прадпрыемства са спецыяльна абсталяванай печчу для смалакурэння, гонкі дзёгцю, выпальвання драўніннага вугалю, вытв-сці попелу паташу. Былі пашыраны ў 15 — сярэдзіне 19 ст., у асн. у лясістых усх. і паўд. частках Беларусі (Падняпроўе і Палессе). Належалі пераважна буйным землеўладальнікам і лесапрамыслоўцам. Асн. катэгорыямі рабочых на будзе былі буднікі; абслуговы персанал — конюхі, кавалі, бондары, цагельнікі і інш.; адм. апарат — атаман, пісар, казначэй (шафар) і наглядчык (дазорца). На тэр. буды размяшчаліся вытв.ўчастак, склады для сыравіны і гатовай прадукцыі, памяшканні для адміністрацыі і абслуговага персаналу. З сярэдзіны 19 ст. ў сувязі са скарачэннем сыравіннай базы і паніжэннем попыту на прадукцыю буды паступова пачалі знікаць. У 19 ст. лепш абсталяваныя буды часцей называліся смалярнямі ці смалакурнямі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МСТЭД-АКТ (ад англ. homestead сядзіба, участак),
закон аб зямельных надзелах у ЗША, прыняты ў маі 1862 у ходзе Грамадзянскай вайны ў ЗША 1861 — 65 і Рэканструкцыі Поўдня. Паводле гэтага закона кожны грамадзянін ЗША, які дасягнуў 21 года і не ваяваў супраць Поўначы, мог атрымаць з зямель грамадскага фонду ўчастак зямлі не больш за 160 акраў (65 га) пасля выплаты рэгістрацыйнага збору. Пасяленец, які прыступіў да апрацоўкі зямлі і пачаў на ёй забудоўвацца, праз 5 гадоў атрымліваў права бясплатнай уласнасці на зямлю. Паводле Гомстэд-акта ў ЗША было раздадзена каля 2 млн. надзелаў агульнай пл. 285 млн. акраў (115 млн.га). Гомстэд-акт і мерапрыемствы супраць рабаўладальнікаў Поўдня азначалі перамогу ў ЗША ў нац. маштабе фермерскага («амерыканскага») шляху развіцця ў сельскай гаспадарцы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КА́МЕНЬ-КАШЫ́РСКАЯ АПЕРА́ЦЫЯ 1943,
баі партыз. брыгады імя Молатава супраць ням.-фаш. захопнікаў у Вял.Айч. вайну 22.7.1943 на чыг. ст. Камень-Кашырскі Валынскай вобл. (Украіна) і 23.7.1943 на ст. Янаў-Палескі Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. Задачай аперацыі было знішчыць варожы гарнізон на ст. Камень-Кашырскі і спыніць рух эшалонаў праціўніка. Атрад імя Суворава (70 байцоў, камандзір А.С.Кузічкін) скрытна зрабіў 55-кіламетровы марш і раптоўным ударам у ноч на 22 ліп. знішчыў станцыйныя збудаванні, склады з маёмасцю чыгункі. Развіццём аперацыі з’явіўся удар па ст. Янаў-Палескі 23 ліп. атрадам імя Чапаева (камандзір І.С.Зайкоў). Партызаны спалілі дэпо з 3 паравозамі, цыстэрну з гаручым. У выніку аперацыі ўчастак чыгункі Камень-Кашырскі—Янаў-Палескі быў надоўга выведзены са строю.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОНАХРАМА́ТАР [ад мона... + грэч. chroma (chrōmatos) колер] у оптыцы, прылада для вылучэння вузкіх інтэрвалаў даўжынь хваль (ці частот) аптычнага (бачнага, інфрачырвонага, ультрафіялетавага) выпрамянення; адна са спектральных прылад.
Святло праходзіць праз уваходную шчыліну М., люстраны або лінзавы аб’ектыў-каліматар, які фарміруе пучок паралельных прамянёў і накіроўвае яго на дыспергавальны элемент (прызму аптычную ці дыфракцыйную рашотку), пасля чаго прамяні з рознай даўжынёй хвалі распаўсюджваюцца пад рознымі вугламі. Выхадны аб’ектыў утварае ў факальнай плоскасці спектр — сукупнасць прасторава разнесеных відарысаў уваходнай шчыліны ў прамянях з рознай даўжынёй хвалі Выхадная шчыліна аддзяляе пэўны невял. ўчастак спектра, выбар якога вызначаецца паваротам дыспергавальнага элемента. Выкарыстоўваецца як састаўная частка крыніц монахраматычнага выпрамянення і спектрафатометраў, з дапамогай якіх вымяраюць энергію, выпрамененую даследаванымі аб’ектамі ў розных абласцях спектра.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАПРА́ВА,
1) месца, дзе перапраўляюцца на другі бераг (на паромах, лодках і інш.), а таксама ўчастак ракі, возера, які выкарыстоўваецца войскамі пры фарсіраванні водных перашкод.
2) Перавозка войск і баявой тэхнікі цераз водныя перашкоды пры дапамозе пераправачных сродкаў або пераход войск цераз перашкоды па мастах, брадах, ільдах, а таксама пераадольванне іх уплаў П. бываюць: дэсантныя — для пераадольвання воднай перашкоды гал. чынам падраздзяленнямі першага эшалона на штатных плавальных сродках; паромныя — для падраздзяленняў з іх баявой тэхнікай; маставыя — для калон войск з іх узбр. і баявой тэхнікай (гл.Мост ваенны); чыгуначныя — для чыг. саставаў або асобных вагонаў на спец. суднах-паромах. Могуць ажыццяўляцца П. танкаў пад вадой. Будуюць несапраўдныя П. (для падману праціўніка), а таксама пераправы ўброд, па лёдзе і інш. П. абсталёўваюцца і маскіруюцца, на іх арганізавана каменданцкая служба.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАТАНІ́ЧНЫ САД БДУ.
Арганізаваны ў 1933 па ініцыятыве У.У.Адамава на тэр. універсітэцкага гарадка ў Мінску. З 1967 у в. Шчомысліца пад Мінскам (на базе вучэбнай гаспадаркі БДУ). Пл. 25 га. Батанічны сад БДУ уключае дэндрарый (закладзены ў 1930-я г. дэндролагам І.І.Собалевым), лесапарк, участак сістэматыкі раслін (460 відаў), участкі кветкавых (400 відаў), с.-г. (харч., кармавых), тэхн. (160 відаў), лек. (150 відаў), фларыстычны ўчастак дзікарослых травяністых (350 відаў) раслін Сібіры, Д.Усходу, Крыма, Каўказа, Карпат, Сярэдняй Азіі, Паўн. Амерыкі. У калекцыях больш за 1800 відаў, формаў і сартоў раслін, у т. л. рэдкія і каштоўныя дрэўныя экзоты (328 відаў). Большасць зімаўстойлівыя, добра цвітуць, пладаносяць і даюць насенне. База для падрыхтоўкі студэнтаў-біёлагаў, правядзення навук. даследаванняў і культ.-асв. работы ў галіне прыродазнаўства і аховы прыроды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НАПРУ́ЖАННЕ ЭЛЕКТРЫ́ЧНАЕ,
энергетычная характарыстыка ўчастка электрычнага ланцуга або электрычнага поля. Н.э. роўнае адносінам работы па перамяшчэнні эл. зараду з аднаго пункта поля ў другі да абс. велічыні гэтага зараду. У патэнцыяльных палях роўнае рознасці патэнцыялаў паміж гэтымі пунктамі і не залежыць ад шляху, па якім перамяшчаецца зарад.
Паняцце Н.э. ўвёў Г.Ом, які прапанаваў гідрадынамічную мадэль эл. току для тлумачэння адкрытага ім эмпірычнага закона (гл.Ома закон). Для аднароднага ўчастка ланцуга з пастаянным токам Н.э.U = IR, дзе I — сіла току, R — амічнае супраціўленне ўчастка ланцуга. Калі ўчастак неаднародны, U = IR + E, дзе E — электрарухальная сіла на гэтым участку. У ланцугах пераменнага току пад Н.э. разумеюць яго эфектыўнае значэнне, вызначанае па цеплавым уздзеянні току,
, дзе Umax — амплітуднае (найбольшае) значэнне напружання. Для вымярэнняў Н.э. ў эл. ланцугах карыстаюцца вальтметрамі. Адзінка Н.э. ў СІ — вольт.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЙЛ ((Ryle) Марцін) (27.9.1918, г. Брайтан, Вялікабрытанія — 14.10.1984),
англійскі радыёастраном. Чл. Лонданскага каралеўскага т-ва (1952), Нац.АН ЗША (1975). Замежны чл. Каралеўскай Дацкай акадэміі навук і л-ры (1968), Амер. акадэміі мастацтваў і навук (1970), АНСССР (1971). Скончыў Оксфардскі ун-т (1939). З 1945 у Кембрыджскім ун-це (з 1957 праф.), у 1957—82 дырэктар Малардскай радыёастр. абсерваторыі. У 1972—82 на пасадзе Каралеўскага астранома. Навук. працы па вывучэнні радыёвыпрамянення Сонца, ідэнтыфікацыі квазараў, статыст. аналізе радыёкрыніц у Сусвеце, касмалогіі. Стварыў першы радыёінтэрферометр (1946, разам з Дж.Позі). Пры дапамозе пабудаванага ім двухантэннага радыётэлескопа даследаваў вял.ўчастак неба і адкрыў 5 тыс. радыёкрыніц (1957). Прапанаваў метад апертурнага сінтэзу. Нобелеўская прэмія 1974 (разам з Э.Х’юішам).
Тв.:
Рус.пер. — Радиотелескопы с большой разрешающей силой // Успехи физ. наук. 1975. Т. 117, вып. 2.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БІЯСФЕ́РНЫ ЗАПАВЕ́ДНІК,
асабліва ахоўны ўчастак біясферы, амаль не зменены ці слаба зменены пераўтваральнай дзейнасцю чалавека. Выкарыстоўваецца як фонавы запаведна-эталонны аб’ект для вывучэння агульнабіясферных, рэгіянальных і лакальных прыродных працэсаў (уключаючы назіранні за іх антрапагеннымі зменамі). Уваходзіць у сістэму глабальнага маніторынгу. Ствараюцца паводле навук.міжнар. праграмы ЮНЕСКА «Чалавек і біясфера» для даследавання эвалюцыі экасістэм. У свеце каля 300 біясферных запаведнікаў (1995), якія размешчаны ў найб. характэрных экасістэмах розных біягеаграфічных правінцый.
Прынцыповая схема біясфернага запаведніка складаецца з абсалютна ахоўнай тэр. — ядра, вакол якога вылучаюцца буферная зона, потым зона звычайнага, але строга рацыянальнага гасп. выкарыстання тэрыторыі. Тэарэтычна біясферныя запаведнікі павінны існаваць як прыродныя самарэгулёўныя сістэмы, таму звычайна займаюць вял. плошчы (дзесяткі тысяч квадратных кіламетраў) і экалагічна адасоблены ад суседніх экасістэм. Для геагр. зоны, да якой належыць Беларусь, дапушчальныя плошчы біясферных запаведнікаў 50—100 тыс.га, ідэальная — да 250 тыс.га. З 1978 існуе Бярэзінскі біясферны запаведнік.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАПЫ́ЛЬСКІЯ БАІ́ 1942, 1944,
баі партызан брыгады імя Варашылава Мінскай вобл. (адбыліся 9.8.1942) і 27-й імя Чапаева брыгады (29.6.1944) з ням.-фаш. захопнікамі ў г.п. Капыль у Вял.Айч. вайну. Да восені 1942 амаль уся тэр. Капыльскага р-на была ахоплена партыз. рухам. Частка гітлераўцаў схавалася ў добра ўмацаваным гарнізоне ў Капылі. Вечарам 9.8.1942 партызаны брыгады імя Варашылава атакавалі гарнізон, бой працягваўся 3 гадз. Партызаны занялі ўскраіны пасёлка, аднак пераадолець супраціўленне ворага, які засеў у мураваных будынках у цэнтры Капыля, партызанам не ўдалося, і яны адступілі, забраўшы з сабой захопленыя ў баі зброю, боепрыпасы, прадукты. 29.6.1944 партызаны 27-й імя Чапаева брыгады вялі бой за вызваленне Капыля. Камандаваў боем камбрыг М.А.Шастапалаў. Партызаны (каля 1500 чал.) разграмілі гарнізон праціўніка, які налічваў каля 700 салдат і афіцэраў, і ўтрымлівалі гар. пасёлак і ўчастак чыгункі Слуцк—Баранавічы да падыходу 1.7.1944 часцей Сав. Арміі.