ЛУКО́МСКІ ЗА́МАК Існаваў у 14—16 ст. Размяшчаўся каля правага берага р. Лукомка (зараз в. Лукомль Чашніцкага р-на Віцебскай вобл.). Паводле «Спіса рускіх гарадоў далёкіх і блізкіх», у 14 ст. Лукомль лічыўся горадам з магутным і добра ўмацаваным замкам. У 1386 аб’яднаныя войскі прускіх і лівонскіх рыцараў аблажылі замак. Гарнізон мужна і доўга абараняўся, шмат крыжакоў загінула пад сценамі Лукомля, аднак у ходзе працяглай аблогі і штурму замак быў узяты. У час Лівонскай вайны 1558—83 у 1563 горад і замак захапіла і знішчыла войска Івана IV Грознага. Замак больш не аднаўляўся. Рэшткі вял. валоў аглядваў у 1573 гісторык М.​Стрыйкоўскі, які адзначыў, што на гэтым месцы быў некалі вял. замак. З 17 ст. дакументы згадваюць толькі вёску Лукомль.

т. 9, с. 365

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДБЯРЭ́СКІЯ,

шляхецкі род герба «Газдава» ў ВКЛ. Родапачынальнік полацкі баярын Яцка Сенькавіч (? — пасля 1520) быў жанаты з сястрой кн. Сямёна Ямантавіча-Падбярэскага Ульянай. Пасля смерці бяздзетнага князя (1540) Ульяна адсудзіла маёнтак Падбярэззе ў Аршанскім пав. і інш. ўладанні на карысць сваіх сыноў Рыгора і Івана Яцкавічаў. З іх Рыгор (1510? — пасля 1585) атрымаў пры падзеле з братам Падбярэззе і Бачэйкава і пачаў ужываць прозвішча П. Яго нашчадкі неаднаразова займалі павятовыя пасады, пераважна ў Аршанскім пав. З іх найб. вызначыўся Рыгор Казімір (1620? — 77), сын Аляксандра, ротмістр казацкай харугвы ВКЛ з 1643, удзельнік Лоеўскай бітвы 1649 з укр. казакамі, вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67, ваявода смаленскі з 1667. Існаваў іншы род П., якія карысталіся гербам «Тарнава» змененая.

В.​Л.​Насевіч.

т. 11, с. 488

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАНДЭ́РА (Сцяпан Андрэевіч) (1.1.1909, с. Стары Угрынаў Івана-Франкоўскай вобл., Украіна — 15.10.1959),

дзеяч украінскага нац. руху, лідэр Арганізацыі ўкраінскіх нацыяналістаў (АУН). Чл. АУН з 1929, з 1940 (пасля яе падзелу) кіраўнік фракцыі бандэраўцаў — АУН(б). Арганізоўваў і ажыццяўляў тэрарыст. дзейнасць супраць польск. улад у адказ на іх антыўкр. палітыку на Зах. Украіне. Двойчы прыгавораны да пакарання смерцю. З пач. 2-й сусв. вайны супрацоўнічаў з гітлераўскімі спецслужбамі. За абвяшчэнне без згоды ням. акупац. улад акта пра ўтварэнне «Украінскай самастойнай саборнай дзяржавы» зняволены ў канцлагеры Заксенгаўзен і Араніенбург. З 1943 АУН(б) абвясціла стратэгію «двухфрантавой» барацьбы (у т. л. і на тэр. Бел. Палесся) супраць Берліна і Масквы. Бандэра вызвалены з канцлагера па загадзе Г.​Гімлера ў кастр. 1944. Пасля вайны жыў у Мюнхене. Быў атручаны.

т. 2, с. 279

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬГЕ́РДАВІЧЫ,

галіна велікакняжацкай дынастыі ў ВКЛ у 14—16 ст.; нашчадкі вял. князя Альгерда. Мелі ўдзелы на Беларусі, Украіне і ў велікарус. землях. Ад 2 жонак (князёўнаў Марыі Віцебскай і Ульяны Цвярской) Альгерд меў 12 сыноў і 9 дачок. Усе сыны праваслаўныя, некаторыя з 1386 католікі. Вял. князямі ВКЛ з роду Альгердавічаў былі сыны Альгерда Ягайла і Свідрыгайла. Нашчадкі Альгерда сыны Ягайлы наз. Ягелонамі. Нашчадкі Дзмітрыя Альгердавіча наз. князямі Трубяцкімі, нашчадкі Уладзіміра Альгердавіча і яго сына Алелькі (Аляксандра) — князямі Алелькавічамі (Слуцкімі), нашчадкі Івана Уладзіміравіча — князямі Бельскімі; нашчадкі Фёдара Альгердавіча — князямі Кобрынскімі, іх сваякі — князямі Сангушкамі; нашчадкі Лугвена (Лінгвена) Сямёна Альгердавіча — князямі Мсціслаўскімі. Часам Альгердавічы намагаліся заняць велікакняжацкі пасад, карысталіся пэўнымі прывілеямі як найбліжэйшыя сваякі дынастыі Ягелонаў, засядалі ў радзе ВКЛ на спадчыннай аснове, карысталіся гербам «Пагоня».

А.​П.​Грыцкевіч.

т. 1, с. 276

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІШНЯВЕ́ЦКІ (Дзмітрый Іванавіч) (? — 1563),

князь, чаркаскі староста (з 1551), адзін з кіраўнікоў барацьбы запарожскіх казакоў супраць крымскіх татар, туркаў і малдаўскіх гаспадароў. Бараніў граніцы ВКЛ на Пд, на дняпроўскім в-ве М. Хорціца пабудаваў крэпасць. У знак пратэсту супраць загаду вял. князя ВКЛ Жыгімонта II Аўгуста спыніць напады на Крым і Турцыю ў 1557 перайшоў на службу да рус. цара Івана IV Грознага. Двойчы ўдзельнічаў у паходах рус. войска ў Крым. У час Лівонскай вайны 1558—83 уцёк з Масквы (1563), заручыўшыся дазволам вял. князя ВКЛ на вяртанне. У 1563 малд. баяры, незадаволеныя сваім гаспадаром Стафанам IX, запрасілі Вішнявецкага на малд. трон, але яго атрад быў разбіты войскамі Стафана IX. Вішнявецкі трапіў у палон да туркаў, пакараны смерцю ў Стамбуле. Пад імем Байда стаў прататыпам героя нар. песень.

т. 4, с. 241

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«КИ́ЕВСКАЯ СТАРИНА́»,

гісторыка-этнаграфічны часопіс. Выдаваўся ў 1882—1906 у Кіеве штомесячна на рус. мове. Заснавальнік і першы рэдактар укр. гісторык Ф.​Г.​Лебядзінцаў. Друкаваў матэрыялы па гісторыі, этнаграфіі, л-ры, фальклоры Украіны і інш. слав. народаў, асвятляў некат. пытанні грамадска-паліт. жыцця. У ім упершыню апублікаваны «Дзённік» Ф.​Еўлашоўскага (1886), аўтабіяграфія вандроўнага святара 18 ст. І.​М.​Турчыноўскага «Жыццё і пакуты» (агульны помнік бел. і ўкр. л-ры), арт. М.​Ф.​Сумцова «Прадмова Івана Мялешкі як літаратурны помнік» (1894). Змяшчаў рэцэнзіі на працы бел. вучоных А.​Я.​Багдановіча, М.​В.​Доўнар-Запольскага, Я.​Ф.​Карскага, А.​Кіркора, Е.​Р.​Раманава, П.​В.​Шэйна і інш., а таксама агляды л-ры па нар. творчасці, этнаграфіі, гісторыі славян. У 1907 выходзіў на ўкр. мове пад назвай «Украіна».

т. 8, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗЬЯ́НСКІ ЗА́МАК Казьянская крэпасць.

Існаваў у 16 ст. на Пн ад в. Казьяны Шумілінскага р-на Віцебскай вобл. Пабудаваны ў 1563 у час Лівонскай вайны 1558—83 паводле загаду Івана Грознага як парубежная крэпасць. Планіроўку і памеры замка вызначыў мыс лукавіны р. Обаль. Будынак драўляны, трохвугольны ў плане (50 × 120 × 110 м), з трыма чацверыковымі вежамі (былі падзелены ўнутры на 3 баявыя ярусы), накрытымі 2-схільнымі дахамі па вуглах. Вежа, размешчаная ў перашыйку лукавіны ракі, мела арачны праезд, астатнія — «глухія», стаялі на паўкруглых у плане падмурках, прарэзаных круглымі байніцамі. Вежы злучаліся абарончымі сценамі (пад 2-схільным крыццём) з прамавугольнымі байніцамі ў верхняй частцы. Цэнтр. частку ўнутр. прасторы замка займала жылая забудова. Замак разбураны ў 1579 войскамі Рэчы Паспалітай, адлюстраваны на малюнку С.​Пахалавіцкага (1579).

Казьянскі замак. Малюнак С.​Пахалавіцкага. 1579.

т. 7, с. 436

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫБУ́Т (у хрышчэнні Дзмітрый; ? — пасля 1404),

князь з дынастыі Гедзімінавічаў. Сын вял. князя ВКЛ Альгерда і Юльяны Цвярской. Упершыню ўпамінаецца ў 1382, калі разам з братамі Ягайлам, Скіргайлам і інш. падпісаў дагавор з крыжакамі на р. Дубіса. У 1386 у Луцку прысягнуў польскаму каралю Ягайлу. У 1390 дапамог яму пры аблозе Гродна, за што атрымаў у дзяржанне г. Ліда. Адмовіўся прысягаць Вітаўту як вял. князю ВКЛ, у 1392 разбіты яго войскамі, узяты ў палон, адпушчаны, але страціў Новагародскае княства. У хуткім часе памірыўся з Вітаўтам, удзельнічаў у яго паходах. Апошні раз упамінаецца ў 1404 як удзельнік паходу на Смаленск. Быў жанаты з удавой друцкага князя Дзмітрыя Васілевіча, з ёй меў сыноў Івана, Жыгімонта, Фёдара (гл. Карыбутавічы). У гістарыяграфіі часта блытаюць К. і яго брата Дзмітрыя Альгердавіча.

т. 8, с. 114

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АХМА́Т, Ахмут,

Ахмед (? — студз. 1481),

хан Вялікай Арды [1459—81]. У 1460 спрабаваў захапіць рускі г. Пераяслаў-Разанскі. У пач. 1470-х г. вёў перагаворы з кіраўніцтвам Венецыянскай рэспублікі аб заключэнні саюзу супраць Асманскай імперыі. Заключыў з польск. каралём Казімірам IV пагадненне пра сумесную барацьбу супраць Рус. дзяржавы, на чале свайго войска дайшоў да р. Ака (1472). У час паходу ў Крым замяніў мясц. хана Менглі-Гірэя сваім стаўленікам Джанібекам (1476). У канцы 1470-х г. перамог узб. хана Шэйх-Хайдэра і ўстанавіў пратэктарат над Астраханскім ханствам. Адмова маскоўскага вял. кн. Івана III прызнаць васальную залежнасць ад Арды і заплаціць ёй даніну (1476) выклікала ў 1480 няўдалы апошні паход Ахмата на Русь (гл. «Стаянне на Угры»), які паклаў канец намаганням манг.-тат. ханаў аднавіць сваё паліт. панаванне над Рус. дзяржавай. Забіты цюменскім ханам Ібакам (Івакам).

т. 2, с. 146

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛО́ЎЧЫНСКІЯ,

княжацкі род герба «Ляліва» ў ВКЛ. Родапачынальнікам лічаць кн. Мікіту Рапалоўскага. Зваліся таксама Галоўчынскімі-Мікіцінічамі. Валодалі Галоўчынам (адсюль прозвішча), Княжычамі, Водвай, Езднай і інш. Род згас у 1658. Найб. вядомыя прадстаўнікі роду:

Мацей Мікітавіч (каля 1470 — пасля 1536), сын Мікіты. У ВКЛ прыехаў у 1495 як сакратар дачкі Івана III Алены Іванаўны. Атрымаў маёнтак Княжычы каля Галоўчына і інш. Са сваіх маёнткаў выстаўляў у войска ВКЛ 79 вершнікаў. Яраслаў Мацеевіч (каля 1510—67), маршалак каралеўскі (1549), староста ковенскі (1567). Шчасны Яраславіч (?—1610 або 1611), дзяржаўца любашанскі, кашталян мінскі (1600). Аляксандр Яраславіч (каля 1570 — 12.5.1617), кашталян жамойцкі (1604), староста лідскі (1607), ваявода мсціслаўскі (1614). Удзельнік вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29. Канстанцін Яраславіч (?—1620), кашталян мсціслаўскі (1613). Ян (каля 1570—22.1.1631), чашнік ВКЛ (1624), удзельнік вайны Рэчы Паспалітай са Швецыяй 1600—29.

т. 4, с. 470

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)