тэрмін стараж.-грэч. філасофіі. Уведзены Анаксімандрам для абазначэння неакрэсленай, бязмежнай матэрыі, што знаходзіцца ў вечным руху. Усе рэчы і сусвет узніклі шляхам вылучэння з апейрону процілегласцяў (мокрае і сухое) і іх барацьбы. Важнае дасягненне ў параўнанні з уяўленнямі аб тоеснасці матэрыі з канкрэтным рэчывам (вадой, паветрам). У піфагарэізме апейрон — бясформенны, неабмежаваны пачатак, разам з процілегласцю — «канцом» — аснова існага.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АВАРО́Т (вярчэнне) у геаметрыі, від руху, пры якім хоць адзін пункт прасторы застаецца нерухомы. Пры авароце на плоскасці ёсць толькі адзін нерухомы пункт — цэнтр авароту; пры авароце ў прасторы ёсць адна нерухомая прамая — вось авароту. Кожны рух у прасторы, які адрозніваецца ад зруху і люстранога адбіцця, можна атрымаць шляхам авароту вакол некаторай (імгненнай) восі і наступнага зруху ўздоўж гэтай восі (вінтавы рух).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГЕАДЭЗІ́ЧНЫЯ ДА́ТЫ ЗЫХО́ДНЫЯ,
геадэзічныя каардынаты зыходнага пункта апорнай геадэзічнай сеткі, геад. азімут напрамку на адзін з сумежных пунктаў, вызначаныя астр.шляхам, і вышыня геоіда ў дадзеным пункце над паверхняй прынятага зямнога эліпсоіда. За зыходны пункт прыняты цэнтр круглай залы Пулкаўскай астр. абсерваторыі (Расія), дзе вышыня геоіда над эліпсоідам лічыцца роўнай нулю. На Беларусі зыходным пунктам мяркуецца лічыць геаграфічны цэнтр Беларусі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫПЛАКО́КАВАЯ ІНФЕ́КЦЫЯ, дыплакокавая септыцэмія,
інфекцыйная хвароба жывёл, якая выклікаецца ланцэтападобным дыплакокам (Diplococcus septicus). Хварэюць цяляты, ягняты, парасяты, жарабяты, часцей ва ўзросце ад 15 сутак да 2,5 месяцаў. У маладняку працякае са з’явамі пнеўманіі, сепсісу і запалення суставаў, у дарослых жывёл — у форме пасляродавых эндаметрытаў і мастытаў. Заражэнне адбываецца пераважна праз інфіцыраванае малако маці, рэспіраторным шляхам. Пашырана ўсюды, бываюць групавыя ўспышкі (энзаотыі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЫСМАРФАМА́НІЯ (ад дыс... + марфа... + манія),
псіхічнае расстройства, якое выяўляецца хваравітай упэўненасцю ў наяўнасці выдуманай фіз. заганы. Уласціва пераважна падлеткаваму ўзросту (як і дысмарфафабія) і тычыцца бачных участкаў цела, фігуры і палавых органаў. Часцей праяўляецца ў выглядзе звышцэнных ідэй або трызнення, звычайна суправаджаецца стараннай маскіроўкай сваіх перажыванняў, імкненнем да выпраўлення выдуманага дэфекту любым шляхам. Пры гэтым магчымы імкненне да самагубства, самапашкоджанне, розныя віды самалячэння.
у ісламе — прадвеснік блізкага канца свету, які павінен адрадзіць першапачатковую «чысціню» ісламу; у шыітаў — 12-ы, «схаваны», імам. Ідэя М. часта выкарыстоўвалася правадырамі паўстанняў і рухаў у мусульм. свеце. М. абвяшчалі сябе Убайдалах (заснавальнік дынастыі Фатымідаў у 10 ст.), Мухамед ібн Тумарт (першы з Альмахадаў, 12 ст.), Мухамед Ахмед ва Усх. Судане (гл.Махдзі Суданскі).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МОРФАМЕТРЫ́ЧНЫЯ КА́РТЫ Адлюстроўваюць колькасную характарыстыку форм і структуры геагр. аб’ектаў і тэр. размеркаванне морфаметрычных паказчыкаў (гл.Марфаметрыя). Складаюцца шляхам пераўтварэння тапаграфічных і тэматычных карт. Вылучаюць: М.к. рэльефу, якія адлюстроўваюць верт. і гарыз. расчляненне, нахілы, ярыстасць, закарставанасць і інш., гідралагічныя, якія характарызуюць звілістасць рэк, канфігурацыю рачной сеткі, заазёранасць і забалочанасць тэрыторыі і інш.; М.к. глебава-расліннага покрыва, ландшафтаў, сац.-эканамічныя і інш.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕРАВЫТВО́РЧАСЦЬ,
перавышэнне прапановы прадукцыі над попытам на яе; павелічэнне запасаў прадукцыі з прычыны няздольнасці рэалізаваць яе з-за скарачэння попыту. З’яўляецца прычынай крызіснага спаду ў эканоміцы ва ўмовах, калі нерэалізаваная прадукцыя не дае магчымасці працягваць і развіваць вытв-сць з прычыны нястачы грашовых сродкаў на пакупку сыравіны, абсталявання, аплаты рабочай сілы. Устараненне П. магчыма праз стымуляванне попыту або шляхам скарачэння прапановы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВУГЛЯВО́ДНЫ АБМЕ́Н,
сукупнасць хім. працэсаў дэградацыі (катабалізму) і біясінтэзу (анабалізму) вугляводаў у арганізме. На 1-й стадыі катабалізму пры ўдзеле стрававальных ферментаў складаныя поліцукрыды і алігацукрыды распадаюцца да монацукрыдаў (гексоз і пентоз), якія на 2-й стадыі расшчапляюцца да аднаго і таго ж трохвугляроднага прамежкавага прадукту — пірувату (гліколіз), а потым у аэробных умовах да двухвугляроднай формы — ацэтыльнай групы ацэтылкаферменту A (гл.Трыкарбонавых кіслот цыкл). У анаэробных умовах піруват у большай частцы клетак жывёльных і раслінных тканак аднаўляецца да лактату, а ў клетках дражджэй у ходзе спіртавога браджэння ператвараецца ў этылавы спірт і вуглякіслы газ. На 3-й стадыі ацэтыльная група ацэтылкаферменту A уступае ў цыкл лімоннай к-ты — агульны канчатковы шлях, на якім усе віды малекул вугляводаў акісляюцца да вуглякіслага газу. Дэградацыя вугляводаў у арганізме суправаджаецца вызваленнем значнай энергіі, якая расходуецца на розныя працэсы жыццядзейнасці. Біясінтэз вугляводаў у жывых клетках можа адбывацца шляхам глюканеагенезу (сінтэз глюкозы ў клетках печані, які ўключае 9 з 11 ферментацыйных рэакцый, што ўдзельнічаюць у яе раскладзе) і шляхам ператварэння простых вугляводаў у больш складаныя аліга- і поліцукрыды.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПРАСПЕ́КТ (ад лац. prospectus від, агляд) у горадабудаўніцтве, асноўная магістраль вял., буйнога горада са шматрадным трансп. рухам. Уздоўж П. звычайна размяшчаюцца адм.-грамадскія і інш. плошчы з асн. і грамадскімі будынкамі, што ўтвараюць значныя арх. ансамблі горада. Можа стварацца на працягу невял. адрэзка часу паводле адзінай задумы і ў адным стылі, на працягу доўгага часу шляхам дапаўнення першапачатковай кампазіцыі інш. па стылі будынкамі і збудаваннямі ці шляхам карэннай рэканструкцыі. У Расіі і на Беларусі паяўленне П. звязана з развіццём горадабудаўніцтва і ансамблевасці забудовы ў 18—19 ст. (П. Неўскі ў С.-Пецярбургу, Дняпроўскі ў Магілёве і інш.). Значнымі памерамі і ансамблевасцю забудовы вылучаюцца Скарыны праспект, Машэрава праспект у Мінску, П. Чарняхоўскага ў Віцебску, Касманаўтаў у Гродне, Леніна ў Гомелі, Міру ў Магілёве і інш. У стварэнні арх.-маст. аблічча П. выкарыстоўваюцца сродкі фарміравання арх. ансамбляў, выпрацаваныя шматвяковым вопытам горадабудаўніцтва (цэласнасць, маштабнасць, спалучэнне адкрытых і замкнёных прастораў, замыканне перспектыў арх. акцэнтамі і інш.).
Літ.:
Общественные центры городских населенных мест БССР. Мн., 1991.