АВАГА́ДРА ((Avogadro) Амедэо) (9.8.1776, г. Турын — 9.7.1856),
італьянскі фізік і хімік. Атрымаў юрыд. адукацыю, самастойна вывучаў хімію, фізіку і матэматыку. Чл.-кар. (1804), ардынарны акад. (1819) АН у Турыне. У 1820—22 і 1834—50 праф. фізікі Турынскага ун-та. Прапанаваў гіпотэзу (1811), паводле якой малекулы газаў складаюцца з аднаго або некалькіх атамаў (гэтая думка выказана на 70 гадоў раней М.В.Ламаносавым). Сфармуляваў адзін з асн. законаў ідэальных газаў (гл.Авагадра закон), прапанаваў метад вызначэння атамных і малекулярных масаў. Імем Авагадра наз.Авагадра пастаянная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРЭЦІ́НА ((Aretino) П’етра) (19.4.1492, г. Арэца, Італія — 21.10.1556),
італьянскі пісьменнік і публіцыст эпохі Адраджэння. У памфлетах-«прадказаннях», сатырах, пасквілях выступаў супраць манархаў і Ватыкана, за што быў празваны «бічом уладыкаў». Еўрап. вядомасць набылі 5 «Дыялогаў» Арэціна, тры з якіх наз. «Разважанні» (1534, 1536, 1539). Разам з Н.Макіявелі заснаваў італьян. камедыю нораваў («Прыдворнае жыццё», 1534; «Крывадушнік», 1542, і інш.). Шырокую карціну грамадскага і культ. Жыцця Італіі 1-й пал. 16 ст. дае яго эпісталярная спадчына (больш за 3 тыс. лістоў). Творчая манера Арэціна адметная рэзкасцю выказванняў, дасціпнасцю і сарказмам. У 1558 царква ўнесла яго творы ў спіс забароненых.
італьянскі жывапісец, афартыст. Пляменнік і вучань К.Каналета. Працаваў у Венецыі, Дрэздэне, Вене, Мюнхене; у 1767—80 у Варшаве, прыдворны мастак караля Станіслава Аўгуста Панятоўскага. Майстар ведуты — дакументальна дакладнага арх. пейзажа. Аўтар серабрыстых па каларыце, крыху сухіх па малюнку відаў Венецыі, Дрэздэна, Варшавы і інш. гарадоў: «Від на Турын» (каля 1745), «Від на Дрэздэн з правага берага Эльбы ніжэй Аўгустусбруке» (1748), «Від на замак Кёнігштайн» (1764), «Від на мост Наві ў Вероне» (каля 1770), «Від на Варшаву» (1779) і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕРТАЛУ́ЧЫ ((Bertolucci) Бернарда) (н. 16.3.1940, г. Парма, Італія),
італьянскі кінарэжысёр, вядомы і як паэт. З 1961 працаваў у П.Пазаліні, уплыў якога адчувальны ў фільмах Берталучы «Перад рэвалюцыяй», «Партнёр» (паводле аповесці Ф.Дастаеўскага «Двайнік»), дзе прагучала тэма маладзёжнага бунту, якая з горыччу і пачуццём страчаных ілюзій адгукнулася ў стужках «Стратэгія павука» (1970), «Апошняе танга ў Парыжы» (1972). Разнастайнасць праблематыкі і формы сведчыць пра пастаянныя творчыя пошукі рэжысёра. У фільмах «Канфарміст» (1970) і «Месяц» (1979) — ідэя ўлады цёмных, скрытых псіхал. комплексаў над асобай; «Дваццатае стагоддзе» (1976) і «Апошні імператар» (1987, прэмія «Оскар») — матыў супраціўлення чалавека ролі марыянеткі, якую яму навязваюць.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЖАЛІ́ЦІ ((Giolitti) Джавані) (27.10.1842, г. Мандаві, Італія — 17.7.1928),
італьянскідзярж. дзеяч. У 1889—90 міністр казначэйства, у 1901—03 міністр унутр. спраў. Прэм’ер-міністр у 1892—95, 1903—05, 1906—09, 1911—14, 1920—21. Найб. паслядоўны прадстаўнік італьян. лібералізму 20 ст., імкнуўся пашырыць сац. базу рэжыму. Урад Дж. жорстка задушыў сял. рух на Пд Італіі, развязаў захопніцкую вайну з Турцыяй (1911—12). У час 1-й сусв. вайны выступаў супраць удзелу ў ёй Італіі на баку Антанты. Падтрымаў прыход да ўлады фашыстаў (1922), з 1924 у апазіцыі У 1928 выступаў супраць скасавання фашыстамі парламенцкага рэжыму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЗЕФІРЭ́ЛІ ((Zeffirelli) Франка) (н. 12.2.1923, г. Фларэнцыя, Італія),
італьянскі рэжысёр, мастак. Вучыўся ў Акадэміі прыгожых мастацтваў у Фларэнцыі. Працаваў акцёрам і асістэнтам у Л.Вісконці. З 1950-х г. ставіў драм. і оперныя спектаклі ў Італіі і за мяжой. Мастак шэрагу сваіх пастановак. З 1957 у кіно. Вядомасць яму прынеслі экранізацыі твораў У.Шэкспіра «Утаймаванне свавольніцы» (1967) і «Рамэо і Джульета» (1968, «Оскар»), Сярод інш. фільмаў: «Брат Сонца, сястра Месяц» (1972), «Ісус з Назарэта» (1977, тэле- і кінаварыянты), кінаверсія оперы «Травіята» Дж.Вердзі (1982). Для рэжысуры Дз. характэрныя ўвага да вытанчаных маляўнічых кампазіцый кадра, імкненне да праўдзівай рэканструкцыі эпохі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГУ́ЧЫ ((Gucci) Санці) (каля 1530, г. Фларэнцыя, Італія — да 3.2.1600),
італьянскі архітэктар і скульптар позняга Адраджэння. Да 1558 прыехаў у Польшчу як прыдворны архітэктар. Кіраваў у г. Пінчаў скульпт. майстэрняй. Асн. творы: надмагіллі караля Жыгімонта II Аўгуста (1573), каралевы Ганны Ягелонкі (1574—75), Стафана Баторыя (1594—95) — усе ў каралеўскім замку на Вавелі ў Кракаве, капэла і надмагілле Гучы і А.Браніцкіх у касцёле ў Непаламіцах (1596; Кракаўскае ваяв.). Удзельнічаў у буд-ве замкаў у Непаламіцах (1567—68) і Баранаве-Сандамерскім (1579—1602; Жэшаўскае ваяв.), палаца «Міраў» у Ксёнжы-Велькім (1585—95).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІРЛАНДА́ЙО (Ghirlandaio; сапр.ды Тамаза Бігордзі; di Tommaso Bigordi) Даменіка
(1449, г. Фларэнцыя, Італія — 11.1.1494),
італьянскі жывапісец эпохі ранняга Адраджэння. Прадстаўнік фларэнційскай школы. Вывучаў помнікі ант. мастацтва, зазнаў уплыў нідэрл. жывапісу 15 ст. У час знаходжання ў Рыме 1481—82 выканаў фрэску апосталаў Пятра і Паўла ў Сіксцінскай капэле Ватыкана. Лепшыя творы Гірландайо сталага перыяду (цыклы размалёвак у капэле Сасеці царквы Санта-Трыніта, 1483—86, і ў царкве Санта-Марыя Навела, 1485—90, у Фларэнцыі) адзначаны архітэктанічнай яснасцю кампазіцыі, спакойнай апавядальнасцю, падрабязным паказам фларэнційскага быту, яркімі партрэтнымі вобразамі (партрэт старога з унукам).
Д.Гірландайо. Святы Хрыстафор і дзіця Хрыстос. 1475.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАСІ́ГА ((Cossiga) Франчэска) (н. 26.7.1928, г. Сасары, Італія),
італьянскіпаліт. і дзярж. дзеяч. Праф. у галіне канстытуцыйнага права ва ун-це г. Сасары. Чл.Хрысц.-дэмакр. партыі (ХДП, 1945—85). Дэп. парламента (з 1958) і адзін з кіраўнікоў парламенцкай групы ХДП (з 1963). У 1966—74 дзярж. сакратар у шэрагу мін-ваў, у 1974—75 міністр па рэформе сістэмы кіравання, у 1975—78 міністр унутр. спраў (рэарганізаваў паліцыю, стварыў падраздзяленні па барацьбе з тэрарызмам); падаў у адстаўку пасля забойства «чырвонымі брыгадамі» А.Мора. У 1979—80 прэм’ер-міністр, у 1983—85 старшыня сената. У 1985—92 прэзідэнт Італьян. Рэспублікі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАМБРО́ЗА ((Lombroso) Чэзарэ) (6.11.1835, г. Верона, Італія — 9.10.1909),
італьянскі судовы псіхіятр і крыміналіст, заснавальнік антрапалагічнай школы права. Скончыў Павійскі ун-т (1858). З 1862 праф. Павійскага, з 1896 Турынскага ун-таў. Л. сцвярджаў, што злачынства звычайная з’ява, што існуе асобы тып «прыроджанага злачынцы», які не можа не рабіць злачынства; ён валодае асобымі фіз. прыкметамі («стыгматамі»), напр., у яго нізкі лоб, сплюшчаны нос, рэдкая барада і да т. п. Пазней Л. прызнаваў значэнне сац. прычын злачыннасці, што дало падставу лічыць яго тэорыю біясацыялагічнай. Паводле сваіх паліт. поглядаў Л. — прыхільнік расавай тэорыі.
Тв.:
Рус.пер. — Гениальность и помешательство: [Сб. работ]. М., 1995.