горад абл. падпарадкавання, цэнтр Аршанскага р-на Віцебскай вобл. на р. Дняпро пры ўпадзенні ў яго р. Аршыца. За 80 км ад Віцебска, вузел 6 чыгунак (лініі на Мінск, Магілёў, Крычаў, Смаленск, Віцебск, Лепель) і 8 аўтадарог. 123,9 тыс.ж. (2000).
Упершыню ўпамінаецца ў «Аповесці мінулых гадоў» пад 1067 як горад Ръша. У 1320 у складзе Віцебскага княства далучана да ВКЛ. У 1398—1407 пабудаваны Аршанскі замак. Паводле гіст. крыніц за 1555, М.К.Радзівіл Чорны заснаваў у О. кальвінскі (пратэстанцкі) збор — адзін з першых на Беларусі. З 1560-х г. О. — дзярж. ўладанне, цэнтр Аршанскага павета. Упершыню пазначана на «Карце Вялікага княства Літоўскага, Лівоніі і Маскоўскага княства», складзенай у 1589 М.Струбічам. У ходзе шматлікіх войнаў неаднаразова разбурана і спалена. Каля О. адбыліся Аршанская бітва 1514, Аршанская бітва 1564 і інш. Горад меў гандл. сувязі з Расіяй, Польшчай, Прыбалтыкай і Украінай. У 1612—1820 у О. дзейнічаў Аршанскі езуіцкі калегіум, дзе створаны рукапісны зб.«Аршанскі кодэкс». У 1620 горад атрымаў магдэбургскае права і герб — у блакітным полі залаты паўмесяц, паміж рагамі якога сярэбраны крыж. Складанне гар. статута, зацверджанага 3.3.1621, дапоўніла фарміраванне аршанскага права. У сярэдзіне 17 ст. ў О. каля 5 тыс.ж. У 16—18 ст. О. была значным рэліг. цэнтрам. З 1592 існавала правасл. брацтва. Дзейнічалі манастыры бернардзінцаў, базыльянак, дамініканцаў, францысканцаў, уніятаў, касцёлы трынітарыяў, місіянераў, марыявітак, базыльян, цэрквы. У 1630 пры Куцеінскім Богаяўленскім манастыры бел. асветнік С.Собаль заснаваў Куцеінскую друкарню, якая з’яўлялася асн. цэнтрам бел. кірылічнага кнігадрукавання. Пасля 1-га падзелу Рэчы Паспалітай (1772) О. ў складзе Рас. імперыі, цэнтр Аршанскай правінцыі. У 1776 горад пазбаўлены магдэбургскага права: 1700 ж., 309 будынкаў. У 1781 гораду дадзены новы герб: уверсе — палова герба Рас. імперыі, унізе — у блакітным полі пяць стрэл. З 1796 О. — цэнтр павета Беларускай, з 1802 — Магілёўскай губ. У вайну 1812 горад спалены франц. войскамі. У 2-й пал. 19 ст. пасля будаўніцтва чыгунак О. — буйны чыг. вузел, аршанская прыстань — значны трансп. пункт на Дняпры. У 17—19 ст існавалі Аршанскі кляштар бернардзінцаў, Аршанскі кляштар дамініканцаў, Аршанскі кляштар трынітарыяў, Аршанскі кляштар францысканцаў У пач. 1890 у горадзе 15 прамысл. прадпрыемстваў, 9 навуч. устаноў, бальніца, 2 аптэкі, 3 б-кі, 2 кнігарні, друкарня. У 1869 адкрыта тэлеграфная станцыя, у 1899 — публічная б-ка імя А.С.Пушкіна. У 1897 у О. 13 161 ж. З 1903 працавала Аршанская жаночая гімназія, з 1906 — рэальнае вучылішча, з 1911 — Аршанская жаночая настаўніцкая семінарыя. З 1915 выдавалася газ.«Оршанский вестник». У 1905 у О. пад кіраўніцтвам мясц. арг-цый РСДРП і сац.-дэмакр.к-та Бунда адбыліся выступленні працоўных. У лют.—кастр 1918 О. часткова акупіравана герм. войскамі. У перыяд усталявання сав. улады і грамадз. вайны (1917—20) у О. дзейнічалі органы і арг-цыі розных паліт. сіл: Савет рабочых, салдацкіх і сялянскіх дэпутатаў, к-тграмадз. бяспекі, саюз эсэраў-марксістаў, часовы ваенна-рэв.к-т і інш. З 2.2.1919 О. ў складзе Гомельскай, з 1920 — Віцебскай губ. РСФСР. З 1924 цэнтр Аршанскага раёнаБССР, да 1930 — Аршанскай акругі. З 17.3.1938 горад абл. падпарадкавання. У 1939 у О. 37,6 тыс.ж. У пач.Вял.Айч. вайны ў баях пад О. 14.7.1941 упершыню былі выкарыстаны рэактыўныя ўстаноўкі «Кацюша». 16.7.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія стварылі ў О. некалькі канцлагераў, дзе знішчылі 19 тыс.чал., у горадзе і раёне загубілі 37,4 тыс.чал. Дзейнічала Аршанскае патрыятычнае падполле. Горад вызвалены 27.6.1944 войскамі 3-га Бел. фронту ў ходзе Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944 У 1970 у О. 100,6 тыс. жыхароў.
Працуюць (2000) прадпрыемствы маш.-буд. і металаапр., у т. л.Аршанскі станкабудаўнічы завод, Аршанскі інструментальны завод, адкрытае акц.т-ва«Орша», з-ды прылад аўтам. кантролю, форм і тэхнал. аснасткі для прадпрыемстваў зборнага жалезабетону, трактарарамонтны і інш. Развіты тэкст. (Аршанскі льнокамбінат, ф-кі трыкат.спарт. вырабаў, швейная, маст. вырабаў), харч. (Аршанскі мясакансервавы камбінат, камбінаты хлебапрадуктаў, піваварны, малочны і інш.), буд. матэрыялаў (Аршанскі камбінат зборных жалезабетонных вырабаў і канструкцый, камбінат сілікатных вырабаў, з-д жалезабетонных вырабаў і інш.) прам-сці. У горадзе тэхнікумы чыг. транспарту і механіка-тэхналагічны, мед. і пед. вучылішчы. Музеі: К.С.Заслонава, Музей гісторыі і культуры горада Оршы, этнагр. «Млыны», драўлянай скульптуры нар. майстра С.С.Шаўрова. Выдаецца «Аршанская газета».
У 14 ст. на месцы стараж. гарадзішча пабудаваны замак. У час шматлікіх войнаў 16 ст. горад неаднаразова быў разбураны. У 1623 у сутоках рэк Дняпро і Куцеінка засн.Аршанскі Куцеінскі Богаяўленскі манастыр, у 1631 пабудаваны Аршанскі Куцеінскі Успенскі манастыр. У 16—18 ст. у горадзе ўзведзены: драўляная царква Ільі Прарока (1505), мураваныя касцёл і 2-павярховы будынак калегіума (1690), манастыры бернардзінцаў (1636), базыльянак (1642), дамініканцаў (драўляныя будынкі пастаўлены ў 1649—50, мураваны касцёл — у 1819), францысканцаў (мураваныя будынкі ўзведзены ў 1680), саборная мураваная царква Раства Маці Божай (1691), касцёлы трынітарыяў (1714), місіянераў (1752), марыявітак (18 ст.), цэрквы Ушэсця (1757), Іаана Багаслова (1790; усе не захаваліся), Аршанскі манастыр базыльян (2-я пал. 18 ст.). У 1778 распрацаваны план забудовы О., які прадугледжваў рэгуляванне вулічнай сеткі, узбуйненне кварталаў, выраўноўванне паўкальцавых магістралей, стварэнне непадалёку ад цэнтр. ядра горада новай грамадскай плошчы з гасціным дваром і адм. установай, развіццё Задняпроўскага р-на. У вайну 1812 горад спалены франц. войскамі. У 1848 распрацаваны новы праект планіроўкі, які ў асн. рысах паўтараў папярэдні план. У 19 — пач. 20 ст.тэр. О. значна павялічылася, пераважала драўляная забудова. За 1,5 км ад горада забудаваўся прывакзальны раён, які ў 1878 злучыўся з гар. цэнтрам брукаванай магістраллю, у цэнтры О. закладзены парк. У 1880 пабудавана Аршанская Ільінская царква, у 1902 — вадзяны млын, у 1906 — рэальнае вучылішча. На плане 1911 горад падзелены Дняпром і Аршыцай на 3 часткі, рэгулярная планіроўка ўяўляла сабой сетку ўзаемна перпендыкулярных вуліц. Паводле генпланаў О. 1940, 1948 («Белдзяржпраект») разрозненыя раёны аб’яднаны. У 1957 распрацавана схема размяшчэння новага жыллёвага буд-ва (Віцебскі філіял ін-та «Белдзяржпраект»), у 1978 і 1980 — генпланы забудовы О. (БелНДІПгорадабудаўніцтва). Сучасны горад уключае цэнтр., прывакзальны, паўн., паўд. планіровачныя раёны, раёны льнокамбіната і Задняпроўя. Асн. жылы масіў з адм.-грамадскім і культ. цэнтрам размешчаны на правым беразе Дняпра, на месцы гіст. ядра О. з радыяльнай сістэмай вуліц. Асн. кампазіцыйныя восі — вуліцы Леніна (захаваўся фрагмент забудовы канца 19 — пач. 20 ст.), Астроўскага, Міру, праспект Тэкстыльшчыкаў. На скрыжаванні вуліц Леніна і Міру ўтворана цэнтр. плошча, з боку Дняпра да яе прылягае прыдняпроўскі парк. Цэнтр і мікрараёны (мікрараён Задняпроўе 1, Задняпроўе 2, па вуліцах Чырвонай і Леніна) забудоўваюцца 5—9-павярховымі дамамі. Сфарміраваны паўн. і паўд.прамысл. зоны. У О. брацкія могілкі і магілы сав. воінаў, падпольшчыкаў, ахвяр фашызму, ваеннапалонных. Помнікі: Вызваліцелям, Курган Славы, мемар. комплекс «Кацюша», ахвярам паліт. рэпрэсій, у гонар воінаў-землякоў, якія загінулі ў Афганістане, Герою Сав. Саюза К.С.Заслонаву, бел. пісьменніку У.С.Караткевічу.
Літ.:
Орша: Ист.-экон. очерк. 2 изд. Мн., 1967;
Шынкевіч А.М. Аршанская даўніна. Мн., 1992;
Асіноўскі С.М. Орша: Залатыя стрэлы на блакітным полі. Мн., 1997;
Памяць: Гіст.-дак. хроніка Оршы і Аршанскага р-на. Кн. 1—2. Мн., 1999—2000.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВАЎКАВЫ́СК,
горад у Беларусі абл. падпарадкавання, цэнтр Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл., на р. Рось. За 98 км ад Гродна. Вузел чыгунак на Баранавічы, Масты, Бераставіцу, Свіслач і аўтадарог на Масты, Слонім, Ружаны, Бераставіцу. 43,6 тыс.ж. (1995).
Першыя паселішчы на тэр. Ваўкавыска ўзніклі ў 10 ст., што пацвярджаюць археал. матэрыялы, выяўленыя на гарадзішчы Муравельнік, дзядзінцы Шведская гара і Замчышчы (вакольны горад). Упершыню Ваўкавыск (летапісны Волковыескъ) упамінаецца ў 1252. У 13 ст. цэнтр Ваўкавыскага княства, быў аб’ектам барацьбы паміж галіцка-валынскімі і літ. князямі. З пач. 14 ст. ў ВКЛ. Ваўкавыская харугва ўдзельнічала ў Грунвальдскай бітве 1410. З 15 ст. цэнтр староства, з 16 ст. цэнтр Ваўкавыскага павета. Неаднаразова быў спалены ў час войнаў 17 — пач. 18 ст. У час паўстання 1794 заняты паўстанцамі. З 1795 у Рас. імперыі. На пач. вайны 1812 у Ваўкавыску размяшчалася штаб-кватэра камандуючага 2-й Зах.рус. арміяй ген. П.І.Баграціёна, горад значна пацярпеў ад ваен. дзеянняў. У 1885 праз Ваўкавыск пракладзена чыг. Баранавічы—Беласток. У 1891 у Ваўкавыску 19 фабрык і прамысл. прадпрыемстваў. У 1897 — 10 323 ж. Жыхары горада ўдзельнічалі ў рэвалюцыі 1905—07, тут адбыліся хваляванні салдат і навабранцаў. У 1-ю сусв. вайну акупіраваны герм. войскамі. У 1909—18 працавала Ваўкавыская жаночая гімназія. У 1919—20 заняты Чырв. Арміяй, польскім войскам. У 1921—39 у Польшчы, цэнтр павета Беластоцкага ваяв. З 1939 у БССР, з 15.1.1940 цэнтр Ваўкавыскага раёна. 28.6.1941 акупіраваны ням. фашыстамі, якія загубілі ў Ваўкавыску і раёне больш за 29 тыс.чал., у т. л. 20 тыс. у лагеры ваеннапалонных. З лют. 1942 дзейнічала Ваўкавыская раённая антыфашысцкая арганізацыя. 14.7.1944 горад вызвалены войскамі 2-га Бел. фронту ў выніку Беластоцкай аперацыі 1944. У 1969 — 21,5 тыс. жыхароў.
Цэнтр маш.-буд. (Ваўкавыскі завод дахавых і будаўніча-аддзелачных машын, Ваўкавыскі завод ліцейнага абсталявання), буд. матэрыялаў (Ваўкавыскае вытворчае аб’яднанне будаўнічых матэрыялаў, «Ваўкавыскцэментнашыфер») і харч. (Ваўкавыскі малочнакансервавы камбінат дзіцячых прадуктаў «Беллакт», мясакамбінат) прам-сці. Пед. вучылішча і Ваўкавыскі саўгас-тэхнікум. Ваўкавыскі ваенна-гістарычны музей. Помнік П.І.Баграціёну. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Мемарыяльны комплекс Вызваліцелям, брацкая магіла сав. ваеннапалонных, магілы ахвяр фашызму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЯЛГРА́Д, Беаград (Beorgad),
сталіца Югаславіі і яе асн. часткі — Рэспублікі Сербіі. Каля 1,2 млн.ж. (1993). Размешчаны на правым беразе р. Дунай, пры ўпадзенні ў яго р. Сава, на перакрыжаванні важных чыгунак, рачных шляхоў і аўтадарог з Зах. Еўропы на Б. і Сярэдні Усход. Міжнар. аэрапорт Сурчын. Асноўны эканам. і культ. цэнтр краіны. Гал. галіны прам-сці: машынабудаванне і металаапрацоўка (цяжкае машынабудаванне, цеплавоза-, аўта-, авія-, суднабудаванне, вытв-сцьс.-г. машын, матораў), электронная, эл.-тэхн., хім., фармацэўтычная, паліграф., тэкст., швейная, гарбарна-абутковая, дрэваапр. і папяровая, харч. (мукамольная, мясакансервавая, цукр.) і інш. Турызм. Сербская АН. Ун-т, ун-т мастацтваў. Тэатры. Месца правядзення міжнар., муз., тэатр. фестываляў, кірмашоў. Нац. парк Авала.
У старажытнасці на тэр. Бялграда было ўмацаванае паселішча кельтаў Сінгідунум, пасля аднайм. рымскі горад (1 ст. да н.э. — 4 ст.н.э.). У 6 ст. належаў Візантыі. Пад сербскай назвай Бялград упершыню ўпамінаецца ў 9 ст. У 9—10 ст. ім валодалі балгары, у 11—12 ст. — Візантыя, пасля — балгары, венгры, сербы. З 1427 венг. пагранічная крэпасць. У 1521—1806 пад уладай Турцыі, але ў час аўстра-турэцкіх войнаў 16—18 ст. тройчы пераходзіў да аўстрыйцаў (у 1688—90, 1717—39, 1789—91). З 1806 сталіца Сербскага княства. У 1813—30 пад уладай Асманскай імперыі, з 1918 сталіца Каралеўства сербаў, харватаў і славенцаў (з 1929 — Югаславіі). У 1941—44 акупіраваны ням.-фаш. захопнікамі. Вызвалены ў ходзе Бялградскай аперацыі 1944. З 1945 сталіца Федэратыўнай Нар. Рэспублікі Югаславія (з 1963 Сацыяліст. Федэратыўнай Рэспублікі Югаславія), з 1991 — Саюзнай Рэспублікі Югаславія.
На высокім правым беразе р. Сава, у парку Калемегдан, захаваліся рэшткі рым. і сярэдневяковых умацаванняў, тур. і аўстр. крэпасці (канец 17 — пач. 18 ст.), мячэць Байраклі-Джамія (1690). У цэнтры горада парадныя грамадскія будынкі ў духу эклектызму і функцыяналізму: Стары палац (1881—82, арх. А.Бугарскі, неарэнесанс), Нар. музей (1906), Саюзная нар. скупшчына (1937). Комплекс Новага Бялграда (на левым беразе Савы) — Саюзнае выканаўчае веча (1950-я г.), Музей сучаснага мастацтва (1965), Нар.б-ка і спарт. цэнтр «25 мая» (абодва 1973), Цэнтр кангрэсаў «Сава» (1977).
У Бялградзе Сербская акадэмія навук і мастацтваў. Ун-т (з 1863). Музеі: Нар. музей, сучаснага мастацтва, прыкладнога мастацтва, этнаграфічны, маст. галерэя. Заапарк.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЗЕЛЯНЕ́ННЕ,
комплекс мерапрыемстваў па аднаўленні або стварэнні і выкарыстанні расліннага покрыва ў населеных месцах і іх наваколлі з мэтай палепшыць якасць асяроддзя. Мае сан.-экалагічнае (зялёныя насаджэнні сярод забудоў, уключаючы прамысл. зоны, зніжаюць узровень шуму, затрымліваюць пыл і аэразолі, садзейнічаюць памяншэнню канцэнтрацыі дыму і шкодных газаў у атмасферы, павелічэнню іанізацыі паветра, наяўнасці кіслароду і фітагенных злучэнняў, якія валодаюць бактэрыцыднымі ўласцівасцямі і знішчаюць узбуджальнікаў хвароб чалавека і жывёл, змяншаюць яркасць сонечнага святла і радыяцыйную т-ру і інш.), рэкрэацыйнае (месцы адпачынку), гаспадарчае (выконваюць ветраахоўную функцыю, з’яўляюцца сродкамі аптымальнага размеркавання ападкаў і паверхневага сцёку, барацьбы з эрозіяй глебы і інш.), арх.-дэкаратыўнае і эстэтычнае (ствараюць у нас. пунктах натуральнае пейзажнае асяроддзе, узбагачаюць іх арх. аблічча) значэнне. Зялёныя насаджэнні падзяляюцца на агульныя (паркі, сады, скверы, бульвары, алеі і інш.), абмежаваныя (у дварах школьных, дашкольных, лячэбных, н.-д. і інш. устаноў, у жылых раёнах) і спецыяльныя (вакол прамысл. прадпрыемстваў, водаахоўныя, проціпажарныя, супрацьэразійныя і інш.). Фарміраванне сістэмы азелянення ў розных нас. месцах залежыць ад іх геагр. становішча, мясц. кліматычных і прыродна-ландшафтных умоў (наяўныя лясныя масівы, асаблівасці рэльефу і глеб, размяшчэнне вадаёмаў), памераў, нар.-гасп. профілю і планіровачнай структуры гарадоў і пасёлкаў.
На Беларусі мэтанакіраванае азеляненне пашырылася з 17—18 ст. (гл.Садова-паркавае мастацтва). Сучаснае азеляненне ажыццяўляецца на аснове навукова-абгрунтаваных прынцыпаў і нарматываў: прадугледжваецца раўнамернае размеркаванне зялёных масіваў сярод забудовы ўсіх відаў, сувязь іх паміж сабой і з прыгараднымі лясамі і вадаёмамі, макс. захаванне існуючых насаджэнняў і інш. Зялёныя насаджэнні гарадоў займаюць каля 20% агульнай пл.гар. зямель і складаюць каля 40 тыс.га. Створана больш за 40 паркаў культуры і адпачынку, дзіцячых і старт., каля 160 агульнагарадскіх, больш за 1 тыс. садоў і сквераў, каля 50 бульвараў, існуе каля 120 зялёных зон. Састаўной ч. азелянення горада з’яўляюцца насаджэнні прыгараднай зоны: лясы, лесапаркі, лугапаркі, пладовыя сады і інш., якія ствараюць умовы для масавага адпачынку насельніцтва і садзейнічаюць аздараўленню гар. паветра. Н.-д. работа па азеляненні вядзецца ў Цэнтр.бат. садзе і Ін-це экстрым. батанікі АН Беларусі, БелНДІ праблем горадабудаўніцтва.
Да арт.Азеляненне. Зялёныя насаджэнні: на вуліцы А.Міцкевіча ў Брэсце (злева); на тэрыторыі Аршанскага льнокамбіната.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРСЕЛО́НА (Barcelona),
горад на ПнУ Іспаніі, у міжрэччы рэк Бесас і Льёбрэгат. Адм. ц.аўт. вобласці Каталонія і прав. Барселона. 1624 тыс.ж., у агламерацыі больш за 4,65 млн.ж. (1991; 2-і пасля Мадрыда па колькасці жыхароў). Вузел чыгунак і аўтадарог. Порт на Міжземным м., аўтамаб., паромныя зносіны з партамі Балеарскіх і Канарскіх а-воў, суседніх краін. Міжнар. аэрапорт. Важны эканам. і культ. цэнтр краіны. Асн. галіны прам-сці: тэкст. (1-е месца ў краіне), машынабудаванне (у т. л. аўта-, судна-, лакаматывабудаванне), вытв-сцьэнергет. абсталявання, станкабудаванне, эл.-тэхн., радыёэлектроннае і інш., хім., цэлюлозна-папяровая, паліграф., цэм., гарбарная, харч. і інш. Метрапалітэн. Барселонскі універсітэт і 2 інш. ун-ты. Музеі: археал.; нар. рамёстваў і мастацтваў; Федэрыка Марэса; гісторыі горада; прыгожых мастацтваў у Каталоніі; сучаснага мастацтва; Музей Пікаса. Месца правядзення міжнар.гандл.-прамысл. кірмашоў. Сусв. выстаўкі ў 1888 і 1929. У Барселоне адбыліся XXV летнія Алімп. гульні (1992).
Першапачаткова грэч., з 236 да нашай эры карфагенская, з 218 да нашай эры рым. калонія. У 415 захоплена вестготамі, у 6 ст. сталіца іх дзяржавы. З 712 пад уладай арабаў, з 801 сталіца франкскай Ісп. маркі, пасля яе падзелу (874) — Барселонскага графства, у 1137 — аб’яднанага з Арагонам. У час грамадз. вайны ў Барселоне знаходзіўся рэсп. ўрад (1937—39). З 1977 адм. ц.аўт. вобласці Каталонія.
Стары і Новы гарады звязаны пл. Пласа дэ Каталунья, якая акружана фантанамі і скульпт. групамі (1927), з’яўляецца дзелавым цэнтрам Барселоны. Помнікі архітэктуры: раманская царква Сан-Пабла дэль Кампе (10—13 ст.); гатычныя сабор (1298—15 ст.); царква Санта-Марыя дэль Мар (1320—70); біржа (1380—92); судовая палата «Аўдыенсія» (15 ст.); барочная царква Нуэстра Сеньёра дэ Белен (1687—1729). У канцы 19 — пач. 20 ст. Барселона — буйны цэнтр архітэктуры стылю мадэрн і авангардызму. Своеасаблівасць гораду надаюць мудрагелістыя пабудовы арх. А.Гаўдзі (паркавы комплекс Гуэль, 1885—89; царква Саграда Фамілія, з 1884, не закончана; жылыя дамы Каса Батла, 1905—07, і Каса Міла, 1905—10). Сучасныя пабудовы: аўтамаб.з-д «SEAT», Дом гандлю, будынак Калегіі архітэктараў з фрызам па эскізах П.Пікаса.
Барселона. Жылы дом Каса Міла. Арх. А.Гаўдзі. 1905—10.Барселона. Дом гандлю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГРЭ́КА-ПЕРСІ́ДСКІЯ ВО́ЙНЫ 500—449 да н.э., войны паміж Персіяй і стараж.-грэч. полісамі (гарадамі-дзяржавамі) Балканскага п-ва. Гал. прычына войнаў — захопніцкая палітыка Персіі (гл.Ахеменідаў дзяржава) у басейне ўсх.ч. Міжземнага м. Падставай для перс. ўварвання паслужыла дапамога ваен. караблёў Афін і Эрэтрыі іанійскім гарадам на чале з г. Мілет, што паўсталі супраць Персіі. Першы паход перс. войска ў Грэцыю пад камандаваннем Мардонія вясной 492 да н.э. быў няўдалы: флот разбіла бура. Перс. цар Дарый накіраваў у Грэцыю паслоў з патрабаваннем «зямлі і вады», г. зн. прызнання залежнасці ад Персіі, але самыя вял. полісы — Афіны і Спарта — яму не скарыліся. Гэта стала прычынай 2-га паходу персаў. Вясной 490 да н.э.перс. армія на чале з Датысам і Артафернам пераправілася цераз мора і, захапіўшы а-вы Родас, Наксас, Дэлас і Эўбею, высадзілася на ўзбярэжжы Атыкі. 13.9.490 да н.э. аб’яднаныя сілы афінян і платэйцаў пад камандаваннем афінскага стратэга Мільтыяда ў Марафонскай бітве разграмілі перс. армію. Пасля смерці Дарыя цар Ксеркс з вял. войскам уварваўся ў Эладу. Для барацьбы з ім быў створаны абарончы саюз 31 горада на чале са Спартай. Пад Фермапіламі персы разбілі грэч. атрад на чале са спартанскім царом Леанідам, занялі Беотыю і Атыку, захапілі Афіны. Ход вайны змяніла бітва каля в-ва Саламін (28.9.480 да н.э.), якая прынесла перамогу грэкам. У 479 да н.э. каля г. Платэі разгромлена сухапутнае войска персаў, перс. флот разбіты ў вусці р. Эўрымедонт у 469. У апошняй бітве паміж персамі і грэкамі, якая адбылася ў 449 да н.э. паблізу кіпрскага г. Саламін, персы пацярпелі паражэнне. Паводле заключанага т.зв. Каліева міру Персія адмаўлялася ад гегемоніі ў Эгейскім м., грэч. гарадах М.Азіі і на шляхах у Прычарнамор’е. Перамога грэкаў у вайне была абумоўлена перавагай грэч.узбр. сіл, асабліва марскога флоту, і ваен. тактыкай, што было вынікам больш высокага ўзроўню сац.-эканам. развіцця грэч. полісаў у 5 ст. да н.э. Грэкі атрымалі новыя гандл. шляхі, новыя рынкі, паскорылася развіццё грэч. эканомікі і культуры.
Літ.:
Лисовый И.А., Ревяко К.А. Античный мир в терминах, именах и названиях. Мн., 1996.
Н.А.Дзянісава.
Да арт.Грэка-персідскія войны. Персідскія лучнікі. Барэльеф. Парыж, Луўр.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЕ́ПЕЛЬ,
горад, цэнтр Лепельскага р-на Віцебскай вобл., на беразе Лепельскага воз. За 115 км на ПдЗ ад Віцебска. Канцавая станцыя чыг. Орша—Лепель, аўтадарогамі звязаны з Полацкам, Мінскам, Віцебскам, Оршай, Улай. 19,4 тыс.ж. (1998).
Паводле пісьмовых крыніц, вядомы з 1439 як вёска і маёнтак Стары Л. на востраве Лепельскага воз. У 1558—83 тут пабудаваны Лепельскі замак, побач з ім на востраве ў 1563 засн. «места Лепель». У 1580 «места» мела 300 дамоў, якія размяшчаліся на востраве і на зах. беразе возера (цяпер в. Стары Лепель). У 1586 Л.Сапега засн. за 3 км ад «места» ў в. Белае мястэчка Белы Л., або Новы Л. (пазней Л.), куды быў перанесены гандл. цэнтр, пабудаваны замак, царква і касцёл. Належаў Сапегам. У 1772—76 Л. адм. цэнтр Полацкага ваяв. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай (1793) Л. у Рас. імперыі: у 1793—96 цэнтр Лепельскага павета Полацкай, з 1802 — Віцебскай губ. 5.4.1805 мястэчку Л. нададзены статус пав.горада, ён быў ўзяты ў казну, а жыхары пераведзены ў саслоўе мяшчан. 3.7.1812 горад захапілі франц. войскі, спалілі. У 1833 горад моцна пацярпеў ад пажару. 9.9.1852 Л. атрымаў герб «Пагоня» — у чырв. полі сярэбраны коннік. У 1864 у Л. больш за 2 тыс.ж.; 3 царквы, касцёл, капліца, 4 сінагогі, 38 мураваных і 562 драўляныя дамы, гарбарны і піваварны з-ды, 2 цагельні. У 1893 засн. метэастанцыя, у 1902 — настаўніцкая б-ка. У 1897 у Л. 6284 ж. З 1924 цэнтр Лепельскага раёна, у 1935—38 — Лепельскай акругі. З 3.7.1941 да 26.8.1944 акупіраваны ням фашыстамі, якія загубілі ў Л. больш за 1 тыс.чал. Дзейнічалі Лепельскае патрыятычнае падполле, падп. райкомы КП(б)Б і ЛКСМБ. У кастр. 1943 партызаны злучэння Віцебскай вобл. правялі Лепельскую аперацыю 1943. Горад вызвалены войскамі 3-га Бел. фронту ў ходзе Віцебска-Аршанскай аперацыі 1944. З 7.3.1963 горад абл. падпарадкавання. У 1959 у Л. 9,7, у 1970—13,1 тыс. ж.
Прадпрыемствы машынабудавання і металаапрацоўкі, дрэваапрацоўчай, харчовай (Лепельскі малочна-кансервавы камбінат) прамысловасці. У горадзе Лепельскі гідрамеліярацыйны тэхнікум, Лепельскі краязнаўчы музей. Брацкія магілы сав. воінаў і партызан, чырвонаармейцаў. Помнікі: Вызвалення, сав. воінам, партызанам і падпольшчыкам. Помнік архітэктуры — касцёл св. Казіміра (2-я пал. 19 ст.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЭНЕ́ЎСКІЯ НАРА́ДЫ 1954—59.
1) Нарада 26.4—21.7.1954 міністраў замежных спраў Вялікабрытаніі, ЗША, КНР, СССР і Францыі. Разглядала пытанні мірнага ўрэгулявання ў Карэі і Індакітаі. План аднаўлення адзінства Карэі прадугледжваў правядзенне свабодных агульнакар. выбараў у Нац. сход, вывад з краіны замежных войск. ЗША і іх саюзнікі адмовіліся прыняць план, і пытанне аб Карэі не было ўрэгулявана. 20 ліп. падпісана пагадненне пра спыненне ваен. дзеянняў у В’етнаме, устанаўленне часовай дэмаркацыйнай лініі па 17-й паралелі і тэрмінах адводу ад яе войск краін, якія ваявалі, аб вывадзе з тэр. Лаоса і Камбоджы франц. войск. На тэр. В’етнама, Лаоса, Камбоджы забаранялася ствараць ваен. базы, а дзяржавам уваходзіць у ваен. саюзы. У 1955 адбыліся выбары ў Камбоджы, у 1958 — у Лаосе, выбары ў В’етнаме ў 1956 сарвалі ЗША, якія ў 1961 пачалі вайну супраць народаў Індакітая.
2) Нарада 18—23.7.1955 кіраўнікоў урадаў Вялікабрытаніі, ЗША, СССР і Францыі. Абмеркаваны герм. пытанне, пытанне аб еўрап. бяспецы, аб развіцці кантактаў паміж Усходам і Захадам. Зах. дзяржавы выступілі за аб’яднанне Германіі шляхам ліквідацыі ГДР і ўключэння аб’яднанай краіны ў ваен.-паліт. групоўку зах. дзяржаў. СССР выступіў супраць, падкрэсліўшы, што на тэр. Германіі існуюць 2 самаст. дзяржавы з розным грамадскім і дзярж. ладам. Сав. прапанова аб узяцці СССР, ЗША, Вялікабрытаніяй і Францыяй на сябе абавязку не ўжываць першымі ядз. зброю была адхілена.
3) Нарада 27.10—16.11.1955 міністраў замежных спраў Вялікабрытаніі, ЗША, СССР і Францыі. Сав. дэлегацыя адхіліла план зах. дзяржаў аб аб’яднанні Германіі і скасаванні ГДР, унесла прапановы па еўрап. бяспецы і раззбраенні (паступовае скарачэнне ўзбр. сіл да ўзгодненых узроўняў, забарона выкарыстання ядз. зброі і інш.). Рашэнні па пытаннях раззбраення і кантактах паміж Усходам і Захадам прыняты не былі.
4) Нарада 11.5—20.6.1959 і 13.7—5.8.1959 міністраў замежных спраў Вялікабрытаніі, ЗША, СССР і Францыі. Абмеркаваны герм. пытанне, стварэнне сістэмы еўрап. бяспекі і кантролю над раззбраеннем, развіццё кантактаў паміж Усходам і Захадам. ЗША, Вялікабрытанія і Францыя адмовіліся прыняць сав. прапанову аб стварэнні дэмілітарызаванага вольнага горада — Зах. Берлін, але дасягнута дамоўленасць аб часовым статусе Зах. Берліна (агаворвалася колькасць узбр. сіл 3 дзяржаў, неразмяшчэнне на яго тэр. атамнай і ракетнай зброі, парадак доступу ў Зах. Берлін і інш.).
комплекс навукова-даследчых устаноў, будынкаў адм., гасп. і вытв. прызначэння ў Мінску. Стварэнне комплексу пачалося ў 1931—32 у паўн.-ўсх. частцы горада паводле праекта Г.Лаўрова. У аснове кампазіцыйнага вырашэння сістэма паасобных павільёнаў і карпусоў для НДІ. Першым пабудаваны 3-павярховы лабараторны корпус, павернуты гал. фасадам да гар. магістралі (цяпер Скарыны праспект). У 1934—35 праектаванне і вядзенне буд-ва ажыццяўляў арх. І.Лангбард, які, пакінуўшы першапачатковую планіроўку карпусоў, змяніў іх аб’ёмнапрасторавую кампазіцыю. Разгорнутыя пад прамым вуглом паасобныя аб’ёмы былі аб’яднаны агульным вестыбюлем з параднай 3-маршавай лесвіцай, 2-радовая каланада, пастаўленая перад ім, утварыла гал. корпус (завершаны ў 1939), надала яму ўрачыстую манументальнасць. У Вял.Айч. вайну гал. корпус пашкоджаны, у 1949 адноўлены; стаў адным з планіровачных вузлоў у забудове праспекта Скарыны. У 1960—70-я г створаны комплекс будынкаў у квартале паміж вуліцамі Сурганава і Акадэмічнай: 4—5-павярховыя карпусы ін-таў фізікі і фізіка-арган. хіміі (арх. А.Іваноў), матэматыкі (арх. А.А.Воінаў), агульнай і неарган. хіміі (арх. Г.Бенядзіктаў), фотабіялогіі, заалогіі, СКБ Ін-та фізікі (арх. А.А.Воінаў), Цэнтр.навук. б-кі імя Я.Коласа (арх. Э.Гальдштэйн).
На сумежных вуліцах узведзены будынкі ін-таў тэхн. кібернетыкі (арх. А.Беразоўскі, Ю.Грыгор’еў), фізікі цвёрдага цела і паўправаднікоў (А.Шчусеў) і інш. Да гал. корпуса з боку вул. Акадэмічнай прыбудаваны корпус прэзідыума (цяпер Ін-т гісторыі; 1964, арх. Н.Аладава, В Ладыгіна). У 1977 завершана буд-ва двух 14-павярховых карпусоў уздоўж вуліц Сурганава і Акадэмічнай, павернутых пад вуглом адзін да аднаго і аб’яднаных аб’ёмам канферэнц-залаў і Музеем стараж.-бел. культуры Ін-та мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору імя К.Крапівы (арх. А.Духан, А.Красоўскі, Л.Хаюцін). З 1972 вядзецца буд-ва новага акадэмгарадка па вул. Жодзінскай (праект ін-та «Белдзяржпраект») на тэр. 310 га. Ён будзе складацца з адм.-грамадскага цэнтра, навук.-вытв. і жылой зон. Комплексы ўключаюць 2—3 групы, у кожнай па 4 будынкі рознага функцыян. прызначэння, аб’яднаныя паміж сабой пераходамі. Узведзены (1983) карпусы ін-таў фізікатэхн. і мікрабіялогіі (арх. В.Малышаў, А.Пецярбуржцаў, Я.Яснагародскі), геафізікі і геахіміі (арх. М.Вінаградаў, Г.Гераўкер, Б.Папоў) і інш.Іл.гл. да арт.Мінск.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МЯШЧА́НЕ (ад польскага mieszczanin гараджанін),
гарадское падатковае саслоўе ў ВКЛ у 14—18 ст. (у Расіі ў 1775—1917), якое ўключала розныя катэгорыі гараджан: рамеснікаў, дробных гандляроў і домаўладальнікаў, купецтва і інш. У Беларусі тэрмін «М.» замацаваўся ў 15 ст. Да М. залічвалі тую частку рамеснікаў, у т. л. цэхавых, купцоў, дробных гандляроў, якая падпарадкоўвалася магдэбургскаму праву. У некаторых гарадах Беларусі (Віцебск, Полацк) у склад М. уваходзіла і землеўласніцкая частка гараджан, якая выконвала вайсковы абавязак — конныя, путныя, пасельскія М. Яны былі вызвалены ад падаткаў і складалі прывілеяваную групу гараджан. Пасля далучэння Беларусі да Рас. імперыі на М. бел. гарадоў пашырана рас. заканадаўства. У Расіі першапачаткова М. называлі гараджан ВКЛ і Рэчы Паспалітай. Гэтая назва захоўвалася і за гараджанамі Смаленшчыны пасля яе далучэння да Расіі (1667). У 2-й пал. 17 — пач. 18 ст. ў Маскве існавала Мяшчанская слабада, населеная бел. рамеснікамі, вывезенымі ў час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. З 1775 М. — назва асобнага гар. саслоўя Рас. імперыі. Акты 1775 і 1785 залічылі да М. пасадскіх людзей з капіталам менш за 500 руб., у т. л. частку купцоў, і некаторыя інш. катэгорыі гараджан, якія не ўваходзілі ў купецкія гільдыі і рамесныя цэхі. М. выконвалі рэкруцкую павіннасць, былі абмежаваны ў праве перамяшчацца, да 1863 на іх пашыраліся цялесныя пакаранні. Званне М. было спадчынным, аднак іх склад папаўняўся за кошт збяднелых купцоў, прыватнаўласніцкіх сялян, якія выкупіліся на волю або былі адпушчаны памешчыкамі. М., што разбагацелі, маглі перайсці ў гільдзейскае купецтва. М. кожнага горада, пасада, або мястэчка ўтваралі асобую мяшчанскую грамаду, якой кіравалі мяшчанскі стараста і яго памочнікі. У выніку рэформ 1860-х г. многія М. атрымалі доступ да дзярж. службы, сталі людзьмі «вольных прафесій». У 1897 у Расіі было 7449,3 тыс. М. (44,3% гар. насельніцтва). У бел. губернях, паводле перапісу 1897, М. і купцоў было 1800,1 тыс.чал. — 22,4% насельніцтва, а ў гарадах (без мястэчак) 69,5% насельніцтва. Мяшчанскае саслоўе і інш. саслоўі Расіі скасаваны дэкрэтам ЦВК ад 23.11.1917.
Літ.:
Копысский З.Ю. Экономическое развитие городов Белоруссии в XVI — первой половине XVII в. Мн., 1966;
Лютый А.М. Социально-экономическое развитие городов Белоруссии в конце XVIII — первой половине XIX в. Мн., 1987.