ПАЗІТЫВІ́ЗМ (франц. positivisme ад лац. positivus станоўчы),

філасофскі кірунак, прадстаўнікі якога прызнаюць адзінай крыніцай «станоўчых» (пазітыўных) ведаў спец. навукі, што абапіраюцца на эмпірычны вопыт. Узнік у 1830—40-я г. ў Францыі ў рэчышчы агульнай традыцыі эмпірызму. Заснавальнік А.Конт. Гіст. папярэднікамі П. з’яўляюцца Ж.​Д’Аламбер, А.​Сен-Сімон, А.Р.​Ж.​Цюрго, Д.​Юм. Адрозніваюць 3 этапы станаўлення і развіцця П. 1-ы этап — класічны. Яго гал. прадстаўнікі — Конт, Э.​Літрэ, Ж.​Э.​Рэнан, І.​Тэн (Францыя), Дж.​Міль, Г.​Спенсер, К.​Пірсан (Вялікабрытанія), П.​Л.​Лаўроў, У.​В.​Лясевіч, М.​К.​Міхайлоўскі, М.​М.​Троіцкі (Расія) і інш. Яны зыходзілі з таго, што пазітыўныя веды ў адрозненне ад абстрактна-метафіз. тлумачэнняў павінны быць рэальнымі, дакладнымі, тэарэтычна ажыццявімымі і карыснымі, а асн. задача любой навукі і пазнання ў цэлым заключаецца ў вызначэнні пастаянных і ўстойлівых сувязей паміж з’явамі, а не ў высвятленні іх прычын; 2-і этап — махізм, або эмпірыякрытыцызм. Яго тэарэтыкі Р.​Авенарыус, Э.​Мах і іх прыхільнікі фармулявалі задачу філасофіі як стварэнне спец. тэорыі навук. пазнання, а не як пабудову сінтэтычнай сістэмы, якая аб’ядноўвае вывады ўсіх навук; 3-і этап — неапазітывізм, які ў адрозненне ад махісцкага біялагізму і псіхалагізму ў вытлумачэнні пазнання зрабіў прадметам свайго аналізу розныя формы мовы, дзе выражаюцца вынікі звычайнага або канкрэтна-навук. мыслення (гл. Аналітычная філасофія). Прадстаўнікі лагічнага пазітывізму ў якасці ідэальнага сродку аналіт. філас. дзейнасці выкарыстоўвалі апарат матэматычнай логікі. Да агульнай платформы П. далучаліся Л.​С.​Стэбінг, Дж.​Уісдам (Вялікабрытанія), К.​Г.​Гемпель, Г.​Шольц (Германія), Э.​Нагель, Ч.​Морыс, П.​У.​Брыджмен (ЗША), К.​Айдукевіч (Польшча) і інш. На змену неапазітывізму прыйшло мноства метадалагічных канцэпцый філасофіі, аб’яднаных назвай «постпазітывізм», якія аддаюць асн. ўвагу рацыянальным метадам пазнання і на першы план вылучаюць вырашэнне праблемы росту ведаў, а не пошук тэорыі. Філас. сістэма П. паўплывала на метадалогію прыродазнаўчых і грамадскіх навук, асабліва 2-й пал. 19 ст. Пашырэнне агульных прынцыпаў эмпірычнага прыродазнаўства на ўсе астатнія навукі, стварэнне «сацыяльнай фізікі» і пазітыўнай сац. тэорыі стала адной з тэарэт. асноў пабудовы новага грамадства, якое вырастае з саюзу навукі і прам-сці. Паводле П., сацыялізацыя і самарэалізацыя індывідаў — гэта найперш стварэнне грамадскай структуры сувязей, у якія яны ўключаюцца і якой павінны падпарадкоўвацца. Пазітывісцкая трактоўка сацыяльнасці як адцягненай ад чалавечых прынцыпаў формы, арганістычная аналогія паміж грамадствам, прыродай і чалавечым арганізмам характэрная і для інш. філас. кірункаў (напр., экзістэнцыялізму), механістычных, геагр., расава-антрапалагічных навук. школ.

Літ.:

Трошкина В.П. Социологическая концепция Огюста Конта. М., 1984;

Современная философия науки: Хрестоматия. М., 1994;

Философия и методология науки. М., 1996.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 11, с. 518

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕРСАНАЛІ́ЗМ (ад лац. persona асоба),

філасофскі кірунак, прадстаўнікі якога прызнаюць асобу першаснай творчай рэальнасцю і найвыш. духоўнай каштоўнасцю, а ўвесь свет — праяўленнем творчай актыўнасці вярх. асобы — Бога. Узнік у канцы 19 ст. ў ЗША (Б.​Боўн, Дж.​Ройс і іх паслядоўнікі — Э.​Брайтмен, Э.​Кент, Р.​Т.​Флюэлінг і інш.), у пач. 20 ст. ў Расіі (М.​А.​Бярдзяеў, М.​А.​Лоскі, Л.​І.​Шастоў) і Францыі (Э.​Мунье, Ж.​Лакруа, П.​Рыкёр, М.​Недансель). Упершыню тэрмін «П.» у гісторыі філасофіі ўжыў Ф.​Шлеермахер у «Прамове аб рэлігіі да адукаваных людзей, якія ёю пагарджаюць» (1789). Вытокі П. як асаблівай пазіцыі распрацоўваліся пачынаючы з перыяду хрысціянства, хаця немалаважнае значэнне мелі ант. канцэпцыі асобы, абгрунтаваныя Платонам, Сакратам, Эпікурам, неаплатонікамі. Непасрэднай тэарэт. асновай П. з’яўляецца манадалогія Г.​Лейбніца як вучэнне аб духоўных субстанцыях, якія валодаюць энергіяй і існуюць у гармоніі паміж сабой і Богам. Спецыфічнымі сродкамі выражэння персаналісцкіх поглядаў і ідэй сталі філас. вучэнні С.​К’еркегора, І.​Фіхтэ, М.​Шэлера і інш.

Паводле канцэпцыі П., прырода ўяўляе сабой сукупнасць духаў — «асоб», а чалавек — вобраз і падабенства вярх. асобы — Бога (мае ў сабе боскі элемент). Асоба чалавека ёсць непаўторная, унікальная суб’ектыўнасць, адзіная рэальнасць і праяўленне быцця; яе вытокі — у адзіным пачатку, царстве духа — у Богу, а яе прадвызначэнне — пошук, пазнанне духу ісціны і любоў да яе. Для асобы характэрны 3 вектары існавання: экстэрыярызацыя (знешняе самаажыццяўленне), інтэрыярызацыя (унутр. засяроджанасць, духоўны свет), трансцэндэнцыя (самавызначэнне, арыентацыя на вышэйшыя, боскія каштоўнасці). У адпаведнасці з прынцыпамі тэізму ўсю гісторыю чалавецтва персаналісты разглядаюць як гісторыю развіцця персанальнага духу, а ўнутр. свет асобы як сапраўдную арэну быцця, прычыну ўсіх магчымых канфліктаў. З гэтага пункту погляду культ.-сац. сітуацыя 20 ст. з’яўляецца сітуацыяй разарванасці, непаўнаты чалавечага існавання, яго падпарадкаванасці знешнім фактарам (рэлігіі, навуцы, маралі, вытв-сці, спажыванню); адбываецца разрыў асобаснага і сацыяльнага, які з’яўляецца выражэннем больш глыбокага метафіз. канфлікту чалавечага і касмічнага. У рамках П. быў сфармуляваны гуманіст. тэзіс аб свабодзе асобы як крытэрыі дэмакратычнасці грамадства; яе правы і свабоды — найвышэйшая каштоўнасць і сутнасць дэмакратыі. Персаналісты акцэнтуюць увагу на выхаваўчай ролі асобаснай філасофіі, бачаць у ёй педагогіку, нацэленую на абуджэнне асобаснага пачатку ў чалавеку. Ідэалам знешняга самаажыццяўлення чалавека-асобы прызнаецца маст. творчасць, якая абавязкова накіравана на вышэйшыя каштоўнасці і з’яўляецца спецыфічным відам дзейнасці, што ажыццяўляе сувязь чалавечага з боскім. Розныя аспекты праблематыкі П. распрацоўваюцца ў фенаменалогіі, экзістэнцыялізме, філасофскай антрапалогіі, герменеўтыцы і інш.

Літ.:

Вдовина И.С. Эстетика французского персонализма. М., 1981;

Проблема человека в западной философии. М., 1988;

Lacroix J. Marxisme, existentialisme, personnalisme. 6 éd Paris, 1966;

Яго ж. Personnalisme comme anti-idéologie. Paris, 1972.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 12, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́ЦАРСКІ РАМА́Н,

жанр сярэдневяковай свецкай рыцарскай л-ры. Узнік у рамана-германскім культ. рэгіёне, на ПнЗ Францыі і частцы тэр. Англіі, дзе спалучыліся раманскія, герм. і кельцкія ўплывы Вытокі Р.р. — сярэдневяковыя паданні кельтаў, германцаў, народаў з Усходу, гіст. хронікі (лац. «Гісторыя каралёў Брытаніі» Гальфрыда Монмаўцкага, 12 ст.), з ант. л-ры (паданні пра Аляксандра Македонскага, авантурны раман «Метамарфозы» Авідзія). Пашырыўся ў 12—14 ст. (час росквіту рыцарства). Эвалюцыя жанру звязана з адыходам ад крыніц і развіццём апавяд. форм (з 13 ст. з’яўляюцца празаічныя апрацоўкі), у якіх адлюстроўваецца новы гіст.-культ. кантэкст. У цэнтры традыц. Р.р. — апісанне подзвігаў героя, якія здзяйсняюцца дзеля ўласнай славы і кахання да Панны. Кодэкс рыцарскай дабрачыннасці склалі гераічны (ваен. майстэрства, мастацтва бою) і эстэт. (свецкае, прыдворнае выхаванне) ідэалы. Рыцарскае каханне ідэалізаванае. Індывідуалізуюцца пачуццёвы свет, мова герояў. У сюжэце пераважаюць фантаст. матывы як казачнага, так і незвычайнага, пазабудзённага зместу, экзатычныя апісанні, партрэтныя характарыстыкі, наяўнасць дыялогаў і маналогаў. Вылучаюць сюжэты Р.р.: ант. («Александрыя», «Раман пра Энея», «Троя»), брэтонскі ці артураўскі (раманы пра рыцараў «Круглага стала», пра Трыстана і Ізольду — версіі Тама, Беруля, Марыі Французскай, Готфрыда Страсбургскага, раманы Крэцьена дэ Труа, Вольфрама фон Эшэнбаха, раман Т.​Мэлары «Смерць Артура», 15 ст.), візант. («Флуар і Бланшэфлёр», «Акасен і Нікалет»). Тыпалагічныя паралелі Р.р.: прыдворная аповесць (яп. «Гэндзі-Манагатары»), рыцарская паэма (Ш.​Руставелі «Віцязь у тыгравай шкуры», перс. і тадж. паэта 11 ст. Гургані «Віс і Рамін»). Пародыяй на стылізаваныя перапрацоўкі Р.р., якія былі пашыраны ў ісп. л-ры Адраджэння, стаў «Дон Кіхот» М.​Сервантэса. На Беларусі першыя пераклады Р.р. з’явіліся ў 15 ст. — «Александрыя» (сербская рэд.). У 16 ст. перакладзены на бел. мову лац. рэдакцыя гэтага твора, а таксама з польскай крыніцы раман пра Траянскую вайну італьян. пісьменніка 13 ст. Гвіда дэ Калоны (Калумны) «Гісторыя разбурэння Троі». У бел. спісе прыблізна 1580 захавалася бел. рэдакцыя Р.р. — «Аповесць пра Трышчана», у якой вял. пачуццё, сапраўднае каханне перамагае нормы і ўмоўнасці феад. саслоўнай маралі, што часткова выводзіць гэты твор за жорсткія рамкі куртуазнай дактрыны. Багатырскую казку нагадвае «Аповесць пра Баву». Адзін з апошніх бел. перакладных твораў, блізкіх да Р.р., — «Гісторыя пра Апалона Тырскага». Творы Р.р. бытавалі на Беларусі пераважна ў асяроддзі шляхты. Р.р. садзейнічаў секулярызацыі бел. л-ры, развіццю маст. вымыслу, белетрызацыі гіст. прозы, а таксама служыў задавальненню павялічанага чытацкага попыту бел. грамадства таго часу на творы свецкага зместу.

Літ.:

Мелетинский Е.М. Введение в историческую поэтику эпоса и романа. М., 1986;

История всемирной литературы. Т. 2. М., 1984;

Гісторыя беларускай літаратуры: Старажытны перыяд. 4 выд. Мн., 1998;

Адамовіч Г.Я. З крыніц сусветнай літаратуры Мн., 1998.

Г.​Я.​Адамовіч, В.​А.​Чамярыцкі.

т. 13, с. 526

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СВЯДО́МАСЦЬ,

вышэйшы ўзровень адлюстравання рэчаіснасці, уласцівы толькі чалавеку. Выяўляецца ў пачуццёвых вобразах (адлюстроўваюць знешні бок прадметаў і з’яў), паняццях (абагульняюць уласцівасці і ўзаемасувязі прадметаў і з’яў), ацэначных меркаваннях (выяўляюць адносіны чалавека да з’яў рэчаіснасці). Выкарыстанне славесных моўных знакаў з’яўляецца спосабам кадзіравання інфармацыі, уласцівае толькі чалавеку. Выяўленая ў паняццях і замацаваная ў мове інфармацыя з’яўляецца вынікам пазнавальнай дзейнасці чалавецтва ў працэсе грамадска-гіст. развіцця і складае яго веды. С. характарызуецца здольнасцю адлюстроўваць рэчаіснасць у форме ведаў і падпарадкоўваць свае паводзіны агульначалавечым законам. На аснове ведаў чалавек арыентуецца ў навакольным асяроддзі і творча ператварае яго ў сваіх інтарэсах. С. уключае пазнавальныя працэсы, звязаныя з атрыманнем ведаў: адчуванні, памяць, успрыманне, уяўленне, канкрэтна-дзейнае і наглядна-вобразнае мысленне, але дамінантай С. з’яўляецца паняційнае, абстрактна-лагічнае мысленне. Важнае месца ў структуры С. займае эмацыянальна-валявая сфера, звязаная з эмацыянальна-пачуццёвым перажываннем рэчаіснасці, каштоўнаснымі адносінамі да аб’екта і мабілізацыяй актыўнасці для дасягнення мэт шляхам валявых намаганняў. С. з’яўляецца цэласным, інтэграваным адлюстраваннем знешняга свету, дзе ўсе кампаненты ўзгоднена ўзаемадзейнічаюць. Змест С. ідэальны: ён не можа быць апісаны прасторавымі характарыстыкамі, але залежыць ад свайго матэрыяльнага носьбіта — чалавечага мозга. Органам вышэйшых псіхічных функцый з’яўляецца кара вял. паўшар’яў галаўнога мозга. С. чалавека сацыяльна абумоўлена і ўзнікае ў працэсе зносін з інш. людзьмі; яна не з’яўляецца прыроджанай уласцівасцю. У гіст. аспекце С. фарміравалася ў працэсе антрапагенезу. У пазнавальнай і практычнай дзейнасці спачатку пераважалі канкрэтна-дзейны і наглядна-вобразны віды мыслення, у далейшым узнікла і стала прэваліраваць абстрактна-лагічнае мысленне. Развіццё інтэлекту чалавека цесна звязана з культ.-гіст. развіццём грамадства У мове, наглядна-вобразных формах культуры выяўляюцца агульныя для чалавецтва ідэі, якія складаюць грамадскую свядомасць — аснову фарміравання чалавечай С. Значную ролю ў С. адыгрываюць самасвядомасць і рэфлексія асобы, якія садзейнічаюць здольнасці чалавека да самааналізу і прывядзення яго ўнутр. свету ў адпаведнасць са знешнімі абставінамі; светапогляд, які з’яўляецца асновай каштоўнасных арыентацый асобы і яго паводзін. Псіхічная дзейнасць чалавека не вычэрпваецца С. Адначасова са свядомым узроўнем псіхікі функцыянуюць бессвядомае (інстынктыўна-рэфлексіўная дзейнасць) і падсвядомае (аўтаматызаваныя стэрэатыпы паводзін: уменні, навыкі, звычкі, інтуіцыя). Неўсвядомленая сфера псіхікі знаходзіцца ва ўзаемадзеянні са С.: працэсы, якія ўзнікаюць у бессвядомым могуць стаць свядомымі, і, наадварот, свядомае можа выцясняцца ў бессвядомае. Тэорыя падсвядомасці (псіхааналіз) створана З.​Фрэйдам і развіта К.​Г.​Юнгам. Акрамя падсвядомасці Фрэйд вылучаў звышсвядомасць — здольнасць чалавека да маральнага самакантролю. Да звышсвядомасці адносяцца духоўная сфера чалавека, супрацьлеглая эгаістычнай абмежаванасці, маральная дасканаласць, самарэгуляцыя дзейнасці асобы.

Літ.:

Протасеня П.Ф. Происхождение сознания и его особенности. Мн., 1959;

Дубровский Д.И. Проблема идеального. М., 1983;

Жуков Н.И. Проблема сознания. Мн., 1987;

Социальная сила знания. Мн., 1991;

Елсуков А.Н. Познание и миф. Мн., 1984;

Еникеев М.И. Общая и социальная психология. М., 2000.

В.​Дз.​Марозаў.

т. 14, с. 269

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЮРЫДЫ́ЧНАЯ НАВУ́КА, правазнаўства, юрыспрудэнцыя,

грамадская навука, якая вывучае права як сістэму сацыяльных норм, а таксама асобныя галіны права, гісторыю дзяржавы і права, функцыянаванне дзяржавы і паліт. сістэмы грамадства ў цэлым; адна з найб. стараж. навук, якая гістарычна звязана з узнікненнем і развіццём права. Найважн. тэарэт. праблемы Ю.н. пастаўлены ўжо ў стараж.-грэч. філасофіі. Рымскія юрысты выпрацавалі прававыя паняцці і канструкцыі, якія захавалі сваё значэнне і ў нашу эпоху. Сучасная Ю.н. дыферэнцыравана на шэраг галін: цывільнае права, крымінальнае права, тэорыя дзяржавы і права, гісторыя права і прававых вучэнняў і інш. Прыкладнымі Ю.н. з’яўляюцца судовая медыцына, крыміналістыка, крыміналогія, юрыд. і суд. псіхіятрыя.

На Беларусі навук. і публіцыст. працы, у якіх асвятляліся пытанні дзяржавы і права, вядомы з пач. 16 ст. Створаны першыя ў Еўропе зборы дзеючага права — Статуты ВКЛ (1529, 1566, 1588). Грамадскі і дзярж. лад ВКЛ аналізавалі Ф.​Скарына, М.​Гусоўскі, С.​Будны і інш. дзеячы 16—17 ст. Значны ўклад у развіццё Ю.н. зрабілі М.​В.​Доўнар-Запольскі, М.​В.​Каяловіч, І.​І.​Лапо, Ф.​І.​Леантовіч, М.​К.​Любаўскі, У.​Д.​Спасовіч і інш. Першымі нарматыўнымі канстытуцыйнымі актамі Беларусі былі ўстаўныя граматы БНР (1918), Маніфест Часовага ўрада, які 1.1.1919 абвясціў утварэнне Беларускай ССР, Канстытуцыя Рэспублікі і Дэкларацыя, прынятыя на 1-м з’ездзе Саветаў Беларусі. З 1921 цэнтрам Ю.н. і гал. навуч. установай Беларусі, дзе рыхтаваліся юрыд. кадры, быў Белдзяржуніверсітэт. З заснаваннем АН БССР (1929) у яе складзе як структурнае падраздзяленне створана кафедра сав. будаўніцтва і права, дзе даследаваліся пытанні арганізацыі і дзейнасці дзярж. апарату, развіцця заканадаўства краіны, прычыны злачыннасці, абагульняўся вопыт прымянення дзеючага заканадаўства. Створаны ў 1931 Мінскі юрыд. ін-т рыхтаваў кадры юрыстаў і распрацоўваў асобныя пытанні Ю.н. У 1931 у складзе АН Беларусі створаны Ін-т сав. будаўніцтва і права. Пазней пры ім існаваў сектар, аддзел, а ў 1965 арганізаваны Ін-т філасофіі і права АН Беларусі. На яго базе створаны 2 сектары — тэорыі і гісторыі дзяржавы і права; сацыялогіі права. Пазней у складзе ін-та ўтвораны: аддзел тэорыі і гісторыі дзяржавы і права; аддзел дзярж. права і кіравання; аддзел прац. і гасп. права; аддзел с.-г. і экалагічнага права. У 1999 арганізаваны самаст. Ін-т дзяржавы і права Нац. АН Беларусі.

Вучоныя-юрысты Беларусі праводзяць даследаванні амаль па ўсіх прававых праблемах. Вынікам іх даследчай работы з’явіўся шэраг навук. прац (манаграфій і калектыўных зборнікаў) па розных галінах права, каментарыяў па іх практычным выкарыстанні. Навук. даследаванні вядуцца таксама на ф-тах ун-таў, Акадэміі МУС Беларусі і інш. навуч. устаноў. Н.-д. работай па актуальных праблемах дзяржавы і права займаюцца таксама практычныя работнікі праваахоўных органаў краіны.

Г.​А.​Маслыка.

т. 18, кн. 1, с. 218

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБ’ЯДНА́НЫ ІНСТЫТУ́Т ПРАБЛЕ́М ІНФАРМА́ТЫКІ Нацыянальнай АН Беларусі.

Створаны ў Мінску ў 2002 з мэтай паглыблення даследаванняў па кібернетыцы, аўтаматызацыі, прыкладной матэматыцы, інфарматыцы і ўздзеяння перспектыўных інфарм. тэхналогій на ўсе сферы інфарматызацыі краіны і грамадства. У яго ўвайшлі Ін-т тэхн. кібернетыкі (існаваў з 1965), прадпрыемства «Сістэмы аўтаматызацыі» і праграмна-каардынуючыя аддзелы былога н.-д. аб’яднання «Кібернетыка» (існавала з 1996) Нац. АН Беларусі. Асн. навук. кірункі: аўтаматызацыя праектавання тэхн. сістэм, мадэліраванне тэхнал. працэсаў, лагічнае праектаванне дыскрэтных прылад; апрацоўка і распазнаванне сігналаў, відарысаў і вуснай мовы; геаінфарм. і лічбавыя картаграфічныя сістэмы, аўтаматызацыя картаграфічнай вытв-сці; камп’ютэрныя сеткі, базы даных і тэлематычныя дапасаванні; увод і вывад відэаінфармацыі; даследаванне аперацый і дыскрэтная аптымізацыя; прагназіраванне і прыняцце рашэнняў у надзвычайных сітуацыях; эрганоміка, бія- і медінфарматыка; ахова інфармацыі. У ін-це тры н.-д. аддзяленні (мадэліравання інтэлектуальных працэсаў; мадэліравання працэсаў фарміравання і распазнавання вобразаў; інфарм. тэхналогій і сістэм), 23 лабараторыі і аддзелы, аспірантура, дактарантура, савет па абароне канд. і доктарскіх дысертацый.

Ін-т ажыццяўляе функцыі галаўной арг-цыі па праграме фундаментальных даследаванняў па навук. асновах новых інфарм. тэхналогій, якая накіравана на развіццё інфарм.-вылічальных сістэм і сетак, метадаў сістэмнага аналізу, матэм. мадэліравання, выліч. і прыкладной матэматыкі і іх масавага выкарыстання ў розных галінах ведаў. Ін-т з’яўляецца вядучым у выкананні буйных навук.-тэхн. праграм: перадавыя інфарм. і тэлекамунікацыйныя тэхналогіі; камп’ютэрныя тэхналогіі праектавання і вытв-сці новай прадукцыі; распрацоўка і асваенне ў серыйнай вытв-сці сям’і мадэлей высокапрадукц. выліч. сістэм з паралельнай архітэктурай (кластэрных суперкамп’ютэраў «СКІФ») і стварэнне на іх аснове магутных прыкладных праграмна-апаратных комплексаў для машына- і прыладабудавання, медыцыны, дзейнасці банкаўскай сістэмы, метэапрагнозаў, рашэння трансп. і інш. навукаёмістых задач; распрацоўка і выкарыстанне перспектыўных сродкаў і тэхналогій атрымання, апрацоўкі і адлюстравання касм. інфармацыі. З удзелам ін-та ствараецца Бел. касм. сістэма дыстанцыйнага зандзіравання Зямлі, якая дазволіць аператыўна вырашаць праблемы прыродакарыстання, экалогіі і аховы навакольнага асяроддзя, пытанні картаграфіі. Праведзены Першы бел. касм. кангрэс (28—30.10.2003), на якім абмеркаваны асн. кірункі развіцця касм. даследаванняў і тэхнікі ў Беларусі. З 2004 выпускае штоквартальны час. «Інфарматыка». Распрацаваныя ў ін-це сістэмы, метады, спосабы і сродкі адзначаны Дзярж. прэміяй СССР 1985 і Дзярж. прэміямі Беларусі 1978, 1986, 1998. За цыкл даследаванняў «Распазнаванне і аналіз стахастычных даных і лічбавых відарысаў» і ўкараненне важных прыкладных сістэм на іх аснове прысуджана Дзярж. прэмія Беларусі 2002 групе вучоных (С.У.Абламейка, Р.Х.Садыхаў, В.В.Старавойтаў, А.В.Тузікаў, Ю.С.Харын). У ін-це працуюць чл.-кар. Нац. АН Беларусі С.У.Абламейка, А.​Дз.Закрэўскі; працавалі акад. В.С.Танаеў, чл.-кар. Г.К.Гаранскі, Е.С.Кавалёў, Г.Р.Маньшын, Г.В.Рымскі.

С.​У.​Абламейка, М.​П.​Савік.

т. 18, кн. 1, с. 328

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫМІНАЛЬНАЕ ЗАКАНАДАЎСТВА.

Галоўнай задачай крымінальнага заканадаўства з’яўляецца абарона міру і бяспекі чалавека, яго правоў і свабод, уласнасці, правоў юрыд. асоб, прыроднага асяроддзя, грамадскіх і дзярж. інтарэсаў, канстытуцыйнага ладу Рэспублікі Беларусь і ўстаноўленага правапарадку ад злачынных замахаў, а таксама прадухіленне такіх замахаў і выхаванне грамадзян у духу выканання заканадаўства Рэспублікі Беларусь. Грунтуецца на прынцыпах законнасці, роўнасці грамадзян перад законам, непазбежнасці пакарання, справядлівасці і гуманізму. Складаецца з нарматыўна-прававых актаў, што ўстанаўліваюць падставы і прынцыпы крымін. адказнасці, вызначаюць, якія грамадска небяспечныя дзеянні прызнаюцца злачынствамі і якія пакаранні прадугледжваюцца за іх учыненне, а таксама падставы вызвалення ад крымін. адказнасці і пакарання.

Гал. крыніца крымін. заканадаўства — Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь і нормы міжнар. права, а асн. заканадаўчы акт, у якім сістэматызаваны нормы крымін. права, — Крымінальны кодэкс (КК) Рэспублікі Беларусь, прыняты 9.7.1999 і ўведзены ў дзеянне 1.1.2001. Ён замяніў КК 1960, які меў шэраг палажэнняў, што супярэчылі агульнапрызнаным прынцыпам і нормам міжнар. права ў галіне абароны правоў чалавека (напр., крымін. адказнасць за парушэнне пашпартных правіл, прыватнапрадпрымальніцкую дзейнасць і камерцыйнае пасрэдніцтва, адказнасць за антысав. агітацыю і прапаганду). У новым КК праведзена строгая дыферэнцыяцыя крымін. адказнасці, забяспечана адпаведнасць крымін.-прававых забарон умовам рыначнай эканомікі, створана база для барацьбы з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй. КК складаецца з Агульнай і Асаблівай частак.

Нормы Агульнай часткі ўтрымліваюць асн. палажэнні аб злачынстве і крымін. адказнасці. У ёй вызначаюцца задачы і прынцыпы крымін. заканадаўства, парадак яго дзеяння ў часе, паняцці злачынства і яго віды, падстава крымін. адказнасці, падрыхтоўка да злачынства і замах на яго, саўдзел у злачынстве, паняцце крымін. адказнасці і формы яе рэалізацыі, віды пакаранняў, падстава і ўмовы вызвалення ад крымін. адказнасці і пакарання. Асобна рэгламентуюцца пытанні крымін. адказнасці непаўналетніх. Асаблівая частка дае вычарпальны пералік дзеянняў, якія прызнаюцца злачынствамі, і памераў пакарання за іх учыненне. Яна складаецца з раздзелаў, нормы якіх групуюцца зыходзячы з аб’екта абаронных грамадскіх адносін: «Злачынствы супраць міру, бяспекі чалавецтва і ваенныя злачынствы», «Злачынствы супраць чалавека», «Злачынствы супраць уласнасці і парадку ажыццяўлення эканамічнай дзейнасці», «Злачынствы супраць экалагічнай бяспекі і прыроднага асяроддзя», «Злачынствы супраць грамадскай бяспекі і здароўя насельніцтва», «Злачынствы супраць грамадскага парадку і грамадскай маралі», «Злачынствы супраць інфармацыйнай бяспекі», «Злачынствы супраць дзяржавы і парадку ажыццяўлення ўлады і кіравання», «Злачынствы супраць ваеннай службы». Структура Асаблівай часткі адлюстроўвае новую іерархію сац. каштоўнасцей: спачатку ідуць нормы, якія забяспечваюць крымін.-прававую абарону чалавека, потым грамадства і толькі потым дзяржавы. Цяпер найб. каштоўным аб’ектам абароны становіцца не дзяржава і яе інтарэсы, а чалавек, яго жыццё, здароўе, свабода, гонар і годнасць, уласнасць. Зыходзячы з гэтага, будуецца сістэма санкцый Асаблівай часткі КК.

Літ.:

Уголовное право. Общая часть. Мн., 2002;

Уголовное право Республики Беларусь. Особенная часть. Мн., 2002;

Комментарий к Уголовному кодексу Республики Беларусь. Мн., 2003.

М.​А.​Савановіч.

т. 18, кн. 2, с. 134

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫРО́ДА,

у шырокім сэнсе — усё, што існуе (матэрыяльны сусвет) і стаіць у адным шэрагу з паняццямі быццё, матэрыя; у больш вузкім сэнсе — аб’ект вывучэння прыродазнаўчымі навукамі. Разглядаецца таксама як сукупнасць прыродных умоў існавання чалавека з пункту гледжання месца і ролі П. ў сістэме адносін да яе чалавека і грамадства. Існуе незалежна ад чалавека, бясконцая ў прасторы і часе, невычарпальная ў сваіх формах і іх уласцівасцях. Мае структуру і сістэмнасць, знаходзіцца ў стане вечнай змены і развіцця. Чалавек з’яўляецца арган. часткай П., па-за якой ён не можа існаваць фізічна і духоўна.

У навуках аб Зямлі паняцце П. мае значэнні: тэр. прыродныя аб’екты (геасістэмы, ландшафты геаграфічныя і інш.), прыродныя комплексы вакол нас. пунктаў і інш. антрапагенных збудаванняў, тэр. ахоўныя аб’екты (запаведнікі, заказнікі) і інш., напр., у геагр. навуцы пад паняццем «П.» разумеюцца геаграфічнае асяроддзе, навакольнае асяроддзе. Адрозніваюць паняцці «першая П.» — непарушаная чалавекам, «другая П.» — пераўтвораная чалавекам (поле, сад), не здольная да самападтрымання на працягу доўгага часу, «трэцяя П.» — штучнаўтвораныя сістэмы (урбанакомплексы, буйныя прадпрыемствы і інш.), якія не здольныя да самападтрымання нават на працягу кароткага часу. Сукупная дзейнасць грамадства аказвае значны ўплыў на П., што патрабуе рацыяналізацыі і рэгулявання іх узаемадзеяння, прыняцця мер па ахове прыроды, пераўтварэнні П. (напр., запланаваная перабудова ландшафтаў), захаванні і кантраляваным выкарыстанні прыродных рэсурсаў і інш. Гл. таксама Геаграфічная абалонка, Прыроднае асяроддзе, Экалогія і інш.

Жывая П. складаецца з няклетачных, аднаклетачных і шматклетачных форм арганізмаў, якія ў сукупнасці з навакольным асяроддзем утвараюць біясферу Зямлі. Жывое рэчыва з’явілася на Зямлі, верагодна, у археі (больш за 3 млрд. г. назад) і прайшло складаны шлях біял. эвалюцыі на працягу геал. эвалюцыі планеты (гл. Геахраналогія). Развіццё біясферы адбывалася ў (залежнасці ад умоў існавання жывых арганізмаў, якія былі абумоўлены сонечнай радыяцыяй, рэльефам паверхні і агульнай цыркуляцыяй атмасферы. Асаблівасці ўмоў нежывой П. з улікам іх змен у гіст. часе і спалучэнні з аб’ектамі і фактарамі біял. эвалюцыі, абумоўліваюць разнастайнасць жывога рэчыва на Зямлі. Падзел пераважнай большасці арганізмаў на расліны (флора) і жывёлы (фауна) грунтуецца пераважна на спосабе жыўлення. Біягеахімічны кругаварот рэчываў у біясферы адбываецца пры ўдзеле жывых істот усіх узроўняў арганізацыі і складаецца ў біял. цыклы, якія ўключаюць 3 асн. звяны: утварэнне ў працэсе фотасінтэзу арган. рэчываў зялёнымі раслінамі т.зв. першаснай прадукцыі (гл. Прадуцэнты); ператварэнне першаснай (расліннай) прадукцыі ў другасную (жывёльную), пераважна шляхам жыццядзейнасці жывёл (гл. Кансументы); разбурэнне першаснай і другаснай біял. прадукцыі бактэрыямі, грыбамі і інш. (гл. Рэдуцэнты). Пры ўмоўным вылучэнні паясоў геаграфічных у суадносінах з кліматам і ў залежнасці ад пануючых у кожнай з кліматычных паясоў (зон) умоў існавання арганізмаў, раслінны і жывёльны свет падзяляецца (у адпаведнасці з паходжаннем, рэльефам і кліматам мацерыкоў і акіянаў) на біягеагр. царствы, падцарствы, вобласці, падвобласці і інш. адзінкі-катэгорыі раянавання зямнога шара, у залежнасці ад выбранай сістэмы біягеаграфічнага раянавання (гл. Арктагея, Натагея, Неагея, Палеагея), якое адлюстроўвае паходжанне і развіццё флоры і фауны пэўнага рэгіёна планеты ў гіст. аспекце і сучасны стан буйных прыродных тэрытарыяльных комплексаў. П. Беларусі вызначаецца знаходжаннем яе тэр. ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я. У межах сучаснага біягеагр. раянавання сушы Беларусь належыць да біягеагр. царства Арктагеі, Галарктычнай біягеаграфічнай вобласці Палеарктыкі. Яе тэр. знаходзіцца ў т.зв. пераходнай зоне, якую вылучаюць у складзе Еўрап.-Сіб. біягеагр. вобл. (як адной з ч. Палеарктыкі). Для яе характэрны мяшаны характар флоры і фауны — часткова гэта паўн., таежныя формы, часткова — паўд., характэрныя для шыракалістых лясоў, стэпавыя і міжземнаморскія. Унутры пераходнай зоны змены адных фларыстычных і фауністычных элементаў другімі адбываюцца паступова і маюць агульныя формы. Своеасаблівасць геагр. становішча Беларусі абумоўлівае фарміраванне і існаванне на яе тэр. многіх унікальных прыродных комплексаў, якія маюць статус ахоўных прыродных тэрыторый і акваторый. На Беларусі існуюць 2 запаведнікі (Бярэзінскі біясферны запаведнік і Палескі радыяцыйна-экалагічны запаведнік — адзіны ў свеце), 4 нацыянальныя паркі (Белавежская пушча, Браслаўскія азёры, Нарачанскі і Прыпяцкі), 89 заказнікаў рэсп. значэння агульнай пл. 774,5 тыс. га і 443 — мясц. значэння пл. 307 тыс. га, помнікі прыроды: 303 рэсп. і 483 мясцовага значэння (2000). У адносінах да расліннасці тэр. Беларусі належыць да 2 геабат. абласцей (гл. Геабатанічнае раянаванне), у якіх вылучаюць 3 фларыстычныя правінцыі. Прыроднай расліннасцю ўкрыта 66% тэр., у т. л. пад лесам каля 35%, лугамі 16%, балотамі 11%, хмызнякамі 3%. Дзікарослая флора геаграфічна і генетычна звязана з рознымі прыродна-гіст. абласцямі, кліматычнымі зонамі і мацерыкамі зямнога шара. Ахоўваюцца 214 відаў раслін (171 від вышэйшых і 43 віды ніжэйшых), 180 з іх занесены ў Чырв. кнігу Беларусі (гл. Ахоўныя расліны). У складзе культ. флоры каля 230 відаў збожжавых, зернебабовых, пладовых, агароднінных, тэхн. культур (гл. адпаведныя арт.). Дрэвавыя пароды — крыніца драўніны і сыравіны для буд-ва, мэблевай, хім., цэлюлозна-папяровай і інш. прам-сці. Суадносна з расл. комплексам фарміраваўся і састаў фауны, якая набыла сучасныя рысы ў пасляледавіковы перыяд. Па паходжанні яна мяшаная, што вынікае з гіст. умоў яе фарміравання і фіз.-геагр. асаблівасцей тэрыторыі. Многія віды жывёл на Беларусі пад уплывам актыўнага антрапагеннага ўздзеяння на П. становяцца рэдкімі і падлягаюць ахове (гл. Ахоўныя жывёлы); у Чырв. кнігу Беларусі занесены 97 відаў пазваночных і 85 відаў беспазваночных жывёл. Прамысл. значэнне маюць 22 віды млекакормячых, 31 від птушак, 1 від паўзуноў (гадзюка звычайная), з беспазваночных — смоўж вінаградны. Найб. гасп. значэнне ў зверагадоўлі маюць пушныя звяры; у сажалкавых гаспадарках — карп, карась, інш. рыбы. Працэс рацыяналізацыі зносін чалавека з П. мае неадназначны характар. Гасп. дзейнасць людзей часта апынаецца ў супярэчлівых зносінах з навакольным прыродным асяроддзем. Вырашэнне канфліктных сітуацый паміж П. і грамадствам рэалізуецца пры дапамозе мерапрыемстваў па ахове прыроды, у т. л. на ўзроўні дзярж. заканадаўчых актаў. Усе багацці П. на Беларусі, незалежна ад ступені іх эксплуатацыі, знаходзяцца пад аховай дзяржавы (гл. Ахова ад радыеактыўных выпрамяненняў, Ахова атмасферы, Ахова водаў, Ахова генафонду, Ахова глебаў, Ахова жывёл, Ахова зямель, Ахова лясоў, Ахова нетраў, Ахова раслін, Ахоўныя ландшафты).

Літ.:

Тугаринов В.П. Природа, цивилизация, человек. Л., 1978;

Энцыклапедыя прыроды Беларусі. Т. 1—5. Мн., 1983—86.

В.​С.​Аношка, А.​М.​Петрыкаў.

Да арт. Прырода. Краявід у наваколлі в. Боркі Уздзенскага раёна Мінскай вобласці.

т. 13, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САЦЫЯЛОГІЯ

Асноўныя кампаненты сацыялагічных ведаў на Беларусі закладваліся ў 19 ст. ў творах Ф.​Багушэвіча, К.​Каліноўскага, А.​Пашкевіч (Цёткі) і інш. У 1921 у БДУ створана кафедра сацыялогіі і першабытнай культуры, якую ўзначальваў С.​З.​Кацэнбоген. З заснаваннем Ін-та бел. культуры (1922) і наступным пераўтварэннем яго ў Бел. АН (1929) сацыялагічныя даследаванні набылі большую маштабнасць і глыбіню. Даследаваліся праблемы сац.-эканам. і культ. развіцця бел. нацыі, адукацыі, культуры (М.​В.​Доўнар-Запольскі, У.​М.​Іваноўскі, У.​М.​Ігнатоўскі, Я.​Ф.​Карскі, С.​М.​Некрашэвіч, У.​І.​Пічэта, С.​М.​Васілейскі, С.​Я.​Вальфсон і інш.). Быў назапашаны каштоўны вопыт арганізацыі і правядзення эмпірычных сацыялаг. даследаванняў, тэарэт. асэнсавання іх вынікаў, падрыхтоўкі нац. кадраў сацыёлагаў. У канцы 1930-х г. сацыялогія была абвешчана шкоднай бурж. плынню, а многія яе прадстаўнікі разам з інш. навукоўцамі і дзеячамі культуры рэпрэсіраваны. З сярэдзіны 1960-х г. пачаўся новы этап развіцця сацыялаг. навукі ў Беларусі. У 1965 створаны грамадскі Ін-т сацыялагічных даследаванняў пры ЦК КПБ (дырэктар А.​Дз.​Малочка), які выконваў функцыі рэсп. навук. цэнтра па каардынацыі такіх даследаванняў. У 1967 грамадскі ін-т скасаваны, а яго функцыі перададзены Праблемнай н.-д. лабараторыі сацыялаг. даследаванняў БДУ. У 1970 у Ін-це філасофіі і права АН Беларусі арганізаваны сектар, а потым аддзел сац. даследаванняў. У 1974 пры кафедры філасофіі гуманіт. ф-таў БДУ створаны сектар прыкладной сацыялогіі. У 1960—70-я г. сацыялаг. групы функцыянавалі ва ўсіх вядучых ВНУ і рэгіёнах Беларусі, пачалі фарміравацца галіновыя кірункі сацыялогіі (працы, сям’і, адукацыі, рэлігіі, асобы, моладзі, дэвіянтных паводзін). Апублікаваны падрыхтаваныя Г.​П.​Давідзюком падручнікі для ВНУ «Уводзіны ў прыкладную сацыялогію» (1975) і «Прыкладная сацыялогія» (1979). У 1977 у БДУ адбыўся 1-ы выпуск спецыялістаў у галіне прыкладной сацыялогіі. Атрымала развіццё заводская сацыялогія (І.​І.​Голуб, Л.​М.​Злотнікава, М.​Н.​Камінскі, А.П Корбут, Э.​І.​Скорабагаты, М.Н Тухто, К.​В.​Шульга і інш.). Абагульняльныя вынікі гэтых даследаванняў выкладзены ў кнігах «Сацыяльнае планаванне ў першасным калектыве» І.​Я.​Пісарэнкі (1973), «Вытворчы калектыў: праца, асяроддзе, выхаванне» У.​Н.​Семянькова (1975), «Новае ў распрацоўцы комплексных планаў эканамічнага і сацыяльнага развіцця працоўных калектываў» К.​Л.​Патаенкі (1978), калект. манаграфіі «Устойлівасць і развіццё вытворчага калектыву» (1975). У 1984 выйшаў «Слоўнік прыкладной сацыялогіі», які быў у 1991 перавыдадзены ў дапоўненым выглядзе пад назвай «Сацыялагічны слоўнік» У 1989 адкрыты аддзяленне і кафедра сацыялогіі БДУ (заг. кафедры А.​М.​Елсукоў). У АН Беларусі арганізаваны Рэсп. цэнтр сацыялагічных даследаванняў, на базе якога ў 1990 створаны Ін-т сацыялогіі АН Беларусі (дырэктар-арганізатар Я.​М.​Бабосаў). Ін-т стаў галаўной арганізацыяй па дзярж. праграме фундаментальных даследаванняў «Дынаміка сацыяльных працэсаў ва ўмовах дзярж. незалежнасці Беларусі: сацыялагічны аналіз і прагназіраванне». У 1996 засн. Цэнтр сацыялагічных і паліт. даследаванняў БДУ (кіраўнік Д.​Г.​Ротман). Выдадзены падручнікі і навуч. дапаможнікі: «Гісторыя сацыялогіі» (1993, 1997), «Прыкладная сацыялогія» (2000) і «Агульная сацыялогія» (2002) Я.​М.​Бабосава, «Эканамічная сацыялогія» (2000) і «Сацыялогія працы» (2002) Г.​М.​Сакаловай, «Сацыялогія» (2002, пад рэд. А.​М.​Елсукова).

У канцы 1980 — пач. 1990-х г. даследаваліся праблемы сац. трансфармацый бел. грамадства, каштоўнасных арыентацый і паліт. актыўнасці розных сац. груп насельніцтва, стратыфікацыі і дэмаграфічных характарыстык пераходнага грамадства пад уздзеяннем сац., эканам., сац.-псіхал. фактараў (І.​І.​Антановіч, А.​М.​Данілаў, А.​Г.​Злотнікаў, Т.​М.​Кучынскі, М.​Е.​Ліхачоў, А.​Б.​Міскевіч, А.​А.​Ракаў, В.​І.​Русецкая, В.​І.​Секун, Л.​П.​Шахоцька і інш.). Праблематыка эканам. сацыялогіі і сацыялогіі працы ўсё больш узаемадзейнічае з пытаннямі сац. экалогіі, сацыялогіі катастроф і экстрэмальных сітуацый, пераадолення наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС (Я.​М.​Бабосаў, П.​А.​Вадап’янаў, А.​П.​Лімарэнка, У.​А.​Палікарпаў, С.​В.​Сівуха і інш.). Актуальныя праблемы сацыялогіі сям’і, дэмаграфіі, гендэрнай сацыялогіі даследуюць Ю.​М.​Бубнаў, С.​Н.​Бурава, А.​К.​Воднева, С.​Д.​Лапцёнак, М.​М.​Урбан, Л.​Р.​Цітарэнка, З.​М.​Юк і інш. Распрацоўваюцца пытанні функцыянавання навукі ў кантэксце глабальных сац. і сацыякульт. змен, развіцця новай інавацыйнай сістэмы, стварэння рынку новых тэхналогій, маніторынгу міграцыі навук. кадраў краіны (М.​І.​Арцюхін, І.​Ф.​Багданава, В.​Я.​Качаргін, Г.​А.​Несвятайлаў, А.​А.​Шчэрскі, І.​М.​Шарый, В.​К.​Шчэрбін). Сацыёлагі І.​М.​Андрэева, Т.​Н.​Гацукевіч, У.​А.​Дунаеў, Д.​Г.​Ротман, В.​А.​Кліменка, А.​І.​Ляўко, Л.​Р.​Новікава і інш. вывучаюць актуальныя праблемы вышэйшай школы, эвалюцыі нац. сістэмы адукацыі, яе сац.-культ. асаблівасці. Сістэмныя даследаванні праводзяцца па пытаннях сацыядынамікі культуры ў яе нац. традыцыях і асаблівасцях, узаемасувязі са станаўленнем спецыфічна бел. менталітэту і нац. самасвядомасці (Э.​К.​Дарашэвіч, А.​М.​Елсукоў, П.​Г.​Ігнатовіч, С.​В.​Лапіна і інш.), міжнац. адносін ва ўмовах станаўлення суверэнітэту краіны, рэгіянальнай палітыкі, развіцця мясц. самакіравання (Я.​М.​Бабосаў, А.​Я.​Кучко, Л.​І.​Навуменка, В.​І.​Русецкая, В.​А.​Сімховіч, П.​П.​Украінец і інш.), электаральных паводзін розных груп насельніцтва (Д.​Г.​Ротман, А.​П.​Вардамацкі, Я.​І.​Дзмітрыеў, І.​В.​Катляроў, Л.​Н.​Міхейчыкаў, Р.​А.​Смірнова, Г.​М.​Явелькін і інш.). Паказчыкам высокага ўзроўню развіцця сацыялаг. навукі на Беларусі сталі выданне навук.-тэарэт. час. «Сацыялогія» (з 1997), першай айч. «Сацыялагічнай энцыклапедыі» (пад рэд. А.​М.​Данілава; 2003) і энцыклапедыі «Сацыялогія» (складальнік і гал. рэдактар А.​А.​Грыцанаў; 2003).

Літ.:

Антонович И.И. Буржуазная социологическая теория. Ч. 1—2. Мн., 1980—81;

Шавель С.А. Социальная сфера и личность. Мн., 1988;

Методологические основы социологии. Социология как наука Мн., 1992;

Бабосов Е.М. Катастрофы: Социол. анализ. М., 1995;

Яго ж. Социально-стратификационная панорама современной Беларуси. Мн., 2002;

Лапина С.В. Социологическое познание. Мн., 1998;

Данилов А.Н. Переходное общество: Проблемы систем. трансформации. 2 изд. Мн., 1998;

Яго ж. Социология власти: теория и практика глобализма. Мн., 2001;

Оперативные социологические исследования: методика и опыт организации. Мн., 2001;

Бабосов Е.М. Социально-стратификационная панорама современной партии. Мн., 2002;

Социологическая летопись Могилевщины: Гендерное измерение. Могилев, 2003;

Белякович Н.Н. Социология творчества. Мн., 2004.

А.​М.​Данілаў.

т. 18, кн. 2, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЎТАРЫТАРЫ́ЗМ (франц. autoritarisme ад лац. auctoritas улада, уплыў),

устаноўлены або навязаны палітычны рэжым з такой формай улады, якая сканцэнтравана ў руках аднаго чалавека або ў адным яе органе; форма паліт. свядомасці, сфарміраваная на аснове адносін да аўтарытэту наогул і да аўтарытэту ўлады ў прыватнасці.

Паняцце «аўтарытарызм» распрацавана прадстаўнікамі франкфурцкай школы на аснове сац.-псіхал. аналізу адпаведнага тыпу асобы — чалавека «натоўпу», які атаясамлівае сябе з аўтарытэтам групы, дзяржавы, з харызматычным лідэрам і праз іх навязвае грамадству свае густы і норавы. Паводле даследаванняў ісп. філосафа Х.​Артэгі-і-Гасета, аўтарытарызм спараджае псіхалогія «аўтарытарнай асобы», яе нястомнае жаданне кіраваць грамадствам «пры поўнай да таго няздольнасці». Да гіст. формаў аўтарытарызму адносяцца антычныя і азіяцкія дэспатыі і тыраніі (Персія, Спарта і інш.), абсалютысцкія рэжымы сярэднявечча і Новага часу. Ідэя абсалютысцкага аўтарытарызму, манархічнага «парадку» набыла тэарэт. абгрунтаванне ў творах ультракансерватыўных ідэолагаў пач. 19 ст. Ж. дэ Местра і Л.​Банальда як рэакцыя на франц. рэвалюцыю і сацыяліст. Рухі. У ням. паліт. думцы 19 ст. аўтарытарызм разглядаўся як моцны сродак нац. і сац. мабілізацыі і кіравання зверху працэсамі дзярж. будаўніцтва. У шматлікіх канцэпцыях 1-й пал. 20 ст. аўтарытарызм усё больш набываў нацыяналіст. і антыдэмакр. характар і звязваўся з месіянскай ідэалогіяй выключнасці адной нацыі або дзяржавы, усталявання «новага парадку», дыктатуры пралетарыяту і да т.п. Пры ваенна-паліцэйскіх і фаш. рэжымах, розных варыянтах «казарменнага сацыялізму» тэорыя і практыка аўтарытарызму была даведзена да яго крайняй формы — таталітарызму, дзе панаваў усеабдымны, татальны кантроль адной партыі, групы, ідэалогіі за жыццём усяго грамадства і не існавала ніякага інш. аўтарытэту, акрамя аўтарытэту правадыра, фюрэра, дучэ і гэтак далей

Тыповыя прыкметы і асаблівасці аўтарытарызму: празмерны цэнтралізм улады, беспярэчнае паслушэнства, безапеляцыйныя метады кіравання, паліт. бяспраўнасць асобы, прамая апора на ваенна-рэпрэсіўны апарат. Рэальная ўлада пры аўтарытарызме канцэнтруецца ў руках кіруючай эліты, якая складае аснову іерархічнай верт. структуры кіравання і падбіраецца ў адпаведнасці са спец. працэдурай. Для дасягнення сваіх паліт. мэтаў наменклатура насаджае ў масах фанатызм і рабалепныя адносіны да ўлады, абмяжоўвае свабоду слова і інфармацыі, шырока выкарыстоўвае пазаправавыя, гвалтоўныя метады расправы з апазіцыяй, перакладае віну за правалы ў сваёй палітыцы на міфічных унутр. і знешніх ворагаў. Аўтарытарныя метады кіраўніцтва праяўляюцца ў тых постсацыяліст. краінах Усх. Еўропы і б. СССР, дзе неэфектыўна дзейнічаюць дэмакр. механізмы дзярж. улады, дзе пашыраны сац. дэмагогія, масавая апеляцыя да «моцнай» улады і «моцнага» лідэра. Тут назіраецца тэндэнцыя да ўстанаўлення трох разнавіднасцяў аўтарытарызму: рэжыму рэстаўрацыі, які маюць намер аднаўляць ці ствараць блокі левых сіл і неакамуністаў; рэжыму т.зв. «нацыянал-патрыётаў», якія арыентуюцца на вялікадзярж. ідэі «саборнасці» і абмежавання нац. суверэнітэту; рэжыму, які манеўруе паміж рознымі паліт. сіламі і ствараецца прадстаўнікамі выканаўчай улады.

Літ.:

Ортега-и-Гассет Х. Эстетика;

Философия культуры: Пер. с исп. М., 1991;

Фромм М.Э. Душа человека: Пер. с нем. М., 1992;

Восточная Европа: политический и социокультурный выбор: Материалы междунар. науч.-практ. конф. Мн., 1994;

The autoritarian personality. New York, 1950.

С.​Ф.​Дубянецкі.

т. 2, с. 120

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)