БІТЭ́ЛЬ (Пятро) (Пётр Іванавіч; 19.6.1912, г.п. Радунь Воранаўскага р-на Гродзенскай вобл. — 18.10.1991),
бел. паэт, перакладчык. Скончыў настаўніцкую семінарыю ў Вільні (1931), Мінскі пед.ін-т (1970). У 1931—39 настаўнічаў. У 1944 вывезены ў Германію. Вызвалены ў 1945. У 1947 беспадстаўна звольнены з настаўніцкай працы. Стаў правасл. святаром. У 1950 арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў. Зняволенне адбываў у Кемераўскай вобл., Омску і Джэзказгане. У 1956 вызвалены. Да 1963 служыў у царкве. У 1963—74 зноў настаўнічаў. Рэабілітаваны ў 1978. Друкаваўся з 1929 у час. «Шлях моладзі» пад псеўд. Леанід з-пад Вішнева. Аўтар паэм «Замкі і людзі» (1968; пра ВКЛ да Крэўскай уніі); «Сказанне пра Апанаса Берасцейскага» (1984; пра Афанасія Філіповіча). Паэмы адметныя гістарызмам мыслення, уменнем эпічна, панарамна паказаць напружаныя моманты жыцця. Пераклаў на бел. мову творы А.Міцкевіча («Пан Тадэвуш», «Конрад Валенрод», «Гражына», «Дзяды», «Крымскія санеты»), польскамоўныя паэмы і п’есы В.Дуніна-Марцінкевіча, аповесць Ю.І.Крашэўскага «Хата за вёскай» (1989), паасобныя творы М.Канапніцкай, Б.Пруса, Ю.Славацкага, Г.Сянкевіча, М.Лермантава, А.Пушкіна, І.Франко, Т.Шаўчэнкі, Б.Брэхта, І.В.Гётэ, Ф.Шылера і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЧЭ́ЛЬ-ЗАГНЕ́ТАВА (Данута Янаўна) (н. 3.12.1937, в. Біскупцы Лідскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. паэтэса. Скончыла Гродзенскі пед.ін-т (1962). Настаўнічала. З 1982 у Гродзенскім гіст.-археал. музеі, з 1995 дырэктар Музея М.Багдановіча ў Гродне. Друкуецца з 1958. Першы зб. вершаў «Дзявочае сэрца» (1961). У творчасці Бічэль-Загнетавай — шчырасць, пачуццё грамадз. адказнасці, годнасці і гонару, болю і радасці за бацькоўскую зямлю, праблемы сучаснасці і гіст. мінулага, матывы вернасці высокім маральна-этычным прынцыпам дружбы, сяброўства, кахання, мацярынства. Зб. лірыкі «Божа мой, Божа» (1993) — малітва за Беларусь, адраджэнне душы, мовы, трывожны роздум пра лёс роднага краю (верш «Малітва»), Дзярж. прэмія Беларусі 1984 за зб. вершаў «Дзе ходзяць басанож» (1983). Для дзяцей зб-кі «Перапёлка» (1968), «Дагані на кані» (1973), «Габрынька і Габрусь», (1985), «Гараднічанка» (1993) і інш. Складальнік альманаха «Краю мой — Нёман» (1986, з А.Цяжкім), зб. твораў Л. і Ю.Геніюшаў «Маці і сын» (Беласток, 1992, з С.Яновічам).
Тв.:
Ты — гэта ты. Мн., 1976;
Браткі. Мн., 1979;
Даўняе сонца. Мн., 1987;
А на Палессі. Мн., 1990.
Літ.:
Бярозкін Р. Святло і рух // Маладосць. 1976. № 6;
Чабан Т. Крылы рамантыкі. Мн., 1982. С. 73—75, 111—113;
Тарасюк Л. Вернасць вытокам. Мн., 1985. С. 47—52, 111—114.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГАРСІ́Я (Carcía),
іспанскія музыканты, бацька і сын.
Мануэль дэль Попала Вісентэ (22.1.1775, г. Севілья, Іспанія — 9.6.1832), спявак (тэнар), гітарыст, кампазітар, вак. педагог. Родапачынальнік сям’і вядомых вакалістаў. Адзін з найлепшых выканаўцаў асн. тэнаровых партый у сцэн. творах канца 18 — пач. 19 ст. З 1798 спяваў у тэатр. трупе Мадрыда, з 1808 — у «Тэатры Італьен» у Парыжы. Першы выканаў партыю Альмавівы ў «Севільскім цырульніку» Дж.Расіні. З 1818 выступаў у Лондане, дзе заснаваў школу спеваў (1823). Аўтар і пастаноўшчык многіх опер, пераважна камічных, шэрагу танадылляў (ісп.муз. камедый). З 1829 выкладаў у арганізаванай ім школе спеваў у Парыжы. Сярод вучняў: сын М.П.Р.Гарсія і дочкі М.Малібран і П.Віярдо-Гарсія; А.Нуры.
Мануэль Патрысіо Радрыгес (17.3.1805, Мадрыд — 1.7.1906), спявак (бас-барытон), вак. педагог. Гастраліраваў у ЗША і Мехіка. У 1842—50 выкладаў у Парыжскай кансерваторыі, у 1848—95 — у Каралеўскай акадэміі музыкі ў Лондане. Аўтар прац па вак. педагогіцы (у т. л. «Поўнае кіраўніцтва па мастацтве спеваў», перакладзена на многія мовы). Зрабіў вял. ўклад у вывучэнне фізіялогіі чалавечага голасу, вынайшаў ларынгаскоп. Яго пед. прынцыпы паўплывалі на развіццё вак. мастацтва 19 ст. Сярод яго вучняў Е.Лінд, Э.Фрэцаліні, М.Маркезі, Г.Нісен-Саламан, Ю.Штокгаўзен, Г.Гарсія (яго сын).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСЦЮ́К (Міхаіл Паўлавіч) (н. 26.3.1940, в. Масцішча Навагрудскага р-на Гродзенскай вобл.),
бел. гісторык. Акад.Нац.АН Беларусі (1996, чл.-кар. з 1989). Д-ргіст.н. (1980), праф. (1987). Правадз.чл.Цэнтр.-Еўрап. акадэміі навук і мастацтва (1998). Скончыў Гродзенскі пед.ін-т (1963). З 1969 у Ін-це гісторыі АНБССР. У 1975—81 у Ін-це гісторыі партыі пры ЦККПБ. З 1981 нам. дырэктара, з 1989 дырэктар Ін-та гісторыі Нац.АН Беларусі. Даследуе сац.-эканам. і грамадска-паліт. праблемы гісторыі Беларусі пераважна сав. перыяду, пытанні ўсталявання і функцыянавання сав. сістэмы кіравання грамадствам і інш. Адзін з аўтараў 4-га тома 5-томнай «Гісторыі Беларускай ССР» (1975), гал. рэдактар і адзін з аўтараў 2-га т. 4-томнай «Гісторыі рабочага класа Беларускай ССР» (1985), «Нарысаў гісторыі Беларусі» (ч. 1—2, 1994—95).
«Czynnik polski» w stalinowskiej polityce represyjnej lat 30. na Białorusi // Polska-Białoruś. 1918—1945. Warszawa, 1994;
Сталіншчына і Беларусь // Бел.гіст.часоп. 1995. № 1—2, Общее и особенное в проведении советской национальной политики в Белорусской ССР // Россия в XX в.: Пробл. нац. отношений. М., 1997.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КРАЧКО́ЎСКІ (Юльян Фаміч) (25.7.1840, в. Азяты Жабінкаўскага р-на Брэсцкай вобл. — 25.7.1903),
бел. фалькларыст, этнограф, гісторык і педагог. Скончыў Пецярбургскую духоўную акадэмію (1861). Працаваў настаўнікам у Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі, інспектарам нар. вучылішчаў Віленскай навуч. акругі, дырэктарам Полацкай і Туркестанскай настаўніцкіх семінарый і Віленскага настаўніцкага ін-та. У 1888—1902 старшыня Віленскай археаграфічнай камісіі. Складальнік 16-га і 20-га тамоў, аўтар прадмоў да іх і да 25-га т.Актаў Віленскай камісіі. Пад рэдакцыяй К. і з яго прадмовамі выйшлі 12-ы і 13-ы т.Археаграфічнага зборніка дакументаў (1900—02). Апублікаваў нарыс «Старая Вільна да канца XVII ст.» (1893) і зб. дакументаў «Гістарычны агляд дзейнасці Віленскай навучальнай акругі за першы перыяд яе існавання, 1803—1832» (1903). Аўтар першага грунтоўнага даследавання пра радзінны абрад беларусаў і выхаванне дзіцяці «Нарысы быту заходнярускага селяніна» (1869) і фалькл.-этнагр.зб. «Быт заходнярускага селяніна» (1874), прысвечанага сямейным (пераважна вясельным) і каляндарна-агр. абрадам беларусаў, у якім выкарыстаў больш за 300 фалькл. твораў. Распрацоўваў методыкі пед. выхавання ў навуч. установах.
Літ.:
Голуб В. Ю.Ф. Крачковский. Вильна, 1904;
Бандарчык В.К. Гісторыя беларускай этнаграфіі XIX ст.Мн., 1964;
Улащик Н.Н. Очерки по археографии и источниковедению истории Белоруссии феодального периода. М., 1973.
бел. кампазітар, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1955). Скончыў Бел. кансерваторыю (1941, клас В.Залатарова). З 1943 узначальваў рэпертуарную камісію, у 1944—46 — муз. аддзел Упраўлення па справах мастацтваў пры СНКБССР. З 1948 гал. рэдактар, у 1955—58 маст. кіраўнік муз. вяшчання Бел. радыё. У 1965—72 выкладаў у Мінскім пед. ін-це. Найб. значныя дасягненні ў жанрах вак. музыкі, дзе выявіліся ўласцівыя яму меладычнасць, лірызм, веданне прыроды пеўчага голасу, здольнасць да глыбокай муз. інтэрпрэтацыі паэт. тэксту. Сярод твораў: оперы «Кастусь Каліноўскі» (лібрэта М.Клімковіча, паст. 1947), «Песня пра шчасце» (1951), «Дачка партызана» (1969), радыёопера «Рак-вусач» паводле Я.Коласа (1960); араторыі «Казка пра папа і работніка яго Балду» паводле А.Пушкіна (1975), «Добрай раніцы, свет» (1978); сімфонія (1959); 4 смыковыя квартэты (1939, 1945, 1966, 1974); хары; камерна-вак. творы, у т. л.вак. цыклы «Поры года» на вершы Э.Агняцвет, «Мелодыі» на вершы Лесі Украінкі; музыка да драм. спектакляў, у т. л. «Канстанцін Заслонаў» А.Маўзона і «Пінская шляхта» В.Дуніна-Марцінкевіча ў Бел. т-ры імя Я.Купалы, і кінафільмаў «Дзеці партызана» (з Г.Паповым), «Несцерка», «Шчасце трэба берагчы» і інш.
расійскі гісторык. Чл.-кар.АНСССР (1976), д-ргіст.н. (1960), праф. (1971). Скончыў Ленінградскі ун-т (1941). З 1948 у Ін-це гісторыі АНСССР, з 1969 заг. сектара. Адначасова ў 1949—53 заг. аддзела час. «Вопросы истории», з 1968 выкладаў у Маскоўскім абл.пед. ін-це, Маскоўскім гіст.-архіўным ін-це. Даследаваў гісторыю эпохі феадалізму Расіі, Беларусі, Украіны, Прыбалтыкі, займаўся крыніцазнаўствам і гістарыяграфіяй. Адзін з аўтараў канцэпцыі ўтварэння ВКЛ, паводле якой у 1-й пал. 13 ст. на тэр. сучаснай Літвы ўтварылася раннефеад. балцкая дзяржава, што ў сваім развіцці прайшла 3 этапы: канфедэрацыя зямель, потым іх саюз і раннефеад. манархія. Захоп. літ. феадаламі Беларусі лічыў пачаткам пераўтварэння невял. Літ. дзяржавы ў ВКЛ. Пісаў пра сінтэз грамадскага ладу Літвы са значна больш развітымі феад. ін-тамі Беларусі, але не прызнаваў за бел. землямі актыўнай ролі ў стварэнні і развіцці ВКЛ. Падтрымліваў тэзіс пра шматвяковае імкненне беларусаў да ўз’яднання з Расіяй.
Тв.:
Образование Литовского государства. М., 1959;
Древнерусское государство и его международное значение. М., 1965 (у сааўт);
Древнерусское наследие и исторические судьбы восточного славянства. М., 1982 (разам з Б.М.Флорай, Г.Л.Харашкевіч);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАЯ́СЛАЎ-ХМЯЛЬНІ́ЦКІ,
горад на Украіне, у Кіеўскай вобл., на р. Трубеж (прыток р. Дняпро). 30,2 тыс.ж. (1991). Прадпрыемствы харч. і лёгкай прам-сці. Пед. вучылішча. Гіст.-культ. запаведнік, 14 музеяў, у т. л.гіст., Нар. архітэктуры і побыту, хлеба.
Упершыню згадваецца ў дагаворы Русі з Візантыяй у 907. У 992 кіеўскі кн. Уладзімір Святаслававіч пасля перамогі над печанегамі пабудаваў тут крэпасць. У 2-й пал. 11—1-й пал. 13 ст. цэнтр Пераяслаўскага княства. У 1239 разбураны мангола-тат. войскамі Батыя. З 2-й пал. 16 ст. пачаў хутка расці як адзін з цэнтраў укр. казацтва. У 1630 каля П.-Х. казацка-сял. войска на чале з Тарасам Федаровічам перамагло польскую армію гетмана А.Каняцпольскага. Тут адбылася Пераяслаўская рада 1654. У 1754—59 у П.-Х. выкладаў укр. асветнік Р.С.Скаварада У 18—19 ст. горад — буйны гандл. і рамесніцкі цэнтр. У 1845 і 1849 тут жыў укр. паэт Т.Р.Шаўчэнка. У 2-ю сусв. вайну акупіраваны (1941—43) ням.-фаш. захопнікамі. Арх. помнікі: рэшткі пабудоў 10—11 ст. (замка. епіскапскага палаца, царквы і жылых дамоў), царква св. Міхаіла са званіцай (сярэдзіна 17 ст.), Узнясенскі манастыр з саборам (17—18 ст.), званіцай, будынкам калегіума, капліцай і пячорамі (усе 18 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛАНЕТА́РЫЙ (ад новалац. planetarium),
апарат для мадэліравання і дэманстрацыі выгляду зорнага неба, узаемнага размяшчэння планет і руху іх вакол Сонца, руху штучных нябесных цел, паказу розных астр. з’яў. Першы мех. П. пабудаваны ў 1712 у Англіі, з 1920-х г. пашыраны аптычныя П. Аснова П. — праекцыйны апарат.
П. устанаўліваюць у цэнтры круглага памяшкання з паўсферычным купалам-экранам (дыяметр самых вял. купалаў 25 м і болей). Відарысы зорак праецыруюцца 2 праектарамі ў выглядзе шароў (адзін для праецыравання Паўн. паўшар’я неба, другі — Паўднёвага). Відарысы інш. нябесных цел, асн. лініі нябеснай сферы, назвы ствараюцца дапаможнымі праектарамі і спец. прыладамі, размешчанымі паміж шарамі. Найб. сучасныя П. вырабляюцца ў Германіі, Японіі, ЗША. П. таксама наз.культ.-асв. ўстанова, дзе чытаюцца лекцыі па астраноміі з адпаведнымі дэманстрацыямі.
На Беларусі П. дзейнічаюць у Мінску ў парку імя Горкага (для ўсеагульнага карыстання) і пед. ун-це імя М.Танка (для навуч. мэт).
А.А.Шымбалёў.
Схема планетарыя: 1 — паўночны і паўднёвы шары з праектарамі зорнага неба; 2 — паўночны і паўднёвы шары з праектарамі назваў сузор’яў; 3 — праектары Млечнага Шляху; 4 — праекцыйныя механізмы Сонца, Месяца і планет; 5 — праектар зоркі Сірыус; 6 — прылада для дэманстравання сонечных і месяцавых зацьменняў; 7 — праектар нябеснага мерыдыяна; 8 — праектары нябеснага экватара і экліптыкі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСТАРГУЕ́Ў (Павел Андрэевіч) (30.6.1881, г. Старадуб Бранскай вобл., Расія — 21.3.1959),
расійскі і бел. мовазнавец і педагог. Правадз.чл. Інбелкульта (1924). Д-рфілал.н. (1941), праф. (1923). Скончыў Маскоўскі ун-т (1908), працаваў у ім у 1917—23. У 1918 чытаў курс лекцый па бел. мове ў Бел.нар. ун-це ў Маскве («Беларуская мова ў яе сучасным і мінулым стане» у кн. «Курс беларусазнаўства», 1918—20). У 1938—51 заг. кафедры рус. мовы Навазыбкаўскага пед. ін-та, адначасова ў 1947—48 у Ін-це мовы, л-ры і мастацтва АН Беларусі. Склаў праект «Праграмы па вывучэнні беларускіх гаворак і збіранні звестак для складання Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы». Вывучаў бел. гаворкі ў іх гіст. і сучасным стане, гаворкі рус.-бел.-ўкр. памежжа ў іх узаемадзеянні: «Гаворкі ўсходніх паветаў Гомельскай губерні ў іх сучасным стане», «Северска-беларуская гаворка. Даследаванне ў галіне дыялекталогіі і гісторыі беларускіх гаворак» (Залаты медаль Рус.геагр.т-ва; абедзве 1927), «Гаворкі на тэрыторыі Смаленшчыны» (1960), «Слоўнік народных гаворак Заходняй Браншчыны» (1973). Даследаваў праблемы бел.літ. мовы: артыкулы «Беларуская мова ў святле яе навуковага пазнання» (1922), «Да пытання аб ляшскіх рысах у беларускай фанетыцы» (1927), «Беларускае мовазнаўства ў 1917—1927 гг.» (1930).
Літ.:
Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды: Биобиблиогр. словарь. Т. 3. Мн., 1978.