МАСА́Ж (франц. massage),

комплекс прыёмаў механічнага дазіраванага раздражнення паверхні цела чалавека з лячэбна-прафілактычнымі мэтамі. Рэфлекторна ўплывае на функцыян. стан нерв. сістэмы, актывізуе абмен рэчываў, паляпшае кровалімфазварот і скарачальную здольнасць мышцаў. Бывае агульны (усяго цела) і мясцовы (асобных ч. цела). Адрозніваюць лячэбны М. (назначаецца ўрачом пры комплексным лячэнні хвароб і траўмаў), спартыўны (трэніровачны, папярэдні, аднаўленчы), гігіенічны (садзейнічае ўмацаванню здароўя), касметычны (памяншае завяданне скуры, праяўленне дэфектаў скуры твару і інш.). Паводле тэхнікі выканання М. падзяляюць на класічны, сегментарны, кропкавы, фінскі, шведскі. Робяць рукамі ці спец. апаратамі. Асн. прыёмы М. — пагладжванне, расціранне, размінанне, вібрацыя і інш.

т. 10, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЫ́ШЦЫ, мускулы,

органы, якія ажыццяўляюць рухальную функцыю арганізма і яго асобных органаў. Адрозніваюць 2 асн. групы М.: папярочнапаласатыя і гладкія. Пад уздзеяннем нерв. імпульсаў валодаюць уласцівасцю скарачальнасці. Сукупнасць гладкіх, папярочнапаласатых і сардэчнай М. утвараюць мышачную сістэму арганізма, якая складае ў чалавека 28—32% ад масы цела (жанчыны) і 35—45% (мужчыны). М. размешчаны пераважна на касцях шкілета (шкілетныя мышцы). Яны ажыццяўляюць перамяшчэнне цела ў прасторы, работу канечнасцей, рух галавы, пазваночніка, міміку, рух вачэй і інш. М. маюць актыўную ч. — цела і пасіўную — сухажылле (для прымацавання М. да касцей шкілета).

А.​С.​Леанцюк.

т. 11, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

слой,

геалагічнае цела плоскай формы.

т. 15, с. 12

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫ́ЗІС у медыцыне,

пры хваробе рэзкая змена стану хворага (як правіла, да паляпшэння). Напр., пры інфекц. хваробах К. праяўляецца раптоўнай нармалізацыяй т-ры цела, моцным («праліўным») потавыдзяленнем, слабасцю, санлівасцю, інш. раз падзеннем сардэчнай дзейнасці. Ад К. адрозніваюць т.зв. несапраўдны К., ці псеўдакрызіс, пры якім паніжэнне т-ры цела і паляпшэнне стану хворага часовыя.

т. 8, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІХАМА́НКА,

ахоўна-прыстасавальная рэакцыя арганізма вышэйшых жывёл і чалавека на ўздзеянне інфекцый, прадуктаў жыццядзейнасці бактэрый, траўмаў і інш. Выяўляецца павышэннем т-ры цела. У большасці выпадкаў Л. ўзмацняе імунітэт. Пры т-ры цела вышэй за 41 °C можа выклікаць парушэнне абмену рэчываў (павялічваецца распад бялку), сардэчна-сасудзістай, дыхальнай дзейнасці і інш. Лячэнне тэрапеўтычнае.

т. 9, с. 320

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́ПУКЛАЯ ПАВЕ́РХНЯ,

гл. ў арт. Выпуклае цела.

т. 4, с. 319

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЖЭЙРА́Н (Gazella subgutturosa),

млекакормячае роду газелей сям. пустарогіх. Пашыраны ў Пярэдняй і Цэнтр. Азіі, Усх. Закаўказзі, Казахстане. Жыве ў пустынях, паўпустынях і перадгор’ях, трымаецца групамі. Падвід Дж. з Аравійскага п-ва (G. s. marica) занесены ў Чырв. кнігу МСАП.

Даўж. цела 93—116 см, выш. ў карку 60—75 см, маса 18—33 кг. У самцоў чорныя лірападобныя рогі даўж. да 41 см, самкі бязрогія. Афарбоўка верху цела і бакоў пясчаная, ніз цела, шыя і ўнутр. бакі ног белыя. Каля хваста невял. белае «люстэрка». Корміцца травяністымі і хмызняковымі раслінамі. Нараджае 1—2 дзіцянят. Для развядзення Дж. ва Узбекістане і Туркменіі створаны гадавальнікі.

т. 6, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫАПУЛІ́ДЫ (Priapulida),

рэліктавая група (клас) ніжэйшых чарвей тыпу першаснаполасцевых чарвей. Вядомы з кембрыю (каля 570 млн. г. назад). 7 родаў, 11 відаў. Пашыраны ва ўмераных акіянскіх водах. і на вял. глыбіні ў экватарыяльнай зоне. Жывуць у пясчаных норках. Перамяшчаюцца ўсвідроўваннем у грунт.

Даўж. ад 2 мм да 20 см. Цела чэрвепадобнае, нерасчлененае, унутр. поласць (цэлом) запоўнена поласцевай вадкасцю. Пярэдняя ч. цела (хабаток) уцягваецца ўнутр. Мускулатура развітая, моцная. Кішэчнік прамы, скразны. Крывяноснай сістэмы няма. Дыхаюць паверхняй цела, у некат. ёсць хваставыя шчэлепныя прыдаткі. Нерв. сістэма складаецца з каляглоткавага кольца і брушнога цяжа. Драпежнікі. Раздзельнаполыя, некат. маюць лічынку з двухстворкавым панцырам.

А.​М.​Петрыкаў.

Прыапуліды: 1 — прыапулюс; 2 — макабеус.

т. 13, с. 54

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

САМІ́ТЫ (ад грэч. sōma цела),

першасныя сегменты цела, парныя метамерныя ўтварэнні, на якія ў працэсе зародкавага развіцця падзяляецца мезадэрма (у большасці беспазваночных) або яе дарсальная ч., што прылягае да нерв. трубкі і хорды (у хордавых). Як правіла, С. паступова пашыраюцца ад пярэдняга канца цела да задняга. У хордавых кожны С. пры развіцці падзяляецца на дэрматом, міятом і склератом; з іх утвараюцца адпаведна злучальнатканкавая ч. скуры разам з яе вытворнымі, тулаўная мускулатура і восевы шкілет (у рыб і шкілет плаўнікоў). С. вызначаюць метамерыю зачаткаў эктадэрмальнага паходжання або тых, што ўтвараюцца пры ўдзеле эктадэрмы (спінальных нерв. вузлоў у пазваночных, канечнасцей у беспазваночных).

т. 14, с. 139

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАЛАТУ́РЫІ, марскія агуркі,

марскія скарбонкі (Holothurioidea),

клас марскіх беспазваночных тыпу ігласкурых. 5 атр., каля 1100 сучасных відаў пашыраны ў морах і акіянах, пераважна на дне. Найб. вядомыя трэпанг далёкаўсходні (Stichopus japonicus), кукумарыя, або марскі агурок японскі (Cucumaria japonica), марскі агурок выцягнуты (Trachythyone elongata), марская курачка (Psolus phantapus). Выкапнёвыя шкілетныя пласцінкі вядомы з дэвону, на Беларусі зрэдку трапляюцца ў верхнедэвонскіх адкладах Прыпяцкай упадзіны.

Даўж. бочачкападобнага або чэрвепадобнага цела ад некалькіх мм да 2 м, у многіх з вонкавымі прыдаткамі (шчупальцы, ножкі, папілы, парус і інш.). Цела ўкрыта мяккай скурай, якая ўтрымлівае мікраскапічныя шкілетныя вапняковыя пласцінкі (спікулы). Рот на пярэднім канцы цела, акружаны венчыкам шчупальцаў. Многія здольныя да аўтатаміі задняй ч. цела з наступнай рэгенерацыяй. Палавыя прадукты выводзяцца ў ваду, дзе яйцы апладняюцца і развіваюцца. Лічынка плавае. Некаторыя галатурыі выношваюць малявак. Аб’екты промыслу і аквакультуры (пераважна трэпанг).

Галатурыі: 1 — марскі агурок выцягнуты; 2 — марская курачка; 3 — кукумарыя, або марскі агурок японскі; 4 — трэпанг далёка-ўсходні.

т. 4, с. 452

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)