КУЛО́НА ЗАКО́Н,

адзін з асн. законаў электрастатыкі, які вызначае сілу ўзаемадзеяння паміж двума кропкавымі зарадамі (гл. Зарад электрычны). Устаноўлены ў 1785 Ш.А.Кулонам і незалежна Г.Кавендышам (яго працы апублікаваны ў 1879) і з’яўляецца эксперым. абгрунтаваннем класічнай электрадынамікі.

Паводле К.з. 2 кропкавыя задачы q1 і q2 узаемадзейнічаюць у вакууме з сілай F→, модуль якой прама прапарцыянальны здабытку гэтых зарадаў і адваротна прапарцыянальны квадрату адлегласці г паміж імі: F = kq1q2/r​2, дзе k = 1/4πε0, ε0 — электрычная пастаянная. Сіла накіравана ўздоўж прамой, што злучае зарады, і адпавядае прыцягненню рознаіменных зарадаў і адштурхоўванню аднайменных. Калі ўзаемадзейныя зарады знаходзяцца ў аднародным дыэлектрыку з дыэлектрычнай пранікальнасцю ε, сіла іх узаемадзеяння змяншаецца ў ε разоў. Абагульненне К.з. прыводзіць да Гаўса тэарэмы.

т. 9, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́ГНУСА ЭФЕ́КТ,

узнікненне папярочнай сілы, якая дзейнічае на цела, што верціцца ў патоку вадкасці або газу. Адкрыты ў 1892 ням. вучоным Г.​Г.​Магнусам.

Напр., пры абцяканні бясконца доўгага кругавога цыліндра, які верціцца, безвіхравым патокам, накіраваным перпендыкулярна да яго ўтваральных, з прычыны вязкасці вадкасці скорасць цячэння з таго боку, дае напрамкі скарасцей патоку і вярчэння цыліндра супадаюць, павялічваецца, а дзе яны процілеглыя — памяншаецца. У выніку ціск на адным баку памяншаецца, а на другім павялічваецца, што прыводзіць да ўзнікнення папярочнай сілы. Аналагічная сіла ўзнікае і пры абцяканні патокам паветра шара, які верціцца, чым тлумачыцца непрамалінейны палёт закручанага тэніснага ці футбольнага мяча.

Да арт. Магнуса эфект: v→ — скорасць патоку вадкасці або газу; F→ — папярочная сіла.

т. 9, с. 485

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛО́Х (грэч. Moloch ад фінікійскага уладар),

у рэлігіі стараж. фінікіян і карфагенян бог сонца, якому штогод прыносілі чалавечыя ахвяры — забівалі ці спальвалі дзяцей знатных грамадзян, часам ваеннапалонных. У перан. сэнсе — страшная ненажэрная сіла, якая патрабуе чалавечых ахвяр.

т. 10, с. 36

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТЭНЦЫЯ́Л (ад лац. potentia сіла),

магчымасці, сродкі, энергет. і інш. рэсурсы, якія могуць быць выкарыстаны для вырашэння якой-н. задачы, дасягнення пэўнай мэты; магчымасці канкрэтнай асобы, грамадства, дзяржавы ў пэўнай галіне дзейнасці (напр., творчы П., эканамічны П.).

т. 12, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

РЫ́КША (яп. дзінрыкіся, ад дзін чалавек + рыкі сіла + ся вазок),

чалавек, які перавозіць пасажыраў, запрогшыся ў лёгкую двухколавую каляску; таксама ў Японіі (з 1867) і некат. краінах Усх. і Паўд. Азіі, у Паўд. Афр. Рэспубліцы назва каляскі, якая з 1930-х г. мадыфікавана ў веласіпед-каляску (педыкеб).

т. 13, с. 497

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НАПРУ́ЖАННЕ ЭЛЕКТРЫ́ЧНАЕ,

энергетычная характарыстыка ўчастка электрычнага ланцуга або электрычнага поля. Н.э. роўнае адносінам работы па перамяшчэнні эл. зараду з аднаго пункта поля ў другі да абс. велічыні гэтага зараду. У патэнцыяльных палях роўнае рознасці патэнцыялаў паміж гэтымі пунктамі і не залежыць ад шляху, па якім перамяшчаецца зарад.

Паняцце Н.э. ўвёў Г.Ом, які прапанаваў гідрадынамічную мадэль эл. току для тлумачэння адкрытага ім эмпірычнага закона (гл. Ома закон). Для аднароднага ўчастка ланцуга з пастаянным токам Н.э. U = IR, дзе I — сіла току, R — амічнае супраціўленне ўчастка ланцуга. Калі ўчастак неаднародны, U = IR + E, дзе E — электрарухальная сіла на гэтым участку. У ланцугах пераменнага току пад Н.э. разумеюць яго эфектыўнае значэнне, вызначанае па цеплавым уздзеянні току, U = Umax / 2 , дзе Umax — амплітуднае (найбольшае) значэнне напружання. Для вымярэнняў Н.э. ў эл. ланцугах карыстаюцца вальтметрамі. Адзінка Н.э. ў СІ — вольт.

т. 11, с. 144

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРЭ́ТЭР (англ. barretter),

цеплавая прылада для падтрымання пастаянства сілы току ў ланцугу. Складаецца з запоўненага вадародам шклянога балона, унутры якога знаходзіцца метал. дроцік. Цеплавы рэжым барэтэра выбраны так, што пры павольных зменах напружання на канцах дроціка сіла току ў ім у пэўных межах застаецца пастаяннай. Выкарыстоўваецца ў радыёэлектроннай апаратуры.

т. 2, с. 337

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЛІ́ЛА, Даліда,

у біблейскай міфалогіі філістымлянка, каханка стараж.-яўр. героя Самсона. Выведаўшы, што неадольная сіла Самсона ў яго валасах, усыпіла юнака, загадала астрыгчы яму валасы, а пасля выдала Самсона ворагам-філістымлянам. На міф пра Д. і Самсона напісаны карціны А.​Мантэнья, А.​Джэнтылескі, опера К.​Сен-Санса і інш.

т. 6, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАТЭНЦЫЯМЕ́ТР (ад лац. potentia сіла + ...метр),

1) электратэхнічная прылада з рухомым кантактам, якая выкарыстоўваецца для рэгулявання эл. напружання, а таксама як датчык перамяшчэнняў.

2) Тое, што электравымяральны аўтам. ці ручны кампенсатар. П. магнітны, патэнцыяламетр — прылада (індукцыйная шпуля) для вымярэння рознасці магн. патэнцыялаў (ці магнітарухальнай сілы) паміж двума пунктамі магн. поля.

т. 12, с. 187

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕТЭРАДЗІ́Н (ад гетэра... + грэч. dynamis сіла),

маламагутны высокачастотны генератар электрычных ваганняў з самаўзбуджэннем. Схема гетэрадзіна бывае лямпавая, напр. з гептодам, і паўправадніковая. Стварае ваганні дапаможнай частаты, якія змешваюцца са знешнімі (карыснымі) высокачастотнымі, у выніку атрымліваюцца ваганні пастаяннай рознаснай (прамежкавай) частаты. Выкарыстоўваецца ў пераўтваральніках частаты супергетэрадзінных радыёпрыёмнікаў, гетэрадзінных частатамерах, радыёвымяральных прыладах і інш.

т. 5, с. 208

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)