоўных народаў.

2) Частка мовазнаўства, якая даследуе германскія мовы.

3) Абагульняльная назва комплексу гісторыка-філал. навук пра Германію і ням. мову.

Як галіна ведаў германістыка пачала складвацца ў 17 ст. на этапе фарміравання нацый у Еўропе, што выклікала цікавасць да гісторыі і культуры, фальклору, мовы і л-ры германскіх народаў. Барацьба за выкладанне ў школах і ун-тах не на лац., а на роднай мове абумовіла з’яўленне ў 15—17 ст. шматлікіх граматык асобных герм. моў, а таксама абудзіла цікавасць да збірання стараж. рукапісаў. Першым філолагам-германістам быў галандзец Ф.​Юніус. Заснавальнікі навук. германістыкі — Р.К.Раск (у працы пра ісландскую мову ўпершыню даказаў агульнасць герм. моў і ўстанавіў іх гукавое падабенства з інш. індаеўрап. мовамі) і Я.​Грым (гл. ў арт. пра братоў Грым), аўтар першай параўнальнай граматыкі герм. моў. Выданнем стараж. тэкстаў займаўся ням. філолаг К.​Лахман. Якасна новы ўзровень германістыкі прыпадае на 1870—80-я г. на эпоху младаграматызму, калі даследчыкі германістыкі засяродзіліся на вывучэнні жывых герм. моў і дыялектаў, а таксама на рэканструкцыі герм. мовы-асновы (прамовы). У гэты час быў назапашаны вял. фактычны матэрыял. У наш час германістыка ахоплівае шырокае кола пытанняў: гіст. шляхі германцаў, фактары і рэгіёны іх міграцыі і аселасці, кірункі паліт. і культ. развіцця, спрадвечныя вераванні і рэліг. традыцыі, асаблівасці фарміравання нац. моў і іх дыялектаў, фалькл. і паэт. крыніцы, што даюць звесткі аб германцах і інш., а таксама кірункі разыходжання народаў і моў у новы і навейшы час, тэндэнцыі, якія вызначаюць іх сучаснае існаванне, агульную тыпалогію і спецыфіку кожнай мовы, л-ры і культуры ўвогуле. Цэнтрам сусв. германістыкі стала Нямецкая бібліятэка ў Лейпцыгу (засн. у 1912).

На Беларусі склаліся свае традыцыі вывучэння германістыкі ў яе культ.-гіст. аспектах. У 1920-я г. цэнтрам германістыкі стаў БДУ. Плённы ўклад у германістыку зрабілі У.​М.​Перцаў, У.​І.​Пічэта, Е.​І.​Рыўлін, Я.​Фейгельсон, М.​А.​Канаплін, С.​Я.​Вальфсон, У.​Герчыкаў, А.​Самахвалаў і інш. Пасля Вял. Айч. вайны распрацоўка пытанняў гіст. германістыкі звязана з імёнамі Л.​М.​Шнеерсона, Г.​М.​Трухнова, Д.​С.​Клімоўскага, Г.​А.​Космача, В.​А.​Космача, П.​А.​Шупляка, М.​Г.​Елісеева і інш. Упершыню праблематыка філал. даследаванняў па германістыцы была акрэслена ў арт. Т.​С.​Глушак «Стан германскага мовазнаўства на Беларусі» (1972). Праблемы германістыкі распрацоўваюць філолагі-германісты П.​І.​Копанеў, Г.​А.​Мятлюк, Ю.​Г.​Панкрац, Г.​П.​Кліменка, Дз.​Г.​Багушэвіч, а таксама А.​М.​Гарлатаў, Е.​В.​Зарыцкая, А.​А.​Мірскі, Е.​В.​Каранеўская, Т.​В.​Паплаўская, А.​П.​Дзеўкіна, І.​І.​Токарава, Л.​М.​Ляшчова і інш. Цэнтрамі германістычных даследаванняў у Беларусі сталі Мінскі лінгвістычны ун-т, Ін-т гісторыі Нац. АН Беларусі, пытанні германістыкі вывучаюцца ў БДУ, Гродзенскім і Гомельскім ун-тах, у інш. ВНУ краіны.

Т.​С.​Глушак.

т. 5, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛО́СНАСЦЬ, публічнасць,

права чалавека выражаць публічна свае погляды і перакананні, свабода вуснага і пісьмовага слова; адкрытасць і даступнасць для насельніцтва інфармацыі аб тым, што адбываецца ў дзяржаве і грамадстве. Патрабаванні да галоснасці, яе межы вызначаюцца адпаведнымі міжнар. прававымі актамі і заканадаўствам кожнай краіны. Ва Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека (прынята ААН у 1948) абвяшчаецца, што кожны чалавек мае права на свабоду перакананняў і на іх свабоднае выражэнне, свабоду шукаць, атрымліваць і распаўсюджваць інфармацыю і ідэі любымі сродкамі і незалежна ад дзярж. межаў. Элементы галоснасці як адной з формаў рэалізацыі правоў грамадзян існавалі ўжо ў Стараж. Грэцыі (раз у месяц у Афінах адбываўся нар. сход і кожны з яго ўдзельнікаў мог выказваць сваю думку, пастаянна праводзіліся праверкі і публічныя справаздачы выбарных службовых асоб). Палажэнні пра адкрытасць і публічнасць у вырашэнні грамадскіх праблем знайшлі адлюстраванне ў хрысц. веравучэнні, англ. Вялікай Хартыі Вольнасцей (1215), Статуце ВКЛ 1588, «Дэкларацыі правоў чалавека і грамадзяніна», абвешчанай у 1789 у час Франц. рэвалюцыі, Канстытуцыі ЗША (1791), у працах Дж.Лока, Т.Гобса, Ж.Ж.Русо, Ш.Л.Мантэск’ё, Ф.Скарыны, С.Буднага, М.Літвіна, А.Волана, Т.Джэферсана, Ф.Міранды, А.І.Герцэна, К.Каліноўскага і інш. Спец. пастановай урада Расіі 1859 дазвалялася публікацыя ў друку пра факты беспарадкаў і злоўжыванняў чыноўнікаў, іншых матэрыялаў з неафіц. крыніц. Пасля Кастр. рэвалюцыі 1917 спец. Дэкрэтам аб друку абвяшчалася адмена ўсякіх адм. уздзеянняў на друк. Але ва ўмовах цэнтралізацыі ўсіх сфер жыцця ў СССР галоснасць была значна абмежавана, перш за ўсё ў адносінах да вышэйшых уладных структур; свабоднае выказванне думак было небяспечна па палітычных, ідэалагічных і інш. меркаваннях. Некаторае пашырэнне галоснасці назіралася ў перыяд паміж XX—XXII з’ездамі КПСС (1956—61). Пазней яна падтрымлівалася гал. чынам дысідэнцкім рухам і «самвыдатам». На афіц. узроўні пытанне пра галоснасць як неабходную перадумову дэмакратызацыі сав. грамадства ўпершыню пастаўлена ў спец. рэзалюцыі 19-й Усесаюзнай канферэнцыі КПСС (1988).

Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь са змяненнямі і дапаўненнямі, прынятымі на рэферэндуме 1996, гарантуе грамадзянам свабоду поглядаў, перакананняў і іх свабоднае выказванне, права на атрыманне, захоўванне і распаўсюджванне поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі, на свабоду сходаў, мітынгаў, вулічных шэсцяў, дэманстрацый і пікетавання, непасрэдны ўдзел у кіраванні справамі дзяржавы. Законам Рэспублікі Беларусь «Аб друку і іншых сродках масавай інфармацыі» (1995) устаноўлена, што ўшчамленне свабоды масавай інфармацыі ў якой-небудзь форме, у т. л. праз цэнзуру, павінна цягнуць за сабой дысцыплінарную, крымін. і інш. адказнасць, устаноўленую заканадаўствам. Рэалізацыя правоў і свабод, звязаных з палітыкай галоснасці, забяспечваецца гарантыямі ад незаконных і адвольных абмежаванняў і забарон, строгім захаваннем прынцыпаў законнасці, справядлівага і публічнага разбору ў судзе розных відаў парушэнняў (гл. Галоснасць судаводства).

Літ.:

Гласность: Насущные вопр. и необходимые ответы. М., 1989;

50/50: Опыт словаря нового мышления. М., 1989;

Международные документы по правам человека. Франкфурт-на-Майне, 1990;

Конституция Республики Беларусь;

Науч.-правовой коммент. Мн., 1996.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 4, с. 468

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫЯЛЕКТАЛО́ГІЯ (ад дыялект + ...логія),

раздзел мовазнаўства, які вывучае дыялекты. Бел. Д. вылучылася з фалькларыстыкі і этнаграфіі ў канцы 19 ст.

Фактычныя звесткі пра жывую вусную мову беларусаў пачалі назапашвацца ў фалькл.этнагр. запісах 1-й пал. 19 ст. Такая спадарожная рэгістрацыя бел. дыялектнай мовы была асноўнай да пач. 20 ст. (З.​Я.​Даленга-Хадакоўскі, І.​І.​Шыдлоўскі, М.​А.​Дзмітрыеў, Я.​Чачот, П.​М.​Шпілеўскі, А.​Кіркор. Р.​С.​Зянькевіч, П.​В.​Шэйн, П.​А.​Бяссонаў, М.​Я.​Нікіфароўскі, Е.​Р.​Раманаў, М.​А.​Янчук, М.​В.​Доўнар-Запольскі, А.​Я.​Багдановіч, М.​Федароўскі і інш.). Спробы лінгвістычнага даследавання сабраных матэрыялаў адносяцца да 2-й пал. 19 — пач. 20 ст. (І.​І.​Насовіч, М.​А.​Коласаў, К.​Ю.​Апель, І.​А.​Нядзёшаў, Раманаў, У.​М.​Дабравольскі, А.​К.​Сержпутоўскі, І.​А.​Сербаў). Заснавальнікам бел. Д. стаў Я.Ф.Карскі. Пытанні бел. Д. асвятляліся таксама ў працах па рускай (усх. слав.) гісторыі і Д. (А.​І.​Сабалеўскі, А.​А.​Шахматаў, В.​А.​Багародзіцкі). Важнае значэнне мелі працы Маск. дыялекталагічнай камісіі (М.​М.​Дурнаво, М.​М.​Сакалоў, Дз.​М.​Ушакоў).

У сав. час працягвалася вывучэнне гаворак паасобных раёнаў Беларусі, у т. л. бел.-ўкр. і бел.-рус. моўных сумежжаў (П.​А.​Бузук, П.​А.​Растаргуеў), бел. міждыялектнай зоны пераходных гаворак (І.​В.​Воўк-Левановіч, С.​М.​Некрашэвіч). Выконвалася шырокая праграма збірання дыялектнай лексікі, распрацаваная камісіяй Інбелкульта па складанні слоўніка жывой бел. мовы. Выйшлі (з 16 запланаваных) «краёвыя» слоўнікі Віцебшчыны (М.​І.​Каспяровіч), Чэрвеньшчыны (М.​В.​Шатэрнік), Калінінскай акр. і ўсх. Магілёўшчыны (І.​К.​Бялькевіч), зах. Браншчыны (Растаргуеў). Узнікла новая галіна Д. — лінгвістычная геаграфія, «Спроба лінгвістычнай геаграфіі Беларусі» Бузука (1928) — першы нац. атлас у слав. Д. У пасляваен. часы дэталёва абследавана мова паасобных раёнаў і абласцей Беларусі і прааналізаваны шэраг катэгорый і з’яў дыялектнай мовы — назоўнік, прыметнік, займеннік, дзеяслоў, словаўтварэнне, сінтаксіс, гукі, аканне (М.​В.​Бірыла, Ю.​Ф.​Мацкевіч, Н.​Т.​Вайтовіч і інш.). У галіне лексікалогіі і лексікаграфіі праводзіцца збіранне матэрыялаў, якія друкуюцца ў выглядзе дыялектных слоўнікаў, дыялектных лексікаграфічных зборнікаў («Слоўнік беларускіх гаворак паўночна-заходняй Беларусі і яе пагранічча», т. 1—5, 1979—86; «Тураўскі слоўнік», т. 1—5, 1982—87, «Дыялектны слоўнік», вып. 1—3, 1959—70, Ф.​М.​Янкоўскага, асобныя зборы лексікі і фразеалогіі Мсціслаўшчыны Г.​Ф.​Юрчанкі і інш.). Створаны комплекс фундаментальных лінгвагеаграфічных прац: «Дыялекталагічны атлас беларускай мовы», «Лінгвістычная геаграфія і групоўка беларускіх гаворак» (1968—69), «Лексічны атлас беларускіх народных гаворак» (т. 1—4, 1993—97, выд. працягваецца) і інш. З 1970-х г. даследуюцца тэматычныя групы дыялектных слоў, лексіка старых рамёстваў, лексічныя сувязі бел. гаворак з інш. мовамі і іх дыялектамі. Новы кірунак бел. Д. — вывучэнне сучаснага мясц. маўлення і моўнай сітуацыі ў сельскіх рэгіёнах і гарадах рэспублікі.

Літ.:

Нарысы па беларускай дыялекталогіі. Мн., 1964;

Блінава Э.Д., Мяцельская Е.С. Беларуская дыялекталогія. 2 выд. Мн., 1980.

А.​А.​Крывіцкі.

т. 6, с. 310

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЯМА́ЛА-НЕ́НЕЦКАЯ АЎТАНО́МНАЯ АКРУ́ГА У Цюменскай вобл. Рас. Федэрацыі. Размешчана на Пн Зах. Сібіры, часткова за Паўн. палярным кругам; уключае і групу астравоў у Карскім м. (Белы, Алені, Шакальскага і інш.). Утворана 10.12.1930. Пл. 750,3 тыс. км². Нас. 507,4 тыс. чал. (2002), гарадскога 83%. Цэнтр — г. Салехард. Найб. гарады: Наябрск, Новы Урэнгой, Надым (гл. карту да арт. Цюменская вобласць).

Асн. ч. тэр. — забалочаная нізінная раўніна. На Пн, да берагоў Карскага м. і яго заліваў, прылягаюць прыморскія раўніны, на Пд пашыраны марэнныя і водна-ледавіковыя раўніны. На З адгор’і Палярнага Урала (выш. да 1499 м, г. Паер), на ПдЗ Сібірскія Увалы і Паўн.-Сосьвінскае ўзвышша. Карысныя выкапні: прыродны газ (каля 6 трлн. м³; 37% сусв. і 90% запасаў Расіі), нафта і газавы кандэнсат (каля 1 млрд. т; 12% запасаў Расіі), золата, свінец, фасфаты, храміты, вапнякі і інш. Клімат рэзка кантынентальны. Зіма суровая, доўжыцца каля 8 месяцаў, з частымі мяцеліцамі і моцнымі бурамі. Сярэдняя т-ра студз. ад -22 да -26 °C. Лета кароткае (каля 50 дзён), халаднаватае, з густымі туманамі. Сярэдняя т-ра ліп. ад 4 да 14 °C. Ападкаў 200—400 мм за год. На тэр. акругі каля 48 тыс. рэк, у т. л. 200 з даўж. больш за 100 км. Гал. рэкі — Об, Таз, Надым, Пур, Месаяха. Каля 300 тыс. азёр, пераважна ледавіковага паходжання. Глебы тундравыя, глеевыя, балотныя, на Пд глеева-падзолістыя і падзоліста-балотныя. З Пн да Пд арктычная мохавалішайнікавая і хмызнячковая тундры паступова зменьваюцца лесатундрай. На Пд, па берагах рэк і азёр, лясы з сіб. лістоўніцы, елкі і кедра. У тундры трапляецца паўн. алень, заяц-бяляк, пясец і воўк; у паўд. ч. — собаль, каланок, вавёрка, бурундук, з птушак — белая і тундравая курапаткі, глушэц, рабчык і інш. У рэках і азёрах шмат рыбы (асетр, нельма, муксун, сіг), у Обскай і Тазаўскай губах водзяцца бялуха, нерпа. Верхнятазаўскі запаведнік.

Гал. галіна прам-сці — нафтагазавая (90% агульнага аб’ёму прадукцыі) уключае здабычу, першасную апрацоўку і транспарціроўку газу і нафты. Штогод здабываюць 530 млрд. м³ газу і 30 млн. т нафты і газавага кандэнсату. Асн. радовішчы газу — Урэнгойскае, Мядзведжае, Ямбургскае, Вэнгапураўскае і інш.; нафты — Халмагорскае і інш. Газаперапрацоўка на з-дах у Мураўленка, Наябрску, Вэнгапуры. Асн. прадпрыемствы галіны ў складзе канцэрна «Газпрам». Вытв-сць электраэнергіі на Урэнгойскай ДРЭС. Развіты лясная і дрэваапр. прам-сць, вытв-сць буд. матэрыялаў. Прадпрыемствы харч. прам-сці ў Салехардзе (рыбакансервавы, малочны і інш. з-ды), Наябрску і інш. Аленегадоўля. Зверагадоўля (серабрыста-чорны ліс, блакітны пясец, норка). Пушны промысел. Бульбаводства (каля г. Салехард, у Краснаселькупскім, Шурышкарскім, Пураўскім р-нах). Даўж. чыгункі 495 км (Сургут—Новы Урэнгой, Сейда—Лабытнагі). Развіты трубаправодны транспарт. Сістэма газаправодаў звязвае акругу з еўрап. ч. Расіі, Уралам, Пд Сібіры, з замежнымі краінамі. Суднаходства па рэках Об, Надым, Пур, Таз і Паўн. марскім шляху. 3 аэрапорты. Мясц. перавозкі на аленях.

М.​Л.​Страха.

т. 18, кн. 1, с. 264

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БІЯГЕАГРА́ФІЯ (ад бія... + геаграфія),

навука пра заканамернасці геагр. пашырэння і размяшчэння ў межах рэгіёнаў жывых арганізмаў і іх згуртаванняў (біяцэнозаў), уваходзіць у комплекс навук пра біясферу. Біягеаграфію падзяляюць на зоагеаграфію і геаграфію раслін.

Пачатак біягеаграфіі пакладзены ў 19 ст. працамі натуралістаў (А.Гумбальт, А.Дэкандоль, А.Уолес, Ф.​Склетэр, П.​Палас, М.​А.​Северцаў і інш.), якія вывучалі флору і фауну розных рэгіёнаў зямнога шара. Сучасныя біягеагр. даследаванні маюць некалькі кірункаў: арэалаграфія вывучае тыпы арэалаў, іх структуру і паходжанне, размяшчэнне асобін унутры відавых арэалаў, што дае магчымасць стварэння кадастравых картаў; рэгіянальная біягеаграфія займаецца фларыстычным і фауністычным раянаваннем на аснове вывучэння сістэматычнага складу флоры і фауны пэўных раёнаў Зямлі; экалагічная біягеаграфія вывучае залежнасць пашырэння арганізмаў ад экалагічных фактараў асяроддзя, пераважна клімату, але таксама і гасп. дзейнасці чалавека; гістарычная біягеаграфія высвятляе ўплыў мінулых геал. эпох Зямлі на сучасны склад згуртаванняў арганізмаў і іх цяперашняе размяшчэнне па планеце. Вынікі даследаванняў на біягеаграфіі ўлічваюцца пры ахове і рацыянальным выкарыстанні прыродных рэсурсаў, а таксама правядзенні мерапрыемстваў па знешнім каранціне, ахове раслін і барацьбе з пераносчыкамі прыродна-ачаговых захворванняў чалавека і свойскіх жывёл.

На Беларусі значны ўклад у развіццё біягеаграфіі зрабілі І.Д.Юркевіч, М.​Дз.Несцяровіч, В.І.Парфёнаў, А.Е.Агаханянц і інш. Пытанні біягеаграфіі распрацоўваюцца ў н.-д. ін-тах АН Беларусі (эксперым. батанікі, заалогіі, лесу, геал. навук, праблем выкарыстання прыродных рэсурсаў і экалогіі, Цэнтр. бат. садзе), Бел. геолагаразведачным НДІ.

Літ.:

Воронов А.Г., Дроздов Н.Н., Мяло Е.Г. Биогеография мира. М., 1985;

Лопатин И.К. Зоогеография. 2 изд. Мн., 1989.

І.​К.​Лапацін.

т. 3, с. 166

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)