МЕТАЛАПАЛІМЕ́РЫ,

пластмасы з метал. напаўняльнікамі. У якасці напаўняльнікаў выкарыстоўваюць практычна ўсе металы і іх сплавы ў выглядзе парашкоў ці валокнаў. М. атрымліваюць на аснове тэрмапластаў, фенола-фармальдэгідных смол, поліэфірных і эпаксідных смол, крэмнійарганічных палімераў, каўчукоў.

Уласцівасці М. вызначаюцца прыродай палімера і напаўняльніка, ступенню напаўнення і характарам размеркавання напаўняльніка. Напр., жалеза і яго сплавы надаюць палімерам ферамагн. ўласцівасці; алюміній, медзь, серабро — цепла- і электраправоднасць; свінец, вальфрам, вісмут, кадмій — здольнасць экраніраваць іанізавальныя выпрамяненні. Выкарыстоўваюць М. для вырабу ўкладышаў падшыпнікаў (замяняюць металы, маюць высокую цеплаправоднасць і нізкі тэмпературны каэф. расшырэння), у вытв-сці магн. стужак, прылад для адвядзення статычнай электрычнасці, экранаў для аховы ад эл.магн. палёў і інш. Гл. таксама Пластычныя масы.

Літ.:

Металлополимерные материалы и изделия. М., 1979;

Помогайло А.Д., Савостьянов В.С. Металлосодержащие мономеры и полимеры на их основе. М., 1988.

т. 10, с. 304

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСТА́УКА,

разнавіднасць дагавора куплі-продажу, якая выкарыстоўваецца ў прадпрымальніцкай дзейнасці. Згодна з Грамадзянскім кодэксам Рэспублікі Беларусь (арт. 476) паводле дагавора П. пастаўшчык-прадавец, які ажыццяўляе прадпрымальніцкую дзейнасць, абавязваецца перадаць у абумоўлены тэрмін вырабленыя або набытыя ім тавары пакупніку для выкарыстання іх у прадпрымальніцкіх або ў інш. мэтах, не звязаных з асабістым, сямейным, хатнім і інш. выкарыстаннем. Напачатку ўстанаўліваецца працэдура ўзгаднення ўмоў. П. тавараў ажыццяўляецца шляхам адгрузкі (перадачы тавараў) пакупніку, які з’яўляецца дагаворным бокам П., або асобе, што пазначана ў дагаворы ў якасці атрымальніка. Закон устанаўлівае шэраг правілаў дастаўкі тавараў для дзярж. патрэб. Такая П. ажыццяўляецца на аснове дзярж. кантракта на П., а таксама ў адпаведнасці з дагаворамі П. для дзярж. патрэб (патрэбы краіны і яе адм.-тэр. адзінак). Парадак такіх П. рэгулюецца заканадаўствам.

І.​М.​Сямёнава.

т. 12, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАКО́ШЫН Валерый Іванавіч (н. 12.8.1939, г. Ветка Гомельскай вобл.),

бел. фізік. Д-р фіз.-матэм. н. (1989), праф. (1990). Скончыў БДУ (1961), дзе і працаваў. З 1974 у аддзеле навукі і навуч. устаноў ЦК КПБ. З 1990 рэктар Рэсп. міжгаліновага ін-та павышэння кваліфікацыі кіруючых работнікаў. З 1994 нач. упраўлення Дзярж. к-та па навуцы і тэхналогіях Беларусі. З 2000 нам. дырэктара Бел. рэсп. фонду фундаментальных даследаванняў. Навук. працы па фіз. матэрыялазнаўстве, паўправадніковым прыладабудаванні. Распрацаваў тэарэт. асновы фізікі гальвана- і тэнзарэзістыўных працэсаў у паўметалах і сплавах на іх аснове.

Тв.:

Устройства автоматики и робототехники на эффекте Холла. Мн., 1991 (разам з В.​Р.​Шапялевічам, В.​А.​Ермаловічам);

Основы фононных и электронных процессов в кристаллах. Гомель. 1999 (разам з В.​М.​Драко, В.​Р.​Шапялевічам).

М.​П.​Савік.

т. 12, с. 548

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫКА́РДА (Ricardo) Давід (19.4.1772, Лондан — 11.9.1823),

англійскі эканаміст, прадстаўнік класічнай школы палітэканоміі. З 1788 камерсант, з 1812 займаўся навукай, з 1819 чл. парламента. Гал. задачай эканам. навукі лічыў вызначэнне законаў, якія кіруюць размеркаваннем. У асн. працы «Пачатак палітычнай эканоміі і падатковага абкладання» (1817) сцвярджаў, што вартасць прадукцыі вызначаецца колькасцю працы, неабходнай для яе вытв-сці. На аснове сваёй тэорыі працоўнай вартасці стварыў тэорыю размеркавання вартасці паміж класамі грамадства. Стаяў на пазіцыях сац. песімізму, лічыў, што з прычыны абмежаванасці прыродных рэсурсаў эканам. рост з цягам часу спыніцца. Важнай умовай эканам. росту лічыў міжнар. падзел працы, які вядзе да росту прадукцыйнасці працы і эканоміі рабочага часу. Сваёй тэорыяй параўнальных выдаткаў зрабіў вял. ўклад у тэорыю знешняга гандлю.

Тв.:

Рус. пер. — Соч. Т. 1—5. М., 1955—61.

Д.Рыкарда.

т. 13, с. 496

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЭВАЛЮЦЫ́ЙНАЯ АРГАНІЗА́ЦЫЯ МАСТАКО́Ў БЕЛАРУ́СІ (РАМБ),

творчае аб’яднанне ў 1929—32 у Мінску. Засн. групай моладзі, якая выйшла з Усебел, аб’яднання мастакоў: М.​Аксельрод, І.​Ахрэмчык, А.​Бразер, П.​Гаўрыленка, М.​Горшман, А.​Грубэ (старшыня), А.​Забораў, Л.​Зевін, А.​Кастэлянскі і інш. Мела Мінскі, Віцебскі і Маскоўскі філіялы. Ставіла за мэту ўвасабленне ў мастацтве сав. сучаснасці на аснове новай фармальна-творчай мовы, не прымала стылізатарства, эстэцтва, перапеваў даўніны. У ліст. 1931 арганізавала 4-ю Усебел, маст. выстаўку ў Мінску. Дзейнасць членаў РАМБ рэзка крытыкавалася на Усебел, канферэнцыі мастакоў за «скатванне на рэльсы буржуазнага мастацтва» і «недаацэнку рэаліст. традыцый». Распушчана ў адпаведнасці з пастановай ЦК ВКП(б) ад 23.4.1932.

Літ.:

Очерки по истории изобразительного искусства Белоруссии. М.; Л., 1940. С. 140—141;

Орлова М.А. Искусство Советской Белоруссии. М., 1960. С. 69—70.

т. 13, с. 539

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТЭРЭАСКАПІ́ЧНАЕ КІНО́, стэрэакіно,

від кінематографа, метады і тэхн. сродкі якога дазваляюць стварыць у гледача ўражанне аб’ёмнасці (стэрэаскапічнасці) відарысаў, што назіраюцца на экране.

Уражанне аб’ёмнасці відарысаў дасягаецца спец. стэрэакіназдымкай, пры якой аб’ект (сцэну) здымаюць адначасова з 2 пунктаў так, каб на кінастужцы атрымаліся стэрэапары. Каб 2 відарысы стэрэапары пры іх праектаванні на экран успрымаліся гледачом, як аб’ёмны відарыс (гл. Бінакулярны зрок), неабходна забяспечыць праекцыю на сятчатку кожнага вока прызначанага яму відарыса. Такое раздзяленне відарысаў стэрэапары дасягаецца з дапамогай спец. акуляраў (акулярная сістэма) з палярызацыйнымі святлафільтрамі (паляроідамі) або выкарыстаннем растравага экрана (безакулярная сістэма). Існуюць таксама сістэмы С.к. на аснове галаграфіі (гл. Галаграфічнае кіно). У СССР безакулярная сістэма С.к. прапанавана С.​П.​Івановым (1935; пробная дэманстрацыя 1937). З 1939 распаўсюдзілася акулярная сістэма. На Беларусі стэрэафільмы па сістэме «СТЭРЭА-79» дэманструюцца з 1978 (Мінск).

т. 15, с. 234

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ТЭРМАМЕХАНІ́ЧНЫ ЭФЕ́КТ, эфект фантанавання,

узнікненне ў звышцякучай вадкасці рознасці ціску, абумоўленай рознасцю тэмператур.

Выяўляецца ў розніцы ўзроўняў вадкасці ў двух сазлучаных цераз вузкую шчыліну ці капіляр сасудах, якія знаходзяцца пры розных т-рах. Другі наглядны спосаб дэманстрацыі Т.э.: трубку з дробным чорным парашком апускаюць адным канцом у звышцякучы гелій; пры асвятленні парашок хутка награваецца і з прычыны рознасці ціску ў пасудзіне і па-за ёй вадкі гелій фантанам выкідваецца з верхняга канца капіляра. Т.э. тлумачыцца на аснове тэорыі звышцякучасці. Адваротная з’ява (ахаладжэнне звышцякучага гелію пры працяканні яго праз вузкія шчыліны ці капіляры) наз. механакаларычным эфектам.

Тэрмамеханічны эфект: 1 — узровень вадкасці ў пасудзіне з награвальнікам Н вышэйшы, чым у сазлучанай з ім пасудзіне; 2 — фантанаванне гелію пры асвятленні і нагрэве парашку П, які знаходзіцца ў пасудзіне са звышцякучым геліем (В — гіграскапічная вата).

т. 16, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬГІ́Н Уладзімір Барысавіч (н. 18.6.1948, Мінск),

бел. вучоны ў галіне рэсурснай механікі машын. Д-р тэхн. н. (1995). Скончыў БПІ (1971), Акадэмію кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь (1999). З 1974 у Ін-це механікі і надзейнасці машын Нац. АН Беларусі (з 1998 заг. лабараторыі). Навук. працы па тэорыі і метадах разліку рэсурсу мех. сістэм мабільных машын. Стварыў метадалогію вызначэння памераў канстр. элементаў на аснове патрабаванняў па безадказнасці і даўгавечнасці ўсёй сістэмы (рэсурснае праектаванне). Распрацаваў тыпавыя дынамічныя модулі для схематызацыі і разліку вярчальных, паступальных і паступальна-вярчальных сістэм мабільнай тэхнікі. Прапанаваў метадалогію імавернаснага разліку машыны, як рэсурсна-функцыянальнай сістэмы.

Тв.:

Анализ и синтез планетарных коробок передач автомобилей и тракторов. Мн., 1987 (разам з І.​С.​Цытовічам, В.​У.​Грыцкевічам);

Динамика, надежность и ресурсное проектирование трансмиссий мобильных машин. Мн., 1995.

т. 18, кн. 1, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́ТЭРЛЕ (Ketterle) Вольфганг (н. 21.10.1957, г. Гайдэльберг, Германія),

нямецкі і амерыканскі фізік. Чл. Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1999), Еўрапейскай акадэміі навук і мастацтваў (2002), замежны чл. Нац. АН ЗША (2002). Скончыў Мюнхенскі тэхн. (1982) і Мюнхенскі (1986) ун-ты. З 1985 у Ін-це квантавай оптыкі М.​Планка (г. Гархінг, Германія). З 1990 у Масачусецкім тэхнал. ін-це (з 1997 праф.). Навук. працы па атамнай фізіцы, малекулярнай і лазернай спектраскапіі, лазернай дыягностыцы працэсаў гарэння. Атрымаў новы агрэгатны стан рэчыва (1995) лазерным ахаладжэннем да звышнізкіх т-р разрэджанага газу з атамаў натрыю (т.зв. кандэнсат Бозе—Эйнштэйна), на аснове чаго стварыў «атамарны лазер», прамень якога ўтвораны часціцамі з ненулявой масай спакою (1997). Нобелеўская прэмія 2001 (з К.Э.Віманам і Э.Э.Корнелам; гл. Дадатак).

М.​М.​Касцюковіч.

В.Кетэрле.

т. 18, кн. 1, с. 405

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАСТУШКО́Ў Генадзь Паўлавіч (н. 12.8.1937, Мінск),

бел. вучоны ў галіне буд. канструкцый. Д-р тэхн. н. (1995), праф. (1996). Чл.-кар. Бел. інж. тэхнал. акадэміі (1991), акад. Бел. горнай акадэміі (1997). Скончыў БПІ (1959). З 1963 у Бел. нац. тэхн. ун-це (з 1996 заг. кафедры). Навук. працы па даследаванні ўмоў эксплуатацыі і эфектыўнасці выкарыстання аглапарытабетону ў пралётных элементах аўтадарожных мастоў, распрацоўцы і выкарыстанні танкасценных жалезабетонных канструкцый, вырабленых метадам цэнтрыфугавання, у буд-ве шматпавярховых будынкаў і інш. збудаванняў. Удасканаліў тэорыю разліку жалезабетонных канструкцый на аснове дэфармацыйнай мадэлі. Адзін з аўтараў і навук. рэдактараў энцыклапедыі «Аўтамабільныя дарогі Беларусі» (2002). Прэміі СМ Беларусі 1983, 1994.

Тв.:

Предварительно напряженные железобетонные конструкции. 3 изд. Мн., 1984 (разам з Я.​І.​Драздом);

Унифицированные многоэтажные каркасные здания с центрифугованными колоннами. Мн., 1988.

т. 18, кн. 1, с. 439

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)