ХАТЭ́НКА Антаніна Яўгенаўна (н. 28.4.1956, в. Зенькаўцы Зэльвенскага р-на Гродзенскай вобл.),

бел. паэтэса. Скончыла БДУ (1978). З 1979 працавала ў кнігарні, у выд-ве «Народная асвета», у Мінскім абл. навук.-метадычным цэнтры нар. творчасці, у Бел. фондзе культуры, з 1995 у Літ. музеі Я.​Купалы, у 1998—2002 на Бел. тэлебачанні. Друкуецца з 1978. У паэме «Здзічэлае рэха вясны» (1991) у кнізе паэзіі ў прозе «Зніч крыжовых дарог» (1992), зб. вершаў «Тры грацыі» (2002, з Н.​Мацяш і А.​Кавалюк) і інш. Пераасэнсоўвае нац. духоўную спадчыну, скарбы каляндарна-абрадавай паэзіі, узнаўляе сувязь часоў. Аўтар цыкла нарысаў «Чалавек на далоні Сусвету» (1994).

т. 16, с. 562

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ХІМА́ЧАЛ-ПРА́ДЭШ,

штат на Пн Індыі. Пл. 55,6 тыс. км². Нас. 5,2 млн. чал. (1991); хіндустанцы, пахары і інш. Адм. ц. — г. Сімла. З ПнЗ на ПдУ штат перасякаюць горныя хрыбты Зах. Гімалаяў; з ПдЗ на ПнУ зменьваюцца Сівалікскія горы, хр. Дхааладхар, Вял. Гімалаі і хр. Заскар. У гарах клімат горны субтрапічны і высакагорны. Вярхоўі рэк Сатледж, Біяс, Раві, Чынаб. Хвойныя і шыракалістыя лясы. Пераважае сельская гаспадарка. У далінах рэк вырошчваюць пшаніцу, кукурузу, ячмень, рыс, бульбу; пладаводства (яблыкі, персікі, абрыкосы, арэхі, гранаты); нарыхтоўка лекавых раслін. Здабыча каменнай солі. Лесанарыхтоўкі; дрэваапр. і цэментная прам-сць. Рамесніцкая вытв-сць шарсцяной пражы, хустак і тканін. Горны курорт Сімла.

т. 17, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЕРАСПАЛО́СІЦА,

раз’яднанасць і раздробленасць зямлі аднаго землекарыстальніка на некалькі адасобленых частак. Бывае міжгаспадарчая, між- і ўнутрысялібная. У эпоху феадалізму была пашырана ў ВКЛ і Расіі. Узмацнілася ў выніку сял. рэформы 1861. Памешчыкі часта пакідалі сабе зямельныя ўчасткі, размешчаныя сярод сял. надзелаў, каб прывязаць сялян да сваёй гаспадаркі. Вялікае пашырэнне мела ўнутрыабшчынная Ц. Надзел, які належаў дзвюм і болей сем’ям, разбіваўся на шэраг дробных частак, раскіданых палосамі, у розных месцах, нярэдка на значнай адлегласці ад сядзібы і адна ад адной. Пры Ц. паніжалася інтэнсіфікацыя сял. і панскай гаспадарак. Ліквідавана ў выніку нацыяналізацыі зямлі і калектывізацыі с.-г. вытв-сці.

В.​П.​Панюціч.

т. 17, с. 105

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЕ́РНІЦА.

мялка, традыцыйная сялянская прылада для першаснай апрацоўкі (мяцця) ільняной ці канаплянай трасты. На Беларусі вядомы 2 асн. тыпы Ц.: нахільная (Пн, У) і гарыз. (ПнЗ, ПдУ), 1- і 2-рэбравыя. Выраблялі іх звычайна са ствала дрэва даўж. больш за 1,5 м, выкапанага з каранямі, якія з аднаго канца служылі ножкамі (другі канец ляжаў на зямлі). У ствале па даўжыні выдзёўбвалі жолаб, у які ўстаўлялася 1- ці 2-рэбравае біла. Гарыз. Ц. складалася з 2 або 3 гарызантальна ўмацаваных на стойках дошчачак (шчок), у адтуліну паміж якімі зверху заходзіла біла (язычок). У наш час выйшлі з ужытку.

Г.​М.​Курыловіч.

Церніца.

т. 17, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦІТО́Ў Канстанцін Маркавіч (26.10.1905, с. Сачкавічы Клімаўскага р-на Бранскай вобл., Расія — 13.4.1972),

рускі паэт, перакладчык. Скончыў Ленінградскі ун-т (1937). Друкаваўся з 1927. У зб-ках паэзіі «Выступленне ў дарогу» (1941), «Салдацкія радкі» (1947), «Шукальнікі» (1956), «Сэрца зямлі» (1958), «Проста пра любоў» (1970), «Сляды на водмелі» (1972) услаўленне чалавека-працаўніка, гераізму сав. воінаў у Вял. Айч. вайне, хараства прыроды, дружбы, кахання. Яго творы вызначаюцца лірызмам, маляўнічасцю дэталей, разнастайнасцю жанраў, многія напісаны ў сюжэтна-баладнай форме. Аўтар тэкстаў песень, кніг для дзяцей. На рус. мову пераклаў творы бел. паэтаў, трылогію Р.​Сабаленкі «Іду ў жыццё» (1963).

Тв.:

Солнце загорается за Сожем. Мн., 1978.

т. 17, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЦЫКЛАТРО́ННЫ РЭЗАНА́НС, парамагнітны рэзананс,

рэзананснае паглынанне эл.-магн. энергіі зараджанымі часціцамі, якія рухаюцца ў пастаянным магн. полі. Назіраецца ў паўправадніках, металах, а таксама ў вакууме.

Тлумачыцца на аснове законаў класічнай фізікі. Носьбіты зараду ў пастаянным магн. полі рухаюцца пад уздзеяннем Лорэнца сілы па спіральнай лініі, «навітай» на сілавую лінію магн. поля. Частата ω перыядычнага руху (цыклатронная частата; адсюль назва) звязана з індукцыяй магн. поля B суадносінамі: ω = qB/m, дзе q — зарад і m — маса зараджанай часціцы. З’ява Ц.р. адбываецца на частаце, роўнай ці кратнай ω. Ц.р. выкарыстоўваецца ў фізіцы цвёрдага цела пры вывучэнні энергет. спектра электронаў, працэсаў электрон-фаноннага ўзаемадзеяння ў металах і інш.

т. 17, с. 143

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧА́НБА Самсон Якаўлевіч (18.6.1886, с. Атара Ачамчырскага р-на, Абхазія — 1937),

абхазскі пісьменнік, дзярж. дзеяч. Скончыў Хонскую настаўніцкую семінарыю (1914). Працаваў настаўнікам, рэдактарам. У 1921—25 і 1930—32 нарком асветы Абхазіі, у 1925—30 старшыня ЦВК Абхазскай АССР, з 1932 у Абхазскім НДІ. Рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны пасмяротна. Пісаў на абхазскай і рус. мовах. Друкаваўся з 1916. Аўтар рамант. паэмы «Дзева гор» (1919), аповесці «Сейдык» (1934), п’ес на гіст. і быт. тэмы «Махаджыры» (1920), «Апсны Ханым» (1923), «З мінулых дзён» (1929), якія заклалі аснову абхазскай нац. драматургіі.

Тв.:

Рус. пер. — Избранное. Сухуми, 1960.

Літ.:

Лакоба Н. Самсон Чанба: Жизнь и творчество. Сухуми, 1972.

т. 17, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧАРНЯ́К Сцяпан Іванавіч (25.12.1899, в. Чарневічы Барысаўскага р-на Мінскай вобл. — 21.7.1976),

савецкі военачальнік, ген.-маёр (1944). Герой Сав. Саюза (1940). Скончыў курсы «Выстрал» (1930), Вышэйшыя курсы пры Ваен. акадэміі Генштаба (1941). У Чырв. Арміі з 1918 на Зах. фронце. Удзельнік вайны ў Іспаніі 1936—39. У час сав.-фінл. вайны 1939—40 дывізія, якую ён узначальваў, вызначылася пры прарыве «лініі Манергейма». У Вял. Айч. вайну нам. камандуючага Чарнаморскім флотам па пяхоце, на Калінінскім, Бел. і 1-м Бел. франтах: камандуючы арміяй, нам. камандзіра корпуса, камандзір дывізіі. Удзельнік абароны Севастопаля, вызвалення Беларусі, Варшавы, узяцця Берліна. Да 1958 у Сав. Арміі.

С.І.Чарняк.

т. 17, с. 242

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧА́ШНІЦКІ КЛЯ́ШТАР ДАМІНІКА́НЦАЎ.

Засн. каля 1674 у г. Чашнікі Віцебскай вобл. З.​Слушкам. Будынак кляштара змураваны ў 1750. Касцёл Праабражэння пабудаваны ў 1779—86 прыёрам Гуціскім, асвячоны ў 1804 суфраганам полацкім Ц.​Адынцом. Лічыўся адным з самых вял. і прыгожых касцёлаў на У Беларусі. На фасадных вежах размяшчаліся гадзіннік і 3 званы, адлітыя ў Рызе. У 1816 аздоблены насценнымі размалёўкамі, частка іх існавала яшчэ ў пач. 20 ст. У касцёле асабліва шанавалася скульптура Ісуса, выразаная селянінам Прыстаю ў пач. 18 ст. Алтарныя абразы намаляваны мастаком В.​Лейндорфам. У 1832 кляштар скасаваны, у 1868 касцёл перароблены на царкву. У 1930-я г. будынкі знішчаны.

А.​А.​Ярашэвіч.

т. 17, с. 268

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЧОРНАВАЛЛЁВІК (Calidris alpina),

птушка сям. бакасавых атр. сеўцападобных. Пашыраны пераважна ў арктычнай зоне Еўразіі і Паўн. Амерыкі. Жыве на вільготных лугах і балотах. На Беларусі рэдкі пралётны і залётны від, занесены ў Чырв. кнігу.

Даўж. да 23 см, маса да 57 г. Самкі буйнейшыя за самцоў. Апярэнне спіны чорна-бурае з шырокімі рыжымі верхавінкамі пёраў. Надхвосце бурае, падхвосце белае з ледзь прыкметнымі цёмнымі стракацінкамі. Брушка ў асн. белае, на пярэдняй частцы — вял. буравата-чорная пляма (адсюль назва). Валляк, грудзі і шыя белыя з падоўжнымі цёмнымі стракацінамі. Дзюба доўгая. тонкая, крыху загнутая ўніз. Нясе 3—5 яец. Корміцца дробнымі беспазваночнымі.

Э.​Р.​Самусенка.

Чорнаваллёвік.

т. 17, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)