у Расійскай імперыі ў 18—1-й пал. 19 ст. прыгонныя сяляне, замацаваныя за прыватнымі прамысл. прадпрыемствамі (мануфактурамі, фабрыкамі, заводамі) на аснове пасэсійнага права (без права продажу асобна ад прадпрыемства). Катэгорыя П.с. уведзена пры Пятру I у 1721. У іх склад уваходзілі купленыя да прадпрыемстваў сяляне, «вечнаадданыя» (указ 1736), казённыя фабр. рабочыя, перададзеныя ўладальнікам пасэсійных прадпрыемстваў. У 19 ст. ў лік П.с. ўвайшлі т. зв. неадменныя работнікі, што замянілі сабой прыпісных сялян. Ў адрозненне ад звычайных прыгонных П.с. не дазвалялася пераводзіць на с.-г. работы, аддаваць у рэкруты; яны маглі падаваць чалабіцці ў Берг- і Мануфактур-калегіі, якім былі падсудныя. Утой жа час іх жорстка эксплуатавалі: грубы пазаэканам. прымус спалучаўся з грашовымі штрафамі і вылікамі. З развіццём капіталізму ўладальнікі пасэсійных прадпрыемстваў імкнуліся пазбавіцца ад П.с. (у 1840 яны атрымалі такое права) і замяніць іх паднявольную працу больш прадукц. працай наёмных работнікаў. Катэгорыя П.с. скасавана пасля адмены прыгоннага права ўказамі 1861 і 1863.
Літ.:
Панкратова АМ. Формирование пролетариата в России (XVII—XVIII вв.). М., 1963.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«ШЧАДРЭ́Ц»,
калядная гульня ў беларусаў, што ўяўляла сабой тэатралізаваную сцэнку з музыкай, спевамі, танцамі, дыялогам. Бытавала як святочная забава напярэдадні Новага года. Упершыню яе зафіксаваў і апісаў у «Могилевских губернских ведомостях» (1952, №52, неафіц. ч.) Н.Гашкевіч. Мае шмат агульнага з каляднымі гульнямі «Каза», «Кабыла», «Мядзведзь». Галоўным у гульні быў «Шчадрэц» — малады хлопец, апрануты старым (з маскай на твары, гарбом на спіне, у вопратцы, увешанай званочкамі, каляровым рыззём і г.д.) ці салдатам (жаўнерам) у адпаведным адзенні. Ён хадзіў разам з пераапранутымі ў жывёлы і хлопцамі-шчадраванцамі (іх карагод складаўся з важатага, музыкантаў, прыпявалаў, запявалаў, забіралаў). Вечарам, напярэдадні Новага года, гурт адпраўляўся шчадраваць. Важаты заходзіў у хату да гаспадара за дазволам пашчадраваць, а гурт утойчас спяваў пад вокнамі. Атрымаўшы згоду, шчадраванцы ўваходзілі ў хату. Пад музыку на сярэдзіну хаты выходзілі шчадраванцы з пераапранутымі ў жывёлы і танцавалі, а запявалы і прыпявалы спявалі. Разыгрываліся гумарыстычныя сцэнкі, адбываўся жартоўны дыялог паміж «Шчадрацом», шчадраванцамі і гледачамі. Пасля завяршэння гульні яе ўдзельнікаў частавалі, частку пачастункаў клалі ў торбы забіралам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЯН (Януш; 8.1.1499, г. Кракаў, Польшча — 18.2.1538),
віленскі біскуп, пазашлюбны сын караля польскага і вял.кн.ВКЛ Жыгімонта I Старога і Катажыны Охстат Цельнічанкі. Выхоўваўся ў Кракаве і Глогаве. У 1512 Я. «з князёў літоўскіх» кракаўскі, пазнанскі і плоцкі канонік. У 1515 вывучаў у Балонскім ун-це права. Працаваў у каралеўскай канцылярыі. У 1519 папа Леў X прызначыў Я. кіраўніком віленскага біскупства. Аднак паўнату ўлады біскупа ён атрымаў толькі ў 1531 пасля канчатковага святарскага пасвячэння. Пасля прыезду ў Вільню стаў фактычным намеснікам вял. князя ў ВКЛ (1519—36). Актыўна ўдзельнічаў у кананізацыйным працэсе каралевіча Казіміра і стварэнні Статута ВКЛ 1529. Пры яго дапамозе Ф.Скарына заснаваў у Вільні друкарню, а з сярэдзіны 1520-х г. стаў яго сакратаром. Праводзіў палітыку бацькі ў адносінах абмежавання ўлады свецкіх магнатаў. Для ўмацавання ўлады дынастыі Ягелонаў распрацаваў (з Юрыем Радзівілам) праект прызнання ВКЛ каралеўствам (1526), аднак польскія магнаты не дапусцілі гэтага. 19.5.1536 з-за рознагалоссяў з літ. магнатамі Я. адмовіўся ад віленскага біскупства (прыкладна ў тойчас пакінуў Вільню і Ф.Скарына). З сак. 1537 біскуп пазнанскі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДВУХМО́ЎЕ, білінгвізм,
валоданне і карыстанне 2 моўнымі сістэмамі. Адрозніваюць Д.: актыўнае (асоба валодае вуснай формай мовы і карыстаецца ёю), патэнцыяльна актыўнае (асоба валодае вуснай мовай, але працяглы час не карыстаецца ёю) і пасіўнае (асоба разумее мову, але не можа карыстацца вуснай формай); нарматыўнае, або каардынацыйнае (паслядоўна правільнае ўжыванне нормаў абедзвюх моў), аднабакова-нарматыўнае (асоба валодае нормамі толькі адной мовы) і ненарматыўнае (асоба не валодае нормамі ні адной мовы); чыстае (мова выбіраецца адпаведна пэўнай сітуацыі) і змешанае (асоба ў адной і той жа сітуацыі карыстаецца 2 мовамі); непасрэднае (калі мова непасрэдна звязана з мысленнем) і апасродкаванае (мова кадзіруе думкі, выказаныя першаснай мовай); двухбаковае (Д. пашыраецца сярод абодвух этнасаў, якія кантактуюць) і аднабаковае (Д. пашырана толькі ў асяроддзі аднаго з кантактуючых этнасаў); індывідуальнае, групавое, масавае, тэрытарыяльнае, пагранічнае, суцэльнае, агульнанароднае. Для білінгва (асобы) уласцівы т.зв. дамінантны механізм у адносінах да адной з моў: праз гэтую мову рэчаіснасць успрымаецца хутчэй і лягчэй, чым праз іншыя. Для большасці асоб роднай мовы з’яўляецца мова свайго этнасу.
У наш час на Беларусі найб. пашырана бел.-рус. Д. Для шэрагу раёнаў характэрны тып Д. і шматмоўя, пры якім адна з моў — беларуская (бел.-лат., бел.-літ., бел.-польск., бел.-ўкр., бел.-рус.-ўкр.і г.д.). Сярод беларусаў, якія жывуць за мяжой, найб. пашыраны такія тыпы Д.: бел.-польск. (Польшча), бел.-англ. (Канада, ЗША), бел.-іспанскае (Лац. Амерыка).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕЙТРО́Н (англ. neutron ад лац. neuter ні той, ні іншы),
электранейтральная элементарная часціца са спінам 1/2 і масай, блізкай да масы пратона. Эксперыментальна адкрыты Дж.Чэдвікаму 1932. Адкрыццё Н. дало штуршок для развіцця фізікі атамнага ядра, фізікі дзялення атамных ядраў, нейтроннай фізікі, фізікі нейтронных зорак і інш.
Адносіцца да класа адронаў і ўваходзіць у групу барыёнаў; мае магн. момант µн ≈ 2μя, дзе μя — адз. магнетон, і накіраваны процілегла спіну. Паміж Н. і пратонам дзейнічаюць ядзерныя сілы, што вядзе да ўтварэння ядраў атамных. Свабодны (па-за межамі атамных ядраў) Н. нестабільны і распадаецца на пратон, электрон і электроннае антынейтрына. Сярэдні час жыцця τ = 887 ± 2 с (у вакууме; у шчыльных рэчывах ад адзінак да соцень мікрасекунд). Удзельнічае ва ўсіх відах узаемадзеянняў элементарных часціц. Характар узаемадзеяння Н. з рэчывам вызначаецца іх кінетычнай энергіяй, што прывяло да іх умоўнага падзелу на павольныя нейтроны і хуткія нейтроны. Вял. эфектыўнасць узаемадзеяння Н. з ядрамі мае шматлікія дастасаванні ў ядз. энергетыцы, вытв-сці радыеактыўных ізатопаў, пры даследаваннях уласцівасцей рэчыва, у геолагаразведцы для пошуку карысных выкапняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРЫ́ЖСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1944,
вызваленчае антыфаш. паўстанне насельніцтва Парыжа ў час 2-й сусв. вайны. Адбылося 19—25 жніўня. Было кульмінацыяй руху Супраціўлення, які асабліва актывізаваўся і пашырыўся ва ўмовах паспяховых дзеянняў англа-амер. саюзнікаў у Францыі (гл.Нармандская дэсантная аперацыя 1944 і «Оверлорд»), а таксама шэрагу паражэнняў вермахта на ўсх. фронце. Узбр. выступленне патрыётаў рыхтавалася арг-цыяй фронту ўнутр. сіл, якія ў чэрв. 1944 налічвалі 500 тыс.чал., пры актыўнай падтрымцы франц. кампартыі. Непасрэднае кіраўніцтва паўстаннем ажыццяўляў Парыжскі к-т вызвалення на чале з А.Тале; камандаваў унутр. арміяй Парыжскага р-на палк. А.Роль-Тангі. У выніку вулічных баёў патрыёты за 6 дзён вызвалілі б.ч. Парыжа. Вечарам 24 жн. ў горад увайшло падраздзяленне франц. бранятанк. дывізіі ген. Ф.Леклерка і 25 жн. аказала дапамогу парыжанам у ліквідацыі апошніх ваен. апорных пунктаў акупантаў. Гарнізон ням.-фаш. войск капітуляваў. Утой жа дзень у Парыж прыбыў кіраўнік Часовага ўрада Франц. рэспублікі Ш. дэ Голь.
Да арт.Парыжскае паўстанне 1944: 1 — заклік Парыжскага камітэта вызвалення да насельніцтва сталіцы; 2 — французскія патрыёты на барыкадах у Парыжы. Жнівень 1944.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКІХ ТАТА́РАЎ МО́ВА,
першасная цюркская мова татараў, што пасяліліся на тэр.ВКЛу 14—16 ст. Зыходзячы з таго, што большасць бел. татараў мела крымскае паходжанне і толькі нязначная частка — залатаардынскае (волжскае) ці турэцкае, можна лічыць іх мовай кыпчацкія і агузскія дыялекты крымска-татарскай мовы (на тойчас яшчэ не уніфікаваныя і не зафіксаваныя ў пісьменстве). Гетэрагеннасць (неаднароднасць па складзе) беларускіх татараў мовы, рассяленне татараў па ўсім ВКЛ, няцюркскае сямейнае асяроддзе (шлюбы татараў-мужчын з беларускамі) абумовілі выцясненне з канца 16 ст. беларускіх татараў мовы бел. і польск. мовамі.
Беларускіх татараў мова мела 8 галосных (а, ы, о, у, и, ё, ю; знакі падаюцца паводле дзеючай крымска-татарскай графікі). У сістэме зычных: глыбоказаднеязычны «гъ», «къ» побач з больш пярэднімі «г», «к»; звонкая афрыката «дж», заднеязычнае «нъ». Сінгарманізм складу і слова. Назоўнікі мелі катэгорыі ліку, склону, прыналежнасці і прэдыкатыўнасці. Прыметнікі паказвалі на ступень інтэнсіўнасці. Дзеяслоў меў катэгорыі часу і асобы, ладу, стану; аддзеяслоўны назоўнік на «-макъ» выступаў у функцыі інфінітыва. У лексіцы шмат араб. і іранскіх запазычанняў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«СУД БО́ЖЫ»,
старажытны спосаб судовага доказу, які абапіраўся на ўяўленне пра магчымасць удзелу божаства ў вырашэнні спрэчак, якія ўзнікаюць паміж людзьмі. Вядомы законам Хамурапі і Ману законам. Быў засвоены ўсімі варварскімі праўдамі, Рускай праўдай, Законнікам Стафана Душана і інш. Важнейшыя формы «С.б.»: судовы паядынак (на Русі «поле»), у якім яго ўдзельнікі мелі аднолькавыя ўмовы; выпрабаванне агнём: той, хто ачышчаўся ад абвінавачання, або трымаў пэўны час руку ў агні, або праходзіў праз агонь у адной кашулі ці рабіў 9 крокаў з распаленым жалезам у руках, або босымі нагамі ступаў па 9 распаленых сашніках; выпрабаванне вадой: або абвінавачаны павінен быў дастаць з кіпячай вады ў катле які.-н. прадмет, або абвінавачанага звязвалі і апускалі ў ваду, калі ён тануў, лічылася за прыкмету яго праўдзівасці, а калі выплываў — наадварот («нават вада не прымае»); выпрабаванне жэрабем, якое часцей ужывалася пры абвінавачанні ў крадзяжах. У 13—14 ст. «С.б.» актыўна выцясняўся з судаводства, аднак яго перажыткі ў Зах. Еўропе захоўваліся да 17 ст. (асабліва па справах аб вядзьмарстве). Найдаўжэй у практыцы захоўвалася цалаванне крыжа, змацаванае клятвай, і жэрабя.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЮРЫДЫ́КІ (ад лац. jurisdictio судаводства),
у феадальнай Польшчы і ВКЛ (з 15 ст.) адміністрацыйна адасобленыя часткі гарадоў ці прадмесцяў, якія былі пад уладай феадала, царквы або манастыра і на жыхароў якіх не пашыралася суд. і адм. ўлада гар. самакіравання. Узніклі ў выніку перасялення прыгонных на ўчасткі ці ў дамы, якія належалі феадалам у гарадах, або перасялення саміх гараджан у межах гар. уладанняў феадала. У кожнай Ю. яе ўласнік прызначаў старасту або войта, засноўваў суд. орган на ўзор гар. рады. Гар. самакіраванне дамагалася скасавання Ю., забараняла мяшчанам пераход на Ю. пад пагрозай выгнання з горада. Пасля Люблінскай уніі 1569 пашырэнню Ю. на Беларусі садзейнічала ўмацаванне пазіцый і рост уладанняў каталіцкай царквы. Ю. паскорылі працэс канцэнтрацыі ў гарадах рамесніцтва і гандлю, што спрыяла пашырэнню іх ролі як цэнтраў дробнатаварнай вытв-сці і абмену. Утой жа час пашырэнне Ю. узмацняла ўплыў феад. анархіі на гарады, што перашкаджала іх эканам. развіццю і працэсу саслоўнай кансалідацыі гараджан. Ю. скасаваны сеймамі 1764 і 1791.
сям’я італьянскіх майстроў смыкавых інструментаў 17—18 ст. Працавалі ў г. Крэмона. Антоніо С. (1644? — 18.12.1737), адзін з найб. выдатных прадстаўнікоў сям’і. Вучань Н.Амаці. З 1660 працаваў у стылі Амаці, на тойчас меў кляймо «Antonius Stradivarius Cremonensis Alumnus Nicolaij Amati» («Антоніо Страдывары Крэмонскі вучань Нікола Амаці»), у 1667 адкрыў сваю майстэрню. 1700—16 — т.зв. «залаты перыяд» у творчасці, у 1703 стварыў класічную мадэль скрыпкі «Гранд Страдывары». Ствараў найлепшыя па канцэртных якасцях інструменты (скрыпкі, альты, віяланчэлі, гітары), наблізіў іх да тэмбру прыроднага чал. голасу (з амаль 2500 інструментаў захавалася каля 1000, якія сталі класічнымі ўзорамі для майстроў пазнейшага часу). Для іх уласцівы дасканалая форма, ювелірная апрацоўка дэталей, моцны, багаты тэмбравымі фарбамі гук. Сярод вучняў яго сыны Франчэска С. (1.11.1671—15.1 або 11.5.1743) і Амабона С. (14.11.1679—9.6.1742), якія часта працавалі разам, а таксама К.Бергонцы. Сумесна створаныя імі скрыпкі мелі кляймо «Sotto la Disciplina d’Antonio Stradivari F. in Cremona» («Майстэрня сям’і Антоніо С. з Крэмона»).