«БЕРАЗІ́НСКІ»,

торфабрыкетны завод у Беларусі, у пас. Беразінскае Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. Створаны ў 1949—53 як торфапрадпрыемства «Беразінскае», у 1959 на ім пабудаваны торфабрыкетны з-д. Працуе на базе Беразінскага радовішча торфу (гл. Бярэзінскае балота). Асн. прадукцыя (1995): торфабрыкеты на мясц. паліва.

т. 3, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА,

у старажытнаегіпецкай міфалогіі адзін з элементаў, што складаюць чалавечую сутнасць. Ім быццам бы валодалі толькі багі і фараоны, пазней Ба ўвасаблялі жыццёвую сілу ўсіх людзей. Ба ўяўлялі ў выглядзе птушкі з галавой, зрэдку і рукамі чалавека. Ба мелі не толькі людзі, але і гарады.

т. 2, с. 177

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АПЛІКАТУ́РА,

спосаб размяшчэння і парадак чаргавання пальцаў пры ігры на муз. інструменце, а таксама яго абазначэнне ў нотах. Залежыць ад спецыфікі канструкцыі інструмента і прыёмаў ігры на ім, ад індывід. асаблівасцяў будовы рук выканаўцы. Зручная аплікатура — дзейсны сродак выразнасці выканання твора.

І.​Дз.​Назіна.

т. 1, с. 428

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРА́БСКІ ФОНД ЭКАНАМІ́ЧНАГА І САЦЫЯ́ЛЬНАГА РАЗВІЦЦЯ́ (Arab Fund for Ekonomicand Social Development; АФЭСР),

міжнародная фінансава-крэдытная арг-цыя. Засн. ў 1968. Члены — 21 краіна Блізкага Усходу і Паўн. Афрыкі. Штаб-кватэра ў Кувейце. Мэта: садзейнічаць эканам. і сац. прагрэсу арабскіх краін, даючы ім крэдыты.

т. 1, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЭСО́РБЦЫЯ (ад дэ... + сорбцыя),

выдаленне з вадкасцей ці цвёрдых цел рэчываў, якія яны паглынулі пры абсорбцыі і адсорбцыі; працэс, адваротны адсорбцыі. Д. робяць награваннем адсарбенту, зніжэннем ціску над ім, апрацоўкай яго растваральнікамі. Выкарыстоўваюць у прам-сці для рэгенерацыі гетэрагенных каталізатараў, атрымання розных рэчываў (пры рэкуперацыі).

т. 6, с. 358

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЯМЁШКА,

у беларусаў рэдкая страва з мукі. Жытнюю, радзей грэцкую муку падпрэжвалі, потым засыпалі ў круты вар або залівалі ім, варылі ў печы пры агні. У наш час Л. часам называюць зацірку, рэдкі кулеш, мяшанку жывёле. Вядома на Брэстчыне, Гомельшчыне, Магілёўшчыне.

Г.​Ф.​Вештарт.

т. 9, с. 423

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕРЭІ́ДЫ,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі марскія німфы, 50 дачок марскога бога Нерэя. Іх імёны ўказваюць на зменлівасць, глыбіню, імклівасць і капрызнасць мора. Лічылася, што Н. добра ставяцца да людзей і дапамагаюць ім у бедствах. Найб. вядомыя з Н.: Амфітрыта (жонка Пасейдона), Фетыда (маці Ахіла), Галатэя.

т. 11, с. 295

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕСУПЯРЭ́ЧЛІВАСЦЬ, сумяшчальнасць,

лагічны крытэрый карэктнасці (правільнасці) некаторага сцвярджэння, разважання або іх сукупнасці (тэорыі). Н. злічэння азначае лагічную магчымасць яго інтэрпрэтацыі і з’яўляецца неабходнай умовай яго практычнай рэалізацыі. Трактоўка паняцця «Н.» і шляхі вырашэння звязаных з ім цяжкасцей адрозніваюцца ў розных школах логікі і матэматыкі.

т. 11, с. 298

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЯЎСТО́ЙКА,

устаноўленая законам або дагаворам грашовая сума, якая спаганяецца з даўжніка ў выпадку невыканання або неналежнага выканання ім абавязацельства, у прыватнасці ў выпадку пратэрміноўкі выканання; адзін са спосабаў забеспячэння выканання абавязацельстваў. Пагадненне пра Н. складаецца ў пісьмовай форме (інакш несапраўднае). Разнавіднасці Н. — штраф і пеня.

т. 11, с. 421

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́БЫШАЎ Міхаіл Паўлавіч (19.11.1885, в. Пагарэлае Цвярской вобл. — 7.7.1964),

рускі тэатр. мастак і педагог. Нар. мастак Расіі (1961). Скончыў Вучылішча тэхн. малявання Штыгліца ў Пецярбургу (1907). Выкладаў у Ленінградскай АМ (з 1926, праф. з 1939), Маскоўскім маст. ін-це (1943—47). Створаныя ім дэкарацыі і касцюмы вылучаюцца тонкім пачуццём стылю, дэкар. графічнасцю. Сярод аформленых ім спектакляў: «Залаты пеўнік» М.​Рымскага-Корсакава ў Малым Петраградскім акад. т-ры (1923), «Рыгалета» Дж.​Вердзі ў Оперным т-ры імя К.​С.​Станіслаўскага ў Маскве (1939), «Медны коннік» Р.​Гліэра ў Ленінградскім т-ры оперы і балета і Вял. т-ры ў Маскве (1949), «Карсар» А.​Адана ў Кіеўскім т-ры оперы і балета (1956). У Дзярж. т-ры оперы і балета БССР аформіў оперу «Князь Ігар» А.​Барадзіна (1934), балеты «Капелія» Л.​Дэліба (1935) і «Канёк-Гарбунок» Ц.​Пуні (1936).

Літ.:

Кручина-Богданов В.И. М.​П.​Бобышов. М., 1957.

т. 3, с. 200

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)