сістэматызаваны набор лінгвістычных карт, на якіх пры дапамозе ўмоўных знакаў адлюстравана пашырэнне ў межах беларускай мовы разнастайных асаблівасцей яе гаворак. Выдадзены ў 1963. Адзін з найб. поўных лінгвістычных атласаў, адлюстроўвае стан развіцця бел. гаворак у іх прасторавых узаемаадносінах у сярэдзіне 20 ст. Ствараўся на аснове метадалагічных прынцыпаў і метадычных прыёмаў, прынятых сав. школай лінгвістычнай геаграфіі. Яго складанню папярэднічаў працяглы перыяд абследавання жывых гаворак у межах нац.тэр.Беларусі па спец. праграме, арыентаванай на выяўленне сістэмна звязаных дыялектных адрозненняў. У аснове Атласа — тэорыя акад. Р.І.Аванесава. Складаецца з 2 раздзелаў. У 1-м змешчаны 7 гіст.-адм. і 338 лінгвістычных карт, якія даюць максімальную інфармацыю пра фанет. сістэму, грамат. структуру і лексічныя асаблівасці бел. гаворак. 2-і раздзел уключае ўступныя артыкулы, каментарыі да карт, даведачны і фактычны матэрыял. Калектыву аўтараў (Г.У.Арашонкава, М.В.Бірыла, Н.Т.Вайтовіч, І.М.Гайдукевіч, А.П.Груца, З.Ф.Краўчанка, А.А.Крывіцкі, Ю.Ф.Мацкевіч, А.Р.Мурашка, Я.М.Рамановіч, А.І.Чабярук, В.М.Шэлег) і рэдактараў (Аванесаў, К.Крапіва, Мацкевіч) за комплекс работ прысуджана Дзярж. прэмія СССР 1971.
аддзел водарасцей. Налічваюць каля 300 родаў, больш за 19 тыс. сучасных і выкапнёвых відаў. Пашыраны ва ўсіх тыпах вадаёмаў і ў глебе па ўсім зямным шары. Вядомыя з юрскага перыяду. Па форме панцыра (асн.сістэм. прыкмета) падзяляюцца на 2 класы: цэнтрычныя (Centricae) і пенатныя (Pennatae). На Беларусі адзначана каля 930 відаў, разнавіднасцей і форм з 47 родаў; актынела, анамеонеіс, атэя, ахнантэс, бацылярыя, гамфанема, дыятома, калонеіс, таласіязіра, мелазіра, навікула, ніцшыя, пінулярыя, фрагілярыя, цымбела і інш. Д.в. — найважнейшыя прадуцэнты арган. рэчыва (каля 25% сусветнай першаснай прадукцыі, што ствараюць расліны), актыўныя ўдзельнікі самаачышчэння вод, індыкатары забруджвання вадаёмаў. Вялікая колькасць створак Д.в. складае горную пароду дыятаміт.
Аднаклетачныя, мікраскапічныя (ад 4 да 2000 мкм) адзіночныя або каланіяльныя рухомыя арганізмы. У іх характэрная асаблівасць — цвёрдая з 2 палавінак (створак) крэменязёмная абалонка. Хларапласты маюць хларафілы a і c і фукаксанцін, які надае Д.в. буры колер. Назапашваюць алей, валюцін і хрызаламінарын. Размнажаюцца дзяленнем і палавым шляхам (ізагамія бязжгуцікавых гамет, кан’югацыя, аўтагамія або аагамія). У палеанталогіі выкарыстоўваюць дыятомавы аналіз, заснаваны на вызначэнні таксанамічнай прыналежнасці выкапнёвых Д.в.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭКАРАТЫ́ЎНЫЯ РАСЛІ́НЫ,
дрэвы, кусты і травяністыя расліны, якія выкарыстоўваюцца на азеляненне, упрыгожванне жылых памяшканняў і грамадскіх будынкаў. Д.р. ёсць сярод прадстаўнікоў пакрытанасенных і голанасенных раслін, папарацей. На Беларусі высаджваюць каля 30 відаў і форм мясц. дрэў і кустоў, з інтрадукаваных раслін — больш за 540 відаў і сартоў кветкавых раслін, каля 40 хвойных і лісцевых дрэў, 100 кустоў і больш дзесятка павойных раслін.
Пры падборы Д.р. зыходзяць з мясц. умоў і практыкі выкарыстання відаў раслін. Лінейныя пасадкі фарміруюць найчасцей з дрэў з правільнай кронай (елка, туя, клён, ліпа, бяроза і інш.), адзіночныя пасадкі або групы — з дрэў з вузкімі і шырокімі кронамі (арэх, клён, вяз, рабіна, дуб і інш.), па берагах вадаёмаў, на схілах высаджваюць з ніцай кронай — вербы і інш.; альтанкі, тэрасы, сцены будынкаў, балконы ўпрыгожваюць павойнымі раслінамі (вінаград амурскі, хмель, кірказон, капрыфоль, дзявочы вінаград пяцілісточкавы і інш.), на кветніках садзяць ружы, цюльпаны, гладыёлусы, крокусы, касачы, флёксы, нарцысы, лілеі, астры і інш. У ахаваным грунце вырошчваюць пальмы, фікусы, гартэнзіі, цыкламены, герберы і інш. Сярод пакаёвых Д.р. найб. пашыраны пеларгонія, бягонія, плюшч, глаксінія, клівія, кактусы і інш.
Да арт.Дэкаратыўныя расліны. Азеляненне будынка дзявочым вінаградам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭМАКРАТЫ́ЧНАЕ ТАВАРЫ́СТВА,
тайная рэв.арг-цыя, якая дзейнічала ў 1836—38 у Віленскай мед. акадэміі. Заснавальнік і арганізатар Ф.А.Савіч. Складалася са студэнтаў і дробнай шляхты. Уваходзілі прадстаўнікі розных нацыянальнасцей: беларусы, украінцы, палякі і інш. Мела статут «Прынцыпы дэмакратызму». У 1837 устанавіла сувязі з Ш.Канарскім, які ўзначальваў тайную арг-цыю «Садружнасць польскага народа», што дзейнічала на тэр.Беларусі, Літвы і Украіны. Д.т. пад назвай «Маладая Польшча» ўвайшло ў склад «Садружнасці» як яе радыкальнае крыло. Члены т-ва імкнуліся наладзіць сувязі з сялянамі, прапагандавалі сярод іх ідэі свабоды і роўнасці, выступалі за асвету народа, за права кожнага народа на нац. самастойнасць, адстойвалі ідэю рэв. саюзу братніх народаў у барацьбе супраць самадзяржаўя, лічылі сябе прадаўжальнікамі справы дзекабрыстаў. Найлепшай формай дзярж. кіравання абвяшчалі рэспубліку. Ідэалогія Д.т. адлюстроўвала працэс пераходу ад шляхецкай рэвалюцыйнасці да рэв. дэмакратызму. У чэрв. 1838 частка членаў Д.т. арыштавана. Савіч і яго памочнікі Я.Загорскі і К.Рабчынскі прыгавораны да ссылкі на Каўказ, астатнія аддадзены ў салдаты.
Літ.:
Мохнач Н.Н. Идейная борьба в Белоруссии в 30—40-е г. XIX в. Мн., 1971;
Смирнов А.Ф. Революционные связи народов России и Польши, 30—60 гг. XIX в. М., 1962.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛІ́НА (сцэн.псеўд.; дзявочае Грудзінская, па мужу Александроўская) Вольга Уладзіміраўна (23.3.1899, г.п. Жалудок Шчучынскага р-на Гродзенскай вобл. — 4.12.1980), бел. актрыса, педагог. Нар.арт.Беларусі (1946). Сцэн. дзейнасць пачала ў 1919. У 1923—62 у Бел. т-ры імя Я.Купалы. Педагог студый пры т-ры і Бел.тэатр.-маст. ін-та. Актрыса вял.сцэн. культуры. Выканаўца роляў гераінь і характарных. Створаныя ёй вобразы вызначаліся інтэлектуальнасцю, багаццем і шматграннасцю сцэн. характарыстык: Ганна, Графіня Стэмбоўская («Машэка», «Кастусь Каліноўскі» Е.Міровіча), Яворская, Альдона («Мост», «Вір» Я.Рамановіча), Пані Яндрыхоўская, Марозава, Прымаковіч («Партызаны», «Пяюць жаваранкі», «Людзі і д’яблы» К.Крапівы), Купавіна («Ваўкі і авечкі» А.Астроўскага), Соф’я («Апошнія» М.Горкага), Ранеўская, Аркадзіна («Вішнёвы сад», «Чайка» А.Чэхава), Карэніна («Жывы труп» Л.Талстога), Тэадора («Дурная для іншых, разумная для сябе» Лопэ дэ Вэгі). Выступала ў перыяд. друку з успамінамі пра дзеячаў бел.т-ра, з рэцэнзіямі на спектаклі, артыкуламі-роздумамі пра сутнасць акцёрскага мастацтва.
Літ.:
Гаробчанка Т.Я. Вольга Галіна: Крытыка-біягр. нарыс. Мн., 1980;
Сабалеўскі А. Жыццё тэатра: Мастацтвазнаўчыя артыкулы, рэцэнзіі. Мн., 1980. С. 181—187;
Бур’ян Б. З сёмага рада партэра: Нататкі тэатральнага рэцэнзента. Мн., 1978. С. 37—41.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАЛЬША́НСКІ КАСЦЁЛ І КЛЯ́ШТАР ФРАНЦЫСКА́НЦАЎ,
помнік архітэктуры 16—18 ст. Пабудаваны ў в.Гальшаны (Ашмянскі р-н Гродзенскай вобл.). Будынак касцёла ўзведзены ў пач. 16 ст., перабудаваны ў сярэдзіне 16 ст. пад кальвінскі збор. У 1618 на сродкі П.Сапегі касцёл перабудаваны ў стылі барока, узведзены жылы корпус кляштара. У пач. 1770-х г. будынак касцёла часткова разабраны, яго фундамент і сцены выкарыстаны для пабудовы новага, які захаваўся да нашага часу. Будынак прамавугольны ў плане, яго гал. фасад і апсіда маюць рысы барока: фігурны франтон, распрацоўка пілястрамі, валюты. Эмацыянальны акцэнт інтэр’ера касцёла — жывапіс на сцяне 3-яруснага гал. алтара (выкананы ў 1790-я г.). У адной з капліц (3-ярусная кампазіцыя ў стылі рэнесансу) знаходзілася надмагілле Сапегі і яго жонак (цяпер захоўваецца ў Музеі старажытнабеларускай культуры Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АНБеларусі). Да касцёла з паўд.-зах. боку прымыкае П-падобны ў плане 2-павярховы жылы корпус (часткова разбураны ў 1832). У 1810-я г. перад касцёлам пастаўлена мураваная брама-званіца ў стылі класіцызму.
В.Р.Кукуня.
Гальшанскі касцёл і кляштар францысканцаў.Да арт.Гальшанскі касцёл і кляштар францысканцаў. Надмагілле Сапегаў. Фрагмент. 1-я пал. 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГА́НЗА (ад ням. Hanse саюз, таварыства),
гандлёва-палітычны саюз купецтва многіх паўн.-еўрап. гарадоў у сярэдзіне 13—17 ст. Узнікла як антыпірацкі саюз купецтва 60 гарадоў Паўн. Германіі на чале з г.Любек (назва «Ганза» з 1358). Падзялялася на некалькі філіялаў: прускі на чале з Данцыгам (Гданьскам), рэйнскі — з Кёльнам і інш.; аб’ядноўвала каля 200 гарадоў. Найб. ролю адыгрывала вендская ганза на чале з Любекам, пазней Гамбургам, якая кантралявала гандаль у Паўн. Еўропе да пач. 16 ст. Ганза склікала сходы (ганзетагі) сваіх прадстаўнікоў, мела ўласны флот, абвяшчала вайну і мір, умешвалася ў справы балт. краін і вяла актыўную барацьбу за панаванне на Балт. і Паўн. морах. Мела калоніі, партовыя збудаванні, канторы, цэрквы ў многіх гарадах Еўропы (Амстэрдаме, Бруге, Лондане, Вісбю, Стакгольме, Бергене, Рызе, Ноўгарадзе і інш.), у т. л. на Беларусі (у Віцебску і Полацку). Паступова ганзейскае купецтва выцеснена са сваіх пазіцый англ., галандскімі і франц. купцамі. Апошні ганзетаг адбыўся ў Любеку ў 1669 з удзелам прадстаўнікоў толькі 6 гарадоў.
Літ.:
Рыбина Е.А. Иноземные дворы в Новгороде XII—XVII вв. М., 1986;
Никулина Т.С. Социально-политическая борьба в Ганзейском городе в XIV—XVI вв.: По материалам Любека. Куйбышев, 1988.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДНІ́ЦА,
помнік горадабудаўніцтва 2-й пал. 18 ст. Комплекс пабудаваны па ініцыятыве А.Тызенгаўза ў 1765—85 у в. Гарадніца (побач з г. Гродна, цяпер у межах горада) з мэтай стварэння буйнога культ.-прамысл. цэнтра на 1500 жыхароў (1765—74, архітэктары І.Мёзер, 1774—85 — Дж.Сака). Уключала 85 будынкаў рознага прызначэння, згрупаваных вакол плошчаў, абапал вуліц і завулкаў. Пры забудове ўпершыню ў гісторыі горадабудаўніцтва Беларусі выкарыстаны тыпавыя праекты, уніфікаваныя канстр. прыёмы, высокія тэмпы буд-ва. У аснове праекта — планіровачныя прынцыпы барока. Большасць будынкаў мела фахверкавую канструкцыю, т.зв. «прускі мур». Забудова складалася з трох асобных, рэгулярна спланаваных зон: адм.-культ., навучальнай, вытв.-жылой. У комплекс Гарадніца ўваходзілі: Гродзенскі дом віцэ-адміністратара, Гродзенскі палац адміністратара, Гродзенскі палац Тызенгаўза, муз. школа, вет. школа, т-р, бат. сад, мануфактуры (суконная, шаўковая, зброевая, фарбавальная і інш.), 20 тыпавых жылых дамоў. Частка ўцалелых пабудоў Гарадніцы знаходзіцца ў працэсе рэстаўрацыі.
Гарадніца (з плана 1780): 1 — палац Тызенгаўза; 2 — музычная школа; 3 — палац адміністратара; 4 — гаспадарчы двор; 5 — карчма «Галеча»; 6 — харчэўні; 7 — дамы для іншаземных рабочых; 8 — карчма «Раскоша»; 9 — ветэрынарная школа; 10 — будаўнічая школа; 11 — мануфактуры; 12 — фальварак; 13 — сталоўка для рабочых; 14 — кузні.Да арт.Гарадніца. Гродзенскі «домік майстра». 1773.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРАДСКІ́Я ПАДПО́ЛЬНЫЯ КАМІТЭ́ТЫ КП(б)Бу Вялікую Айчынную вайну,
органы парт. кіраўніцтва барацьбой супраць ням.-фаш. захопнікаў у акупіраваных гарадах Беларусі ў 1941—44. Стваралі і ўзначальвалі патрыят. падполле і партыз. рух, вялі арганізатарскую і паліт. работу сярод насельніцтва. Іх дзейнасцю кіравалі ЦККП(б)Б, абласныя падпольныя камітэты КП(б)Б і міжраённыя падпольныя камітэты КП(б)Б. Дзейнічалі Гомельскі, Мінскі (з 1941), Баранавіцкі, Віцебскі, Калінкавіцкі, Пінскі (з 1943), Брэсцкі, Вілейскі (з 1944) гаркомы, Барысаўскі (у 1941—42 спачатку як райком), Лідскі (з 1943) гаркомы-райкомы. Вопыт 1941—42 паказаў, што базіраванне гаркомаў у гарадах звязана з вял. цяжкасцямі і ахвярамі: былі арыштаваны і пакараны смерцю амаль усе члены Мінскага гаркома, загінулі кіраўнікі Барысаўскага гаркома-райкома, Брэсцкага і Аршанскага парт. цэнтра. Таму створаныя ў 1943—44 гаркомы базіраваліся пры партыз. брыгадах і атрадах. Па сваёй структуры яны не адрозніваліся ад раённых падп. к-таў КП(б)Б. Баранавіцкі і Мінскі гаркомы, Барысаўскі і Лідскі гаркомы-райкомы мелі друк. выданні — газеты.
Літ.:
Подпольные партийные органы Компартии Белоруссии в годы Великой Отечественной войны (1941—1944). Мн., 1975.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРУ́ЧЫЯ СЛА́НЦЫ,
карысны выкапень, асадкавыя карбанатна-гліністыя, крамяністыя або гліністыя горныя пароды, якія маюць гаручыя ўласцівасці. Маюць 10—50% па масе арган. рэчыва (керагену), да 7—10% вадароду, 30—80% лятучых кампанентаў, бітумы. Гараць куродымным полымем са спецыфічным бітумінозным пахам. Колер карычневы, карычнева-жоўты, шэры, аліўкава-шэры. Асн.мінер. кампаненты гаручых сланцаў — кварц, кальцыт, гліністыя мінералы, таксама палявыя шпаты, пірыт і інш. Пры сухой перагонцы гаручыя сланцы атрымліваюць смалу (сланцавае масла) — крыніцу хім. прадуктаў, гаручыя газы і падсмольныя воды. Выхад смол 5—50%. Макс. цеплата згарання 14,6—16,7 МДж/кг. Выкарыстоўваюцца як паліва, для вытв-сці быт. газу, у хім. прам-сці (сінт. дубільнікі, клей, лакі, масцікі і інш.). Агульныя патэнцыяльныя рэсурсы гаручых сланцаў у свеце ацэнены ў 450 трлн. т. На Беларусі вядомы ў адкладах верхняга дэвону Прыпяцкага прагіну, дзе ўтвараюць сланцавы басейн пл. каля 20 тыс.км² з прагнознымі рэсурсамі 8 млрд.т. Глыбіня залягання 50—600 м, магутнасць пласта 0,5—3 м. У межах басейна папярэдне разведана шахтавае поле Тураўскага радовішча. Гэтыя гаручыя сланцы патрабуюць пры выкарыстанні папярэдняй тэрмічнай перапрацоўкі, у выніку якой можна атрымаць вадкае і газападобнае паліва.