ПАРАБІЁЗ (ад пара... + ...біёз),

1) рэакцыя ўзбудлівай тканкі (нерва, мышцы) на ўздзеянне раздражняльнікаў, якая характарызуецца нізкай лабільнасцю і немагчымасцю правядзення зададзенага рытму раздражнення. Мае некалькі фаз: правізарную, або ўраўняльную — здольнасць нерва (мышцы) да правядзення рытмічных імпульсаў аднолькава зніжана для раздражнення любой сілы; парадаксальную — моцныя раздражненні не перадаюцца праз зменены ўчастак нерва, а слабыя здольны выклікаць значныя скарачэнні мышцы; тармазную — нерв страчвае здольнасць да правядзення ўзбуджэння. П. — з’ява абарачальная, але ўзмацненне шкоднага фактару прыводзіць да неабарачальных парушэнняў жыццядзейнасці і смерці.

2) Штучнае злучэнне 2 арганізмаў праз крывяносную сістэму або праз зрошчванне іх тканак для вывучэння ўзаемнага ўплыву.

А.​С.​Леанцюк.

т. 12, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)