ЕРМАШКЕ́ВІЧ Васіль Мікітавіч (н. 13.1.1939, в. Васькавічы Чавускага р-на Магілёўскай вобл.),

бел. вучоны ў галіне ядзернай і нетрадыцыйнай энергетыкі. Д-р тэхн. н. (1991). Скончыў Харкаўскі авіяц. ін-т (1962). З 1976 у Ін-це ядзернай энергетыкі АН Беларусі, з 1992 дырэктар навук.-тэхн. цэнтра «Нетрадыцыйная энергетыка і энергазберажэнне» Нац. АН Беларусі. Навук. працы па працэсах гарэння паліва ў вадкасных ракетных рухавіках, стварэнні ядзерных энергет. установак. Распрацаваў рухавікі арыентацыі і стабілізацыі касм. аб’ектаў, акісляльнік для ракетнага паліва, асновы і канцэпцыю выкарыстання нетрадыцыйных крыніц энергіі ў Беларусі.

Тв.:

Герметичные электронасосы для химически активных жидкостей: Конструкция, испытания, эксплуатация. Мн., 1989;

Энергетика завтрашнего дня. Место в ней энергетики Беларуси // Финансы, учет, аудит. 1997. № 1.

т. 6, с. 395

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЕЎДАКІ́МАЎ Яраслаў Аляксандравіч (н. 22.11.1946, в. Карысць Карэцкага р-на Ровенскай вобл., Украіна),

бел. спявак (лірычны барытон). Засл. арт. Беларусі (1980), нар. арт. Беларусі (1987). Скончыў Мінскае муз. вучылішча імя М.​Глінкі (1981). Творчую дзейнасць пачаў у 1975 як саліст Бел. філармоніі, з 1977 саліст Ансамбля песні і танца БВА, у 1980—90 — Бел. тэлебачання і радыё. Валодае моцным гнуткім голасам прыгожага мяккага тэмбру, тонкай музыкальнасцю. Мае вял. канцэртны рэпертуар, значнае месца ў якім займаюць песні бел. кампазітараў Я.​Глебава, В.​Іванова, І.​Лучанка, Дз.​Смольскага і інш., бел., рус. і ўкр. нар. песні, а таксама творы духоўнай музыкі. Дыпламант усесаюзнага конкурсу «З песняй па жыцці» (1979).

Г.​М.​Загародні.

Я.Еўдакімаў.

т. 6, с. 397

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖДАН Алег (сапр. Пушкін Алег Аляксеевіч; н. 5.1.1938, г. Смаленск, Расія),

бел. пісьменнік. Скончыў Магілёўскі пед. ін-т (1960), Літ. ін-т імя М.​Горкага (1969), Вышэйшыя курсы сцэнарыстаў і рэжысёраў у Маскве (1978). Працаваў на Бел. тэлебачанні, кінастудыі «Беларусьфільм». З 1993 у час. «Нёман». Друкуецца з 1963. Піша на рус. мове. Асн. тэмы: жыццё гараджаніна ў першым пакаленні, побыт людзей правінцыяльных гарадоў Беларусі (кн. прозы «У час развітання», 1975, «У гасцях і дома», «Знаёмы», абедзве 1977, «Рысы і абліччы», 1985, «Па абодва бакі прахадной», 1987, «Самастойнае жыццё», 1990). Аўтар сцэнарыяў фільмаў «Сумленны, разумны, нежанаты» і «Хочаце любіце, хочаце не», п’есы «Салгалі Богу, салгалі» (1993). Перакладае на рус. мову творы бел. пісьменнікаў.

т. 6, с. 430

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЭМА́ЙТЭ [Žemaité; сапр. Бенюшавічутэ-Жымантэне

(Beniuseviciuté-Zymantiené)] Юлія (4.6.1845, маёнтак Букантэ, Плунгескі р-н, Літва — 7.12.1921),

літоўская пісьменніца. Друкавалася з 1894. Асн. тэматыка яе твораў — жыццё літ. вёскі ў канцы 19 — пач. 20 ст. Цяжкі лёс літ. сялянства, бяспраўе жанчыны, самабытнасць вясковага побыту, рэліг. перажыткі па-мастацку асэнсаваны ў яе апавяданнях і аповесцях «Нявестка» (1896), «Пятрас Курмяліс» (1901), «Няшчасныя дзеці» (1903), «Ахвяра святому Юргісу» (1908) і інш. Яе творы адметныя каларытным апісаннем прыроды, побыту, звычаяў, знешняга аблічча герояў, аб’ектыўнай, з элементамі іроніі і камізму, апавядальніцкай манерай. Аўтар шматлікіх нарысаў, фельетонаў, публіцыст. артыкулаў. На бел. мову асобныя творы Ж. пераклалі А.​Клышка, Я.​Скрыган.

Тв.:

Rastai. Sej. 1—6. Vilnius, 1956—57.

т. 6, с. 478

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЭРА́Р (Gérard) Франсуа Паскаль Сімон (4.5.1770, Рым — 11.1.1837),

французскі жывапісец і літограф, прадстаўнік рамантызму. Каля 1782—83 вучыўся ў парыжскім «Каралеўскім пансіёне», у 1786—89 вучань Ж.Л.Давіда. Быў адным з афіц. партрэтыстаў Напалеона, потым Бурбонаў. Сярод твораў: партрэты Ж.​Б.​Ізабэ з дачкой (1795), Напалеона I у каранацыйным адзенні, імператрыцы Жазефіны (1801), мадам Рэкам’е (1802), мадам Талейран (1805), В.​П.​Качубея (1809) і інш., карціны «Псіхея і Амур» (1797), «Бітва пры Аўстэрліцы» (1810), «Уваход Генрыха IV у Парыж» (1817), «Каранаванне Карла X» (1829); дэкар. размалёўкі ў парыжскім Пантэоне (1810-я г.). Па малюнках Ж. гравіраваны ілюстрацыі да твораў Вергілія, Ж.​Расіна і інш.

Ф.​Жэрар. Партрэт В.​П.​Качубея. 1809.

т. 6, с. 480

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛА́ШКА Міхаіл Валянцінавіч (н. 21.11.1929, г. Грозны, Чэчэнская Рэспубліка),

бел. вучоны ў галіне мікрабіялогіі. Д-р біял. н. (1972), праф. (1974). Засл. дз. н. Беларусі (1990). Скончыў Маскоўскую с.-г. акадэмію імя К.​А.​Ціміразева (1953). З 1965 у Ін-це мікрабіялогіі Нац. АН Беларусі, у 1975—82 адначасова ў Бел. тэхнал. ін-це. Навук. працы па фізіялогіі мікраарганізмаў і біятэхналогіі ў галіне ліпідагенезу дражджэй. Распрацаваў навук. асновы атрымання новых кармавых і лячэбна-прафілакт. прэпаратаў, абгрунтаваў тэарэт. канцэпцыю пра ўмовы сінтэзу ліпідаў 2 тыпаў у клетцы. Дзярж. прэмія Эстоніі 1985.

Тв.:

Биосинтез липидов дрожжами. Мн., 1971;

Экстрацеллюлярные продукты метаболизма дрожжей. Мн., 1979 (разам з Г.​А.​Підоплічка);

Биотехнология переработки молочной сыворотки. М., 1990.

т. 6, с. 512

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАЛЕ́СКІ Аляксандр Яфімавіч (н. 17.1.1939, Мінск),

бел. матэматык. Чл.-кар. Нац. АН Беларусі (1991), д-р фіз.матэм. н. (1978), праф. (1986). Скончыў БДУ (1960). З 1960 у Ін-це матэматыкі Нац. АН Беларусі. З 1997 праф. ун-та ў Вялікабрытаніі (г. Новіч). Навук. працы па тэорыі лінейных і алгебраічных груп, тэорыі кольцаў, тэорыі інварыянтаў. Вырашыў праблему Капланскага пра групавыя кольцы, праблему Фейса пра нётэравыя кольцы. Даследаваў уласцівасці асобных элементаў у камплексных прадстаўленнях канечных груп тыпу Лі і ідэалах групавых кольцаў лакальна канечных груп.

Тв.:

Об одном предположении Капланского // Докл. АН СССР. 1972. Т. 203, № 4;

Фрагмент матрицы разложения специальной унитарной группы над конечным полем // Изв. АН СССР. Сер. мат. 1990. Т. 54, № 1.

т. 6, с. 513

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗВЯРУ́ГА Яраслаў Генрыхавіч (н. 4.9.1928, г.п. Мядзел Мінскай вобл.),

бел. археолаг. Канд. гіст. н. (1971). Скончыў БДУ (1953). У 1947—64 працаваў ва ўстановах нар. асветы, з 1966 у Ін-це гісторыі Нац. АН Беларусі. Даследаваў стараж. гарады Ваўкавыск, Гродна, Здзітаў, Ліду, Слонім, Турыйск, гарадзішчы, селішчы, курганныя могільнікі Беларусі. Вывучае славяна-балцкія кантакты ў раннім сярэдневякоўі. Аўтар прац «Старажытны Ваўкавыск X—XIV стст.» (1975), «Верхняе Панямонне ў IX—XIII стст.» (1989), укладальнік і навук. рэдактар кнігі «Памяць». Гіст.-дакумент. хроніка Мядзельскага раёна» (1998). Адзін з аўтараў кніг «Нарысы па археалогіі Беларусі» (ч. 2, 1972), «Кіеў і заходнія землі Русі ў IX—XIII стст.» (1982), «Беларуская археалогія» (1987) і інш.

т. 7, с. 44

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЕРНЕБАБО́ВЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,

расліны сям. бабовых, якія вырошчваюць пераважна для атрымання харч. і кармавога зерня. Вядома больш за 60 відаў з 17 родаў — боб, віка, гарох, лубін, нут, сачавіца, соя, фасоля, чына і інш. Пашыраны ў Еўропе, Азіі, Афрыцы і Амерыцы. На Беларусі найб. сеюць гарох, лубін (па ўсёй тэрыторыі), віку пераважна ў паўн. раёнах, меншыя плошчы займаюць пялюшка, эспарцэт, фасоля, боб. У сухім рэчыве зерня 25—60 % вугляводаў, 25—40% бялку, 2—7% (у соі да 37%) тлушчу, ферменты, вітаміны і інш. З зерня З.к. робяць крупы, муку, кансервы. Зерне, жамерыны, шрот, зялёная маса — корм для с.-г. жывёлы. З.к. абагачаюць глебу азотам (у севазваротах — папярэднікі для тэхн. і збожжавых культур), лубін — зялёнае ўгнаенне.

т. 7, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАНО́Ў Уладзімір Усцінавіч (н. 25.4.1949, в. Мурожніца Шумілінскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. акварэліст, прадстаўнік Віцебскай школы акварэлі. Скончыў маст.-графічны ф-т Віцебскага пед. ін-та (1971). Разнастайныя па пластычнай манеры творы аб’ядноўвае мяккасць жывапісных рашэнняў і стрыманасць колеру. Сярод твораў: пейзажы «Месяц над возерам» (1985), «Край блакітных азёр» (1986), цыкл «Далёкі ўсход» (1990), «Раніца» (1995), «Браслаўшчына» і «Сведка стагоддзяў» (1996); нацюрморты «Вярба» (1986), «Нацюрморт з трубой, ракушкамі і марскімі вожыкамі» і «Кета» (абодва 1990), тэматычныя кампазіцыі «Сталі на смерць» і «Памяць» (абедзве 1985). Яго творам уласцівы адметная логіка пабудовы маст. вобраза, спалучэнне канкрэтыкі вобразных вырашэнняў з узнёсла рамантычнымі і сімвалічнымі прыёмамі яе інтэрпрэтацыі.

М.​Л.​Цыбульскі.

У.Іваноў. Вярба. 1986.

т. 7, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)